Книга пророка Аггея

КНІГА ПРАРОКА АГЕЯ


«І было слова ад Госпада праз Агея прарока:
“А вам самім час - жыць у дамах
вашых упрыгожаных, тым часам, як Дом
гэты ў запусьценьні?” Таму сёньня так кажа
Госпад Саваоф: “Павярнеце сэрца ваша на
дарогі вашыя» (Аг 1:3-5).


Валадар Персіі Кір выдаў пастанову, згодна якой гебраям была дадзена свабода і дазвол адбудаваць Ерусалімскі храм. І калі палонныя вярнуліся ў Ерусалім, яны мелі на сэрцы вялікую надзею, але ўсё было ня так проста, бо зьявіліся недабразычліўцы, якія прыкладалі шмат намаганьняў, каб разбурыць гэтую працу і гэтую надзею. У выніку, будаўніцтва храма спынілася на пятнаццаць гадоў і сітуацыя па аднаўленьню храма была вельмі сумнай.

На другім годзе валадараньня Дарыя, а гэта значыць у 520 годзе да Р.Х., на гістарычнай сцэне зьяўляюцца два прарокі - Агей і Захарыя, якія вельмі паўплывалі на аднаўленьне працы па адбудове Ерусалімскага храма. Служэньне Агея было вельмі ўплывовым, бо храм быў адбудаваны ўжо ў 516 годзе да Р.Х. Трэба заўважыць, што Агей пачаў сваё служэньне на два месяцы раней за Захарыю і прарочыў тры месяцы і дваццаць чатыры дні. У той час як прароцкае служэньне Захарыі працягвалася тры гады.

З кнігі Агея пачынаецца частка Пісаньня, якую можна азначыць як «Прарокі пасьлябабілонскага часу». У гэтую частку ўваходзяць служэньні тых прарокаў, якія зьвярталіся да Юды пасьля бабілонскага палону. Кніга Агея вельмі кароткая і саступае па кароткасьці толькі прароцтву Аўдзея.

Вельмі мала вядома пра Агея. Лічыцца, што ён нарадзіўся ў Бабілоне пад час палону і быў пасланы Госпадам у Ерусалім, каб адкрыць юдэям прычыну тых бедаў, якія напаткалі іх пад час невыкананьня Божага загаду і абудзіць народ ад ляноты і маркотнага стану. Вынік служэньня Агея быў вельмі дабраславёным, бо юдэі за даволі кароткі час адбудавалі храм у Ерусаліме. Дарэчы, імя Агей азначае, па розным тлумачэньням, «Мой пір» ці «Вясёлы».

Тэма прароцтва Агея - храм. І ўся кніга Агея падпарадкаваная тэме адбудаваньня Божага храма. Бог вярнуў палонных у Ерусалім на адбудаваньне храма, але яны пачалі шукаць свайго і кінулі справу Божую. Агей паказвае практычны вынік гэтага адступства - Божыя пакараньні. І кажа ім, што гэтыя пакараньні ад Госпада, бо яны адвярнулі сэрца сваё ад Бога, ігнаруючы будаўніцтва храма. Ён заклікае юдэяў, як і кожнага з нас, жыць так, каб Бог і ўсё, што для Яго былі на першым месцы. Каб кожны з нас, усё сваё хрысьціянскае жыцьцё, будаваў храм Божы, а гэта азначае, што на першым месцы ў жыцьці чалавека павінен быць Бог, а ўсё астатняе потым. І калі гэта так, дык Ён адкрые вялікія дабраславеньні кожнаму, хто аддаў сваё сэрца Госпаду.

Кніга Агея складаецца з чатырох пропаведзяў - заклікаў, кожны з якіх пачынаецца словамі: «І было слова ад Госпада праз Агея прарока»: выкрыцьцё (1:1-15); абадзёрваньне народа (2:1-9); выкрыцьцё і абадзёрваньне (2:10-19) і абадзёрваньне Зарававэля (2:20-23).


• Выкрыцьцё (1:1-15).

«Так сказаў Госпад Саваоф: “Народ гэты кажа: “Ня прыйшоў яшчэ час - будаваць дом Госпадаў”» (Аг 1:2).

