Книга Пророка Исаии
«І пачуў я голас Госпада, Які сказаў: “Каго Мне
паслаць? І хто туды пойдзе за вас? І сказаў я:
“Вось я, пашлі мяне. І сказаў Ён: “Ідзі і скажы
гэтаму народу: “Слыхам пачуеце і не ўразумееце.
Вачыма глядзецьме, і ня ўбачыце”» (Іс 6:8-9).
Мы падыйшлі да апошняй асноўнай часткі Старога Запавету - да прароцкіх кнігаў. Гэтая частка Пісаньня, у складзе прароцкіх кніг, падзяляецца на так званых «вялікіх» і «малых» прарокаў. Трэба зазначыць, што гэтае падзяленьне грунтуецца выключна на колькасьці стронак той ці іншай кнігі, а не па часу і значнасьці разважаньня над Божай праўдай ці выказанымі прароцтвамі. Але тое, што кніга прарока Ісаі стаіць першай ня ёсьць выпадковасьцю, бо, па-першае, гэта самая вялікая прароцкая кніга, а па-другое, гэта самая завершаная і, магчыма, самая багатая па думцы, бо думка Бога адносна Ізраіля ў найбольшай ступені праяўляецца менавіта ў гэтай кнізе. Трэба, аддаючы належнае кожнаму іншаму прароку Госпада, сказаць, што яны, кожны ў свой час, займаліся пэўнымі момантамі жыцьця свайго народу, у той час як Ісая паказваў найбольш поўную карціну сучаснасьці і будучыні народа.
Аднойчы вялікі Аўгустын запытаў Амбросія адносна таго, якая са Сьвятых кніг найлепшая для вывучэньня пасьля навяртаньня да Ісуса Хрыста. Адказ быў вельмі кароткі: «Ісая». І гэта відавочна для многіх, бо ў гэтай кнізе найбольш ярка праяўляецца ласка Божая. Неафіцыйна, кнігу прарока Ісаі называюць «Эвангельле паводле Ісаі», а яе аўтара «пятым эвангелістам» і «прарокам адкупленьня».
Кніга прарока Ісаі названая імем самога прарока, якое азначае «Госпад ёсьць збаўленьне». Мы лічым, што кніга напісаная самім прарокам, нягледзячы на існуючыя кропкі погляду на аўтарства ў дасьледчыкаў розных вякоў. Талмуд (Baba Bathra 15) кажа: «Эзэкія і тыя, хто быў з ім, напісалі кнігу прарока Ісаі, кнігу Прыповесьцяў, Найвышэйшую песьню і Эклезіяста». Але, згодна Талмуда, гэта азначае ня што іншае як тое, што людзі Эзэкіі склалі ў адну кнігу ўсе прароцтвы Ісаі і выдалі яе.
Ісая быў прарокам у Юдэйскім валадарстве. Ён нарадзіўся ў Ерусаліме ў 760 годзе да Р.Х. у вельмі вяльможнай сям’і і паходзіў з валадарскага роду. Бацька Ісаі Амос быў малодшым сынам Ёаса, валадара Юдэйскага. Чалавек моцнай волі, Ісая, быў даволі высокім чыноўнікам і меў магчымасьць уплываць на важныя справы Юдэйскага валадарства. Ён ажаніўся на жанчыне, якая дапамагала яму ў ягоным прароцкім служэньні: «Вось я і дзеці, якіх даў мне Госпад, мы як азнакі і папярэджаньні ў Ізраілі ад Госпада Саваофа, Які жыве на гары Сыён» (Іс 8:18).
Чаму дзеці і жонка Ісаі абвяшчаюцца азнакамі і папярэджваньнямі ў Ізраілі? Справа тут у тым, што жонка прарочыца і два сына дадзены Ісаю непасрэдна ад Госпада: «І сказаў мне Госпад: “Вазьмі сабе вялікі сувой і накрэсьлі на ім чалавечымі пісьмёнамі: “Мар-шэлал-хаш-баз (прысьпешвае – рабунак – паскарае – здабыча)”. І ўзяў сабе верных сьведкаў: Урыю сьвятара і Захарыю, сына Варахіінавага, - і наблізіўся я да прарочыцы, і яна зачала і нарадзіла сына. І сказаў мне Госпад: “Назаві яго імем Мар-шэлал-хаш-баз, бо перш, чым дзіця навучыцца вымаўляць: “Бацька мой, маці мая”, багацьці Дамаска і здабычы Самарыйскія панясуць перад валадаром Асірыйскім» (Іс 8:1-4). Гэта кажа пра тое, што імя першага сына Ісаі сымбалязавала суд над Ізраілем і гэтым давала папярэджаньне Юдэі.
