Книга прарока Ионы

КНІГА ПРАРОКА ЁНЫ


«І ўбачыў Бог дзеі іхнія, што яны зьвярнулі ад
ліхога шляху свайго, і пашкадаваў Бог за бедства,
пра якое казаў, што навядзе на іх, і не навёў»
(Ёна 3:10).


Кніга прарока Ёны - гэта выдатнейшая гістарычная аповесьць з усіх напісаных у такім малым фармаце. І гэта ня проста пералік нейкіх дзеяў, якія адбыліся з Ёнай, але гэта кніга настаўленьняў. Многія людзі ўспрымаюць зьмест кнігі як алегорыю, без якога-небудзь гістарычнага падмурка. Але гэта ня так, бо Стары Запавет кажа пра Ёну, як пра гістарычную асобу: «Ён аднавіў межы Ізраіля, ад уваходу ў Эмат да мора пустыні, паводле слова Госпада Бога Ізраілевага, якое Ён сказаў праз раба Свайго Ёну, сына Аматыінага, прарока з Гатхэфэра» (4 Вал 14:25).

Мы ня ведаем, калі дакладна Ераваам аднавіў межы Ізраіля, але мы разумеем тое, што Ёна прарочыў у Ізраілі пад час валадараньня Ераваама з 783 па 743 год да Р. Х. Кніга Ёны не датуецца, але мы разумеем, што яна была напісаная пасьля вяртаньня Ёны з Нінэвіі. Дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што Ёна прапаведаваў у Нінэвіі непасрэдна перад прыходам да ўлады Асірыйскага валадара Тыглатпаласара, які ўладарыў з 745 па 727 год да Р. Х.

Новы Запавет таксама дае зьвесткі пра Ёну, як пра гістарычную асобу вуснамі Ісуса Хрыста: «Ён ім сказаў: “Род падступны і пералюбны азнакі шукае; і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока, бо як Ёна быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы, так і Сын чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы”» (Мац 12:39-40). Грунтуючыся на зьвесткі Пісаньня, мы можам упэўнена сьцьвярджаць, што падзеі кнігі Ёны - гэта гістарычны факт, а ня нейкая алегарычная прыдумка.

Як мы ўжо ўбачылі, Ёна нарадзіўся ў Гатхэфэры, што знаходзіцца паблізу ад Назарэта, а гэта значыць, што Ёна - галілеянін. А гэта, у сваю чаргу, азначае, што фарысеі хлусілі, калі казалі Нікадыму: «На гэта казалі яму: “І ты ці не з Галілеі? Паглядзі, і ўбачыш, што з Галілеі ня прыходзіць прарок”» (Ян 7:52). Дарэчы, тут трэба заўважыць, што прарокі Навум і Малахія таксама паходзілі з Галілеі.

Ёна пачаў сваё прароцкае служэньне ў той час, калі скончылася служэньне Елісея. Некаторыя дасьледчыкі, спасылаючыся на дадзеныя гебрайскай гісторыі, сьцьвярджаюць, што Ёна быў сынам удавы з Сарэпты Сідонскай, якога ўваскрэсіў Ільля. Пытаньне прыналежнасьці Ёны да Фінікіі даволі спрэчнае, бо калі гэта так, дык па маці ён павінен быў быць паганінам Фінікіі, а Пісаньне кажа, што Ёна нарадзіўся ў Галілеі. Але, пакінем гэтае пытаньне ў тым выглядзе, якое яно ёсьць і прапануем усім зацікаўленым самастойна дасьледаваць гісторыю паходжаньня прарока Ёны.

Прароцтва Ёны дае нам магчымасьць адчуць гісторыю Ёны праз розныя пачуцьці, якія ўзьнікаюць у сэрцы чалавека. Напрыклад тое, што Ёна быў шчырым у галоўным, але ня меў пэўнай мужнасьці, каб сьмела выканаць волю Бога. Ці тое, што гэта ёсьць апавяданьне чалавечага сэрца, калі адкрыцьцё Госпада сьвету было выказана непасрэдна яму, а яно, сэрца чалавека, прадпрымае нейкія дзеяньні ў сувязі з гэтым адкрыцьцём. Але, відавочна тое, што прароцтва Ёны - гэта абвяшчэньне вялікага прынцыпа Госпада, які кажа пра тое, што можна пазьбегнуць прыжыцьцёвага пакараньня толькі шляхам шчырага пакаяньня, як гэта і было з Нінэвіяй: «І ўбачыў Бог дзеі іхнія, што яны зьвярнулі ад ліхога шляху свайго, і пашкадаваў Бог за бедства, пра якое сказаў, што навядзе на іх, і не навёў» (Ёна з:10).

