Вторая Книга Царств
«І хай узьвялічыцца імя Тваё навекі, каб казалі: “Госпад Саваоф – Бог над Ізраілем. І дом раба твайго Давіда хай будзе цьвёрды перад абліччам Тваім”» (2 Вал 7-26).
Другая кніга Валадарстваў уяўляе нам зацьвярджэньне Давіда на пасадзе валадарства Ізраіля. Гэтая кніга распавядае нам гісторыю Давіда як валадара. Яна пачынаецца ад узыхода яго на пасад і дае нам зьвесткі пра тыя здарэньні, якія мелі месца на працягу сарака гадоў валадараньня Давіда. Не было ў Ізраілі больш вялікага валадара. Пісаньне шмат разоў кажа пра ягоную веліч і значнасьць. Вера прывяла Давіда на Ізраільскі пасад. Наогул вера, з яе перашкодамі, ёсьць той шлях, па якім мы крочым разам з Богам і дасягаем вышыні, якая забясьпечвае нам прысутнасьць Госпада. Давід завяршае шлях, насычаны перашкодамі і цяжкасьцямі, але наперадзе шлях славы як выпрабаваньне веры.
• Перамогі Давіда.
У бітве з філістымлянамі гіне Саўл і тры сыны, сярод якіх быў і Ёнатан. Здаецца, што няма больш перашкодаў для Давіда, каб стаць валадаром Ізраіля. Але гэта далёка ня так, бо Давіда падтрымала толькі калена Юдава: «І прыйшлі мужы Юдавы і памазалі там Давіда на валадарства над домам Юдавым» (2 Вал 2:4). Іншыя калены Ізраіля выбралі сабе валадаром Евастэя, сына валадара Саўла: «Сорак гадоў было Евастэю, калі ён уваладарыў над Ізраілем» (2 Вал 2:10). Але Давід, па-ранейшаму скораны перад Госпадам. Ён дзейнічае і таму пытае ў Госпада, адкуль пачынаць сваю валадарскую справу: «Пасьля гэтага Давід спытаўся ў Госпада, кажучы: “Ці ісьці мне ў які-небудзь горад Юдаў?” І сказаў яму Госпад: “Ідзі”. І сказаў Давід: “Куды ісьці?”. І сказаў Ён: “У Хэўрон”» (2 Вал 2:1).
На жаль, вайна ў Ізраілі ня скончылася. Яна працягваецца ўжо ня супраць зьнешніх ворагаў, але разьдзірае Ізраіль грамадзянскім супрацьстаяньнем. Вера сутыкнулась з целам, бо тое, што зьвязана з гордасьцю Саўла, ня можа падтрымаць Давіда. Евастэй ня быў памазаны Госпадам і таму ягонае валадараньне было бунтам супраць Бога. Перамога Давіда - гэта справа часу, бо вера перамагае цела. Праз сем гадоў Евастэй быў забіты правадырамі свайго войска і Давід атрымаў уладу над усім Ізраілем.
Калі Давід узяў уладу над Ізраілем, і пачаўся залаты век, якому спадарожнічаў посьпех і квітненьне нацыі.
Валадар Давід заваёўвае Ерусалім: «І пайшоў валадар і людзі ягоныя на Ерусалім супраць Евусэяў, жыхароў той краіны; але яны казалі Давіду: “Ты ня ўзыйдзеш сюды, цябе адгоняць сьляпыя і кульгавыя”, - гэта азначала: ня ўвойдзе сюды Давід. Але Давід узяў крэпасьць Сыён: гэта - горад Давідаў» (2 Вал 5:6). Давід займае горад, які быў выбраны Богам для Свайго зямнога пасаду. І тут, трэба сказаць пра тых, хто валодаў гэтым горадам, як «ненавідзячым душу Давіда», бо менавіта яны валодалі тым месцам, дзе павінен быць Бог. Жыхары Ерусаліма верылі ў сваю асабістую сілу і таму насьмяхаліся над выбраным Богам валадаром: «Цябе адгоняць сьляпыя і кульгавыя». Як жа гэта падобна і на сёняшніх няверуючых людзей, якія вельмі ўпэўненыя ў «свае асабістыя сілы» і якія, як Евусэі Ерусаліма, сьмяюцца з выбраных Богам веруючых людзей, абараняючы сваю прыналежнасьць да грэху.
