Четвертая Книга Царств

ЧАЦЬВЁРТАЯ КНІГА ВАЛАДАРСТВАЎ


«Калі яны перайшлі, Ільля сказаў Елісею: “Прасі,
што зрабіць табе, перш чым я буду ўзяты ад цябе.
І сказаў Елісей: “Дух, які ў табе, хай будзе на мне
удвая» (4 Вал 2:9).

Чацьвёртая кніга Валадарстваў распавядае пра падзеньне і пагібель дзяржаваў, якія склаліся ў выніку падзелу дзяржавы Саламона. Валадарства Ізраіля было захоплена валадаром Асірыйскім, а праз 136 гадоў атрымала паразу і Юдэйскае валадарства ад Бабілонскага валадара.

Няцяжка зразумець, чаму гэта адбылося. Як Ізраільскае, так і Юдээйскае валадарства адыйшлі ад закону Божага і аддаліся грэху. Прарокі Божыя папярэджвалі пра гэта, але ці паслухаліся іх гебраі? І вось суд. Суд Божы, як галоўная тэма чацьвёртай кнігі Валадарстваў, дае нам разуменьне таго, што непаслушэнства прыводзіць да бяды, да вялікай бяды, бо грэх вядзе кожнага з нас у жудасны стан вечнага праклёну.

Чацьвёртая кніга Валадарстваў паказвае нам, наколькі небясьпечны грэх і як сур’ёзна належыць ставіцца да яго. Яна адкрывае ўсю жорсткасьць Божага суду. Бог цярплівы, але ня вечна. Непаслушэнства, рана ці позна, непазьбежна вядзе да суду Божага. Магчыма, суд Божы не прыходзіць адразу, але ён абавязкова будзе і калі прыходзіць час, дык Бог судзіць вельмі жорстка. Але мы бачым і тое, што Бог спачувае людзям, калі бачыць іхнія патрэбы і пакуты. І таму Ён дае Свайму народу, нягледзячы на ягонае падзяленьне, прарокаў, якія павінны былі даносіць да яго тое, што хоча сказаць яму Бог і адводзіць яго ад ідалапаклонства.


• Прарокі Ізраільскага валадарства.

«І падняў аўчыну Ільлі, якая ўпала з яго, і пайшоў назад, і стаў на беразе Ярдана; і ўзяў аўчыну Ільлі, якая ўпала з яго, і ўдарыў ёю па вадзе і сказаў: “Дзе Госпад, Бог Ільлі, - Ён Самы?” І ўдарыў па вадзе, і яна расступілася туды і сюды, і перайшоў Елісей. І ўбачылі яго сыны прарокаў, якія ў Ерыхоне, здалёк і сказалі: “Спачыў дух Ільлі на Елісеі”. І пайшлі насустрач яму, і пакланіліся яму да зямлі» (4 Вал 2:13-15).


Першы прарок Ізраільскага валадарства Ільля, перадае паўнамоцтвы прароцкага служэньня Елісею, які ставіўся Госпадам, як выраз Божага спачуваньня. Трэба адзначыць, што акрамя служэньня Ільлі і Елісея валадарства Ізраіля дабраслаўлялася і іншымі вядомымі прарокамі: Амосам, Осіяй і Ёнай. Трэба дадаць, што на працягу 250 гадоў існаваньня Ізраільскага валадарства ім кіравалі дзевятнаццаць валадароў, якія рабілі благое ў вачах Госпада. Яны паходзілі з сямі дынастыяў і якія схілялі народ да ідалапаклонства, уводзячы яго ўсё далей ад Бога.

А зараз, трэба адзначыць вельмі і вельмі важны момант у служэньні Ільлі. Ільля, разам з Елісеем, падыходзіць да Ярдану, - вобразу сьмерці, які павінен вывесьці яго з краіны зямнога абяцаньня і парваць сувязі Бога з Ізраілем. Давайце адчуем гэты момант набліжэньня трагедыі ў жыцьці Ізраіля. Ільля пераходзіць Ярдан па сухому, таксама, як і Ізраіль пераходзіў Ярдан, калі ўваходзіў у зямлю абяцаную. Мы бачым, што ён узьнёсься ў нябёсы мінуючы сьмерць. Але перад гэтым, за межамі Ізраіля, краіны закона, пакінутай Богам, Ільля мае магчымасьць свабодна прапанаваць Елісею дабраславеньне па ягонаму жаданьню: «Калі яны перайшлі, Ільля сказаў Елісею: “Прасі, што зрабіць табе, перш чым я буду ўзяты ад цябе. І сказаў Елісей: “Дух, які ў табе, хай будзе на мне ўдвая”. І сказаў ён: “Цяжкага ты просіш. Калі ўбачыш, як буду ўзяты ад цябе, дык будзе табе так, а калі ня ўбачыш ня будзе”. Калі яны ішлі і па дарозе гутарылі, раптам зьявілася калясьніца вогненая і коні вогненыя, і разлучылі іх абодвух, і панёсься Ільля ў віхуры на неба» (4 Вал 2:9-11). Елісей убачыў і таму атрымаў тое, што прасіў ад Госпада.

