Книга Второзаконие

ДРУГАЗАКОНЬНЕ


«Саракавога году, адзінаццатага месяца, першага
дня месяца, казаў Майсей сынам Ізраілевым усё,
што наказаў яму Госпад пра іх» (Другазак 1:3).


У гэтай кнізе мы зноў бачым народ Ізраіля на мяжы зямлі Ханаана, дзе Майсей настойліва патрабуе ў вернасьці захоўваць адносіны з Богам і ў пакоры выконваць запаведзі, якія даў ім Бог. Майсей упэўнівае народ, што толькі такім чынам яны могуць увайсьці ў зямлю абяцаную і застацца там. Майсей папярэджвае народ пра тыя наступствы, якія могуць іх напаткаць у выпадку непакоры і непаслушэнства Таму, Хто стварыў гэты народ і дае яму тое, што абяцаў Абрагаму, Ісааку і Якубу. Майсей, як законадаўца, па воле Бога павінен пакінуць іх і менавіта таму ён аглядаўся ў мінулае, але погляд Госпада быў наперадзе, у той зямлі, у якую яны зьбіраліся ўвайсьці. Менавіта адсюль гэтая надзвычайная сур’ёзнасьць і стрыманасьць Майсея, бо гэта грунтуецца на вялікіх адносінах з Богам, Які ўводзіў зараз Ізраіля ў зямлю абяцаную. Майсей заклікае народ падпарадкоўвацца Богу і толькі Яму. Майсей кажа пра пакаленьне, якое наракала на Госпада і таму памерла ў пустыне. Новае ж пакаленьне павінна ўвайсьці ў сьвятую зямлю, памятаючы пра мінулыя ўрокі іхніх бацькоў. І таму Майсей павінен быў данесьці да іхніх сэрцаў гэтую праўду.

Папярэднія тры кнігі Майсея можна назваць сымбалічнай сістэмай, якая была зацьвержана на гары Сынай і якую, як пасланьне Госпада, Майсей павінен быў данесьці да свайго народа. Закон, як сымбаль. І таму, вельмі магчыма, што гебраі на працягу сарака год вандраваньня ў пустыне, ў значнай ступені не падпарадкоўваліся пастановам Божым. Гэтаму ёсьць тлумачэньне, бо вельмі цяжка выконваць пастановы Бога ў звышцяжкіх умовах пустыні, бо наўрад ці магчыма прыносіць ахвярапрынашэньні, калі няма што прыносіць. Таксама і абразаньне, бо ўмовы пустыні і адсутнасьць належных умоў гагіены не дазвалялі праводзіць гэтую пастанову часоў Абрагама ў жыцьцё. Новазапаветны Стэфан, спасылаючыся на прарока Амоса, казаў сынэдрыёну: «А Бог адвярнуўся ад іх і аддаў іх служыць войску нябеснаму, як напісана ў кнізе Прарокаў: “Дом Ізраіля, ці прыносілі вы Мне бітае і ахвяры сорак гадоў у пустыні?”» (Дзеі 7:42). Народжаныя ў пустыні гебраі не былі абрэзаныя і ня ўмелі як сьлед выконваць Пасху. Гэта пацьверджваецца словамі Майсея: «Не з бацькамі нашымі паклаў Госпад запавет гэты, а з намі» (Другазак 5:3).

У кнізе Другі Закон Майсей дае народу напамін пра Закон, які Бог даў ім на гары Сынай, ведаючы, што новае пакаленьне Ізраіля ня ведала ў значнай меры пастановаў Божых і таму Майсей казаў новаму пакаленьню, што іхняя будучыня залежыць ад паслушэнства Божаму Закону. Майсей прапаведуе свайму народу і дае дабраславеньне Ізраілю на будучыню. Другі Закон - гэта кніга-пропаведзь Майсея Ізраілю.


• Першая пропаведзь Майсея.

