Книга Чисел

КНІГА ЛІКІ


«Палічэце ўсё супольства сыноў Ізраілевых
па родах іхніх, па сямействам іхніх, па ліку
імёнаў усіх мужчынскага роду пагалоўна»
(Лік 1:2).

Кніга Лявіт зьмяшчае адкрыцьцё Бога, каб народ набліжаўся да Яго; адкрыцьцё пра сьвятарства і доступ яго да пасаду ў той меры, у якой гэта можа быць дазволена Госпадам. Яна зьмяшчае таксама і пастановы Госпада, якія тычацца ўсяго грамадзтва. У Ліках мы знаходзім служэньне і вандраваньне Ізраіля, як сымбаль служэньня і вандраваньня сьвятых у гэтым сьвеце. Як Лявіт закончваецца пастановамі і папярэджваньнямі адносна валоданьня Ханаанам у сувязі з правамі Бога, і, адпаведна, з правамі Ізраіля, так і Лікі распавядаюць нам пра тое, як народ увайшоў у зямлю напрыканцы вандраваньня ў пустыне і пра ласку Божую, вынікам якой было апраўданьне народа нягледзячы на ўсё ягонае вераломства.

Кніга Лікі працягвае апавяданьне пра народ Ізраіля. Яна распавядае пра перапіс, пра правілы грамадзкага жыцьця, пра шлях у Ханаан, пра дванаццаць выведнікаў зямлі Ханаана, пра нявер’е народа, пра пакараньне народа ад Бога, пра вандраваньне ў пустыне, пра сьмерць старэйшага пакаленьня і новы перапіс новага пакаленьня. Кніга завершваецца пераказам асноўных падзеяў вялікай вандроўкі Ізраіля, а таксама пастановы па заваёве і падзелу зямлі абяцанай.
Гебраі называюць гэтую кнігу па яе першых словах першага верша: «І сказаў» ці «У пустыне».

Кніга Лікі гэта апавяданьне няўдачы старэйшага пакаленьня Ізраіля, якое выйшла з Егіпту. Нехта заўважыў, што кніга Лікі - гэта апавяданьне пра самую доўгую пахавальную працэсію за ўсю гісторыю чалавецтва, бо толькі Халеву і Ісусу сыну Нава Бог дазволіў увайсьці ў зямлю Ханаана.

Народ Ізраіля, якога Бог выбавіў з егіпецкай няволі, быў грунтоўна настаўлены і таму добра ведаў пра вернасьць і сілу Госпада. Бог выканаў Сваё абяцаньне, калі вывеў Свой народ з Егіпту. Ён паслаў на егіпцян розныя пакараньні і цудоўным чынам правёў народ Ізраіля праз Чэрмнае мора. Бог і надалей адкрываў Ізраілю Сваю вернасьць і сілу, калі, напрыклад, даваў людзям ежу і пітво ў пустыні. І гэта было вельмі грунтоўнай падставаю для таго, каб безумоўна верыць у тое, што Бог выканае Сваё абяцаньне і дасьць Ізраілю зямлю Ханаана.

Асаблівая мэта кнігі Лікі - паказаць вандраваньне ізраільцянаў праз пустыню, і паказаць гэта ў вобразах, што вельмі характэрна для Пісаньня. Мы ня бачым ужо гаворкі пра доступ да Бога, але бачым паводзіны народа Божага на зямлі. І таму першае, што адкрываецца нам, - дык гэта тое, што мы павінны зараз разважаць пра тыя выпрабаваньні, праз якія ізраільцяне павінны былі прайсьці і праявіць сябе ў вернасьці, але на справе бунтавалі супраць Яго, зьдзяйсняючы цяжкія грахі.

Па мудрасьці Бога было неабходна зрабіць перапіс усіх сыноў Ізраіля Па-першае, гэта было патрэбна, каб дакладна ведаць лічбу здольных весьці ваенныя дзеяньні. Але была і іншая мэта. Бог клапаціўся пра кожнага, хто прыналежыў Яму і праяўляў да кожнага Сваю ўвагу. Гэтая праўда простая, але яна прыносіць супакой у сэрца чалавека, бо нам прыемна адчуваць сябе палічаным з нябёсаў і да гэтага накірованы сэрцы большасьці людзей у гэтым сьвеце.

Праўда Божая, якую мы адкрываем для сябе ў гэтай кнізе накіравана на тое, каб мы, як хрысьціяне, зразумелі і памяталі словы Духа Бога ў Новым Запавеце: «Усё вашае», бо ня толькі пералічаны сыны Ізраіля, але і тыя, хто пакліканы Госпадам нашым Ісусам Хрыстом.

