Введение к Евангелию
«І сказаў ім анёл: “Ня бойцеся! Бо вось, я дабравешчу вам радасьць вялікую, якая будзе ўсяму народу, бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Госпад”» (Лук 2:10-11).
Новы Запавет складаецца з 27 кніг, з якіх першыя чатыры маюць назву Эвангельле ці Сьвятое Дабравесьце. Гэтыя кнігі апісваюць жыцьцё і дзеі Ісуса Хрыста. Слова Эвангельле азначае «добрая вестка». Гэтае слова мае грэцкае паходжаньне і на мове паганаў яно зьвеставала пра вайсковыя перамогі ці пра валадарскія міласьці. Першыя хрысьціяне запазычылі ў грэкаў гэтае слова, каб прышэсьце Ісуса Хрыста прадставіць, як добрую вестку і пачатак новага часу.
Па сутнасьці, існуе толькі адно Эвангельле, якое напісанае чатырмя эвангелістамі. Мацьвей, Марк, Лука і Ян пісалі адно Эвангельле, але выказвалі кожны сваю кропку погляду. Гэта тлумачыцца тым, што кожны з іх апісвае тое, што на іх погляд было самым важным. Але, нягледзячы на гэта, ніякіх супярэчнасьцяў у гэтых кнігах няма, бо яны былі напісаныя гэтымі мужамі Божымі не па свайму разуменьню, але пад узьдзеяньнем Духа Сьвятога, Які кіраваў імі пад час напісаньня: «Усё Пісаньне боганатхнёнае і карыснае для навучаньня, для выкрыцьця, для выпраўленьня, для настаўленьня ў праведнасьці, каб быў дасканалы Божы чалавек, да ўсякае добрае справы падрыхтаваны» (2 Цім 3:16-17).
Асаблівасьці кожнага эвангеліста выкарыстоўвае Бог, каб адзін дадаў да другога і такім чынам сьведчаньне чатырох узбагаціла б Царкву і праславіла Ісуса Хрыста. Дух Сьвяты даў кожнаму эвангелісту накірунак і форму выкладаньня кожнай кнігі Эвангельля:
Мацьвей – гэта, па волі Божай, настаўнік Царквы, які асобна вызначыў загад Госпада вучням Сваім: «І, прыступіўшы, Ісус сказаў ім: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі: дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа, вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаваў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку. Амэн» (Мац 28:18-20). Менавіта, як настаўнік, Мацтвей дае свайму народу доказы з Пісанья, каб спасылаючыся на Стары Запавет паказаць гебраям, што словы і справы Ісуса Хрыста зыходзяць ад Бога.
Эвангельле ад Мацьвея мае павучальны характар, бо кажа, напрыклад, што сапраўдных кніжнікаў можна знайсьці толькі ў асяродзьдзі хрысьціянаў: «А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, навучаны Валадарству Нябеснаму, падобны на гаспадара дома, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое» (Мац 13:52).
Павучальны характар кнігі Мацьвея ўмацоўваецца спасылкамі на адкрыцьцё Старога Запавета, выкананьнем старазапаветных абяцаньняў і пропаведьдзю дасканалага закону.
Марк – гэта вястун улады Ісуса Хрыста, бо менавіта таму ён вызначае Ягоныя цуды і Ягоную дасканаласьць адносна іншых людзей. Марк кажа, што Ісус Хрыстос узвышаецца над усімі, як і тое, што вучні Хрыста з цяжкасьцю ўспрымалі справы Настаўніка. Марк піша сваю кнігу ў сьціслай, але ў вельмі выразнай форме Магчыма таму Эвангельле ад Марка мае толькі 16 разьдзелаў.
Лічыцца, што Марк пісаў у асноўным для паганаў Рымскай імперыі, бо шмат выкарыстоўвае лацінскіх назваў і словаў. Больш таго, ён адзіны з аўтараў Эвангельля, які носіць рымскае імя. І таму нам зразумела, чаму Марк падкрэсьлівае валадарскую веліч Ісуса Хрыста. Паганам ён паказвае, што ня богі і імператар заслугоўваюць пакланеньня, а толькі адзіна Ісус Хрыстос, Які ёсьць сапраўдны Сын Божы.