Майсей пачынае пропаведзь з таго, што здарылася з таго часу, як сыны Ізраілевыя атрымалі загад Госпада ісьці ад Харыва на гару Амарэяў і да ўсіх суседзяў іхніх: «Я даю вам зямлю гэтую, ідзеце, вазьмеце ў спадчыну зямлю, якую Госпад з клятваю абяцаў даць бацькам вашым, Абрагаму, Ісааку і Якубу, ім і нашчадкам іхнім» (Другазак 1:8). Цікава будзе заўважыць, што шлях ад Харыва да мяжы зямлі абяцанай, які займае толькі адзінаццаць дзён, стаўся для гебраў працягласьцю ў сорак гадоў.

Майсей нагадвае народу, што Бог аддаваў гэтую зямлю ва ўладу Ізраілю, але ён праявіў сваё нявер’е, калі паслухаўся выведнікаў і пачаў наракаць на Госпада. Майсей кажа гебраям, што дзякуючы вялікаму цярпеньню Госпада і міласьці Ягонай, яны, няглядзячы ні на што, усё ж уваходзяць у зямлю абяцаную Богам, каб атрымаць яе ва ўласнасьць. Даючы напамін гебраям пра Харыў, Майсей яшчэ раз кажа пра той прывілей, які яны маюць, калі знаходзяцца ў непасрэднай блізкасьці да Бога, Які Сам зьвяртаўся да іх з агню, каб адвесьці ад іх усе думкі пра ідалапаклонства.

Майсей дае напамін пра тое, што, па воле Бога, іхнія бацькі загінулі ў пустыне ў выніку свайго нявер’я. Ён кажа ім і пра тое, што і сам ён ня ўвойдзе ў гэтую цудоўную зямлю: «І Госпад угневаўся на мяне за вас і прысягнуў, што я не перайду Ярдан і не ўвайду ў тую добрую зямлю, якую Госпад, Бог твой, дае табе ў надзел; я памру ў гэтай зямлі, не перайшоўшы за Ярдан, а вы пяройдзеце і авалодаеце тою добраю зямлёю» (Другазак 4:21-22).). Майсей кажа, што пакаленьне, якое пераходзіць Ярдан не павінна забываць наказаў Госпада і не рабіць сабе балванаў, бо гэта вядзе да пагібелі, палону і страты зямлі, якую яны мусяць атрымаць ад Бога. Але Майсей дае Ізраілю і надзею, калі кажа: «Калі ты будзеш у смутку, і калі ўсё гэта застане цябе з бегам часу, дык павернешся да Госпада, Бога твайго, і паслухаеш голасу Ягонага. Госпад Бог твой, ёсьць Бог мілажальны; Ён не пакіне цябе і не загубіць цябе, і не забудзе запавету з бацькамі тваімі, які Ён прысягаю зацьвердзіў ім» (Другазак 4:30-31).

Мы яшчэ пабачым у далейшай гісторыі Ізраіля, як адкрываецца прароцтва Майсея, калі будзем разглядаць кнігу Эздры і кнігу Нээміі, кнігу Эстэр і кнігу Данііла. Бог ніколі не пакіне Свой народ, калі ён у шчырасьці і пакаяньні зьвернецца да Яго. Гэта тычыцца і нас, бо Бог, Які паклікаў нас як Свой народ, патрабуе ад нас мужнасьці, адданасьці і веры тым абяцаньням, якія Ён дае Свайму народу. І таму мы павінны бузумоўна давяраць нашаму Госпаду, не паддаючыся на «благія чуткі выведнікаў», якія складаюць, на жаль, большасьць у гэтым сьвеце, як гэта было сярод народа Ізраіля, калі з дванаццаці выведнікаў, дзесяць не былі з Богам, бо не давяралі Яму.


• Другая пропаведзь Майсея.

«І паклікаў Майсей увесь Ізраіль і сказаў ім: слухай Ізраіль, пастановы і законы, якія я сёньня скажу ў вушы вашыя, і вывучыце іх і старайцеся выконваць іх. Госпад, Бог наш, паклаў з намі запавет на Харыве; не з бацькамі нашымі паклаў Госпад запавет гэты, а з намі, хто тут сёньня ўсе жывыя» (Другазак 5:1-3).

Гэта самая працяглая пропаведзь Майсея, у якой ён выкладае і тлумачыць законы Бога, пачынаючы з Дзесяці Божых запаведзяў.