«І сказаў Госпад Майсею, кажучы: “Пашлі ад сябе людзей, каб яны агледзелі зямлю Ханаанскую, якую Я дам сынам Ізраілевым; па адным чалавеку ад племені бацькоў іхніх пашлеце, галоўных з іх”. І паслаў іх Майсей з пустыні Фаран, па загадзе Госпада, і ўсе яны мужы галоўныя ў сыноў Ізраілевых» (Лік 13:2-4).

Майсей паслаў дванаццаць чалавек, каб выведаць зямлю ханаанскую і калі яны праз сорак дзён вярнуліся, дык думкі гэтых дванаццаці падзяліліся. Большасьць з іх, а гэта дзесяць чалавек, сьцьвярджала: «Ня гледзячы на тое, што гэта зямля адпавядала абяцаньням Госпада, ёй немагчыма завалодаць, бо ім сустрэўся моцны народ і нават волаты сярод яго». Але два выведнікі не згадзіліся з імі, бо не сумняваліся ў тым, што гэтую зямлю можна перамагчы. Іх імёны - Ісус сын Наваў і Халеў: «І Ісус сын Наваў, і Халеў, сын Ефаніін, з тых, што аглядалі зямлю, разадралі вопратку на сабе і сказалі ўсяму супольству сыноў Ізраілевых: “Зямля, якую мы праходзілі дзеля агляду, вельмі, вельмі добрая; калі Госпад літасьцівы да нас, дык увядзе нас у зямлю гэтую і дасьць нам яе - гэтую зямлю, у якой цячэ малако і мёд Толькі супраць Бога не паўставайце і ня бойцеся народу зямлі гэтай, бо ён дастанецца нам у наедак. Абароны ў іх ня стала, а з намі Госпад. Ня бойцеся іх”» (Лік 14:6-9).

Народу Ізраіля не даспадобы сталіся словы Ісуса і Халева і калі б ня Бог, дык быць ім пабітымі камянямі: «І сказала ўсё супольства: “Пабіць іх камянямі!” Але слава Госпада явілася ў скініі сходу ўсім сынам Ізраілевым. І сказаў Госпад Майсею: “Дакуль будзе дражніць Мяне народ гэты? І дакуль ён будзе ня верыць Мне пры ўсіх азнаках, якія рабіў Я сярод яго?”» (Лік 14:10-11). Нявер’е народа не адмаўляла багацьце краіны да якой яны падыйшлі, але яно адмаўляла Бога, бо яны думалі пра непасрэдных жыхароў гэтай зямлі, а не пра Бога і пра тое, што Ён ім абяцаў.

Але ўзьнікаюць пытаньні. Навошта Бог выводзіў Ізраіля з Егіпту? Ці казаў Ён, што там няма сыноў Енака? А можа Ён даў уяўленьне таго, што гэтая зямля пустая і чакае не дачакаецца, калі туды прыйдзе народ Ізраіля? Гэта ж ня так. Бог казаў ім пра народы, якія насялялі гэтую зямлю, але народ чамусьці запамятаваў пра тую славу і дабраславеньне, якую падараваў яму Бог. Ці ж гэта ня дзіўна? Ізраіль не вытрымлівае выпрабаваньня Божага і гэты Біблійны прыклад тычыцца кожнага з нас, бо мы, як і народ Ізраіля, маем асабістую і ня меньш бяспечную пустыню, але мы маем лепшае збаўленьне і лепшыя надзеі. Мы чытаем гэтую кнігу і бачым на прыкладзе паводзінаў гебраяў тое, якімі і мы схільныя быць пры выпрабаваньнях, якія дае нам Бог. Усьвядоміць тое, што мы ў небясьпецы,- азначае магчымасьць уберагчыся ад ліхога. Паверыць у тое, што Бог з любоўю клапоціцца пра нас, азначае быць упэўненым ва ўсім, дзякуючы Яго адданасьці і сіле Яго любові.

Але ня так было з выведнікамі, бо толькі Ісус і Халеў верылі ў посьпех завалоданьня зямлі Ханаана: «Але Халеў супакойваў народ перад Майсеем, кажучы: “Пойдзем і завалодаем ею, бо мы можам адолець яе”. А тыя, якія хадзілі з ім, казалі: “Ня можам мы ісьці супраць народу гэтага, бо ён мацнейшы за нас”» (Лік 13:31-32). Адкуль гэтая няўпэўненасьць і нават баязьлівасьць? Адказ просты. Усе іхнія помыслы не былі зьвязаныя з Богам, бо інакш яны б не распускалі благія чуткі пра тое, што яны бачылі ў зямлі, якую паабяцаў ім Бог: «І распускалі благія чуткі пра зямлю, якую яны аглядалі, сярод сыноў Ізраілевых, кажучы: “Зямля, якую праходзілі мы для агляду, ёсьць зямля, якая паядае тых, што жывуць на ёй”» (Лік 13:33). Атрымлівалася тое, што Бог нібыта схлусіў, калі казаў пра «малако і мёд» зямлі Ханаана.

І вось, кульмінацыя нявер’я і здрады народа Ізраіля: «І нарабіла ўсё супольства ляманту, і плакаў народ усю тую ноч. І наракалі на Майсея і Аарона ўсе сыны Ізраілевыя, і ўсё супольства сказала ім: “О, лепей бы мы памерлі ў зямлі Егіпецкай, альбо сканалі ў пустыне гэтай! І навошта Гасподзь вядзе нас у зямлю гэтую, каб мы загінулі ад меча? Жонкі нашыя і дзеці нашыя дастануцца ў здабычу ворагам; ці ня лепей нам вярнуцца ў Егіпет?” І сказалі адзін адному: “Паставім сабе правадыра і вернемся ў Егіпет”» (Лік 14:1-4).

Вынікам гэтага бунту стала пакараньне Ізраіля і ў гэтым нічога дзіўнага няма, бо яны паверылі благім чуткам выведнікаў, абразіўшы пры гэтым Госпада. Успалымнеў гнеў Госпада і Ён кажа Майсею: «Пакараю яго пошасьцю і зьнішчу яго і выведу ад цябе народ болей шматлікі і мацнейшы за яго» (Лік 14:12). Але зноў Майсей выводзіць ад Божага гневу і зьнішчэньня народ, калі заступаецца за яго перад Богам: «І калі Ты зьнішчыш народ гэты, як аднаго чалавека, дык народы, якія чулі славу Тваю, скажуць: “Госпад ня мог увесьці народ гэты ў зямлю, якую Ён запрысягнуўся даць яму, а таму і згубіў яго ў пустыне”» (Лік 14:15-16).

Дзякуючы Майсею Бог даруе Ізраілю ўвогуле, але пакараньне старэйшага пакаленьня ізраільцянаў павінна адбыцца. Бог трымаецца Сваёй міласэрнасьці, але не апраўдвае вінаватых народа гэтага: «У пустыні гэтай палягуць целы вашыя, і ўсе вы палічаныя, колькі вас лікам, ад дваццаці гадоў і вышэй, якія наракалі на Мяне, ня ўвойдзеце ў зямлю, на якой Я, падымаючы руку Маю, прысягаўся асяліць вас, акрамя Халева, сына Ефаніінага, і Ісуса сына Нававага. Дзяцей вашых, пра якіх вы казалі, што яны дастануцца здабычай ворагам, Я ўвяду туды, і яны ўведаюць зямлю, якою вы пагардзілі, а вашыя трупы палягуць у пустыне гэтай, а сыны вашыя будуць качаваць у пустыні сорак гадоў і будуць несьці кару за блудадзейства вашае, пакуль не загінуць усе целы вашыя ў пустыні; па ліку сарака дзён, у якія вы аглядалі зямлю, вы панясеце кару за грахі вашыя сорак гадоў, год за дзень, каб вы спазналі, што значыцца быць пакінутым Мною» (Лік 14:29-34).

Трэба заўважыць вельмі важную рэч. Ізраільцяне ў роспачы казалі пра дзяцей, якія асуджаны на пагібель, бо «дастануцца ў здабычу ворагам». Нявер’е старэйшых перакладалася на дзяцей, але менавіта ім, старэйшаму пакаленьню, давялося адказваць за сваё адступства, бо дзеці гэтага пакленьня разам з Халевам і Ісусам сынам Нава, былі ўведзены Госпадам у зямлю, якую Ён абяцаў бацькам іхнім. Бог дастойны даверу і мы бачым Яго дасканаласьць у Сваіх шляхах і дзеяньнях, якія вядуць да цудоўных мэтаў. Але мы бачым і тое, як небясьпечна скардзіцца і наракаць на Бога ў нявер’і, каб Ён не пачуў і не ўчыніў з намі так, як мы таго заслугоўваем.

Тое, што Ізраіль ня здолеў увайсьці ў Ханаан, зьяўляецца асноўным і кульмінацыйным момантам у кнізе Лікі, які дае нам напамін пра тое, як важна давяраць Госпаду і слухацца Яго. Нічога так моцна не абражвае Госпада, як нашае адмаўленьне ў даверы Яму.

Калі мы чытаем Стары Запавет, дык павінны заўсёды памятаць пра асаблівасьць народа Ізраіля, бо менавіта Яму быў дадзены запавет пра будучага Збавіцеля. Гісторыя Ізраіля кажа нам пра гэта. Бог даручыў запісаць храналогію жыцьця гебраяў не таму, што Ён жадаў нейкім чынам узвысіць гэты нешматлікі народ. Інтарэс Бога да Ізраіля быў абумоўлены тым, што праз гэты народ павінен быў зьдзейсьніцца Божы план збаўленьня. І таму кніга Лікі зьмяшчае ў сабе сымбалі збаўленьня, якое зьдзейсьнілася ў Ісусе Хрысьце.

• Медны зьмей

«І паслаў Госпад на народ ядавітых зьмеяў, якія джгалі народ, і памерла мноства народу з Ізраілевых» (Лік 21:6).

Бог паслаў ядавітых зьмеяў як пакараньне за тое, што народ наракаў на Яго. Зноў наракаў. Калі ж гэты народ будзе давяраць Госпаду? Калі ж гебраі ўкленчылі і запрасілі дапамогі, Бог загадаў Майсею зрабіць меднага зьмея: «І зрабіў Майсей меднага зьмея і выставіў яго на сьцяг, і калі зьмяя кусала чалавека, ён зірнуўшы на меднага зьмея, заставаўся жывы» (Лік 21:9). Гэты сродак ацаленьня увасабляў сабою Ісуса Хрыста.

Сродак для збаўленьня быў прапанованы не Майсеем, але Богам. Таксама і збаўленьне ад грэху дае чалавеку не чалавек, але Бог.

Медны зьмей быў зроблены Майсеем па вобразу ядавітага зьмея. Так і Госпад Ісус Хрыстос прыйшоў у гэты сьвет у вобразе грэшнага чалавека: «Але прынізіў Сябе Самога, прыняўшы вобраз слугі, стаўшыся на падабенства людзей і знойдзены выглядам, як чалавек» (Філ 2:7).

Медны зьмей ня быў ядавіты, хаця быў зроблены на вобраз ядавітага зьмея. Так і Ісус Хрыстос ня меў у Сабе грэху, хаця быў у вобразе грэшнага чалавека: «Бо Таго, Які грэху ня ведаў, Ён зрабіў за нас грэхам, каб мы ў Ім сталісяліся праведнасьцю Божай» (2 Кар 5:21).

Медны зьмей быў выстаўлены Майсеем на сьцяг. Таксама і Ісус Хрыстос быў узьнесены на крыж дзеля нашага збаўленьня: «І як Майсей падняў зьмяю ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго не загінуў, але меў жыцьцё вечнае» (Ян 3:14-15).

Каб ацаліцца ад ядавітых укусаў людзям патрабавалася толькі адно – зірнуць на меднага зьмея. Таксама і з Ісусам Хрыстом, бо каб ацаліцца ад грэху, людзям трэба зірнуць і ўбачыць Госпада Збаўцу.

Гебраі ня мелі іншага спосаба ацаленьня ад яду зьмеяў як толькі той, які даў ім Бог. Так і да вечнага збаўленьня ад грэху існуе толькі адзін шлях - Ісус Хрыстос.

• Прароцтва Валаама

«І выправіліся сыны Ізраілевыя і спыніліся на раўнінах Маава, каля Ярдана, насупраць Ерыхона. І ўбачыў Валак, сын Сэпфораў, усё, што зрабіў Ізраіль Амарэям» (Лік 22:1-2).

Посьпех сыноў Ізраіля ў зямлі Амарэйскай вельмі занепакоіў Валака. І каб абараніцца ад Ізраіля, ён пасылае да Валаама: «І прыйшлі яны да Валаама і сказалі яму: “Так кажа Валак, сын Сэпфораў. Не адмоўся прыйсьці да мяне. Я зраблю табе вялікі гонар і зраблю ўсё, што ні скажаш мне. Прыйдзі ж, пракляні мне народ гэты”» (Лік 22:16-17). Здаецца, што ў сэрцы сваім Валаам быў схільны да праклёну Ізраіля, але ў кожным сваім прароцтве ён казаў толькі тое, што ўкладаў у яго Бог. І замест праклёну, ён прамаўляў дабраславеньні народу Ізраіля. У сваім чацьвёртым прароцтве ён кажа: «Узыходзіць зорка ад Якава і паўстае жазло ад Ізраіля, і б’е князёў Маава і валіць усіх сыноў Сітавых. Эдом будзе пад валоданьнем, Сэір будзе пад валоданьнем ворагаў Сваіх, а Ізраіль пакажа сілу» (Лік 24:17-18).

Госпад Ісус Хрыстос ёсьць зорка, якая ўзыйшла ад Якава: «Я - корань і род Давідавы, зорка сьветлая і ранішняя» (Адк 22:16). Госпад Ісус Хрыстос ёсьць Валадар: «Пасад Твой, Божа, на век вечны; кій правасьці - кій валадарства Твайго» (Геб 1:8).

«І жыў Ізраіль у Сітыме, і пачаў народ блудадзейнічаць з дочкамі Маава, і запрашалі яны народ да ахвяраваньня багам сваім, і еў народ і кланяўся багам іхнім. І прыляпіўся Ізраіль да Ваал-Фегора. І ўсплымніўся гнеў Гаспадаў да Ізраіля» (Лік 25:1-3). Пасьля няўдачы з праклёнам, Мааў перамяняе стратэгію ў адносінах да Ізраіля. Калі ён ня змог адвярнуць Бога ад Ізраіля, дык, можа быць, ён зможа адвярнуць Ізраіля ад Бога? Дочкі Маава сталіся сродкам спакусы і блудадзейства. Бог строга карае народ за гэта: «І сказаў Майсей судзьдзям Ізраілевым: “Заб’еце кожны людзей сваіх, якія прыляпіліся да Ваал-Фегора”» (Лік 25:5). Дваццаць чатыры тысячы чалавек з народу Ізраіля - вось вынік паразы, якую прыпыніў сьвятар Фінээс з роду Аарона, калі забіў блудадзейных сына Ізраіля і жанчыну Мадыямскую.

Паколькі пераход праз пустыню быў завершаны, Бог зноў пералічвае Свой народ і пералічвае яго, як Свайго нашчадка, які гатовы ўвайсьці ў спадчыну Госпада. Бог ахоўваў Свой народ да самых межаў Ханаана: нават і адзеньне яго не знасілася. Сорак гадоў працягвалася вандроўка Ізраіля ў пустыне і мы з цікавасьцю назіраем той факт, што лічба апошняга пераліку амаль што тая ж, як і пад час пераліку першага. Бог выконвае Сваё абяцаньне і відавочна паказвае народу, што Ён уводзіць у Ханаан тую ж колькасьць гебраяў, якая была і пры першым пераліку. Але ня выйшла з пустыні ўсё тое старэйшае пакаленьне, якое бунтавала і наракала на Госпада.

Калі Бог пералічвае Свой народ паймённа, дык Ён тым самым паказвае і Сваё кіраўніцтва і Сваю вернасьць, бо пералічвае і тое, што адбывалася з народам у гэтай вандроўцы. Ён ставіць прынцыповае пытаньне пра авалоданьне зямлёй абяцанай і зьнішчэньне жыхароў гэтай зямлі, каб не было спакусы з боку тых, хто застанецца і каб Бог не зрабіў з-за гэтага Ізраілю тое, што Ён зрабіў з гэтымі народамі. Бог праяўляе клопат пра Свой народ. Ён вызначае межы зямлі, якую Ізраіль атрымлівае ў карыстаньне і вызначае межы для кожанага калена Ізраілева; Ён вызначае і долю Сваіх служыцеляў Лявітаў, якія не павінны былі мець спадчыны.

Апошня частка гэтай кнігі кажа нам пра сувязь паміж вандроўкай ў пустыні і займеньнем абяцаньня, як і тым супакоем, які павінен прыйсьці за гэтымі падзеямі. На раўнінах Маава Майсей засьведчыў грахоўнасьць народа, але Бог апраўдаў Свой народ, зьявіўшы ласку Сваю, калі дапамог яму перамагчы ворага і зьдзейсьніў Свой намер адносна поўнага зацьвярджэньня Ізраіля ў зямлі, якую Ён абяцаў яму.

Дабраславёнае імя Яго! Дабраславёныя і мы, таму што менавіта нам дазволена спасьцігнуць шляхі Госпада нашага Ісуса Хрыста.


Рецензии