Другі ж сын Ісаі атрымаў імя Шэарасуў (рэшта вернецца), якое давала Юдэям надзею: «І сказаў Госпад Ісаю: “Выйдзі ты і сын твой Шэарасуў насустрач Ахазу, да канца канала верхняй сажалкі, на дарогу да поля бялільнага, і скажы яму: “Сачы і будзь спакойны. Ня бойся і хай не западае сэрца тваё і не палохаецца гэтых двух недагарэлых дымных галавешак, ад распаленага гневу Рэцына і Сірыянаў, і Сына Рэмаліінавага» (Іс 7:3-4), як у той неспакойны час, так і на час Бабілонскага палону.
Ісая быў пакліканы на прароцкае служэньне ў апошні год валадараньня Озіі: «У год сьмерці валадара Озіі бачыў я Госпада, Які сядзеў на пасадзе высокім і ўзьнесеным, і краі шатаў Ягоных напаўнялі ўвесь храм» (Іс 6:1). Гэта значыць, што пакліканьне адбылося ў 740 годзе да Р.Х., калі Ісаі было дваццаць гадоў. Шэсьцьдзесят гадоў працаваў Ісая ў прароцкім служэньні пад час валадараньня Ёатама, Ахаза і Эзэкіі і памёр пакутлівай сьмерцю (распілаваны пілою) на пачатку валадараньня бязбожнага Манасіі: «Былі пабіваныя камянямі, пілаваныя, катаваныя, паміралі ад меча, блукалі ў авечых і казіных скурах, цярпелі нястачы, уціскі, азлабленьне» (Геб 11:37).
Час жыцьця і служэньня Ісаі можна вызначыць як неспакойныя і небясьпечныя, бо тагачасная вялікая дзяржава Асірыя захапіла Ізраільскае валадарства і спрабавала зьдзейсьніць захоп Юдэі пад час валадара Эзэкіі, але Бог, тым часам, не аддаў Юдэю на пакараньне: «І прыйшлі слугі валадара Эзэкіі да Ісаі. І сказаў ім Ісая: “Дык скажэце гаспадару вашаму”. Так кажа Госпад: “Ня бойся слоў, якія ты чуў, якімі бэсьцілі Мяне слугі валадара Асірыйскага. Вось, Я пашлю ў яго дух, і ён пачуе вестку і вернецца ў зямлю сваю, і Я заб’ю яго мечам у зямлі ягонай”» (Іс 37:5-7).
Прарок Ісая памёр раней за паланеньне Юдэі, але ён прадказаў гэта: «І сказаў Ісая Эзэкіі: “Выслухай словы Госпада Саваофа: “Вось, прыйдуць дні, і ўсе, што ёсьць у доме тваім і што назьбіралі бацькі твае да гэтага дня, будзе зьнесена ў Бабілон; нічога не застанецца, кажа Госпад. І возьмуць з сыноў тваіх, якія выйдуць з цябе, якіх ты народзіш, - і яны будуць еўнухамі ў палацы валадара Бабілонскага”» (Іс 39:5-7). Ісая прадказаў ня толькі палон, але і збаўленьне: «Які кажа пра Кіра: “Пастыр Мой”, і ён выканае ўсю волю Маю і скажа Ерусаліму: “Ты будзеш пабудаваны!” і храму: “Ты будзеш заснаваны!”» (Іс 44:28).
