Евангелие от Матфея
«Гэтак усіх пакаленьняў ад Абрагама да Давіда
чатырнаццаць пакаленьняў; ад Давіда да
перасяленьня ў Бабілон чатырнаццаць пакаленьняў; і ад перасяленьня ў Бабілон да Хрыста чатырнаццаць пакаленьняў» (Мац 1:17).
Першае з чатырох Эвангельляў было напісанае Мацьвеем, чыё імя азначае «дар Госпадаў». Мацьвей быў мытнікам, які быў ня толькі не ў пашане, але нават і ў пагардзе сярод народа Юдэі. Збіральнік падаткаў Лявій, бо менавіта так яго называюць Лука і Марк, быў пакліканы Госпадам Ісусам Хрыстом: «Праходзячы, убачыў Ён Лявія Алфеевага, які сядзеў каля мытні, і кажа яму: ідзі за Мною. І той устаўшы пайшоў за Ім» (Мар 2:14).
Відавочна, што імя Мацьвей было дадзена мытніку Лявію Ісусам Хрыстом. Нягледзячы на ранейшае багацьце, Мацьвей, у далейшым, быў чалавекам сьціплым, бо ніколі не казаў пра той пір, які адбыўся пад час свайго пакліканьня на служэньне. Але, мы чытаем у Лукі: «І зрабіў Яму Лявій у доме сваім бяседу вялікую; і там было мноства мытнікаў і іншых, якія ляжалі з імі» (Лук 5:29).
Эвангельле паводле Мацьвея было напісанае ім паміж 50 і 70 годам па Р.Х. Напісанае галоўным чынам для гебраяў, яно вельмі часта цытуе Стары Запавет. Мацьвей хацеў паказаць гебраям, што Ісус з Назарэта - гэта спаўненьне старазапаветных прароцтваў і быў, таму, Мэсіей, пра Якога казаў увесь Стары Запавет. Фраза Ісуса «каб збылося сказанае праз прарока» гучыць у гэтым Эвангельлі дванаццаць разоў. Радавод, з якога пачынаецца Эвангельле паказвае, што Ісус быў нашчадкам Абрагама, пачынальніка гебрайскага народу: «Кніга роду Ісуса Хрыста, сына Давідавага, сына Абрагамавага» (Мац 1:1).
Акрамя таго, Мацьвей неаднаразова выкарыстоўвае ў адносінах да Ісуса Хрыста выраз «Валадар Юдэйскі»: «Калі ж Ісус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні валадара Ірада, вось, мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерусалім і кажуць: “Дзе народжаны Валадар Юдэйскі? Бачылі бо мы зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму”» (Мац 2:1-2). Мацьвей называе Ісуса «Сынам Давідавым»: «І вось, двое сьляпых, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Ісус ідзе міма, пачалі крычаць: “Памілуй нас Госпадзе, Сыне Давідаў”» (Мац 20:30). Наогул, Мацьвей малюе нам літаратурны партрэт Валадара, бо слова «валадарства» сустракаецца ў яго 55 разоў, а «валадарства нябеснае» - з2 разы.
Эвангельле паводле Мацьвея можна падзяліць на чатыры часткі: уводзіны (1:1–4:11); служэньне Ісуса ў Галілее (4:12-18:35); служэньне Ісуса ў Юдэі (19:1-25:46); сьмерць і ўваскрасеньне Ісуса (26:1-28:20).
• Уводзіны (1:1-4:11).
Мацьвей пачынае сваё Эвангельле з радаводу Ісуса Хрыста, які дакладна паказвае нам, што Ісус сапраўды быў Сынам Давіда і Сынам Абрагама, як тое і было абяцана Госпадам у Старым Запавеце. Мацьвей кажа, што нараджэньне Ісуса Хрыста зьявілась выкананьнем старазапаветных прароцтваў. Ісая, Ерамія, Асія і Міхей - гэты тыя прарокі Старога Запавета, на якіх спасылаецца Мацьвей у сваім Эвангельлі:
«Дык вось Сам Гаспад дасьць вам азнаку: вось, Дзева ва ўлоньні зачне і народзіць Сына, і дадуць імя Яму Эмануіл» (Іс 7:14).
«А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: “Вось, Дзева ва ўлоньні зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя: Эмануіл, што азначае: з намі Бог”» (Мац 1:22-23).
«І пойдзе пасынак ад кораня Есэевага, і галіна вырасьце ад кораня ягонага» (Іс 11:1).
«І прышоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае праз прарока, што Ён Назарэем назавецца» (Мац 2:23).
«Так кажа Гаспад: “Голас чуцен у Раме, лямант і горкае галашэньне. Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца ў дзецях сваіх, бо іх няма» (Ерам 31:15).
«Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: “Голас у Раме чуцен, плач і галашэньне, і лямант вялікі. Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца, бо іх няма» (Мац 2:17-18).
«І на золку загіне валадар Ізраілеў! Калі Ізраіль быў малады, Я любіў яго і з Егіпта выклікаў Сына Майго» (Ас 11:1).
«І быў там да Ірадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: “З Егіпта паклікаў Я Сына Майго”» (Мац 2:15).
«І ты, Бэтлееме - Эфрата, ці ж малы ты сярод тысячаў Юдавых? з цябе пойдзе Мне Той, Які павінен быць Валадаром у Ізраілі, і Якога паходжаньне з пачатку, ад дзён вечных» (Міх 5:2).
