Первая Книга Царств

ПЕРШАЯ КНІГА ВАЛАДАРСТВАЎ


«Але народ не згадзіўся паслухацца голасу Самуіла
і сказаў: “Не, хай валадар будзе над намі, і мы будзем
як іншыя народы: будзе судзіць нас валадар наш,
і хадзіць перад намі, і весьці войны нашыя”.
І выслухаў Самуіл усе словы народу і пераказаў іх
у вушы Госпаду. І сказаў Госпад Самуілу:
“Паслухай голасу іхняга і пастаў ім валадара”»
(1 Вал 8:19-22).

Першая кніга валадарстваў - гэта пачатак асобнай групы кніг Старога Запавету, куды ўваходзяць чатыры кнігі валадарстваў і дзьве кнігі летапісаў. Для даведкі, гэтыя шэсьць кніг у старажытных гебрайскіх манускрыптах аб’яднаныя ў тры сьвіткі: першая і другая валадарстваў, трэцяя і чацьвёртая валадарстваў, першая і другая летапісаў. Усе гэтыя кнігі, у сукупнасьці, распавядаюць пра ўзьлёты і падзеньні манархіі ў Ізраілі. З шасьці гістарычных кніг Бібліі, гэтая найбольш вядомая, якая паказвае нам гісторыю Ізраіля ад часоў Іліі і да прышэсьця Давіда на валадарскі трон у Ізраілі. Гэтая кніга ахоплівае 115 гадоў жыцьця Ізраіля. Яна пачынаецца з нараджэньня апошняга судзьдзі Ізраіля Самуіла і зявяршаецца сьмерцю першага валадара Саўла.

Першая кніга валадарстваў адкрывае нам тую вялікую перамену, да якой падрыхтоўвае нас кніга Рут, у апошніх вершах якой мы бачым валадарскі радавод: «Фарэс спрадзіў Эсрома; Эсром спарадзіў Арама; Арам спарадзіў Амінадава; Амінадаў спарадзіў Салмона; Салмон спарадзіў Ваоза; Ваоз спарадзіў Авіда; Авід спарадзіў Есэя; Есэй спарадзіў Давіда» (Рут 4:21-22). Кніга паступова адкрывае нам тое, што Бог запланаваў для Свайго народа. Тое, што Бог дазволіў паставіць над Ізраілем валадара мела вельмі вялікае значэньне. Гэта быў новы ўзровень адносінаў, бо Бог ня меў больш непасрэднай сувязі з народам. Над Ізраілем усталёўвалася ўлада, ад якой Бог чакаў вернасьці, бо лёс народа залежыў ад паводзінаў таго, хто быў адказны перад Ім за захаваньне вернасьці.

Бог меў намер усталяваць гэты прынцып у славу Ісуса Хрыста, бо мы ведаем пра Ягоную валадарскую ўладу над гебраямі і над іншымі народамі, над усім сьветам. Гэтая валадарская ўлада была вызначана наперад у Давідзе і Саламоне. Наогул, патрабаваньне гебраямі валадара, абвяргаючы непасрэднае кіраваньне Самім Богам, было шалёнствам і бунтам з боку народа. Але, мы ведаем і тое, што нашыя грахі станавіліся падставаю для праявы ласкі і мудрасьці Божай у выкананьні Ягонага плану, да пэўнага часу схаванага ад сьвету. Менавіта нашыя грахі прывялі да выкананьня Божага замысла ў Ісусе Хрысьце.

Першыя адносіны Ізраіля з Богам скончыліся вельмі сумна. Народ усё больш і больш адыходзіць ад Бога, каўчэг захоплены філістымлянамі, сьвятар Ілія памірае. Праз прарока Самуіла Бог дае першага валадара, які ня меў вернасьці да Бога і таму быў адхілены Госпадам ад валадарства. Бог выкарыстоўвае Саўла, як пакараньне народа за бунт і адыход ад Яго. Бог выбірае іншага выаладара, якога Ён дабраслаўляе і ставіць яго сілаю Сваёй магутнасьці. Вось асноўныя прынцыпы, якія выкладзены ў першай кнізе Валадарстваў.