Кніга прарока Ісаі – асаблівая кніга, бо гэта вялікае Божае адкрыцьцё і дабраславеньне. Новы Запавет цытуе вытрымкі з кнігі Ісаі шэсцьдзесят пяць разоў, што нашмат болей за любога іншага прарока Старога Запавету. А вось цікавы падлік дасьледчыкаў Бібліі. Ісая карыстаецца найбольшым слоўным запасам адносна іншых сваіх суайчыньнікаў. Пры напісаньні кнігі ён выкарыстаў 2186 слоў, у той час як аўтары Псальмаў абыходзяцца 2170 словамі. Прарок Ерамія выкарастоўвае 1653 слова, а Езэкііль - 1535 слоў. Дарэчы, прыхільнікам беларускай мовы цікава будзе даведацца, што згодна Вялікага слоўніка беларускай мовы Х. Піскунова, выдадзенага ў 2013 годзе, беларуская мова зьмяшчае ў сабе 223000 словаў. І таму ня трэба адмаўляцца ад такога багацьця, якое даў нам Бог як Сваё дабраславеньне.
Трэба зазначыць яшчэ адну асаблівасьць кнігі прарока Ісаі. Многія хрысьціяне лічаць гэтую кнігу Бібліяй ў мініяцюры. І не безпадстаўна. У пацьверджаньне гэтага давайце параўноўваць. Біблія складаецца з шасьцідзесяці шасьці кніг, якія падзяляюцца на трыццаць дзевяць кніг Старога Запавету і дваццаць сем кніг Новага Запавету. Кніга прарока Ісаі складаецца з шасьцідзесяці шасьці разьдзелаў, падзеленых на дзьве часткі. Першая частка складаецца з трыццаці дзевяці разьдзелаў, а другая – з дваццаці сямі.
Як мы ўжо вызначылі, кніга Ісаі падзяляецца на дзьве часткі. Частка першая, якая складаецца трыццаці дзевяці разьдзелаў, абвяшчае пра будучы суд Божы з-за існуючых грахоў народа; другая ж частка напісана, каб суцешыць тых, хто быў уведзены ў Бабілонскі палон. Друга частка кнігі Ісаі суцяшае народ, паказваючы на будучага Мэсію.
Частка першая. Прароцтва пра сучаснае (1:1-39:8).
Ісая прарочыць пра суд, які адбудзецца над ягонымі сучасьнікамі і гэтае прароцтва мы павінны таксама падзяліць яшчэ на чатыры часткі:
Прароцтва пра суд над Юдэяй (1:1-12:6). Разьдзелы гэтай часткі зьмястуюць пакліканьне Ісаі на прароцкае служэньне (6:1-13) і «Кнігу Эмануіла» (7:1-12:6), у якой Ісая прарочыць пра Ісуса Хрыста.
Прароцтва пра суд над іншымі народамі, якія атачалі Юдэйскае валадарства (13:1-24:23).
Прароцтва і гімны, якія заклікаюць да веры ў Бога (25:1-35:10).
Апісаньне гістарычных падзеяў, якія адбываліся пад час жыцьця прарока Ісаі (36:1-39:8).
Частка другая. Прароцтва пра будучыню (40:1-66:24).
Ісая прарочыць пра суцяшэньне, якое будзе дадзена будучым пакаленьням і гэтае прароцтва мы таксама падзяляем на тры часткі:
Прароцтва пра будучае збаўленьне (40:1-48:22).
Прароцтва пра прышэсьце Мэсіі (49:1-57:21).
Прароцтва пра будучыню ў славе (58:1-66:24).
Мэта вялікага прароцтва Ісаі ў тым, каб паказаць, што збаўленьне даецца толькі па Божай ласцы, а не нейкімі высілкамі чалавека. І гэта мы бачым нават у імені прарока - «Госпад ёсьць збаўленьне», але пра гэта кажуць і ягоныя разважаньні: «Сыён уратуецца правасудьдзем, і навернутыя сыны яго - справядлівасьцю. А ўсім адступнікам і грэшнікам - пагібель, і тыя, што пакінулі Госпада, вынішчацца» (Іс 1:27-28). Гэтыя вершы адкрываюць тэму, якую Ісая разьвівае далей і, па сутнасьці, другая частка кнігі - гэта агульны разгляд гэтай думкі. Але агульная мэта кнігі прарока Ісаі складаецца з лакальных мэтаў, якія складаюцца ў адну:
Веліч і слава Госпада (6:1-5; 40:12-31).
