Третья Книга Царств
«І сказаў Госпад Саламону: “За тое, што так у
цябе робіцца, і ты не захаваў запавету Майго і
пастановаў Маіх, якія Я наказаў табе, Я адбяру
ў цябе валадарства і аддам яго рабу твайму»
(3 Вал 11:11)
Трэцяя кніга валадарстваў раскрывае нам першую частку сумнай гісторыі Ізраіля, якая пачынаецца ад часу яго росквіту і якая закончваецца ягоным падзелам на два валадарствы, а ў выніку і палонам. Наогул, Трэцяя і Чацьвёртая кнігі валадарстваў у першапачатковым варыяньце складаліся ў адну кнігу, якая была падзелена на дзьве часткі, якія і адлюстроўвалі ўсю карціну падзеньня Ізраіля, пачынаючы ад росквіту валадарства Саламона.
Лічыцца, што менавіта прарок Ерамія, які жыў пад час падзеньня і палону Ізраіля, напісаў гэтыя кнігі. Падаецца верагодным тое, што кнігі былі напісаныя ў той сумны час, калі юдэі ўжо знаходзіліся ў рабстве.
Трэцяя кніга валадарстваў пачынаецца з апошняга часу валадараньня Давіда, калі Аданія, брат Саламона, спрабаваў скарыстацца нямогласьцю бацькі і, па сутнасьці, захапіць уладу. Спраўджвалася прароцтва Натана пра тое, што «не адступіцца меч» ад дома Давіда.
Але план Аданіі правальваецца і Давід перадае ўладу сыну Саламону. Ён дае яму настаўленьне павінавацца Госпаду: «Вось, я адыхожу ў дарогу ўсёй зямлі, а ты будзь цьвёрды і будзь мужны і захоўвай запавет Госпада Бога твайго, ходзячы шляхамі Ягонымі і трымаючыся статутаў Ягоных і запаведзяў Ягоных, і вызначэньняў Ягоных, як напісана ў законе Майсеевым, каб быў ты разумным ва ўсім, што будзеш рабіць, і ўсюды, куды зьвернешся; каб Госпад выканаў слова Сваё, якое Ён сказаў пра мяне, кажучы: “Калі сыны твае будуць сачыць за шляхамі сваімі, каб хадзіць перад Мною ў праўдзе ад усяго сэрца свайго і ад усёй душы сваёй, дык не перавядзецца муж ад цябе на пасадзе Ізраілевым» (3 Вал 2:2-4).
Улада сям’і Давіда ўсталёўваецца замыслам Божым. Трываласьць гэтай улады цалкам залежала ад вернасьці Бога, але ў той жа час пасад Саламону быў дадзены пры ўмове паслушэнства і вернасьці Госпаду. Так было заўсёды. Бог дае дабраславеньне пад адказнасьць чалавека, а потым ажыцьцяўляе выбраны шлях адпаведна Свайго плана. І тут трэба адзначыць, што чалавек, як правіла, не вытрымлівае гэтай адказнасьці. Так было спрадвеку, так ёсьць і зараз. Так было з Адамам, з чалавекам пад законам, з абсалютнай валадарскай уладаю і нават з Царквою. Але, нягледзячы на гэта, Бог ідзе Сваім асабістым шляхам. Па меры дадзенай чалавеку адказнасьці, але цярпліва і міласьціва. Калі валадар ці ягоныя нашчадкі парушаць вернасьць, дык будзе суд Божы, але які ніяк не пашкодзіць Богу выканаць тое, што Ён абяцаў Давіду.
Саламон прымае настаўленьне Давіда і дабраславеньні Божыя шчодра выліліся на Саламона. Бог пачуў ягонае прашэньне пра мудрасьць і па ласцы Сваёй даў яму, акрамя гэтага, вялікае багацьце і вялікі посьпех: «Вось, Я зраблю паводле слова твайго. Вось, Я даю табе сэрца мудрае і разумнае, так што падобнага да цябе ня было да цябе, і пасьля цябе не паўстане падобны да цябе. І тое, што ты не прасіў, Я даю табе, і багацьце і славу, так што ня будзе ва ўсе дні твае. І калі будзеш хадзіць шляхам Маім, захоўваючы статуты Мае, як хадзіў бацька твой Давід, Я падоўжу і дні твае» (3 Вал 3:12-14). Дзякуючы Божым дабраславеньням Саламон павёў свой народ да вялікай славы. Мудрасьць Саламона выйшла далёка за межы Ізраіля, праслаўляючы гэтым і сам народ: «І прыходзілі ад усіх народаў паслухаць мудрасьці Саламона, ад усіх валадароў зямных, якія чулі пра мудрасьць ягоную» (3 Вал 4:34).
