Книга пророка Амоса

КНІГА ПРАРОКА АМОСА


«Словы Амоса, аднаго пастуха Тэкойскага, якія ён
чуў ва ўяве пра Ізраіля ў дні Азіі, валадара Юдэйскага і ў дні Ераваама, сына Ёасавага, валадара Ізраільскага, за два гады перад землятрусам» (Ам 1:1).

Імя Амос азначае «носьбіт цяжараў». Ён быў пастухом і ня быў падобны на іншых прарокаў тым, што нарадзіўшыся ў Юдэі, ён быў пакліканы Госпадам прарочыць у Ізраілі. Амос нёс сваё служэньне пад час даволі працяглага валадараньня Ераваама ў 786-746 гадах да Р. Х. Мы бачым, што служэньне Амоса пачалося за два гады да вельмі моцнага землятрусу і, калі лічыць, што Амос пачаў прарочыць у 760 годзе да Р. Х., дык землятрус, пра які кажа кніга, адбыўся ў 758 годзе да Р. Х.

Амос нарадзіўся ў горадзе Фекоі, які знаходзіўся ў дзевятнаццаці каламетрах ад Ерусаліма і дзесяці ад Бэтлеема. Ён не паходзіў з княжага ці сьвятарскага роду, як Ісая ці Ерамія, але быў простым чалавекам. Ён быў сучасьнікам Асіі і Ёны. Нарадзіўшыся ў Юдэі ён пачаў сваё служэньне ў Вэфіле, калі прадказаў гэты жахлівы землятрус: «Бо вось, Госпад дасьць загад і ўразіць вялікія дамы расколінамі, а малыя дамы шчылінамі» (Ам 6:11).

Дарэчы, калі казаць пра землятрус, дык падаецца, што памеры яго былі вельмі вялікія, бо прарок Захарыя кажа пра яго амаль што праз трыста гадоў, як пра памятнае здарэньне: «І вы пабяжыце ў даліну гор Маіх, бо даліна гор будзе прасьцірацца да Асіла. І вы пабяжыце, як беглі ад землятрусу ў дні Азіі, валадара Юдэйскага» (Зах 14:5).

Прароцтва Амоса - гэта ўзор Божых адносінаў да недастойнага народу. Ізраільцяне паўночнага валадарства не прызналі запавет Давіда і таму згубілі сваё права на Божыя абяцаньні. Але, у той жа час, яны знаходзіліся ў самазадаволенай упэўненасьці, што яны па ранейшаму зьяўляюцца выбраным народам і таму ніякае бедства іх закрануць ня можа. Яны пакланяліся Госпаду вуснамі, але іхняе сэрца было далёка ад Яго, бо напаўнялася несправядлівасьцю і распустай. Вось да такіх людзей і прыйшоў Амос, каб папярэдзіць іх пра будучую пагібель. Мэта прароцтва Амоса - папярэдзіць пра гэта, але ў той жа час і абвесьціць пра збаўленьне праз Хрыста.

Кніга Амоса вучыць нас пропаведзі і паказвае Амоса ўзорным служыцелем Бога на зямлі. І калі мы кажам так пра Амоса, дык павінны вызначыць тыя яго асабістыя якасьці, якія дазвалялі яму так узорна несьці сваё служэньне, бо гэта вельмі неабходна кожнаму вучню і служыцелю Ісуса Хрыста:


• Сьціпласьць і пакора.

Ён не хавае сваё папярэдняе жыцьцё. Ён адкрыта абвяшчае сваё простае паходжаньне і той занятак, які быў у яго да Божага пакліканьня: «І адказваў Амос і сказаў Амасію: “Я - не прарок і ня сын прарока, я быў пастух і зьбіраў сікаморы. Але Госпад узяў мяне ад авечак”. І сказаў мне Госпад: “Ідзі, прароч народу Майму Ізраілю”» (Ам 7:14-15).

Тут трэба дадаць, што сікамора - гэта дзікая смоква, плады якой ужывалі ў ежу толькі самыя бедныя людзі. Узвышэньне Амоса да стану прарока ніяк не сапсавала яго, бо мы ня бачым і цені нясьціпласьці і высакамернасьці ў ягоных разважаньнях на працягу ўсёй кнігі.


• Занятак.

Гэта вельмі важная складаючая кожнага Божага служыцеля. Мы бачым адасоблены лад жыцьця Амоса, ягонае нежаданьне ўдзельнічаць у мерапрыемствах сьвету: «Ненавіджу, адкідаю сьвяты вашыя і ня нюхаю ахвяр у час урачыстых сходаў вашых» (Ам 5:21). Безумоўна, што гэта словы Бога, але Амос, як Божы служыцель, жыў згодна слова Божага: «Адвядзі ад Мяне шум сьпеваў тваіх, бо гукаў гусьляў тваіх Я ня буду слухаць» (Ам 5:23).