Ёна займае асобнае месца сярод прарокаў, бо ягонае служэньне накірована ня толькі да гебраяў, але і да паганаў з азначэньнем канкрэтнага тэрміну пакараньня: «І пачаў Ёна хадзіць па горадзе, колькі можна прайсьці за адзін дзень, і прапаведаваў, кажучы, “Яшчэ сорак дзён, - і Нінэвія будзе разбурана!”» (Ёна 3:4). Акрамя гэтага прыклад дзеяньня прарока, паказвае нам нікчэмнасьць чалавечых намаганьняў па разбурэньню Божых планаў па праяве ласкі Сваёй.

Галоўная мэта кнігі Ёны – гэта сьведчаньне пра тое, што Бог зьяўляецца Богам ня толькі для юдэяў, але і для паганаў. Апостал Павал вельмі добра выказвае вестку, якая выкладзена ў кнізе Ёны: «Няўжо Бог ёсьць Бог юдэяў толькі, а не й паганаў? Вядома і паганаў» (Рым 3:29). Павал кажа гэтым, што Бог мае планы Сваёй ласкі і любові да паганаў, таксама як і да гебраяў. Але, на жаль, Ізраіль ніколі гэтага не даведаўся. Нягледзячы на цудоўнае вучэньне кнігі прарока Ёны.

Кніга Ёны падзяляецца на шэсьць частак: даручэньне прароку (1:1-2); непавінавеньне прарока (1:3-17); малітва прарока (2:1-11); другое даручэньне прароку (3:1-3); посьпех прарока (3:4-10) і вымова прароку (4:1-11).


• Даручэньне прароку (1:1-2).

«І было слова ад Госпада Ёну, сыну Амафіінаму: “Устань, ідзі ў Нінэвію - горад вялікі і прапаведуй у ім, бо зладзействы яго дайшлі да Мяне”» (Ёна 1:1-2). Зьвярнем увагу на тое, як хутка разварочваюцца падзеі. Мы ня бачым, калі і як Бог заклікаў Ёну да прароцкага служэньня і гэта кажа пра тое, што Ёна прымае даручэньне Госпада будучы ўжо сталым прарокам. Гэта пацьверджваецца і нашым невялікім дасьледваньнем, якое падказвае нам, што Ёна прапаведаваў у Нінэвіі на прыканцы валадараньня Ераваама. Бог паставіў перад Ёнай вельмі сур’ёзную задачу, бо прапаведаваць у Нінэвіі было ня вельмі простай справай, бо Нінэвія - гэта быў вялікі па тагачасным меркам горад, які налічваў прыкладна 120000 жыхароў і якія жылі на прасторы ў 345 кв. км. І, акрамя таго, гэта быў горад паганаў у Асірыі.


• Непавінавеньне прарока (1:3-17).

«І ўстаў Ёна, каб бегчы ў Тарсіс ад аблічча Госпада, і прыйшоўшы ў Епію і знайшоўшы карабель, які выпраўляўся ў Тарсіс, аддаў плату за правоз і ўзышоў на яго, каб плыць з імі ў Тарсіс ад аблічча Госпада» (Ёна 1:3).

Зьвярнем увагу на тую акалічнасьць, што Ёна наўмысна не падпарадкаваўся Госпаду і заплаціўшы за правоз выправіўся караблём у Тарсіс. Але мы ведаем, як няўдала ў гэтым сэнсе скончылася падарожжа Ёны, нягледзячы на тое, што ён аддаў плату за правоз. І гэта кажа ўсім нам пра тое, што за любое непаслушэнства Госпаду, нам «прыдзецца плаціць», бо будзе бура, як на караблі Ёны, бо ня гледзячы на адводзячы ад рэальнасьці сон, усё роўна прыдзецца адказваць за свой грэх перад Госпадам: «Тады заклікалі яны Госпада і сказалі: “Молім Цябе Госпадзе, хай не загінем за душу чалавека гэтага, і хай не залічыш на нас кроў невінаватую, бо Ты, Госпадзе, зрабіў, што заўгодна Табе!” І ўзялі Ёну і кінулі яго ў мора, і сьціхла мора ад лютасьці сваёй» (Ёна 1:14-15). Ёна зьбягаў ад Госпада, таму што жаданьне і імкненьне сэрца чалавека заўсёды ніжэй за сапраўдную Божую справядлівасьць.


• Малітва прарока (2:1-11).

«І загадаў Госпад вялікаму кіту праглынуць Ёну; і быў Ёна ў чэраве гэтага кіта тры дні і тры ночы. І памаліўся Ёна Госпаду Богу свайму з чэрава кіта» (Ёна 2:1-2). Безумоўна тое, што гэта была малітва чалавека, які трапіў у вельмі, па чалавечым меркам, безнадзейную сітуацыю, але Ёна, ведаючы Госпада, зьвяртаецца да Яго ў смутку, але з надзеяй: «Да асновы гор я сышоў, зямля сваімі замкамі навек загарадзіла мяне, але Ты, Госпадзе Божа мой, душу маю выведзеш з пекла» (Ёна 2:7).

