Книга Пророка Еремии
«І ты аперажы сьцёгны свае, і ўстань і скажы
ім усё, што Я накажу табе “Не маладушнічай перад
імі, каб Я не забіў цябе на вачах у іх”» (Ерам 1:17).
«Яны будуць ваяваць супраць цябе, але не
перамогуць цябе, бо Я з табою, кажа Госпад,
каб выбаўляць цябе» (Ерам 1:19).
Кніга Ераміі распавядае нам пра служэньне прарока Ераміі. Кнігу напісаў, а дакладней запісаў па словах прарока, кніжнік Варух: «І паклікаў Ерамія Варуха, сына Нірыі, і напісаў Варух у кніжны скрутак з вуснаў Ераміі ўсе словы Госпада, якія Ён казаў яму» (Ерам 36:4). Пра жыцьцё прарока Ераміі вядома нашмат болей за іншых прарокаў Старога Запавету. Ён нарадзіўся сынам сьвятара Халкіі ў Анофе (сучасная Аната), якая знаходзіцца ў дзьвух мілях на поўнач ад Ерусаліма.
Калі Ераміі споўнілася дваццаць гадоў, ён быў пакліканы на прароцкае служэньне: «І было мне слова ад Госпада: “Раней чым Я ўтварыў цябе ў чэраве, Я ўведаў цябе, і раней чым ты выйшаў з нутробы, Я асьвяціў цябе, прарокам народаў паставіў цябе. А я сказаў: “О Гопадзе Божа! Я ня ўмею гаварыць, бо я яшчэ малады”. Але Госпад сказаў мне: “Не кажы “я малады”; бо да ўсіх, да каго Я пашлю цябе, пойдзеш, і ўсё, што загадаю табе, скажаш”» (Ерам 1:4-7). Пакліканьне Ераміі адбылося на трынаццатым годзе валадараньня валадара Юдэйскага Ёсіі, гэта значыць у 626 годзе да Р. Х. Служэньне прарока пачалося да заваёвы ў 586 годзе да Р. Х. Ерусаліма і працягвалася каля пяцідзесяці гадоў.
Служэньне Ераміі падзяляецца на дзьве асноўныя часткі. З 626 па 586 год да Р. Х. ён папярэджваў народ пра хуткі суд Божы. Што і адбылося ў 586 годзе да Р. Х., калі Юдэя была канчаткова пераможана, а большасьць яе жыхароў былі ўведзены ў палон. Другая частка служэньня прызначалася тым, хто застаўся ў Юдэі і вызначаецца ад 586 да 575 года ад Р. Х. Служэньне прарока адбывалася ў вельмі цяжкіх умовах, бо першая частка служэньня - гэта поўнае ўсьведамленьне таго, што суд Божы хутка адбудзецца, а другая праходзіла ў спустошанай Божым судом краіне. Усё гэта прыносіла Ераміі вялікую сардэчную болю.
Сутнасьць служэньня Ераміі выказана ў словах, якія Бог сказаў яму, калі паклікаў яго да служэньня: «Глядзі, Я паставіў цябе ў гэты дзень над народамі і валадарствамі, каб выкараняць і спусташаць, губіць і разбураць, ствараць і садзіць» (Ерам 1:10).
Іншымі словамі, мэта ягонага служэньня - гэта суд на домам Юды, які павінен быў прыйсьці ў выглядзе пакараньня ад войска Бабілона, бо народ заслугоўваў гэта сваім адступніцтвам ад Госпада на карысьць ідалапаклонства. Але Бог паклікаў Ерамію ня толькі «губіць і разбураць», але і «ствараць ды садзіць» - заклікаць юдэяў вярнуцца да Бога. Дарэчы, гэты заклік сустракаецца ў кнізе Ераміі сорак сем разоў. Ён бачыў, як няўмольна набліжаецца Божы суд за грахі народа і ведаў, што адзіная магчымасьць пазьбегнуць жахлівых наступстваў - гэта рашуча адмовіцца ад сваіх грахоў і ў шчырасьці сэрца навярнуцца да Госпада.
Сэрца Ераміі было напоўнена больлю ад нежаданьня народа пакаяцца, як і ад таго, што хутка адбудзецца жахлівае. І таму ён вядомы нам як «прарок плачу»: «О, хто дасьць галаве маёй ваду, і вачам маім - крыніцу сьлёз! Я дзень і ноч плакаў бы па забітых у дачкі народу майго» (Ерам 9:1).
Юдэя пакінула Госпада, бо пакаяньне пры Ёсіі было толькі прыгожым рытуалам, а пры валадарах, якія былі пасьля яго, адступніцтва дасягнула апошніх межаў. І таму сэрца прарока было напоўнена горам з-за ягонай любові да свайго народа, бо ён бачыў славу Госпада і Ягоныя правы на Свой народ - правы, якія гэты народ таптаў нагамі. Гэта была невылечная рана сэрца прарока, бо ён прасіў за народ, але бачыў, што Бог не адказвае на малітвы за Ізраіля. Дзьве рэчы падтрымлівалі Ерамію. Па-першае - гэта сіла Духа Бога, якая напоўніла ягонае сэрца і якая загадала яму абвясьціць суд за беззаконьне народу, які лічыўся Божым народам. Па-другое ж - гэта адкрыцьцё апошняга дабраславеньня народу па нязьменнаму плану Госпада.
