Межзаветный период
Чатырыста гадоў паміж заканчэньнем часу Старога Запавета і пачаткам часу Запавета Новага - вельмі важны час у гісторыі народа Юдэі, бо менавіта ў гэты час сфармавалася тое ізраільскае грамадзтва, у якое прыйшоў Ісус Хрыстос. І, каб хоць крыху адчуць павёў гэтага часу, мы павінны разглядзець тыя гістарычныя і грамадзкія перамены, якія далі б нам магчымасьць убачыць тую рэчаіснасьць, якая адкрываецца перад намі, калі мы разгортваем Біблію на той старонцы, якая называецца «Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста».
Але ўсё па парадку, бо, пасьля прарока Малахіі, наступілі вельмі жорсткія лёсавызначальныя часы, якія, у рэшце рэшт, і вызначылі той стан ізраільскага грамадзтва, які мы ўбачым у Эвангельлях Новага Запавета.
• Перамены ў палітычным жыцьці.
Персія, якая перамагла і захапіла Бабілон, дала, загадам валадара Кіра, свабоду палоненым юдэям і, больш таго, дазволіла ім адбудаваць храм і горад Божы Ерусалім. Але, гэта ніяк не азначала дзяржаўную свабоду Юдэі, якая заставалася пад уладаю Персіі яшчэ каля двухсот гадоў, пачынаючы ад вяртаньня першых юдэяў з палону Бабілона.
Калі мы разглядалі кнігі прарокаў Старога Запавета, дык мусілі бачыць прароцтва служыцеляў Божых, якія казалі пра будучую гісторыю будучых імперый, якія паўплывалі на гісторыю разьвіцьця і грамадзкага стану Юдэі.
Прарок Данііл атрымлівае ўяву пра чатырох зьвяроў, які сымбалізуюць чатыры вялікіх валадарства і яія прыходзяць да ўлады перамагаючы папярэднія. У другой сваёй уяве, Данііл бачыць барана і казла, якая сымбалізуе перамогу Грэцыі над Міда-Персіяй. Грэцыя - гэта казёл, у якога зьяўляюцца чатыры рагі - чатыры часткі імперіі Аляксандра, якая была падзелена на чатыры часткі ягонымі паплечнікамі. Далей мы бачым зьяўленьне невялікага рога - Антыёха Епіфана, які захапіў Сірыю і які вельмі моцна паўплываў на аднаўленьне часовай дзяржаўнасьці Юдэі.
Чатыры рогі ва ўяве прарока Захарыі, таксама кажуць пра тыя ж валадарствы, пра якія казаў прарок Данііл. Але вернемся да лічбаў і тых гістарычных падзеяў, якія і вызначылі далейшы лёс гебрайскага грамадзтва.
Паміж 334 і 331 гадамі да Р.Х. Аляксандр Македонскі ў трох вызначальных бітвах паразіў персідскага валадара Дарыя III. І вось, калі Персія ўпала, Юдэя апынулася ў падначаленьні Грэцыі. Пасьля нечаканай сьмерці валадара Аляксандра ў 323 годзе да Р.Х. ягоная імперыя падзялілася на чатыры часткі, а Юдэя перайшла пад юрысдыкцыю Пталемея Егіпецкага. Трэба сказаць, што гэты час не вызначаўся нейкімі войстрымі момантамі ў-ва ўзаемаадносінах з пераемнікамі Аляксандра.
Сітуацыя крытычна абвострылася пасьля таго, як да ўлады у Сэлеўкійскім валадарстве прыйшоў Антыёх III. Зьдзейсьнілася прароцтва Данііла, які казаў пра малы рог - Антыёха Епіфана, які стаўся відзьмым ворагам Госпада і які быў зламаны рукою Бога Ізраіля.
У 198 годзе да Р.Х. Антыёх разрабаваў і апаганіў Ерусалімскі храм, але ён не спыніўся на гэтым і ў 167 годзе выдаў ўказ пра элінізацыю Юдэі. Антыёх забараніў гебраям жыць па Божым законе. Ім было забаронена захоўваць суботы Бога, сьвяткаваць сьвяты Божыя і рабіць абразаньне юдэйскім дзецям. Акрамя гэтага, юдэі павінны былі прыносіць ахвяры нячыстых жывёлаў да паганскіх капішчаў і зьнішчаць сьвіткі Торы.
