Книга пророка Михея
«О, чалавеча! Сказана табе, што - дабро, і чаго
патрабуе ад цябе Госпад: “Дзейнічаць справядліва,
любіць справы міласэрнасьці і пакорнамудра
хадзіць перад Богам тваім» (Міх 5:8).
Прарок Міхей нарадзіўся ў мястэчку Марэшэт-Гэт, якое знаходзілася прыкладна ў сарака кіламетрах ад Ерусаліма. Імя Міхей азначае «Падобны Госпаду». І гэта недарэмна, бо для прарока Бог быў усім. Міхей меў узвышанае разуменьне сьвятасьці і праведнасьці Божай. Ён тым і адрозьніваўся ад іншых прарокаў, што паказваў цесную сувязь паміж сапраўднай рэлігіей і высокамаральнымі паводзінамі.
Міхей быў пакліканы на служэньне ў Юдэі пад час валадараньня Ёафама (739-731 гады да Р.Х.). Ягонае служэньне працягвалася пры валадары Ахазе (731-715 гады да Р.Х.) і валадары Эзэкіі (715-686 гады да Р.Х.). Міхей прарочыў у адзін час з Ісаей, але быў пакліканы служыць Госпаду на семнаццаць гадоў пазьней за прарока Ісаю. Ён быў прарокам у Юдэі, але зьвяртаўся і да Ізраільскага валадарства, дзе ў гэты ж час нёс сваё служэньне прарок Асія.
Прароцтва Міхея ў пэўнай ступені падобна на парароцтва Ісаі як па часе, так і па характару, але яны розныя ў тым плане, што Ісая кажа пра праблемы Юдэі ўвогуле, а Міхей сьведчыць больш сьцісла і вызначана. Міхей кажа пра набліжэньне Божага суда і абяцаньне Госпада аднавіць Свой народ. Ён канкрэтна вызначае грахі, якія пануюць сярод народа Божага і папярэджвае яго пра пакараньне.
Увогуле, любое пакараньне здаецца чалавеку, у той ці іншай ступені, жорсткім і неабгрунтаваным, бо народжаны чалавек зьяўляецца грэшнікам па прыродзе. Грэшнікі заўсёды схільныя крыўдзіцца на Бога і не давяраць Яму. Дзіўная прырода грэшніка, бо калі Бог дае яму дабраславеньне, дык той лічыць, што дастойны нашмат большага. І наадварот у выпадку нейкіх бядотаў, ён лічыць, што ніяк іх не заслугоўвае. Але як да гэтага ставіліся прарокі?
Прарокі Божыя добра ведалі пра гэтыя асаблівасьці грэшнага чалавека і таму яны цярпліва і падрабязна тлумачылі, што пакараньні прыходзяць ня самі па сабе, але накіроўваюцца Богам за праявы грэху: «Бо вось, Госпад выходзіць з месца Свайго, сыдзе і наступіць на вышыні зямлі, і горы растануць пад Ім, даліны распадуцца, як воск ад агню, як воды, што льюцца з урвішча. Усе гэта - за грэшнасьць Якуба, за грэх дому Ізраілевага» (Міх 1:3-5).
Міхей кажа пра грэшнасьць Якуба і грэх дому Ізраілевага, бо грэх, як цяжкая хвароба, распаўсюдзіўся на ўсё цела Ізраіля і Юды, пачынаючы ад галавы: «Ад каго грэшнасьць Якуба? ці не ад Самарыі? Хто зладзіў вышыні ў Юдэі? ці не Ерусалім?» (Міх 1:5). Ён абвінавачвае юдэяў у ідалапаклонстве, сквапнасьці, прыгнёце і жорсткасьці. Міхей абвінавачвае і князёў народа, якія грэбавалі справядлівасьцю, любілі зло і імкнуліся да багацьця, але пры гэтым самаўпэўнена разважалі пра тое, што Бог іх не асудзіць.
Кніга Міхея падзяляецца на дзьве часткі: Абвяшчэньне (1:1-3:12) і Суцяшэньне (4:1-7:20). Трэба дадаць, што гэтая кніга ў нечым падобная на кнігу Ісаі. Некаторыя дасьледчыкі выказваюць думку, што кніга Міхея - гэта твор, які падсумоўвае прароцтвы Ісаі. Але гэта самастойная кніга, бо ня можа быць так, каб у Божым прароцкім хоры, былі два аднолькавыя выканаўцы, якія пяюць аднолькавыя партыі. І таму, давайце разгледзем гэтыя часткі кнігі Міхея больш падрабязна:
• Абвяшчэньне (1:1-3:12).