Майсей кажа сынам Ізраіля пра тое, што яны павінны баяцца Госпада і любіць Яго ўсім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёю. Ён заклікае іх заўсёды памятаць Госпада ў любой справе сваёй і выконваць запаведзі Госпада, калі яны ўвойдуць у зямлю абяцаную. Сыны Ізраіля павінны будуць растлумачыць сэнс пастановаў Госпадавых сынам сваім і давесьці ім пра збаўленьне з палону Егіпта, як і пра ўсе цуды Божыя для збаўленьня Ізраіля: «Калі спытаецца ў цябе сын твой у наступны час, кажучы: “Што азначаюць гэтыя статуты, пастановы і законы, якія наказаў вам Госпад, Бог ваш?”, дык скажы сыну твайму: “Рабамі мы былі ў фараона ў Егіпце, але Госпад вывеў нас з Егіпта, рукой моцнаю, і паказаў Госпад азнакі й цуды вялікія і кары Егіпту, фараонам і ўсяму дому ягонаму, перад вачыма нашымі, а нас вывеў адтуль, каб увесьці нас і даць нам зямлю, якую Госпад запрысягнуў бацькам нашым; і наказаў Госпад выконваць усе пастановы гэтыя, каб мы баяліся Госпада, Бога нашага, каб добра было нам ва ўсе дні, каб захаваць наша жыцьцё, як і цяпер; і ў гэтым будзе наша праведнасьць, калі мы будзем намагацца выконваць усе гэтыя запаведзі перад абліччам Госпада, Бога нашага, як Ён наказаў нам» (Другазак 6:20-25).

Майсей паказвае сынам Ізраіля на падмурак іх адносінаў з Богам. Бог даў ім Свой запавет, калі выбраў іх, не таму, што яны былі гэтага дастойныя, але таму, што палюбіў іх і таму даў ім ласку Сваю: «Бо ты сьвяты народ у Госпада, Бога твайго. Цябе выбраў Госпад, Бог твой, каб ты быў уласным Яго народам з усіх народаў, якія на зямлі. Не на тое, каб вы былі большыя лікам за ўсе народы, прыняў вас Госпад і выбраў вас, - бо вы меньшыя лікам за ўсе народы, а таму, што любіць вас Госпад, і на тое, каб захаваць клятву, якою Ён прысягаў бацькам вашым, вывеў вас Госпад рукою моцнаю і вызваліў цябе з дома рабства, з рукі фараона, валадара Егіпецкага. Дык вось, ведай, што Госпад, Бог твой, ёсьць Бог верны, Які захоўвае запавет і літасьць да тых, хто любіць Яго і шануе наказы Ягоныя да тысячы родаў» (Другазак 7:6-9).

Майсей загадвае Ізраілю зьнішчыць усе сьляды ідалапаклонства на зямлі, у якую ўводзіць яго Бог: «Балванаў багоў іхніх папалеце агнём; не пажадай узяць сабе срэбра альбо золата, якое на іх, каб гэта ня сталася табе сеткаю, бо гэта агіда Госпаду, Богу твайму. І ня ўнось шкараднай брыдоты ў дом твой, каб не падупасьці праклёну, як яна; адварочвайся ад гэтага і гідзіся гэтага, бо гэта праклятае» (Другазак 7:25-26).

Майсей зноў даводзіць да народа законы і пастановы, якія ізраільцяне павінны былі выконваць, бо гэта запавет ці ўмовы іхніх адносінаў з Богам, - умовы, выконваючы якія яны ў поўнай меры адчуюць Божыя дабраславеньні. Пастановы Госпада былі накірованы на тое, каб было зразумела, што народ Ізраіля – гэта народ Божы і таму павінен устрымлівацца ад усяго, што можа сапсаваць іхнія адносіны з Богам. Пастановы Госпада тычыліся і сьвятароў, але адносіны да сьвятароў павінны былі разглядацца праз адносіны Ізраіля і Бога. Народ павінен быў клапаціцца пра сьвятароў і гэты клопат усталёўваўся непасрэдна паміж народам і Богам. Сьвятары павінны адкрываць народу шлях набліжэньня да Госпада, а народ павінен сваімі дзесяцінамі клапаціцца пра лявітаў, паколькі яны ня мелі ўдзелу ў спадчыне каленаў Ізраіля: «Сьвятарам лявітам, усяму калену Лявіінаму, ня будзе долі і дзялянкі з Ізраілем: яны павінны карміцца ахвярамі Госпада і Ягонай доляй; дзялянкі ж ня будзе яму сярод братоў ягоных: Сам Госпад дзялянка ягоная, як казаў Ён яму» (Другазак 18:1-2).

