Книга Иисуса Навина

КНІГА ІСУСА НАВІНА


«Пасьля сьмерці Майсея, раба Госпадавага,
Госпад сказаў Ісусу Навіну, слузе Майсееваму :“Майсей, раб Мой памёр. Дык вось, устань, перайдзі цераз Ярдан гэты і ўвесь народ гэты, у зямлю, якую Я даю ім, сынам Ізраілевым»
(Іс Нав 1:1-2).

Ісус Навін пераймае пасаду правадыра народа Ізраіля ў Майсея. Майсей памёр і быў пахаваны Госпадам. Майсей быў праслаўлены Богам, але ён быў толькі чалавекам, які не пазьбег памылак і таму не атрымаў дазволу Госпада перайсьці Ярдан і ўвайсьці ў зямлю абяцаную. Сам Бог робіць Ісуса Навіна Сваім служыцелем і загадвае яму перайсьці Ярдан у зямлю, якую Ён даў сынам Ізраіля. Усё тое, што загадваў народу Ісус, выходзіла ад Бога і таму было словам Божым для Ізраіля. Ісус быў той сілаю, якая прывяла народ да авалоданьня абяцаным.

Мэта кнігі Ісуса Навіна ў тым, каб паказаць, якім чынам Бог прывёў Свой народ з пустыні ў зямлю абяцаную. Такім чынам можна сьцьвярджаць, што кніга Ісуса Навіна працягвае апавяданьне Пяцікніжжа і разглядае далейшае разьвіцьцё новай тэакратычнай нацыі пад кіраўніцтвам Ісуса, які няўхільна выканаў тое, што яму даручыў Бог. Кніга Ісуса Навіна - гэта гістарычнае апавяданьне, якое паказавае нам заваёву Ханаана. Яна пачынаецца з таго, як Ізраіль гатуецца да ўваходу ў зямлю абяцаную, каб зьдзейсьніць тое, што павінна было адбыцца сорак гадоў таму. І яна завяршаецца тым, што народ Ізраіля завалодаў большай часткай Ханаана за выключэньнем толькі некалькіх ворагаў.

Бог апраўдвае Свой народ на прыканцы вандраваньня ў пустыні і дабраслаўляе тых, хто застаўся жывым пасьля гэтага выпрабаваньня, каб даць ім у валоданьне цудоўную зямлю, дзе яны адчуюць хараство шчодрага Божага дара. Але Ён папярэджвае і ад наступстваў у выпадку непакорнасьці, адначасова адкрываючы Свае мэты ў адносінах да Свайго народа, якія павінны праславіць Яго.

Асноўныя тэмы кнігі - гэта вернасьць Бога Сваім абяцаньням, сіла і веліч Бога, паслушэнства Слову Божаму і ласка Божая.


• Вернасьць Бога сваім абяцаньням.

Божае абяцаньне даць зямлю абяцаную Свайму народу была дадзена Богам за сотні гадоў да таго, як Ісус Навін увёў народ Ізраіля ў Ханаан. Бог абяцаў гэта Абрагаму: «У гэты дзень заключыў Госпад запавет з Абрагамам, сказаўшы: “Нашчадкам тваім даю Я зямлю гэтую, ад ракі Егіпецкай да вялікай ракі, ракі Еўфрат”» (Быц 15:18). Выкананьне гэтага абяцаньня здавалася вельмі сумнёўным пасьля таго, як народ Ізраіля адмовіўся ўваходзіць у Ханаан пад кіраўніцтвам Майсея. Але праз сорак гадоў гэтае абяцаньне споўнілася ў дробязях так, што Ісус Навін мог сказаць: «Не засталося няспраўджанае ніводнае слова з усіх добрых слоў, якія Госпад казаў дому Ізраілеваму: усё збылося» (Іс Нав 21:45). Чалавечая непакорнасьць ніколі ня можа разбалансаваць Божыя абяцаньні ці наогул перашкодзіць іхнім выкананьням.

