Плач Иеремии
«Юда ў выгнаньні, у цярпеньнях і ў цяжкай няволі,
пасяліўся сярод паганаў, і не знаходзіць супакою
сабе; усе, хто яго перасьледаваў, дагналі яго ў
цясьнінах. Шлях да Сыёна ў жалобе, не пасьпяшае
ніхто на сьвята, усе апусьцелі брамы і сьвятары яго
енчаць, дзяўчаты ягоныя ў смутку, горка й самому
яму» (Плач 1:3-4).
Ераміін плач - гэта кніга смутку і журбы. Яна была напісаная пасьля таго, як Юдэя была пакараная згодна прароцтваў Ераміі і іншых верных прарокаў. Валадар Бабілонскі захапіў і зьнішчыў Ерусалім, а большасьць жыхароў Юдэі была прымусова ўведзена ў Бабілон. Кніга плачу Ераміі дае нам тое, што мы мала разумеем - адчуваньне такіх людзей, як Ерамія, якія бачылі на свае ўласныя вочы, як разбураецца храм і як валадара, сьвятароў разам з народам Юды захоплівае іхні ідалапаклонны вораг. І якія, пры гэтым, разумелі, што гэтае разбурэньне - гэта дадзенае ім пакараньне, ёсьць праява справядлівасьці Божай. Кніга паказвае нам той чульлівы інтарэс, які праяўляе Бог у адносінах да пакутаў Свайго народа з-за іхніх грахоў. Бог пакутуе ў іхніх пакутах і таму Ён дзейнічае ў сэрцах тых, чыі вусны Ён выкарыстоўвае, каб вызначыць пачуцьці, якія Ён абуджае ў іхніх сэрцах.
Назва кнігі адпавядае яе аўтару - Ераміі. Але, гэта тычыцца перакладу, бо першапачатковая назва ў гебрайскай Бібліі дадзена па першаму слов кнігі – «Як» (Echah). Першыя пераклады з гебрайскай мовы даюць іншыя назвы, якія пачынаюцца словам «Сьлёзы» (Threni). Менавіта такую назву дае грэцкі пераклад Бібліі. Ангельскі ж пераклад дадае да гэтага імя самога прарока і гучыць як «Сьлёзы Ераміі».
Кніга Ераміін плач складаецца з пяці паэмаў, якія адпавядаюць пяці разьдзелам кнігі. Кожная паэма (разьдзел) мае форму акравершу, дзе літары старажытняга гебрайскага алфавіту пасьлядоўна пачынаюць вершы разьдзела. Колькасьць вершаў «вонкавых» разьдзелаў (1,2,4,5) вызначаецца лічбаю дваццаць два, што адпавядае колькасьці літараў гебрайскага алфавіту. Сярэдні разьдзел (3) мае шэсьцьдзесят шэсьць вершаў і таму кожныя тры вершы пачынаюцца з адной літары гебрайскага алфавіту. Але трэба разумець, што ўсё гэта тычыцца толькі арыгінальнага гебрайскага тэксту паэмаў (разьдзелаў) кнігі плачу Ераміі «Як».
Асноўная мэта кнігі Ераміін плач - гэта пачуцьці чалавека, які шчыра верыў у тэакратыю і ягонае успрыманьне на зьнішчэньне тэакратычнай дзяржавы. Народ да такой ступені запэцкаўся ў беззаконьні, што Бог пакінуў Свой зямны Храм і аддаў Ерусалім на разбурэньне сілам зла. Горка наракаючы на беззаконьні народа, аўтар разумее, што Бог справядлівы і таму заклікае да пакаяньня. Але, у той жа час, ён бачыць вялікую жорсткасьць рабаўнікоў і таму заклікае да помсты за злачынства супраць Божага народа.
Кніга Ераміін плач - адна з самых трагічных кніг Бібліі, бо паказвае, як народ, ад якога павінна было прыйсьці збаўленьне, апынуўся ў такой распусьце, што Бог вырашыў зьнішчыць тую зьнешнюю форму тэакратыі, у якой жыў гэты народ: «Які асамотнены горад, людны калісьці! Ён нібы аўдавеў. Вялікі паміж народамі, уладца краін адрабляе даніну. Горка плача ён уначы, і сьлёзы яго па шчоках бягуць. Ня мае суцешніка сярод тых, што любілі яго. Усе сябры яму здрадзілі, яму сталіся ворагамі» (Плач 1:1-2).