Майсей даводзіць да Ізраіля і «неабавязковую пастанову» Госпада, якая тычыцца выбраньня магчымага ў будучым валадара: «Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую Госпад, Бог твой, дае табе, і авалодаеш ею, і аселішся на ёй, і скажаш: “Пастаўлю я над сабою валадара, як і ў іншых народаў, якія вакол мяне”, дык пастаў над сабою валадара, якога выбера Госпад, Бог твой. Спасярод братоў тваіх пастаў над сабою валадара; ня можаш паставіць над сабою іншаземца, які ня брат табе» (Другазак 17:14-15).

Будучы валадар не павінен празьмерна абагачацца і маральна разбэшчвацца, але ён павінен сьпісаць сабе сьпіс закона і кіравацца ім: «І няхай ён будзе ў яго, няхай ён чытае яго ва ўсе дні жыцьця свайго, каб вучыцца баяцца Госпада, Бога свайго, і стараўся выконваць усе словы Закона гэтага і пастановы гэтыя; каб не надзімалася сэрца ягонае перад братамі ягонымі, і каб ня ўхіляўся ён ад Закона ні направа, ні налева, каб доўгія дні заставаўся на валадарстве сваім ён і сыны ягоныя сярод Ізраіля» (Другазак 17:19-20).

Наяўнасьць валадара, выбранага спасярод народа, цалкам адпавядала ідэялу тэакратычнага складу грамадзтва і ў сувязі з гэтым трэба сказаць, што стаўленьня да гэтага Самуіла ні якім чынам не супярэчыць гэтаму ідэялу. Народ затрабуе сабе валадара па праву. Самуіл жа пярэчыць таму нетэакратычнаму духу гэтага патрабаваньня. Народ патрабаваў валадара, каб нічым не адрозьнівацца ад іншых народаў, якія жылі вакол Ізраіля, а характэрная асаблівасьць тэакратыі як раз і складала адрозьненьне Ізраіля ад усіх іншых народаў.

Майсей кажа пра тое, што Бог забараняе народу Ізраіля рабіць тыя мярзоты, за якія народы зямлі Ханаана, якія слухалі варажбітоў і чараўнікоў, былі асуджаны Госпадам на зьнішчэньне і выгнаньне. Калі народ Ізраіля войдзе ў зямлю абяцаную, узьнікне патрэба далейшай перадачы Божага адкрыцьця, якое будзе адпавядаць Божым пастановам, якія былі дадзены народу на Сынае. Бог абяцае Ізраілю Сваіх прарокаў: «Я пастаўлю ім Прарока спасярод братоў іхніх, такога як ты, і ўкладу словы Мае ў вусны Ягоныя, і Ён будзе гаварыць ім усё, што Я загадаю Яму» (Другазак 18:18).

Мы бачым пацьверджаньне гэтых словаў у Ісусе Хрысьце. Аднак ня толькі ўся паўната праўды адрываецца Госпадзе Ісусе, але і вялікая небясьпечнасьць грэбаваць Ім, бо гэта вядзе да вельмі сур’ёзных наступстваў: «А хто не паслухае слоў Маіх, якія гаварыць будзе імем Маім, з таго Я спаганю, а прарока, які асьмеліцца гаварыць Маім імем тое, чаго Я не загадаў яму гаварыць, і які будзе гаварыць імем багоў іншых, такога прарока аддайце сьмерці» (Другазак 18:19-20).

Такім чынам мы маем прарока праўды – Ісуса Хрыста, бо гэта пра Яго адкрывае Сьвяты Дух вуснамі Стэфана: «Цьвёрдахрэбныя! Людзі з цьвёрдым каркам і з неабрэзаным сэрцам і вушамі! Вы заўсёды супрацівіцеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы. Каго з прарокаў не перасьледавалі бацькі вашыя, і пазабівалі прадвесьнікаў прыходу Праведніка, здраднікамі і забойцамі Якога вы цяпер сталіся» (Дзеі 7:51-52). Гэта быў Сын, Якога трэба было слухаць і гэта вышэй за адкрыцьцё Госпада праз Майсея, але ў той жа час - пацьверджаньне гэтага адкрыцьця.