Для тэакратычнай дзяржавы Саламона, характэрнай рысаю ягонага жыцьця быў мір і такім чынам будаўніцтва храма было лагічнай праявай замацаваньня тэакратычных асноваў дзяржавы. Бог не дазволіў гэта зрабіць Давіду, як кажа Саламон Хіраму: «Ты ведаеш, што Давід бацька мой, ня мог пабудаваць дом імя Госпада Бога свайго з прычыны войнаў з вакольнымі народамі, пакуль Госпад не ўпакорыў іх пад ступакі ног ягоных. І вось, я маю намер пабудаваць дом імя Госпада Бога майго, як сказаў Госпад бацьку майму Давіду, кажучы: Сын твой, якога Я пасаджу замест цябе на пасадзе тваім, ён пабудуе дом імю Майму» (3 Вал 5:3-5).
Калі храм быў пабудаваны, Саламон зьвярнуўся да народу з заклікам вялікай важнасьці жыцьця ў паслушэнстве перад Богам: «Хай будзе з намі Госпад Бог наш, як быў Ён з бацькамі нашымі, хай не пакіне нас, схіляючы да Сябе сэрца наша, каб мы хадзілі па ўсіх шляхах Ягоных і захоўвалі запаведзі Ягоныя, якія Ён наказаў бацькам нашым. І хай будуць словы гэтыя, якімі я маліўся перад Госпадам, блізкія да Госпада Бога нашага ўдзень і ўначы, каб Ён рабіў, што трэба рабу Свайму, і што трэба народу Свайму Ізраілю, дзень у дзень, каб усе народы ўведалі, што Госпад ёсьць Бог, і няма апрача Яго. Хай будзе сэрца ваша цалкам аддадзена Госпаду Богу нашаму, каб хадзіць паводле пастановаў Ягоных і захоўваць запаведзі Ягоныя, як сёньня» (3 Вал 8:57-61).
Саламон паказвае сябе сьвятаром, калі зьвяртаецца да народу, бо стаіць паміж Госпадам і сваім народам. Гэта вялікае падзея, бо тым самым усталёўваецца ўлада Госпада на зямлі, пасярод Свайго народа, улада давераная Саламону, сыну Давіда, бо сказана, што Саламон сядзе на пасадзе Госпадавым.
Абяцанае Госпадам споўнілася. Саламон стаў багатым і праслаўленым больш за ўсіх валадароў таго часу, але шлях да багацьця і славы праявіў сэрца чалавека, далёкае ад Бога, што і прывяло да праведнага суда і цьвёрдага слова Госпада. Саламон адступае ад Госпада, калі аддае сваё сэрца ідалам, якім пакланяліся ягоныя іншаземныя жонкі: «І было ў яго сямсот жонак і трыста наложніц; і разбэсьцілі жонкі сэрца ягонае. У час старасьці Саламона жонкі яго схілілі сэрца ягонае да іншых багоў, і сэрца ягонае не было цалкам адданае Госпаду Богу свайму, як сэрца Давіда, бацькі ягонага. І пачаў Саламон служыць Астарце, божышчу Сідонскаму, і Мілхому, мярзоце Аманіцкай» (3 Вал 11:3-5). Шлях грэху заўсёды вельмі сьлізкі і калі чалавек пачынае грашыць, дык існуе вельмі сур’ёзная небясьпека ўсё больш і больш падаць, валяючыся ў брудных лужынах грэху.
Менавіта так было і з Саламонам, які ня здолеў выбрацца з бруду грэха, хаця і добра ведаў пра папярэджаньне Госпадам як Давіда, так і самога Саламона. Жыцьцё Саламона служыць напамінам пра тое, што мы ніколі ня зможам дасягнуць пэўных духоўных вышыняў, калі мы перастанем бадзёрыцца і асьцерагацца грэху. Адступства Саламона ад Госпада прывяло ізраільцянаў да падзелу на два валадарствы: валадарства Ізраільскае, якое складалася з дзесяці каленаў і валадарства Юдэйскае з каленаў Юдавага і Веньямінавага.