Першая кніга Валадарстваў распавядае пра трох мужоў, якія і зьяўляюцца галоўнымі героямі гэтай Божай аповесьці.


• Самуіл, апошні судзьдзя Ізраіля.

Першая кніга Валадарстваў пачынаецца з апавяданьня цудоўнага нараджэньня Самуіла. Ганна, жонка Элкана, якой Госпад замкнуў улоньне яе, горача маліла Бога ў скрусе сваёй і горка плакала: «І дала абяцаньне, кажучы: “Госпадзе Саваоф! Калі Ты ўважыш скрусе рабы Тваёй і спамянеш пра мяне, і не забудзеш рабы Тваёй і дасі рабе Тваёй дзіця мужчынскага полу, дык я аддам яго Госпаду на ўсе дні жыцьця яго, і брытва не кране галавы ягонай”» (1 Вал 1:11). Бог пачуў мальбу і абяцаньне Ганны, бо праз некаторы час яна зачала і нарадзіла сына. Яна дала яму імя Самуіл, што азначае «у Госпада я выпрасіла яго».

Калі Самуіл быў адняты ад грудзей, Ганна выканала сваё абяцаньне і адвяла яго да сьвятара Іліі ў скінію Госпада, якая знаходзілася ў Сіломе. Ганна аддала Самуіла Госпаду - служыць Яму.

І пакланілася там Госпаду: «Зарадавалася сэрца маё ў Госпадзе, узьнёсься рог мой у Богу маім. Шырока адкрыліся вусны мае на ворагаў маіх, бо я радуюся за ратаваньне Тваё. Няма такога сьвятога, як Госпад, бо няма іншага, апрача Цябе і няма цьвярдыні, як Бог наш. Ня множце прамоваў пыхлівых, дзёрскія словы няхай не выходзяць з вуснаў вашых; бо Госпад ёсьць Бог веданьня і дзеі ў Яго ўзважаныя. Лук моцных ламаецца, а немачныя апярэзваюцца сілаю. Сытыя хлебам працуюць, а галодныя адпачываюць, нават няплодная родзіць сем разоў, а шматдзетная зьнемагае. Госпад сьмерціць і ажыўляе, зводзіць у апраметную і выводзіць; Госпад робіць жабраком і ўзбагачае, прыніжае і ўзвышае. З пылу падымае Ён беднага, з гразі ўзвышае ўбогага, садзіць з вяльможамі, і пасад славы дае ім у спадчыну; бо ў Госпада асновы зямлі, і Ён сьцьвердзіў на ім сусьвет. Сьляды сьвятых Сваіх Ён захоўвае, а беззаконныя ў цемры зьнікаюць, бо ня сілаю моцны чалавек. Госпад сатрэ тых, што спрачаюцца з Ім. З нябёсаў загрыміць на іх. Госпад будзе судзіць канцы зямлі і дасьць моц валадару Свайму і падыме рог памазанца Свайго» (1 Вал 2:1-10).

Ганна ў цудоўным сваім сьпеве распавядае гісторыю ўмяшальніцтва Бога дзеля ўпаўшага Ізраіля, праз праяву Ягонай улады, якая дае моц Ягонаму Валадару, - Ісусу Хрысту. Гэта ня што іншае, як прароцтва пра шляхі Божыя і вялікія прынцыпы Ягонага кіраваньня, пачынаючы ад абвяшчэньня і да сьцьвярджэньня валадарскай улады Ісуса Хрыста.

Бог паклікаў Самуіла быць Ягоным верным служыцелем. Самуіл паслухаўся Госпада, каб прарочыць супраць грэшнікаў і настаўляць Ізраіля хадзіць шляхамі Госпада: «І даведаўся ўвесь Ізраіль ад Дана да Вірсавіі, што Самуілу выпаў гонар быць прарокам Госпада» (1 Вал 3:20).