Майсей завяршае сваю пропаведзь апісаньнем цырымоніі, якую Ізраіль павінен будзе час ад часу зьдзяйсьняць, калі ўвойдзе і аселіцца ў Ханаане. Народ Ізраіля павінен будзе зьбірацца на схілах дзьвух гор, паміж якімі знаходзіцца даліна. Дзьве гары і даліна складаліся натуральным чынам у амфітэатр. Шэсьць каленаў Ізраіля павінны былі стаяць на гары Гевал, а іншыя шэсць каленаў - на гары Гарызім. Лявіты ж павінны былі стаяць у даліне паміж гэтымі гарамі і абвяшчаць дабраславеньні ці праклён. Калі яны абвяшчалі дабраславеньні, дык калены Ізраіля, сабраныя на гары Гарызім, павінны былі гучна прамаўляць слова «Амэн». Калі ж лявіты абвяшчалі праклён, слова «Амэн» прамаўлялі на гары Гевал іншыя калены Ізраіля. Майсей дае пералік дабраславеньняў, якія народ мог чакаць, як узнагароду за паслушэнства. Майсей дае таксама і пералік праклёнаў, якія маглі атрымаць гебраі, як вынік за непаслушэнства. Бог чакае паслушэнства ня толькі ад Ізраіля, але і ад усіх пакаленьняў дзяцей Божых.

Майсей, тым самым, зьвяртаецца таксама і да нас, каб мы зразумелі, што трэба слухацца і павінавацца Госпаду. Так, гэта нялёгка, але паслухмянага чалавека чакае ўзнагарода - Божае дабраславеньне. І наадварот, праклён чакае таго, хто парушыць пастановы Божыя.

• Трэцяя пропаведзь Майсея.

«Вось словы запавету, які Госпад загадаў Майсею пастанавіць з сынамі Ізраілевымі ў зямлі Маавіцкай, акрамя запавету, які Госпад пастанавіў з імі на Харыве» (Другазак 29:1).

Майсей аднаўляе Божы запавет з народам Ізраіля, які ён атрымаў на Харыве. Аднаўленьне запавета - гэта мудрасьць і дальнабачнасьць Госпада, Які павінен быў паставіць новыя ўмовы, а ня проста патрабаваць выкананьне тых, якія былі абвешчаны на гары Харыў. Майсей абвяшчае народу, што Бог павядзе іх праз Ярдан, у зямлю Ханаана, а гэта азначае тое, што Ізраіль увайшоўшы ў зямлю абяцаную, не павінен ганьбіць свайго Бога. І таму, Бог ставіць дадатковыя ўмовы, каб народ паводзіў сябе належным чынам. Ён заклікаў іх захоўваць словы гэтага запавета і строга папярэдзіў не рабіць сабе ідалаў, не рабіць спраў, якія не падабаюцца Госпаду, але трымацца ў пакоры.

Майсей кажа ў гэтай пропаведзі, што калі ізраільцяне адкрыта ўпалі і зьняславіліся, дык дзякуючы толькі Божай ласцы, яны атрымалі той адзіна падыходзячы сродак дапамогі. І вось зараз увесь Ізраіль стаіць перад абліччам Госпада, Які заклікаў іх «выконваць усе словы закону гэтага». І таму Майсей усклікае: «Схаванае належыць Госпаду, Богу нашаму, а адкрытае нам і сынам нашым давеку, каб мы выконвалі ўсе словы закону гэтага» (Другазак 29:29).

Сутнасьць гэтага ў тым, што ласка Божая нясе ў сабе нейкую тайну, бо мы бачым, што калі сыны Ізраіля, ў будучым часе, пацярпелі няўдачу, дык мы бачым і тое, што, грунтуючыся на законе, Бог здолеў знайсьці той шлях і той сродак, дзякуючы якому адкрылася магчымасьць для апраўданьня іх па веры. Ён можа апраўдаць іх прад абліччам іхняга грэху і ўзьдзейнічаць на іхнія душы Сваім сэрцам - узьдзейнічаць тайнамі ласкі Сваёй.

