Книга Судей
«Калі Госпад ставіў ім судзьдзяў, дык Сам Госпад
быў за судзьдзю і ратаваў іх ад ворагаў іхніх ва ўсе дні судзьдзі, бо шкадаваў іх Госпад, чуючы стогны
іхнія ад прыгнятальнікаў і ўціскальнікаў іхніх»
(Суд 2:18).
Кніга Судзьдзяў працягвае апавяданьне пра гісторыю Божага народа ад моманту сьмерці Ісуса Навіна і да вызначэньня Самуіла як прарока Госпадавага. Ізраіль перамог Ханаан і сфармаваў тэакратычную дзяржаву. Але сыны Ізраіля супакоіліся і ў разморанасьці сваёй пачалі завязваць з хананеямі сяброўскія адносіны, а часам і пакланяцца іхнім багам.
Як ня трэба супакойвацца і спыняцца ў выкананьні Божага загаду. Ізраіль спыніўся і вось вынік - прыходзіць вораг і прыгнятае іх, бо гэта пакараньне Божае. Але Бог міласьцівы і калі Ізраіль каяўся, Бог вылучаў судзьдзяў - збаўцаў, на якіх Госпад пасылаў Свайго Духа і якія збаўлялі народ і зямлю ад прыгнёту. Але, як толькі той ці іншы судзьдзя паміраў, народ зноў адступаўся ад Бога. Такім чынам, кніга Судзьдзяў паказвае нам шэраг падзеньняў і, як сьледства, прыгнечаны стан народа, які перамяняецца збаўленьнем пад час кіраваньня таго ці іншага судзьдзі. Такое трагічнае становішча народа Ізраіля прыводзіць да таго, што ад часу Самуіла Бог распачынае час прарокаў і прароцтва.
Кніга Судзьдзяў названая ў гонар тых людзей, якіх Бог паклікаў кіраваць народам Ізраіля і збаўляць яго ад ворагаў. Яна напісана Самуілам пасьля таго, як ізраільцяне выбралі сабе валадара, бо сказана пра час судзьдзяў: «У тыя дні не было валадара ў Ізраіля: кожны рабіў тое, што яму здавалася правільным» (Суд 21:25).
Галоўная тэма кнігі – гэта параза Божага народа, які ня здолеў застацца верным Госпаду, як і тыя цяжкія наступствы, што напаткалі народ за атступствы ад Госпада. Кніга Судзьдзяў вельмі адрозьніваецца ад пазітыўнаў кнігі Ісуса Навіна, у якой народ Ізраіля дэманстраваў паслушэнства свайму Богу і таму быў здольны перамагаць сваіх ворагаў. Кніга Судзьдзяў кажа пра тое, як непакорны народ Ізраіля пайшоў па памылковаму шляху, адвярнуўшыся ад Госпада і таму цярпеў паразу за паразай.
Галоўная думка кнігі - гэта нашая схільнасьць аддаляцца ад Бога; гэта вынікі такога духоўнага ўхіленьня і тая Божая ласка пры вяртаньні адступніка.
Кніга Судзьдзяў, у большай сваёй частцы, дае нам уяўленьне пэўнай цыклічнасьці тых здарэньняў, якія перажывалі ізраільцяне:
Бунт супраць Госпада - пакараньне - пакаяньне - супакой.
Пад час супакою, народ Ізраіля жыў мірна і ў шанаваньні Госпада. Але потым станавіўся бясьпечным і лёгкадумным, бо зноў пачынаў бунтаваць супраць Бога. Вынік бунту - пакараньне, бо Бог праводзіў над імі суд, абуджаючы ворагаў прыцясьняць Ізраіля. Потым ізраільцяне заклікалі да Госпада ў пакаяньні перад Ім і Ён пасылаў ім судзьдзю, які збаўляў іх ад ворагаў і ўсталёўваў мір. А потым, праз некаторы пэўны час, усё паўтаралася ў той жа пасьлядоўнасьці.
Бунт Ізраіля супраць Бога быў прычынаю таго, што Ён караў яго. Народ Ізраіля атрымаў ад Бога вельмі ясныя і падрабязныя загады, якія вызначалі спосаб жыцьця людзей. Але мы бачым тыя часы, калі Божыя запаведзі час ад часу ігнараваліся і «кожны рабіў тое, што яму здавалася правільным».