«Яны ж сказалі яму. У Бэтлееме юдэйскім, так бо напісана праз прарока: “І ты Бэтлееме, зямля Юдава, нічым ня меньш сярод ваяводстваў Юдавых, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які ўсьцеражэ народ Мой Ізраіля”» (Мац 2:5-6).
Мацьвей дае далей апісаньне служэньня Яна Хрысьціцеля, якое зьявілася зьдзяйсьненьнем прароцтва Ісаі: «Голас таго, хто кліча: “У пустыне падрыхтуйце шлях Госпаду, простым зрабеце ў стэпе сьцежкі Богу нашаму”» (Іс 40:3). Параўнаем з напісаным у Мацьвея: «Бо Ён Той, пра каго сказаў прарок Ісая: “Голас таго, хто кліча ў пустыні, падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму”» (Мац 3:3).
Ахрысьціўшыся ў Яна і атрымаўшы Духа Божага, Ісус быў паведзены Духам у пустыню на спакушэньне ад д’ябла. Ісус Хрыстос спазнаў тры спакушэньні, якія чакалі Яго ў зямным жыцьці. І гэта не выпадкова, бо гэта прыклад для ўсіх нас. Менавіта так і кажа Новы Запавет: «Бо, як Сам Ён перацярпеў, быў спакушаны, дык можа памагчы і тым, каго спакушаюць» (Геб 2:18). Але, давайце больш пільна засяродзім сваю ўвагу на гэтым процістаяньні Ісуса Хрыста і спакусіцеля - д’ябла.
Зьяўляючыся чалавекам зямлі, Ісус пачынае Сваё зямное служэньне з вялікага посту і вялікага спакушэньня. Ісус павінен вытрываць тройчую спакусу і прайсьці праз выпрабаваньні, якія і блізка ня здолеў пераадоліць Адам у Эдэмскім садзе. Адам ня ведаў голаду і жорсткіх умоваў пустыні, бо гэтага ў Эдэмскім садзе не было, але, тым ня меньш, ня вытрымаў і першага ж спакушэньня. Наколькі ж цяжэйшым было становішча Ісуса, Які, пасьля соракадзённага посту, здолеў вытрываць гэтыя выпрабаваньні.
І вось, падгадаўшы момант моцнай фізічнай неабходнасьці, спакусьнік зьвяртаецца да Ісуса Хрыста: «Калі Ты Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталі хлябамі» (Мац 4:3). Словы д’ябла: «Калі Ты Сын Божы» ёсьць «вышэйшае майстэрства» спакусіцеля, бо выглядае, як даволі праўдзівы намёк на тое, што Божая праўда не заўсёды падыходзіць да той ці іншай сітуацыі жыцьця. Мы памятаем словы зьмея, накірованыя да Адама і Евы: «Ці спраўды сказаў Бог: “Ня ежце ні з якога дрэва ў раі?”» (Быц 3:1).
І мы ведаем, што водгукам на гэта стаў грэх першага чалавека. Але ці магло так здарыцца з Ісусам, Які на самой справе мог ператварыць камень у хлеб? Ісус Хрыстос ужо мог ствараць цуды, але толькі ня дзеля Сябе Ён павінен быў рабіць гэта. Ня ў тым была воля Айца і таму Ён адказвае д’яблу: «Ня хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых» (Мац 4:4).
Яшчэ раз падступае д’ябал да Ісуса Хрыста, калі прапануе наступнае: «Тады бярэ Яго д’ябал у сьвяты горад і ставіць Яго на крыле храма, і кажа Яму: “Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: “Анёлам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю”. Сказаў яму Ісус: “Напісана яшчэ: “Не спакушай Госпада Бога твайго”» (Мац 4:5-7). Ісус добра ведаў гэтае правакацыйнае «Калі Ты Сын Божы». Ён ведаў і тое, што пасланы не выпрабоўваць Айца, але выканаць Ягоную волю дзеля збаўленьня выбраных Богам людзей.
«Зноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе валадарствы сьвету і славу іх, і кажа Яму: “Усё гэта Табе дам, калі ўпаўшы паклонішся мне”. Тады кажа яму Ісус: “Адыйдзі ад Мяне д’ябал, бо напісана: “Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы”. Тады пакідае Яго д’ябал, - і вось, анёлы прыступілі і слугавалі Яму» (Мац 4:8-11).
Д’ябал добра ведаў, што тыя народы, якія стаялі перад Хрыстом належаць Сыну Божаму. Хітрасьць спакусіцеля складалася з таго, што ён прапанаваў Ісусу адмовіцца ад «цяжкага» плана Бога і прыняць «лёгкі» план д’ябла. Навошта выпрабаваньні, навошта пакуты, навошта ўкрыжаваньне і сьмерць, калі можна ўсё спросьціць? Толькі адзін паклон д’яблу. Толькі адзін паклон і ніякіх цяжкасьцяў.
Але Ісус ведаў Свой шлях дасканалай ахвяры за ўсіх тых, каго Ён убачыў з гэтай гары. Бо такая была воля Айца і таму Ён кажа: «Адыйдзі ад Мяне д’ябал бо напісана: “Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы”». Ён цалкам перамагае д’ябла і ў гэтым закладзены вялікі сэнс для ўсіх нас. Ісус паказаў нам нашае будучае месца, калі мы стаялі перад Ім сярод народаў і глядзелі на Яго з чыстым і верным сэрцам.
• Служэньне Ісуса ў Галілеі (4:12-18-35).