Каб у самым скарочаным выглядзе зразумець сэнс і галоўную тэму апавяданьня, якая выкладзена ў кнізе прарока Ераміі, трэба, і гэта будзе вельмі і вельмі карысным, зьвярнуцца да «Адкрытай Бібліі» (The Open Bible, рр. 741-742):
«Кніга Ераміі - гэта апавяданьне пра аднаго з самых вялікіх прарокаў, якія служылі Юдэі ў яе самыя жахлівыя часы. Ён быў пакліканы на служэньне пад час валадараньня Ёсіі, апошняга богабаязнага валадара Юдэі. Але нават рэформы Ёсіі, які дзейнічаў з самых лепшых памкненьняў, ня здолелі пераадолець адступніцтва. Дэградацыя нацыі працягвала ісьці практычна з адной і той жа хуткасьцю на працягу чатырох бязбожных валадароў, кіраваўшых пад час Ераміі. Народ юдэйскі паграз у адступніцтве і ідалапаклонстве, стаўшы яшчэ больш падступным, чым быў Ізраіль да свайго палону: «І сказаў мне Госпад: “Адступніца, дачка Ізраілева, аказалася з большаю праўдаю, чым вераломная Юдэя» (Ерам 3:11).
Ён сказіў пакланеньне сапраўднаму Богу і аддаўся духоўнай ды маральнай распусьце. Паколькі народ адмовіўся пакаяцца ці нават прыслухацца да словаў прарока, дык патрабавалася радыкальнае «хірургічнае» умяшальніцтва з боку Бога. Ерамія абвесьціў, што на Юдэю хутка абрынецца шквал Божага суда. Бабілону належала стаць зброяй суда ў руцэ Божай, і ў кнізе Ераміі гаворыцца пра бабіланянаў 164 разы - больш, чым ва ўсёй астатняй Бібліі.
На працягу сарака гадоў Ерамія абвяшчаў пра боскае асуджэньне бунтуючай і непаслухмянай Юдэі. У адказ народ праяўляў да прарока варожасьць, якая выказвалася ў зьбіцьці, адчужэньні і турэмным зьняволеньні. Спачуваньне і адчувальнасьць Ераміі падахвочвалі яго смуткаваць пра непаслушэнства народа і пра тое, што насоўваецца згуба. Ён часта намагаўся пакінуць служэньне прарока з-за таго, што яму прыходзілася гаварыць рэзкія словы, якія, да таго ж, варожа ўспрымаліся ягонымі суайчыньнікамі. Але ён застаўся на сваім служэньні да канца, стаўшы сьведкаю жудаснай долі Юдэі.
Але на змрочным фоне пагрозаў і будучага пакараньня, мы бачым адны з самых вялікіх мэсіянскіх прароцтваў Старога Запавету. Як і Ісаі, якому сто гадоў таму было дадзена ўбачыць прышэсьце Ісуса Хрыста, так гэта было дадзена і Ераміі. Бог праз Ерамію зьвяртаецца да ўсіх нас: «Вярніцеся дзеці-адступнікі, кажа Госпад, бо Я спалучыўся з вамі, і вазьму вас па адным з горада, па два з племя, і прывяду вас на Сыён. І дам вам пастыраў паводле сэрца Майго, якія будуць пасьвіць вас з веданьнем і добрым розумам. І будзе, калі вы размножыцеся і зробіцеся шматплоднымі на зямлі, у тыя дні, кажа Госпад, ня будуць казаць болей: “Каўчэг запавету Госпадавага”. Ён і не ўзгадаецца, і ня ўспомняць пра яго і ня будуць прыходзіць да яго, і яго ўжо ня будзе. У той час назавуць Ерусалім пасадам Госпада; і ўсе народы дзеля імя Госпада зьбяруцца ў Ерусалім і ня будуць болей рабіць з упартасьці злога сэрца свайго» (Ерам 3:14-17).
Калі мы будзем уважліва чытаць разьдзелы 30-33, дык пабачым прароцтва Ераміі, якое кажа нам пра Новы Запавет, згодна якому закон Божы будзе запісаны ў сэрцы дзяцей Божых, якія будуць мець цесныя зносіны з Госпадам: «Вось, настаюць дні, кажа Госпад, калі Я заключу з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет, не такі запавет, які Я заключыў з бацькамі іхнімі ў той дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх з зямлі Егіпецкай; той запавет Мой яны парушылі, хоць я заставаўся ў еднасьці з імі, кажа Госпад. А той запавет, які Я заключу з домам Ізраілевым пасьля тых дзён, кажа Госпад: “Укладу закон Мой у іхнюю нутрыну і на сэрцах іх напішу яго, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам”. І ўжо ня будуць вучыць адзін аднаго, брат - брата і казаць: “Спазнайце Госпада”, бо ўсе самі будуць ведаць Мяне, ад малога да старога, кажа Госпад, бо Я дарую беззаконьні іхнія і грахоў іхніх ўжо не ўспамяну болей» (Ерам 31:31-34).