Як ужо сказана вышэй, кніга Ераміін плач складзена з пяці паэмаў і ў кожнай з гэтых паэмаў ёсьць свая асабістая тэма:
• Разьдзел 1 – спусташэньне Ерусаліма.
Кранальней за ўсё - гэта пачуцьці ўпэўненага сэрца, што пакутніка любіць Бог і што Ён любіць тое, што абавязаны парушыць. Ерамія, адкрываючы пакуты Ерусаліма, абвяшчае, што да іх прывёў грэх народа. Але, ці мог ад гэтага паменьшыцца смутак ягонага сэрца? Калі, з аднога боку, гэта было суцяшэньнем, дык з другога - гэта зьнішчала і пагарджала, бо прымушала хавацца ад ворага: «Увесь народ ягоны ўздыхае, шукаючы хлеба, за ежу багацьці свае аддае, каб душу ўмацаваць: “Паглядзі, Госпадзе, і падзівіся, які я пагарджаны!”» (Плач 1:11). Гордасьць і радасьць ворага ад пакутаў Божага народа, дазваляюць прасіць Госпада міласьці за пакутнікаў і пакараньня ворагаў за жорсткасьць і зло: «Хай стане перад аблічча Тваё ўся іхняя злосьць; і ўчыні з імі гэтаксама, як Ты са мною ўчыніў за грахі мае, бо цяжкія стагноты мае, і сэрца маё зьнемагае» (Плач 1:22).
• Разьдзел 2 – гнеў Госпада.
«І як спахмурніў Госпад у гневе Сваім дачку Сыёна! Скінуў з нябёсаў на зямлю красу Ізраіля і не ўзгадаў пра падножжа ног Сваіх у дзень гневу Свайго. Загубіў Госпад усе селішчы Якуба, не ўмілажаліўся, разбурыў у лютасьці Сваёй умацаваньні дачкі Юдавай, скінуў на зямлю, адкінуў валадарства і князёў ягоных, як нечысьць; У запале гневу зламаў моц Ізраіля, адвёў правіцу сваю ад непрыяцеля і загарэўся ў Якубе, як зьнішчальны агонь, што пажыраў усё навокал; напяў лук Свой, як непрыяцель, накіраваў правіцу Сваю, як вораг, і забіў усё, вачам вабнае. На палатку дачкі Сыёна выліў лютасьць Сваю, як агонь. Госпад зрабіўся як непрыяцель, зьнішчыў Ізраіля, спустошыў усе харомы ягоныя, разбурыў умацаваньні яго, і памножыў дачцэ Юдавай смутак і плач» (Плач 2:1-5).
Другая паэма кнігі – гэта вельмі глыбокі і кранальны заклік. Мы бачым, што спусташэньне Ерусаліма - гэта праца Госпада, а ня дзеяньне ворага. Ня бачыла Юдэя яшчэ такой журбы, бо Бог ня толькі адкінуў валадарства і князёў ягоных, але Ён разбурыў таксама і сьвятыню Сваю: «І адабраў агароджу Сваю, як у садзе, разбурыў сьвятыню Сваю, прымусіў Госпад разбурыць на Сыёне сьвяты і суботы. У абурэньні гневу Свайго адкінуў валадара і сьвятара» (Плач 2:6).
Мы бачым, што ўзаемаадносіны Бога і народа залежалі ад вернасьці і паслушэнства апошняга. І таму мы спасьцігаем вельмі важны прынцып служэньня Ераміі, які дае нам зразумець, чаму Бог адвяргае Сваё. Ерамія тлумачыць, чаму Госпад гневаецца на гэты горад, але і заклікае народ шукаць Яго: «Зьдзейсьніў Госпад, што прадвызначыў, спраўдзіў слова Сваё, сказанае калісьці, спустошыў бяз літасьці і даў ворагу парадавацца над табою, узьнёс моц тваіх супастатаў. Сэрца лямантуе да Госпада: “Сьцяна дачкі Сыёна! Лі ручаём сьлёзы дзень і ноч, не давай сабе супакоіцца, не давай спачыну зрэнкам вачэй тваіх. Уставай, кліч сярод ночы, на пачатку кожнае варты. Вылівай, як ваду, сэрца тваё прад Госпадам; да Яго цягні рукі твае за душу тваіх дзетак, што канаюць з голаду на рагах усіх вуліц» (Плач 2:17-19).
