Книга прарока Аввакума

КНІГА ПРАРОКА АБАКУМА


«Вось, душа пагардлівая не супакоіцца, а
праведны сваёю вераю жывы будзе» (Абак 2:4).


Імя Абакум азначае «Які абдымае». І гэта недарэмна, бо ў сваім служэньні, ён як бы прыціскаецца да Госпада і выліваючы Яму ў малітве свае цяжкасьці, цярпліва чакае Божага тлумачэньня. Абакума называюць «прарокам веры» і «вольнадумным прарокам», таму што ён ня мог узгодніць сваю веру ў добрага і праведнага Бога з фактамі жыцьця, якія былі ў яго на вачах. І таму ён зноў і зноў задае пытаньні Госпаду: «Чыстым вачам Тваім неўласьціва глядзець на зладзействы, і глядзець на ўціскі Ты ня можаш. Дзеля чаго ж Ты глядзіш на зладзеяў, і маўчыш, калі бязбожнік паглынае таго, хто праведнейшы за яго, і пакідаеш людзей, як рыбу ў моры, як паўзуноў, у якіх няма валадароў?» (Абак 1:13-14).

Абакум прарочыў Юдэі каля 600 года да Р.Х. пад час валадараньня бязбожнага валадара Ёакіма. Нагадаем, што гэта было незадоўга да захопу Бабілонам Ерусаліма, які адбыўся ў 586 годзе да Р.Х. Вершы кнігі Абакума, па свайму складу і пабудове, вельмі падобныя на псальмы і таму, грунтуючыся на тыя зьвесткі, якія мы знаходзім у кнізе, мы можам выказаць здагадку, што Абакум быў ня толькі прарокам, але і ўдзельнічаў у храмавым хоры лявітаў.

Кніга Абакума - гэта ўнікальны твор сярод усіх прароцкіх пісаньняў, бо ў іншых кнігах мы бачым тое, што прарокі зьвярталіся да народа і вельмі мала месца адводзілася ўзаемаадносінам прарокаў з Богам. Але ў Абакума наадварот. Мы ня бачым вызначанага звароту прарока да людзей, але мы бачым дыялог паміж Абакумам і Госпадам: «На варту маю стаяў я і, стоячы на вежы, назіраў, каб даведацца, што скажа Ён ува мне, і што мне адказаць па скарзе маёй?» (Абак 2:1).

Прарок Абакум - гэта прадвесьнік Рэфармацыі, бо вялікае вучэньне пра апраўданьне вераю апостал Павал пазнаў з кнігі Абакума, а Марцін Лютар даведаўся пра гэта ад Паўла, які ня раз цытуе гэтае знакамітае «а праведны сваёю вераю жывы будзе»: «Бо ў ім адкрываецца праўда Божая ад веры ў веру, як напісана: “Праведны вераю жыць будзе”» (Рым 1:17); «А што законам ніхто не апраўдваецца, гэта ясна, бо “праведны вераю жыць будзе”» (Гал 3:11). Таксама і ў Гебраях: «Праведны вераю жыць будзе, а калі хто завагаецца, не хінецца да таго душа Мая» (Геб 10:38).

Кнігу Абакума можна падзяліць на тры часткі: першае пытаньне (1:1-11); другое пытаньне (1:12-2:17) і малітва веры (3:1-19). У першых дзьвух частках прарок спрачаецца з Богам, але ў трэцяй частцы ён набывае супакой у Госпадзе.


• Першае пытаньне (1:1-11).

«Дакуль Госпадзе, я буду заклікаць - і Ты ня чуеш, буду лямантаваць Табе пра насільле - і Ты не ратуеш? Навошта даеш мне бачыць зладзейства і глядзець на гароты? Рабунак і насільле перад мною, і паўстае варожасьць і падымаецца разлад» (Абак 1:23).

Першае пытаньне Абакума было зьвязанае з тым, што Бог маўчыць і не рэагуе на тое, што адбываецца ў грамадзтве, якое відавочна загнівае і гіне, бо ў ім квітнее насільле, рабунак, разлад і варожасьць. Бачачы ўсё гэта Абакум ня мог зразумець, чаму Бог нічога ня робіць, каб выправіць маральны стан грамадзтва.

Бог адказвае на пытаньне Абакума і абяцае зрабіць гэтую «справу»: «Паглядзеце паміж народамі і ўважліва ўгледзьцеся, і вы моцна зьдзівіцеся, бо Я ўчыню ў дні вашы такую дзею, якой вы не паверылі б, калі б вам расказалі» (Абак 1:5).

І сапраўды, калі б адзін чалавек сказаў другому пра тое, што хутка прыйдуць Халдэі і скрышаць Юдэю, дык ці паверыў бы у гэта той, хто слухаў? Але Абакуму казаў пра гэта Сам Бог, Які праз грозную варожую сілу вырашыў судзіць Юду: «Страшны і грозны ён. Ад яго самога паходзіць суд ягоны і ўлада ягоная. Хутчэйшыя за барсаў коні яго і баржджэйшыя за ваўкоў. Скача ў розныя бакі коньніца ягоная. Здалёк прыходзяць вярхоўцы ягоныя, прылятаюць як арол, што кідаецца на здабычу. Вось ён ідзе на рабунак, памкнуўшы аблічча сваё наперад, ён забірае палонных, як пясок» (Абак 1:7-9).

Адказ Бога засмуціў і вельмі зьдзівіў Абакума. І таму ён пытае Госпада другі раз.


• Другое пытаньне (1:12-2:17).