Божыя патрабаваньні да сур’ёзных рэлігійных адносінаў і справядлівасьці ў грамадзтве (1:1-23; 3:13-23).
Спадзяваньне на Божую, а не чалавечую мудрасьць (25:9; 26:3-9; 30:1-3; 31:1-3).
Шалёнства ідалапакланеньня (40:21-29; 44:9-20).
Клопат Госпада і спачуваньне да Свайго народу (40:11; 41:10; 43:2-4).
Чаканьне Ісуса Хрыста.
Кніга прарока Ісаі - гэта кніга Старога Запавету, якая найлепшым чынам кажа нам пра Госпада Ісуса Хрыста. І калі мы зьвернемся да Новага Запавету, дык убачым, што прароцтва Ісаі адносна Хрыста зьдзейсьніліся амаль што па напісанаму прарокам. Паглядзем на некаторыя прароцтвы Ісаі, якія пацьвердзіліся ў Новым Запавеце:
«Дык вось сам Госпад дасьць вам азнаку: “Вось, Дзева ва ўлоньні зачне і народзіць Сына, і дадуць імя Яму :Эмануэль”» (Іс 7:14).
«Але калі ён падумаў гэтае, вось анёл Госпадаў зьявіўся яму ў-ва сьне і сказаў: “Язэп, сыне Давідаў! Ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо Тое, што нарадзілася ў ёй, ёсьць ад Духа Сьвятога. Вось жа народзіць Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён збавіць народ Свой ад грахоў іхніх”. А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: “Вось дзева прыйме ва ўлоньне і народзіць Сына; і дадуць Яму імя Эммануэль, гэта значыць: З намі Бог”» (Мац 1:20-23).
«Ранейшы час зьняцэніў зямлю Забулёнавую і зямлю Нэфталімавую, а далейшы праславіць дарогу прыморскую, зямлю заярданскую, Галілею паганскую. Народ, які хадзіў у цемры, убачыў сьвятло вялікае; на жыхароў краіны ценю сьмяротнага сьвятло зазьзяе» (Іс 9:1-2).
«А пачуўшы, што Ян у вязьніцы, Ісус адыйшоў у Галілею. І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і асеў у Капэрнауме прыморскім, у гарадах Забулёна і Нэфталі, каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:”Зямля Забулёна і зямля Нэфталі, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея паганская, народ, які сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і тым, што сядзелі ў краіне і ценю сьмерці, сьвятло зазьзяла» (Мац 4:12-16).
«Бо дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам, уладарства на плячах у Яго, і дадуць імя Яму: Дзівосны, Дарадца, Бог Моцны, Бацька вечнасьці, Князь Міру» (Іс 9:6).
«І сказаў ім анёл: “Ня бойцеся! Бо вось, Я дабравешчу вам вялікую радасьць, якая будзе ўсяму народу, бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Госпад» (Лук 2:10-11).
«І спачне на Ім Дух Гаспадаў, дух мудрасьці і розуму, дух рады і моцы, дух пазнаньня і пабожнасьці» (Іс 11:2).
«І Дух Сьвяты зыйшоў на Яго ў цялесным выглядзе, як голуб, і быў голас з неба, кажучы: “Ты - Сын Мой Улюбёны; у Табе Я маю ўпадабаньне”» (Лук 3:22).
«Пасьля таго кажа Госпад Бог: “Вось, Я закладаю на Сыёне камень, - камень выпрабаваньняў, вуглавы, каштоўны, моцны спод. Хто верыць у яго, не пасаромеецца» (Іс 28:16).
«Падыходзячы да Яго, жывога Камяня, адкінутага людзьмі, але выбранага Богам, каштоўнага, і самі, як жывыя камяні, будуйцеся ў дом духоўны, сьвятарства сьвятое, каб узносіць духоўныя ахвяры, адпаведныя Богу, праз Ісуса Хрыста, дзеля гэтага і зьмешчана ў Пісаньні: “Вось, Я кладу ў Сыёне кутны Камень, выбраны, каштоўны, і хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены”» (1 Пят 2:4-6).