Самуіл пачынае ўзьдзейнічаць, праз сваё сьведчаньне, на сьвядомасьць народа і ачышчаць яго ад таго бруду, якім яны няславілі Госпада. Ён кажа народу, што калі яны хочуць павярнуць сваё сэрца да Госпада, дык яны павінны адмовіцца ад ідалаў і служыць адзіна Богу: «І выдалілі сыны Ізраілевыя Ваалаў і Астартаў і пачалі служыць аднаму Госпаду» (1 Вал 7:4). Самуіл прарок зьяўляецца зараз кропкай сутыкненьня паміж народам Ізраіля і Богам, бо калі набліжаўся вораг, дык Госпад пачуў ягоныя маленьні і даў перамогу Ізраілю над філістымлянамі.

Вера - гэта тое пачуцьце, якое не перадаецца як спадчына і Самуіла напаткала тая ж бяда, што і Ілія. Сыны Самуіла былі не намнога лепшыя, чым сыны Ілія як сьвятары і таму народ, які сам ня меў пэўнай веры, заклікае Самуіла даць ім валадара, каб быць ім, як іншыя народы. «Дай нам валадара», - кажа народ Самуілу. А дзе Госпад? Сумны адказ: «Для Ізраіля, нідзе». Самуіл, які адчувае беззаконнасьць патрабаваньня, зьвяртаецца да Госпада, Які, тым ня меньш, загадвае Самуілу прыслухацца да голасу народа. Самуіл даводзіць да народа пра ўсе тыя цяжкасьці, якія напаткаюць яго ў выніку такога рашэньня. Але народ ня хоча слухаць Самуіла і патрабуе валадара.

Бог дае таго, каго павінен памазаць на валадарства Самуіл, каб выканаць чалавечыя пажаданьні народа: «І ўзяў Самуіл посуд з алеем і выліў на галаву ягоную, і пацалаваў яго і сказаў: вось, Госпад памазвае цябе ў кіраўніка спадчыны Сваёй» (1 Вал 10:1).

Ва ўсім гэтым мы бачым ня што іншае як тое, што Бог судзіць народ і ягонага першага валадара. Прыгажосьць і зьнешняя мужнасьць вызначалі сына Кіса, што вельмі падыходзіла да чалавечага розуму. Бог бачыў, што няма ў гэтым сэрцы веры, а людзі бачылі толькі зьнешні бок асобы Саўла. Яны бачылі ягоныя добрыя адносіны да бацькі і слугаў сваіх, што выглядала вельмі дабрачынным і мацавала спадзяваньне на тое, што выбар народа - правільны выбар. Бог дапамагае народу, калі надзяляе Саўла сілаю Духа: «І сыйдзе на цябе Дух Госпадаў, і ты будзеш прарочыць з імі, і зробішся іншым чалавекам» (1 Вал 10:6). Безумоўна, Бог дапамагае і дае значную перавагу чалавечаму валадару, які ўступае ў новую фазу гісторыі свайго народа.

Самуіл зьбірае народ у Масіфе, дзе абвяшчае, што нягледзячы на адступства ад Бога, Ён дае ім валадара: «Ці бачыце, каго выбраў Госпад? Падобнага да яго няма ва ўсім народзе. Тады ўвесь народ усклікнуў і сказаў: “Хай жыве валадар!”» (1 Вал 10:24). Бог дзейнічае ў адпаведнасьці з жаданьнем народа, выконваючы дадзеную праз Майсея запаведзь: «Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую Госпад, Бог твой дае табе, і авалодаеш ёю, і аселішся на ёй, і скажаш: “Пастаўлю я над сабою валадара, як і ў іншых народаў, якія вакол мяне”, дык пастаў над сабою валадара, якога выбера Госпад, Бог твой; спасярод братоў сваіх пастаў над сабою валадара. Ня можаш паставіць над сабою іншаземца, які ня брат табе» (Другазак 17:14-15). Бог ня быў супраць валадара, але Ён хацеў, каб верны народ меў вернага валадара. Але народ адыйшоў ад Госпада і таму пытаньня веры пры выбраньні валадара нават і не ўзьнікала. Бог паказвае Ізраілю, што будзе, калі валадар выбіраецца целам, а не па веры.