Гэтую частку Эвангельля паводле Мацьвея, у сваю чаргу, можна падзяліць на чатыры часткі: Нагорная пропаведзь (5:1-7:29); цуды і вялікія справы Хрыста (8:1-11:1); паступовае адпрэчэньне Хрыста (11:2-16:12) і падрыхтоўка вучняў Хрыста (16:13-18:35).
Нагорная пропаведзь - гэта асобная і, месцамі, даволі складаная для разуменьня частка Эвангельля. Яна недаступная разуменьню чалавека, незнаёмага з розумам Прапаведніка Хрыста, які адкрываецца нам толькі пасьля прыняцьця Духа Сьвятога: «Сказаўшы гэта, дзьмухнуў, і кажа ім: “Прымеце Духа Сьвятога”» (Ян 20:22). Бо толькі Сьвяты Дух можа растлумачыць вучэньне Ісуса Хрыста як праўду Бога. А праўда ў тым, што Ісус прыйшоў у сьвет, каб данесьці да нас Сваё вучэньне і таму Нагорная пропаведзь адлюстроўвае жыцьцё чалавека, у чыё сэрца ўвайшоў Сьвяты Дух.
Але вучэньне Хрыста ня будзе вельмі карысным, калі мы не прызнаем Яго сваім Збаўцам, бо самы надзейны спосаб зразумець пропаведзь Ісуса Хрыста - гэта адкрыць сваё сэрца для Духа Сьявятога, Які і адкрые нам разуменьне навукі Ісуса Хрыста.
У Нагорнай пропаведзі Ісус кажа, што Ягонае Вадарства не такое, як усе астатнія зямныя валадарствы. У Сваёй пропаведзі Ён аспрэчвае як фарысэйскае тлумачэньне закона Майсея, так і звычаі фарысэяў: «Вы чулі, што сказана продкам: “Ня чыні пералюбу”. А Я кажу вам, што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю, ужо ўчыніў пералюб з ёю ў сэрцы сваім» (Мац 5:27-28).
На жаль, фармат гэтай кнігі не дазваляе займацца падрабязным тлумачэньнем пропаведзі Хрыста. Мы ж засяродзім сваю ўвагу на тым, што вучэньне Ісуса Хрыста значна зьмяньшае ў чалавеку пачуцьце задаволенасьці і даволі моцна скрышвае нашы духоўныя погляды на многія бакі нашага жыцьця. Ісус адкрывае нам вочы і мы бачым рэальнасьць такой, якая яна ёсьць. Такім чынам пачынаецца фармаваньне новага жыцьця для пасьлядоўнікаў Ісуса Хрыста, якія пачынаюць жыць па Ягоным запаведзям. І памятаць, што падмуркам Нагорнай пропаведзі зьяўляецца любоў Бога да ўсіх нас.
Пасьля Нагорнай пропаведзі, Мацьвей засяроджвае нашу ўвагу на справах Ісуса пад час служэньня ў Галілеі. Мацьвей апісвае дзесяць цудаў, якія стварыў Гаспад: «Калі Ён сышоў з гары, за Ім сьледам пайшло мноства людзей. І вось падыйшоў пракажоны і, кланяючыся Яму, сказаў: “Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць”. Ісус працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: “Хачу, ачысьціся”. І адразу ачысьціўся той ад праказы» (Мац 8:1-3).
Гэта першы цуд Эвангельля паводле Мацьвея. Яны працягваюцца і далей. Мы бачым, што цуды Ісуса Хрыста ня нейкія ўяўныя сымбалі, але сапраўдныя гістарычныя дзеяньні, якія паказваюць нам, што Творца пануе над прыродай, як хоча і па Сваёй воле. І гэта кажа пра тое, што нашая вера заснавана не на ілюзіях, але на цьвёрдым і непарушным падмурку. Ісус Хрыстос, дзякуючы цудам, што сьведчаць пра Ягоную ўсемагутнасьць, пастаўлены вышэй за ўсіх людзей гэтага сьвету, а Ягоныя ацаленьні паказваюць нам правобраз таго, як у Новым стварэньні ацаліцца ўвесь сьвет: «І ўтрэ Бог кожную сьлязінку з вачэй іхніх, і сьмерці ня будзе ўжо. Ні плачу, ні енку, ні хваробы ўжо ня будзе, бо ранейшае прайшло» (Адк 21:4).
Каб лепшым чынам збудаваць сваё жыцьцё, чалавек імкнецца падняцца па сацыяльнай лесьвіцы вышэй. Але шлях Ісуса Хрыста наадварот - ён вядзе ўніз. І таму сумненьні і крытыка людзей павялічваюцца па меры таго, што яны павінны выбіраць паміж шляхам людзей сьвету і шляхам Ісуса Хрыста.
Заўважым, што Ісус, у Сваёй папярэдняй дзейнасьці, ніяк не праяўляе характар грамадзкага і палітычнага дзеяча, што насьцярожвае людзей, якія чакалі ад Яго, як Мэсіі, нейкіх значных палітычных пераменаў. Ян Хрысьціцель, будучы ў цямніцы, пачынае сумнявацца ў Ісусе Хрысьце, бо ён чакаў Мэсію, Які жне і вее: «Лапата Ягонае ў руцэ Яго, і Ён ачысьціць гумно Сваё, і зьбярэ пшаніцу Сваю ў засекі, а салому спаліць агнём непагасным» (Мац 3:12). Ян пасылае да Яго вучняў сваіх з пытаньнем: «Ці Той Ты, Які павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?» (Мац 11:3). Ісус адказвае Яну і гэтым умацоўвае яго. Але працэс, як кажуць, ужо пайшоў.
