Книга пророка Иезекииля

КНІГА ПРАРОКА ЕЗЭКІІЛЯ


«У пяты дзень месяца (гэта быў пяты год палону
валадара Ёакіма), было слова Госпадава Езэкіілю, сыну Вузія, сьвятара, у зямлі Халдэйскай, над ракою Хавар і была там на ім рука Госпада»
(Езэк 1:2-3).


Езэкііль прарочыў народу Юдэі пад час бабілонскага палону, які можна падзяліць на тры часткі. Першая частка палону пачынаецца з 605 году да Р. Х., калі ў палоне апынуліся Данііл і ягоныя сябры. Пачатак другой частцы датуецца 597 годам да Р. Х., калі дзесяць тысяч юдэяў, разам з Эзэкіілем, былі ўзятыя ў палон войскам Навахуданосара. І нарэшце ў 586 годзе да Р. Х. войска Бабілона канчаткова захапіла Юдэю і, разбурыўшы Ерусалім, паланіла ды вывела ў Бабілон вялікую частку гебраяў. Езэкііль пачаў сваё служэньне ў 592 годзе да Р. Х. і працягваў яго да 570 года да Р. Х.

Езэкііль быў палонены разам з валадаром Ёакімам і пачаў сваё прароцкае служэньне пад час валадараньня ў Ерусаліме Сэдэкіі, які сваімі беззаконьнямі выклікаў гнеў Божы і праз Навахуданосара быў пакараны зьнішчэньнем Юдэі і Ерусаліма. Езэкііль пачаў сваё служэньне праз пяць гадоў пасьля перасяленьня ў Бабілон, у трыццаць гадоў ад свайго нараджэньня, калі набліжаўся канец вялікага і трагічнага служэньня Ераміі.

Езэкііль паходзіў са сьвятарскай сям’і ў Ерусаліме і быў сучасьнікам Ераміі і Данііла. Імя прарока азначае «Бог умацоўвае». Будучы палонным, ён меў свой дом, дзе і пачаў сваё прароцкае служэньне: «І было на шостым годзе, на шостым месяцы, у пяты дзень месяца, сядзеў я ў доме маім, і старэйшыны Юдэйскія сядзелі перад абліччам маім, і сышла на мяне там рука Госпада Бога» (Езэк 8:1).

У сваім служэньні Езэкііль імкнуўся да таго, каб паказаць палонным, што няшчасьце, якое абрынулася на іх, ёсьць вынік іхняй грахоўнасьці: «І было мне слова ад Госпада: “Сыне чалавечы! Ты жывеш сярод дому мяцежнага. У іх ёсьць вочы, каб бачыць, а ня бачаць. У іх ёсьць вушы, каб слухаць, а ня чуюць, бо яны - мяцежны дом» (Езэк 12:1-2). Перад прарокам стаялі вызначаныя Госпадам мэты, якія ён павінен быў данесьці да народа:

Паказаць палонным юдэям, якія знаходзіліся разам з ім, тыя прычыны, з-за якіх іх спасьцігла гэткая доля;
Зьвярнуць увагу на Божы суд, які чакаў іншыя народы, якія радаваліся спусташэньню Ізраіля;

Абвесьціць слаўную будучыню, якая павінна непазьбежна прыйсьці да народа Божага.

Гэта ёсьць тры асноўныя этапы прароцкага служэньня Езэкііля. Ад пачатку свайго служэньня (592-587 гады да Р. Х.), у час да разбурэньня Ерасаліма, ён упэўнівае сваіх суайчыньнікаў у тым, што ня мае сэнсу спадзявацца на хуткае вызваленьне. Езэкііль упэнівае гебраяў, што іхняе спадзяваньне ня споўніцца да таго часу, пакуль яны не навернуцца да Госпада. І тут трэба сказаць, што вяртаньне яго народа да Госпада, было ў вялікай ступені плодам ягонага служэньня. Пад час аблогі Ерусаліма (586 год да Р. Х.) ён папярэджвае іншыя народы, каб яны ня радаваліся разбурэньню Ерусаліма, бо ў гэтым выпадку, іх чакае такая ж самая доля. Пасьля ж разбурэньня і палону Ерусаліма (585 – 570 гады да Р. Х.) Езэкііль зьвяртаецца да тэмы надзеі і аднаўленьня.