«Але ці ж ня Ты здавён Госпад Бог мой, Сьвяты мой? Мы не памром! Ты, Госпадзе, толькі дзеля суду папусьціў яго. Скала мая! дзеля пакараньня Ты назначыў яго. Чыстым вокам Тваім неўласьціва глядзець на зладзействы, і глядзець на ўціскі Ты ня можаш. Дзеля чаго ж Ты глядзіш на зладзеяў і маўчыш, калі бязбожнік паглынае таго, хто праведнейшы за яго, і пакідаеш людзей, як рыбу ў моры, як паўзуноў, у якіх няма валадароў?» (Абак 1:12-14).

Другое пытаньне Абакума прадыктованы тым, што ён хоча даведацца, чаму Сьвяты Бог хоча выкарыстаць у якасьці зброі пакараньня народ, які яшчэ больш грэшны чым юдэі?

Бог адказвае Абакуму і на гэтае пытаньне, загадаўшы яму запісаць Божую праўду так, каб кожны чалавек мог лёгка зразумець іх і жыць у далейшым па гэтай праўдзе: «І адказваў мне Госпад і сказаў: “Запішы ўяву і накрэсьлі ясна на крыжалях, каб чытач лёгка мог прачытаць, бо ўява стасуецца яшчэ з пэўным часам і гаворыць пра канец і не ашукае. І хоць бы і замарудзіла, чакай яе, бо мусова збудзецца, не адменіцца”» (Абак 2:2-3).

Бог кажа Абакуму, што народ Божы павінен устрымлівацца ад нецяпрплівасьці і асуды да таго часу, пакуль і ня ўсё зразумела. Чалавек не павінен абвінавачваць Бога на той падставе, што ён чагосьці ня бачыць ці не разумее ў пэўны момант часу, бо ўсе Ягоныя абяцаньні споўняцца і Ягоная слава будзе на ўсёй зямлі: «Бо зямля напоўніцца спазнаньнем славы Госпада, як воды напаўняюць мора» (Абак 2:14), а бязбожнікі будуць асуджаны.

На кожным з нас, кажа Госпад, ляжыць адказнасьць жыць вераю і нам ня трэба марнаваць час на тое, што зьяўляецца цяжкім для нашага разуменьня, але нас павінна, у першую чаргу, цікавіць тое, што Бог адкрывае нам: «Вось, душа пагардлівая не супакоіцца, а праведны сваёю вераю жывы будзе» (Абак 2:4).

Мы павінны глядзець на ўсё вачамі веры, бо можам нават бачыць, як у гэты самы момант Бог сядзіць на Сваім пасадзе і кіруе ўсім сьветам: «А Госпад - у сьвятым храме Сваім. Хай маўчыць уся зямля перад абліччам Яго!» (Абак 2:20). І ніякае зло ня можа парушыць Ягоны план і тым больш атрымаць перамогу над Ім. Абакум пачынае разумець Госпада і таму ўзносіць да Яго сваю малітву.


• Малітва веры (3:1-19).

«Малітва Абакума прарока на сьпеў. Госпадзе, пачуў я слых Твой і спалохаўся. Госпадзе, учыні дзею Тваю сярод гадоў, сярод гадоў яві яе. У гневе ўспомні пра літасьць» (Абак 3:1).

Так пачынае Абакум сваю малітву да Госпада. Безумоўна тое, што прарок не зразумеў цалкам шляхоў Госпадавых. А хто з нас можа пахваліцца гэтым? Важна тое, што Абакум вывучыў урок, які трэба вывучыць і ўсім нам, калі мы хочам атрымліваць асалоду міра і супакою ў гэтым грэшным і неспакойным сьвеце. Мы павінны чэрпаць радасьць у Госпадзе, памятаючы, што Ён зрабіў для нас, калі даў нам збаўленьне. І ні ў якім разе не шукаць яе па-за Богам - у тым, што атачае нас.

Абакум завяршае прароцтва малітвай, як вынікам усіх тых каштоўных урокаў, якія ён атрымаў ад Госпада. Ён будзе радавацца ўсяму, бо Сам Бог будзе ягонай сілай і падтрымкаю і Ён узьвядзе яго на вышыні дабраславеньняў, даючы яму ногі аленя: «Хоць бы не расьцьвіла смакоўніца і ня было плоду на вінаградных лозах, і масьліна здрадзіла і ніва не дала ежы, хоць бы ня стала авечак у кашары і рагатага быдла ў стойлах, але і тады я буду радавацца ў Госпадзе і весяліцца Ў Богу збавеньня майго. Госпад Бог - сіла мая. Ён зробіць ногі мае як у аленя і на вышыні мае ўзьвядзе мяне! (Начальніку хору)» (Абак 3:17-19).


«Ты выступаеш дзеля ўратаваньня народу Твайго» (Абак 3:13). Гэтыя словы малітвы прарока цудоўна кажуць пра тое, што зрабіў Ісус Хрыстос, калі прыйшоў на гэтую зямлю дзеля нашага збаўленьня: «І народзіць Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён уратуе людзей Сваіх ад грахоў іхніх» (Мац 1:21). Уся зямля схіліцца перад Ім. Яна будзе напоўнена веданьнем Ягонай славы, як воды напаўняюць мора. Ён прыйдзе для Свайго народу і зьнішчыць усе перашкоды, каб усталяваць Свой народ у дабраславеньні.

Няма нічога больш лепшага, чым разьвіцьцё думак Духа Госпада, суму і непакою ад Яго, адказу Божага для ўмацаваньня веры, каб сэрца чалавека мела цудоўную магчымасьць быць заўсёды ў прысутнасьці Госпада.


Рецензии