Книга пророка Иоиля

КНІГА ПРАРОКА ЁІЛЯ


«Разьдзірайце сэрцы вашыя, а ня вопратку сваю,
і зьвярнецеся да Госпада Бога вашага; бо Ён добры
і міласэрны, шматцярплівы і шматмілажальны і
шкадуе ад бедства» (Еіль 2:13).

Пра прарока Ёіля мала што вядома, а дакладней амаль нічога не вядома апроч таго, што ён кажа пра сябе на пачатку свайго прароцтва: «Слова ад Госпада, якое было Ёілю, сыну Ватуілаваму» (Ёіль 1:1). І таму існуе шмат спрэчак пра час служэньня Ёіля. Але мы прыпынімся на думцы большасьці дасьледчыкаў, якія лічаць, што Ёіль жыў пад час валадараньня ў Юдэі Ёаса, а гэта значыць каля 835 года да Р. Х. Імя Ёіль азначае «Госпад ёсьць мой Бог». Дарэчы, гэтае імя мы ўпершыню сустракаем у Старым Запавеце, калі так быў названы старэйшы сын прарока Самуіла.

Асноўнай тэмаю кнігі Ёіля зьяўляецца дзень Госпада ва ўсіх яго асьпектах і ў асаблівасьці ў дачыненьні да Юдэі, а ў прыватнасьці да Ерусаліма. Прароцтва Ёіля - гэта імкненьне паказаць народу, што трэба ўпакорыцца і пакаяцца як і тое, што будучы суд непазьбежны. Але, у той жа час, ён жадае абадзёрыць тых, хто застаўся быць верным Божым абяцаньням. Напамінам пра будучае збаўленьне верных і пра пагібель ворагаў Госпада. Служэньне Ёіля - гэта магчымасьць паказаць сумны стан духоўнага жыцьця народа і заклікаць да агульнага пакаяньня як неабходны крок вяртаньня да Бога.

Кніга Ёіля, невялікая па свайму зьместу, але вялікая па свайму складу, ёсьць літаратурны шэдэўр, бо стыль напісаньня - гэта ўзор чысьціні, які вызначаецца красамоўнасьцю, сілай і пяшчотнасьцю. Яна, кніга Ёіля, прыкметная ў сваіх асаблівасьцях:


• Кніга дае выразнае апісаньне спусташэньня саранчой.

«Спустошана поле наракае зямля; бо зьнішчаны хлеб, высах вінаградны сок, зьвяла масьліна» (Ёіль 1:10).


• Кніга дае першую зьвестку пра выліваньне Духа на ўсякае цела.

«І будзе пасьля таго, вылью ад Духа Майго на ўсякае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; старцам вашым будуць сьніцца сны, і хлопцы вашыя будуць бачыць уявы. І таксама на рабоў і на рабыняў у тыя дні вылью ад Духа Майго» (Ёіль 2:28-29).


• Кніга зьмяшчае ў сабе прароцтва, якія ідуць ад Ёіля да нашых дзён, а значыць да кожнага з нас.

«І будзе: кожны, хто пакліча імя Госпада, уратуецца, бо на гары Сыён і ў Ерусаліме будзе ратунак, як сказаў Госпад, і ў астатніх, якіх пакліча Госпад» (Ёіль 2:32).

Ёіля справядліва называюць прарокам рэлігійнага абуджэньня, бо ён выразна бачыў, што сапраўднае пакаяньне грунтуецца на сапраўдным абуджэньні. Кніга Ёіля - гэта кніга пакаяньня, бо разьдзіраньне сэрца ідзе за разьдзіраньнем завесы храма, як доступ да Божых дабраславеньняў: «І вось, завеса храма разадралася напалам, зьверху данізу» (Мац 27:51). Дабраславеньне Бога - гэта дабраславеньне Пяцідзясятніцы, якое прыходзіць да нас пасьля сапраўднага пакаяньня.

