Таямнiца

Гэтая гісторыя адбылася сёння, у апошні дзень красавіка. Мы – я, брат і стрыечная сястра – нетаропка крочылі ўздоўж чыгункі. Надвор’е было цудоўнае, і мы нікуды не спяшаліся. Як заўсёды, я пачаў думаць аб мінулым і прыгадаў, што раней побач з рэйкамі стаялі хаты: драўляны барак, дом з цэглы і яшчэ адзін, зроблены з дрэва. Прыйшоў час, і ўсё жыллё трапіла пад бульдозеры, якія нават калодзеж не пашкадавалі (дзякуй старой студні за ледзяныя горкі). Сучасная моладзь, дый дарослыя з нетутэйшых, не знойдуць і намёкаў на тое, што раней тут жылі людзі...

– Вунь сцежка праз пасадкі, – раптам прамовіла сястра. – Давайце даследуем яе.
– Але ж мы трапім у поле, там ралля, дарогі няма, а яшчэ можа быць мокра – да балота ж рукой дастаць, – запярэчыў я.
– Давайце ўсё ж паспрабуем, – выказаўся брат. – Цікава, што там далей.

Адзін супраць двух не пойдзе, таму я ўздыхнуў і быў вымушаны пагадзіцца.

Мы збочылі з насыпу на ледзь бачную сцяжынку. Дзіўна, што праз столькі гадоў яна ўсё яшчэ існавала. І чаму не зарасла? Хто тут ходзіць, калі за дрэвамі ралля? Збіраць ураджай? Наўрадці, бо на полі нічога не вырошчвалі, хаця і старанна ўзворвалі; відаць, каб пустазелле не замацавалася, ператварыўшыся ў непраходныя джунглі. У любым выпадку, шлях не павінен быў існаваць, бо не меў сэнсу і мэты.

Мы ўвайшлі ў пасадкі, і навокал пакрысе сцямнела. Не скажу пра астатніх, але мне стала ніякавата. Далібог, адзін я б ніколі сюды не завітаў – пабаяўся. Дрэвы стаялі настолькі шчыльна, што сярод іх не было бачна дзённага святла. Але гэта выклікала не толькі страх, але і захапленне, таму я не ўтрымаўся і дастаў тэлефон, пасля чаго зрабіў некалькі фотаздымкаў на памяць. Супакойвала і тое, што побач надзейныя сябры, таму ўсё навокал падавалася не змрочным, а надзіва прыгожым.

І вось тут я стаў слупам. Сярод дрэваў з’явілася хаціна! Не сядзіба і не катэдж, але і хаткай не назавеш. Адкуль яна тут? На новабудоўлю не падобна, бо старыя дрэвы акружалі хату з усіх бакоў, нібыта імкнучыся схаваць яе ад непажаданых позіркаў.

– Давайце падыдзем бліжэй? – прапанавала Лена.

Яна ў нас была рухавіком, і нават калі мы чагосьці баяліся, то не хацелі выглядаць баязліўцамі перад дзяўчынай.

– Можна, толькі асцярожна, – пагадзіўся я, апасліва гледзячы ў бок панадворка.
– Сцеражыцеся сабак, – так жа сур’ёзна заўважыў Коля, і мы ўсе разам пачалі пільна сачыць за кожным рухам і шолахам.

Але вакол панавала цішыня. На шчасце, у ёй не адчувалася пагрозы. Наўрадці тут жыллё вядзьмаркі ці ліхадзея, якія пазбягаюць зносін з аднавяскоўцамі.

Мы падышлі да каліткі, якая зверху мела акенца без шыбаў. Праз яго добра праглядаўся і дом, і двор, але гаспадароў не было ні бачна, ні чутна. Я зноў дастаў з кішэні тэлефон, але раптам заўважыў рух і напружыўся. Але потым мы дружна заўсміхаліся – гэта была котка, звычайная кошка.

Дом не выглядаў закінутым. Я зірнуў на сваіх спадарожнікаў, але яны не выказвалі жадання рухацца далей. Хто ведае, хто тут жыве? А калі за намі цікуе вучоны сабака, чакаючы моманту парушэння акрэсленых межаў?