«Я, Госпад, паклікаў Цябе ў праўду, і буду трымаць Цябе за руку і ахоўваць Цябе, і пастаўлю Цябе запаветам народу, сьвятлом паганам» (Іс 42:6).
«Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Уладару, паводле слова Твайго, у супакоі, бо бачылі вочы мае збаўленьне Тваё, якое прыгатаваў Ты перад абліччам усіх народаў, сьвятло для асьветы паганаў, і славу народа Твайго - Ізраіля» (Лук 2:29-32).
«Я аддаў хрыбет Мой тым, што б’юць, і шчокі Мае - пабойцам; твару Майго не засланяў ад кляцьбы і апляваньня» (Іс 50:6).
«Тады плявалі Яму ў аблічча і білі Яго; а іншыя білі Яго па шчоках» (Мац 26:67). «Тады ён вызваліў ім Барнаббу, а Ісуса убічаваўшы выдаў, каб быў укрыжаваны» Мац (27:26). «І тыя, што плявалі на Яго, узялі трысьціну, і білі па галаве Ягонай» (Мац 27:30).
«Дух Госпада Бога на Мне, бо Госпад памазаў Мяне зьвеставаць убогім, паслаў Мяне ацаляць зломленых сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне і вязьням - адкрыцьцё цямніцы, прапаведаваць год Госпадаў прыемны і дзень помсты Бога нашага, суцешыць усіх, хто бядуе» (Іс 61:1-2).
«І далі Яму кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана: “Дух Госпада на Мне; бо Ён памазаў Мяне дабравесьціць убогім, паслаў Мяне аздараўляць скрышаных сэрцам, абвяшчаць вязьням вызваленьне і сьляпым - вяртаньне зроку, пусьціць змучаных на свабоду і абвяшчаць год Госпадаў прыемным”. І загарнуўшы кнігу, аддаў паслугачу і сеў; і вочы ўсіх у сынагозе былі зьвернуты на Яго. А Ён пачаў гаварыць ім: “Сёньня споўнілася пісаньне гэтае ў вушах вашых» (Лук 4:17-21).
Але самым узвышаным і велічным прыкладам зьдзяйсьненьня прароцтваў Ісаі зьяўляецца разьдзел 53 кнігі прарока. Восем з дванаццаці вершаў гэтага разьдзелу цытуюцца ў Новым Запавеце (1, 4-9, 11). Разьдзел 53 можна ўмоўна падзяліць на тры часткі: жыцьцё Хрыста (1-3); сьмерць Хрыста (4-10) і вынікі Ягонай сьмерці (10-12). І кожнае дадзенае тут прароцтва адлюстравалася ў Новы Запавеце:
«Але Ён паранены быў за грахі нашыя і пакутаваў за беззаконьні нашыя; кара сьвету нашага была на Ім, і ранамі Яго мы ацаліліся» (Іс 53:5).
«Ён грахі нашыя Сам узьнёс у Целе Сваім на дрэва, каб мы, памёршы дзеля грахоў, жылі ў праведнасьці: ранамі Ягонымі вы аздароўленыя» (1 Пят 2:24).
«Ён катаваны быў, але цярпеў з добрай волі і не размыкаў вуснаў Сваіх» (Іс 53:7).
«А Ісус маўчаў. І, адказваючы, першасьвятар сказаў Яму: “ЗаклінаюЦябе Богам жывым, каб Ты сказаў нам, ці Ты – Хрыстос, Сын Божы”» (Мац 26:63).
«Яму выраклі магілу са зладзеямі, але Ён пахаваны ў багатага» (Іс 53:9).
«А клі настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, які таксама быў вучнем Ісуса. Ён падыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісуса. Тады Пілат загадаў аддаць цела. І, узяўшы цела, Язэп абкруціў Яго чыстай палатнінаю і палажыў Яго ў сваёй новай магіле, якую ён высек у скале; і, прываліўшы вялікі камень да ўваходу ў магілу, адыйшоў» (Мац 27:57-60).
«Бо ня ўчыняў грэху, і ня было маны ў вуснах Ягоных» (Іс 53:9).