Большасьць свайго жыцьця ён імкнуўся праводзіць у прысутнасьці Госпада і ў зносінах з Ім. Мы бачым, што Амос вельмі ўважліва назірае прыроду і навакольле, бо разважаньні, якія мы назіраем у кнізе, узятыя з ягонага штодзённага жыцьця - гэта доказ назіральнасьці і розуму прарока.


• Мудрасьць.

Яна назіраецца ў тым, што ён прапаведаваў прароцтвы ад Бога, часта няпростыя для разуменьня, простай і зразумелаю мовай, меладычнай і з прыгожым складам вершаў: «Хай, як вада цячэ суд, і праўда - як моцны паток!» (Ам 5:24).

У мудрасьці Амоса мы бачым і некаторую «хітрасьць», калі ён, прыцягнуўшы ўвагу слухачоў, пачынае казаць тое галоўнае, што павінен казаць ад Госпада: «Слухайце гэтае слова, у якім я падыму плач па вас, дом Ізраілеў. Упала, не ўстае болей дзева Ізраілева! павалена на зямлі сваёй, і няма каму падняць яе» (Ам 5:1-2).


• Вернасьць.

Амос не лісьлівіў чалавечаму вуху, але казаў тое, што павінен быў казаць ад Госпада, каб паказаць напрамак для сумленьня чалавека: «Знайдзеце Госпада – і будзеце жывыя, каб Ён не памкнуўся на дом Язэпаў як агонь, які зжарэ яго, і ня будзе каму патушыць яго ў Вэтылі» (Ам 5:6).


• Рашучасьць.

Мы бачым цьвёрдасьць Амоса, калі ён адмаўляецца кінуць справу, якую даручыў яму Бог, бо мужна і рашуча адказвае Амасію, сьвятару Вэтыльскаму: «Цяпер выслухай слова ад Госпада. Ты кажаш: “Не прароч на Ізраіля і не вымаўляй слоў на дом Ісакаў”. За гэта, вось што кажа Госпад: “Жонка твая будзе зьняслаўлена ў горадзе, сыны і дочкі твае загінуць ад меча, зямля твая будзе падзелена межавою вяроўкаю, а ты памрэш у зямлі нячыстай, і Ізраіль мусова выведзены будзе з зямлі сваёй”» (Ам 7:16-17).


• Вестка.

Ён меў вестку непасрэдна ад Бога: «Слухайце слова гэтае, якое Госпад прамовіў на вас, сыны Ізраіля – на ўсё племя, якое вывеў Я з зямлі Егіпецкай» (Ам 3:1). Амос нясе вестку ад Госпада, бо неаднаразова мы можам бачыць у кнізе прарока: «Так кажа Госпад…», бо менавіта так ён пачынае многія свае прароцтвы. Вестка Амоса прызначалася ня толькі для сучасьнікаў, але яна своечасовая і на ўсе наступныя вякі.


• Посьпех.

Амос быў дабраславёны Госпадам у сваім служэньні, бо нічога не маглі зрабіць з ім улады, калі чулі вельмі непрыемную праўду пра Ізраіля: «І паслаў Амасія, сьвятар Вэтыльскі, да Ераваама, валадара Ізраільскага, сказаць: “Амос утварае смуту супраць цябе сярод дому Ізраілевага”. Зямля ня можа цярпець усіх слоў ягоных, бо так кажа Амос: “Ад меча памрэ Ераваам, а Ізраіль абавязкова зьведзены будзе палонным з зямлі сваёй”» (Ам 7:10-11).

Але посьпех Амоса ня толькі ў гэтым, але і ў тым, што ён нясе вестку пра добрую будучыню, калі Бог адновіць скінію Давідаву: «Ад меча памруць усе грэшнікі з народу Майго, якія кажуць: “Не спасьцігне нас і ня прыйдзе да нас гэтае бедства!” У той дзень Я аднаўлю скінію Давідавую заняпалую, што ўпала, зачыню трэшчыны ў ёй і разбуранае адбудую, і зладжу яе, як у дні старадаўнія» (Ам 9:10-11).

Амос жыў у той час, калі жыцьцё ў Ізраілі было яшчэ даволі высокага дабрабыту і таму пропаведзі прарока пра будучы суд успрымаліся, як гаворка вар’ята. У краіне зьнешне ўсё было добра, але ў той жа час квітнелі прагнасьць, карупцыя, прыгнятаньне бедных, рэлігійны фармалізм, ідалапаклонства, распуста і прагненьне ўлады.

