Книга Руфь
«Але Рут сказала: “Ня прымушай мяне пакідаць цябе і вяртацца ад цябе. Куды ты пойдзеш, туды і я пайду, і дзе ты жыць будзеш, там і я жыць буду. Народ твой будзе маім народам, і твой Бог – маім Богам» (Рут 1:16).
Кніга Рут, адна з дзьвух кніг Бібліі, якая названа імем жанчыны. Гэтая кніга распавядае пра той час, калі Ізраілем кіравалі судзьдзі: «У тыя дні, калі кіравалі судзьдзі, стаўся голад на зямлі. І пайшоў адзін чалавек з Віфляема Юдэйскага з сваёю жонкаю і двумя сынамі жыць на палях Маавіцкіх» (Рут 1:1).
«У тыя дні, калі кіравалі судзьдзі», так пачынаецца гэта маленькая, але вельмі каштоўная для ўсіх нас кніга. Становішча Ізраіля гэтых часоў было вельмі незайздроснае, бо сьлёзы і пакуты былі доляю як асобных людзей, так часамі і цэлага народа. Ізраіль адхіляўся ад Бога і ягонае духоўнае становішча ўсё болей і болей пагаршалася. Адыйшлі да вечнасьці Ісус Навін і Элеазар, сын Аарона. Усё далей адыходзіў народ ад Госпада, Які адкрываўся ім аддаючы іх у рукі іншых народаў і вызваляючы іх, пачуўшы іхнюю мальбу і зварот да Яго. І вось, у гэтыя сумныя для Ізраіля дні, здарылася гэта гісторыя, якая дайшла да нас, як асобная кніга Бібліі. Бог аддзяліў гэтую кнігу ад іншых падзеяў часу Судзьдзяў і выклаў яе нам асобна, як каштоўнейшы скарб, бо ў гэтай скарбонцы ляжыць вялікая праўда, якую павінны ведаць дзеці Божыя.
Элімэлэх, Наэмінь і два іхніх сына пакінулі Ізраіль. Яны прыйшлі да маавіцянаў, каб пазбавіцца голаду, які апанаваў зямлю Ізраіля. Неўзабаве Элімэлэх памёр, а два ягоных сына ўзялі сабе за жонак маавіцянак – Орфу і Рут. Але, праз некаторы час сыны Элімэлэха памерлі і іхнія жонкі засталіся жыць з Наэміняй. Гэты час вызначаецца, як працягласьць у дзесяць гадоў. Калі стала вядома, што спыніўся голад у Віфляеме, Наэмінь вырашае вярнуцца на радзіму. Яна прапануе нявесткам застацца на сваёй зямлі, але Рут не схацела гэтага: «Рут сказала: “Не прымушай мяне пакідаць цябе. Куды ты пойдзеш і я пайду, і дзе ты жыць будзеш, там і я жыць буду. Народ твой будзе маім народам, і твой Бог – маім Богам».
Чужынка Рут, якая шукала ратунак у веры пад крыламі Бога Ізраіля, была прынятая ў міласьці і ад яе пачынаецца род Давіда, валадара Ізраіля. Гэта частка радавода самога Ісуса Хрыста ў целе Сваім.
Віфляем стаўся шчаслівым для Рут, бо яна пазнаёмілася з Ваозам, які быў сваяком Наэміні. Ваоз, па законах Ізраіля, узяў за жонку Рут, якая ад гэтага нарадзіла Авіда – дзядулю валадара Давіда: «Авід спарадзіў Есэя, Есэй спарадзіў Давіда» (Рут 4:22).
Вось кароткі зьмест гэтай невялікай кнігі Бібліі, але які неверагодна вялікі сэнс адкрывае яна перад намі, каб мы маглі зразумець сваё жыцьцё ў паўнаце Ісуса Хрыста. Кніга Рут паказвае нам як наступствы адыходу дзяцей ад свайго Госпада, так і тыя дабраславеньні, якія чакаюць тых, хто прыходзіць да Ісуса Хрыста.
• Выхад Элімэлэха з Віфляема Юдэйскага.