Божае абяцаньне зьдзейсьніць суд над народамі зямлі Ханаана за іх разбэшчанасьць таксама дадзена ад часоў Абрагама да часу ўвахода Ізраіля ў Ханаан: «Не за справядлівасьць тваю і не за праўду сэрца твайго ідзеш ты спадкаваць зямлю іхнюю, а за грэх народаў гэтых Госпад, Бог твой, праганяе іх ад аблічча твайго, і каб выканаць слова, якім прысягаўся Госпад бацькам тваім Абрагаму, Ісааку і Якаву» (Другазак 9:5).


• Сіла і веліч Госпада.

Пераход Ізраіля праз Ярдан: «Тады Госпад сказаў Ісусу: “У гэты дзень Я пачну праслаўляць цябе на вачах ва ўсяго Ізраіля, каб яны ўведалі, што як Я быў з Майсеем, так буду і з табою”» (Іс Нав 3:7). Бог цудоўным чынам падзяліў воды Ярдана, калі рака была поўнаводнай, каб сыны Ізраіля перайшлі Ярдан па сухому, як гэта зрабілі іхнія бацькі, перад якімі Бог падзяліў воды Чэрмнага мора.

Перамога над Ерыхонам: «Тады сказаў Госпад Ісусу: “Вось, Я аддаю ў рукі твае Ерыхон і валадара яго, і магутаў ягоных» (Іс Нав 6:1). Гэты горад здаваўся непрыступным, але ягоныя муры разбурыліся паводле Божага загаду: «Народ закрычаў, і затрубілі ў трубы. Як толькі пачуў горад голас трубы, усклікнуў народ гучным і моцным голасам, і абваліўся мур да самай зямлі, і народ пайшоў у горад, кожны са свайго боку, і ўзялі горад» (Іс Нав 6:19).

Бог спыняе сонца: «Ісус заклікаў Госпада ў той дзень, у які аддаў Госпад Амарэяў у рукі Ізраілю, калі пабіў іх у Гаваоне, і яны былі пабітыя перад абліччам сыноў Ізраілевых, і сказаў перад ізраільцянамі: “Стой, сонца, над Гаваонам, і месяц над далінаю Аялонскаю!” І спынілася сонца, і месяц стаяў, пакуль народ помсьціў ворагам сваім. Ці ж ня гэта напісана ў кнізе Справядлівага: “Стаяла сонца сярод неба і не сьпяшалася на захад амаль цэлы дзень? І не было такога дня ні раней, ні пасьля таго, у які Госпад слухаў бы голас чалавечы. Бо Госпад змагаўся за Ізраіля» (Іс Нав 10:12-14). Падаецца, што гэты цуд кажа пра запавальненьне кручэньня зямлі такім чынам, што дзень і ноч працягваліся сорак восем гадзінаў замест дваццаці чатырох нам зразумелых.


• Паслушэньне Слову Божаму.

Падзеі, якія паказвае нам кніга Ісуса Навіна, відавочна даюць нам уяўленьне пра ўсемагутнасьць Госпада. Больш таго, яны падкрэсьліваюць важнасьць паслушэнства Яму. У кожнай канкрэтнай сітуацыі сыны Ізраіля атрымлівалі пэўныя і канкрэтныя настаўленьні, якія яны павінны былі выконваць. Бог дабраслаўляў іх за праявы паслушэнства. Важнасьць паслушэнства Бог даводзіць да Ісуса, як абавязковае дзеяньне для дасягненьне посьпеху: «Толькі будзь цьвёрды і вельмі мужны, і старанна захоўвай ды выконвай увесь закон, які наказаў табе Майсей, раб Мой. Ня ўхіляйся ад яго ні направа, ні налева, каб чыніць разумна ва ўсіх пачынаньнях тваіх. Хай не адыходзіць гэтая кніга закона ад вуснаў тваіх, а павучайся ў ёй дзень і ноч, каб дакладна выконваць усё, што ў ёй напісана:” Тады ты будзеш мець посьпех на шляхах тваіх і будзеш дзеяць разумна”» (Іс Нав 1:7-8).