Кніга Судзьдзяў паказвае нам такія цыклічныя дзеяньні, дзе вызначаны прыгнятацелі і судзьдзі - збаўцы:
Гатанііл ратаваў свой народ ад васьмігадовага прыгнёту Хусарсатэма, валадара Месапатамскага. «І спакойна было ў зямлі сорак гадоў» (Суд 3:11).
Аод і Самэгар вызвалялі і аберагалі народ Ізраіля пасьля васемнаццацігадовага ўціску Маавіцкага валадара Эглона. «І было спакойна ў зямлі восемдзесят гадоў» (Суд 3:30).
Дэвора збавіла Ізраіля ад рукі Явіна, валадара Ханаанскага, які прыгнятаў ізраільцян дваццаць гадоў, калі быў забіты Сісара, ваеначальнік Явінаў, а потым і сам Явін, валадар Ханаанскі. «І сьцішылася зямля на сорак гадоў» (Суд 5:31).
Гедэон узначаліў перамогу Госпада над Мадыяніцянамі, якія жорстка валадарылі ў Ізраілі сем гадоў. Тола і Яір захоўвалі свой народ ад рукі Мадыяніцянаў. Восемдесят восем гадоў доўжыўся мір на зямлі Ізраіля, за выключэньнем трохгадовага зладзейства Авімэлэха, які распаліў полымя грамадзянскай вайны сярод народа Ізраіля.
Ефтай, чалавек адважны і сын распусьніцы, пабіў Аманіцянаў «боем вельмі вялікім», якія ўціскалі і мучылі сыноў Ізраіля васемнаццаць гадоў. Пасьля Ефтая судзілі і захоўвалі народ свой ад Аманіцянаў Эсэвон, Элон і Аўдон. Трыццаць адзін год было спакойна на зямлі Ізраіля.
Самсон сваёй вялікай сілаю, якая была ад Госпада, збавіў народ ад рукі Філістымскай, якая прыгнятала ізраільцянаў сорак гадоў. Самсон быў судзьдзя Ізраіля дваццаць гадоў.
Кніга Судзьдзяў паказвае нам, як глыбока грэх укараніўся ў сэрцы чалавека і як моцна людзям патрабуецца Збаўца. Кніга таксама кажа і пра тое, што чалавечая грахоўнасьць, якая б яна не была, ня можа разбалансаваць Божы замысел. У часы судзьдзяў Ізраіль, час ад часу, забываў пра свой запавет з Госпадам. Бог жорстка караў народ Ізраіля, але не пакінуў і захоўваў яго. Ён працягваў весьці ў ізраільцянах Сваю працу, каб дасягнуць Сваёй мэты: паслаць людзям Мэсію, Які прынясе ім самае вялікае збаўленьне - забаўленьне ад грэху. Па сутнасьці, усе судзьдзі, якія збаўлялі Ізраіля, былі правобразамі Ісуса Хрыста, вялікага Збавіцеля Свайго народа.
Гісторыя Ізраіля ведае сямнаццаць судзьдзяў, сярод якіх былі воіны (Гатанаіл і Гедэон), сьвятар (Ільля) і прарок (Самуіл). Адсюль мы бачым вобраз трайковага служэньня Ісуса Хрыста, Які быў нашмат вышэй за Сваіх правобразаў, бо быў дасканалым Прарокам, Сьвятаром і Валадаром.
Гэтая кніга, якая апавядае нам пра трагічна паўтараемы адыход Ізраіля ад Бога, зьяўляецца адкрыцьцём сталай схільнасьці чалавечага сэрца да гэтага. Наогул, схільнасьць да блуканьня і схільнасьць адыхода ад Бога - гэта тая балючая тэма споведзі вельмі многіх людзей, якая сьведчыць пра ўпартасьць чалавечага сэрца. Кніга судзьдзяў паказвае жахлівую магчымасьць духоўнага ўхіленьня пасьля вялікага духоўнага дабраславеньня.
Але, дзякуй Богу, што гэта ня толькі кніга адпадзеньня, але таксама і збаўленьня. Кніга паказвае нам сем адступніцтваў і сем прыгнятаньняў, але мы бачым таксама сем заклікаў да Бога і сем збаўленьняў. Бог адкрываецца нам, калі клапоціцца і аднаўляе Свой адступніцкі народ. Слава Госпаду!
Свидетельство о публикации №226040900482