Нехта вельмі ўдала прыкмеціў, што Бог скінуў у гэтае самадавольнае грамадзтва бомбу ў выглядзе пастуха Амоса, які літаральна «падарваў» Самарыю, будучы прарокам Божага суда для царквы і ўсяго народа, бо казаў, што Бог зьбіраецца судзіць Свой народ: «Так кажа Госпад: “За тры злачынствы Ізраіля і за чатыры не пашкадую яго, бо прадаюць праўдзівага за срэбра і беднага – за пару сандалаў. Прагнуць, каб пыл зямны быў на галаве ў бедных, і шлях паслухмяных скрыўляюць. Нават бацька і сын ходзяць да адной жанчыны, каб няславіць сьвятое імя Маё. На вопратцы, узятай пад заклад, ляжаць каля кожнага ахвярніка, і віно, спаганянае з абвінавачваных, п’юць у доме багоў сваіх”» (Ам 2:6-8).

Кола Божага суда ўжо круцілася, бо розныя бедствы, якія ўжо прыходзілі, казалі пра прыходзячы гнеў Божы: «Затое і даў Я вам голыя зубы ва ўсіх гарадах вашых і нястачу хлеба ва ўсіх селішчах вашых, але вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Госпад”» (Ам 4:6).

Але гэта быў толькі пачатак, бо непаслухмянасьць народа прыводзіла іх да вельмі жахлівых наступстваў: «Вы насілі скінію Малохавую і зоркі бога вашага Рэмфана, выявы, якія вы сабе зрабілі. За тое Я перасялю вас за Дамаск, кажа Госпад. Бог Саваоф – імя Яму» (Ам 5:27).

Кнігу Амоса можна падзяліць на тры часткі: пропаведзі (1:2-6:14); уявы (7:1-9:10) і абяцаньні (9:11-15).

Першая частка кнігі – гэта пропаведзі Амоса, дзе ён паказвае пакараньне і заклікае прыслухацца да слова Божага:


• Восем «громаў» суда (1:2-2:16), дзе дамінуюць словы: «Так кажа Госпад».

Амос абвяшчае пра суд над народамі: Дамаск (1:3-5); Філістымляне (1:6-8); Фінікія (Тыр) (1:9-10); Эдом (1:11-12); Амон (1:13-15); Мааў (2:1-3), а таксама і над народамі выбранымі: Юда (2:4-5) і Ізраіль (2:6-16).

Рашучасьць і ўпэўненасьць гэтым прароцтвам надаюць словы: «За тры злачынствы і за чатыры не пашкадую», за якімі пералічваюцца характэрныя злачынствы, а потым абвяшчаецца суд.


• Тры заклікі выслухаць Госпада (3:1-5:15), якія пачынаюцца словамі: «Слухайце слова гэтае».

Амос заклікае пачуць пра тое, што існуе варожасьць паміж Богам і Яго народам: «Слухайце слова гэтае, якое Госпад прамовіў на вас, сыны Ізраіля, - на ўсё племя, якое вывеў Я з зямлі Егіпецкай, - кажучы: “Толькі вас прызнаў Я з усіх плямёнаў зямлі, таму і спаганю з вас за ўсе беззаконьні вашыя”» (Ам 3:1-2).

Амос заклікае пачуць, што нягледзячы на мінулыя пакараньні, Ізраіль усё роўна не паварочваецца да свайго Бога: «Я пакараў вас іржою і блякласьцю хлеба, мноства садоў вашых і вінаграднікаў вашых, і смакоўніц вашых і масьлін вашых пажыраў вусень, - і пры ўсім тым вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Госпад» (Ам 4:9).

Амос заклікае пачуць, што Бог плача па Ізраілю, як па ўпаўшай дзеве: «Слухайце гэтае слова, у якім Я падыму плач па вас, дом Ізраілеў. Упала, не ўстае болей дзева Ізраілева! павалена на зямлі сваёй, і няма каму падняць яе» (Ам 5:1-2).


Другая частка кнігі – гэта ўявы Амоса пра пакараньні, якія пачынаюцца словамі: «Такую ўяву адкрыў мне Госпад Бог». Пяць уяваў Амоса кажуць пра суд, які адбудзецца над Ізраілем. Але на тое ён і суд, што на ім могуць скасавацца некаторыя запланаваныя пакараньні і залічыцца тыя, якія Бог вызначыў для Свайго народа:


• Пакараньні адмененыя Госпадам (7:1-6).