Гэтая пропаведзь была абвешчана ў першы дзень шостага месяца на другім годзе валадара Дарыя (жнівень-верасень), дзе Агей зьвяртаецца да кіраўніка Юдэі Зарававэля і першасьвятара Ісуса. Ён разважае пра думкі народа, які кажа, што яшчэ не настаў час для аднаўленьня храма. Прарок ня згодны з гэтым, бо ў той час, калі людзі жывуць ва ўпрыгожаных дамах, дом Божы застаецца ў запусьценьні. Агей зьвяртае ўвагу на тое, што ня будзе ім Божага дабраславеньня, пакуль яны не павернуцца тварам да дома Божага: «Вы сееце многа, а зьбіраеце мала, ясьце, але ў нядосыць, п’яце, але не напіваецеся, апранаецеся, але не саграваецеся, заробнік платы зарабляе ў дзіравы кашалёк. Так кажа Госпад Саваоф: “Павярнеце сэрца ваша на дарогі вашыя”» (Аг 1:6-7).

Агей кажа, што людзі спынілі сваю працу таму, што іх больш за ўсё хвалявалі справы асабістыя, а ня праца для Госпада: «Якраз таму неба і зачынілася і не дае вам расы, і зямля не дае сваіх утвораў. І паклікаў Я суш на зямлю, на горы, на хлеб, на вінаградны сок, на алей і на ўсё, што родзіць зямля, і на чалавека, і на быдла, і на ўсякую ручную працу» (Аг 1:10-11)

Ён заклікае народ пачаць будаўніцтва храма і тады Бог дасьць народу Свае дабраславеньні. Прыслухаўшыся да прарока, народ, у страхе перад Госпадам, пачаў будаўніцтва дома Бога. Гэта адбылося праз дваццаць чатыры дні пасьля абвешчанай Агеем пропаведзі: «І абудзіў Госпад дух Зарававэля, сына Салавіілевага, упраўцы Юдэі, і дух Ісуса, сына Ясэдэкавага, вялікага іярэя, і дух усёй рэшты людзей і пачалі рабіць працу ў доме Госпада Саваофа, Бога свайго, на дваццаць чацьвёрты дзень шостага месяца, на другім годзе валадара Дарыя» (Аг 1:14-15).


• Абадзёрваньне народа (2:1-9).

«Але падбадзёрся сёньня, Зарававэль, кажа Госпад, падбадзёрся, Ісусе, сыне Ясэдэкаў, вялікі іярэй! падбадзёрся, увесь народзе зямлі, кажа Госпад, і рабеце працу, бо Я з вамі, кажа Госпад Саваоф» (Аг 2:4).

Другая пропаведзь Агея - гэта вестка суцяшэньня і надзеі, дзе ён раскрывае яшчэ адну прычыну адсутнасьці жаданьня працягваць працу па аднаўленьню храма. Па ўсёй верагоднасьці, былі яшчэ жывыя з юдэяў, якія памяталі славу першага храма, які пабудаваў Саламон і які разбурыў Навухаданосар у 587 годзе да Р.Х. І людзі ўсьведамлялі, што новаму храму будзе далёка да папярэдняга. Агей упэўнівае іх, што справа ня ў золаце і срэбры, якога было вельмі мала для ўпрыгожваньня храма, але справа ў тым, што з імі, як і з Саламонам будзе Сам Бог: «Запавет Мой, які Я заключыў з вамі пасьля выхаду вашага з Егіпта, і дух Мой жыве сярод вас: “Ня бойцеся”» (Аг 2:5).

А тое, што існуе адсутнасьць срэбра і золата, ня мае істотнага значэньня, бо ўсё яно прыналежыць Госпаду: «Маё срэбра і Маё золата, кажа Госпад Саваоф» (Аг 2:8).

Слава новага храма будзе большай за славу Саламонавага храма, таму што ў яго павінен ўвайсьці Мэсія: «І патрасу ўсе народы - і прыйдзе Жаданы ўсім народам, і напоўню Дом гэты славаю, кажа Госпад Саваоф» (Аг 2:7).

