Книга пророка Софонии

КНІГА ПРАРОКА САФОНА


«Ні срэбра іхняе, ні золата іхняе ня зможа
выратаваць  іх у дзень Госпада, і агнём палкасьці
Ягонай зжэртая будзе ўся гэта зямля, бо
вынішчэньне, раптоўнае, зьдзейсьніць Ён над
усімі жыхарамі зямлі» (Саф 1:18).


Прарок Сафон нарадзіўся ў Юдэі пад час валадраньня бязбожнага валадара Манасіі. Гэта быў жудасны і змрочны час дыктатуры валадара. Імя Сафон азначае «Схаваны Госпадам» і гэта можа азначаць, нейкім чынам, паўтор сітуацыі з Майсеем, калі бацькі хавалі сына ад сьмяротнага загаду фараона. Можа гэта і так, бо Пісаньне не дае такіх зьвестак, але на пачатку прароцтва мы бачым пры пераліку продкаў Сафона Эзэкію і гэта ня можа быць выпадковым. Сафон - нашчадак Юдэйскага валадара Эзэкіі.

Сафон нёс сваё прароцкае служэньне пад час валадараньня Ёсіі, які ўзышоў на пасад у 640 годзе да Р.Х. ва ўзросьце васьмі гадоў і валадарыў да 609 года да Р.Х.: «І рабіў ён добрае ў вачах Госпада, і хадзіў ва ўсім шляхам Давіда, бацькі свайго, і ня ўхіляўся ні направа, ні налева» (4 Вал 22:2).

Мы ведаем, што Ёсія пачаў даволі грунтоўную рэлігійную рэформу, вельмі неабходную для краіны, каб вярнуць народ да сапраўднага Бога. Але, як мы ведаем, народ упарціўся намаганьням Ёсіі і не хацеў усім сэрцам і шчырасьцю навяртацца да Госпада. І таму, служэньне Сафона было накірована на пропаведзь будучага суда Божага. Ён выкрывае розныя формы ідалапакланеньня, якія пасьля былі зьнішчаны Ёсіяй і з гэтага мы можам зрабіць пэўную выснову, што менавіта Сафон быў галоўным ініцыятарам рэлігійнага абуджэньня пад час валадара Ёсіі.

Сафон, як і прарок Навум прадказаў разбурэньне Нінэвіі: «І працягне Ён руку Сваю на поўнач - і зьнішчыць Асура і ператворыць Нінэвію ў руіны, у месца сухое, як пустыня» (Саф 2:13).

Мэта кнігі Сафона ў тым, каб папярэдзіць народ пра пагібель, якая насоўваецца на яго. Ён кажа пра дзень гневу, але потым кажа і пра будучае збаўленьне. Кніга Сафона падзяляецца на тры асноўныя часткі: дзень Госпада (1:1-2:3); прароцтва пра паганаў (2:4-15) і будучае збаўленьне (3:1-20).


• Дзень Госпада (1:1-2:3).

«І працягну руку Маю на Юдэю і на ўсіх жыхароў Ерусаліма. Зьнішчу з месца гэтага рэшткі Ваала, імя жрацоў са сьвятарамі, і тых, якія на дахах пакланяюцца воінству нябеснаму, і тых паклонцаў, якія запрысягаюцца Госпадам і запрысягаюцца валадаром сваім, і тых, якія адступіліся ад Госпада, не шукалі Госпада і ня пыталіся пра Яго. Змоўкні перад абліччам Госпада, бо блізкі дзень Госпада. Ужо падрыхтаваў Госпад ахвярны закол, назначыў, каго паклікаць» (Саф 1:4-7).

Ці не да нас зьвяртаецца Сафон, калі кажа: «Змоўкні перад абліччам Госпада, бо блізкі дзень Госпада. Ужо падрыхтаваў Госпад ахвярны закол, назначыў, каго паклікаць»? Мы ясна бачым нашае пакліканьне да Ісуса Хрыста і Ягоную ахвярную сьмерць за нашае збаўленьне. І мы ясна бачым вакол сябе ўсё тое ж, пра што кажа Сафон адносна Юдэі.

