Книга пророка Малахии

КНІГА ПРАРОКА МАЛАХІІ


«Вось, Я пасылаю анёла Майго, і ён падрыхтуе
шлях перад Мною, і нянаджана прыйдзе ў храм
Свой Госпад, Якога вы шукаеце, і анёл запавету,
Якога вы жадаеце. Вось, ён ідзе, кажа Госпад
Саваоф» (Мал 3:1).


Прарок Малахія, што азначае «Мой анёл» ці «Мой вястун» быў адным з тых прарокаў, якія прапаведавалі юдэям пасьля вяртаньня з вавілонскага палону. Калі Малахія пачаў сваё служэньне, будаўніцтва храма было ўжо завершана. Дасьледчыкі лічаць, што Малахія прарочыў з 432 года да Р.Х. да 425 года да Р.Х. І гэта быў той час, калі Нээмія вярнуўся ў Бабілон.

Нічога не вядома пра Малахію і гэта выклікае пытаньне: «Чаму апошні прарок не пакінуў нам ніякіх біяграфічных зьвестак, у той час, як пра прарокаў, якія жылі на дзвесьці-трыста гадоў раней за яго, мы ведаем нашмат болей?» Адказ на гэтае пытаньне знаходзіцца ў Госпадзе, Які мудра і правільна дае нам тое, што мы і павінны прыняць. Бог не дае нам зьвестак пра ўсіх прарокаў, за выключэньнем некаторых. Ісая, Ерамія, Данііл, Езэкііль і Ёна – гэта тыя імёны, пра якіх мы ведаем больш за астатніх прарокаў. Зразумела адно, што Бог мае адносна гэтага вызначаную мэту і таму кажа пра аднаго больш, а пра іншага меньш. Прарок - слуга Госпада і права Госпада даць нам тыя зьвесткі пра Свайго служыцеля, якія Ён палічыць патрэбным. І таму нічога дзіўнага ў гэтым няма, калі пра некаторых працаўнікоў Госпада мы ня ведаем нічога, акрамя імені.

Малахія - гэта апошні прарок Старога Запавета. Ягонае прароцтва мае вялікае значэньне. І вось чаму. Па-першае, ён паказвае стан рэшты Ізраіля, які, па вялікай міласьці Божай, быў вярнуты з Бабілона ў Ерусалім і, па-другое, паказвае суадносіны гэтай рэшты са станам народа Божага ў сучаснасьці. Кніга Малахіі паказвае, што ў становішчы тагачаснай Юдэі, мы маем нейкае адлюстраваньне нашага часу і нашага веку. Але вернемся ў час Малахіі і пагледзем тое сапраўднае, што было ў тым веку.

Далёка ня ўсё добра было ў дні прароцтва Малахіі. Грамадзтва ня мела ўжо таго ўзвышанага імкненьня, якое было пры аднаўленьні храма і Ерусаліма. Скептыцызм панаваў у грамадзтве, які адбіўся ня толькі на простых юдэях, але і на духоўных правадырах. Вынік гэтага настрою грамадзтва выліўся ў тое, што рэлігія, як вера, пераўтваралася ў нейкі набор абрадаў, якія імітавалі служэньне і пакланеньне Госпаду. Але, як так здарылася, што народ апынуўся ў такім незайздросным стане? Адказ існуе, бо вера, калі яна сапраўдная, ня мае часовых межаў. Вера - гэта ня нешта часовае, але тое, што назаўсёды, а значыць вечнае.

Ерусалімскі храм быў пабудаваны і сам горад адноўлены, але нічога значнага ня здарылася, бо не назіралася, што Бог вярнуўся ў храм, каб напоўніць яго Сваёй славаю. Карацей кажучы, нічога відавочна ня здарылася таго, пра што казалі Агей і Захарыя.

Бог адрэагаваў на гэтую сітуацыю, калі паклікаў на прароцкае служэньне Малахію. Ён даручыў яму пачаць дыялог з народам, дзе прарок сем разоў абвінавачвае народ. Людзі аспрэчваюць Малахію, але Бог адкідае іхняе аспрэчваньне.

Кніга Малахіі выклікае ў нейкім сэнсе шок, бо вельмі зьдзіўляе, што народ Юдэі апынуўся ў такім незайздросным стане пасьля заканчэньня бабілонскага палону. Малахія быў пакліканы Госпадам на прароцкае служэньне крыху больш за сто гадоў пасьля атрыманай свабоды па загаду валадара Кіра. Тое балючае ўсьведамленьне шматгадовага палону, як аказалася, не дало чаканага выніку, бо сучасьнікі Малахіі пачалі паўтараць памылкі ранейшых пакаленьняў, калі пачалі забывацца пра сваё выбраньне: «Я палюбіў вас, кажа Госпад. А вы кажаце: “У чым явіў Ты любоў да нас?” – Ці ж Ісаў ня брат Якубу кажа Госпад і аднак жа Я палюбіў Якуба» (Мал 1:2).

Але народ казаў гэта не таму, што казаў гэта сам, бо менавіта сьвятары ўкладалі гэта ў сэрцы юдэяў: «Бо вусны сьвятара павінны захоўваць веды, а закону шукаюць ад ад вуснаў яго, бо ён весьнік Госпада Саваофа. Але вы ўхіліліся ад гэтай дарогі, многія паслужылі спакусай у законе, разбурылі запавет Лявія, кажа Госпад Саваоф. За гэта і Я зраблю вас пагарджанымі і прыніжанымі перад усім народам, бо вы не ідзяце шляхамі Маімі, крывадушнічаеце ў справах закону» (Мал 2:7-9).