Давід зацьвярджае сябе на Сыёне. І менавіта тут, ён усьведамляе тое, што Бог і толькі Бог зрабіў яго валадаром. Але чалавечае сэрца заўсёды праяўляе сябе і ўмацованы Госпадам на пасадзе Давід пачынае рабіць тое што хоча, бо пачынае крочыць за сваімі асабістымі пажаданьнямі.
Сіла валадара Давіда расьце і ён разьмяшчае пасад Ізраіля ў горадзе Давіда. Але ён ведае і тое, што гэта горад Бога, а каўчэг запавета па ранейшаму знаходзіцца ў доме Амінадава, дзе асабістая набожнасьць захоўвала яго. Давід павінен прынесьці яго туды, дзе знаходзіцца пасад ягоны, бо гэтае месца выбраў Бог. Так вырашыў Давід. І тут мы зноў зьвяртаемся да сэрца Давіда, якое пачынае крочыць за асабістымі пажаданьнямі. З аднаго, чалавечага, боку Давід робіць як быццам бы правільна, але з боку погляда на гэтую справу Госпада - гэта дзеяньне самавольнае, бо Давід не запытаўся ў Госпада і не атрымаў на гэта дабраславеньня. Пасьля сьмерці Озы, які схапіўся за каўчэг Божы, Давід спалохаўся і сказаў: «Як увайсьці да мяне каўчэгу Госпадаваму?» (2 Вал 6:9).
Ён пачынае разумець памылку свайго сэрца і пакідае каўчэг у доме Авэдара Гэцяніна да таго часу, пакуль Бог не дабраславіў гэтае мерапрыемства: «Калі данесьлі валадару Давіду, кажучы: “Госпад дабраславіў дом Авэдара і ўсё, што было ў яго, дзеля каўчэга Божага”, дык пайшоў Давід і ўрачыста перанёс каўчэг Божы з дома Авэдара ў горад Давідаў» (2 Вал 6:12).
Сэрца і пачуцьці Давіда адроджаны. Ён пераносіць каўчэг і ўсталёўвае яго ў скініі, зладжанай Давідам для гэтага. Мы бачым Давіда апранутым у адзеньне сьвятара, які ўзначальвае свой народ і які аднаўляе зносіны паміж ім і Госпадам. Усё гэта робіцца з радасьцю, мірнымі ахвярамі і песьнямі хвалы Госпаду. Давід кажа пра гэтае аднаўленьне Мэлхоле, жонцы сваёй: «Перад Госпадам, Які абраў мяне перад бацькам тваім і ўсім домам ягоным, паставіўшы мяне правадыром народу Госпадавага Ізраіля, перад Госпадам іграць і скакаць буду. І я болей прыніжуся, і зраблюся яшчэ нікчэмнейшым у вачах маіх, і перад служанкамі, пра якіх ты кажаш, я буду слаўны» (2 Вал 6:21-23). Давід дабраслаўляе народ, даючы нам той слаўны вобраз Ісуса Хрыста і таго, што Ён зробіць для Ізраіля ў будучым.
Давід дабраслаўляе народ нягледзячы на тыя цяжкасьці і нявырашаныя пытаньні, якія маюць месца ў тагачасным становішчы Ізраіля. Становішча Давіда - гэта становішча слугі Бога, якому дадзена ласка Божая. Давід ня быў сьвятаром на пасадзе. Ён валадар, які стаўся сьвятаром, выконваючы сваё служэньне Госпаду.
«Калі валадар жыў у доме сваім, і Госпад асланіў яго ад усіх навакольных ворагаў ягоных, тады сказаў валадар прароку Натану: “Вось, я жыву ў доме кедровым, а каўчэг Божы пад намётам» (2 Вал 7:1-2). Давід усталяваў свой пасад у Ерусаліме, пабудаваў сабе дом з кедру і перанёс каўчэг Божы ў горад Давідаў. І вось, Давід вырашае пабудаваць дом Божы. Але Бог, праз Натана, абвяшчае Давіду нешта іншае, калі кажа: «Калі ж закончацца дні твае, і ты спачнеш з бацькамі тваімі, дык Я пастаўлю пасьля цябе семя тваё, якое пойдзе са сьцёгнаў тваіх, і умацую валадарства ягонае. Ён збудуе дом імю Майму, і Я ўмацую пасад валадарства яго навек» (2 Вал 7:12-13).