Бог перапыняе Свае адносіны з народам Ізраіля, але ў Сваім вышэйшым плане, Ён не пазбаўляе іх Сваёй любові, нягледзячы на тое, што па адказнасьці народа Ён вынес Свой суд над ім. Бог дапамагае народу, бо недарма кажа Елісей валадару Ізраіля: «І сказаў Елісей валадару Ізраільскаму: “Што мне і табе? Ідзі да прарокаў бацькі твайго і да прарокаў маці тваёй”. І сказаў яму валадар Ізраільскі: “Не, бо Госпад склікаў сюды трох валадароў гэтых, каб аддаць іх у руку Маава”. І сказаў Елісей: “Жывы Госпад Саваоф, перад Якім я стаю! Калі б я не шанаваў Ёсафата, валадара Юдэйскага, дык ня зірнуў бы на цябе і ня бачыў бы цябе”» (4 Цар 3:13-14).

Служэньне прарока Елісея вельмі адрозьнівалася ад служэньня Ільлі. Праз Ільлю Бог чыніў суд, а служэньне Елісея вызначалася Божым спачуваньнем. І таму варта адзначыць тыя цуды, якія выконваў Елісей па волі Божай:

Ачышчэньне нездаровай вады: “І выйшаў ён да вытоку вады, і кінуў туды солі, і сказаў: “Так кажа Госпад. Я зрабіў ваду гэтую здароваю, ня будзе ад яе наперад ні сьмерці, ні неўрадлівасьці”. І вада зрабілася здароваю да сёньня, паводле слова Елісея, якое ён сказаў» (4 Вал 2:21-22).

Памнажэньне алею ў доме ўдавы: «І прыйшла яна і пераказала чалавеку Божаму. Ён сказаў: “Ідзі, прадай алей і сплаці пазыку тваю, а што застанецца, тым будзеш жыць з сынамі тваімі» (4 Вал 4:7).

Уваскрэсеньне сына Санаміцянкі: «І ўстаў і прайшоў па сьвяцёлцы ў зад і ўперад, потым зноў падняўся і прасьцёрся над ім. І чыхнула дзіця разоў сем, і расплюшчыла дзіця вочы свае» (4 Вал 4:35).

Аздараўленьне поліўкі ў катле: «І сказаў ён: “Падайце мукі”. І ўсыпаў яе ў кацёл і сказаў Гіезію: “Налівай людзям, хай ядуць”. І ня стала нічога благога ў катле» (4 Вал 4:41).

Насычэньне хлебным пачаткам ста чалавек: «І сказаў слуга ягоны: “Што тут я дам ста чалавекам?” І сказаў ён:”Аддай людзям, хай ядуць”, бо так кажа Госпад: “Насыцяцца, і застанецца”. Ён падаў ім, і яны насыціліся, і яшчэ засталося, па слове Госпадавым» (4 Вал 4:43-44).

Ацаленьне Нэемана ад праказы: «І пайшоў ён і акунуўся ў Ярдане сем разоў, па слове чалавека Божага, і абнавілася цела ягонае, як цела малога дзіцяці, і ачысьціўся» (4 Вал 5:14).

Усплыцьцё патануўшай сякеры: «І сказаў чалавек Божы: “Дзе ён упаў?” Ён паказаў яму месца. І адсёк ён кавалак дрэва і кінуў туды, і выплыла сякера» (4 Вал 6:6).

Асьляпленьне сірыйскага войска: «Калі пайшлі да яго сірыйцы, Елісей памаліўся Госпаду і сказаў: “Спадобі іх сьлепатою”. І Ён спадобіў іх сьлепатою па слову Елісея» (4 Вал 6:18).

Жыцьцё Елісея была настолькі зьвязанае з цудамі, што нават косьці ягоны стварылі цуд: «І памёр Елісей, і пахавалі яго. І полчышчы маавіцян прыйшлі ў зямлю на другі год. І было, што калі хавалі аднаго чалавека, дык, убачыўшы гэта полчышча, пахавальнікі кінулі таго чалавека ў магілу Елісеевую, і ён, падаючы, дакрануўся да касьцей Елісея, і ажыў, і ўстаў на ногі свае» (4 Вал 13:20-21). Гэтае ўваскрасеньне ад сутыкненьня з касьцямі Елісея, дае настаўленьне на тое, што нават калі усё здаецца згубленым для Ізраіля, праўдзівы прарок - заўсёды застаецца захавацелям надзеі на добрае і калі Ізраіль падобны на кінутага памёрлага, дык ён, у рэшце рэшт, верне яго да жыцьця нечакана і ўладна.