Чалавек выбранага Богам народа, якога нараклі Элімэлэхам, быў чалавекам нябедным і з паважанага роду. Ён жыў у маленькім горадзе Віфляеме (Бэйт-Лэхэм – «дом хлеба»). Цікава і тое, што імя Элімэлэх азначае «Бог ёсьць Валадар». Але падаецца, што гэты штодзённы напамін не адклаў у сэрца Элімэлэха сапраўднай праўды, бо ён, як і многія іншыя, «Дазваляў» Богу быць Валадаром да таго часу, калі ўсё ў жыцьці складалася добра і па асабістаму жаданьню. Але аднойчы ён падняўся і не запытаўшы свайго Бога-Валадара, выйшаў з зямлі абяцанай, каб асесьці на палях Маавіцкіх. Разам з ім павінны былі ісьці жонка Наэмінь («радасная, прыемная») і два сыны: Махлон і Хілеон.
Што здарылася ў Віфляеме – «доме хлеба»? Як і па ўсім Ізраілі, Бог дазволіў быць голаду, каб той прымусіў народ вярнуцца і заклікаць да Яго. Але Элімэлэх па іншаму глядзіць на гэтую праблему. Ён зьбірае ўсё лепшае з сваёй маёмасьці і выходзіць у Мааў: «Я выйшла адсюль у дастатку» (Рут 1:21). Гэта словы Наэмінь, якая ў роспачы і беднасьці, праз дзесяць гадоў, вярнулася ў родную зямлю. Але зараз Элімэлэх ня думае пра магчымыя наступствы, але наадварот, ён спадзяецца на тое, што ранейшы здабытак дапаможа яму зьбегчы ад Божага пакараньня. Магчыма ён цешыў сябе надзеяй, што гэта недалёка і ён уцякае на кароткі тэрмін. Але Элімэлэх памыляўся ў сваіх разьліках і падманваў самога сябе, бо ня Бога ён шукаў там, а магчымасьць адыйсьці ад Яго.
Мы дакладна ня ведаем, што здарылася з сям’ёй Элімэлэха ў зямлі Маавіцкай, але ведаем толькі тое, што менавіта там, куды прыйшоў гэты чалавек, каб збавіць сваё жыцьцё і жыцьцё сваіх блізкіх, - менавіта там ён вельмі хутка памірае. Так паміраюць нават разумныя надзеі і жаданьні, калі яны не падмацаваныя Божай прысутнасьцю. Элімэлэх быў галоўным у сям’і. Ён арганізаваў уцёкі з Віфляема і таму быў адказным за гэтае мерапрыемства. Лагічна, што першы цяжкі ўдар прыйшоўся менавіта на яго.
Сур’ёзная гэта рэч, - быць бацькамі, бо менавіта ім трэба прымаць важныя рашэньні. Вялікая адказнасьць ляжыць на нас за кожны крок, у якім бы накірунку мы ня крочылі. Напэўна Элімэлэх думаў у Мааве: «Хутка вярнуся». Але ніколі дадому не вярнуўся.
Наэмінь і два сыны засталіся адны. Яны былі свабодныя ў сваім выбары і маглі вярнуцца дадому. Але яны вырашылі інакш і засталіся ў Мааве, каб зацьвердзіцца там. Махлон і Хілеон вырашылі ісьці шляхам бацькі, які супярэчыў волі Божай. Больш таго, яны ўзялі сабе за жонак маавіцянак, а гэта было супраць Божага закону. Падобна бацьку, яны ня далі Богу быць «Валадаром», але зрабілі так, як ім здавалася лепей і магчыма больш практычна. Браты памерлі вельмі хутка, не нарадзіўшы нават дзяцей.
На наш погляд, самая вялікая практычнасьць - гэта не накіроўваць нават і погляду ў бок «Маава». І калі нехта нават ужо і перасяліўся ў «Мааў», дык сёньня ж трэба неадкладнейшым чынам вярнуцца, бо заўтра можа быць ужо позна.
• Вяртаньне Наэмінь разам з Рут у Віфляем.
