Книга пророка Авдия

КНІГА ПРАРОКА АЎДЗЕЯ


«Бо блізкі дзень Госпадаў на ўсе народы як ты
рабіў, так будзе зроблена і з табою. Аддача твая
абернецца» (Аўд 1:15).

Кніга прарока Аўдзея самая кароткая ў Старым Запавеце, якая складаецца толькі з аднаго разьдзела. Гэта цудоўна намалёваная прароцкая карціна, якая паказвае жорсткасьць Эдома супраць Юдэі. Гэта карціна вельмі выразна паказвае нам характар, паводзіны і падзеньне Эдома. Маленькая кніга Аўдзея нясе ў сабе вялікую вестку - папярэджаньне супраць грахоўнай гордасьці і самаўпэўненасьці: «Ганарыстасьць сэрца твайго падманула цябе. Ты жывеш у расколінах скал на ўзвышаным месцы і кажаш у сэрцы тваім: “Хто скіне мяне на зямлю?”» (Аўд 1:3).

Ці не для ўсіх нас гэтыя словы Аўдзея? Бо, ці не знаходзяцца ў стане гордасьці і самаўпэўненасьці многія людзі, якія дасягнулі нейкіх грамадзкіх, бізьнесовых ці ўладных вышыняў і якія разважаюць у сэрцы сваім таксама як і народ Эдома: «Хто скіне мяне на зямлю?».

Нічога не вядома пра аўтара гэтай кнігі, апроч таго, што Стары Запавет узгадвае трынаццаць чалавек, якія мелі імя Аўдзей, якое, дарэчы, азначае «слуга Госпада». Выходзячы з этага, ўсе спробы дасьледчыкаў вызначыць Аўдзея-аўтара носяць толькі тэарэтычны характар. Цяжка вызначыць і час напісаньня гэтай кнігі, але няма сумненьня ў тым, што яна была напісаная пасьля аблогі, захопу і разбурэньня Ерусаліма: «У той дзень, калі чужынцы вялі войска ягонае ў палон і іншапляменцы ўвайшлі ў браму ягоную і кінулі жэрабя на Ерусалім, ты быў як адзін з іх. Ня варта было б табе глядзець на дзень брата твайго, на дзень адчужэньня яго. Ня варта было б радавацца за сыноў Юды ў дзень іхняй пагібелі і разьзяўляць рот у дзень бедства» (Аўд 1:11-12).

Эдом - гэта нашчадак Ісава, роднага брата Ізраіля: «І сказаў Ісаў Якубу: дай мне паесьці чырвонага, чырвонага гэтага; бо я стаміўся. Ад гэтага дадзена яму мянушка “Эдом”» (Быц 25:30). Гэта быў горды, жорсткі і помсьлівы народ, які ва ўсе вякі шукаў магчымасьці зрабіць зло нашчадкам Якуба. Ізраіль і Эдом заўсёды жылі ў варожасьці і калі Навухаданосар узяў у палон жыхароў Ерусаліма, Эдом радаваўся падзеньню Юдэі і ўзяў удзел у рабаваньнях і забойствах: «Прыгадай Госпадзе, сынам Эдомавым дзень Ерусаліма, калі казалі яны: “Руйнуйце, руйнуйце да падмурка яго”» (Пс 136:7).

Але, калі зазірнуць у мінулы час, дык мы ўбачым, што Бог загадваў Свайму народу ня грэбаваць, але мірна абыходзіцца з Эдомам: «Ня грэбуй Ідумэянінам, бо ён брат твой» (Др Зак 23:7).

Кнігу Аўдзея можна падзяліць на тры часткі: зьневажэньне Эдома, злачынства Эдома і асуда Эдома. Мы бачым, што з мінулых часоў Бог загадваў Свайму народу ня грэбаваць сваім братам Эдомам. Мы бачым і тое, як паводзіць сябе Эдом адносна народа Божага. Мы бачым, што жорсткія паводзіны Ідумэянаў первысілі меру беззаконьня і таму Божы суд адбыўся над імі. Пасьля вызваленьня Юды з палону, валадар Персіі Кір перамог іх і забіў значную частку Эдома. Але гэта быў толькі пачатак, бо яны атрымалі другую паразу пад час Макавэяў і паступова, як народ, зьніклі з гістарычных летапісаў. Але, вернемся да трох частак кнігі прарока Аўдзея:

• Зьнявага Эдома (1-9).