У сваёй першай уяве Амос кажа пра саранчу: «Такую ўяву адкрыў мне Госпад Бог: “Вось, Ён стварыў саранчу на пачатку росту позьняй травы, і гэта была трава пасьля валадарскага пакосу”. І было, калі яна скончыла есьці траву на зямлі, я сказаў: “Госпадзе Божа! Пашкадуй, як устаіць Якуб? Ён вельмі малы”. І пашкадаваў Госпад пра тое: “Ня будзе гэтага”, сказаў Госпад» (Ам 7:1-3).

Другая ўява Амоса - гэта агонь, які зжарае вялікую багну і частку зямлі: «Такую ўяву адкрыў мне Госпад Бог: “Вось, Госпад Бог утварыў для суду агонь, - і ён зжэр вялікую багну, зжэр і частку зямлі”. І сказаў я: “Госпадзе Божа! Спыні. Як устаіць Якуб? Ён вельмі малы”. І пашкадаваў Госпад пра тое: “І гэтага ня будзе”, сказаў Госпад Бог» (Ам 7:4-6).


• Пакараньні для Ізраіля (7:7-9:10).

Гэта трэцяя ўява Амоса, дзе ён кажа пра тое, што Госпад стаяў на сьцяне з вагою ў руцэ: «І сказаў мне Госпад: “Што ты бачыш Амосе?” Я адказаў: “Вагу”. І Госпад сказаў: “Вось, пакладу вагу сярод народу Майго Ізраіля; ня буду больш дараваць яму. І спустошаны будуць ахвярныя вышыні Ісакавыя, і разбураны будуць сьвяцілішчы Ізраілевыя, і паўстану з мечам супраць дому Ераваамавага”» (Ам 7:8-9).

Чацьвёртая ўява Амоса пра кош са сьпелымі пладамі, які сымбалязаваў пасьпелы канец Ізраіля: «І сказаў Ён: “Што ты бачыш Амосе?” Я адказаў: “Кош са сьпелымі пладамі”. Тады Госпад сказаў мне: “Пасьпеў канец народу Майму Ізраілю. Ня буду болей дараваць яму. Песьні хорама ў той дзень ператворацца ў галашэньне, кажа Госпад Бог. Многа будзе трупаў, на кожным месцы будуць кідаць іх моўчкі”» (Ам 8:2-3).

У пятай сваёй уяве Амос бачыць разбурэньне сьвяцілішча, а гэта значыць канчатковую пагібель Ізраіля: «Бачыў я Госпада, Які стаяў над ахвярнікам, і Ён сказаў: “Стукні ў бэльку над варотамі, каб патрэсьліся вушакі, і абярні іх на голавы ўсіх іх, а астатніх з іх Я паб’ю мечам. Не ўцячэ ў іх ніхто, хто бяжыць, і не ўратуецца з іх ніхто, хто жадае ўратавацца. Хоць бы яны зачыніліся ў апраметную, і адтуль рука Мая возьме іх; хоць бы ўзышлі на неба, і адтуль скіну іх”» (Ам 9:1-2).


Трэцяя частка кнігі – гэта вялікія абяцаньні мэсіянскага дабраславеньня, якія прыводзяць нас да Ісуса Хрыста:


• Абяцаньні Госпада (9:11-15).

Амос кажа, што Бог адновіць Ізраіля ў поўным сваім складзе, бо адновіць скінію Давіда. Але, Амос нясе добрую вестку і для ўсіх нас, калі кажа і пра іншыя народы, сярод якіх абвесьціцца імя Госпада, бо недарма апостал Якуб казаў пра гэта на сходзе ў прысутнасьці Паўла і Барнабы, цытуючы вершы 11-12 апошняга разьдзела кнігі Амоса: «А пасьля таго, як яны змоўклі, пачаў прамову Якуб і сказаў: “Мужы братове, паслухайце мяне: “Сымон вытлумачыў, як Бог напачатку дагледзеў паганаў, каб скласьці з іх народ у імя Сваё” І з гэтым згодныя словы прарокаў, як напісана: “Потым вярнуся і аднаўлю скінію Давідаву заняпалую, і тое, што ў ёй разбурана, узнаўлю, і папраўлю яе, каб знайшлі Госпада астатнія людзі і ўсе народы, паміж якімі абвесьціцца імя Маё, кажа Госпад, Які творыць усё гэта”» (Дзеі 15:13-17).

Апостал Якуб, безумоўна, зьвязвае гэтыя словы прарока Амоса з жаданьнем Госпада вярнуць ня толькі Ізраіля, але і заклікаць да Сябе і нас з вамі.


Рецензии