Книга пророка Асии
«Пачатак слова ад Госпада Асію. І сказаў Госпад
Асію: “Ідзі, вазьмі сабе жонку блудніцу і дзяцей
блуду; бо моцна блудадзеіць зямля гэтая,
адступіўшыся ад Госпада”» (Ас 1:2).
З прароцтва Асіі пачынаецца частка «малых прарокаў» Старога Запавету. Дванаццаць кніг «малых прарокаў» - гэта заключная яго частка Трэба, яшчэ раз падкрэсьліць, што гэтая ўмоўная частка «малых прарокаў» мае такую такую назву не з-за сваёй нязначнасьці, але выключна з-за невялікага аб’ёму кніг гэтай частцы Бібліі.
Асія, сучасьнік Амоса, Ісаі і Міхея, жыў у Самарыі, але ў апошнія гады свайго жыцьця перасяліўся ў Юдэю, дзе і былі напісаныя апошнія разьдзелы кнігі. Асія быў прарокам у Ізраілі непасрэдна перад тым, як у 722 годзе да Р. Х. краіну захапіла Асірыя. Лічыцца, што ягонае служэньне працягвалася 72 гады, пачынаючы ад дваццатага года жыцьця. Найбольш верагодна, што Асія быў пакліканы на прароцкае служэньне на прыканцы валадараньня Ераваама і таму ён меў магчымасьць быць сьведкаю падзеньня і палону Ізраіля. Асія меў выпрабаваньне ад Госпада - жонку блудніцу, але праз выпрабаваньне прарока, Бог прамаўляў да Ізраіля. І гэта ёсьць стрыжань усёй кнігі прарока Асіі.
Служэньне Асіі, галоўным чынам, прызначалася Ізраілю, тым дзесяці каленам, якія адыйшлі ад Юды і Беньяміна і стварылі паўночнае валадарства. Трыццаць пяць разоў успамінаецца імя Яфрэма і Ізраіля і толькі чатырнаццаць - Юдэі. Назву Ерусалім мы не сустрэнем у гэтай кнізе.
Асія быў пакліканы на служэньне ў даволі складаны час, бо ад часу аддзяленьня валадарства Ізраіля ад Юды і Беньяміна, яно паглыбілася ў ідалапакланеньне: «І параіўшыся валадар зрабіў двух залатых цялят і сказаў: “Ня трэба вам хадзіць у Ерусалім; вось багі твае, Ізраіль”» (3 Вал 12:28). Асія стаў сьведкай непазьбежных вынікаў ідалапакланеньня: грамадзкай несправядлівасьці і маральнай разбэшчанасьці. Бог загадаў яму асудзіць ідалапаклонства, папярэдзіць пра хуткі суд і заклікаць да пакаяньня, каб вярнуцца да Бога і адчуць Ягоную міласэрнасьць.
Кніга Асіі няпростая для вывучэньня, бо, на першы погляд, у ёй не назіраецца строгага парадку выкладаньня падзеяў. Але, гэта ня так, і парадак у гэтай кнізе ёсьць, бо кніга Асіі - гэта яснае і канкрэтнае вучэньне пра пакаяньне. Гэта - кніга для адступнікаў, у якой мы маем уяўленьне пра Божы план да аднаўленьня народа-адступніка. Прароцтва Асіі насычана апісаньнем грахоў і нягодаў Ізраіля як праява таго, што Асія вельмі палка і войстра перажывае за гэты народ. І ў сувязі з гэтым кніга Асіі, як ніякая іншая, поўная рэзкіх выразаў, што надае стылю выкладаньня разважаньняў Асіі пэўную цяжкасьць для нашага разуменьня. Але гэта можа тлумачыцца нацыянальным характарам звароту Асіі да Ізраіля і тым, што мы не знаходзімся ў тым жа стане што і гебраі.
• Нізкі стан Ізраіля пад час Божага прысуду (1:1-11).
«Ідзі, вазьмі сабе жонку блудніцу і дзяцей блуду» - так кажа Госпад Асіі. І гэта немагчыма разумець інакш, як тое, што Ізраіль і ёсьць тая блудніца, якую выбірае для Сябе Бог. Нараджэньне і назва дзьвух сыноў і дачкі, павінны былі навучыць Ізраіля, а з імі і нас з вамі, што ён быў выбраны Госпадам не за свае нейкія заслугі, бо іх не было, як не было цнатлівасьці ў жонкі Асіі Гомэр. Народжаныя дзеці - гэта дзеці выбранага народа, ў якіх адлюстроўваўся сам народ: «І пайшоў ён і ўзяў Гомэр, дачку Дыўлаіма. І яна зачала і нарадзіла яму сына. І Госпад сказаў яму: “Дай яму імя Ізрэель, бо яшчэ крыху пройдзе, і Я спаганю кроў Ізрэеля з дома Іуевага і пакладу канец валадарству дома Ізраілевага, і будзе ў той дзень, Я зламаю лук Ізраілеў у даліне Ізрэель”» (Ас 1:3-5).
Сын, якога нарадзіла Гомэр зьяўляецца знакам таго, што будзе суд над домам Іуя і валадарства Ізраіля будзе пераможана і спыніць сваё існаваньне.
«І зачала яшчэ і нарадзіла дачку, і Ён сказаў яму: “Дай ёй імя Ларухама (Непамілаваная), бо Я ўжо ня буду больш літаваць дома Ізраілевага, каб дараваць ім. І дом Юдаў умілажалю і ўратую іх у Госпадзе Богу іхнім, уратую іх ня лукам, ня мечам, не вайною, ня конямі і вершнікамі”» (Ас 1:7).
Народжаная дачка - гэта знак, які ня толькі пацьверджвае Божы суд, але імем сваім паказвае, што Ізраіль ужо знаходзіцца ў баку ад ласкі Божай, якая можа зьдзейсьніцца толькі ў апошнія дні. Няма больш месца для доўгацярпеньня Госпада да валадарства Ізраіля. Але дом Юды захоўваецца пакуль што ўладаю Бога.
Другі сын Асіі названы Лааміем, што азначае «Ня мой народ», бо Бог гэтым абвесьціў, што не прызнае больш Ізраіля Сваім народам: «І сказаў Ён: “Дай імя яму Лаамі, бо вы - ня Мой народ, і Я ня буду вашым”» (Ас 1:9).
Бог судзіць Свой народ, але, разам з тым, дае і надзею на збаўленьне ня толькі гебраям, але і іншым народам: «Але будзе лік сыноў Ізраілевых як пясок марскі, якога нельга ні вымераць, ні палічыць; і там, дзе казалі ім: “Вы ня Мой народ”, будуць казаць ім: “Вы сыны Бога жывога» (Ас 1:10).
Апостал Павал кажа, што гэта менавіта так і што Бог палічыць сынамі Бога жывога як гебраяў, так і паганаў: «Над намі, каго Ён паклікаў ня толькі з Юдэяў, але і з паганаў? Як і ў Асіі кажа: “Ня мой народ назаву Сваім народам, і некаханую каханаю”. І на тым месцы, дзе сказана ім: “Вы ня Мой народ, там названыя будуць сынамі Бога жывога”» (Рым 9:24-26).
Безумоўна тое, што Павал кажа пра будучае пакліканьне Ізраіля як адраджэньне народа Бога на вельмі моцным падмурку - Божай ласкі, дадзенай звыш. Як, дарэчы, і паганам.
• Жахлівае падзеньне Ізраіля (2:1-23).
Нявернасьць жонкі Асіі - гэта малюнак нявернасьці Ізраіля Госпаду, за што ён і панясе пакараньне: «І спустошу вінаградныя лозы яе і смакоўніцы яе, пра якія яна кажа: “Гэта ў мяне дарункі, якіх надарылі мне палюбоўнікі мае. І Я ператвару іх у лес, і палявыя зьвяры зьядуць іх. І пакараю яе за дні служэньня Ваалам, калі яна кадзіла ім і, упрыгожыўшы завушніцамі і пацеркамі, хадзіла за палюбоўнікамі сваімі, а Мяне забывала, кажа Госпад» (Ас 2:12-13).
Бог кажа пра пакараньне Ізраіля за ягонае імкненьне да ідалапаклонства, але Ён міласэрны і таму Ён будзе прамаўляць яму ў сэрца, каб мінулае больш не паўтаралася, а была дадзена ўсім нам ласка Бога жывога: «І заручу цябе Мне навек, і заручу цябе Мне ў праўдзе і судзе, у даброці і міласэрнасьці, і заручу цябе Мне ў вернасьці, і ты спазнаеш Госпада. І будзе ў той дзень, Я пачую, кажа Госпад, пачую неба, і яно пачуе зямлю, і зямля пачуе хлеб і віно, і алей, а гэтыя пачуюць Ізрэель. І пасею яе Сабе на зямлі і скажу і памілую Непамілаваную і скажу не Майму народу: “Ты – Мой народ, а ён скажа: Ты мой Бог”» (Ас 2:19-23).
• Заплочаны кошт (3:1-5).
«І сказаў мне Госпад: “Ідзі яшчэ і пакахай жанчыну, каханую мужам, але пералюбніцу, падобна таму, як любіць Госпад сыноў Ізраілевых, а яны паварочваюцца да іншых багоў і любяць вінаградныя ляпёшкі іхнія”» (Ас 3:1).
Бог хоча, каб народ убачыў сябе ў той нявернай жонцы пералюбніцы, якога Ён вымушаны любіць, даючы ўсё для жыцьця, але не даючы прысутнасьці Сваёй: «І сказаў ёй: “Шмат дзён заставайся ў мяне. Не блудадзейнічай і ня будзь з іншым і я таксама буду для цябе» (Ас 3:3).
У гэтых словах далейшая гісторыя Ізраіля, які на доўгі час застанецца адзін, згубіўшы сувязь з Госпадам: «Бо доўгі час сыны Ізраілевыя будуць заставацца без валадара і бяз князя і без ахвяры, без ахвярніка, бяз эфода і тэрафіма» (Ас 3:4).
Такім чынам, у прароцтве Асіі мы бачым стан сучаснага Ізраіля як і тое, што Бог выкарыстоўвае гэты стан для зьдзяйсьненьня Свайго плану, па якому кожны юдэй павінен зразумець памылковасьць сваіх учынкаў і сваё незразумелае становішча - народ Бога як «не Яго народ», нацыю без кіраваньня, без сьвятара і без ахвяры. Ізраіль павінен зразумець і Новы Запавет, які абвяшчае пакліканьне паганаў у Ісусе Хрысьце як і тое, што што ўсе верныя павінны аб’яднацца ў адно - цела Ісуса Хрыста.
• Вынік падзеньня Ізраіля (4:1-9-9).
«Слухайце слова Госпадава, сыны Ізраілевыя; бо суд у Госпада з жыхарамі гэтай зямлі, бо няма ні праўды, ні міласэрнасьці, ні Богапазнаньня на зямлі. Прысяга і падман, забойства і крадзёж, і пералюбнасьць вельмі пашырыліся, і праліцьцё крыві ідзе сьледам за праліцьцём крыві» (Ас 4:1-2).
Зьвярнем увагу на тое, што Бог прад’яўляе Ізраілю судовы пазоў за тыя шматлікія злачынствы, якія ён дазволіў сабе і выносіць прысуд Свайму народу: «Вынішчаны будзе народ Мой праз недахоп веданьня: “Як што ты адкінуў веданьне, дык і Я адкіну цябе ад сьвяшчэнадзейства перада Мною. І як ты забыў закон Бога твайго, дык і Я забуду дзяцей тваіх”» (Ас 4:6).
Але Бог, пакуль што, аддзяляе Юду ад Ізраіля, заклікаючы першага не адступацца, як другі: «Калі ты, Ізраіле, блудадзейнічаеш, дык хай бы не грашыў Юда. І не хадзеце ў Галгал і не ўваходзьце ў Бэт-Авэн і не бажэцеся: “Жывы Госпад”. Бо як упартае цяля, упарты стаў Ізраіль; ці будзе цяпер Госпад пасьвіць іх, як ягнят на шырокай пашы? Прывязаўся да ідалаў Яфрэм. Пакінь яго». (Ас 4:15-17).
Тым ня меньш, Бог бачыць і будучы шлях Юды, а таму Ягоны прысуд тычыцца ня толькі Ізраіля, але і Юды: «І гонар Ізраілеў прыніжаны ў вачах іх. І Ізраіль і Яфрэм загінуць ад бязбожнасьці сваёй. Упадзе і Юда з імі. З авечкамі сваімі пойдуць шукаць Госпада і ня знойдуць Яго: Ён адыдзе ад іх» (Ас 5:5-6).
Вось ён, прысуд Госпада: «Ён адыдзе ад іх». Але Бог пакідае надзею ня толькі для Ізраіля і Юды, але і для ўсіх нас: «Пайду, вярнуся ў Маё месца, пакуль яны ня прызнаюць сябе вінаватымі і ня знойдуць аблічча Майго» (Ас 5:15).
Прароцтва Асіі паказвае нам духоўны стан народа, які зрабіў Божы суд непазьбежным, бо нічога не кранула сэрца народа: ні папрокі, ні пагрозы, ні абяцаньне міласьці. Ізраілю неабходны быў суд, каб праз яго ён укленчыў да Госпада і пакаяўся ў сваіх грахах.
Жорсткі суд і спусташэньне, якое набліжалася да Ізраіля - гэта той вынік, які чакае народ за іхнюю бязбожнасьць: «Глыбока ўпалі яны, разбэсьціліся, як за дзён Гівы. Ён успомніў бязбожнасьць іхнюю, пакарае іх за грахі іхнія» (Ас 9:9).
• Гісторыя нявернасьці (9:10-12:14).
«Як вінаград у пустыні, Я знайшоў Ізраіля; як першую ягадзіну на смакоўніцы, у першы час яе, убачыў Я бацькоў вашых, - але яны пайшлі да Ваалфэгора і аддаліся ганебшчыне, і самі зрабіліся мярзотнымі, як тыя, якіх пабілі» (Ас 9-10).
Бог робіць напамін імёнаў і назваў з мінулага, каб Ізраіль усьвядоміў увесь цяжар сваіх грахоў. Ён кажа пра Ваалфэгора, як напамін пра грэх бацькоў іхніх: «І жыў Ізраіль у Сітыме, і пачаў народ блудадзейнічаць з дочкамі Мааава, і запрашалі яны народ да ахвяраваньня багам сваім, і еў народ і кланяўся багам іхнім. І прыляпіўся Ізраіль да Ваалфэгора. І ўспалымніўся гнеў Госпадаў на Ізраіля» (Лік 25:1-3).
Бог прыгадвае ім і Галгал: «Усё ліха іхняе – у Галгале: “Там Я зьненавідзеў іх за ліхія дзеі іхнія. Выганю іх з дома Майго, ня буду болей любіць іх. Усе князі іхнія - адступнікі» (Ас 9:15).
Ён успамінае і Гіву Беньямінаву, дзе распусьнікі ўсю ноч, да сьмерці, глуміліся над жанчынаю, а ўвесь горад абараняў іх ад пакараньня: «І паслалі плямёны Ізраілевыя ва ўсё племя Беньямінавае сказаць: якая гэта гьнюсотная дзея ўчынена ў вас! Выдайце тых распусных людзей, якія ў Гіве. Мы аддамо іх сьмерці і выкарчуем зло з Ізраіля. Але сыны Беньямінавыя не хацелі слухаць голасу братоў сваіх, сыноў Ізраілевых, а сабраліся сыны Беньямінавыя з гарадоў у Гіву, каб пайсьці вайною супраць сыноў Ізраілевых» (Суд 20:12-14).
Прыгадваецца таксама і рабства Ізраіля ў Егіпце, каб паказаць тое, што яны зрабілі вялікі грэх перад Госпадам, калі адвярнуліся ад Яго: «І на золку загіне валадар Ізраілеў! Калі Ізраіль быў малады, Я любіў яго і з Егіпта выклікаў сына Майго. Клікалі іх, а яны ішлі прэч ад аблічча іх; прыносілі ахвяру Ваалам і кадзілі ідалам» (Ас 11:1-2).
Бог кажа і пра Якава, каб праз ягонае імя Ізраіль усьвядоміў сваю ілжывасьць і здраду перад Госпадам: «Уцёк Якуб на палі Сірыйскія, і служыў Ізраіль за жонку і за жонку вартаваў авечак. Праз прарока вывеў Госпад Ізраіля з Егіпта і праз прарока Ён ахоўваў яго. Моцна раздражніў Яфрэм Госпада, і за тое кроў яго пакіне на ім і кляцьбу яго абярне Госпад на яго» (Ас 12:12-14).
• Бунт, які вядзе да сьмерці (13:1-14:10).
«Калі Яфрэм гаварыў, усе трапяталі. Ён быў высокі ў Ізраілі; але зрабіўся вінаватым праз Ваала – і загінуў» (Ас 13:1).
Але ў Ізраіля не было ніколі іншага Збаўцы, акрамя Госпада: «Але Я – Госпад Бог твой ад зямлі Егіпецкай, - і ты не павінен ведаць іншага бога апрача Мяне, і няма Збаўцы апрача Мяне. Я прызнаў цябе ў пустыні, у зямлі сасьмяглай. Маючы палеткі яны былі сытныя, а калі насычаліся, дык узьвясялялася сэрца іхняе, і таму яны забывалі Мяне» (Ас 13:4-6).
Ізраіль заслужыў прысуд, жахлівы прысуд. Бог паказвае ім, якія няшчасьці чакаюць іх за іхнія злачынствы: «І Я буду ім як леў, як ільвяня буду высочваць пры дарозе. Буду нападаць на іх, як пазбаўленая дзяцей мядзьведзіха, разьдзіраць змесьцішча сэрца іхняга, есьці іх там, як ільвіца; польныя зьверы будуць ірваць іх. Згубіў ты сябе, Ізраіле, бо толькі ўва Мне - апора твая!» (Ас 13:7-8).
«Спустошана будзе Самарыя, бо паўстала супраць Бога свайго. Ад меча ўпадуць яны, дзеці іхнія будуць разьбіты, і цяжарныя іхнія будуць расьсечаныя» (Ас 14:1). Гэтыя словы павінны быць нам мудрым настаўленьнем, бо маючы вялікую цярплівасьць і ведаючы ўсе шляхі нашыя, Ён кажа нам, што мы пажнем тое, што і пасееем.
• Пакаяньне, якое вядзе да жыцьця (14:2-10).
Прароцтва Асіі завяршаецца чувалым заклікам Госпада зьвярнуцца да Яго ў пакаяннай малітве: «Зьвярніся, Ізраіле, да Бога твайго, бо ты ўпаў ад бязбожнасьці тваёй. Вазьмеце з сабою малітоўныя словы і зьвярнецеся да Госпада ды кажэце Яму: “Адбяры ўсякае беззаконьне і прымі на дабро, і мы прынясём ахвяру вуснаў нашых. Асур ня будзе ўжо ратаваць нас, ня будзем садзіцца на каня і ня будзем болей гаварыць вырабу рук нашых: “Багі нашыя; бо ў цябе мілажальнасьць да сіротаў”» (Ас 14:2-4).
Бог кажа, што гісторыя Ізраіля ня скончыцца гэтым хуткім судом, але яго чакае аднаўлённая будучыня: «”Што мне яшчэ да ідалаў?” скажа Яфрэм - Я пачую яго і прыгледжу яго. Я буду як зялёны кіпарыс, ад Мяне будуць табе плады. Хто мудры, каб разумець гэта? Хто разумны, каб спазнаць гэта? Бо правільныя шляхі Госпада і праведнікі ходзяць па іх, а беззаконьнікі загінуць на іх» (Ас 14:9-10).
Засяродзім сваю ўвагу на апошнім вершы прароцтва Асіі: «Хто мудры, каб разумець гэта? Хто разумны, каб каб спазнаць гэта? Бо правільныя шляхі Госпада і праведнікі ходзяць па іх, а беззаконьнікі загінуць на іх». Няхай жа такая мудрасьць будзе дадзена нам, каб і мы здолелі зразумець Яго і шляхі Ягоныя. І каб мы, у праведнасьці Ісуса Хрыста, ішлі гэтымі шляхамі, каб не загінуць, а жыць вечна.
Свидетельство о публикации №226042701801