Бог бачыць усё і ўсіх. Ён бачыць сэрца Давіда, якое схільнае да грэшнай славы і таму Ён адмаўляе яму ў будаўніцтве Божага храма. Па сутнасьці, Бог абараняе Давіда ад той непажаданай славы, якая толькі пашкодзіць яму. Давід скараецца перад Госпадам і адмаўляецца ад задуманага: «Дык вось, Госпадзе мой, Госпадзе! Ты Бог, і словы Твае неадпрэчныя, і Ты абвясціў рабу Твайму такое дабро» (2 Вал 7:28).
Пазбавіўшыся ад бунтаў сярод народа, Давід пачынае дзейнічаць, праяўляючы сваю моц ва ўпакорваньні філістымлянаў, якія знаходзіліся на зямлі Ізраіля. Ён скарыў маавіцянаў, якія пачалі плаціць яму даніну. Давід заваяваў і зьнешніх ворагаў – сірыйцаў, якія таксама зрабіліся рабамі валадара Ізраіля.
Наогул, мы бачым агульны прынцып кіраваньня Давіда, як выбранага Богам валадара. Выступы і бунты супраць валадара Ізраіля толькі ўмацоўваюць ягоную ўладу, бо безсэнсоўна ўпарціцца ўладзе, якую выбірае Бог. Мы бачым Давіда, як чалавека веры і як вобраз Ісуса Хрыста, Які перамог ворагаў Свайго народа і даў яму ў валоданьне абяцанае - Сваё Валадарства. Давід валадарыць над усім Ізраілем, творачы праўду і суд над народам, які падзяляе славу валадарства, якое, дарэчы, сымбалізуе Валадарства Ісуса Хрыста.
• Грахі Давіда.
Давід, служачы Госпаду, перастае дзейнічаць вераю, бо калі было трэба выходзіць і ваяваць, ён застаецца дома, пасылаючы іншых весьці войны Божыя. І вось, расслабіўшыся ад бязьдзейнасьці, Давід вельмі хутка ўпадае ў грэх: «Аднаго разу падвечар Давід, устаўшы з пасьцелі, прагульваўся на даху валадарскага дома і ўбачыў з даху жанчыну, якая купалася; а тая жанчына была вельмі прыгожая. І паслаў Давід разьведаць, хто гэтая жанчына? І сказалі яму: гэта Вірсавія, дачка Эліяма, жонка Урыі Хэтэяніна. Давід паслаў слуг узяць яе; і яна прыйшла да яго, і ён спаў з ёю» (2Вал 11:2-4).
Як гэта недастойна валадара ад Бога. Ён атрымлівае задавальненьне ад грэху і таму працягвае грашыць, бо скарыстаўшыся ўладаю, пасылае Урыю на верную сьмерць, прыдаючы пры гэтым выгляд законнасьці. Разьлік Давіда ўдаецца і Урыя гіне, а Давід выконвае свой ганебны план: «Калі скончыўся час плачу, Давід паслаў і ўзяў яе ў дом свой, і яна зрабілася жонкаю ягонаю і нарадзіла яму сына. І быў гэты ўчынак, які ўчыніў Давід, благім у вачах Госпада» (2 Вал 11:27).
Гэта гісторыя дае нам разуменьне таго, як грэх можа асьляпіць сэрца, нават і тады, калі духоўныя разважаньні застаюцца здаровымі. Гісторыя падзеньня Давіда паказвае нам сілу і справядлівасьць Госпада. Ён пакараў Давіда сьмерцю першага сына Вірсавіі, але другога Бог выбірае і менавіта гэтае дзіцяці ўзыйдзе на пасад пасьля Давіда: «І суцешыў Давід Вірсавію, жонку сваю, і увайшоў да яе і спаў з ёю. І яна нарадзіла сына і дала яму імя Саламон. І Госпад палюбіў яго» (2 Вал 12:24).
