Книга пророка Наума

КНІГА ПРАРОКА НАВУМА


«Добры Госпад, - прыстанак у дзень скрухі -
і ведае тых, што на Яго спадзяюцца,
але ўсепатопным павадкам разбурыць
дашчэнту Нінэвію, і ворагаў Яго спасьцігне
морак» (Навум 1:7-8).

Навум нарадзіўся ў горадзе Элкас, як гэта сказана ў першым вершы ягонай кнігі: «Прароцтва пра Нінэвію, кніга ўяваў Навума Элкасэяніна» (Навум 1:1). Але тут, для дасьледчыкаў, узьнікае цікавае пытаньне, бо існавала некалькі Элкасаў. Адзін з іх існаваў у Асірыі, зусім побач з Нінэвіей, прыкладна ў трох кіламетрах на поўнач ад яе. Другі ж Элкас знаходзіўся ў Галілеі і гэта дае важную падставу лічыць, што прарок выбранага народа і выйшаў з гэтага народа.

Навум быў сучасьнікам Эзэкіі і прарока Ісаі. Пад час асірыйскага нашэсьця і палону дзесяці каленаў Ізраіля, Навум зьбёг у Юдэю, дзе праз сем гадоў быў сьведкаю аблогі горада Асірыяй, калі за адну ноч загінула 185000 тысячаў варожага войска: І сталася тае ночы. Пайшоў анёл Госпадаў і пабіў у табары Асірыйскім сто восемдзесят пяць тысяч. І ўсталі раніцай, і вось усе целы мёртвыя» (4 Вал 19:35).

Імя Навум - гэта скарочаная форма ад імя Нэемія, што азначае «Суцяшэньне». І не дарэмна, бо пропаведзь Навума суцешыла многіх, хто жыў у страху перад жорсткасьцю і бязьлітаснасьцю нінэвіцянаў. Прароцтва Навума было запісанае ў 620 годзе да Р.Х. і споўнілася праз восем гадоў, у 612 годзе да Р.Х. Кніга Навума мае толькі адну тэму - разбурэньне Нінэвіі. Але прыпамятаем гісторыю пакаяньня і разбурэньня Нінэвіі.

Прыкладна ў 760 годзе да Р.Х. Бог паслаў прарока Ёну ў самы вялікі горад Асірыі Нінэвію, каб папярэдзіць яе пра набліжаючы Божы суд. Праз непаслухмянасьць Ёны і ягоных праз гэта прыгодаў, прарок скараецца перад Госпадам і прапаведуе Нінэвіі іхнюю хуткую пагібель. Нінэвіцяне пакаяліся і Бог зьлітаваўся над імі: «Мне ці ж не пашкадаваць Нінэвіі, горада вялікага, у якім больш за сто дваццаць тысяч чалавек, якія ня ўмеюць адрозьніць правай рукі ад левай, і мноства быдла?» (Ёна 4:11).

Духоўнае абуджэньне Нінэвіі было сапраўдным і шчырым, бо калі б гэта было ня так, дык Нінэвія была б зьнішчана ўжо праз сорак дзён пасьля пропаведзі Ёны. Але, на жаль, не прайшло шмат часу, як нінэвіцяне пачалі зноў рабіць зло і зрабіліся вялікай пагрозай Ізраілю. І менавіта ў гэты час быў пакліканы на служэньне прарок Навум, каб абвясьціць будучае разбурэньне Нінэвіі. Але, у адрозьненьні ад збаўляльнай проапаведзі Ёны, на гэты раз яны не маглі пазьбегнуць пакараньня. Апошняя кропля цярпеньня пралілася ў 612 годзе да Р.Х., калі Нінэвія была захоплена і зруйнована Бабілонам.

Навум напісаў цудоўную жывую паэму пра веліч, сілу і Божую справядлівасьць у гэтым процістаяньні паміж жахлівай сьвецкай Нінэвіяй і праведным Госпадам. Мэта кнігі Навума мае два накірункі. Першы з іх - гэта суцяшэньне Ізраіля, які адчуваў вялікую небясьпеку з боку Асірыі. Другі ж накірунак - гэта папярэджаньне таго, што Бог можа зрабіць з адступніцкім народам.

Кніга прарока Навума ўмоўна падзяляецца на дзьве часткі: Судьдзя (1:1-7) і суд (1:8-3:19).


• Судьдзя (1:1-7).

«Госпад ёсьць Бог руплівец і помсьнік; помсьнік Госпад і страшны ў гневе. Помсьнік Госпад ворагам Сваім, і ня зьлітуецца з супраціўцаў Сваіх. Госпад шматцярплівы і вялікі магутнасьцю і не пакідае без пакараньня. У віхуры і ў буры шэсьце Госпада, воблака - пыл ад ног Ягоных» (Навум 1:2-3).

Навум паказвае які ёсьць Бог, прыводзячы велічнае і моцнае апісаньне ўласьцівасьцяў Госпада, якія складаюць аснову Ягоных дзеяньняў у адносінах да чалавечага роду. Мы бачым Госпада шматцярплівага, але помсьніка, Які не пакідае без пакараньня грэх. І думка Навума ў тым, што як бы не было вялікім Ягонае цярпеньне, прыйдзе дзень, калі мы ўбачым, што Ён ня мірыцца са злом. Але гэтая думка і супакойвае, таму што помста Госпада зьяўляецца збаўленьнем сьвету ад уціску, ліхадзейства і распусты, бо Ён хоча, каб сьвет знаходзіўся ў дабраславеньні пад позіркам свайго Збаўцы: Добры Госпад, - прыстанак у дзень скрухі - і ведае тых, што на Яго спадзяюцца» (Навум 1:7).