Ерамія кажа пра Збаўцу, Які прыйдзе ў будучым з роду Давіда: «У тыя дні і ў той час узгадую Давіду Галіну праведную, - і будзе чыніць суд і праўду на зямлі. У тыя дні Юда будзе выратаваны і Ерусалім будзе жыць у бясьпецы, і дадуць імя Яму: “Госпад - апраўданьне наша!”» (Ерам 33:15-16).
Кніга прарока Ераміі вызначае яшчэ некалькі важных тэмаў, якія павінны быць засвоенымі, бо Сам Госпад прапануе нам гэта, калі кажа: «Пакліч Мяне - і Я адкажу табе, пакажу табе вялікае і недаступнае, чаго ты ня ведаеш» (Ерам 33:3):
Бог ведае ўсё і таму ніякі грэх чалавека ня можа ад Яго схавацца. Бог сьвяты і таму Ён ня будзе цярпець грахі чалавека вечна. Бог усемагутны і таму, толькі Ён можа вырашыць праблему грэху: «І ачышчу іх ад усёй бязбожнасьці іхняй, якой яны грашылі прад Мною, і дарую ўсе беззаконьні іхнія, якімі яны грашылі прад Мною і адпаліся ад Мяне» (Ерам 33:8).
Бог заклікае да сапраўднага пакаяньня: «І калі хочаш навярнуцца, Ізраіле, кажа Госпад, да Мяне навярніся, а калі адвядзеш гідоты твае ад аблічча Майго, ты ня будзеш бадзяцца. І будзеш бажыцца: “Жывы Госпад!” У судзе і праўдзе народы будуць Ім дабраслаўляцца і Ім хваліцца. Бо так кажа Госпад мужам Юды і Ерусаліма: “Узарэце сабе новыя палеткі і ня сейце сярод церня. Абрэжце сябе дзеля Госпада, і здыміце крайнюю плоць з сэрца вашага, мужы Юды і жыхары Ерусаліма, каб гнеў Мой не адкрыўся, як агонь, і не запалаў непагасна ад ліхіх нахільнасьцяў вашых» (Ерам 4:1-4).
Бог паказвае шалёнства тых, хто спадзяючыся на рэлігійныя абрады, намагаецца дагадзіць Яму і такім чынам выратоўвацца: «Як! Вы крадзяце, забіваеце і пералюбы чыніце, і божыцеся ў ілжы і кадзіце Ваалу і ходзіце сьледам за іншымі багамі, якіх вы ня ведаеце, і потым прыходзіце і становіцеся перад абліччам Маім у доме гэтым, над якім названа імя Маё, і кажаце: “Мы выратаваны”, каб і далей рабіць усе гэтыя мярзоты» (Ерам 7:9-10).
Бог паказвае існаваньне ілжэпрарокаў і тую небясьпечнась, якая зыходзіць ад іх: «Таму вось, Я - на прарокаў, кажа Госпад, якія крадуць словы Мае адзін у аднога. Вось, Я - на прарокаў, кажа Госпад, якія дзейнічаюць сваім языком, а кажуць: “Ён сказаў”. Вось, Я на прарокаў фальшывых сноў, кажа Госпад, якія расказваюць іх і ўводзяць народ Мой у аблуду сваімі падманамі і ашуканствам, тым часам як Я не пасылаў іх і не загадваў ім, і яны ніякай карысьці не прыносяць народу гэтаму, кажа Госпад» (Ерам 23:30-32).
Бог паказвае непарушнасьць Слова Свайго: «І было слова Госпадава Ерамію, пасьля таго як валадар спаліў скрутак і словы, якія Варух напісаў з вуснаў Ераміі, і сказаў яму: “Вазьмі сабе зноў другі скрутак і напішы ў ім усе ранейшыя словы, якія былі ў першым скрутку, які спаліў Ёакім, валадар Юдэйскі”» (Ерам 36:27-28).
Бог паказвае непазьбежнасьць зямных пакутаў для тых, хто знаходзіцца на баку Госпада: «Князі раззлаваліся на Ерамію і білі яго, і ўвязьнілі яго ў цямніцу, у дом Ёнатана, бо зрабілі яго цямніцаю» (Ерам 37:15).
Бог абвяшчае ласку Сваю, бо ня гледзячы на будучы палон, Ён ніколі не пакіне Ізраіля: «Таму так кажа Госпад Саваоф, Бог Ізраілеў: “Вось, Я наведаю валадара Вавілонскага і зямлю яго, як наведаў валадара Асірыйскага; і вярну Ізраіля на пашу ягоную, і будзе ён пасьвіцца на Карміле і Васане, і душа яго насыціцца на гары Яфрэмавай і ў Галаадзе”» (Ерам 50:18-19).
І ўся гэтая праўда, як і ўсе Божыя дабраславеньні, па вызваленьню Сваіх сыноў і дачок зь няволі грэху і вяртаньню ім Новага Ерусаліма мела быць выканана Госпадам нашым Ісусам Хрыстом.
Свидетельство о публикации №226042501152