Кніга Езэкііля - гэта вельмі ўнікальны твор, бо мы можам тут бачыць тую праўду, якая не сустракаецца ў іншых прароцкіх кнігах Бібліі:


Толькі ў гэтай кнізе мы бачым ідаласлужэньне Ізраіля у Егіпце і тое, як блізка былі гебраі да выліваньня на іх гневу Божага: «І сказаў ім: “Адкіньце кожны мярзоты ад вачэй вашых і не апаганьвайце сябе ідаламі Егіпецкімі. Я – Госпад Бог ваш! Але яны ўзбурыліся супраць Мяне і не хацелі слухаць Мяне. Ніхто не адкінуў мярзотаў ад вачэй сваіх і не пакінуў ідалаў Егіпецкіх”. І Я сказаў: “Вылью на іх гнеў Мой, вычарпаю на іх лютасьць Маю сярод зямлі Егіпецкай. Але Я зрабіў дзеля імя Майго, каб яно не ганілася перад народамі, сярод якіх былі яны, і на вачах у якіх Я адкрыў Сябе ім, каб вывесьці іх з зямлі Егіпецкай”» (Езэк 20:7-9).


Толькі ў гэтай кнізе мы даведваемся пра мінулае д’ябла і атрымліваем некаторыя зьвесткі гісторыі нашага галоўнага ворага: «Ты быў памазаны херувім, каб асяняць, і Я паставіў цябе на тое. Ты быў на сьвятой гары Божай, хадзіў сярод агнявых камянёў. Ты беззаганны быў на шляхах тваіх з дня твайго стварэньня, пакуль не знайшлося ў табе пахібы. Ад пашыранасьці гандлю твайго сярэдзіна твая напоўнілася няпраўдаю, і ты зграшыў. Я скінуў цябе, як нячыстага, з гары Божай, выгнаў цябе, херувіме асяняльны, з асяродзьдзя агністых камянёў. Ад прыгажосьці тваёй заганарылася сэрца тваё, ад славалюбства твайго згубіў сваю мудрасьць. За тое Я скіну цябе на зямлю, перад валадарамі аддам цябе на ганьбу» (Езэк 28:14-17).


Толькі ў гэтай кнізе мы маем падрабязныя зьвесткі пра Ерусалімскі храм, які будзе адбудаваны: «Ва ўявах Божых, прывёў Ён мяне ў зямлю Ізраілевую і паставіў мяне на даволі высокай гары, і на ёй з паўднёвага боку былі як бы гарадзкія будынкі, і прывёў мяне туды. І вось муж, выгляд у якога як бы выгляд бліскучай медзі, і льняная вяроўка ў руцэ яго і трысьціна для вымярэньня, і стаяў ён каля брамы. І сказаў мне гэты муж: ”Сыне чалавечы! Глядзі вачыма тваімі і слухай вушамі тваімі, і прыкладвай сэрца тваё да ўсяго, што я буду паказваць табе, бо ты на тое і прыведзены сюды, каб я паказаў табе гэта. Усё, што ўгледзіш, абвясьці дому Ізраілеваму» (Езэк 40:2-4).


