Генетычная памяць. Частка другая
Прозвішча стойкага ленінца Ніны Іванаўны нядаўна прагучала ва ўспамінах аб студэнцкіх гадах маёй сястры Таццяны, таксама выпускніцы Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага інстытута. Першы занятак па гісторыі Камуністычнай партыі выкладчык пачала са знаёмства з групай будучых правізараў. Дайшоўшы да прозвішча студэнта Гобергрупп, выкладчык добра пастаўленым голасам вымавіла: “Групенфюрэр Барыс”.
У сямідзясятыя, ды і васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя такая вольнасць магла дорага каштаваць. Як жа, студэнт-першакурснік медыцынскага інстытута Савецкага Саюза мае адно са званняў вышэйшага афіцэрскага складу ў ваенных фашысцкіх фарміраваннях нацысцкай Германіі!
Падчас вучобы ў інстытуце і самым пачатку працоўнай дзейнасці я і не меркавала аб існаванні ў нашай краіне “паралельных міроў”. Атрыманыя выхаванне і адукацыя пераканалі мяне ў тым, што Савецкі Саюз – апора міру і сяброўства народаў; што сацыялістычны лад – самы прагрэсіўны і дэмакратычны; што вялікае шчасце – нарадзіцца і жыць у нашай краіне.
У дзень пахавання Генеральнага сакратара ЦК КПСС Леаніда Брэжнева ў лістападзе 1982 года ўвесь калектыў Баранавіцкай гарадской паліклінікі высыпаў на вуліцу. Пад несціханы роў завадскіх гудкоў людзі ціхенька перагаворваліся, хтосьці плакаў. Усіх аб’яднала пачуццё незаменнай страты і трывогі за будучыню, як краіны, так і сваю.
Медыкі, якія вярнуліся ў паліклініку, яшчэ доўга не маглі настроіцца на працоўны лад. Агульны фон трывожнага настрою падтрымлівалі і нешматлікія тужлівыя пацыенты:
– Што ж зараз будзе? Хоць бы не было вайны!
Спакваля ў маім разуменні адбылася “пераацэнка каштоўнасцяў”, і толькі ў дзевяностыя гады ўсё стала на свае месцы: “паралельные светы” перасекліся. “Адзін дзень Івана Дзянісавіча” і “Архіпелаг ГУЛАГ” Аляксандра Салжэніцына, раман “Чорная свечка” Леаніда Манчынскага і Уладзіміра Высоцкага; значна пазней “Прагулкі вакол барака” Ігара Губермана і іншыя літаратурна-мастацкія выданні падобнай накіраванасці ўнеслі яснасць у маю пракамуністычную свядомасць.
Аказалася, што ў нашым самым гуманным у свеце грамадстве, якое дасягнула высокіх вытворчых паказчыкаў, поспехаў у навуцы, медыцыне, спорце і г.д., было і іншае жыццё, невядамае большасці грамадзян Савецкага Саюза. Нямірна суіснавалі маляўнічыя святочныя дэманстрацыі, з’езды КПСС з нязменным партыйна-савецкім лозунгам “Ухваляем!” і нешматлікая група людзей з поглядамі, якія кардынальна разыходзіліся з агульнапрынятымі ўстаноўкамі.
Незайдросным быў іх лёс. Дысідэнты падвяргаліся ганенням, пераследам і рэпрэсыям с боку ўладных структур. Дарэчы сказаць, галоўны герой названага вышэй рамана “Чорная свечка” быў накіраваны ў не гэтак падаленыя месцы за прывоз з-за мяжы кніг Сяргея Есеніна і Барыса Пастэрнака, забароненых у той час у Савецкім Саюзе аўтараў.
***
Працяглае адступленне ад асноўнай тэмы выклікана неабходнасцю патлумачыць магчымыя наступства такога “ляпа” для выкладчыка. У выпадку з групенфюрэрам (адпавядала званню генерал-лейтэнанта вермахта) справа скончылася “прапрацоўкай” ветэрана партыі ў абласным яе камітэце і накладаннем адміністратыўнага спагнання. Аднак групу першакурснікаў з “Групенфюрэрам Барысам” выкладчык неўзлюбіла; на іспыце па гісторыі КПСС ніхто са студэнтаў гэтай групы не атрымаў адзнакі “выдатна”.
Не меркавала тады Ніна Іванаўна, незаслужана ацаніўшы веды маёй сястры Таццяны на “добра” замест заслужанага “выдатна”, што існуе генетычная памяць.
Летам 2018 года ў госці да бацькоў, пары Цыркуновых, прыехаў з сям’ёй іх малодшы сын Арцём, выкладчык Гарвардскага ўніверсытэта ЗША. У шчыльным графіку свайго кароткага знаходжання ў Беларусі сям’я пляменніка выкраіла час для наведвання нашага радавога гнязда ў Целяханах. Праграма знаходжання была надзвычай насычанай. Наведванне унікальных беларускіх азёр і лясоў, удзел у штогадовым свяце, прысвечаным 465-годдзю населенага пункта; бясконцыя размовы аб умовах жыцця, працы і адпачынку маладой сям’і ў ЗША.
Паколькі большасць удзельнікаў гутаркі – медыкі, то гаворка ішла пераважна аб дзяржаўным ладзе сістэмы аховы здароўя Злучаных Штатаў.