Мы ясна бачым адхіленьне народа, як наступства пагарды да Госпада і спыненьне Ягоных адносінаў з імі, каб выявіць з боку Бога зусім іншую форму адносінаў - Валадарства Божае. Зьвярнем увагу на тое, што Ісус, пасьля хросту і спакушэньня д’яблам у пустыне, пачынае прапаведаваць менавіта пра Валадарства Нябеснае: «З таго часу Ісус пачаў прапаведаваць і казаць: “Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае» (Мац 4:17).
Ён больш ня быў Мэсіей, пра Якога сьведчылі, але быў Сынам Божым, Які дае Сваё сьведчаньне Яну Хрысьціцелю. Мацьвей кажа, што Ян быў у вачах людзей д’яблам, а Ісус абвінавачваўся ў сувязях з д’яблам: «Бо прыйшоў Ян, ня есьць, ня п’е і кажуць: “У ім дэман”. Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е; і кажуць: “Вось, чалавек, які любіць есьці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў”» (Мац 11:18-19).
Расчараваньне з боку гебраяў узрастае, але Ісус Хрыстос, нягледзячы на гэта, ідзе ў сынагогу і з любоўю зьвяртаецца да Сваіх слухачоў. Яны ніяк ня могуць што-небудзь супрацьпаставіць Ягонай пропаведзі, але застаюцца пры сваёй разьлютаванасьці. Зьвярнем увагу на тое, як Ён ацаляе ў суботні дзень чалавека з сухою рукою: «І вось, быў там чалавек з сухою рукою. І спыталіся ў Яго: “Ці можна ацаляць у суботы?” - каб зьвінаваціць Яго. А Ён сказаў ім: “Ці ёсьць сярод вас такі чалавек, што маючы адну авечку, - калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, - ня возьме і ня выцягне яе? Наколькі ж чалавек лепшы за авечку! Таму можна ў суботу дабро рабіць”» (Мац 12:10-12). Ісус Хрыстос робіць заяву пра тое, што Ён Гаспадар суботы, а значыць абвяшчае Сябе Госпадам.
Пасьля таго, як фарысеі надумалі забіць Ісуса, Ён, як уцякач, пераходзіць з месца на месца. Пад абаронай Айца. І пакуль не настаў той час, Ісус выкарыстоўвае гэта для пропаведзі і ацаленьняў, бо хто прыходзіць да Яго, той непазьбежна знаходзіць радасьць у Ім. Ісус Хрыстос кажа і дзейнічае згодна волі Айца, бяз усякай шуміхі, як Збаўца ўсіх, хто ў гэтым мае патрэбу. Ісус кажа прыповесьцямі, таму што ведае, што вучні Хрыста такім чынам могуць разумець Ягоныя словы і ў працэсе разуменьня вучыцца, бо хто адкрывае сэрца сваё і пачынае верыць, таму Бог памнажае веданьне і дабраславеньне.
Першая прыпавесьць Ісуса Хрыста пра сейбіта, які выйшаў сеяць: «І калі сеяў ён, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблі тое. Іншае ўпала на мясьціны камяністыя, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, таму што зямля была ня глыбокая. А калі ўзышло сонца, завяла і, як ня мела карэньня, засохла. Іншае ўпала ў церне, і вырасла ў церне, і вырасла церне і заглушыла яго. Іншае ўпала на добрую зямлю і ўрадзіла плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсцьдзесят, а тое ў трыццаць. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!» (Мац 13:4-8).
Земляробы Палестыны аралі пасьля пасеву і таму зерне, якое было на дарозе заставалася непакрытаю. Так і людзі, замкнутыя і разлютаваныя, вельмі падобныя на гэтую дарогу. Той жа, хто будуе сваё жыцьцё на пачуцьцях, лёгка і павярхоўна ўспрымае любую, нават і сур’ёзную інфармацыю, вельмі падобны на той тонкі пласт зямлі, які пакрывае камень. Хутка ўзыходзіць парастак, але плоду ня будзе з-за сьпякоты, ганеньня і скрухі. Церне расьце разам з зернем і на пачатку яго нельга разпазнаць, але яно вырастае і губіць пасеянае сейбітам. Але зерне, якое ўпала ў добрую зямлю і якое патрабуе добрага дагляду і часу для гэтага, яно і дасьць, і ўродзіць плод: «Адзін сто, другі шэсьцьдзясят, а той трыццаць».
За чытаньнем прыповесьцяў мы не павінны забываць, што жыцьцё Ісуса Хрыста па-ранейшаму знаходзіцца ў небясьпецы і што варожасьць супраць Яго з боку сьвету памнажаецца. Больш таго, многія, хто ішлі за Ім, адыйшлі ад Яго, бо ня дадзена было ім: «З гэтага часу многія вучні Ягоныя адыйшлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім» (Ян 6:66).
Калі Ісус прыйшоў да Кесарыі Філіпавай, дык з Ім засталася вельмі невялікая групоўка вучняў. І гэта кажа пра тое, што наступае пераломны момант у служэньні Ісуса Хрыста, бо пачынаецца крыжовы шлях, які вядзе ў Ерусалім, але пачынаецца з Кесарыі. Ісус кажа пра гэты шлях вучням Сваім: «З таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Ён мусіць ісьці ў Ерусалім і шмат выцерпець ад старэйшын і першасьвятароў і кніжнікаў, і мае быць забіты, і на трэці дзень уваскрэснуць» (Мац 16:21).