Вынік такога сьвятарскага служэньня безумоўна адбіўся на тых, хто слухаў і рабіў пэўныя вынікі: «Дзёрзкія прад Мною словы вашыя, кажа Госпад. Вы кажаце: “Што мы гаворым супраць Цябе?” Вы кажаце: “Марнае служэньне Богу, і якая карысьць, што мы трымаліся пастановаў Яго і хадзілі ў жалобнай вопратцы перад абліччам Госпада Саваофа?” І сёньня мы лічым пагардлівых шчасьлівымі: “Лепей уладжваюцца тыя, якія робяць беззаконна, і хоць спакушаюць Бога, але застаюцца цэлыя”» (Мал 3:13-15).

Вышэй мы казалі пра тое, што час Малахіі - гэта, у нейкім сэнсе, адлюстраваньне нашага часу. І гэта так, бо ці ня бачым мы ў цэрквах нашага часу тое, што бачыў Малахія пад час свайго жыцьця? Прыслухайся праваслаўная і каталіцкая царква, прыслухайцеся ўсе астатнія да прарока Малахіі, які папярэджвае ўсіх нас пра тое, каб не было ў нас таго, што ён бачыў у тагачаснай Юдэі: «З дзён бацькоў вашых вы адступіліся ад пастановаў Маіх і не трымаецеся іх. Зьвярнецеся да Мяне, і Я зьвярнуся да вас, кажа Госпад Саваоф. Вы скажаце: “Як нам зьвярнуцца?” Ці можна чалавеку абкрадваць Бога? А вы абкрадваеце Мяне. Скажаце: “Чым мы абкрадваем мы Цябе?” Дзесяцінаю і прынашэньнямі. Праклёнам вы праклятыя, бо вы - увесь народ - абкрадваеце Мяне. Прынясеце Мне дзесяціны ў дом сховішча, каб у доме Маім была ежа, і хоць гэтым выпрабуйце Мяне, кажа Госпад Саваоф: “Ці не адчыню Я вам адтулін нябесных і ці ня вылью на вас дабраславеньня да краю?”» (Мал 3:7-10).

Вяртаючыся ў часы Малахіі, хаця гэта тычыцца і нашых часоў, мы бачым, што рэлігійныя абрады і цэрэмоніі працягвалі мець месца, але было відавочна, што сьвятары, а потым і астатнія людзі, ня мелі шчырасьці сэрца пры гэтых таемствах. Сьвятары дазвалялі нячыстыя ахвяры, як і мы дазваляем сабе ахвяраваць Госпаду пры супраціве сэрца свайго: «І калі прыносіце ў ахвяру сьляпое, ці ж ня блага гэта? альбо калі прыносіце кульгавае і хворае, ці ж ня блага гэта? Паднясі гэта твайму князю, ці будзе ён задаволены табою і ці ласкава прыме цябе, кажа Госпад Саваоф. Дык вось, малецеся Богу, каб зьлітаваўся з нас; і калі такое зыходзіць з рук вашых, дык ці ж можа Ён ласкава прымаць вас, кажа Госпад Саваоф» (Мал 1:8-9).

Між тым гебраі, як і нашы сучасьнікі, ня вельмі разважалі пра тое, як яны дрэнна ўчынялі ў сваім жыцьці, не зьвяртаючы ўвагі на Божыя пастановы. Гэта тычыцца шлюбу: «Госпад быў сьведка паміж табою і жонкай маладосьці тваёй, супраць якой ты ўчыніў вераломства, тым часам як яна сяброўка твая і законная жонка твая. Але ці ж не зрабіў таго самага адзін, і ў ім жыў выдатны дух? Што ж зрабіў гэты адзін? Ён хацеў атрымаць ад Бога нашчадкаў. Дык вось, захоўвайце дух ваш, і ніхто хай ня робіць вераломна супраць жонкі і маладосьці сваёй» (Мал 2:14-15). Гэта тычыцца і дзесяціны, пра што мы ўжо казалі вышэй.

Выкарыстоўваючы спосаб пытаньняў і адказаў, Малахія абвінавачвае сьвятароў і народ у грахах, а потым абвяшчае, што абяцаны Мэсія прыйдзе, але Ягонае прышэсьце ня будзе радасным для грэшнікаў: «Бо вось, прыйдзе дзень, палкі як печ. Тады ўсе пагардлівыя бязбожначынцы будуць як салома, і папаліць іх прышлы дзень, кажа Госпад Саваоф, так што не пакіне ў іх ні кораня, ні вецьця. А вам, любабаязныя перад імем Маім, узыдзе сонца праўды і ацаленьні ў праменьні Ягоным, і выйдзеце вы і забушуеце, як цяляты ўкормленыя; і будзеце таптаць бязбожных, бо яны будуць пылам пад ступакамі ног вашых у той дзень, які Я зраблю, кажа Госпад Саваоф. Памятайце закон Майсея, раба Майго, які Я наказаў яму, на Харыве ўсяму Ізраілю, гэтак сама як і правілы ды пастановы. Вось, Я пашлю да вас Ільлю прарока перад наступленьнем дня Госпадавага, вялікага і страшнага. І ён паверне сэрцы бацькоў да дзяцей і сэрцы дзяцей да бацькоў іхніх, каб Я, прыйшоўшы, не пакараў зямлю праклёнам» (Мал 4:1-6).


Рецензии