Книга пророка Захарии
«Ня будзьце такія, як бацькі вашыя, да якіх
заклікалі ранейшыя прарокі, кажучы: “Так кажа
Госпад Саваоф: “Адвярнецеся ад ліхіх шляхоў
вашых і ліхіх дзеяў вашых, але яны ня слухаліся
і не ўважалі Мяне, кажа Госпад”» (Зах 1:4).
Захарыю, што азначае «Бог памятае», называюць прарокам рэстаўрацыі і славы. Ён быў сучасьнікам Агея, але маладзей за яго. Захарыя, у сваім прароцкім служэньні, абадзёрваў упаўшых духам і сваім палымяным словам абвяшчаў будучую славу Ізраіля.
Захарыя, сын Варахіі, сын Ады (ці Іды), а менавіта так напісана на пачатку кнігі, нарадзіўся ў Бабілоне, ў сям’і сьвятароў лявітаў. Нээмія, пры пераліку сьвятароў, якія прыйшлі ў Ерусалім пасьля загаду валадара Кіра, ня кажа пра Варахію, але побач зь іменем Іды прысутнічае імя Захарыі. Дасьледчыкі тлумачаць гэта тым, што бацька Захарыі Варахія памёр у Бабілоне ў дастаткова маладым узросьце, а Іда - гэта дзед, які і выхаваў Захарыю замест бацькі.
У восьмым месяцы, на другім годзе валадара Дарыя, было слова ад Госпада да Захарыі, які пачаў заклікаць народ да пакаяньня і не рабіць таго, што рабілі іхнія продкі. Такім чынам, асноўная тэма кнігі Захарыі зьмяшчаецца ў словах: «Павярнецеся да Мяне, кажа Госпад Саваоф, і Я павярнуся да вас, кажа Госпад Саваоф» (Зах 1:3).
Прароцтва Захарыі - гэта гісторыя Ізраіля і ўзаемаадносінаў паганаў з Ізраілем ад палона да канца, зьвязаная з Ерусалімам, адбудова якога асабліва займае прарока. І калі храм Ерусаліма - гэта галоўная тэма прароцтва Агея, дык сам Ерусалім - галоўная тэма прароцтва Захарыі.
Захарыя імкнецца абадзёрыць народ у сваім служэньні. Прарок кажа, што гнеў Госпада быў выкліканы грахом народа, але калі ён скорыць сябе перад Госпадам, дык яго чакае слаўная будучыня. Наступіць дзень, калі ворагі будуць зьнішчаны і для Ерасаліма наступіць час росквіту, бо Бог пашле народу духоўнае дабраславеньне.
Кніга Захарыі даволі няпростая па свайму складу, бо падзяляецца на дзьве асноўныя часткі, якія, у сваю чаргу, падзяляюцца на весткі прарока, якія таксама падзяляюцца на больш дробныя часткі.
Але, усё па парадку. Першая частка кнігі - апакаліптычная (разьдзелы 1-8), якая падзяляецца на тры весткі. Другая ж частка - прароцкая (разьдзелы 9-14), якая падзяляецца на дзьве весткі прарока. Трэба заўважыць, што большая частка прароцтваў Захарыі яшчэ ня споўнілася, бо нават тыя, што здаюцца споўненымі, на самой справе зьдзейсьненыя толькі часткова.
Апакаліптычная частка (1-8). Яна пачынаецца з напаміну юдэям пра тое, што іхнія бацькі наклікалі на сябе бабілонскае паланеньне, калі адмовіліся адгукнуцца на Божы заклік да пакаяньня. Далей, прарок абвяшчае народу восем ўяваў, якія нясуць суцяшэньне ў будучым. І завяршаецца разьдзел адказамі на пытаньні прадстаўнікоў Бабілона на неабходнасьць выкананьня некаторых пастоў.
Першая частка кнігі складаецца з трох вестак прарока:
• Першая вестка (1:1-6).
«Угневаўся Госпад на бацькоў вашых вялікім гневам, і ты скажы ім: “Так кажа Госпад Саваоф: “Павярніцеся да Мяне, кажа Госпад Саваоф, і Я павярнуся да вас, кажа Госпад Саваоф”» (Зах 1:2-3).