Таксама і Ісус заклікае народ Ізраіля выконваць пастановы Божыя, каб яны не адчулі на сабе гнеў Божы і ня страцілі тую зямлю, якую даў ім Бог: «Але як збылося над вамі ўсякае добрае слова, якое гаварыў вам Госпад Бог ваш, так Госпад Бог выканае над вамі ўсякае ліхое слова, пакуль ня вынішчыць вас з гэтай добрай зямлі, якую даў вам Госпад Бог ваш. Калі вы пераступеце запавет Госпада Бога вашага, які ён пастанавіў вам, і пойдзеце і будзеце служыць іншым багам і пакланяцца ім, дык загарыцца на вас гнеў Госпадаў, і хутка згінеце з гэтай добрай зямлі, якую даў вам Госпад» (Іс Нав 23:15-16).

Жудасныя вынікі непаслушэнства Божым пастановам мы бачым на прыкладзе злачынства Ахана пры заваёве Ерыхона: «Але сыны Ізраілевыя ўчынілі злачынства і ўзялі з заклятага. Ахан, сын Хармія сына Заўдыя, сына Зары, з племя Юдавага, узяў з заклятага, і гнеў Госпадаў запаліўся на сыноў Ізраіля» (Іс Нав 7:1). Ізраільцяне атрымалі паразу ад жыхароў Гая. Бог патлумачыў Ісусу прычыну гэтага здарэньня: «Ізраіль зграшыў, і пераступілі яны наказ Мой, які Я запавядаў ім, бо узялі з заклятага, і ўкралі, і ўтоілі і паклалі паміж сваімі рэчамі. За гэта сыны Ізраілевыя не маглі ўстояць перад ворагамі сваімі, бо яны падупалі праклёну. Ня буду болей з вамі, калі ня зьнішчыце з асяродзьдзя вашага заклятага» (Іс Нав 7:11-12). Ахан, уся ягоная сям’я і нават усё прыналежачае яму быдла былі забітыя суайчыньнікамі: «І сказаў Ісус: “За тое, што ты навёў на нас бяду, Госпад на цябе наводзіць бяду ў дзень гэты”. І пабілі яго ўсе ізраільцяне камянямі, і спалілі іх агнём, і накідалі на іх каменьня» (Іс Нав 7:25).


• Ласка Божая.

Кніга Ісуса Навіна яскрава сьведчыць нам пра Божую ласку, якую Ён у вялікай колькасьці дае народу Ізраіля. Дзякуючы ласцы Божай сыны Ізраіля захапілі Ханаан. Яны здолелі зрабіць гэта не таму, што былі вельмі магутнымі, але таму, што Сам Бог змагаўся за іх: «Госпад прагнаў ад вас народы вялікія і моцныя, і перад вамі ніхто ня ўстояў да сёньня. Адзін з вас праганяе тысячу, бо Госпад ваш, Сам змагаецца за вас, як казаў вам» (Іс Нав 23:9-10).

Гісторыя з ерыхонскай блудніцай Рааў падкрэсьлівае праяву ласкі Божай да тых, хто верыў Слову Божаму, нягледзячы на тое, што яны паходзілі з паганаў, якія насялялі зямлю Ханаана: «А Рааў блудніцу і дом бацькі яе і ўсіх, хто ў яе быў, Ісус пакінуў жывых, і яна жыве сярод Ізраіля да сёньня, бо яна схавала пасланцаў, якіх пасылаў Ісус на агледзены Ерыхона» (Іс Нав 6:24). Вера Рааў – гэта доказ таго, што Бог дзейнічае ў міласьці, якая перавышае закон. Вера Рааў - гэта сьведчаньне таго, што Бог застаецца са Сваім народам, няхай ня моцным і не шматлікім, але народам Божым. І таму простая бедная жанчына, з нядобрай рэпутацыяй, якая жыла сярод народа, асуджанага на пагібель, збавілася, а яе імя стала сьведчаньнем славы Божай.