І вось, Саўл зацьверджаны вададаром і ягоная ўлада атрымала Божае дабраславеньне, а Самуіл адыходзіць і выконвае свае прароцкія абавязкі. Ён паказвае народу шляхі Божыя і абвяшчае яму, што калі народ і валадар ня будуць слухацца Госпада, дык Ён будзе супраць іх. Але, нягледзячы на грахі народа, Бог не пакіне яго. І Самуіл не прыпыніцца маліцца за яго, настаўляючы яго на добры шлях, бо сам ёсьць часткаю гэтага народа і таму, нягледзячы на адступніцтва з боку народа, ён не адмовіцца ад заступніцітва і сьведчаньня на добрае для гэтага народа.


• Саўл, першы валадар Ізраіля.

«А нягодныя людзі казалі: “Ці ж яму ратаваць нас?” І пагардзілі ім і не паднесьлі яму дарункаў. Але ён як бы не заўважаў таго» (1 Вал 10:27). Саўл «як бы не заўважаў» тых, хто выказваўся супраць яго. «Як бы». Да выпрабаваньня ягонай веры, ягоны чалавечы характар заваёўвае прыхільнасьць людзей. Аманіцяне пабітыя і пабітыя настолькі: «Што не засталося з іх двух разам»(1 Вал 11:11). У гэтай пераможнай сітуацыі, прыхільнікі валадара дзейнічаюць па чалавечы: «Тады сказаў народ Самуілу: “Хто казаў: ці ж Саўлу валадарыць над намі? Дайце гэтых людзей, і мы аддамо іх сьмерці”. Але Саўл сказаў: “У гэты дзень нікога ня трэба аддаваць сьмерці, бо сёньня Госпад учыніў выратаваньне ў Ізраілі» (1 Вал 11:12-13).

У гэтай сітуацыі Саўл дзейнічае асьцярожна і праяўляе вялікадушнасьць. Пакуль. Ён не дазваляе, каб зьдзесьнілася жаданьне помсты, бо прызнае дабраславеньне Госпада, дадзенае народу. Сапраўды, Бог быў там, даючы целу ўсе сродкі і неабходную падтрымку, каб гэтае цела ішло за Ім і здолела ўбачыць Аўтара гэтай перамогі.

Саўл пасьпяхова кіруе два гады, намагаючыся аб’яднаць народ вакол сябе, бо прызнае сувязь выбранага народа з Богам ня больш, чым які-небудзь Філістымлянін. Менавіта гэта пазіцыя прасочваецца ў гісторыі Саўла. І гэта не наўмыснае процідзеяньне Богу, але дзеяньне цела, якое выкарыстоўваецца для выкананьня Божай справы. Мы бачым чалавека, зьвязанага з інтарэсамі народа Божага, які шукае сабе падтрымку ў энэргіі чалавека. І Бог дае гэтую энэргію, калі бачыць, што чалавек падпарадкоўваецца воле Ягонай, бо Ён любіць Свой народ.

Ёнатан, сын Саўла, які безумоўна меў веру, разьбіў ахоўны атрад Філістымскі. Саўл, які кіруе народам, бярэцца Госпадам на выпрабаваньне. Ён здае іспыт Богу на вернасьць. Ці зможа? Ці прыпамятае тую скалу праўды, на якой трымаецца дабраславеньне народа?

Філістымляне разьбітыя і ведаючы гэта, аб’ядноўваюць свае лепшыя войскі на вайну супраць Ізраіля. Саўл і блізка ня мае столькі войска і зброі, каб перамагчы ў гэтай бітве. Але ён не заклікае да Госпада. Ён спадзяецца на народ і заклікае яго ў Галгал. Але: «Ізраільцяне, бачачы, што яны ў небясьпецы, бо народ быў уціснуты, хаваліся ў пячорах і ў цясьнінах і ў скалах, і ў вежах і ў равах, а некаторыя з гебраяў пераправіліся за Ярдан у краіну Гадаву і Галаадскую. А Саўл быў яшчэ ў Галгале і ўвесь люд, які быў з ім, быў у страху» (1 Вал 13:6-7).