Чарга памерці ў Мааве падыйшла да Наэміні, калі б толькі яна вырашыла застацца ў чужой зямлі. Але яна зразумела гэта: «І ўстала яна з нявесткамі сваімі і пайшла назад з палёў Маавіцкіх» (Рут 1-6). Як калісьці Лот, які згубіў усю сваю маёмасьць пры выхадзе з Садому, таксама і Наэмінь пакідае Мааў згубіўшы ўсё. Яна згубіла мужа, згубіла сыноў, згубіла ўсю сваю маёмасьць. Усё паглынуў Мааў і калі што і засталося ў Наэміні, дык гэта параненае і разьбітае сэрца. Ды яшчэ дзьве нявесткі з паганаў, што ідуць з ёю. Сумная карціна, але няшчасная Наэмінь ўсё ж такі вяртаецца.
Яны пайшлі ў Мааў, каб пазьбегнуць голада, але яны пайшлі туды без Таго, Хто ёсьць «Хлеб жыцьця» і таму яны зьбяднелі, бо пражылі ўсю сваю маёмасьць і атрымалі вельмі сумныя вынікі. І вось, Наэмінь вяртаецца. Бог уціскае кожнага, хто сьвядома адступае ад Яго, такім чынам, каб вярнуць заблукаўшага, але ня згубленага чалавека. Так здарылася з Наэміняй.
«Бо пачула на палях Маавіцкіх, што Бог наведаў народ Свой і даў ім хлеб» (Рут 1:6). Добрую вестку зь Віфляема пачула Наэмінь, бо Сам Бог наведаў Свой народ і напоўніў «дом хлеба». Так Ісус Хрыстос кажа пра Сваё прышэсьце: «Я прыйшоў, каб вы мелі жыцьцё і мелі ўдосталь» (Ян 10:10). Давайце ж клапаціцца пра тое, каб Госпад адкрываўся сярод нас у сіле Сваёй і каб хлеб раздаваўся ўдосталь. І каб у Мааве чулі і казалі пра гэта, бо тады мы будзем упэўненыя ў тым, што тыя, хто пайшоў у Мааў за прывідам дабрабыту, вернецца да дому Айца і знойдзе тое, што яму патрэбна.
Уявім сабе Наэмінь, якая ідзе па дарозе ў Віфляем з дзьвумя нявесткамі. Ідуць моўчкі і кожная жанчына думае пра сваё. Раптам старая Наэмінь зьвяртаецца да нявестак: «Ідзіце, вярнецеся кожная ў дом маці сваёй; хай даруе Госпад вам літасьць, як вы зрабілі з памерлымі і са мною! Хай дасьць вам Госпад, каб вы знайшлі прытулак кожная ў доме свайго мужа! І пацалавала іх. Але яны паднялі енк і плакалі і сказалі: “Не, мы з табою вернемся да народу твайго”» (Рут 1:8-10). Чаму Наэмінь робіць гэта? Ці ж лепш заставацца адной? Падаецца, што не, але прычына гэта дыялога можа быць у тым, што нявесткі з паганаў могуць быць сьведчаньнем таго, што дом Элімэлэха цалкам адпаў ад Госпада. Наэмінь не хацела ганьбы на радзіме для свайго роду і таму яна хацела разьвітацца са свамі нявесткамі. З адной з іх, Орфай, Наэмінь здолела гэта зрабіць і тая павярнула назад, да сваіх бацькоў.
На жаль, наш час нічым не адрозьніваецца ад часоў судзьдзяў Ізраіля, бо той, хто адпадае ад Госпада ніколі ня хоча, каб хто-небудзь даведаўся пра тыя крывыя шляхі адпадзеньня і таму ўтрымлівае тых, хто імкнецца да Госпада.
Уход Орфы не падзейнічаў на Рут і яна цьвёрда вырашыла застацца і ўвайсьці ў прысутнасьць Бога Ізраіля: «Наэмінь, бачачы, што яна цьвёрда вырашыла ісьці з ёю, перастала ўгаворваць яе» (Рут 1:18). І вось, дзьве жанчыны ідуць у Віфляем.