Кніга Ёіля – гэта ясны і настойлівы заклік да Юдэі пакаяцца ў сваіх грахах, каб ўсім сэрцам зьвярнуцца да Госпада і быць адданым Яму. І гэта вельмі справядліва, калі кнігу Ёіля называюць адной з самых хвалюючых кніг Старога Запавету, бо яна прымушае многіх больш грунтоўна асэнсаваць Божыя дабраславеньні і жыцьцё ў вечнасьці: «Я змыю кроў іх, якую ня змыў яшчэ, і Госпад будзе жыць на Сыёне» (Ёіль 3:21).

Ёіль прарочыў у Юдэі пасьля таго, як гэтую краіну спустошылі вусені, саранча, чэрві і жукі: «Перадайце пра гэта дзецям вашым, а дзеці вашыя хай скажуць сваім дзецям, а іхнія дзеці - наступнаму роду; пазасталае ад вусеня ела саранча, пазасталае ад саранчы елі чэрві, а пазасталае ад чарвей даелі жукі» (Ёіль 1:3-4).

Гэтыя бядоты зьяўляліся прадвесьнікамі больш жахлівага бедства, якое павінна было прыйсьці на Юдэю, - уварваньне варожага войска: «Перад імі затрасецца зямля, пахісьнецца неба, сонца і месяц запамрочацца, і зоркі страцяць сваё сьвятло. І Госпад дасьць голас Свой перад войскам Сваім, бо досыць шматлікае полчышча Яго і магутны выканаўца слова Яго, бо вялікі дзень Госпадаў і досыць страшны, і хто вытрымае яго?» (Ёіль 2:10-11).

І адзіным сродкам пазьбегнуць гэтага, быў у шчырым і сардэчным пакаяньні: «Але і сёньня яшчэ гаворыць Госпад: “Зьвярнецеся да Мяне ўсім сэрцам сваім у посьце, плачы і галашэньні» (Ёіль 2:12). Безумоўна тое, што пакаяньне народа ня толькі б знайшло абарону ад ворага, але і прывяло б да выліваньня патокаў Божага дабраславеньня: «І тады паклапоціцца Госпад пра зямлю Сваю і зьлітуецца з народу Свайго» (Ёіль 2:18).

Чытаючы кнігу Ёіля мы можам заўважыць перыядычна паўтараючы выраз «дзень Госпадаў». Падаецца важным засяродзіць на гэтым сваю ўвагу. Біблійны слоўнік Холмана вызначае гэты дзень як «час зьяўленьня поўнага Божага валадараньня над моцнымі гэтага сьвету і над чалавечым жыцьцём». Такім чынам, днём Госпадавым можа быць любы дзень у гісторыі чалавецтва, калі Бог праяўляе ці праявіць Сваю ўладу. Гэты выраз тычыцца і таго будучага дня, калі Ягонае валадараньне над усімі народамі будзе відавочным: «О, які дзень! Бо дзень Госпадаў блізкі, як спусташэньне ад Усемагутнага прыйдзе ён» (Ёіль 1:15).

Кнігу Ёіля можна ўмоўна падзяліць на дзьве часткі - гэта заклік прарока да пакаяньня (1:1-2:17) і абяцаньне дабраславеньняў (2:18-3:21).

Разглядаючы першую частку прароцтва Ёіля, мы бачым, як прарок зьвяртае нашу ўвагу на неабходнасьць сапраўднага пакаяньня:


• Неабходнасьць пакаяньня ў сьвятле мінулых і будучых нягодаў (1:1-2:11).

Ёіль паказвае народу тыя нягоды, якія ўжо абрынуліся на Юдэю як прадвесьнікаў яшчэ большых і хужэйшых нягодаў, якія прыйдуць да Юдэі ў будучым: «Перад ім жарэ агонь, а за ім паліць полымя. Перад ім зямля як сад Эдэмскі, а за ім будзе спустошаны стэп, і нікому ня будзе ратунку ад яго» (Ёіль 2:3).

• Што ёсьць сапраўднае пакаяньне (2:12-17).