У дні служэньня Сафона народ Юдэі ўяўляў сабою вельмі агіднае гледзішча, бо ў краіне квітнела ідалапаклонства, а жрацы Ваала мірна суседствавалі з тымі, хто называў сябе сьвятаром Госпада. Мы бачым тых, хто адкрыта пакланяўся Ваалу і тых, хто адначасова запрысягаўся Госпадам і зьвяртаўся да Ваала. Мы бачым тых, хто адступіўся ад Бога і тых, каму ўсё гэта было абыякава. Знаёмая карціна, бо гэта тое, што і мы бачым вакол сябе. І таму, гледзячы на гэта, Сафон абвяшчае словы Госпада: «Усё зьнішчу з аблічча зямлі, - кажа Госпад» (Саф 1:2).

Ён абвяшчае вялікі дзень Госпадаў як пакараньне Ерусаліма: «І будзе ў той час. Я са сьвяцільняю агледжу Ерусалім і пакараю тых, якія сядзяць на дрожджах сваіх кажуць у сэрцы сваім: “Ня робіць Госпад ні дабра ні ліха”, - і абернуцца багацьці іхнія здабычаю і дамы іхнія – запусьценьнем. Яны пабудуюць дамы, а жыць у іх ня будуць. Насадзяць вінаграднікі, а віна з іх ня піцьмуць. Блізкі дзень Госпада, блізкі - і вельмі сьпяшаецца, бо ужо чуцен голас дня Госпадавага. Горка заенчыць тады і самы адважны» (Саф 1:12-14).

Але Сафон кажа пры гэтым і пра міласэрнасьць Госпада, бо ёсьць яшчэ час пакаяцца і зьвярнуцца да Госпада: «Дасьледуйце сябе ўважліва, дасьледуйце люд неакілзаны, пакуль ня прыйшло вызначэньне - дзень праляціць як мякіна - пакуль ня прыйшоў на вас палымяны гнеў Госпадаў, пакуль не настаў вам дзень лютасьці Госпада. Знайдзеце Госпада, усе пакорліўцы зямлі, выканаўцы законаў Яго. Знайдзеце праўду, знайдзеце пакорлівую мудрасьць і можа стацца, вы схаваецеся ад гневу Госпада» (Саф 2:1-3).

Вельмі сучасны зварот прарока Сафона, бо гэтыя словы накірованы да ўсіх людзей гэтага сьвету, бо толькі праз пакаяньне перад Госпадам, мы атрымаем збаўленьне, а значыць і жыцьцё вечнае.


• Прароцтва пра паганаў (2:4-15)

«Таму, жыву Я кажа Госпад Саваоф, Бог Ізраілеў: “Мааў будзе, як Садома, і сыны Амона будуць, як Гамора, здабыткам крапівы, саляною калдобінаю, пусткаю навекі. Рэшта народу майго возьме іх здабычаю, і ацалелыя з людзей Маіх атрымаюць іх у спадчыну. Гэта ім - за пыху іхнюю, за тое, што яны зьдзекваліся і велічаліся над народам Госпада Саваофа. Страшны будзе для іх Госпад, бо вынішчу усіх багоў зямлі і Яму будуць пакланяцца - кожны з месца свайго - усе выспы народаў» (Саф 2:9-11).

Як і многія іншыя прарокі, Сафон зьвяртаецца да паганаў, каб вызначыць іхнія грахі і пакінуць іх без апраўданьня у дзень Божага гневу. Сафон паказвае ім, што лёс народаў знаходзіцца ў руцэ Божай і што Ён абавязкова пакарае тых, хто жорстка абыходзіўся з Ягоным народам. Спачатку ён кажа пра Газу і зямлю Філістымскую, потым пра Мааў і Амон і далей пра Эфіопію і Асірыю, якія загінуць па волі Божай.