«І ішлі абедзьве яны, пакуль не прыйшлі ў Віфляем. Калі яны прыйшлі ў Віфляем, увесь горад прыйшоў у рух ад іх, і казалі: “Гэта Наэмінь?” Яна сказала ім: “Не называйце мяне Наэмінь (прыемная), а называйце мяне Мараю (горкая), бо Ўсемагутны паслаў мяне вялікую гароту; я выйшла адсюль у дастатку, а вярнуў мяне Госпад з пустымі рукамі» (Рут 1:20-21). Гэта было пакаяньне перад Богам і народам Божым, бо Наэмінь правільна засвоіла дадзены ёй урок. Яна кажа, што Сам Бог прывёў яе дадому, бо ўход быў яе справаю, а вяртаньне – справай Божаю: «І вярнулася Наэмінь, і з ёю нявестка яе Рут Маавіцянка, якая прыйшла з палёў Маавіцкіх, і прыйшлі яны ў Віфляем на пачатку жніва ячменю» (Рут 1:22).
Трэба заўважыць, што яны вяртаюцца ў вельмі добры час і вестка, якая дасягнула Маава пра тое, што Бог даў хлеб народу Свайму, зьдзейсьнілася пачаткам шчодрага жніва.
• Рут дзейнічае.
Рут дасягнула таго, што жадала ўсім сэрцам сваім. Яна дасягнула выбранага народа Божага і Бога Ізраіля, Які ўжо зрабіўся і яе Богам. І менавіта таму яе далейшае жыцьцё ўжо разьвіваецца згодна плана, які склаў для яе Бог. Але мы можам назіраць і сьведчыць тое, як яна, бяз усякага зьнешняга і ўнутранага прымусу, дабраахвотна падпарадкоўваецца таму, што Бог вызначыў для яе. Шлях Рут ня быў лёгкі, але гэта быў цудоўны шлях да той мэты, якую вызначыў для яе Госпад.
«І сказала Рут Маавіцянка Наэміні: “Пайду я на поле і буду зьбіраць каласы па сьледзе таго, у каго знайду ўпадабаньне”. Яна сказала ёй: “Ідзі, дачка мая”» (Рут 2:2). Рут глядзела на сябе і на старую Наэмінь з думкай пра тое, што трэба сур’ёзна падумаць: “Адкуль узяць сродкі, каб жыць у Віфляеме, у «доме хлеба» і не цярпець голаду. І вось, бяз усякага марнаваньня часу, Рут вырашае ісьці і зьбіраць каласы. Вельмі добра, калі чалавек у цяжкім становішчы з радасьцю выконвае тую працу, якую ён можа выконваць у гэты момант. І можна ўпэўнена спадзявацца на тое, што Бог пракладзе яму шлях і надалей, як Ён зрабіў гэта для Рут.
«Яна пайшла і прыйшла, і зьбірала каласы за жнеямі. І супала так, што тая частка поля належала Ваозу, які з племя Элімэлэхава» (Рут 2:3). Бог цудоўным чынам прывёў Рут на поле Ваоза, дзе яна пачала зьбіраць каласы. Яна зьбірала каласы, каб утоліць голад свой і забясьпечыць ежай блізкага чалавека. Рут рабіла гэта вельмі старанна, бо ад гэтага залежала далейшае жыцьцё Наэмінь і яе самой. Прыгледземся да Рут і няхай кожны, хто прыйшоў да Ісуса Хрыста ўбачыць у ёй сябе, калі прыйшоўшы ў Божы «дом хлеба», мы падбіралі каласы духоўнай ежы. І мы таксама ішлі за жнеямі – тымі, хто ўжо ведаў, як працаваць на Божым жніве.