І гэта зусім ня дзіўна, бо калі мы вернемся да кнігі Ісуса Навіна, дык убачым усю «гераічную» сутнасьць Ізраіля, калі ён змагаўся бяз Бога: «Дык вось, пайшло туды з народу каля трох тысяч чалавек, але яны кінуліся наўцёкі ад жыхароў Гайскіх. Жыхары Гайскія забілі з іх каля трыццаці шасьці чалавек і гналі іх ад брамы да Сэварым і разьбілі іх на спуску з гары; і праз гэта сэрца народу растала і зрабілася, як вада» (Іс Нав 7:4-5). Па-першае, яны кінуліся наўцёкі, а па-другое, пры ўсім тым, яны згубілі 36 чалавек, што складае 1,2% ад колькасьці гэтага войска. І тым ня меньш «сэрца народу растала і зрабілася, як вада». Усе перамогі Ізраілю прыносіў Бог.

Прынёс бы і тут, але для гэтага трэба было чакаць сем дзён, бо так загадаў Госпад праз Самуіла. Саўл чакае даволі доўга, але ён нярвуецца і не адчувае, што ўсё залежыць толькі ад Бога і што безсэнсоўна што-небудзь рабіць без Яго. Калі няма веры, дык і дзеяньні чалавека няверныя. Саўл, бачачы, што народ разьбягаецца, вырашае сам зрабіць ахвяру цэласпаленьня і праявай набожнасьці бяз веры, прымусіць Бога дапамагчы яму. Не, ня вытрымаў Саўл іспыту Божага: «І сказаў Самуіл Саўлу: “Кепска зрабіў ты, што ня выканаў загаду Госпада Бога твайго, што даўно быў табе, бо сёньня ўмацаваў бы Госпад валадараньне тваё над Ізраілем назаўсёды; але цяпер ня выстаяць валадарству твайму. Госпад знойдзе Сабе чалавека па сэрцы Сваім і загадае яму Госпад быць правадыром народу Свайго, бо ты ня выканаў таго, што было загадана табе Госпадам» (1 Вал 13:13-14).

Бог цярплівы да грэшнікаў і заўсёды дае шанец выправіцца. Саўл не выключэньне і таму Бог дае яму яшчэ адзін, на гэты раз канчатковы іспыт: «І сказаў Самуіл Саўлу: Госпад паслаў мяне памазаць цябе валадаром над народам Ягоным; цяпер паслухайся голасу Госпада. Так кажа Госпад Саваоф: “Успоўніў я пра тое, што зрабіў Амалік Ізраілю, як ён супрацьстаяў яму на шляху, калі ён ішоў з Егіпта. Цяпер ідзі і пабі Амаліка і вынішчы ўсё, што ў яго і не давай літасьці яму, а аддай сьмерці ад мужа да жонкі, ад падлетка да немаўляці, ад вала да авечкі, ад вярблюда да асла» (1 Вал 15:1-3).

Бог давярае Саўлу выканаць тое, што запаветаваў народу праз Майсея: «Памятай, як зрабіў з табою Амалік у дарозе, калі вы ішлі з Егіпта, як ён сустрэў цябе па дарозе і пабіў за табою ўсіх аслабелых, калі ты зьнямогся і стаміўся, і не пабаяўся ён Бога. Дык вось, калі Госпад, Бог твой, супакоіць цябе ад усіх ворагаў тваіх з усіх бакоў, на зямлі, якую Госпад, Бог твой, дае табе ў дзялянку, каб авалодаць ёю, сатры з памяці Амаліка з-пад неба; не забудзься» (2 Зак 25:17-19).