«Ён не зрабіў ніякага грэху, і не было падступу ў вуснах Ягоных» (1 Пят 2:22).
«І да зладзеяў залічаны быў» (Іс 53:12).
«І разам з Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго праваруч, другога леваруч Яго. І споўнілася Пісаньне: “І да беззаконьнікаў залічаны» (Мар 15:27-28).
«Тады як Ён панёс на Сабе грахі многіх і за злачынцаў зрабіўся хадайнікам» (Іс 53:12).
«Ісус жа сказаў: “Ойча! даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць”» (Лук 23:34).
Ісая кажа пра тое, што Ісусу Хрысту належала памерці не за Свае грахі, але за грахі Сваіх людзей. Жудаснай сьмерцю. І гэта кажа пра тое, што Хрыстос павінен быў памерці ня так, як паміраюць звычайныя людзі. Ягоная сьмерць павінна была набыць такі сэнс, якой ня мела ні адна іншая сьмерць ва ўсёй гісторыі чалавецтва. Ісус Хрыстос павінен быў памерці за грэшнікаў, заняць іхняе месца і панесьці на Сабе іхняе пакараньне.
Мы бачылі прароцтва Ісаі, якія ўжо адбыліся на гэтай зямлі. Але ёсьць і тое, што яшчэ павінна здарыцца: «Бо вось, Я ствараю новае неба і новую зямлю, і ранейшыя ўжо ня будуць успамінацца і ня прыйдуць на сэрца. А вы будзеце весяліцца і радавацца вавекі з таго, што Я ствараю: бо вось, Я ствараю Ерусалім вясёласьцю і народ яго радасьцю. І буду радавацца за Ерусалім і весяліцца за народ Мой, і не пачуецца ў ім болей голасу плачу і голасу ляманту. Там ня будзе болей малалетняга і старога, які не дасягнуў бы паўнаты дзён сваіх; бо стогадовы памірацьме юнаком, але стогадовы грэшнік будзе праклінацца. І будуць будаваць дамы і жыць у іх, і садзіць вінаграднікі і есьці плады іх. Ня будуць будаваць, каб іншы жыў, ня будуць садзіць, каб іншы еў; бо дні народу Майго будуць, як дні дрэва, і выбранцы Мае доўга будуць карыстацца вырабам рук сваіх. Ня будуць працаваць марна і нараджаць дзяцей на гора; бо будуць насеньнем, дабраславёным ад Госпада, і нашчадкі іхнія з імі. І станецца, што раней чым яны паклічуць, Я адкажу; яны яшчэ будуць гаварыць, і Я ўжо пачую. Воўк і ягня будуць пасьвіцца разам, і леў, як вол, будзе есьці салому, а зьмяі пыл будзе ежаю; яны ня будуць учыняць ліха і шкоды на ўсёй сьвятой гары Маёй, кажа Госпад» (Іс 65:17-25).
Безумоўна тое, што ўсё гэта адбудзецца, бо так запланаваў Бог. Але ці не адбываецца гэта ўжо сёньня? Ці не апісаньне гэта Божага Валадарства, якое ствараецца ўжо сёньня? Ўжо ствараецца новае неба і новая зямля, якая ўсё больш і больш засяляецца новымі людзьмі - людзьмі Ісуса Хрыста, хрысьціянамі. Паглядзеце у іхнія вочы і ветлівыя твары - яны асьвячоныя радасьцю прысутнасьці Ісуса Хрыста. Паглядзіце з якой любоўю яны ставяцца адзін да аднога, да і наогул, да любога Божага сьварэньня. Гэта план Божы для выбраных Сваіх. Бог хоча, каб мы вярнулі тое, што згубілі ў Адаме, бо тое, пра што мы чытаем у гэтым прароцтве - гэта тая згубленая рэальнасьць, якая была дадзена ад пачатку чалавеку. Бог хоча, каб мы памерлі ў Адаме і нарадзіліся ў Ісусе Хрысьце, каб тыя абяцаньні, якія дадзены нам у прароцтве Ісаі, мы здолелі атрымаць ва ўсёй сваёй паўнаце.
Свидетельство о публикации №226042500120