Тады мы пасунуліся ўздоўж плота. Усё навокал падавалася такім цёплым і добразычлівым, нібыта на старым фотаздымку ў рэжыме сэпіі. Верагодна, людзям не трэба ведаць гэтага цудоўнага месца, бо часцей за ўсё чалавек толькі і робіць, што смеціць, шкодзіць і руйнуе.

Мы асмялелі і разышліся, хто куды. Цяпер і Коля з Карынай дасталі тэлефоны і здымалі ўсё навокал, хаця ніякі ў свеце здымач не адлюструе ўсё хараство натуральнага краявіду.

Неўзабаве я заўважыў другую калітку, ледзь бачную сярод плота. Цікаўнасць узяла верх, і я асцярожна штурхануў лёгкія самаробныя дзверы. Яны расчыніліся, і я нясмела рушыў далей. Месца выглядала нібыта загонам для жывёлы, бо паўсюль ляжала сена. Я вырашыў, што не зраблю благога, калі даследую мясцовасць. Брат з аднагрупніцай засталіся дзесьці там, за каліткай, але я і забыўся пра іх.

Доўга ісці не прыйшлося, пасадкі скончыліся, я спыніўся і вельмі здзівіўся. Гэта ж сапраўдная дарога, і па ёй зараз ехала машына! Ралля нікуды не падзелася, але ж адкуль тут такі шлях? Не асфальт, але і не палявая напаўзакінутая грунтоўка. А я памятаў прасеку, якой амаль не карысталіся, хіба што на квадрацыкле ўзімку; машыны рабілі крук праз суседнюю вёску, а пешаходы аддавалі перавагу сцежцы ля чыгункі.

Доўга дзівіцца мне не давялося, бо я ўбачыў паблізу жанчыну з віламі, якая нарыхтоўвала сена. Яна не звяртала на мяне аніякай увагі, хаця знаходзілася не дзесьці за плотам, а тут, у панадворку.

«Вось і гаспадарка», – зрабіў выснову я.

Можна было б загаварыць з ёй, распытаць пра жыццё ў такім утульным куточку нашай вёскі. Ці не страшна ёй уначы? Жанчына не выглядала злоснай ці заклапочанай, але я вырашыў сёння не турбаваць яе, і ціхенька вярнуўся да сваіх таварышаў.

Брат з сястрой сустрэлі мяне здзіўленымі позіркамі. Здаецца, яны не разумелі, куды я падзеўся.

– Цішэй, там жанчына, – папярэдзіў я, і мае сябры згодна заківалі. Ім таксама не хацелася з ёй знаёміцца. Мо ў іншы раз...

Чараўніцтва было патрывожана, то-бок, проста змяніла свой стан. Цяпер мы ведалі – гэта самы звычайны дом, хаця і ў незвычайным месцы. Ён не закінуты, хаця і выглядаў вельмі таямніча. На развітанне я зрабіў яшчэ некалькі фотаздымкаў: ну як жа тут прыгожа!

«Шкада толькі, што яны знікнуць, калі скончыцца сон, – падумаў я. – Вось прачнуся, а іх і няма».

А можа, і не знікнуць, і я заўсёды буду памятаць пра таямніцу, якую мы спаткалі сярод дрэваў і якая існуе толькі ў маіх думках?..


30 красавіка – 03 траўня 2026, Гомель, Шведская Горка;
04-05 траўня 2026, Гомель (дробная рэдактура;
Выдалена або перароблена: «А з яго дапамогай мы ў дзяцінстве залівалі горку ўзімку», «З немясцовых», «На ледзь прыкметную», «Мне было крыху страшнавата, але я не падаваў выгляду», «Побач яшчэ і гаспадарчыя будынкі», «Калі наўмысна не шукаць яе, то і не знойдзеш», «Яна не была пагрозлівай, што таксама абрадавала нас», «Хаця хто яго ведае?», «Даследваць дом», «Маўчыць і падпільноўвае нас, каб накінуцца», «Саміх гадаванцаў не было бачна, як і будкі для сабакі – некаторыя трымалі абаронцаў менавіта на агародзе ці на гаспадарчым двары», «Я выйшаў праз пасадкі»).


Рецензии