Першая вестка Захарыі - гэта шчырае пакліканьне Юдэі да пакаяньня, з напамінам грахоў іхніх бацькоў і наступстваў, да якіх прывяло ўсё гэта. Ён заклікаў іх разважыць пра сваіх бацькоў і пра іхнія грахі. Прароцтва Захарыі мае на ўвазе грэх і неабходнасьць суда над грэшнікамі, але, дзякуючы Богу, яно адкрывае нам нешта нашмат большае. Яно адкрывае нам тое, што зло ніколі не перавысіць Госпада і што дабро, пабітае злом, праз Божы суд будзе заменена на яшчэ большае, бо такая ёсьць міласэрная прырода Бога.
І гэта так, бо калі Ён паклікаў нас па хрысьціянскі перамагаць зло дабром, дык Ён Сам і робіць гэта як Сваёй уладаю, так і праз ласку Сваю. Гэта і ёсьць адна з крыніцаў веры, якая заўсёды прыносіць супакой у сэрца чалавека: «Але словы Мае і вызначэньні Мае, якія наказваў Я рабам Маім прарокам, хіба ж не спасьціглі бацькоў вашых? І яны зьвярталіся і казалі: “Як вызначыў Госпад Саваоф зрабіць з намі паводле нашых шляхоў і паводле нашых дзеяў, так і ўчыніў з намі”» (Зах 1:6).
• Другая вестка (1:7-6:15).
«Уначы бачыў я ўяву. Вось, муж на рыжым кані стаіць паміж міртамі, якія ў паглыбленьні, а за імі коні рыжыя, пярэстыя і белыя, і сказаў я: “Хто яны, спадару мой?” І сказаў мне анёл, які гаварыў са мною: “Я пакажу табе, хто яны”» (Зах 1:8-9).
Гэтая ўява, як і астатнія сем ўяваў, якія атрымаў Захарыя ў адну ноч былі прызначаны для абадзёрваньня народа Юдэі. Гэтыя ўявы, у агульных рысах, паказвалі шляхі Госпада, пачынаючы з моманту часовага скасаваньня права юдэяў называцца народам Божым, да моманта іхняга аднаўленьня на зямлі разам з горадам і храмам пад уладаю Мэсіі.
Першая ўява кажа пра вяртаньне Госпада ў Ерусалім і пра тыя дабраславеньні, якія ідуць разам з Госпадам, бо дзе ёсьць Божая прысутнсьць, там ёсьць і Божыя дабраславеньні: «Таму так кажа Госпад: “Я зьвяртаюся да Ерусаліма з мілажалем. У ім пабудуецца дом Мой, кажа Госпад Саваоф, і землямерная вяроўка працягнецца па Ерусаліме» (Зах 1:16).
Другая ўява пра чатыры рогі, якія сымбалізуюць народы, што раскідвалі Юду, Ізраіль і Ерусалім і чатырох працаўнікоў, праз якіх Бог зьдзяйсьняе збаўленьне: «І сказаў я: “Што яны ідуць рабіць?” Ён сказаў мне так: “Гэтыя рогі раскідалі Юду, так што ніхто ня можа падняць галавы сваёй, а гэтыя прыйшлі напалохаць іх, зьбіць рогі народаў, якія паднялі рог свой супраць зямлі Юды, каб расьсеяць яе”» (Зах 1:21).
«І зноў я ўзьвёў вочы мае і ўгледзеў: “Вось муж, у якога ў руцэ - землямерная вяроўка”. Я спытаўся: “Куды ты ідзеш?” І ён сказаў мне: “Мерыць Ерусалім, каб убачыць, якая шырыня яго і якая даўжыня яго”» (Зах 2:1-2).
Гэта трэцяя ўява Захарыі, якая кажа пра тое, што юдэі аднаўляюць сваё права быць народам Божым і набываюць маемаснае права ў Божым горадзе Ерусаліме, бо землямерная вяроўка як раз і сымбалізуе ўступ у валоданьне горадам і вяртаньне ранейшых адносінаў з Госпадам: «І Я буду яму, кажа Госпад, вогненаю сьцяною вакол яго і праслаўлюся сярод яго» (Зах 2:5).