Толькі ў гэтай кнізе мы можам чытаць пра новую раку, якая выцякае з-пад храма і дае жыцьцё і сілу, якая выходзіць ад пасаду Бога і па новаму падзяляе зямлю паміж людзьмі, якія будуць жыць па новаму, бо навучацца гэтаму ад Бога, калі будуць пакланяцца Ісусу Хрысту: «І сказаў мне: “Гэтая вада цячэ ва ўсходні бок зямлі, сыдзе на раўніну і ўвойдзе ў мора, і воды яго зробяцца здаровымі. І ўсякая жывыя істота, якая поўзае там, дзе ўвойдуць два струмяні, будзе жывая, і рыбы будзе даволі многа, бо ўвойдзе туды гэтая вада, і воды ў моры зробяцца здаровымі, і куды ўвойдзе гэты паток, усё будзе жывое там» (Езэк 47:6-9).


Кніга прарока Езэкііля - вельмі асаблівая кніга, бо аўтар піша вельмі ўзвышана, яднаючы ў сваім творы прозу і паэзію. Гэтая кніга напоўнена ўявамі, прыповесьцямі, алегорыямі, вобразамі і сымбалічнымі дзеяньнямі. Езэкііля часта называюць «прарокам уяваў», бо ў ягонай кнізе мы можам бачыць розныя ўявы, якія ён атрымаў ад Госпада:


• Госпад (1:4-28).

«І бачыў я як бы палаючы метал, як бы выгляд агню ўсярэдзіне яго вакол; ад выгляду сьцёгнаў яго і вышэй і ад выгляду сьцёгнаў яго і ніжэй я бачыў як бы нейкі агонь, і зьзяньне было вакол яго. У якім выглядзе бывае вясёлка на аблоках падчас дажджу, такі выгляд мела гэтае зьзяньне вакол» (Езэк 1:27-28).


• Кніжны сувой (2:9-3:3).

«І ўбачыў я, і вось рука працягнута да мяне, і вось у ёй - кніжны сувой. І Ён разгарнуў яго перад мною, і вось, сувой сьпісаны быў усярэдзіне і звонку, і напісана ў ім: “Плач, і стогн, і гора”» (Езэк 2:9-10).


• Поле (3:22-23).

«І была там на мне рука Госпада, і Ён сказаў мне: “Устань і выйдзі ў поле, і Я буду гаварыць там з табою”. І ўстаў я і выйшаў ў поле. І вось, там стаяла слава Госпада, як слава, якую бачыў я над ракою Хавар. І ўпаў я на сваё аблічча» (Езэк 3:22-23).


• Мярзоты ў храме (8:1-18).

«І сказаў Ён мне: “Сыне чалавечы! Ці бачыш ты, што яны робяць? Вялікія гідоты, якія робіць дом Ізраілеў тут, каб Я адышоў ад сьвятыні Маёй? Але павярніся, і ты ўбачыш яшчэ большыя гідоты”» (Езэк 8:6).


• Забітыя жыхары Ерусаліма (9:1-11).

«І сказаў ім: “Апаганьце дом і напоўніце двары забітымі, і выйдзіце”. І выйшлі і пачалі забіваць у горадзе. І калі яны іх забілі, а я застаўся, тады я ўпаў на аблічча сваё і закрычаў, і сказаў: “О Госпадзе Божа! Няўжо ты загубіш усю рэшту Ізраіля?, выліваючы гнеў Твой на Ерусалім?”» (Езэк 9:7-8).


• Зьнішчэньне Ерусаліма агнём (10:1-22).

«І гаварыў Ён чалавеку, які быў апрануты ў ільняную вопратку, і сказаў: “Увайдзі паміж калёсамі херувімаў і вазьмі поўныя прыгаршчы жару, і кінь на горад. І ён увайшоў на вачах маіх» (Езэк 10:2).


• Бог пакідае Ерусалім (11:1-25).

«Тады херувімы паднялі крылы свае і колы каля іх; і слава Бога Ізраілевага ўгары над імі. І паднялася слава Госпада з сярэдзіны горада і спынілася над гарою, якая на ўсход ад горада. І дух падняў мяне ў Халдэю да перасяленцаў, ва ўяве, Духам Божым, і адышла ад мяне ўява, якую я бачыў» (Езэк 11:22-24).


• Сухія косткі (37:1-10).

«Так кажа Госпад Бог касьцям гэтым: “Вось, Я ўвяду ў вас дух, і ажывяце. І абкладу вас жыламі, і выгадую на вас цела, і пакрыю вас скураю, і ўвяду ў вас дух, і ажывяце, і ўведаеце, што Я – Госпад» (Езэк 37:5-6).


• Новы храм (40:1-48:35).

«Потым прывёў мяне праз браму паўночную перад аблічча храма, і я бачыў, і вось, слава Госпада напаўняла дом Госпада, і я ўпаў на аблічча маё» (Езэк 44:4).


«Слава Госпада» - гэтая фраза часта сустракаецца на старонках гэтай кнігі. У Старым Запавеце «слава Госпада» азначае відзьмае сьвятло якое зьзяла паміж херувімамі ў Сьвятое Сьвятых скініі храма і абвяшчала Божую прысутнасьць.  Перад разбурэньнем храма Езэкііль ва ўяве бачыў славу Божую, якая пакідае храм. Калі ён глядзеў, ён бачыў над каўчэгам і херувімамі падобнасьць пасаду Бога, які меў колы, як валадарская калясьніца. Слава Госпада пераходзіць да парога дома: «І паднялася слава Госпада з херувіма да парога дома, і дом напоўніўся воблакам, і двор напоўніўся зьзяньнем славы Госпада» (Езэк 10:4).

Потым, ад парога, яна пераходзіць да ўваходу усходняй брамы: «І паднялі херувімы крылы свае і падняліся на маіх вачах ад зямлі. Калі яны адыходзілі, дык і колы каля іх. І сталі каля ўваходу ва ўсходнюю браму дома Госпадавага, і слава Бога Ізраілевага ўгары над ім» (Езэк 10:19). Езэкііль бачыць, як слава Госпада, ад храма і горада, узьнеслася на гару Элеонскую: «Тады херувімы паднялі крылы свае і колы каля іх. І слава Бога Ізраілевага ўгары над імі. І паднялася слава Госпада з сярэдзіны горада і спынілася над гарою, якая на ўсход ад горада» (Езэк 11:22-23).

Такім чынам, павольна і неахвотна, у велічы сваей, слава Госпада пакінула храм і горад. Але слава Госпада павінна вярнуцца тым жа шляхам, якім яна адыходзіла ад храма: «І вось, слава Бога Ізраілевага ішла з усходу, і голас Яго - як шум многіх водаў, і зямля асьвяцілася ад славы Яго. Гэтая ўява была такая самая, якую я бачыў раней, такая ж самая, якую я бачыў, калі прыходзіў абвясьціць пагібель гораду, і ўявы, падобныя да ўяваў, якія бачыў я каля ракі Ховара. І я ўпаў на аблічча маё. І слава Госпада ўвайшла ў храм праз браму, што выходзіць на ўсход» (Езэк 43:2-4).

Служэньне Езэкііля пачалося ўяваю Госпада і завяршаецца ўяваю Госпада сярод народа Божага. Служэньне Езэкііля - гэта вестка гневу Божага на Ягоны мяцежны і непакаяны народ, як і абвяшчэньне Ягонай ласкі да тых, хто зьвяртаецца да Яго ў пакаяньні.

Езэкііль таксама вядомы сваімі сымбалічнымі дзеяньнямі, якія выглядалі даволі дзіўна. Але гэта тлумачыцца тым, што Бог загадваў яму рабіць такія «дзіўныя» учынкі, каб Ягонае слова больш моцна ўзьдзейнічала на тых, хто бачыў і чуў гэта:


• Цагліна (4:1-3).

Сымбаль, які даваў азнаку пра аблогу і разбурэньне Ерусаліма: «І ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе цагліну і пакладзі яе перад сабою, і накрэсьлі на ёй горад Ерусалім. І наладзь аблогу супраць яго і зрабі ўмацаваньне супраць яго, і насып вал вакол яго і разьмясьці табар супраць яго, і расстаў вакол супраць яго сьценабітныя машыны» (Езэк 4:1-2).


• Ляжаньне на баку (4:4-8).

Сымбаль, які паказваў няўтульнасьць і пакуты, якія выкліканы палонам: «А ты кладзіся на левы бок твой і паглядзі на яго беззаконьне, на правіны дому Ізраілевага: па ліку дзён, колькі будзеш ляжаць на ім, ты будзеш несьці беззаконьне іхняе» (Езэк 4:4).


• Голад (4:9-17),

Сымбаль, які абвяшчаў цяжкасьці, якія палонныя юдэі будуць адчуваць у сваім жыцьці: «І сказаў мне: сыне чалавечы! Вось, я струшчу ў Ерусаліме хлебную апору, і будуць есьці хлеб вагою і ў смутку і ваду будуць піць мераю і ў паныласьці; бо ў іх будзе нястача хлеба і вады; і яны з жахам будуць глядзець адно на аднога і змарнеюць ў грахоўнасьці сваёй» (Езэк 4:16-17).


• Нож і брытва (5:1-17).

Сымбалі, якія гавораць пра поўнае разбурэньне Ерусаліма: «А ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе востры нож, брытву цырульніцкую вазьмі сабе і вадзі ёю па галаве тваёй і па барадзе тваёй, і вазьмі сабе вагі і разьдзялі валасы на часткі. Траціну спалі агнём пасярод горада, калі закончацца дні аблогі. Траціну вазьмі і пасячы нажом у ваколіцах яго. І траціну разьвей па ветры, а Я агалю меч сьледам за імі» (Езэк 5:1-2).


• Перасяленьне (12:1-7, 17:20).

Сымбаль, які паказвае перасяленьне ў другую краіну: «А ты, сыне чалавечы, падрыхтуй сабе патрэбнае для перасяленьня, і сярод дня перасяляйся на вачах у іх, і перасяляйся з месца твайго ў іншае месца на вачах у іх. Магчыма, яны ўразумеюць, хоць яны - дом мяцежны» (Езэк 12:3).


• Навостраны і вычышчаны меч (21:1-17).

Сымбаль, які паказвае хуткі і жорсткі суд: «І было мне слова ад Госпада: “Сыне чалавечы! мові прароцтва і скажы: “Так кажа Госпад Бог:”Меч, меч навостраны і вычышчаны. Навостраны, каб болей калоць. Вычышчаны, каб зьзяў, як маланка. Ці радавацца нам, што жазло сына Майго пагарджае ўсякім дрэвам? Я даў яго вычысьціць, каб узяць у руку. Ужо навостраны гэты меч і вычышчаны, каб аддаць яго ў руку забойцу”» (Езэк 21:8-11).


• Меч Бабілонскага валадара (21:18-23).

Гэта сымбаль таго, што ён прыйдзе па дарозе, накрэсьленай Госпадам і які прадвяшчае аблогу з захопам Ерусаліма і паланеньне Юдэі «І было мне слова ад Госпада: “І ты, сыне чалавечы, уяві сабе дзьве дарогі, па якіх мае ісьці меч валадара Бабілонскага, - абедзьве яны павінны выходзіць з адной зямлі, - і накрэсьлі руку, накрэсьлі на пачатку дарог у гарады. Уяві сабе дарогу, па якой меч ішоў бы ў Раву сыноў Амонавых і ў Юдэю, ва ўмацаваны Ерусалім» (Езэк 21:19-20).


• Гарніла (22:17-31).

Яно расплавіць сабраны народ Юдэі, як сымбаль пакараньня і ачышчэньня: «Зьбяру вас і дыхну на вас агнём абурэньня Майго, і расплавіцеся сярод яго. Як срэбра плавіцца ў гарніле, расплавіцеся і вы сярод яго, і ўведаеце, што Я, Госпад, выліў лютасьць Маю на вас» (Езэк 22:21-22).


• Сьмерць жонкі Езэкііля (24:15-27).

Яна паказвала на тое, што дом Ізраіля згубіў дабраславеньні Госпада: «І сказаў я ім: “Мне было слова ад Госпада: “Скажы дому Ізраілеваму, што кажа Госпад Бог: “Вось, Я аддам на паглум сьвятыню Маю, апору сілы вашай, уцеху вачэй вашых і радасьць душы вашай, а сыны вашыя і дочкі вашыя, якіх вы пакінулі, загінуць ад меча”» (Езэк 24:20-21).


• Два жазла (37:15-28).

Яны сымбалізуюць зьяднаньне Ізраіля і Юдэі: «І было мне слова ад Госпада: “А ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе адно жазло і напішы на ім: “Юду і сынам Ізраілевым, што ў спрымірэнстве з ім”. І яшчэ вазьмі жазло і напішы на ім: “Язэпу, гэта - жазло Яфрэмава і ўсяго дому Ізраілевага, што ў спрымірэнстве з ім. І складзі іх у сябе адзін з адным у адно жазло, каб яны ў руцэ тваёй былі адно”» (Езэк 37:15-17).


Кніга прарока Езэкііля кажа нам пра непасрэдны ўдзел Бога ў жыцьці Свайго народа, што адлюстроўвае выраз, які неаднаразова прагаворвае прарок ад імя Госпада: «І было мне слова ад Госпада». Гэты выраз сустракаецца ў сарака васьмі разьдзелах кнігі сорак дзевяць разоў і падкрэсьлівае спачуваньне і любоў Госпада да Свайго народа, нягледзячы на іхны мяцежны стан у адносінах да Госпада.

Ісус Хрыстос прысутнічае ў гэтай кнізе, бо менавіта пра Яго кажа Езэкііль: «І ты, нягодны, злачынны правадыр Ізраіля, дзень якога настаў цяпер, калі грахоўнасьці ягонай будзе пакладзены канец! Так кажа Госпад Бог: “Здымі з сябе дыядэму і складзі вянок. Гэтага ўжо ня будзе. Прыніжанае ўзвысіцца і высокае прынізіцца. Скіну, скіну, скіну, - і яго ня будзе, пакуль ня прыйдзе Той, каму належыць ён, і Я дам Яму» (Езэк 21:25-27).

Ён ёсьць той сапраўдны Пастыр, Які зьбярэ і захавае Сваіх авечак: «Бо так кажа Госпад Бог: “Вось, Я Сам знайду авечак Маіх і аглежу іх. Як пастух правярае статак свой у той дзень, калі ён сярод статку свайго расьсеянага, так Я перагледжу авечак Маіх і вызвалю іх з мясьцінаў, у якіх яны былі расьсеяны ў дзень хмарны і змрочны» (Езэк 34:11-12).

Езэкііль імкнуўся паказаць палонным, што няшчасьці, якія напаткалі іх - гэта вынік іхняй грахоўнасьці: «Бо вось, усе душы – Мае. Як бацькава душа, так і душа сынава – Мае. Душа якая згрэшыць, памрэ» (Езэк 18:4).

Такім чынам, прароцтва Езэкііля нясе ў сабе вяліку. думку пра асабістую адказнасьць кожнага чалавека перад Госпадам. Але Бог не жадае сьмерці грэшнікаў і таму зьвяртаецца да кожнага чалавека ў-ва ўсе часы існаваньня сьвету, прапануючы збаўленьне ўсім: «Адкіньце ад сябе ўсе грахі вашыя, якімі грашылі вы, і стварэце сабе новае сэрца і новы дух. І навошта вам паміраць, доме Ізраілеў? Бо Я не хачу сьмерці таму, хто памірае, кажа Госпад Бог, а навярніцеся – і жывіце!» (Езэк 18:31-32).


Рецензии