Перамога Ізраіля над Амалікам была поўнай, але запаведзь Бога была парушана, бо было загадана зьнішчыць усё: «Сатры з памяці, не забудзься». Саўл апраўдваецца за гэта: «А людзі са здабычы, з авечак і валоў, узялі самае лепшае з праклятага» (1 Вал 15:21). Больш таго, быў пакінуты жывым валадар Амалікіцкі. У чым справа? А ў тым, што Саўл баяўся народа, а трэба было баяцца Бога. І слухацца Яго. Якім жа рабом зьяўляецца чалавек няверуючы? Калі ён ня раб ворагаў, дык ён раб народа, якім, як яму здаецца, ён кіруе.

Няма ў Саўла скарэньня і скрышаньня сэрца. Ён прызнае свой грэх, каб пазьбегнуць пакараньня, але кропка невяртаньня ўжо пройдзена і Самуіл кажа яму: «Сёньня адабраў Госпад валадарства Ізраільскае ў цябе і аддаў яго блізкаму твайму, лепшаму за цябе» (1 Вал 15:28).


• Валадар Давід на службе ў валадара Саўла.

«І сказаў Госпад Самуілу: “Дакуль ты будзеш смуткаваць па Саўле, якога Я адхіліў, каб ён ня быў валадаром над Ізраілем? Напоўні рог твой алеем і ідзі; Я пашлю цябе да Ясэя Віфляемляніна, бо сярод сыноў ягоных Я нагледзеў Сабе валадара» (1 Вал 16:1).

Самуіл пасланы, каб памазаць выбраньніка Божага, аднаго з сыноў Ясэя. Калі ён убачыў Эліява, дык з упэўненасьцю падумаў, што менавіта гэты сын Ясэя будзе памазаны. Але Госпад сказаў Самуілу: «Не зважай на выгляд ягоны і на вышыню росту яго. Я адхіліў яго. Я гляджу ня так, як глядзіць чалавек, бо чалавек глядзіць на аблічча, а Госпад на сэрца» (1 Вал 16:7).

У рэшце рэшт, Самуіл памазвае Давіда: «І паслаў Ясэй, і прывялі яго. І быў ён бялявы, з прыгожымі вачыма і прыемным тварам. І сказаў Госпад: “Устань, памаж яго, бо гэта ён. І ўзяў Самуіл рог з алеем і памазаў яго сярод братоў ягоных, і пакоіўся Дух Госпадаў на Давідзе з таго дня і пасьля» (1 Вал 16:12-13).

Бог не адразу ставіць Давіда на вяршыню ўлады, як Ён гэта зрабіў з Саўлам. Для гэтага быў неабходны пэўны шлях, насычаны цяжкасьцямі і выпрабаваньнямі, які Давід павінен быў прайсьці з вераю і адданасьцю свайму Госпаду. Неабходна было, каб ён адчуў сваю поўную залежнасьць ад Бога і каб ягоная вера ўмацавалася праз гэтыя выпрабаваньні, якія даюць адчуваньне, што Бог - гэта ўсё.

«І пакоіўся Дух Госпадаў на Давідзе з таго дня і пасьля». Дух Сьвяты напаўняе Давіда, але пакідае Саўла, якога пачынае непакоіць дух зла. Па воле Божай, Саўл кліча да сябе Давіда: «І прышоў Давід да Саўла і служыў перад ім, і вельмі спадабаўся яму і зрабіўся ягоным зброяносцам» (1 Вал 16:21). У вачах Бога Давід - памазаны і таму сапраўдны валадар, але ён павінен адчуць і пакуты ды выпрабаваньні да таго моманту, калі пасад валадара Ізраіля будзе цалкам прыналежыць Давіду.

Філістымляне сабралі войска і сталі супраць войска Ізраіля. З табару філістымлянаў выступіў аднаборац па імяні Галіяф. Вялікі і дужы чалавек, які трымаў у руцэ сваёй дзіду вагою ў шэсьцьсот сікляў жалеза. Галіяф быў апрануты ў браню агульнай вагою – пяць тысяч сікляў медзі: «І сказаў філістымлянін: “Сёньня я пасаромлю палкі ізраільскія. Дайце мне чалавека, і мы падужаемся ўдвух”» (1 Вал 17:10). Сорак дзён выстаўляе сябе Галіяф, але ніхто ня выходзіць з ім біцца з боку Ізраіля. І вось, да войска прыходзіць Давід, якога бацька паслаў да старэйшых братоў. Там ён бачыць гэтага магутнага філістымляніна, які кідае выклік да войска Ізраіля. Вера Давіда ня бачыць тут цяжкасьцяў, бо ён, на сваім баку адчувае прысутнасьць і моц Бога, але бачыць у Галіяфе – бясьсільнага ворага Божага.