Прарок дае і ўсім нам адкрыцьцё, што Ерусалім - гэта той горад, які чакае ўсіх верных Госпада ў іх будучым вечным жыцьці: «І прыбягуць да Госпада многія народы ў той дзень і будуць Маім народам. І Я пасялюся сярод цябе, і ўведаеш, што Госпад Саваоф паслаў Мяне да цябе. Тады Госпад возьме ва ўладаньне Юду, Сваю долю на сьвятой зямлі, і зноў выбера Ерусалім. Хай маўчыць усякае цела перад абліччам Госпада! Бо Ён падымаецца ад сьвятога жытлішча Свайго» (Зах 2:11-13).
Будучы век будзе характэрны ня тым, што адны будуць верыць, а іншыя не: «Хто будзе верыць і хрысьціцца, выратаваны будзе, а хто ня будзе верыць, асуджаны будзе» (Мк 16:16), але тым, што будзе ўсеагульная любоў у валадарстве Госпада Ісуса Хрыста, калі народы будуць асуджаны пасьля зьяўленьня славы Божай і скрышаньня чалавечай гордасьці.
«І паказаў ён мне Ісуса, вялікага іярэя, які стаяў перад анёлам Госпада, і д’ябла, які стаяў праваруч яго, каб процідзейнічаць яму. І сказаў Госпад д’яблу: “Госпад хай забароніць табе, д’ябал, хай забароніць табе Госпад, Які выбраў Ерусалім! Ці не галавешка ён, выцягнутая з агню?» (Зах 3:1-2).
Чацьвёртая ўява прарока - гэта пачатак зьвеставаньня пра духоўны бок будучага дабрабыту, дзе на прыкладзе іярэя Ісуса мы бачым запэцканы брудам грэху народ Юдэі і які, па міласьці Госпада ачышчаецца ад гэтага бруду: «А Ісус быў апрануты ў заплямленую вопратку і стаяў перад анёлам, які адказваў і сказаў тым, што стаялі перад ім, так: “Здымеце з яго заплямленую вопратку”. А яму самому сказаў: “Глядзі. Я зьняў з цябе віну тваю, і апранаю цябе ў адзеньне ўрачыстае”» (Зах 3:3-4).
Гэта добрая воля Госпада як міласэрнасьць у адносінах да Юдэі, бо Ён мілуе Ісуса, які заступаецца за народ і зьвяртаецца да яго, як да народа: «Калі ты будзеш хадзіць Маімі шляхамі і калі будзеш на варце Маёй, дык будзеш судзіць дом Мой і наглядаць за дварамі Маімі. Я дам табе хадзіць паміж гэтымі, што стаяць тут» (Зах 3:7).
Безумоўна тое, што калі Бог кажа, што Ён дасьць хадзіць паміж «гэтымі», дык гэта азначае, што мы будзем жыць сярод анёлаў. І гэта будзе: «У той дзень, кажа Госпад Саваоф, будзеце адзін аднаго запрашаць пад вінаград і пад смакоўніцу» (Зах 3:10).
Пятая ўява прыходзіць да Захарыі так, як быццам анёл разбудзіў яго са сну: «І сказаў ён мне: “Што ты бачыш?” І адказваў я: “Бачу, вось сьвяцільня ўся з золата і чашачка пад алей наверсе яе, і сем лампад, на ёй, і па сем трубачак у лампадах, якія наверсе яе. І дзьве масьліны на ёй, адна з правага боку чашачкі, другая зь левага боку яе”» (Зах 4:2-3).
Гэтая ўява кажа пра тое, што залатая сьвяцільня - гэта народ Божы, а масьліны па баках - гэта Сьвяты Дух, Які будзе з народам Божым. Сам Бог кажа, што няма такога ў сьвеце, каб што-небудзь перашкодзіла прыйсьці Валадарству Божаму: «Ня войскам і ня сілаю, а Духам Маім кажа Госпад Саваоф. Хто ты, вялікая гара перад Зарававэлем? Ты - раўніна, і вынесе ён кутні камень пры шумных ускліканьнях: “Ласка, ласка на ім!”» (Зах 4:6-7).