Прарок паказвае тыя дзеяньні, якія павінен выканаць народ, каб пачуць адказ ад Госпада і атрымаць збаўленьне: «Але і сёньня яшчэ гаворыць Госпад: “Зьвярнецеся да Мяне ўсім сэрцам сваім у посьце, плачы і галашэньні. Разьдзірайце сэрцы вашыя, а ня вопратку сваю, і зьвярнецеся да Госпада Бога вашага”» (Ёіль 2:12-13).


Другая ж частка кнігі Ёіля паказвае тыя дабраславеньні, якія дасьць Бог Свайму народу ў выпадку сапраўднага і шчырага пакаяньня:


• Абяцаньне злітавацца з народу.

«І тады паклапоціцца Госпад пра зямлю Сваю і зьлітуецца з народу Свайго» (Ёіль 2:18).


• Абяцаньне даць ежу і зьняць ганьбу.

«І адкажа Госпад і скажа народу Свайму: “Вось, Я пашлю вам хлеб і віно і алей, і будзеце насычацца імі, і болей не аддам вас на паганьбеньне народам”» (Ёіль 2:19).


• Абяцаньне выгнаць ворага.

«І таго, што прыйшоў з поўначы, выдалю ад вас і выганю ў зямлю бязводную і пустую, папярэдняе полчышча яго - у мора ўсходняе, а задняе - у мора заходняе, і пойдзе ад яго смурод і патыхне ад яго смуродам, бо ён шмат нарабіў ліха» (Ёіль 2:20).


• Абяцаньне ўраджаю.

«І вы, дзеці Сыёна, радуйцеся і весялецеся ў Госпадзе Богу вашым, бо Ён дасьць вам дождж у меру і будзе пасылаць вам дождж, дождж раньні і позьні, як раней. І напоўняцца гумны хлебам і перапоўняцца чавільні вінаградным сокам і алеем» (Ёіль 2:23-24).


• Абяцаньне духоўнага адраджэньня.

«І ўведаеце, што Я - пасярод Ізраіля і Я - Госпад Бог ваш, і няма іншага, і Мой нрод не пасарамаціцца вавек. І будзе пасьля таго, вылью ад Духа Майго на ўсякае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; старцам вашым будуць сьніцца сны, і хлопцы вашыя будуць бачыць уявы» (Ёіль 2:27-28).


• Абяцаньне суда для іншых народаў.

«Я зьбяру ўсе народы і прывяду іх у даліну Ёсафата і там учыню над імі суд за народ Мой і за спадчыну Маю, Ізраіля, якую яны расьсеялі паміж народамі, і зямлю Маю падзялілі» (Ёіль 3:2).


• Абяцаньне поўнага дабраславеньня.

«І будуць у той дзень - горы будуць капаць віном і пагоркі пацякуць малаком і ўсе рэчышчы Юдэйскія напоўняцца вадою, а з дома Госпада выйдзе крыніца і будзе напойваць даліну Сітым» (Ёіль 3:18).


Асобнае месца кнігі займаюць вершы 2:28-32, якія цытуе апостал Пётр у дзень Пяцідзясятніцы: «А гэта ёсьць прадказанае прарокам Ёілем: “І будзе ў апошнія дні, кажа Бог, вылью ад Духа Майго на ўсякае цела; і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і хлопцы вашыя будуць бачыць відзежы, і старцы вашыя снамі на розум наставяцца. І на рабоў Маіх і на рабыняў Маіх у тыя дні вылью ад Духа Майго, і будуць прарочыць. І дам цуды на небе ўгары і азнакі на зямлі ўнізе, кроў і агонь і куродым. Сонца абернецца ў цемру, і месяц у кроў, перш чым настане дзень Госпадаў, вялікі і прасьветлены. І будзе: кожны, хто пакліча імя Госпада, уратуецца”» (Дзеі 2:16-21).

У той дзень Дух Божы выліўся на вучняў у вялікай сіле і гэта таму, што Ісус Хрыстос, Які быў узьнесены да Айца, выліў Духа на Свой народ. Прысутнасьць Сьвятога Духа - гэта вялікі доказ праслаўленьня Госпада Хрыста, бо абумоўлена тым, што Ён завершыў справу адкупленьня і адкрыў Сваім верным дзьвер да пасаду Божай ласкі.


Рецензии