Бог заўсёды верны сваім абяцаньням. Гэтую праўду настойліва даводзіў да народа Ісус Навін. Вернасьць Госпада, якая падаравала Ізраілю зямлю Ханаана, павінна была абадзёрыць ізраільцян і ўмацаваць іх у надзеі на тое, што Бог будзе верны і ў тым, што дасьць ім Мэсію, Які прыйдзе неўзабаве. Народ Ізраіля не разумеў гэтага, але гэта зразумелі больш позьнія прарокі, якія данесьлі і да нас гэтае разуменьне. Бог даў Ізраілю Ісуса Навіна, як правобраз Ісуса Хрыста, Які перавёў Свой народ праз «Ярдан духоўны», каб даць яму Валадарства Божае.

Грэцкае імя Ісус (гебрайскае Егошуа) азначае «Егова збаўляе».

Ісус Навін быў пераемнікам Майсея, які ня здолеў атрымаць перамогу над Ханаанам. Але Ісус Навін, з Божым кіраўніцтвам, атрымаў яе. Так і Ісус Хрыстос стаўся пераемнікам Майсеева закона і атрымаў перамогу, на якую закон ня быў здольны: «А перш, чым прыйшла вера, мы былі пад аховаю Закону, замкнёныя дзеля атрыманьня веры, якая мела адкрыцца. Так што Закон стаўся нашым выхавацелем да Хрыста, каб нам быць апраўданымі з веры. А калі прыйшла вера, мы ўжо не пад выхавацелем, бо ўсе вы - сыны Божыя праз веру ў Хрыста Ісуса» (Гал 3:23-26). Вось яна перамога, бо праз веру ў Ісуса Хрыста, мы набылі Валадарства Божае і сталі сынамі і дочкамі Валадара валадароў. Слава Госпаду.

Ісус Навін быў правадыром народа Ізраіля, так і Ісус Хрыстос зьяўляецца па сёньня і да сканчэньня часу Правадыром збаўленьня, Які «многіх сыноў вядзе да славы»: «Бо трэба было, каб Той, дзеля Якога ўсё і праз Якога ўсё, ведучы многіх сыноў у славу, Начальніка збаўленьня іхняга праз пакуты ўчыніў споўненым» (Геб 2:10). Ісус Хрыстос, як Правадыр Свайго народа, заўсёды вядзе Свой народ да перамогі: «Падзяка ж Богу, Які заўсёды дае нам трыюмфаваць у Хрысьце, і водар веданьня пра Сябе выяўляе праз нас у-ва ўсякім месцы» (2 Кар 2:14).

Ісус Навін перамог ворагаў Ізраіля і даў яму супакой у зямлі Ханаана. Таксама Ісус Хрыстос перамог д’ябла і ягонае варожае войска. Ісус Хрыстос даў Свайму народу духоўны супакой у гэтым сьвеце, як і вечны супакой у веке будучым: «Бо, хто ўвайшоў у супачынак Ягоны, той і сам супачыў ад справаў сваіх, як і Бог ад Сваіх» (Геб 4:10).

Будзем памятаць, што кожная кніга Старога Запавету кажа нам пра тое, як Бог ствараў пэўныя ўмовы для прышэсьця Ісуса Хрыста. Сын Божы павінен быў выйсьці з нейкага народа і Бог стварае гэты народ ад Абрагама, зьяўляючы Сваю цудоўную веліч. Праз Майсея і Ісуса Навіна Госпад Бог прывёў Свой народ у зямлю абяцаную, дзе і нарадзіўся Ісус Хрыстос, каб несьці Сваё служэньне, каб памерці за нас на крыжы і ўваскрэснуць з мёртвых: «І Майсей верны ў-ва ўсім доме Ягоным, як слуга, дзеля сьведчаньня пра тое, што мела быць сказаным; а Хрыстос - як Сын у доме Ягоным, дом Якога - мы, калі толькі адвагу і пахвалу надзеі цьвёрда да канца трымаць будзем» (Геб 3:5-6).


Рецензии