Чытаючы гэтую частку кнігі, мы павінны заўважыць ступені зьнявагі Эдома. Відавочна, што на пачатку Бог узбуджае народы супраць Эдома: «Так кажа Госпад Бог пра Эдома: “Вестку пачулі мы ад Госпада, і пасол пасланы абвясьціць народам. Уставайце, і пойдзем супраць яго вайною”» (Аўд 1:1). Бог кажа далей пра тое, што яны будуць скінутыя са сваіх, быццам бы непрыступных умацаваньняў: «Але хоць бы ты, як арол, падняўся высока і сярод зорак зладзіў гняздо тваё, дык і адтуль Я скіну цябе, кажа Госпад» (Аўд 1:4).

Далей, суседнія народы, з якімі яны мелі дамовы, парушаць іх і будуць ваяваць з імі: «Да мяжы выведуць цябе ўсе супольнікі твае, ашукаюць цябе тыя, што жывуць з табою ў міры, удараць цябе тыя, што хлеб твой ядуць. Няма ў ім сэнсу» (Аўд 1:7).

І нарэшце, нават мудрасьць мудрацоў і мужнасьць ваяроў іхніх будзе аднятая ад іх і не дапаможа ім: «Ці ня ў той дзень гэта будзе, кажа Госпад, калі Я вынішчу мудрых у Эдоме і разумных на гары Ісава? Працятыя будуць страхам адважнікі твае, Фэман, каб усе на гары Ісава вынішчаны былі забойствам» (Аўд 1:8-9).


• Злачынства Эдома. (10-14).

Другая частка кнігі Аўдзея распавядае пра злачынствы Эдома супраць Ізраіля. Зьвярнем увагу на тое, як Бог засяроджвае ўвагу на грэх Эдома супраць Якуба: «За ўціск брата твайго, Якуба, пакрые цябе сорам, і ты зьнішчаны будзеш назаўсёды» (Аўд 1:10).

Але, з чаго складаўся гэты ўціск? Па-першае, Эдом адмовіў у дапамозе брату свайму і рабіў так, як рабілі пераможцы: «У той дзень, калі ты стаяў насупраць, у той дзень, калі чужынцы вялі войска ягонае ў палон і іншапляменцы ўвайшлі ў браму ягоную і кінулі жэрабя на Ерусалім, ты быў як адзін з іх» (Аўд 1:11).

«Ня трэба было табе ўваходзіць у браму народу Майго ў дзень няшчасьця яго і нават глядзець на злашчасьце яго ў дзень пагібелі ягонай, ні дакранацца да маёмасьці ягонай у дзень бедства ягонага. Ні стаяць на ростанях, каб забіваць тых, што ўцякалі ад яго ў дзень бедства» (Аўд 1:13-14). Мы бачым вельмі сумнае дзеяньне брата Ізраіля, калі ён прымае ўдзел у рабаваньні і забіцьці тых, хто хаваўся ад ворага.


• Асуда Эдома (15:21).

На першы погляд здаецца, што гэтая частка кнігі тычыцца толькі аднаўленьня Юды, але гэта ня так, бо мы бачым праз гэта, калі і як адбудзецца разбурэньне Эдома. Юдэя будзе збаўлена, але гэта будзе азнакаю поўнага зьнішчэньня Эдома: «А на гары Сыёне будзе збавеньне, і будзе яна сьвятыняю; і дом Якуба атрымае ва ўладаньне спадчыну сваю. І дом Якуба будзе агнём і дом Язэпа - полымем, а дом Ісава – саломаю. Запаляць яго і зьнішчаць яго, і нікога не застанецца з дому Ісава, бо Госпад сказаў гэта» (Аўд 1:17-18).

Усё гэта завершыцца пад час Макавэяў, але ўсё гэта мае больш слаўнае завяршэньне: «І завалодаюць тыя, што на поўдзень, гарою Ісава, а якія ў даліне – Філістымлянамі. І завалодаюць полем Яфрэма і полем Самарыі, а Беньямін завалодае Галаадам. І пераселеныя з войска сыноў Ізраілевых завалодаюць зямлёю Хананэйскаю да Сарэпты, а пераселеныя з Ерусаліма, якія ў Сэфарадзе, атрымаюць у валоданьне гарады паўднёвыя. І прыйдуць ратавальнікі на гару Сыён, каб судзіць гару Ісава, і будзе валадарства Госпада» (Аўд 1:19-21).


Якое слаўнае завяршэньне: «І будзе валадарства Госпада». Мы бачым у гэтым прароцтве Аўдзея Ісуса Хрыста, бо нягледзячы на тое, што словы прарока накірованы да Юдэі, мы можам бачыць яшчэ больш вялікае збаўленьне, якое чакае ўвесь народ Божы - збаўленьне ад усякага грэху, калі станецца так: «І сёмы анёл затрубіў, і залуналі на небе гучныя галасы, якія казалі: “Валадарства сьвету зрабілася Валадарствам Госпада нашага і будзе валадарыць на векі вечныя» (Адк 11:15).


Рецензии