Прыгнёт Антыёха працягваўся да таго часу, пакуль Матацыя, які меў пяць сыноў, сярод якіх быў Макавэй, не паўстаў супраць Антыёха Епіфана. Падтрыманы народам Матацыя ўзначаліў барацьбу Юдэі супраць Сэлеўкійскага валадарства, якая працягвалася дваццаць чатыры гады. Вельмі важную ролю ў гэтым процістаяньні адыграў сын Матацыі Юда Макавей, які стаў на чале народа пасьля сьмерці бацькі. Юда зрабіў вельмі ўдалы дыпламатычны крок, калі ў 161 годзе да Р.Х. заключыў дамову з Рымам, які гэтым фактычна прызнаў назалежнасьць Юдэі ад Сэлеўкідаў.
Макавеі паклалі пачатак у Юдэі валадарскай дынастыі Хасманеяў. Так, у 104 годзе да Р.Х. прадстаўнік дынастыі Арыстобул I каранаваўся на валадарства і такім чынам аднавіў манархію ў Юдэі, якой не было ад часоў бабілонскага палону. Ці была гэтая ўлада да спадобы Госпаду? Так, гэта пытаньне, бо валадар Арыстобул пачаў праводзіць такую ж захопніцкую палітыку памежных земляў, як і тыя валадары, што да гэтага прыгняталі Юдэю. Больш таго, насельніцтва захопленых тэрыторыяў прымушалі прымаць юдаізм, нягледзячы на тое, што сама сістэма валадарскай улады была пабудаваная на грэцкі манер, а гэта азначае шыкоўны лад жыцьця валадарскага атачэньня, наёмнае войска і вялікі бюракратычны апарат кіраваньня дзяржавай. Безумоўна, што гэта ніяк не выклікала радасьці народа і таму існавала вельмі сур’ёзнае міжграмадзянскае напружаньне, што вылівалася ў народных паўстаньнях, адно з якіх доўжылася аж шэсьць гадоў.
Між тым рымскія войскі заваёўвалі адну за адным дзяржавы Малой Азіі, паступова набліжаючыся да межаў Юдэі, дзе ў гэты час не маглі знайсьці паразуменьня і падзяліць уладу прэтэндэнты на пасад Юдэі. Рымскі ваявода Пампей скарыстаў гэтую сітуацыю і выступіўшы судьдзёй у спрэчцы за пасад Юдэі, у 63 годзе да Р.Х. захапіў Ерусалім. Рым скасаваў пасаду валадара, бо прызначаны Рымам кіраўнік Юдэі Гіркан атрымаў толькі тытул першасьвятара, але не валадара. З гэтага часу ўся ўлада над Юдэяй перайшла ў рукі цэзара Рыма. Але ўжо ў 40 годзе да Р.Х. сын намесьніка Юлія Цэзара ў Юдэі Ірад змогся ўпэўніць сенат Рыма у сваёй лаяльнасьці і адрымаць валадарскае прызначэньне ў Юдэі, дзе валадарыў ад 37 года да нараджэньня Ісуса Хрыста.
• Перамены ў духоўным жыцьці.
Мы павінны прызнаць той факт, што Юдэя даволі актыўна процідзейнічала элінізацыі культурнага і духоўнага жыцьця народа. Але ня будзе сакрэтам і тое, што шмат хто з юдэяў станоўча ўспрымаў элінізацыю юдэйскага грамадзтва. І таму не павінна быць дзіўным тое, што на тэрыторыі Юдэі павялічвалася колькасьць грэкаў і сірыйцаў, якія, безумоўна, несьлі за сабою элінскую культуру. Таксама і гебраі, якія перасяляліся за межы Юдэі, несьлі сваю культуру, але кожны дзень сутыкаліся з элінізмам. Калі мы знаёмімся з жыцьцём апостала Паўла, дык бачым, што ён нарадзіўся і выхоўваўся ў горадзе Тарс, што знаходзіўся ў Кілікіі, амаль што на беразе Міжземнага мора. Насельніцтва Тарса - гэта збор розных народаў, якія суіснавалі пад уладаю Рыма: кілікійцы, хетэі, грэкі, асірыйцы, персы, македонцы і гебраі, якія прыйшлі сюды ў асноўным з Галілеі. І таму зразумела, чаму апостал Павал даволі нядрэнна валодаў грэцкай мовай і ведаў элінскую літаратуру. Дарэчы, трэба дадаць, што менавіта ў Тарсе знаходзіўся даволі вядомы ў тыя часы элінскі ўніверсітэт.
