Самаводгукi. Частка I

Ідэя лунала даўно – напісаць водгукі на свае творы, пажадана без раскрыцця сюжэта. Цікава, што з гэтага атрымаецца? Верагодна, звычайна аўтары і пісьменнікі хваляць свае тэксты, бо пра няўдалыя чытачы проста не ведаюць – такія творы не публікуюцца. Канешне, зараз можна прыгадаць цэлы мех знакамітых раманаў і аповесцяў, якія былі ўшчэнт разбіты крытыкамі і простымі чытачамі. Але гэта тэма асобнай размовы, а зараз узгадаю тыя творы, якія лічу недарэчнымі ці няўдалымі. Іх зусім не чатыры, а больш, бо я не ўсё публікую на сайце ці друкую на паперы. Ніжэйпералічаныя творы можна знайсці ў сеціве ў адкрытым доступе, выдаляць іх не планую, але і для чытання нікому не раю.


Скрыжаванні

На 2026 год гэта найкарацейшы з маіх твораў, памер якога усяго толькі 110 слоў. Зрэшты, гэта не самастойны аповед, а перакладзены ўрывак з апавядання «Моя тоска» (2012, 2013). Былі планы перакласці ўвесь аповед, але ён зусім не маленькі (4000 слоў, другое месца сярод апублікаваных твораў). Яшчэ планавалася выкарыстаць назву «Скрыжаванні» ў зборніку фантастычных і реалістычных апавяданняў, але пазней я адмовіўся ад такой задумы. Шчыра кажучы, у мяне няма жадання і публікаваць урывак дзесьці, акрамя сайта. Па сутнасці, і на сайце ён «лішні», бо думкі выдраны з кантэксту.


Пераход

Тэкст створаны ў кастрычніку 2012 года, прычым гэта зноў пераклад з рускай мовы. Арыгінал – замалёўка «Переход», вельмі кароткая – 113 слоў (а пераклад – 130). Прычына напісання: мне хацелася паказаць свету, што я ніколі не перакладаю слова ў слова свае творы, у пэўных момантах нават дадаю штосьці новае, пераасэнсоўваю старое. На сайце абодва тэксты пададзены ў зборніку аповедаў на рускай мове і з рускай назвай. З тэхнічнага боку мне і сёння ўсё падабаецца, але недаспадобы сэнс твора (шчыра кажучы, на момант напісання я так не лічыў), дый назва падаецца дзіўнай. Публікаваць далей і прапаноўваць для чытання не буду. Для параўнання арыгінала і пераклада раю апавяданні «Буду с тобой рядом» і «Буду з табой побач», «Соседи» і «Суседзі».


Смерць не любіць жартаў

Твор напісаны ў ліпені 2013 года, за месяц да пачатку адпрацоўкі ў школе ў Хойніках, памер – 435 слоў. Ёсць аўтарскі пераклад на рускую мову. Толькі вось чытаць не раю. Атрымалася надта змрочна, дый водгукі чытачоў збольшага адмоўныя: няма спачування да героя, прычына ягоных дзеянняў не падаецца важкай і зразумелай. Часцей за ўсё я абараняю свае творы, хаця, вядома, яны не могуць быць цалкам дасканалымі, бо я не вучоны пісьменнік і не майстар слова. Але гэты невялічкі аповед і мне здаецца недарэчным. Таму і публікаваць яго на паперных носьбітах не планую.


Хто вінаваты?

Чарговы не зусім удалы твор, які з’явіўся ў чэрвені 2012 года, аб’ём – 510 слоў. Здаралася, што мяне крытыкавалі за змрочныя тэмы. Так, я не цураюся нават самых цёмных бакоў нашага жыцця, хіба што не жадаю пісаць аб забойствах і надта жорсткіх момантах. Але можна напісаць змрочна, каб гэта было прыгожа. Толькі тут не той выпадак. Дадзены твор таксама не прапаную для чытання. Цяпер мне падаецца, што сюжэт не вытрымлівае крытыкі, ён даволі ненатуральны. Верагодна, яно і магло адбывацца ў нашым свеце, гэта не навуковая фантастыка. Але… Ці раскрываць сюжэт? Пачну з таго, што дыялогі зроблены на рускай мове, гэта лічыцца не вельмі добрым прыёмам. Хаця мая задума была простай: варта паказаць чытачу, што ў нас настолькі шмат рускамоўнага грамадства, што нават у беларускамоўным творы прыйшлося адлюстраваць размовы менавіта на гэтай мове. Калі ўсё-такі жадаеце спачатку азнаёміцца з аповедам, то спыняйце чытаць дадзены самаводгук. Спынілі? Тады далей пойдзе спойлер. Твор цалкам выдуманы, і нават не памятаю, чаму я вырашыў такое напісаць. Ехаў аўтобус, нікога не чапаў, а потым на дарогу выскачыў хлопчык. Кіроўца (у першым варыянце – вадзіцель) рэзка спыніў транспартны сродак. Маленькі застаўся жыць і пабег далей, але вось пасажырка ўпала і атрымала траўмы, несумяшчальныя з жыццём. Кіроўцу не пакаралі, але людзі лічылі яго вінаватым у смерці маладой жанчыны, таму ён быў вымушаны разам з сям’ёй пераехаць у іншы горад. Цяпер вы ведаеце, чаму дадзены аповед я не планую перавыдаваць і публікаваць на паперы.


17-18 лютага 2026, Гомель;
22-23 красавіка 2026, Гомель (рэдактура).


Рецензии