Малітва Ёны, як і павінна тое было быць, дасягнула Госпада, бо Ёна пакаяўся ў непаслушэнстве і паабяцаў выканаць Божае даручэньне: «І сказаў Госпад кіту, і ён выкінуў Ёну на сушу» (Ёна 2:11).


• Другое даручэньне прароку (3:1-3).

«І было слова ад Госпада Ёну другі раз: “Устань, ідзі ў Нінэвію - горад вялікі і прапаведуй у ёй, што Я загадаў табе”» (Ёна 3:1-2). Заўважым, што Бог не адвяргае нас за малавернасьць, чалавечыя слабасьці і нават непаслушэнства, а маючы перад Сабою нашую малітву і пакаяньне, вяртае нас на шлях нашага служэньня, як вярнуў Ёну, даўшы яму другі раз першае даручэньне: «І ўстаў Ёна і пайшоў у Нінэвію па слове ад Госпада. А Нінэвія была горад вялікі ў Бога, на тры дні хады» (Ёна 3:3). Тры дні хады праз горад, можа азначаць прыкладна 100 км, што ў сваю чаргу дае нам плошчу горада ў 345 кв. км.


• Посьпех прарока (3:4-10).

«І пачаў Ёна хадзіць па горадзе, колькі можна прайсьці за адзін дзень, і прапаведаваў, кажучы: “Яшчэ сорак дзён, - і Нінэвія будзе разбурана!” І паверылі нінэвіцяне Богу, і абвясьцілі пост, і апрануліся ў вярэты, ад вялікага з іх да малога» (Ёна 3:4-5).

Ёна меў посьпех у сваім служэньні, бо ведаў праўду Бога як і той шлях, які ён пераадоліў, каб прыйсьці ў Нінэвію і абвесьціць жыхарам магчымасьць збаўленьня. І «паверылі нінэвіцяне Богу», і пакаяліся. У выніку Бог пашкадаваў іх і таму не навёў на іх абяцаныя бедствы. Жыхары Нінэвіі паверылі Богу і гэта - дзеяньне слова Божага на іхняе сумленьне. Яны прызналі свой грэх і адвярнуліся ад яго. Нінэвія прызнала справядлівым суд Бога і таму Бог даруе ім і не выконвае Свайго суда.


• Вымова прароку (4:1-11).

«Тады сказаў Госпад: “Ты шкадуеш за расьліну, над якою ты не працаваў і якое не гадаваў, якая за адну ноч вырасла і за адну ж ноч і прапала: Мне ж ці не пашкадаваць Нінэвіі, горада вялікага, у якім больш за сто дваццаць тысяч чалавек, якія ня ўмеюць адрозьніць правай рукі ад левай, і мноства быдла?”» (Ёна 4:10-11). Так сканчваецца кніга прарока Ёны. Пытаньнем. І тут мы павінны заўважыць пяшчотнасьць гэтых вершаў як і тое, што імгненнае сканчэньне кнігі робіць гэтае сканчэньне вельмі ўразьлівым.

Але да гэтага была ўнутраная нязгода прарока са збаўленьнем горада паганаў ад пакараньня, бо ён адчуваў сябе ў пэўным дыскамфорце ад такога прымусовага служэньня. Ёна затрымаўся каля горада ў нейкай надзеі, што станецца сьведкаю разбурэньня грэшнага горада. Але Бог даў яму відавочны ўрок, калі Ён вырасьціў перад ім за адзін дзень вялікую расьліну і за адзін жа дзень вынішчыў яе. Пакаяньне Нінэвіі раздражняла Ёну і сярод свайго гневу ён радуецца расьліне, якую Бог падгатаваў для яго, бо яна давала яму цень у дзённую сьпякоту. Зьнішчэньне ж расьліны паказала Ёне, што калі ён пашкадаваў гэтую расьліну, якая ня мае сэрца і ня можа пакаяцца, дык чаму ж ён не шкадуе людзей Нінэвіі, якія маюць сэрца і шчыра пакаяліся?

Вось так дзейнічае наш Бог, Якога многія людзі, як Ёна, так мала ведаюць і так неахвотна пасьцігаюць. І ня можа быць сапраўднага пазнаньня Госпада, акрамя як у скрышаньні сваёй нецярплівасьці, гордасьці і самаўпэўненасьці ва ўсім. І гэта ёсьць справядлівасьць, бо набыць вялікія веды пра Бога і ў той жа час пазьбегнуць Ягонага ўзьдзеяньня ў сэрцы - гэта вельмі слабы набытак чалавека. Наш Бог жадае ня гэтага, але Ён жадае, каб гэтыя дзьве складаючыя аб’ядналіся ў нас. Такая вось кніга прарока Ёны, якая навучае нас бачыць як адносіны Бога і чалавека, так і дзеяньні Госпада.


Рецензии