Рут адрымлівае дабраславеньне ад Ваоза. Ён ветліва зьвяртаецца да яе і больш таго, ён ведае пра яе ранейшае жыцьцё: «Мне сказалі ўсё, што зрабіла ты сьвякрові пасьля сьмерці мужа твайго, што ты пакінула твайго бацьку і тваю маці і тваю радзіму і прыйшла да народу, якога ты ня ведала ўчора і пазаўчора. Хай дасьць Госпад за гэты ўчынак твой, і хай будзе табе поўная ўзнагарода ад Госпада Бога Ізраілевага, да Якога ты прыйшла, каб супакоіцца пад Ягонымі крыламі!» (Рут 2:11-12).
Таксама і нашае «зьбіраньне каласоў» павінна даць нам сустрэчу з нашым «Нябесным Ваозам» – самую важную сустрэчу ў нашым жыцьці, якая пераверне нашае жыцьцё і дасьць нам вялікія дабраславеньні.
«Так падбірала яна на полі да вечара і змалаціла сабранае, і выйшла каля эфы ячменю. Узяўшы гэта, яна пайшла ў горад, і сьвякроў яе ўбачыла, што яна назьбірала. І дастала і дала ёй тое, што пакінула, наеўшыся сама» (Рут 2:17-18). Рут не панесла дамоў салому, але змалаціла каласы, каб узяць сабе толькі чыстае зерне. І гэта зноў прыклад да нас, бо калі мы зьбіраем «духоўныя каласы», дык павінны, як Рут, змалаціць іх, каб вынесьці з дома Божага і прынесьці да дому зерне чыстае, як гэта зрабіла Рут.
Яна радасна прыносіць да дому цэлую эфу змалочанага зерня, а гэта па нашых мерках – каля 36 літраў. Вельмі значны вынік аднадзённай працы. Рут у захапленьні распавядае Наэміні пра гаспадара поля, дзе яна працавала і пра тыя дабраславеньні, якія яна атрымала ад Ваоза.
А як вяртаемся мы з таго месца, дзе мы маглі зьбіраць скарбы Божыя і дзе абвяшчалася Ягонае слова? Выносім мы адтуль шмат раскіданага зерня жыцьця ці выходзім з пустымі рукамі? Ці бачаць блізкія тую Божую эфу духоўнага зерня, якую мы прынесьлі з «дому духоўнага хлеба»? Калі не, дык зьвярнем увагу на Рут Маавіцянку.
Рут атрымала першыя дабраславеньні ад Госпада ў скарэньні сэрца і ў сваім імкненьні пазнаць Яго. Але час зьбіраньня каласоў праходзіць, бо жніво ня можа цягнуцца шмат часу і таму трэба прымаць нейкія кардынальныя рашэньні, каб забясьпечыць сваю будучыню. Старая гебрайка Наэмінь ведала спосаб вырашэньня гэтай праблемы і таму яна з упэўненасьцю зьвяртаецца да Рут: «Дачка мая, ці не пашукаць табе прытулку, каб табе добра было?» (Рут 3:1).
У Законе Божым было прадугледжана выйсьце з таго становішча, у якім апынулася Рут. Бог прызначыў, што калі па нейкім важным прычынам ізраільцянін прадасьць сваю зямлю, якую Бог даў яму і ягоным нашчадкам, дык гэта не азначала, што яна згублена назаўсёды. Чалавек мог выкупіць сваю зямлю назад. Калі ж пры гэтым, ізраільцянін паміраў, пакінуўшы бязьдзетную ўдаву, дык бліжэйшы родзіч, які выкупаў гэтую зямлю, павінен быў узяць за жонку гэтую ўдаву. Рут была такой бязьдзетнай удавою, а Элімэлэх, верагодна, пазбавіўся сваёй зямлі пры выхадзе з Віфляема ў Мааў. Ваоз жа быў братам Элімэлэха. Трэба дадаць, што звычай патрабаваў, каб сама ўдава бліжэй падыйшла да родзіча і сказала яму пра гэта. Наэмінь распавяла ўсё гэта Рут і навучыла яе, як зрабіць так, каб сказаць Ваозу пра Божую пастанову адносна выкупа яе спадчыны.