І таму няма нічога дзіўнага ў тым, што і элінская культура знаходзілася пад уплывам юдаізма. Гэты ўзаемны ўплыў і прывёў да таго, што неўзабаве зьявіўся грэцкі пераклад Старога Запавета.
Сэптуагінта - пераклад Старога Запавета на грэцкую мову. Гэтае лацінскае слова азначае лічбу «семдзесят». Назва пераклада азначае толькі тое, што над ім працавалі семдзесят перакладчыкаў. Сэптуагінта звычайна вызначаецца рымскімі лічбамі «LXX.» Безумоўна тое, што гэты самы стары пераклад Старога Запавета адыграў вельмі значную ролю ў гісторыі хрысьціянскай царквы, бо стаўся асновай для пераклада на іншыя мовы сьвету і сьведчаньнем біблійнага тэксту Старога Запавета.
Міжзапаветны час, які вызначыўся ўзаемным пранікненьнем юдаізма і элінізма прынёс зьмены і ў рэлігійным жыцьці Юдэі, бо менавіта ў гэты час фармуюцца асноўныя рэлігійныя плыні: есэі, фарысеі і садукеі. Мы ня будзем зараз разглядаць сутнасьць вучэньня есэяў, а накіруем жадаючых да юдэйскага гісторыка Язэпа Флавія, які даволі падрабязна паказвае грамадзтва і вучэньне есэяў. А мы, улічваючы скарочаны фармат гэтай кнігі, зьвернем увагу на тыя рэлігійныя плыні, якія сустракаюцца пры чытаньні і вывучэньні Новага Запавета.
Фарысэі - «аддзеленыя». Гэта самая шматлікая і ўплывовая рэлігійная партыя, якая сфармавалася ў часы Макавеяў. Фарысэі прапаведавалі вусныя рэлігійныя нормы, якія разглядаліся на ўзроўні з законам Майсея і сачылі за іхнім выканьнем сярод народа. Розныя катэгорыі грамадзтва прылічваліся да фарысеяў, але была і эліта фарысейства - «кніжнікі», якія займаліся тлумачэньнем Пяцікніжжа Майсея, прызнаючы і вусную традыцыю ў пасьлямайсейвы час жыцьця грамадзтва. Фарысеі сваімі тлумачэньнямі прыстасоўвалі нормы «закона» да новых умоваў жыцьця, дзякуючы майстэрскім валоданьнем тэкстаў Пісаньня.
Садукеі. Гэта даволі значная група багатых людзей, якія лічылі сябе нашчадкамі Садока - першасьвятара пры валадары Саламоне. Яны выступалі супраць вуснай традыцыі фарысэяў і абаранялі першыя пяць кніг Старога Запавета як вышэйшы аўтарытэт.
Садукеі адмаўлялі Божы ўплыў на ўчынкі чалавека, сьцьвярджаючы, што ўсё залежыць ад волі чалавека. Яны адмаўлялі безсьмяротнасьць душы, сьцьвярджаючы, што душа зьнішчаецца разам з целам чалавека. Садукеі ня верылі ў жыцьцё пасьля сьмерці, як і ў існаваньне анёлаў ды бесаў.
Ці ня бачым мы ў вучэньні садукеяў вытокі сучасных плыняў гуманізма?
Займаючыся палітычнай дзейнасьцю, садукеі стаялі на пазіцыі падтрымкі любога ўраду, незалежна ад таго, хто яго ўзначальвае.
Дык вось, агледзеўшы ў самых агульных рысах чатырыста год міжзапаветнага часу, мы, з адвагаю і трымценьнем сэрца, прыступаем да разгляданьня новага часу - часу Новага Запавета Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Свидетельство о публикации №226050401916