Калі рэлігійныя лідары адпрэчылі Хрыста і прапанованае Ім Валадарства, дык Ісус пачаў пазьбягаць служэньні перад натоўпамі народу і імкнуўся служыць па-за Галілеяй і Юдэяй, каб пазьбегнуць перасьлед з боку начальнікаў народу. Па замежамі іхняй юрысдыкцыі, Ён меў вялікую свабоду вучыць Сваіх пасьлядоўнікаў і гатаваць Сваіх выбраных вучняў да іх новай ролі - стаць падмуркам Царквы, якую Ён зьбіраўся стварыць: «Дык вось, вы ўжо ня чужынцы і ня прыхадні, а суграмадяне сьвятым і свае Богу, уцьверджаныя на аснове апосталаў і прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста каменем вугла, на якім увесь будынак, моцна складаны, вырастае ў сьвяты храм у Госпадзе, на якім і вы будуецеся ў селішча Божае Духам» (Эф 2:19-22).
Але і д’ябал тут як тут, бо праз Пятра ён зноў спакушае Ісуса Хрыста: «І, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэчыць Яму, кажучы: “Міласэрны Ты, Госпадзе! Хай ня будзе гэтага з Табою!” А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру: “Адыдзі ад Мяне, д’ябал, ты Мне спакуса, бо думеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае”» (Мац 16:22-23).
Праз Пятра кажа спакусьнік і ў гэтым адлюстроўваецца думка юдэяў пра тое, што Мэсія не павінен пакутаваць, але быць у славе гэтага сьвету. Але, нават у прадбачаньні будучых пакутаў, Ісус Хрыстос праяўляе Сваю любоў да тых, каму патрабуецца дапамога. І таму Ён кажа вучням Сваім пра тое, што вечнае жыцьцё знаходзіцца ў адрачэньні ад сябе дзеля Госпада: «Калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною» (Мац 16:24).
Нават у прадбачаньні будучых пакутаў Ісус Хрыстос дае Сваю любоў тым, хто мае ў гэтым патрэбу. У Ягоных вучняў пакуль што няма дастатковай веры, каб яўляць цуды імянем Госпада і таму Ён выганяе дэмана, а потым адказвае вучням Сваім: «Тады вучні, прыступіўшы да Ісуса асобна, сказалі: “Чаму мы не маглі выгнаць яго?” А Ісус сказаў ім: “Ад няверства вашага; бо праўду кажу вам: “Калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне і скажаце гары гэтай: “Перайдзі адсюль туды”, і яна пяройдзе. І нічога ня будзе немагчымага вам”» (Мац 17:19-20).
«У той час прыступілі вучні да Ісуса, кажучы: хто ж большы ў Валадарстве Нябесным? І паклікаўшы дзіця, Ісус паставіў яго сярод іх і сказаў: праўду кажу вам, калі не навернецеся і ня будзеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае; дык вось, хто ўпакорыцца, як гэтае дзіця, той большы ў Валадарстве Нябесным; і хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае; а хто спакусіць аднаго з малых гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі жарон млынскі на шыю яго і ўтапілі яго ў глыбіні марской» (Мац 18:1-6).
Ісус Хрыстос навучае вучняў Сваіх. Ён паказвае тое неабходнае, што патрэбна для таго, каб увайсьці ў Валадарства Нябеснае. Мы бачым характэрную рысу, якая дадзена нам у Ісусе Хрысьце – прабачэньне. Мы павінны прабачаць усіх, як Бог прабачае нас. Менавіта пра гэта кажа прыповесьць Ісуса Хрыста пра валадара і ягонага даўжніка, які быў у рэшце рэшт пакараны за тое, што не даравай свайму блізкаму: «Так і Айцец Мой Нябесны зробіць з вамі, калі не даруеце кожны брату свайму ад сэрца свайго правінаў ягоных» (Мац 18:35).
• Служэньне Ісуса ў Юдэі (19:1-25:46).
Апостал Мацьвей паказвае нам той вельмі важны паваротны момант свайго Эвангельля, калі кажа наступнае: «І сталася, калі Ісус закончыў словы гэтыя, дык выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэйскія, па той бок Ярдана» (Мац 19:1). Ісус Хрыстос, зараз ужо назаўсёды, пакідае родную Галілею і ідзе ў Ерусалім. Разам з Ім, па звычайнаму шляху паломнікаў, ідзе вялікая колькасьць галілеян.
Ісус вучыць Сваю будучую Царкву, калі адказвае на пытаньне фарысеяў адносна чалавечага шлюбу. Ён паказвае фарысеім, што ня будзе стаяць на фарысейскіх традыцыях і тлумачэньнях па гэтаму пытаньню, бо выключае ўсякае скасаваньне шлюбу, калі няма віны блудадзейства ці пералюбу. Рэакцыя вучняў Хрыста прадказальная, бо чалавек здольны адкідваць ад сябе ўсё нязручнае: «Кажуць Яму вучні Ягоныя: калі такі абавязак чалавека перад жонкаю, дык лепш не жаніцца» (Мац 19:10).
На што Ісус кажа, што тут ня можа быць прымусу і чалавек павінен дзейнічаць свабодна, згодна таму дару, які даў яму Бог. Апостал Павал таксама кажа пра гэта: «Бо хачу, каб усе людзі былі, як я; але кожны мае свой дар ад Бога, адзін - такі, другі – інакшы. А няшлюбным і ўдовам кажу: добра ім, калі застаюцца, як я; але, калі ня могуць устрымацца, няхай бяруць шлюб, бо лепей шлюбам пабрацца, чым распаляцца» (1 Кар 7:7-9).