У амерыканскай медыцыне працуе наладжаная сістэма кантролю якасці аказваемых медыцынскіх паслуг. Правы пацыента і яго ўзаемаадносіны з лекарам рэгламентуюцца грунтоўнай заканадаўчай базай. У выпадках урачэбных памылак пацыентам прадастаўляюцца паслугі адвакатаў, якія ў судзе дабіваюцца буйной матэрыяльнай кампенсацыі. Акрамя таго, амерыканская медыцына – гэта бізнэс, і даволі прыбытковы. Разам з тым, укладваючы вялізныя сродкі ў розныя даследаванні і праекты, спонсары не чакаюць неадкладнага прыкладнога прымянення атрыманых вынікаў. Са слоў пляменніка, у шэрагу медыцынскіх клінік размешчаны мемарыяльныя дошкі з указаннем прозвішчаў мецэнатаў; некаторым з іх прысвойваюцца ганаровыя званні супрацоўнікаў устаноў медыцынскай адукацыі або клінік.
У адзін з дзён знаходжання пляменніка ў Целяханах я знайшла яго за чытаннем ладна патрапанай кнігі ў кардоннам пераплёце і выдалілася пад добрапрыстойнай падставай. Калі ж Арцём з’ехаў па справах, узяла ў рукі выданне, пакінутае на бачным месцы. На вокладцы значылася:
ГІСТОРЫЯ ЎСЕСАЮЗНАЙ КАМУНІСТЫЧНАЙ ПАРТЫІ БАЛЬШАВІКОЎ
Кароткі курс
Пад рэдакцыяй камісіі ЦК ВКП (б)
Ухвалены ЦК ВКП (б). 1938 год
У самым нізе вокладкі:
АДВ*
Дзяржаўнае выдавецтва палітычнай літаратуры
1945 год
Кніга об’ёмам трыста пяцьдзясят старонак і коштам пяць рублёў была выдана тыражом дзесяць мільёнаў экзэмпляраў. У самым версе тытульнага ліста прыгожым почыркам маёй мамы было напісана “Кудрашовай Ганны Еўдакімаўны”.
Вось гэтае выданне апошняга ваеннага года ў вольны ад актыўнага адпачынку вывучаў выкладчык Гарвардскага ўніверсітэта Арцём Цыркуноў. Зноў убачыўшы пляменніка з разгорнутай кнігай, спытала:
– Табе гэта цікава?
– Вядома ж, цікава!
– А палітычная ангажаванасць аўтараў?
– Ну, у мае-та гады няцяжка аддзяліць зярняты ад пустазелля!
Пры згадванні Арцёма аб узросце мне прыгадаўся выраз старажытнарымскага палітычнага дзеяча, аратара і філосафа Марка Тулія Цыцэрона:
– “Не ведаць гісторыю – значыць заўсёды быць дзіцём”. І падумала:
– Так, хутка растуць дзеці. Ужо мы ў іх вучымся!
Я прапанавала Арцёму ўзяць кнігу з сабой, калі ён не паспее прачытаць яе тут. Далікатна адмовіўшыся: “Не-не, цётка Неля, няхай гэтае рарытэтнае выданне захоўваецца ў нашай сямейнай бібліятэцы”, працягнуў чытанне.
Праз некаторы час Арцём патэлефанаваў бацькам і паведаміў аб паспяховым прыбыцці ў Амерыку. Маючы багатую фантазію, я ўявіла, што пры правядзенні мытнага агляду ў багажы пляменніка выявілі б згаданую вышэй кнігу. Ці наўрад працаўнікі амерыканскай мытні сталі бы дыферэнцаваць жыхароў Расіі і Беларусі: і тут рашэн, і там рашэн.
Логіка мытніка: мала таго, што гэтыя рускія “ўмяшаліся” ў выбары сорак пятага Прэзідэнта ЗША, дык яны яшчэ займаюцца і “экспартам рэвалюцыі” ў самую дэмакратычную краіну свету.
Уяўляю сабе маштабы магчымага міжнароднага скандалу, калі б не дальнабачнасць, выказваючыся словамі гераіні трагедыі А.С.Пушкіна “Барыс Гадуноў”, “не хлопчыка, але мужа” Арцёма.
Спадзяюся, чытач прабачыць мне гратэскавы выклад магчымага развіцця вышэй апісаных падзей. Такім чынам я апярэджвала заяву, што зусім дарма нас з сястрой “крыўдзілі” на кафедры гісторыі КПСС.
І на самой справе. У галодныя ваенныя гады мама, студэнтка лесатэхнічнага тэхнікума, “выкраіла” пяць рублёў на набыццё кнігі. Разам з небагатым скарбам прывезла яе з Тульскай вобласці да месца свайго размеркавання, у Целяханы, і захоўвала да самай смерці. А ўнук, які вельмі любіў бабулю, з вялізнай хатняй бібліятэкі абраў менавіта гэтую кнігу!
Хіба гэты факт – не важкі доказ наяўнасці радавой, генетычнай памяці?
*“Аб’яднанне дзяржаўных кніжна-часопісных выдавецтваў” (1930-1949 гады)
Свидетельство о публикации №226042500798