«Слухайце ўсе народы, уважай, зямля і ўсё, што напаўняе яе! Хай будзе Госпад Бог сьведка супраць вас, Госпадзе з сьвятога храма Свайго» (Міх 1:2). Міхей зьвяртаецца да ўсіх народаў, а гэта значыць, што ня толькі да Ізраіля, але і да ўсіх нас. Ён паказвае для нас грэх Ізраіля і Юды як і тыя наступствы, якія чакаюць іх праз Божае пакараньне: «За што зраблю Самарыю грудай руінаў у полі, месцам пад разьвядзеньне вінаграду. Скіну ў даліну каменьне яе і агалю асновы яе» (Міх 1:6); «Бо балючае паражэньне яе, дайшло да Юды, дасягнула нават брамы народу Майго, да Ерусаліма» (Міх 1:9).
Міхей паказвае, што адступства ад Госпада і тая несправядлівасьць, якая пануе ў грамадзтве будуць асуджаны і вельмі жорстка пакараны: «Таму так кажа Госпад: “Вось, Я намышляю навесьці на гэты род такое бедства, якога вы ня скінеце з шыі вашай, і ня будзеце хадзіць выпрастаўшыся; бо гэта час ліхі”» (Міх 2:3).
Міхей абвінавачвае кіраўнікоў народа за тыя злачынствы, якія яны дазваляюць сабе і абвяшчае, што Бог не пачуе іхняга закліку і адвярнецца ад іх: «І сказаў я: “Слухайце галовы Якуба і князі дома Ізраілевага. Ці ж ня вам трэба ведаць праўду? А вы ненавідзеце добрае і любіце ліхое. Лупіце з іх скуру іхнюю і плоць з касьцей іхніх, ясьце плод народу Майго і лупіце з іх скуру іхнюю, а косьці іх ламаеце і крышыце як бы ў горшчык, і плоць - як бы ў кацёл. І будуць яны заклікаць да Госпада, але Ён не пачуе іх і схавае аблічча Сваё ад іх на той час, як яны зладзейнічаюць» (Міх 3:1-4).
Адначасова з гэтым, ён паказвае злачынствы святароў і прарокаў, што ў хуткім часе прывядзе да разбурэньня Ерусаліма: «Голавы яго судзяць за дарункі і сьвятары яго вучаць за плату і прарокі яго прадказваюць за грошы, а тым часам абапіраюцца на Госпада, кажучы: “Ці не сярод вас Госпад? Не спасьцігне нас бяда!” Таму за вас Сыён узараны будзе як поле, і Ерусалім зробіцца грудай руінаў, і гара дому гэтага будзе лясістым пагоркам» (Міх 3:11-12).
• Суцяшэньне (4:1-7:20).
«І будзе ў апошнія дні: гара дому Госпадавага пастаўлена будзе на чале гор і ўзвысіцца над пагоркамі, і пацякуць да яе народы. І пойдуць многія народы і скажуць: “Прыйдзеце, і ўзыдзем на гару Госпадаву і ў дом Бога Якубавага, - і Ён навучыць нас шляхам Сваім, і будзем хадзіць па сьцежках Ягоных; бо ад Сыёна выйдзе закон і слова ад Госпада – з Ерусаліма”» (Міх 4:1-2).
Заўважым, як зьмяняецца ў гэтай частцы кнігі жорсткасць абвінавачваньня і абвяшчэньне пакараньня на суцешлівы тон, поўны надзеі і любові. Бог, Які сьведчыў супраць Ізраіля, суцяшае яго будучай славаю: «Але кожны будзе сядзець пад сваёю вінаграднаю лазою і пад сваёю смакоўніцай, і ніхто ня будзе палохаць іх, бо вусны Госпада Саваофа вымавілі гэта» (Міх 4:4).
Міхей кажа, што Бог будзе судзіць многія іншыя народы і пасьля гэтага пастановіць мір на ўсе астатнія вякі: «І будзе Ён судзіць многія народы і выкрые многія плямёны ў далёкіх краінах. І перакуюць яны мячы свае на арала і дзіды свае - на сярпы. Не падыме народ на народ меча і ня будуць болей вучыцца ваяваць» (Міх 4:3)
Міхей кажа таксама, што пакуты Юдэі скончацца і яны пазбавяцца Бабілонскага палону: «Пакутуй і ўбольвайся мукамі, дачка Сыёна, як парадзіха, бо сёньня ты выйдзеш з горада і будзеш жыць у полі і дойдзеш да Бабілона. Ты будзеш выратавана, там адкупіць цябе Госпад ад рукі ворагаў тваіх» (Міх4:10).