«І зноў узьвёў я вочы мае і ўгледзеў: вось ляціць скрутак. І сказаў ён мне: “Што ты бачыш?” Я адказваў: Бачу, ляціць скрутак. Даўжыня яго дваццаць локцяў, а шырыня яго дзесяць локцяў”. Ён сказаў мне: “Гэта праклён, які ідзе на твар усёй зямлі, бо кожны, хто крадзе, будзе зьнішчаны, як напісана на адным баку, і кожны, хто прысягае ілжыва, зьнішчаны будзе як напісана на другім баку”» (Зах 5:1-3).
Але, пра якое зло кажа шостая ўява Захарыі? Ён кажа пра крадзёж і ілжывую прысягу як прыклады зла, а ня ўсё зло. Заўважым, што гэтыя прыклады зла узятыя па аднаму з кожнай скрыжалі Госпада, на якіх быў накрэсьлены маральны закон Божы. Але, несумненна тое, што на розных баках гэтага скрутка пералічаны ўсе грахі, пра якія папярэджваюць дзьве Божыя скрыжалі.
Захарыя бачыць скрутак вельмі ўнушальнага памеру і гэта павінна прымусіць кожнага з нас задумацца над тым сьпісам, які накрэсьлены на дзьвух баках гэтага скрутка, бо кожны, хто значыцца там, будзе зьнішчаны: «Ці няма ў сьпісе гэтага скрутка майго імя?»
Сёмая ўява прарока сымбалізуе бязбожнасьць і Божае пакараньне народа за праяву бязбожнасьці: «І вось, кавалак сьвінца падняўся, і там сядзела адна жанчына пасярэдзіне эфы. І сказаў ён: “Гэтая жанчына - сама бязбожнасьць, і кінуў яе ўсярэдзіну эфы, а на адтуліну яе кінуў сьвінцовы кавалак”. І ўзьвёў я вочы мае і ўгледзеў: “Вось, зьявіліся дзьве жанчыны, і вецер быў у крылах у іх, і крылы ў іх – як крылы ў бусла. Паднялі яны эфу і панесьлі яе паміж зямлёю і небам”» (Зах 5:7-9). Сэнс вобраза бязбожнай жанчыны ў тым, каб паказаць зло ідалапакланеньня, якое мы бачым пайманым, запячатаным сьвінцом і перапраўленым у зямлю Сенаар - зямлю, адкуль і ўзяло свой пачатак ідалапакланеньне. Навошта забруджваць Божую тэрыторыю?
А дзе хочам знаходзіцца мы: «У Валадарстве Божым ці быць унесеным, як гэтая жанчына, у зямлю, дзе пануе ідалапакланеньне?»
«І зноў узьвёў я вочы мае, і бачу: вось, чатыры калясьніцы выходзяць зь цясьніны паміж дзьвумя горамі; і горы тыя былі - горы медныя. У першай калясьніцы коні рыжыя, а ў другой калясьніцы коні вараныя. У трэцяй калясьніцы коні белыя, а ў чацьвёртай калясьніцы коні пярэстыя, дужыя» (Зах 6:1-3).
Восьмая ўява Захарыі кажа нам пра імперыі, якіх сымбалізуюць запрэжаная рознымі конямі калясьніцы, якія выходзяць на гістарычную сцэну і зьнішчаюць папярэднія царствы, бо такая ёсьць воля Бога - караць тых, хто нясе зло Яго народу. Мы бачым гэтыя сымбалі. Рыжыя коні - гэта Вавілон, вараныя – Персія, белыя - імперыя Аляксандра Македонскага, а пярэстыя і дужыя - гэта Рым: «І дужыя выйшлі і памкнуліся ісьці, каб прайсьці зямлю; і ён сказаў: “Ідзеце, прайдзеце зямлю, - і яны прайшлі зямлю”» (Зах 6:7).
Мы бачым кіраваньне Госпада гэтым зямным працэсам, але не непасрэдным, а з перадачай часткі ўлады выбраным валадарам, няхай і паганам. Мы бачым імёны Навухаданосара, Кіра, Дарыя, Аляксандра. А потым ідзе Рым. І ўсе яны - гэта зброя Бога, якія дзейнічаюць, каб пакараць папярэдняе зло, але якія і самі зь цягам часу будуць пакараныя і зьнішчаныя. Гэта ёсьць улада пасрэдніцтва тымі інструмантамі (валадарствамі), якія ёсьць на Яго зямлі, бо толькі Ён валадае ўсімі правамі на зямлю, таму што гэта - Ягонае стварэньне.