Грэх Давіда надзвычайна вялікі, але мы бачым у гэтай гісторыі дзеяньне Духа Божага. Давід атрымлівае прабачэньне, бо прызнае свой грэх. Бог шкадуе валадара Давіда, але аб’яўляе яму: «Дык вось, не адступіцца меч ад дома твайго навекі, за тое, што ты занядбаў Мяне і ўзяў жонку Урыі Хэтэяніна, каб яна была табе жонкаю» (2 Вал 12:10).
Безумоўна тое, што душа Давіда была прывязаная да Госпада, але тым ня меньш, аднойчы згубіўшы пакорнасьць, ён азмрочвае свае далейшыя дні тым, што знаходзячыся ў дабраславеньні Бога, учыняе дзеяньні не па веры, але па целу. Як сьледства, у доме Давіда зьяўляецца грэх у выглядзе дзеяньняў сыноў Авэсалома і Амнона адносна сваёй сястры Тамар пры непасрэдным удзеле хітруна і інтрыгана Ёнадава. Сапраўды, не адступае меч ад дома Давіда, але як справядлівы Госпад, бо каго Ён любіць, таго і карае. Давіду выпадае магчымасьць глыбока выпрабаваць сваю душу і бліжэй пазнаць Бога, бо сэрца Давіда заўсёды было шчырым і заўсёды накіраваным да Госпада так, што ўсе ягоныя пакуты прыносілі свой плод, хаця і былі выкліканы ягонымі ж грахамі.
Калі камень з прашчы веры здольны забіць ворага, дык гэта азначае, што цела слабое перад вераю. А калі вера слабне, дык цела мацнее. Гэта вялікі прыклад для ўсіх тых, хто вераю дасягнуў значных посьпехаў як у служэньні Госпаду, так і ў грамадзкім жыцьці. Паглядзем на вышыні Давіда, якія даў яму Бог і ўсьвядомім тое, што ўсе нашыя посьпехі прыналежаць Госпаду і толькі Яму. Вера перамагае цела і таму мы павінны сілаю веры абмяжоўваць цела, не дазваляючы целу прымаць самастойныя рашэньні, бо рашэньні цела - гэта ня Божыя рашэньні.
«Гнеў Госпадаў зноў загарэўся на ізраільцянаў, і абудзіў ён у іх Давіда сказаць: “Ідзі, палічы Ізраіля і Юду”. І сказаў валадар Ёаву ваеначальніку, які быў пры ім: “Прайдзі па ўсіх плямёнах Ізраілевых і Юдавых ад Дана да Вірсавіі, і палічэце народ, каб мне ведаць лік народу”» (2 Вал 24:1-2). Калі Бог славіў Давіда, дык Ён пералічыў тых воінаў, якія былі адданыя Богу і Давіду. Трыццаць сем імёнаў назваў Бог і ў тым ліку Урыю Хатэяніна. Сярод гэтых імёнаў Ёава, пляменьніка Давіда, не было. Але нават Ёаў, звычайны чалавек, папярэджвае Давіда: «Госпад Бог твой хай памножыць столькі народу, і яшчэ столькі разоў столькі, а вочы гаспадара майго валадара хай убачаць; але навошта гаспадар мой валадар жадае гэтай дзеі?» (2 Вал 24:3).
Дзевяць месяцаў грахоўнага дзеяньня Давіда і доўгацярпеньня з боку Госпада, паказвае нам узьдзеяньне ворага на сэрца чалавека. Але грэх Давіда абуджае ягонае сэрца: «І здрыганулася сэрца Давідава пасьля таго, як ён палічыў народ. І сказаў Давід Госпаду: “Цяжка зграшыў я, зрабіўшы так. І сёньня малю Цябе, Госпадзе, даруй грэх рабу Твайму, бо надта неразумна зрабіў я”» (2 Вал 24:10). Давід стаіць прад Госпадам у пакаяньні і гэта азначае, што там, дзе ёсьць жыцьцё, сумленьне павінна перамагаць і набіраць сваю сілу.