Калі мудрасьць Саламона - гэта тое, што даў яму Бог, якая ўзьвялічыла і ўмацавала валадарства Ізраіля, дык «мудрасьць» сына Саламона Раваама, якая была не ад Бога, а ад ягоных сяброў-дарадцаў, толькі зьняславіла і раскалола валадарства Саламона на дзьве няроўныя часткі. Трэцяя кніга Валадарстваў паказвае нам першыя восемдзесят гадоў існаваньня двух частак некалі магутнага адзінага валадарства Ізраіля.
• Юдэйскае валадарства.
«Раваам, сын Саламонаў, валадарыў у Юдэі. Сорак адзін год быў Равааму, калі ён заваладарыў, і сямнаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме, які выбраў Госпад з усіх каленаў Ізраілевых, каб было там імя Ягонае» (3 Вал 14:21).
Першы валадар Юдэйскага валадарства Раваам не хадзіў шляхам Госпада і таму: «Рабіў Юда благое перад вачыма Госпада, і раздражняла Яго найбольш тое, што зрабілі бацькі іхнія сваімі грахамі, якімі яны грашылі» (3 Вал 14:22). Наогул, трэцяя кніга Валадарстваў паказвае нам толькі чатырох з дваццаці Юдэйскіх валадароў. Пералічым іх пачынаючы ад Раваама, сына Саламона: Авія, Аса і Ёсафат. Першыя два былі дрэнныя, бо сказана пра Авію, сына Раваама: «Ён хадзіў ва ўсіх грахах бацькі свайго, якія той рабіў да яго, і сэрца ягонае не было аддадзена Госпаду Богу ягонаму, як сэрца Давіда, бацькі ягонага» (3 Вал 15:3). Два ж апошнія – добрыя і дабрачынныя валадары, якія рабілі заўгоднае перад вачыма Госпада.
Юдэя хадзіла ва ўсякім беззаконьні пад час валадараньня Раваама і таму была пакараная захопам Ерусаліма войскам валадара Егіпту. Багацьці Саламона былі разрабаваныя і сталі здабычаю егіпцянаў. Авія, сын Раваама паводзіць сябе ня лепшым чынам, паўтараючы памылкі свайго бацькі. Акрамя гэтага, паміж двумя гебрайскімі валадарствамі ідзе вайна. Сумная гісторыя, якая паказвае нам становішча народа Божага і дом самога Давіда, раней такога слаўнага.
Аса, сын Авіі – верны Госпаду валадар, які зрабіў пэўныя крокі служэньня Богу: «Ён прагнаў блудадзеяў з зямлі і адкінуў усе ідалы, якіх зрабілі бацькі ягоныя, і нават маці сваю Ану пазбавіў званьня валадарыні за тое, што яна зрабіла балвана Астарты. І парубаў Аса балвана яе і спаліў каля патока Кедрона» (3 Вал 15:12-13).
Ёсафат, сын Асы, шукаў Бога бацькі свайго і рабіў паводле запаведзяў Ягоных, а не ўчынках ізраільцянаў: «І быў Госпад з Ёсафатам, бо ён хадзіў першымі шляхамі Давіда, бацькі свайго, і не шукаў Ваалаў» (2 Лет 17:3). Госпад зацьвердзіў валадарства Ёсафата і вельмі ўзмацніў яго. Але і Ёсафат праяўляе нявернасьць Госпаду, калі зьвязвае сябе з Ахавам – бязбожным валадаром Ізраільскім. Бог не пакінуў за гэта Ёсафата, але тым ня меньш ён убачыў пачатак пакараньняў, наступствы якіх будуць катастрафічнымі для ягонай сям’і.
• Ізраільскае валадарства.
•
«І адкалоўся Ізраіль ад дома Давідавага да гэтага дня» (3 Вал 12:19).