Пытаньне пра вечнае жыцьцё – вельмі важнае пытаньне ў жыцьці многіх людзей. Ісус Хрыстос тлумачыць юнаку, якога таксама непакоіла гэтае пытаньне, што трэба рабіць, каб увайсьці ў жыцьцё вечнае: «А Ісус сказаў: не забівай; ня чыні пералюбу; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва; шануй бацьку і маці, і: любі блізкага свайго, як самога сябе» (Мац 19:18-19).
Малады і багаты юнак разумеў, што трэба рабіць дабро для Бога, як разумеў і тое, што робіць гэта недастаткова. І таму пытаецца ў Хрыста пра тое, што яму яшчэ не хапае: «Сказаў яму Ісус: калі хочаш дасканалым быць, ідзі, прадай маёмасьць тваю і раздай убогім; і мець будзеш скарб на нябёсах; і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною. Пачуўшы слова гэтае, юнак адышоў замаркочаны, бо ў яго была вялікая маёмасьць» (Мац 19:21-22).
Гэта ёсьць вельмі павучальная гісторыя, якая тычыцца амаль што кожнага з нас. Юнак замаркоціўся, бо ўбачыў занадта вялікі кошт для сябе. Так, ён імкнуўся рабіць добрае, але паказаў, што любіць зямное больш, чым Бога. Вельмі паказальна тое, што Ісус Хрыстос не пытаецца ў юнака пра выкананьне пералічаных Ім запаведзяў, але патрабуе выкананьне першай Божай запаведзі. І тут мы бачым поўнае банкруцтва, бо сэрца юнака ў палоне матэр’яльнага, якое для яго больш каштоўнае, чым Госпад. І таму ён ня ідзе за Ісусам Хрыстом. Багацьце палоніць сэрца чалавека і наадварот Бог вызваляе яго. Менавіта гэтаму Ісус Хрыстос вучыць Сваіх вучняў, як будучую Царкву.
І мы бачым, што ўжо апостал Павал, ад імя Царквы Ісуса Хрыста, вучыць нас усіх: «Вялікі набытак – быць пабожным і задаволеным. Бо мы нічога ня прынесьлі ў сьвет; ясна, што нічога ня можам і вынесьці з яго. Маючы наедак і вопратку, будзем задаволены гэтым. А ахвотнікі ўзбагачацца ўпадаюць у спакусу і ў нерат і ў многія безразважныя і шкодныя пажадлівасьці, якія ўкідаюць чалавека ў паглум і пагібель; бо корань усякага ліха ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому, некаторыя ўхіліліся ад веры і самі на сябе наклікалі многія смуткі. А ты, чалавеча Божы, пазьбягай гэтага, і шчасьліўся ў праўдзе, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, слухмянасьці; пасабляй добрым подзьвігам веры, трымайся вечнага жыцьця, да якога ты і пакліканы і вызнай добрую споведзь перад многімі сьведкамі» (1 Цім 6:6-12).
Вялікае вучэньне Ісуса Хрыста да ўсіх нас, бо вялікую ўзнагароду абяцае Ён за вернасьць, калі кажа: «Праўду кажу вам, што вы, хто пайшоў сьледам за Мною, - у новым жыцьці, калі сядзе Сын Чалавечы на пасадзе славы Сваёй, сядзеце і вы на дванаццаці пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраілевых; і кожны, хто пакіне дамы, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо землі дзеля імя Майго, атрымае ў сто разоў больш і ўспадкуе жыцьцё вечнае. А многія першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі» (Мац 19: 28-30).
Апошні сказ абяцаньня Хрыста вельмі важны, бо паказвае тое, што можа здарыцца ў жыцьці чалавека, калі ён не адрачэцца ад асабістага «Я» і не пазбавіцца ганарлівасьці.
Па дарозе ў Ерусалім, Ісус працягвае вучыць вучняў Сваіх, кажучы прыповесьцю пра тое, на што падобнае Валадарства Нябеснае. Ён паказвае Божую дабрыню і неабмежаванасьць Сваёй волі. Прыповесьць пра гаспадара, які наймаў работнікаў у вінаграднік свой, кажа пра тое, што вінаграднік – гэта ніва Божая. Адсюль увесь сэнс прыповесьці. Ісус дае нам тры ўрока. Па-першае, усе веруючыя, пасьля іх пакліканьня, павінны быць работнікамі на ніве Божай. Па-другое, Бог усім, незалежна ад тэрміна іхняй працы, абяцае поўнае збаўленьне. І па-трэцяе, ніякая зайздрасьць ці нараканьне ў справе Божай недапушчальныя.
Але, існуе і небясьпека таго, што нехта разважае пра тое, як фарысеі і кніжнікі, ад зайздрасьці, становяцца апошнімі, а мытнікі і блудніцы наперад іх уваходзяць у Валадарства Божае. І гэта наводзіць на думку, што работнікі могуць і адкласьці ісьці за Ісусам да дзевятай і адзінаццатай гадзіны, а гэта значыць на больш позьні час. Але гэта ёсьць ня што іншае, як самападман, бо ніхто ня ведае часу, калі Ісус Хрыстос пакліча яго ў апошні раз.
Мы павінны ведаць, што ў Валадарстве Божым, згодна Пісаньня, будуць розныя ступені ўзнагародаў веруючым, але, тым ня меньш, мы чакаем поўнага збаўленьня для ўсіх, хто прыйдзе пры сваім зямным жыцьці да Ісуса Хрыста: «І хто садзіць і хто палівае – адно; але кожны атрымае сваю ўзнагароду паводле сваёй працы. Бо мы супрацоўнікі ў Бога; а вы Божая ніва, Божая будова» (1 Кар 3:8-9).