«І пайшла на гумно і зрабіла ўсё так, як загадвала ёй сьвякроў яе» (Рут 3:6). Яна легла ціхенька каля ног Ваоза і калі ён прачнуўся сказала яму: «Я Рут, рабыня твая, ахіні крылом тваім рабыню тваю, бо ты родзіч» (Рут 3:9). Рут сама прыйшла пад дах Ваоза і гэта было сьвядомым дзеяньнем. Яна кажа: “Бо ты родзіч” і гэтым яна абвяшчае пра сваю запазычаную спадчыну, якую ён можа выкупіць, каб у поўным адзінстве з ею, валодаць гэтай спадчынай. Яна сапраўды прымушала Ваоза, па Божаму закону, прызнаць яе нявестаю і будучай жонкай. Сам Бог даў ёй гэты выбар, бо Ён быў цалкам на баку Рут.
Мы, сучасныя людзі, калі прыходзім у свой Віфляем, дык таксама намагаемся перамагчы духоўны голад і таму зьбіраем каласы за жнеямі, бо на большае мы ня здольны. Але ўтоліўшы першы голад, мы даведваемся, што існуе закон Божы, па якому наш Нябесны Ваоз, можа выкупіць нашую згубленую спадчыну і ўвайсьці з намі ў цесныя сямейныя адносіны. І мы, як Рут, павінны пакорліва легчы ля ног Ісуса Хрыста і сказаць: «Ахіні крылом Тваім рабыню Тваю (раба Твайго), бо Ты Родзіч». І аддаць Яму самога сябе цалкам і без астатку.
• Дабраславёная Рут.
Дабраславеньні, якія дае Госпад для Рут павялічваюцца і яна прыходзіць да Наэміні з шасьцю мерамі чысьцейшага зерня ячменю, якія даў ёй Ваоз. Далейшая гісторыя Рут - гэта дабраславёны працяг шэсьця адной душы, якая прабілася з цёмнай начы ў Божае сьвятло. Мы, увесь гэты час, ішлі за Рут па сьлядах яе і назіралі руку Божую, якая накіроўвала і дабраслаўляла яе. Крочачы за ёю, мы маглі знайсьці і падняць мноства каласоў, мы маглі шмат чаму навучыцца, назіраючы за гэтым сэрцам і Божым кіраўніцтвам на шляху ад цемры да сьвятла. Мы бачылі Рут, якая дзейнічала і дзейнічала рашуча. Яна з радасьцю прыйшла да сьвякрові, бо атрымала дабраславенье Госпада і найлепшыя абяцаньні Ваоза.
Але, паміж абяцаньнем Ваоза і выкананьнем гэтага абяцаньня быў пэўны час, які трэба было пачакаць: «Пачакай дачка мая, пакуль не даведаешся, чым усё закончыцца, бо чалавек той не застанецца спакойны, не закончыўшы дзею сёньня» (Рут 3:18).
Ваоз вырашаў гэта пытаньне адкрыта і галосна, бо пытаньне ставілася пра Божы парадак, а гэта тычылася ўсяго народа. У прысутнасьці сьведак, ён вырашыў пытаньне з больш блізкім родзічам, які адмовіўся ад выкупу: «І сказаў той родзіч: “Не магу я ўзяць яе сабе, каб не парушыць свайго надзелу. Прымі яе ты, бо я не магу прыняць» (Рут 4:6). Можна ўявіць, як біліся б сэрцы Наэміні і Рут, калі б яны бачылі гэтыя перамовы, якія вырашалі іх далейшае жыцьцё. Але яны ціха і спакойна чакалі. Яны павінны былі верыць - верыць ня бачачы.
Таксама і нам ня дадзена бачыць тую вялікую справу, якую наш Нябесны Ваоз робіць дзеля вяртаньня нашай згубленай спадчыны. Ён вяртае нам права на нябесную спадчыну і дае нам вестку пра Сябе: «А Гэты праз тое, што застаецца на вякі, мае сьвятарства, якое не адступаецца ад Яго, таму Ён можа цалкам збаўляць тых, якія прыходзяць праз Яго да Бога, заўсёды жывы, каб заступацца за іх» (Геб 7:24-25).