Пад кіраўніцтвам Еравама дзесяць каленаў Ізраіля выйшлі з пад улады сям’і Давіда, якая цалкам і назаўсёды згубіла сваю славу. Ераваам становіцца валадаром Ізраіля - валадарства, якое захавала за сабою гэтае імя. Новы валадар Ізраіля вельмі хутка адмаўляецца ад Госпада і вырабляе двух залатых цялят, каб парушыць агульныя сувязі пакланеньня Госпаду і адарваць сваіх падданых ад Ерусаліма. Усё, што тычылася богаслужэньня рабілася так, як гэта было заўгодна Еравааму. Грэх Ізраіля ўкараніўся і павінны ў гэтым - валадар Ераваам, маральнае падзеньне якога адбылося. Суд Божы абвяшчаецца дому Ераваама, калі памірае ягоны малалетні сын Авія. Больш таго, вуснамі прарока Ахіі Госпад абвяшчае свой прысуд дому Ераваама: «І паставіць Госпад над Ізраілем валадара, які зьнішчыць дом Ераваамаў у той дзень» (3 Вал 14:14).
Пасьля Ераваама заваладарыў Нават, сын ягоны, які рабіў благое перад вачыма Госпада і хадзіў шляхамі бацькі свайго, якімі той увёў увесь Ізраіль у грэх. Але пералічым і астатніх валадароў Ізраіля, якіх паказвае нам гэтая кніга. Пасьля Навата былі пасьлядоўна: Ваас, Іла, Замврый, Амврый і Ахаў. Ваас складае змову і забівае Навата. Замврый забівае Іла, сына Вааса і вынішчае ўвесь дом Вааса, не пакінуўшы жывым нікога. Замврый праваладарыў толькі сем дзён і загінуў у агні валадарскага пакоя. Пасьля яго заваладарыў Амврый: «І рабіў Амврый благое перад вачыма Госпада і ўчыняў горш за ўсіх, што былі да яго» (3 Вал 16:25). Сын Амврыя Ахаў, які валадарыў дваццаць два гады пасьля свайго бацькі, рабіў, як сказана, больш за ўсіх незаўгоднага перад вачыма Госпада.
Усе валадары Ізраіля былі злымі і разбэшчанымі, але Ахаў быў хужэйшы за ўсіх. Разам са сваёю жонкай Езавэльлю ён прымусіў ізраільцянаў паўсюдна пакланяцца Ваалу, чаго раней не было ў Ізраілі.
Вель сумную карціну мы бачым у абодзьвух валадарствах, але найбольшыя злачынствы перад Госпадам дэманструюць валадары Ізраіля. Бог дае разуменьне, што ідалапаклонства прыводзіць толькі да болі і пакутаў, але валадары, як і падданыя, ўсё больш і больш адыходзілі ад Госпада і схіляліся да ідалапаклонства. Але чаму Бог такі цярплівы да гэтых валадароў і Свайго нявернага народу? Адказ можа быць адзіны – гэта ласка Божая, бо толькі таму Ён заклікае да служэньня Сваіх прарокаў, каб папярэджваць народ і заклікаць яго да пакаяньня.
Прарокі.
«І сказаў Ільля Фэсьвіцянін, з жыхароў Галаадскіх, Ахаву: “Жывы Госпад Бог Ізраілеў, перад Якім я стаю! У гэтыя гады ня будзе ні расы, ні дажджу, хіба толькі па маім слове. І было яму слова Госпадава» (3 Вал 17:1-2).
Ільля і Елісей, як сьведкі Госпада сярод народа Ізраіля, які адкінуў Бога і стаў пакланяцца залатым цялям, зьдзяйсьняюць цуды як доказ іхняй Божай працы. Яны паказваюць права і сілу Госпада пасярод народа, які не прызнае Яго. Цуды Ільлі розныя, бо маюць розны характар. Калі гэта тычыцца ўдавы, дык цуды прарока маюць характар міласэрнасьці: «І зьвярнуўся да Госпада і сказаў: “Госпадзе Божа мой! няўжо Ты і ўдаве, у якой я жыву, зробіш благое, усьмерціўшы сына яе?” І схіліўшыся над хлопчыкам тры разы, ён зьвярнуўся да Госпада і сказаў: “Госпадзе Божа мой! хай вернецца душа хлопчыка гэтага ў яго!” І пачуў Госпад голас Ільлі, і вярнулася душа хлопчыка гэтага ў яго, і ён ажыў» (3 Вал 17:20-22).