Ісус Хрыстос адкрывае вучням Сваім сапраўдную мэту Свайго ўваходжаньня ў Ерусалім: «І ўваходзячы ў Ерусалім, Ісус адвёў дванадцацёх вучняў асобна і дарогаю сказаў ім: вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы, выдадзены будзе першасьвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць; і выдадуць Яго паганам на ганьбаваньне і біцьцё і крыжаваньне; і на трэці дзень уваскрэсьне» (Мац 20:17-19).
І вось нечаканае здарэньне. Маці Якава і Яна, просіць у Хрыста для сваіх сыноў лепшыя месцы ў Валадарстве Мэсіі. Ісус не адмаўляе такой магчымасьці, але кажа, што толькі Айцец вызначае месца кожнага. І дадае, што той, хто хоча з Ім валадарыць, павінен з Ім і пакутаваць. Станоўчы водгук сыноў Зэбядэевых споўніўся літаральна, бо абодва яны сталіся мучанікамі: «Тым часам валадар Ірад падняў рукі на некаторых людзей царквы, каб зрабіць ім ліха, і забіў Якуба, брата Янавага, мечам» (Дзеі 12:1-2).
Ерыхон – гэта апошні вялікі горад каля Ярдана па дарозе на Ерусалім. Мноства людзей ішлі за Ісусам і Ягонымі вучнямі. Яны з нецярпеньнем чакаюць уваходу у Ерусалім Мэсіі і таму жадаюць хутчэй прайсьці міма чалавечай патрэбы.
Але ня Ісус Хрыстос, Які ведаючы Свае будучуе пакуты і сьмерць, хоча, тым ня меньш, дамагчы пакутнікам, бо Ён таму і прыйшоў, каб паслужыць ім: «І вось, двое сьляпых, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Ісус ідзе міма, пачалі крычаць: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў! А людзі змушалі іх маўчаць; але яны яшчэ галасьней закрычалі: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў! Ісус, спыніўшыся, паклікаў іх і сказаў: што вы хочаце, каб Я зрабіў вам? Яны кажуць Яму: Госпадзе! каб адкрыліся вочы нашыя. Ісус жа ўмілажаліўшыся, дакрануўся да вачэй іхніх; і адразу вочы іх пачалі бачыць, і яны пайшлі за Ім» (Мац 20:30-34).
І вось ён – Ерусалім. Спаўняецца прароцтва Захарыі і Ісус Хрыстос уваходзіць у Ерусалім на маладым асьле пры асьліцы: «Весяліся ад радасьці, дачка Сыёна: радуйся дачка Ерусаліма: вось, Валадар твой ідзе да цябе, праведны і ратавальны, лагодны, седзячы на асьліцы і на маладым асьле, сыне пад’ярэмнай» (Зах 9:9).
Асёл – гэта сымбаль беднасьці, які ўказвае на праведнага і мірнага Мэсію. Народ вітае Ісуса Хрыста як доўгачаканага Мэсію: «Мноства людзей пасьцілалі вопратку сваю на дарозе, а іншыя рэзалі вецьце з дрэў і пасьцілалі на дарозе; а люд, які ішоў сьпераду і сьледам, усклікаў: гасанна Сыну Давідаваму! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада! Гасанна ў вышынях!» (Мац 21:8-9). Народ вызнае Ісуса за Мэсію і таму ўсклікае вершам з псальмы: «Дабраславёны, хто ідзе ў імя Госпада! Дабраслаўляем вас з дома Госпада» (Пс 117:26).
Але гэтыя людзі так і не зразумелі прароцтва гэтай псальмы, як не зразумелі і сэнса Крыжа. І гэта ёсьць справа Божая, бо Ён па Сваёй волі так разьмяшчае іхнія сэрцы, каб сьведчыць такую сустрэчу Свайго Сына. Бог ня можа дазволіць, каб Ісуса Хрыста адпрэчвалі без такой сустрэчы.
Далей Ісус дзейнічае па Слову і выганяе з храма ўсіх тых, хто прадае і купляе, а найперш перакульвае сталы мянялаў, бо ўсе гэтыя людзі Богу не служылі і менавіта таму Ісус Хрыстос называе іх разбойнікамі і выганяе прэч: «І ня будзе болей ніводнага хананэя ў доме Гаспада Саваофа ў той дзень» (Зах 14:21). Такім чынам у храме застаецца толькі сапраўдная ахвяра: ахвярнае Ягня – Ісус Хрыстос.
Ісус смуткуе па Ерусаліме і кажа, што і Ён пакіне яго:«Ерусаліме, Ерусаліме, што забіваеш прарокаў і каменьнем пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крылы, і вы не схацелі! Вось, застаецца дом ваш пусты» (Мац 23:37-38).
Вы не схацелі – якая жахлівая віна, бо прабачэньне было прапанована і таму адмаўленьне гучыць як прысуд. Але, у рэшце рэшт, юдэі прызнаюць сваім Мэсіяй Таго, Каго працьцялі цьвікамі на крыжы і заклічуць да Яго: «Бо кажу вам: ня ўбачыце Мяне ад сёньня, пакуль ня ўсклікніце: “дабраславёны Той, хто ідзе ў імя Госпада!”» (Мац 23:39).