І вось яно, самае галоўнае прароцтва Міхея, якое па сваёй глыбіні і яснасьці перавышае усіх іншых «малых прарокаў» - гэта прароцтва пра Ісуса Хрыста, бо ў гэтым прароцтве мы бачым месца нараджэньня Госпада Ісуса Хрыста і сутнасьць Ягонага служэньня: «І ты, Віфляеме – Эфрата, ці ж малы ты сярод тысячаў Юдавых? З цябе пойдзе Мне Той, Які павінен быць Валадаром у Ізраілі, і Якога паходжаньне з пачатку, ад дзён вечных. Таму Ён пакіне іх да часу, пакуль ня родзіць тая, што мае радзіць. Тады вернуцца да сыноў Ізраіля і пазасталыя браты іхнія. І стане Ён, і будзе пасьвіць у сіле Госпадавай, у велічы імя Госпада Бога Свайго і яны будуць жыць бясьпечна, бо тады Ён будзе вялікі да краёў зямлі» (Міх 5:2-4).
Міхей дае нам далей самы кранальны разьдзел сваёй кнігі, дзе Бог зьвяртаецца да Свайго народа і дае напамін пра тое, што Ён зрабіў для яго ў мінулым, як павінен паводзіць сябе чалавек перад Госпадам, як ён паводзіць сябе на самой справе і што чакае чалавека ў жыцьці бяз Госпада: «Народзе Мой! Што зрабіў Я табе і чым абцяжарваў цябе? Адказвай Мне. Я вывеў цябе з зямлі Егіпецкай і выкупіў цябе з дому рабства і паслаў перад табою Майсея, Арона і Марыям» (Міх 6:3-4); «О, чалавеча! Сказана табе, што - дабро, і чаго патрабуе ад цябе Госпад: “Дзейнічаць справядліва, любіць справы міласэрнасьці і пакорнамудра хадзіць перад Богам тваім”» (Міх 6:8); «Так і гэтак багацеі яго поўныя няпраўды, і жыхары яго кажуць ману, і язык іхні ёсьць падманам у вуснах іхніх, дык і Я нявылечна ўражу цябе спусташэньнем за грахі твае. Ты будзеш есьці - і ня будзеш сыты, пустата будзе ўсярэдзіне ў цябе. Будзеш ашчаджаць, але не ашчадзіш, а што ашчадзіш, тое аддам мечу» (Міх 6:12-14).
Прарок кажа пра Божыя патрабаваньні для ўсіх нас, але нічога ня кажа пра дар Божы. І мы ня выканаем Божыя патрабаваньні, бо няздольныя да таго часу, пакуль ня прымем вялікага Божага дара праведнасьці і сьвятасьці - Госпада Ісуса Хрыста.
Міхей зьвяртаецца да Госпада. Ён плача ў пакоры, спадзяючыся ў будучым толькі на Бога: «А я буду глядзець на Госпада, спадзявацца на Бога выратаваньня майго. Бог мой пачуе мяне. Ня радуйся дзеля мяне непрыяцелька мая! Хоць я ўпаў, але ўстану. Хоць я ў змроку, але Госпад сьвятло мне. Гнеў Госпадаў я буду несьці, бо зграшыў перад Ім, пакуль Ён ня вырашыць справы маёй і ня ўчыніць суд над мною. Тады Ён вывядзе мяне на сьвятло, і я ўбачу праўду Ягоную» (Міх 7:7-9).
Ён абвяшчае для ўсіх нас паўнату, свабоду і вернасьць Божага прабачэньня: «Хто Бог, як Ты, Які выбачаеш беззаконьне і не залічваеш злачынствы астатку спадчыны Тваёй? Ня вечна гневаецца Ён, бо любіць літаваць. Ён зноў умілажаліцца з нас, загладзіць беззаконьні нашыя. Ты ўкінеш у багну марскую ўсе грахі нашыя. Ты явіш вернасьць Якубу, літасьць Абрагаму, якую з клятваю абяцаў бацькам нашым ад дзён першых» (Міх 7:18-20).
Свидетельство о публикации №226050100479