Такі вось характар Бога мы бачым у прароцтве Захарыі пад час існаваньня усіх чатырох імперый. Так будзе і далей, але, калі прыйдзе Ісус Хрыстос і возьме ўсю ўладу ў Свае рукі, дык Божае кіраваньне зноў будзе непасрэдным, а Ерусалім будзе горадам, дзе будуць жыць верныя разам з Госпадам сваім і Збаўцай Ісусам Хрыстом.
«І было слова ад Госпада да мяне: “Вазьмі ў тых, што прыйшлі з палону, у Хэлдая, у Товія і ў Едая, і ідзі ў той самы дзень, пайдзі ў дом Ісаі, сына Сафаніевага, куды яны прыйшлі з Вавілона, вазьмі ў іх срэбра і золата і зрабі вянкі, і ўскладзі на галаву Ісусу, сыну Ясэдэкаваму, іярэю вялікаму”. І скажы яму: “Так кажа Госпад Саваоф: “Вось Муж, - імя яму Парастак, Ён вырасьце са свайго кораня і створыць храм Госпадаў» (Зах 6:9-12). Захарыя, у агульных рысах, малюе аднаўленьне, якое адбудзецца па прышэсьці Мэсіі. Мы бачым дасканалы плод - Парастак, які павінен нарадзіцца на зямлі Ягонай славы і пабудаваць храм славы Госпадавай, каб зьяднаць нашую вернасьць і ласку Госпада: «Вернасьць і ласка сустрэнуцца, справядлівасьць і мір пацалуюцца. Зь зямлі вернасьць вырасьце, а справядлівасьць прыхіліцца зь неба. І Госпад дабрадзенства ўдзеліць, і ўродзіць зямля наша плод свой. Прад Ім справядлівасьць пойдзе, і дарогу нам вызначыць крокам Ягоным» (Пс 84:11-14).
• Трэцяя вестка (7:1-8:23).
«У чацьвёрты дзень валадара Дарыя было слова ад Госпада Захарыі, у чацьвёрты дзень дзявятага месяца, Хаслэва, калі Вэтыль паслаў Сарацэра і Рэгемалэха і спадарожнікаў яго памаліцца перад абліччам Госпада і спытацца ў сьвятароў, якія ў доме Госпада Саваофа, і ў прарокаў, кажучы: “Ці плакаць мне ў пяты месяц і пасьціцца, як я рабіў гэта ўжо шмат гадоў?”» (Зах 7:1-3).
Гэтая вестка дадзена прароку праз два гады пасьля другой, як адказ на пытаньні дэлегацыі Вавілона адносна выкананьня некаторых пастоў, якія яны самі (бяз Божага ўдзелу) усталявалі. На пытаньне жыхароў Вэтыля, ці трэба пасьціцца ў дзень разбурэньня Ерусаліма і храма, Захарый кажа, што Госпаду ўгодны ня сам пост, але паслушэнства. Калі народ будзе выконваць Яго запаведзі і хадзіць Божымі шляхамі, дык Ён зноў вылье на іх Свае вялікія дабраславеньні: «Вось дзеі, якія вы павінны чыніць: “Кажэце праўду адзін аднаму. Па праўдзе і міралюбна судзеце каля брамаў вашых. Ніхто з вас хай не намышляе ў сэрцы сваім ліхога супраць блізкага свайго, і ілжывай клятвы ня любеце, бо ўсё гэта Я ненавіджу, кажа Госпад”» (Зах 8:16-17).
Вестка Захарыі завяршаецца словамі пра тое, што пасты абавязкова зробяцца «радасьцю і вясёлым сьвятам». І гэтае дабраславеньне распаўсюдзіцца ня толькі на Юдэю, але: «І будуць прыходзіць многія плямёны і моцныя народы, каб знайсьці Госпада Саваофа ў Ерусаліме і памаліцца абліччу Госпада» (Зах 8:22).