• Прарокі валадарства Юдэйскага.

«Калі пачуў гэта валадар Эзэкія, дык падраў вопратку на сабе і накрыўся і пайшоў у дом Госпадаў. І паслаў Эліякіма, начальніка палаца, і Сэўну пісца, і старэйшых сьвятароў, пакрытых вярэтай, да Ісаі прарока, сына Амосавага» (4 Вал 19:2).

Юдэйскае валадарства перажыла валадарства Ізраільскае на 136 гадоў. І гэта можа тлумачыцца толькі тым, што час ад часу зьяўляліся добрыя і праведныя валадары, якія накіроўвалі і вярталі народ да Бога. Юдэя праіснавала 390 гадоў пасьля падзелу валадарства Саламона. Дваццаць валадароў кіравалі валадарствам Юдэйскім, але ў адрозьненьні ад Ізраіля, яны былі прадстаўнікамі аднаго роду - роду Давіда.

У тыя гады для валадарства Юдэйскага служылі наступныя прарокі: Аўдзей, Ёіль, Ісая, Міхей, Навум, Абакум, Сафон і Ерамія.

Чацьвёртая кніга Валадарстваў дае нам служэньне прарока Ісаі з таго моманту, калі да яго зьвяртаецца напалоханы валадар Эзэкія, які зразумеў, што ня здольны супрацьстаяць валадару Асірыйскаму. І калі прыйшлі слугі валадара Эзэкіі да Ісаі, дык той сказаў ім, каб яны перадалі свайму гаспадару: «Так кажа Госпад: “Ня бойся слоў, якія ты чуў, якімі ганілі Мяне слугі валадара Асірыйскага. Вось, Я пашлю ў яго дух, і ён пачуе вестку, і вернецца ў зямлю сваю, і Я паб’ю яго мечам у зямлі ягонай”» (4 Вал 19:5-7).

Служэньне прарока Ісаі - гэта вельмі важная старонка жыцьця валадарства Юды, як і самога валадара Эзэкіі, якому, праз Ісаю, Госпад даў яшчэ пятнаццаць гадоў жыцьця і збавіў яго ад сьмяротнай хваробы. У служэньні прарокаў таго часу існуе шмат напамінаў пра будучага Збаўцу. І хаця, чацьвёртая кніга Валадарстваў не зьмяшчае на сваіх старонках пропаведзі пра гэта, мы можам бачыць іх у прароцкіх кнігах Ісаі і Ераміі.

Гэтая кніга была напісана дзеля дапамогі наступным пакаленьням. Ерамія ведаў, што народ Божы ня будзе вечна знаходзіцца ў рабстве, а гэта значыць, што таму, хто вернецца на радзіму, неабходна было ведаць, чаму здарыўся гэты палон і наколькі важна было быць вернымі Госпаду.

І яшчэ, трэба зьвярнуць увагу на адну вельмі і вельмі важную рэч, пра якую мы чытаем на прыканцы кнігі. Бабілонскі палон падштурхнуў розум многіх людзей думаць пра тое, што Божыя абяцаньні не спаўняюцца. У асаблівасьці гэта тычылася абяцаньня Госпада, якое давалася валадару Давіду. Бог абяцаў Давіду, што менавіта з ягонага роду народзіцца Мэсія. І таму, зусім не выпадкова тут гаворыцца пра аднаго з нашчадкаў Давіда, які ня толькі не загінуў, але і набыў добрыя адносіны з боку валадара Бабілонскага: «На трыццаць сёмым годзе перасяленьня Еханіі, валадара Юдэйскага, на дванаццатым месяцы, у дваццаць сёмы дзень месяца, Эвілмэродах, валадар Бабілонскі, у год свайго валадараньня, вывеў Еханію, валадара Юдэйскага, з дома турэмнага. І гаварыў з ім дружалюбна, і паставіў пасад ягоны вышэй за пасад валадароў, якія былі ў яго ў Бабілоне. І перамяніў турэмную вопратку ягоную, і ён усюды меў ежу ў яго, ва ўсе дні жыцьця ягонага. І ўтрыманьне яго, утрыманьне пастаяннае, выдавалася яму ад валадара, дзень у дзень, ва ўсе дні жыцьця ягонага» (4 Вал 25:27-30).

Божыя абяцаньні не згубілі сілы і Ісус Хрыстос па ранейшаму павінен быў нарадзіцца ад насеньня Давіда. У славу Айца, Сына і Сьвятога Духа.


Рецензии