Але калі гэта тычыцца ўлады і разбэшчанага народа, дык цуды Ільлі носяць характар пакараньня. Ільля закрывае неба бунтуючаму народу: «У гэтыя гады ня будзе ні расы ні дажджу, хіба толькі па маім слове. Ён выклікае агонь, які: зжэр цэласпаленьні і дровы, і камяні і пыл, і паглынуў ваду, якая ў рове”» (3 Вал 18:38). Ільля намагаецца таго, што народ, убачыўшы гэта ўпаў на аблічча сваё і сказаў: «Госпад ёсьць Бог, Госпад ёсьць Бог» (3 Вал 18:39). Праслаўлены Бог зноў даруе народу Сваё дабраславеньне і таму неба дае доўгачаканы дождж.
Бог зноў дабраслаўляе Ізраіля пасьля таго, як ён вярнуўся да прызнаньня Ягонага імя дзякуючы праяве сілы Бога, якая прывяла да паразы прарокаў Ваала. Пад узьдзеяньнем гэтага, народ вынішчае іх, бо ўпэўніваецца ў неразумнасьці ідалапаклонства. На гэтым, па сутнасьці, завершваецца асноўная місія Ільлі, хаця ягонае служэньне яшчэ працягваецца некаторы час. Што ж тычыцца Елісея, дык ягонае асноўнае служэньне яшчэ наперадзе, а пакуль што ён кідае сваю маёмасьць і крочыць за Ільлём: «І пакінуў Елісей валоў, і пабег за Ільлём, і сказаў: “Дазволь мне пацалаваць бацьку майго і маці маю, і я пайду за табою”. Ён сказаў яму: “Ідзі і прыйдзі назад, бо што я зрабіў табе?” Ён адышоўшы ад яго, узяў пару валоў і закалоў іх, і запаліўшы плуг валоў, засмажыў мяса і раздаў людзям, і яны елі. А сам устаў і пайшоў за Ільлём і пачаў служыць яму» (3 Вал 19:20-21).
Міхей прарок, якога заклікалі па патрабаваньню валадара Юдэйскага Ёсафата, павінен быў адказаць на спрэчнае пытаньне валадара: «Міхей, ці ісьці нам вайною на Рамот Галаадскі, ці не?... І сказаў яму валадар: “Яшчэ і яшчэ заклінаю цябе, каб ты не казаў мне нічога, апрача праўды ў імя Госпада» (3 Вал 22:15-16). Міхей адказвае яму, што Госпад дапусьціў ілжывага духа ў вусны чатырохсот прарокаў Ахава, каб пакараць Ахава сьмерцю ў вайне супраць Рамота Галаадскага. Але рашэньне Ахава не зьмяняецца, бо голас чатырохсот прарокаў больш гучны за голас прарока Божага Міхея, якога за гэтае прароцтва адвялі ў цямніцу.
Ахаў гіне ў бітве і гэтая вайсковая авантура завершваецца вельмі няўдала для аб’яднанага войска Ізраільскага і Юдэйскага валадарстваў. Гэта яскравы прыклад таго, што любыя аб’яднаньні веруючых з няверуючымі ня маюць ніякага сэнсу, бо вядуць толькі да паразы. Няверуючыя кіраўнікі заўсёды намагаюцца прыцягнуць да сваіх шляхоў людзей веруючых, але ісьці шляхамі праўды яны ня хочуць і спадзяюцца толькі на выкарыстаньне веруючых для сваіх мэтаў. Той, хто зьвязвае сябе з няверуючымі, па сутнасьці адступае ад Госпада, а шанец агульнага станоўчага выніку роўны паразе як веруючых, так і няверуючых.
Аб’яднаньне памылковасьці і праўды не зьяўляецца праўдай для абоіх бакоў і таму мэта такога аб’яднаньня ня можа быць праўдай, як ня можа быць праўдай памылковасьць. Так і з Ёсафатам, які павінен быў адмовіцца ад зьвязу з Ахавам, бо сваім аб’яднаньнем ён прызнаваў Ахава ў тым становішчы, у якім ён знаходзіўся.
На прыкладзе валадарства Саламона і ягонай наступнай часткі – Юдэйскага валадарства, мы бачым, як Бог выконвае Сваё абяцаньне захоўваць нашчадкаў Давіда, нягледзячы на тое, што некаторыя з іх адступаліся ад Яго, бо менавіта з гэтага роду павінен быў нарадзіцца ў будучым Ісус Хрыстос. Гісторыя двух валадарстваў не закончваецца, але працягваецца ў чацьвёртай кнізе Валадарстваў.
Свидетельство о публикации №226041302045