Саўл сумняваецца ў посьпеху Давіда, бо верыць толькі магчымасьцям цела: «І сказаў Саўл Давіду: “Ня можаш ты ісьці супраць гэтага філістымляніна, каб дужацца з ім, бо ты яшчэ хлопец, а ён воін з маладосьці сваёй”» (1 Вал 17:33). Але Давід ня мае сумненьняў і страху, бо ведае, што ён пастаўлены тут Госпадам і таму ён кажа Галіяфу: «Сёньня аддасьць цябе Госпад у руку маю, і я заб’ю цябе, і здыму з цябе галаву тваю, і аддам трупы войска Філістымскага птушкам нябесным і зьвярам польным, і ўведае ўся зямля, што ёсьць Бог у Ізраілі» (1 Вал 17:46). Камень, які ўпіўся ў лоб Галіяфа, пазбавіў яго і сілы і жыцьця. Давід адсякае галаву Галіяфа ягоным жа мечам, як Той, Хто праз сьмерць зрабіў бясьсільным таго, хто меў уладу сьмерці.

Ізраільцяне скарысталі перамогу Давіда над Галіяфам і пагнаўшы філістымлян, разьбілі іх. І вось, цела Саўла выступае супраць веры Давіда: «Калі яны ішлі, пры вяртаньні Давіда з перамогі над філістымлянінам, дык жанчыны з усіх гарадоў Ізраільскіх выходзілі насустрач Саўлу валадару са сьпевамі і танцамі, з урачыстымі тымпанамі і з кімваламі. І крычалі жанчыны, якія ігралі кажучы: Саўл перамог тысячы, а Давід дзесяткі тысяч! І Саўл моцна засмуціўся, і непрыемна яму было, і ён сказаў: “Давіду далі дзесяткі тысяч, а мне тысячы. Яму не хапае толькі валадарства”. І з таго дня і потым падазрона глядзеў Саўл на Давіда» (1 Вал 18:6-9). Бог дае зазьзяць славе Давіда ярчэй за вяльможную славу Саула. Перамога Давіда ставіцца вышэй за заслугі Саўла і гэта выклікае зайздрасьць і варожасьць валадара.

Адчай, выкліканы эгаізмам і самалюбствам, дае магчымасьць злому духу ўзьдзейнічаць на душу Саўла, які ледзь не забівае Давіда. Давід вымушаны зьбегчы і схавацца ў Самуіла. Саўл намагаецца схапіць Давіда, але ня ўсё так проста, бо з Давідам - мудрасьць прарока і адказ Госпада праз эфод сьвятара. Вельмі няпроста прыходзіцца Давіду і яму вельмі патрабуецца Божая абарона. Але мы бачым, што гэтая гісторыя паказвае нам спосаб, пры дапамозе якога Бог выконвае Свой замысел, нягледзячы на розныя намеры людзей. Праз цярпеньне і веру Бог хоча паставіць Давіда на тое месца, якое Ён яму падгатаваў.

Цела заўсёды варожа ставіцца да веры. Але, ці ёсьць шанец у цела перамагчы веру, калі вера ад Бога, а цела ад чалавека? І ці быў шанец у Саўла, каб зьнішчыць Давіда, якога выбраў і ахоўваў Сам Бог?

Саўл, як і ўвесь Ізраіль, знаходзіўся ў вельмі сумным становішчы, ня маючы падтрымкі ад Бога. Саўл пакінуты Богам. Самуіл памёр і гэта азначала, што ізраільцяне не зьвязаны з Ім праз прарока, якога яны, дарэчы, зьневажалі.