Калі мы будзем уважлівымі пры чытаньні і вывучэньні кнігі Агея, дык павінны ўбачыць, што тыя дабраславеньні, якія абяцае Бог, маюць духоўны характар, бо калі новы храм ніколі не параўнаецца з папярэднім зьнешнім бляскам і веліччу, дык слава новага храма нашмат перавысіць славу першага пасьля таго, як Госпад патрасе неба і зямлю, мора і сушу. Новы Запавет папярэджвае пра гэта ўсіх нас: «Глядзеце, не адвярнецеся вы ад прамоўцы. Калі тыя, ня слухаўшы прамоўцы на зямлі, не пазьбеглі кары, дык тым болей не пазьбегнем мы, калі адвернемся ад Прамоўцы з нябёсаў, чый голас тады пахіснуў зямлю, і Які цяпер даў такое абяцаньне: “Яшчэ раз скалану ня толькі зямлю, але і неба”» (Геб 12:25-26).

Агей абадзёрвае абяцаньнем Госпада даць мір усім, хто будзе будаваць храм Божы: «Слава гэтага апошняга храма будзе большая, чым ранейшага, кажа Госпад Саваоф; і на месцы гэтым Я дам мір, кажа Госпад Саваоф» (Аг 2:9).


• Выкрыцьцё і абадзёрваньне (2:10-19).

«Караў Я вас іржою і блякласьцю хлеба і градам усю працу рук вашых глуміў; але вы не зьвярталіся да Мяне, кажа Госпад. Адвярнеце ж сэрца ваша на час ад гэтага дня і назад, ад дваццаць чацьвёртага дня дзевятага месяца, ад таго дня, калі закладзены быў храм Госпадаў. Адвярнеце сэрца ваша, ці ёсьць яшчэ ў засеках насеньне? Дагэтуль ні вінаградная лаза, ні смакоўніца, ні гранатавае дрэва, ні масьліна не давалі плоду, а з гэтага дня Я дабраслаўлю іх» (Аг 2:17-19).

Трэцюю сваю пропаведзь Агей кажа праз два месяцы пасьля другой. Прарок даносіць народу, што як чыстае апаганьваецца нячыстым, так і папярэднія адносіны людзей да Ягонага дома, апаганьваюцца іхнімі справамі: «Тады адказваў Агей і сказаў: “Такі гэты народ, такое племя прад Мною, кажа Госпад, і такія ўсе дзеі рук іхніх! І што яны прыносяць там, усё нячыстае”» (Аг 2:14).

А калі гэта так, дык Бог і не даваў ім свайго дабраславеньня. Але ўсё зьменіцца, калі людзі павернуць сваё сэрца да Госпада і да Ягонага храма. І будуць аддаваць Госпаду толькі чыстае, а значыць у шчырасьці сэрца.


• Абадзёрваньне Зарававэля (2:20-23).

«І было слова ад Госпада да Агея другі раз у дваццаць чацьвёрты дзень месяца, і сказана: “Скажы Зарававэлю, упраўцу Юдэі: “Патрасу Я неба і зямлю; і скіну пасады валадарстваў паганскіх, перакулю калясьніцы і тых, што сядзяць на іх, і скінутыя будуць коні і верхаўцы іхнія, кожны мечам другога. У той дзень, кажа Госпад Саваоф, Я вазьму цябе, Зарававэль, сыне Салафіілеў, раб Мой, кажа Госпад, і буду трымаць цябе як пячатку, бо Я выбраў цябе, кажа Госпад Саваоф» (Аг 2:20-23).

Чацьвёртая пропаведзь Агея - гэта вестка суцяшэньня. Яна была дадзена прароку ў той жа самы дзень, што і папярэдняя. Агей зьвяртаецца да кіраўніка Юдэі Зарававэля, чыё імя, дарэчы, азначае «Які выйшаў з Бабілона». Агей кажа яму пра абяцаньне Госпада дабраславіць і ўзьвялічыць яго, а гэта азначае, што Бог дабраслаўляе Свой народ і адымае сілу ў паганаў, якія прыгняталі народ Божы.


У прароцтве Агея мы ясна бачым Ісуса Хрыста, бо Ён ёсьць «Жаданы ўсім народам». А гэта азначае, што Ён ёсьць увасабленьне ўсяго таго, што жадае сэрца чалавека. Мы бачым Ісуса Хрыста і ў абяцаньнях, якія былі дадзены Зарававэлю і які быў выбраны Госпадам як Ягоная пячатка. Але што ёсьць пячатка як ня тое, што яўляе сабою вялікую каштоўнасьць і служыць азнакай улады? Госпад наш Ісус Хрыстос быў выбраны Богам Айцом, каб служыць Яго каштоўнай зброяй у справе адкупленьня і мець поўную ўладу як на небе, так і на зямлі.


Рецензии