Ваоз выкупае гэтую спадчыну, але ва ўсім гэтым было і яшчэ нешта нявыказанае. Там была любоў, якой Ваоз дае праявіцца, калі перад сьведкамі абвяшчае, што бярэ Рут сабе за жонку, каб яна ўвайшла разам з ім у сваю спадчыну: «І сказаў увесь народ, які каля брамы, і старэйшыны: “Мы сьведкі. Хай створыць Госпад жонку, што ўваходзіць у дом твой, як Рахіль і як Лію, якія абедзьве заснавалі дом Ізраілеў. Набывай багацьце ў Эфраце, і хай славіцца імя тваё ў Віфляеме”»(Рут 4:11).
Ці ня так было з нашым збаўленьнем і выкупам нашай спадчыны пасьля таго, як мы сталі грэшнікамі? Тое, што Бог ня мог зрабіць па Сваёй Сьвятой праведнасьці, Ён зрабіў па вялікай Сваёй любові. Далёка ад Божага Валадарства блукалі мы ў выгнаньні, абцяжараныя грэхам, а праведнасьць Божая з вогненым мечам не дазваляла нам падыйсьці да дрэва жыцьця. Сітуацыя для нас безнадзейная. Але Божая любоў, яўленая Сынам Ягоным, пайшла за намі грэшнымі ў нашае выгнаньне і аб’ядналася з намі, каб прывесьці нас з Сабою да пасаду Божага. Праведнасьць Божая прысуджвае нам сьмерць, але Божая любоў памірае за нас і прымае на сябе пакараньне за грэх. Яна вяртае чалавеку згубленае жыцьцё і дае яму Сваё жыцьцё і агульную спадчыну.
«І ўзяў Ваоз Рут, і яна зрабілася яго жонкаю. І ўвайшоў ён да яе, і Госпад даў ёй цяжарнасьць, і яна нарадзіла сына. І казалі жанчыны Наэміні: “Дабраславёны Госпад, што Ён не пакінуў цябе сёньня без нашчадка! І хай славіцца імя яго ў Ізраілі”» (Рут 4:13-14). Рут атрымала спадчыну, пра якую раней не магла і падумаць. Яна атрымала ўсё тое, чым валодаў Элімэлэх. Больш таго, сам Ваоз прыналежыў ёй, як дарэчы і сама Рут прыналежала Ваозу. Вялікі прыклад да нас, бо як толькі мы аб’ядноўваемся з нашым Ваозам - Ісусам Хрыстом, дык адразу ж зьнікае ўся нашая беднасьць: «Дзіця! Ты заўсёды са мною, і ўсё маё - тваё» (Лук 15:31).
Рут, нарадзіўшы сына, становіцца маці сьвятога пакаленьня. Зьвярнем увагу на тое, якую лінію мужоў Божых склалі нашчадкі Рут і Ваоза. Валадар Давід - праўнук Рут. Але ёсьць яшчэ адзін радавод - радавод нашага Госпада Ісуса Хрыста, у якім прысутнічае гэтае слаўнае імя - Рут Маавіцянка.
Паглядзем яшчэ раз на гэтую невялікую кнігу Сьвятога Пісаньня, якая вучыць нас ніколі не спыняцца і тым больш не адступацца ад веры ў нашым жыцьці. Ня будзем крочыць за Элімэлэхам на палі Маавіцкія, ня будзем нерашучымі як Орфа, якая вярнулася ў Мааў. Але будзем як Рут - ісьці наперад і дасягаць свайго Віфляема.
Кніга Рут вучыць нас не стаяць на месцы, нават калі мы працавітыя і верныя ў зьбіраньні каласоў. Мы павінны аддаць сябе Госпаду і імкнуцца наперад, каб крок за крокам уваходзіць з Ім у нашую спадчыну тут, пакуль ня прыйдзем: «Дзеля спадчыны незьнішчальнае беззаганае, якая не завяне і якая захаваная дзеля нас у небе, і сілаю Божаю праз веру ахоўвае дзеля збаўленьня, якое гатова адкрыцца ў апошні час» (1 Пят 1:4-5).
Свидетельство о публикации №226040901694