• Суд (1:8-3:19).

«Што намышляеце вы супраць Госпада? Ён учыніць зьнішчэньне, і бедства ўжо не паўторыцца, бо пераплеценыя паміж сабою, як цярноўнік і ўпітыя, як п’яніцы, яны пажэртыя будуць начыста, як сухая салома» (Навум 1:9-10).

Любы суд, як працэс, мае свой рэгламент: абвінавачваньне; прысуд; пакараньне. Нінэвія станавілася на суд Божы і таму Навум кажа пра яе злачынствы супраць Госпада і абвяшчае Божы прысуд: «Пажэртыя будуць начыста, як сухая салома». Вельмі жорсткі прысуд бязбожнаму народу і ягоным кіраўнікам, бо ня будзе працягу рода Асура: «А пра цябе, Асур, Госпад вызначыў: “Ня будзе болей насеньня з тваім імем. З дому бога твайго зьнішчу балваноў і куміраў, падрыхтую табе ў ім магілу, бо ты будзеш у пагардзе”» (Навум 1:14).

Дасьледчыкі кажуць, што гэтыя словы былі, па ўсёй верагоднасьці, накіраваныя Рабсаку, які адкрыта зьневажаў Бога Ізраіля пры аблозе войскам Асірыі Ерусаліма: «Хто з усіх багоў гэтых выратаваў зямлю сваю ад рукі маёй? Дык няўжо Госпад выратуе Ерусалім ад рукі маёй?» (4 Вал 18:35). Мы памятаем адказ на гэта прарока Ісаі: «Так кажа Госпад: “Ня боўся слоў, якія ты чуў, якімі ганілі Мяне слугі валадара Асірыйскага. Вось Я пашлю ў яго дух, і ён пачуе вестку, і вернецца ў зямлю сваю, і Я паб’ю яго мечам у зямлі ягонай» (4 Вал 19:6-7).

Калі Судьдзя выносіць прысуд Нінэвіі, дык Ён зьвяртаецца і да Юдэі, каб яны ня толькі радаваліся гэтаму пакараньню, але і выконвалі свае абяцаньні перад Госпадам: «Вось, на горах - ступакі дабравесьніка, які абвяшчае мір. Сьвяткуй Юдэя сьвяты твае, выконвай свае абяцаньні, бо ня будзе болей праходзіць па табе бязбожнік. Ён зусім зьнішчаны» (Навум 1:15).

Прысуд Нінэвіі вынесены, папярэджаньне Юдэі зроблена і таму прарок Навум абвяшчае тое жахлівае пакараньне, якое чакае Нінэвію: «Вось Я - на цябе! Кажа Госпад Саваоф. І падыму на аблічча тваё краі вопраткі тваёй, і пакажу народам галізну тваю і валадарствам срамату тваю. І закідаю цябе мярзотамі, зраблю цябе пагарджанаю і выстаўлю цябе на паглум. І будзе тое, што ўсякі, убачыўшы цябе, пабяжыць ад цябе і скажа: “Спустошана Нінэвія! Хто пашкадуе яе? Дзе знайду я суцешніка табе?”» (Навум 3:5-7).

Навум малюе жывую карціну аблогі і падзеньня Нінэвіі. Ён дае нам магчымасьць убачыць усё жахлівае відовішча гэтай трагічнай сцэны і адчуць пагібель Нінэвіі, сьмяротна хворай на грэх: «Няма лекаваньня ране тваёй, хваравітая пошасьць твая. Усе, хто пачуў вестку пра цябе, будуць пляскаць у далоні за цябе, бо на каго не пашыралася бесьперастанку злосьць твая?» (Навум 3:19).


Пакараньне, якое спустошыла Нінэвію, прынесла збаўленьне народу Юдэі. Але, паколькі юдэі не пакаяліся ў сваіх грахах і не рабілі добрае ў вачах Бога, іх чакала пакараньне ад рукі Бабілона. Падзеньне Асірыі азначала канец уціску з боку Нінэвіі і давала Юдэі на некаторы час мір і супакой. На некаторы час, бо на жаль, Юдэя не скарысталася той цудоўнай магчымасьцю, якую абвяшчаў ёй Бог праз Свайго прарока Навума.

На пачатку свайго прароцтва Навум абвяшчае сьвятасьць і справядлівасьць Госпада. Навум кажа, што Бог шматцярплівы, вялікі магутнасьцю, добры і клапатлівы за дзяцей Сваіх. Усе гэтыя якасьці Бога праявіліся ў справе адкупленьня, якую Ён зьдзейсьніў у Ісусе Хрысьце. Асноўная тэма прароцтва Навума - суцяшэньне Свайго народа праз суд і пакараньне Ягоных ворагаў. І тут мы можам бачыць, што гэтае прароцтва ёсьць прадбачаньне крыжа Хрыста, бо менавіта на крыжы Бог суцешыў вернікаў збаўленьнем, зрабіўшы Сына Свайго Ісуса Хрыста ахвяраю за грэх, асудзіўшы нашыя грахі ў Ім.


Рецензии