Пад час Свайго служэньня ў Юдэі, Ісусам Хрыстом было сказана большая частка прыповесьцей, бо Ён жадаў данесьці праўду да веруючых і ў той жа час схаваць яе ад няверуючых. Мы чытаем гэтыя вядомыя прыповесьці: пра пасухмянага і непаслухмянага сына; пра гаспадара дома і вінаградараў; пра валадара і вясельле сына; пра дзесяць дзеў і пра схаваны талянт. Ісус вучыць пра Валадарства Нябеснае і кажа вучням, што набліжаецца Ягоная сьмерць і ўваскрасеньне. Ён кажа вучням пра Сваё другое прышэсьце і аддзяленьне на судзе Божым веруючых і няверуючых: «І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыцьцё вечнае» (Мац 25:46).
І вось, Госпад наш Ісус Хрыстос скончыў Свае словы, цуды і ацаленьні. Ён гатовы пакутаваць, але найперш сказаць Сваё апошняе і кранальнае «бывайце» вучням на Сваёй апошняй вячэры ў гэтым сьвеце, калі Ён абвясьціў пра простае і каштоўнае, што дае нам напамін пра Ягоныя пакуты і Ягоную любоў. Але зараз Ён проста абвяшчае вучням Сваім: «Вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы выданы будзе на крыжаваньне» (Мац 26:2).
Ён прыйшоў у Віфанію за шэсьць дзён да Пасхі, як гэта пацьверджвае апостал Ян: «За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Віфанію, дзе быў Лазар памёрлы, якога Ён уваскрэсіў з мёртвых» (Ян 12:1). Ён чакаў апошняй вячэры там, каб потым былі Гефсіманскі сад і ўкрыжаваньне. Мы назіраем Яго пакору да арышту, суду і пакутаў, якія Ён павінен адчуць на Сабе, бо Ён ведаў план Айца і справу Сваёй асабістай любові.
А зараз складзем храналогію падзеяў апошніх шасьці дзён Ісуса Хрыста, пачынаючы з уваходу Яго ў Ерусалім.
Нядзеля
Трыумфальны ўезд Ісуса Хрыста ў Ерусалім (Мац 21:1-17; Мк 11:1-11; Лук 19:29-44; Ян 12:12-19): «І калі наблізіліся да Ерусаліма і прыйшлі ў Віфанію да гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў, сказаўшы ім: ідзеце ў селішча, што проста перад вамі; і адразу знойдзеце асьліцу прывязаную і маладога асла з ёю; адвязаўшы, прывядзеце да Мяне. І калі вам хто скажа што-небудзь, адказвайце, што яны патрэбныя Госпаду; і адразу пашле іх. А ўсё гэта было, каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць: “скажэце дачцэ Сыёнавай: вось, Валадар твой ідзе да цябе лагодны, седзячы на асьліцы і маладым асьле, сыне пад’ярэмнай”. Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Ісус, прывялі асьліцу і маладога асла і паклалі на іх вопратку сваю, і Ён сеў паверх яе» (Мац 21:1-7).
«І калі ўвайшоў Ён у Ерусалім, увесь горад узрушыўся і пыталіся і казалі: хто гэта? А люд казаў: Гэта Ісус, прарок з Назарэта Галілейскага» (Мац 21:10-11).
Панядзелак
Пракляцьце смакоўніцы (Мац 21:18-22; Мк 11:12-14): «А раніцай, вяртаючыся ў горад, схацеў есьці. І ўгледзеўшы пры дарозе адну смакоўніцу, падышоў да яе і, нічога не знайшоўшы, акрамя толькі лісьця, кажа ёй: хай ня будзе больш ад цябе плоду вавек. І адразу ўсохла смакоўніца. Убачыўшы гэта, вучні зьдзівіліся і казалі: як гэта адразу ўсохла смакоўніца? А Ісус сказаў ім у адказ: праўду кажу вам: калі будзеце мець веру і не спаняверыцеся, ня толькі зробіце тое, што зроблена са смакоўніцай, але, калі і гары гэтай скажаце: “падыміся і кінься ў мора”, - будзе і ўсё, што не папросіце ў малітве з вераю, атрымаеце» (Мац 21:18-22).
Ачышчэньне храма (Мац 21:12-13; Мк 11:15-18; Лук 19:45-48): «І ўвайшоў Ісусу храм Божы і выгнаў усіх тых, што прадавалі і куплялі ў храме, і сталы мяняйлаў перакуліў і ўслоны прадаўцоў галубоў, і сказаў ім: напісана: “дом Мой домам малітвы назавецца”; а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў» (Мац 21:12-13).
Аўторак
Размовы з рэлігійнымі лідарамі юдэяў (Мац 21:23-27; Мк 11:27-12:40; Лук 20:1-47): «І калі прыйшоў Ён у храм і вучыў, падступіліся да Яго першасьвятары і старэйшыны народу і сказалі: якой уладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў такую ўладу? Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно; калі пра тое скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю. Хрышчэньне Янава адкуль было: з нябёсаў, ці ад людзей? яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам: “з нябёсаў”, дык Ён скажа нам: “чаму ж вы не паверылі яму?”, а калі скажам: “ад людзей”, - баімся народу, бо ўсе ўважаюць Яна за прарока. І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Сказаў ім і Ён: і Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю» (Мац 21:23-27).
Прамова на Аліўнай гары (Мац 24:1-25:46; Мк 13:1-37; Лук 21:5-36): «І выйшаўшы, Ісус ішоў ад храма. І прыступілі вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будынкі храма. Ён жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта? