Книга пророка Даниила

КНІГА ПРАРОКА ДАНІІЛА


«І сказаў Данііл: “Хай будзе дабраславёна імя
Госпада ад веку і да веку, бо ў Яго мудрасьць і
сіла; Ён мяняе часіны і поры, скідае валадароў і
ставіць валадароў, дае мудрасьць мудрым
і спазнаньне разумным. Ён адкрывае глыбокае
і схаванае, ведае, што ў мораку, і сьвятло жыве
з Ім» (Дан 2:20-22).

Данііл, як і Езэкііль, быў сярод палонных, уведзеных у Бабілон пад час першага нашэсьця Навухаданосара на зямлю Юдэі: «І сказаў валадар Асфэназу, начальніку сваіх еўнухаў, каб ён з сыноў Ізраілевых, з роду валадарскага і княскага, прывёў хлопчыкаў, у якіх няма ніякай цялеснай хібы, прыгожых сабою і цямных да ўсякай мудрасьці, і здатных да навук кемлівых і здольных служыць у валадарскіх харомах, і каб навучыў іх кнігам і мове Халдэйскай» (Дан 1:3-4).

Данііл паходзіў, калі не з валадарскага, дык з княскага роду і таму быў узяты ў Бабілон у шаснаццацігадовым узросьце, на восем гадоў раней за Езэкііля. Усё астатняе жыцьцё, на працягу 69 гадоў, Данііл правёў у згаданым палацы Бабілонскіх валадароў, дзе ён жыў сьвятым жыцьцём праведніка: «Дык Ной, Данііл і Ёў сярод яе, - жыву Я, кажа Госпад Бог, - не ўратавалі б ні сыноў, ні дочак. Праведнасьцю сваёй яны ўратавалі б толькі свае душы» (Езэк 14:20). Бог вызначае Данііла, як узор праведнасьці сярод людзей.

Данііл прыналежыў да палоннага народу Юдэі, але ніколі не адхіляўся ў сваёй адданасьці і вернасьці да Госпада і таму ён прылічваецца да тых нешматлікіх, пра якіх Пісаньне ня кажа нічога адмоўнага. Імя Данііла стала станоўчым прыкладам, калі гаворка ідзе пра абарону сваіх перакананьняў ці нежаданьні ісьці на кампраміс нават і пры моцным уціску з боку непрыяцеля.

Кніга Данііла паказвае перавагу Бога Ізраіля над ідаламі паганаў, бо нягледзячы на тое, што Бог выкарыстоўвае гэтыя народы як Сваю зброю, яны, гэтыя народы, з цягам часу таксама зьнікнуць з гістарычнай сцэны сьвету. І таму, кніга Данііла вучыць пра тое, што адносна ўсіх чалавечых валадарстваў Бог заўсёды захоўвае Сваё вяршэнства. Але, каб больш зразумець сэнс гэтай прароцкай кнігі, падаецца мэтазгодным, у вельмі сьціслай форме, паказаць тыя асноўныя падзеі, якія адбываліся пад час служэньня прарока Данііла.


Пасьля аблогі Навухаданосарам Ерусаліму, чацьвёра юнакоў шляхетнага роду, з ліку палоннных, былі ўзятыя ў палац Бабілонскага валадара: «Сярод іх былі і з Юдавых сыноў Данііл, Ананія, Місаіл і Азарыя. І пераназваў іх начальнік еўнухаў - Данііла Валтасарам, Ананію Сэдрахам, Місаіла Місахам і Азарыю Аўдэнагам» (Дан 1:6-7).

Адмовіўшыся харчавацца апаганенымі прысмакамі з валадарскага стала, юнакі дэманструюць вернасьць свайму Богу і атрымліваюць Божае дабраславеньне, якое праяўляецца ў добрым выглядзе і посьпехамі ў навучаньні: «І даў Бог чатыром гэтым падлеткам веданьне і разуменьне ўсякай кнігі і мудрасьці, а Даніілу яшчэ даў разумець і ўсякія ўявы і сны» (Дан 1:17).

І вось, Навухаданосару сьніцца незвычайны ідал, які ўстрывожыў ягоны дух настолькі, што і сон адышоў ад яго. Валадарскія мудрацы ня здольныя патлумачыць гэты сон, але ягонае тлумачэньне адкрываецца Даніілу, які кажа валадару, што гэты ідал сымбалізуе чатыры валадарствы, пачынаючы ад Бабілона. Данііл прарочыць пра будучыя імперыі, якія будуць зьмяняць адна адную, з якіх апошняя падзеліцца на кавалкі - гэта Міда-Персія, Грэцыя і Рым.

Але галоўнае адкрыцьцё гэтага сну ў тым, што ў гэты час Бог стварае Валадарства Нябеснае: «І ў дні тых валадарстваў Бог Нябесны паставіць валадарства, якое вавек не зруйнуецца, і валадарства гэтае ня будзе перададзена другому народу. Яно струшчыць і разбурыць усе валадарствы, а самое будзе стаяць вечна» (Дан 2:44).

Бабілонскі валадар прызнае, што Бог Данііла ёсьць Бог над багамі і ўзвышае Данііла: «Тады ўзвысіў валадар Данііла і даў яму многа вялікіх дарункаў і паставіў яго над усім Бабілонскім краем і галоўным начальнікам над усімі мудрацамі Бабілонскімі» (Дан 2-48).

Паставіўшы на вышыні залатога ідала, Навухаданосар загадаў ўсім жыхарам Бабілона пакланіцца яму. Сэдрах, Місах і Аўдэнага, дзеля вернасьці Свайму Богу, не выконваюць валадарскі загад і мусяць быць пакараныя сьмерцю. Разьюшаны валадар загадаў кінуць іх у моцна распаленую вогненую печ. Але Сам Бог быў сярод іх і захаваў іх у цэласьці: «Навухаданосар валадар вельмі зьдзівіўся і пасьпешна ўстаў і сказаў сваім вяльможам: “Ці ня трох зьвязаных мужоў укінулі мы ў агонь?” Яны ў адказ сказалі валадару: “Сапраўды так, валадару” На гэта ён сказаў: “Вось, я бачу чатырох мужоў нязьвязаных, якія ходзяць сярод агню, і шкоды ім няма, а чацьвёртага выглядам падобнага да сына Божага”» (Дан 3:24-25). Валадар загадвае ім выйсьці з пячы і дабраслаўўляе іхняга Бога.

Але зноў валадару сьніцца сон, які вельмі напалохаў яго і ён заклікае да сябе Данііла: «Валтасар, начальнік мудрацоў! Я ведаю, што ў табе дух Сьвятога Бога, і ніякая таямніца ня цяжкая табе. Растлумач мне ўявы майго сну, які бачыў я, і разгадай сутнасьць яго» (Дан 4:6).

А сьнілася валадару вялікае і моцнае дрэва з якога сьсякаюць гольле, абтрасаюць лісьце і раскідваюць плады на зьядзеньне зьвярам і птушкам. Але галоўны корань пакідаецца жывым, а сэрца чалавека ператвараецца ў зьвярынае на сем часінаў. Данііл тлумачыць гэты сон як Божае пакараньне і дае параду Навухаданосару: «Акупі грахі твае праўдаю і твае правіны мілажалем да бедных. Вось, чым можа падоўжыцца мір твой» (Дан 4:24).

Праз дванаццаць месяцаў спраўдзіўся сон валадара і атрымалася так, як казаў Данііл: «І адлучаны быў ён ад людзей, еў траву, як вол, і аброшвалася цела ягонае расою нябеснаю, так што валасы ў яго вырасьлі як у льва, і пазногці яго - як у птушкі» (Дан 4:30).

Але праз сем часінаў спраўдзілася і аздараўленьне Навухаданосара і за тое ён праславіў Госпада: «Цяпер я, Навухаданосар, слаўлю, узношу і вялічаю Валадара Нябеснага, у Якога ўсе дзеі ў праўдзе і шляхі праведныя, і Які мае сілу ўпакорыць тых, якія ходзяць ганарыста» (Дан 4:34).

Сын Навухаданосара Валтасар наладжвае вялікі пір, узяўшы посуд з Ерусалімскага храма. І вось, пад час гэтага піра, на вапне сьцяны валадарскіх харомаў узьнікла пясьць рукі, што накрэсьліла пісаньне: «Мэнэ, мэнэ, тэкэл, упарсін (палічана, палічана, узважана і падзелена)» (Дан 5:25).

Данііл, адмовіўшыся ад дароў валадарскіх кажа пра віну валадара і вяльможаў за карыстаньне посуду зь храма Госпада і тлумачыць напісанае на сьцяне: «Вось і разгадка слоў: мэнэ - вылічыў Бог валадарства тваё і паклаў канец яму; тэкэл - ты ўзважаны на вагах і важыш вельмі мала; пэрэс - падзелена валадарства тваё і аддадзена Мідзіянам і Персам» (Дан 5:26-28). Той жа ноччу Валтасар быў забіты, а валадарства перайшло да Дарыя Мідзіяніна.

Пад час валадараньня Дарыя, князі і сатрапы валадара складаюць змову супраць Данііла і абвінавачваюць яго ў парушэньні пастановы валадара: «Данііл, які - з палонных сыноў Юдэі, не зважае ні на цябе валадару ні на ўказ, табою падпісаны, а тры разы на дзень моліцца сваімі малітвамі» (Дан 6:13).

Пакраньнем за гэтае «злачынства» было вызначана кідаць у львіную яму: «Тады валадар загадаў, і прывялі Данііла і кінулі ў львіную яму Пры гэтым валадар сказаў Даніілу: “Твой Бог, Якому ты заўсёды служыш, Ён выратуе цябе”» (Дан 6:16).

Бог ня даў памерці Даніілу і захаваў яго ад дзікіх і галодных зьвяроў: «Раніцай валадар устаў на сьвітаньні і пасьпешліва пайшоў да львоўніка і, падышоўшы да рова, жаласным голасам клікнуў Данііла: “Данііле, рабе Бога жывога! Бог твой, якому ты служыш, ці мог цябе ўратаваць ад ільвоў?” Тады Данііл сказаў валадару: “Валадару, вавекі жыві! Бог мой паслаў Свайго анёла і замкнуў пашчы львам, і яны не пашкодзілі мне, бо я быў перад Ім чысты, ды і перад табою , валадару, я не зрабіў злачынства”. Тады валадар дужа ўзрадаваўся за яго і загадаў падняць Данііла з ямы; і ніякай пашкоды ня знойдзена на ім, бо ён верыў у Бога свайго. І загадаў валадар, і прывялі тых людзей, якія абскардзілі Данііла, і кінулі ў львоўнік, як іх самых, так і дзяцей іхніх і жонак іхніх. І не дасталі яны яшчэ да дна ямы, як ільвы пахапалі іх і патрушчылі ўсе іх косьці» (Дан 6:19-24). А Данііл, і надалей, меў посьпех і ў валадараньні Дарыя і ў валадараньні Кіра Персідскага.

Першая палова кнігі - гэта шэсьць апавяданьняў, якія адпавядаюць першым шасьці разьдзелам кнігі, пераказанымі намі вышэй:


• Ежа з валадарскага стала (1:1-6:28).

Мы бачым, як Данііл і ягоныя сябры адмаўляюцца есьці ежу з валадарскага стала, апаганеную ідаламі: «Данііл паклаў сабе на сэрца не апаганьвацца прысмакамі з валадарскага стала і віном, якое п’е валадар, і таму прасіў начальніка еўнухаў, каб не апаганьвацца яму» (Дан 1:8).


• Першы сон валадара (2:1-49).

Данііл тлумачыць сон валадара, збавіўшы ад валадарскага пакараньня Бабілонскіх мудрацоў і праславіўшы Госпада перад Навухаданосарам: «І сказаў валадар Даніілу: “Сапраўды ваш Бог ёсьць Бог над багамі і Валадар над валадарамі, Які адкрывае таямніцы, калі ты здолеў адкрыць гэтую таямніцу» (Дан 2:47).


• Валадарскі ідал (3:1-30).

Сябры Данііла, нягледзячы на сьмяротнае пакараньне, адмаўляюцца ўздаваць пашану залатому ідалу валадара, якую належыць аддаваць толькі адному Богу: «І адказалі Сэдрах, Місах і Аўдэнага і сказалі валадару Навухаданосару: “Няма нам патрэбы адказваць табе на гэта. Бог наш, Якому мы служым, мае сілу ўратаваць нас ад распалёнай вегненай печы, і ад тваёй рукі, валадару выбавіць» (Дан 3:16-17).


• Другі сон валадара (4:1-37).

Данііл тлумачыць гэты сон і кажа валадару, што ён на пэўны час страціць розум і будзе паводзіць сябе, як жывёла. Але праз сем часінаў Усявышні верне яму розум, каб ён уведаў, што Бог валадарыць над усім і ўславіў Яго: «І ўсе жывыя на на зямлі ня значаць нічога; па волі Сваёй Ён чыніць як у нябесным войску, так і сярод жывых на зямлі, і няма нікога, хто мог бы ўсупрацівіцца Ягонай руцэ і сказаць Яму: “Што Ты зрабіў?”» (Дан 4:32).


• Напісанае на сьцяне (5:1-31).

Данііл кажа пра хуткае пакараньне Валтасара за тое, што ён узьнёсься супраць Госпада нябёсаў і пра тое, што ягонае валадарства будзе аддадзена Мідзянам і Персам: «І Дарый Мідзіянін, якому было шэсьцьдзясят два гады, прыняў валадарства» (Дан 5:31).


• Львіная яма (6:1-28).

Данііл, абскарджаны князямі і сатрапамі валадара, за «непаслушэнства» перад Дарыем, быў кінуты ў львіную яму, але выйшаў адтуль некранутым дзікімі зьвярамі, бо: «Ён выбаўляе і ратуе і ўчыняе цуды і азнакі на небе і на зямлі. Ён уратаваў Данііла ад ільвінае сілы» (Дан 6:27).


Другая палова кнігі, якая апісвае чатыры ўявы Данііла, была напісаная, каб падтрымаць і абадзёрыць народ Божы пад час жорстага ўціску і палону:


• Чатыры зьвяры – (7:1-28).

Данііл атрымлівае ўяву, дзе перад ім паўстаюць чатыры вялікіх зьвяры, якія сымбалізуюць тыя ж валадарствы, якія былі прадказаны прарокам ў першым сьне Навухаданосара. Уява Данііла паказвае гісторыю чацьвёртага валадарства, якая падзяляецца на тры часткі. Дзесяць рагоў чацьвёртага зьвера сымбалізуюць дзесяць валадароў ці валадарстваў і гэта ёсьць другая частка гісторыі існаваньня зьвера.

Наступная частка кажа пра зьўленьне невялікага рога, які вырывае з каранём тры ранейшыя, ганіць Бога і вядзе вайну са сьвятымі. Але трэцяя частка кажа пра ўладу Спрадвечнага, Які чыніць суд: «Бачыў я тады, што за маўленьне пагардлівых слоў, якія гаварыў рог, зьвер быў забіты на маіх вачах, і цела ягонае струшчана і аддадзена на спаленьне агню. І ў астатніх зьвяроў адабрана ўлада іхняя, і абсяг жыцьця дадзены ім толькі на час і на гадзіны» (Дан 7:11-12).

Бог абвяшчае вечнае валадарства, уладу над якім Ён аддае Сыну Чалавечаму: «Бачыў я ў начных уявах. Вось, з аблокамі нябеснымі ішоў як бы Сын Чалавечы, дайшоў да Спрадвечнага днямі і падведзены быў да Яго. І Яму дадзена ўлада, слава і валадарства, каб усе народы, плямёны і роды служылі Яму. Валадарства Ягонае - валадарства вечнае, яно не мінецца і валадарства Ягонае не разбурыцца» (Дан 7:13-14).

Заўважым, што Данііл, першым у Пісаньні, называе Ісуса Хрыста Сынам Чалавечым, Які перамагае невялікага рога-д’ябла і абвяшчае вечнае валадарства.


• Баран і казёл – (8:1-27).

У сымбалічнай уяве пра барана і казла Даніілу было дадзена ўбачыць, што пад час валадараньня Аляксандра Вялікага Грэцыя пераможа Міда-Персію. Але, пасьля сьмерці Аляксандра, ягонае валадарства падзеліцца на чатыры часткі, што сымбалізуецца зьяўленьнем у казла чатырох рагоў замест вялікага і зламанага рога. Чатыры рогі - гэта чатыры ваяводы Македонскага, якія сталі валадарамі чатырох частак імперыі Аляксандра. Далей, у аднаго з іх зьяўляецца малы рог, які надзвычайна вырастае на поўдзень і на ўсход.

Гэты «малы рог» сымбалізуе Антыёха Епіфана, які захапіў Сірыю - адну з гэтых чатырох частак імперыі і які лічыцца правобразам антыхрыста, бо сказана: «А пад канец валадарства іх, калі адступнікі напоўняць меру беззаконьняў сваіх, паўстане валадар нахабны і спрытны ў падступнасьці; і ўмацуецца сіла ягоная, хоць і не яго, і ён будзе чыніць дзівосныя спусташэньні і мець посьпех і дзеяць і губіць моцных і народ сьвятых, і, пры яго розуме, падступнасьць будзе мець посьпех у руцэ яго, і сэрцам сваім ён узьнясецца і ў час міру загубіць многіх і супраць Уладара ўладароў паўстане, але будзе зламаны - не рукою» (Дан 8:23-25).

Падкрэсьлім - «не рукою», але крыжовай сьмерцю і ўваскрэсеньнем Ісуса Хрыста.


• Семдзесят тыдняў (9:1:27).

Даніілу даецца адкрыцьцё пра семдзесят тыдняў (490 гадоў), якія падзяляюцца на тры часткі: сем тыдняў (49 гадоў), шэсьцьдзясят два тыдні (434 года) і адзін тыдзень (7 гадоў). Першы перыяд пачынаецца з пастановы валадара Кіра адбудаваць Ерусалім і храм Госпада. Другі пачынаецца ад заканчэньня першага і складае разам з першым 483 гады - год хросту Ісуса Хрыста: «Дык ведай і разумей. Ад часу, як выйдзе загад, каб адбудаваць Ерусалім, да Хрыста Ўладара сем тыдняў і шэсьцьдзясят два тыдні. І вернецца народ і адбудуюцца вуліцы і муры, але ў цяжкія часіны. І як скончацца шэсьцьдзясят два тыдні, аддадзены будзе на сьмерць Хрыстос, і ня будзе. А горад і сьвятыню разбурыць народ правадыра, які прыйдзе, і канец яго будзе як ад паводкі, і да канца вайны будуць спусташэньні. І зацьвердзіць запавет многім адзін тыдзень, а за поўтыдня спыніцца ахвяра і прынашэньне, і на крыле сьвятыні будзе гідота запусьценьня, пакуль канчаткова вызначаная пагібель не спадобіць спусташальніка» (Дан 9:25-27).

Даніілу абвешчана Гаўрыілам пра будучага Збаўцу, Які пачне Сваё служэньне праз 483 гады пасьля выданьня пастановы валадара Кіра пра адбудову Ерусаліма: «Семдзесят тыдняў вызначана твайму народу і сьвятому гораду твайму, каб пакрыта было злачынства, мера грахоў перапоўнілася і спакутавана віна, і каб прыведзена была вечная праўда і спраўдзілася ўява і прарок і каб памазаны быў Сьвяты Сьвятых» (Дан 9:24).

Галоўная мэта пасланай Даніілу ўявы ў тым, каб абадзёрыць прарока і яго суайчыньнікаў так, каб яны глядзелі далей за аднаўленьне Ерусаліма. Мэта ў тым, каб вера і надзея людзей накіроўвалася на прышэсьце Ісуса Хрыста.


• Апошнія дні (10:1-12:13).

Данііл бачыць прышэсьце антыхрыста і час вялікай журбы, якой раней ніколі не было: «І настане цяжкі час, якога ня бывала з тых часоў, як існуюць людзі, да гэтага часу. І ўратуюцца ў гэты час з народу твайго ўсе, якія знойдзены будуць запісанымі ў кнізе» (Дан 12:1).

Ён бачыць таксама і вялікую перамогу, якая чакае дзяцей Божых: «І многія, якія сьпяць у пыле зямлі, прачнуцца, адны на жыцьцё вечнае, другія на вечнае паганьбеньне і пасарамленьне. І разумныя будуць зьзяць, як сьвяцілы на цьвердзі, і тыя, што павярнулі людзей да праўды, - як зоркі, вавекі, назаўсёды. А ты, Данііле, захавай гэтыя словы і запячатай гэтую кнігу да апошняга часу. Многія прачытаюць яе, і памножацца веды» (Дан 12:2-4).


Рецензии