Трагічная сьмерць Саўла і Ёнафана, завяршае гэтую гісторыю поўнай паразай ізраільцян. Гісторыя Саўла і ягонай сям’і скончылася. Вельмі сумны канец, які заўсёды напаткае цела у змаганьні з Богам.

Гісторыя Давіда - гэта гісторыя захаваньня веры. Шчырасьць веры падтрымлівае яго ў становішчы абавязка і ён задаволены гэтым, бо адчувае дабраславеньне Госпада. Ён разьлічвае на дапамогу Бога так, як быццам бы яна ўжо яму забясьпечана і ён дзейнічае згодна сілы Госпада. Леў і мядзьведзь загінулі ад ягонай юнацкай, амаль што дзіцячай рукі. Ці не таму, што Бог быў з ім? І таму ня дзіўна, што магутны аднаборац Галіяф гіне, як той леў ці той мядзьведзь. Давід захоўвае веру і калі служыць Саўлу, і калі бяжыць і хаваецца ад яго. У гэты цяжкі для Давіда час, ён разумее з вераю ў сэрцы, што ён зьяўляецца носьбітам духоўнай сілы ад Бога. Менавіта ў гэты час ён разумее праз веру, што Госпад быў з Ізраілем. Ён зразумеў прыроду і сілу гэтай сувязі. Але зараз ён бачыць і тое, што Ізраіль рушыць гэтую сувязь і таму ягоная вера спыняе свой выбар на вернасьці Бога.

Бог там, дзе вера, бо вера любіць усё тое, што любіць Бог. Вера дзейнічае ад імя Бога, яўляючы Яго сярод любых абставінаў, замест таго, каб абставіны кіравалі вераю. Перавага веры над усім тым, што яе атачае відавочна і якая ж гэта радасьць – сьведчыць пра гэта сьвету і перамагаць яго.

Давід – гэта самы вялікі правобраз Ісуса Хрыста ва ўсім Старым Запавеце. Але, што аб’ядноўвае іх? Якія агульныя рысы мы можам убачыць пры прачытаньні гэтай кнігі?

Яны былі пастырамі з Віфлеема. Давід з дзяцінства пасьвіў авечак, а будучы валадаром, пасьвіў народ Ізраіля. Ісус Хрыстос ёсьць пастыр добры, Які ахвяраваў Сваё жыцьцё за сваіх авечак: «Я - Пастыр добры. Добры пастыр аддае душу сваю за авечак» (Ян 10:11).

Давід быў памазаны Госпадам на валадарства, каб кіраваць Ізраілем. Ісус Хрыстос памазаны Айцом, каб кіраваць Сваёй Царквою.

Як Давід перамог Галіяфа, выкарыстоўваючы простую і незвычайную для вайны зброю - прашчу, збавіў свой народ ад філістымлянаў, так і Ісус Хрыстос перамог д’ябла, выкарыстоўваючы даволі дзіўную зброю - рымскі крыж, і такім чынам збавіў Свой народ ад грэху.

Давід быў ненавісны Саўлу і гнаны ім. У такім жа становішчы быў і Ісус Хрыстос пад час Свайго зямнога служэньня.

Як злыя дзеяньні Саўла не змаглі перашкодзіць Давіду ўзыйсьці на пасад, дадзены яму Госпадам, так хітрыкі д’ябла і дзеі бязбожнікаў ня могуць перашкодзіць Богу зрабіць так, што перад Ісусам Хрыстом схіліцца кожнае калена і кожнае сэрца прызнае Яго Госпадам.

У наступнай кнізе мы ўбачым зусім іншае становішча Давіда, які будзе валадаром і паступова набудзе поўную ды безумоўную ўладу над усім Ізраілем. Гэта адбудзецца згодна тым шляхам Божым, якія праходзяць праз шэраг новых выпрабаваньняў. І ва ўсіх гэтых шляхах мы ўбачым мудрасьць Бога і безумоўную няздольнасьць чалавека, але дабраславеньне і ласка Божая перамагае ва ўсім.


Рецензии