Грэх павінен быць пакараным і таму Бог, праз прарока Гада, абвяшчае Давіду пра тры кары на выбар: «Выбірай сабе, ці быць голаду ў краіне тваёй сем гадоў, альбо каб тры месяцы бегаў ад непрыяцеляў тваіх, і яны перасьледавалі цябе, альбо каб тры дні была згубная пошасьць у краіне тваёй?» (2 Вал 24:13).
Адказ Давіда кажа сам за сябе: «Цяжка мне вельмі, але няхай упаду я ў рукі Госпаду, бо вялікая міласэрнасьць ягоная. Толькі б у рукі людскія ня ўпасьці мне» (2 Вал 24:14). Бог пасылае на Ізраіля згубную пошасьць, але караючы Ён любіць нас. І таму Ён збаўляе ад гэтага Ерусалім: «І працягнуў анёл Божы руку сваю на Ерусалім, каб спустошыць яго; але Госпад пашкадаваў пра бедства і сказаў анёлу, які пабіваў народ: “Досыць, цяпер адпусьці руку тваю”» (2 Вал 24:16).
Хаця Бог прабачае Давіду ўсе ягоныя грахі, Ён не збаўляе яго ад іх наступстваў. Закон Бога – гэта адзіная праўда, якая дае жыцьцё, а ня прахласьць: «Не падманвайцеся, з Бога не пасьмяешся. Бо што чалавек сее, тое і будзе жаць. Хто сее ў цела сваё, з цела будзе жаць сапсутасьць; а хто сее ў Дух, з Духа будзе жаць жыцьцё вечнае» (Гал 6:7-8).
Бог прабачыў Давіда і Ён працягвае выкарыстоўваць яго як Сваю зброю. Бог дазволіў застацца яму на сваім месцы і, як выбраны Богам чалавек, Давід зьвяртаецца да нас словам Госпада: «Дабрашчасны, каму дараваны злачынствы, і чые грахі адшкадаваныя, дабрашчасны той, каму Госпад грахоў не залічыць, і ў чыім духу хітрыны няма! Калі я маўчаў, састарэлі косткі мае ад штодзённага стогну майго, бо дзень і ноч нада мною рука Твая цяжкая; зьнікла сьвежасьць мая, як у летнюю сушу. Але я адкрыў Табе грэх мой і ня ўтоіў беззаконьня майго. Я сказаў: “Вызнаю Госпаду злачынствы мае” і Ты зьняў з мяне віну грэху майго. За тое памоліцца Табе кожны праведнік у час адпаведны, і тады разьліва вялікай вады не дастане яго. Ты - маё покрыва. Ты асланяеш мяне ад скрухі, атачаеш мяне радасьцямі збавеньня» (Пс 31:1-7).
Бог абвесьціў Давіду, што ягоны пасад будзе стаяць вечна: «І будзе непахісны дом твой і валадарства тваё навекі перад абліччам Маім, і пасад твой будзе стаяць вечна» (2 Вал 7:16). Словы «навекі і вечна» накіроўваюць наш розум на тое, што гэтае Божае абяцаньне тычылася не зямнога валадара, але адзінага і вечнага Валадара - Ісуса Хрыста. Сутнасьць гэтага абяцаньня ў тым, што вечны Валадар Ісус Хрыстос будзе нашчадкам Давіда: «Павал, слуга Ісуса Хрыста, пакліканы апостал, аддзелены дзеля Эвангельля Божага, якое Бог раней абяцаў праз прарокаў Сваіх, у сьвятых Пісаньнях, пра Сына Ягонага, Які паводле цела стаўся з насеньня Давідавага» (Рым 1:1-3).
Ісус Хрыстос, вялікі сын Давіда, валадарыць ў сэрцах людзей Сваіх, і Ягонае Валадарства будзе ў рэшце рэшт прызнанае паўсюдна: «Дзеля гэтага і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усякае імя, каб у імя Ісуса схілілася ўсякае калена нябесных, зямных і падземных і каб усякі язык вызнаваў, што Госпад Ісус Хрыстос у славу Бога Айца» (Філ 2:9-11).
Свидетельство о публикации №226041002179