Але Бог вызначае рэшту Свайго народа, якая застанецца па сваёй праведнасьці і пакоры да Госпада. Менавіта ім абяцае Бог, што ўся зямля будзе аддадзена ім на валоданьне. Эфіопія, Нінэвія і ўсе магутныя народы ўпадуць і загінуць. Гэта і ёсьць Божы суд над паганамі і над усімі багамі зямлі.

Так, Бог пакарае тых, хто застанецца паганінам сярод сваіх багоў. Будзе суд, бо хто не адмовіцца ад іх і не сустрэне Госпада пры сваім зямным жыцьці, будзе мець жудасны суд Божы пасьля яго.


• Будучае збаўленьне (3:1-20).

«Тады зноў Я дам народам вусны чыстыя, каб усе заклікалі імя Госпада і служылі Яму аднадушна. З пазарэчных краін Эфіопіі прыхільнікі Мае - дзеці расьсеяных Маіх - прынясуць Мне дарункі. У той дзень ты ня будзеш сарамаціць сябе рознымі ўчынкамі тваімі, якімі ты грашыў супраць Мяне, бо тады Я выдалю спасярод цябе тых, якія марна славяцца сваёй знакамітасьцю, і ня будзеш болей упадаць у пыху на сьвятой гары Маёй» (Саф 3:9-11).
Прароцтва Сафона завяршаецца тым, што ён глядзіць у будучыню, бо чакае дзень аднаўленьня. Будучы суд павінен быў ачысьціць народ ад бруду і аднавіць сапраўднае пакланеньне. Суд Бога павінен быў прымусіць гебраяў сароміцца сваіх грэшных спраў і выдаліць гордых. Але Бог памілуе рэшту - тых, хто быў верны Госпаду: «Але пакіну сярод цябе народ пакорлівы і просты, і яны будуць спадзявацца на імя Госпада. Рэшта Ізраіля ня будзе рабіць няпраўды, ня будзе гаварыць маны, і ня знойдзецца ў вуснах у іх языка падступнага, бо самыя будуць пасьвіцца і пакоіцца, і ніхто не патрывожыць іх» (Саф 3:12-13).


У гэтых словах прарока ёсьць зварот да ўсіх верных Ісусу Хрысту, бо атрымаўшы новае жыцьцё ў Ісусе Хрысьце, яны атрымалі і сапраўдныя якасьці хрысьціяніна, бо гэта пра іх кажа Госпад: «Але пакіну сярод цябе народ пакорлівы і просты, і яны будуць спадзявацца на імя Госпада».

Ерусалім больш ня будзе памятаць сваю ганьбу, бо грахі народа будуць выдалены і гэта азначае, што гордыя будуць вынішчаныя, а пакорны народ застанецца. І гэтая рэшта ня будзе рабіць няпраўды, і казаць маны, але яны будуць пасьвіцца і ня мець небясьпекі: «Госпад Бог твой сярод цябе. Ён мае сілу ўратаваць цябе, узьвяселіцца за цябе радасьцю, будзе літасьцівы паводле любові Сваёй, будзе радавацца за цябе з вясёласьцю» (Саф 3:17).

Зьвярнем увагу на словы прарока, што Бог узьвяселіцца нашаму ўратаваньню. І гэта ёсьць вельмі важная вестка прарока Сафона для ўсіх нас, як і сказана ў Пісаньні: «І вывеў народ Свой у радасьці, выбранцаў Сваіх у вясёласьці» (Пс 104:43).

Сафон кажа таксама, што Госпад мае сілу ўратаваць нас. І тут мы зноў ясна бачым Ісуса Хрыста, Які прыйшоў збавіць людзей Сваіх ад грахоў іхніх: «І народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён уратуе людзей Сваіх ад грахоў іхніх» (Мац 1:21).


Рецензии