Прароцкая частка (9:1-14:21). Яна абвяшчае два вялікіх прароцтва. Першае зь іх тычыцца прышэсьця Мэсіі і Яго адпрэчваньня. Другое ж распавядае пра будучае, уяўляючы яго як «дзень». Дзень, пра які ідзе гаворка - гэта час Эвангельля, які пачаўся з моманта нараджэньня Ісуса Хрыста ў Віфляеме і завершыцца ў канцы часоў. Гэта час як варожасьці адносна Божага народу, так і захаваньня Госпадам Свайго народу. Гэта час той крыніцы, якая адкрылася для абмыцьця грэху, дзякуючы жыцьцю і служэньню Ісуса Хрыста.
Другая частка кнігі складаецца з дзьвух вестак прарока:
• Чацьвёртая вестка (9:1-8).
«І Я разьмяшчу табар каля дома Майго супраць войска, супраць тых, што ходзяць наперад і назад, і ня будзе больш прыходзіць прыгнятальнік; бо сёньня Маімі вачыма Я буду глядзець на гэта» (Зах 9:8).
Захарыя кажа нам пра суд над паганамі, які павінен у хуткім часе зьдзейсьніцца. Але ня будзе спакойна і ў Юдэі, а таму Бог возьме на Сябе справу людзей. І абароніць Юду ад прыгнятальнікаў.
• Пятая вестка (9:9-14:21).
«Весяліся ад радасьці, дачка Сыёна, радуйся, дачка Ерусаліма: “Вось, Валадар твой ідзе да цябе, праведны і ратавальны, лагодны, седзячы на асьліцы і на маладым асьле, сыне пад’ярэмнай» (Зах 9:9).
Гэта словы першага прароцтва, якія тычацца прышэсьцю Мэсіі, але не прынятага і адпрэчанага: «І вазьму жазло Маё добрага ўпадабаньня і зламаю яго, каб зьнішчыць запавет, які заключыў Я з усімі народамі. І ён зьнішчаны будзе ў той дзень, і тады даведаюцца бедныя з авечак, якія чакаюць Мяне, што гэта - слова Госпада. І скажу ім: “Калі заўгодна вам, дык дайце Мне плату Маю, калі ж не, - не давайце. Яны наважаць як плату Мне трыццаць срэбранікаў» (Зах 11:10-12).
Другое ж прароцтва апавядае пра будучае пад час Эвангельля ад пачатку: «Госпад, Які распрасьцёр неба, уцьвердзіў зямлю і ўтварыў дух чалавека ўсярэдзіне яго, кажа: “Вось, Я зраблю Ерусалім чараю захапленьня ўсім навакольным народам, а таксама для Юды ў час аблогі Ерусаліма”» (Зах 12:1-2) і да канца часоў: «А на дом Давіда і на жыхароў Ерусаліма вылью дух ласкі і замілаваньня, і яны паглядзяць на Яго, Якога пранізалі, і будуць галасіць па Ім, як галосяць па адзінародным сыне, і смуткаваць, як смуткуюць па першынцы» (Зах 12:10). Гэта будзе час, калі адмыецца грэх, дзякуючы ахвярнай сьмерці Ісуса Хрыста: «У той дзень адчыніцца крыніца дому Давідаваму і жыхарам Ерусаліма для адмываньня грэху і нечыстаты. І будзе ў той дзень, кажа Госпад Саваоф, Я зьнішчу імёны ідалаў з гэтай зямлі, і яны ня будуць больш упамінацца, гэтаксама і лжэпрарокаў і нячыстага духа зь зямлі выдалю» (Зах 13:1-2).
Гэта будзе той час, найвышэйшай кропкай якога будзе сьвятло і жыцьцё: «І будзе ў той дзень. Ня стане сьвятла, сьвяцілы аддаляцца. Дзень гэты будзе адзіны, вядомы толькі Госпаду. Ні дзень, ні ноч; толькі пры вечаровым часе зьявіцца сьвятло. І будзе ў той дзень, жывыя воды пацякуць зь Ерусаліма, палавіна іх да мора заходняга. Летам і зіму так будзе. І Госпад будзе Валадаром над усёй зямлёю. У той дзень будзе Госпад адзіны, і імя Яго – адзінае» (Зах 14:6-9).
Свидетельство о публикации №226050301800