«І пайшоў Майсей, і гаварыў словы гэтыя ўсім сынам Ізраіля, і сказаў ім: “Цяпер мне сто дваццаць гадоў, я не магу ўжо выходзіць і ўваходзіць. І Госпад сказаў мне: “Ты не пяройдзеш Ярдан гэты. Госпад Бог твой, Сам пойдзе перад табою. Ён зьнішчыць народы гэтыя ад аблічча твайго, і ты авалодаеш імі. Ісус пойдзе перад табою, як сказаў Госпад» (Другазак 31:1-3).

Мы бачым Майсея пры завяршэньні свайго служэньня. Ён прамаўляе сваю апошнюю пропаведзь і зьвяртаецца да Ізраіля з вельмі строгім папярэджаньнем, што ведае іхні будучы бунт, у якім яны будуць вінаватыя: «Бо я ведаю, што пасьля сьмерці маёй вы разбэсьціцеся і ўхіліцеся ад дарогі, якую я наказваў вам, і з часам спасьцігнуць вас бядоты за тое, што вы будзеце рабіць ліхое перад вачыма Госпада, раздражняючы Яго дзеямі рук сваіх» (Другазак 31:29-30).

• Сьпеў Майсея.

«І прамовіў Майсей у вушы ўсёй царквы Ізраіля словы сьпеву гэтага аж да канца. Прыхіліце вушы, нябёсы, і я прамоўлю! І няхай чуе зямля словы вуснаў маіх! Няхай кроплямі падае, як дождж, вучэньне маё, няхай сьцякае, як раса, мова мая, як імжа на зеляніну, як залева на траву. Бо я буду клікаць імя ГОСПАДА! Давайце ўзьвялічым Бога нашага!» (Другазак 31:30; 32:1-3).

Майсей завяршае сваё служэньне сьпевам, які грунтуецца на тайне Божай ласкі. Майсей добра ведае пра грахі Ізраіля, але ён бачыць дабраславеньне, якое прыйдзе да іх.

Майсей праслаўляе Госпада за тое, што Ён зьяўляецца цьвярдыняю, на якой можа знаходзіцца народ Ізраіля: «Ён узьнёс яго на вышыні зямлі і карміў пладамі палёў, і паіў яго мёдам з каменя і алеем з цьвёрдай скалы, маслам каровіным і малаком авечым, і тлушчам ягнятаў і бараноў Васанскіх і казлоў, і тлустаю пшаніцаю, і ты піў віно вінаградных ягад» (Другазак 32:13-14).

Майсей праслаўляе Госпада за тое, што Ён зьяўляецца Заступнікам: «О, калі б яны памеркавалі, падумалі пра гэта, уразумелі, што з імі будзе! як бы мог адзін перасьледаваць тысячу і двое прагнаць процьму, калі б Скала іхняя ня выдала іх, і Госпад не аддаў іх! Бо скала іхняя не такая, як наша Скала; самі ворагі нашыя судзьдзі ў тым» (Другазак 32:29-31).

Майсей славіць Госпада за тое, што Ён праяўляе пяшчотнасьць да Свайго народа, параўноўваючы Яго з арлом: «Як арол будзіць гняздо сваё, носіцца над птушанятамі сваімі, распасьцірае крылы свае, бярэ іх і носіць іх на пер’і сваім, так Госпад адзін вадзіў іх, і ня было з ім чужога бога» (Другазак 32:11-12).

Здаецца, што маючы такога Бога, народ Ізраіля ніколі не захоча адыйсьці ад Яго, але Майсей ведае, што гэта, на жаль, абавязкова здарыцца. І таму ён дапаўняе свій сьпеў папярэджаньнем пра адказнасьць за ідалапаклонства і пра рашучасьць Госпада да пакараньня за гэты грэх: «Зьбяру на іх бядоты і патрачу на іх стрэлы Мае. Будуць зьнясілены голадам, зьнішчаны гарачкаю і заразаю лютай. І пашлю на іх іклы зьвярыныя і яд паўзуноў зямных, звонку будзе губіць іх меч, а ў дамах - вусьцішнасьць - і хлапца і дзяўчыну, і немаўля і пакрытага сівізнаю старца» (Другазак 32:23-25).

Майсей яшчэ раз заклікае народ ў пакоры выконваць словы закона, бо Ізраілю пастаўлены менавіта гэтыя ўмовы, каб заўсёды валодаць зямлёй абяцанаю. І вось, сказаўшы гэта, Майсей павінен узыйсьці на гару Нэва, каб убачыць зямлю, у якую ён ня мусіць увайсьці. Гэта непазьбежнае сьледства справядлівага Божага суда адносна Свайго слугі, бо ён, нейкім чынам, не адпавядваў патрабаваньню славы Божай у пустыне і не асьвяціў у поўнай меры Божае імя вераю.


• Дабраславеньне і сьмерць Майсея.

«Дабрашчасны ты, Ізраіле! Хто падобны да цябе, народзе, ахаваны Госпадам, Які ёсьць шчыт, што асланяе цябе, і меч славы тваёй? Ворагі твае панікнуць перад табою, і ты на шыю ім наступіш» (Другазак 33:29).

Так Майсей завяршае дабраславеньне Ізраіля, але перад гэтым ён дабраслаўляе паасобку ўсе калены Ізраіля і ўзносіць хвалу ўсемагутнасьці Госпада: «Няма падобнага на Бога Ізраілевага, Які па небе прыляцеў памагчы табе і ў славе Сваёй на аблоках. Прыстанішча тваё Бог прадвечны, і ты пад мышцамі вечнымі. Ён прагоніць ворагаў ад аблічча твайго і скажа: “Зьнішчай!” Ізраіль жыве ў бясьпецы, адзін і вока Якава бачыць перад сабою зямлю багатую хлебам ды віном, і нябёсы над ім капаюць расою» (Другазак 33:26-28).

Мы бачым Госпада ва ўсёй Сваёй велічы, бо там, дзе была Ягоная слава, там была і падтрымка Ізраілю. Ён і наперад будзе падтрымліваць і абараняць яго. Шчасны народ, збаўлены Госпадам, Які быў для яго шчытом і мечам. Якімі б не былі асобныя моманты адносінаў Ізраіля з Богам, Бог у рэшце рэшт дабраславіць іх, як народ, адпаведна Сваёй вышэйшай славе і велічы.

Як мала мы, дзеці Божыя, усьведамляем, наколькі мы дабрашчасныя, калі захоўваемся славай і веліччу Божай.

Паглядзеўшы на зямлю, якую Бог зьбіраўся даць Ізраілю, Майсей памірае. Сам Госпад пахаваў яго: «І памёр Майсей, раб Госпадаў, у зямлі Маавіцкай, паводле слова Госпадавага і пахаваны ў даліне ў зямлі Маавіцкай насупраць Вэтэгора, і ніхто ня ведае месца пахаваньня нават да гэтага дня» (Другазак 34:5-6).

Госпад Ісус Хрыстос ёсць Прарок, пра якога кажа Майсей у кнізе Другі Закон. І мы бачым, што Сваім жыцьцём Ісус Хрыстос зьдзяйсьняў тройчае служэньне.

Ён быў Прарокам, бо казаў Слова Божае; Ён быў Сьвятаром, бо павінен быў прынесьці Самаго Сябе ў ахвяру за грахі Свайго народа; Ён быў Валадаром, бо павінен правіць з нябёсаў да тых часоў, пакуль усе Ягоныя ворагі ня будуць пакладзены да падножжа Яго.

За ўсю гісторыю чалавецтва не было прарока падобнага Ісусу Хрысту. Ён, Сын Божы, павінен быў прыйсьці з «асяродзьдзя братоў» у чалавечым целе. Ён павінен быў казаць пра тое, што Айцец укладаў у Яго - словы жыцьця, словы праўды і ласкі Божай. Збаўленьне будзе дадзена тым, хто чуе Ісуса Хрыста і верыць Яму. Тыя ж, хто адмаўляе Яму, будуць пакараныя і адчуюць на сабе гнеў Божы.


Рецензии