• Разьдзел 3 – смутак і суцяшэньне Ераміі.
Гэта самая вялікая паэма кнігі, якая складаецца з шасьцідзесяці шасьці вершаў. Але яна вызначаецца яшчэ і тым, што падзяляецца на тры часткі:
Частка першая - вершы 1-21, дзе Ерамія кажа пра сваё асабістае пачуцьце смутку. Ён больш ня кажа за Сыён, але ягонае асабістае гора зьвязанае з людзьмі, нягледзячы на тое, што ён быў для гэтых жа людзей мэтаю для насьмешак і зьдзекаў з-за сваёй любові да іх і з-за сваёй веры ў Бога: «Я чалавек, які зьведаў гора ад жазла Твайго гневу: Ён павёў мяне і ўвёў у цемру, а не ў сьвятло» (Плач 3:1-2). Далей прарок выказвае расчараваньне і прыніжэньне, хаця Бог і зьяўляецца адзіным сховішчам веруючага чалавека. І вось, настае пераломны момант і Ерамія выказвае ўпэўненасьць і надзею: «Падумай пра цярпеньні мае, пра гароту маю, пра жоўць і палын. Цьвёрда памятае душа мая і ападае ўва мне. Вось, што я адказваю сэрцу майму і таму спадзяюся» (Плач 3:19-21).
Частка другая – вершы 22-42, дзе закладаецца надзея ў сэрца Ераміі: «З міласьці Госпада мы ня зьніклі, бо ня вычарпаўся Яго мілажаль. Ён аднаўляецца кожнае раніцы. Вялікая вернасьць Твая. Госпад частка мая, спадзявацьмуся ж на Яго» (Плач 3:22-24). Спадзяваньне на Госпада мацуецца ў сэрцы прарока і праз самаасуду ён дае адзнаку дзеяньню народа і рэакцыі Госпада: «Навошта наракае чалавек жывы? Кожны хай наракае на грахі свае. Выпрабуем і дасьледуем шляхі свае, і зьвернемся да Госпада. Узьнясём сэрца наша і рукі да Бога, сутнага на нябёсах. Мы адпалі і ўпарціліся, Ты ня зьлітаваўся» (Плач 3:39-42).
Частка трэцяя – вершы 43-66, дзе Ерамія, без усякіх упрыгожваньняў кажа пра шлях незадавальненьня Бога Сваім народам. І гэта была праўда, хаця і непрыемная для ўсьведамленьня: «Ты пакрыў Сябе гневам і перасьледаваў нас, забіваў, не шкадуючы. Ты засланіў Сябе хмарай, каб не даходзіла наша малітва. Сьмецьцем і мярзотаю Ты зрабіў нас сярод народаў» (Плач 3:43-45). Але малітва можа мець сілу і яна здольная дасягнуць Госпада нават і пры такіх узаемаадносінах са Сваім народам: «Я заклікаў імя Тваё, Госпадзе, з ямы глыбокай. Ты чуў голас мой, не затулі Тваё вуха ад уздыханьня майго, ад енку майго! Ты набліжаўся, калі я клікаў Цябе, і казаў: “Ня бойся”» (Плач 3:55-57). Ерамія моліцца за справядлівае кіраваньне Богам на зямлі: «Аддай ім, Госпадзе, паводле дзеяў рук іхніх. Пашлі ім памрочышча сэрца і пракляцьце Тваё на іх. Перасьледуй іх, Госпадзе, гневам Тваім, і вынішчы іх з паднябеснай» (Плач 3:64-66). Прарок упэўнены, што так і будзе, бо калі Бог збаўляе праведных пасылаючы ім цяжкасьці, дык што будзе з няверуючымі, якіх кранецца Ягоная асуда?