Лука – гэта прызнаны гісторык сярод эвангелістаў, бо пачынае сваю працу з урачыстага ўступу, у якім ён паказвае, што ягоная праца выкладзена ў храналагічным парадку і грунтуецца на сьведчаньнях відавочцаў: «Як ужо многія пачалі складаць аповесьці пра добра вядомыя сярод нас падзеі, як пераказалі нам тое ўсё, хто з самага пачатку быў сьведкамі і слугамі Слова, дык надумаўся і я, рупліва дасьледаваўшы ўсё з пачатку, па парадку апісаць табе, глыбока-шаноўны Феафіле, каб ты ўведаў цьвёрдую аснову таго вучэньня, у якім я быў настаўлены» (Лук 1:1-4). Лука вызначае пасьлядоўнасьць падзеяў у часе, таму што ён хоча паказаць важнасьць адкрыцьця Бога на фоне чалавечай гісторыі.
Лука выкладае план Божы, пачынаючы ад зачацьця Яна Хрысьціцеля з наступным працягам гісторыі нараджэньня Ісуса Хрыста, Ягоным укрыжаваньнем і ўваскрасеньнем, каб скончыць місіянерскай працаю апосталаў. І таму не дарма яго клічуць першым гісторыкам Царквы Ісуса Хрыста.
Яшчэ адна асаблівасьць кнігі Лукі ў тым, што ён паказвае Ісуса Хрыста Збаўцай грэшнікаў, Які цягнецца да бедных, абяздоленых і прыніжаных людзей: «І калі ўваходзіў Ён у адно селішча, сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія спыніліся зводдаль, і моцным голасам казалі: Ісусе Настаўнік, памілуй нас. Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: ідзеце, пакажэцеся сьвятарам. І пакуль яны ішлі, ачысьціліся» (Лук 17:12-14).
Асобна адзначым, што галоўныя асаблівасьці Эвангельля ад Лукі – гэта навукова-гістарычны падыход, храналагічная пасьлядоўнасьць выкладаньня і ўзгодненасьць з Божым планам, што Ісус Хрыстос ёсьць Збаўца грэшнікаў.
Ян – гэта сьведка славы Божай, які палаў любоўю да свайго Госпада. Нідзе, ў іншых кнігах Пісаньня, не сустракаецца столькі паўтораў слова любоў. У Яна любоў пануе ў узаемаадносінах паміж Богам і людзьмі. Айцец любіць Сына, Сын любіць вучняў Сваіх, а ў іх Айцец любіць увесь сьвет. Таксама існуе і адваротная сувязь, калі патокі любові цякуць да Сына і Айца. І таму Айцец, Сын і вучні Хрыста аб’ядноўваюцца Божай любоўю: «Я ў іх, і Ты ў-ва Мне; хай будуць паяднаныя ў адно, і хай уведае сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне» (Ян 17:23).
Ян падкрэсьлівае праўду, што Ісус, будучы Богам, да Свайго прышэсьця ў сьвет і нават да стварэньня гэтага сьвету, вечна знаходзіўся ў Айцу. Наогул усе падзеі разглядаюцца Янам у сьвятле вечнасьці, які асьвятляе пакуты Ісуса Хрыста, якія апісаныя ў гэтай кнізе вельмі падрабязна і закончваюцца словам Ісуса: «Збылося».
Марцін Лютар так кажа пра Эвангельле паводле Яна: «Ян мала піша пра справы Хрыста, але вельмі шмат перадае Ягоных пропаведзей, таму Эвангельле паводле Яна ўяўляе сабою як бы цэнтральнае эвангельскае апавяданьне. У ім мы знаходзім яснае ўказаньне на тое, якім чынам вераю ў Хрыста перамагаецца грэх, сьмерць і д’ябал».
Свидетельство о публикации №226050501828