• Разьдзел 4 – аблога Ерусаліма.
«Як паблякла золата, як зьмянілася золата высакароднае! Камяні сьвяцілішча рассыпаны па ўсім ростаням. Сыны Сыёна каштоўныя, роўныя шчыраму золату, цяпер як чарэп’е глінянае цэняцца, як вырабы рук ганчара!» (Плач 4:1-2).
Немагчыма разглядаць плач Ераміі толькі з гістарычнай кропкі погляду, бо існуе маральная напоўненасьць гэтага жудаснага здарэньня - пакутаваў выбраны Богам, але грэшны народ. Гэта быў прысуд Бога супраць Ерусаліма за ягоныя мярзотныя грахі. Немагчыма зьбегчы ад рукі Госпада, якая працягнулася супраць Свайго народу, бо грахі апошняга настолькі глыбокія, што няма ніякага сэнсу адмаўляць гэта: «Спраўдзіў Госпад Свой гнеў, выліў лютасьць гневу Свайго і запаліў на Сыёне агонь, які зжэр асновы яго» (Плач 4:11).
Але і жорсткасьць ганіцелей не застанецца бяз Божага пакараньня і дачцэ Эдома будзе ня меньшае, калі прыйдзе час быць пакаранаю: «Радуйся і весяліся, дачка Эдома, жыхарка зямлі Уц! І да цябе дойдзе чара. Уп’ешся й аголішся. Дачка Сыёна! Скончыцца кара за беззаконьне тваё. Ён цябе болей не гнацьме, а тваё беззаконьне, дачка Эдома, Ён адкрые і пакарае яго» (Плач 4:21-22).
• Разьдзел 5 – малітва жыхароў Ерусаліма.
Пятая паэма кнігі адрозьніваецца ад папярэдніх, бо набліжаецца па характару да малітвы, а таксама да сьціслага сумаваньня тых бядотаў, якія пералічваліся вышэй: «Успомні, Госпадзе, што над намі зьдзейсьнілася. Паглядзі, падзівіся на паганьбеньне нашае. Спадчына нашая перайшла да чужых, дамы нашыя да іншапляменцаў. Мы асірацелі, бяз бацькі, маці нашыя - аўдавелі» (Плач 5:1-3).
Так сумна зьдзейсьніліся папярэджаньні Ераміі. Але, якое сховішча мае чалавек веруючы як ня ў Госпадзе?: «Ты, Госпадзе, жывеш вечна. Пасад Твой - род у род» (Плач 5:19). Бог карае, каб мы зразумелі правіны нашыя, а вера набывала дабраславеньне нават у пакутах, заклікаючы да Госпада: «Навярні нас да Цябе, Госпадзе, і мы навернемся. Абнаві дні нашыя, як спрадвеку было» (Плач 5:21).
Прызнаньне намі асабістых грахоў і Божае пакараньне ёсьць кожнадзённая праца Сьвятога Духа ў сэрцы чалавека, якая дае нам упэўненасьць у прабачэньні і тых дабраславеньнях, якія прыгатаваў нам Бог для паўнаты нашага жыцьця. Пакуты дзяцей Божых ніколі не зьнікаюць з вачэй Бога. Ен пакутуе ў пакутах Сваіх дзяцей, а Ягоны Дух дзейнічае ў сэрцах дзяцей Божых. Ісус Хрыстос наракаў на чэрствасьць сэрца Ерусаліма: «Ерусаліме, Ерусаліме, што забіваеш прарокаў і каменьнем пабіваеш пасланых да цябе! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крылы, і вы не схацелі! Вось, застаецца ваш дом пусты. Бо кажу вам: “Ня ўбачыце Мяне ад сёньня, пакуль ня ўсклікнеце: “Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада!”» (Мац 23:37-39).
Па сутнасьці, трагедыя Ерусаліма - гэта трагедыя кожнага асобнага чалавека, які жыве ў беззаконьні, адвярнуўшыся ад Бога. І выйсьце з гэтага трагічнага становішча толькі адно - зьвярнуцца да Збаўцы ў скрышаньні сэрца і прамовіць так, як прапануе гэта Ісус Хрыстос: «Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада»
Свидетельство о публикации №226042501873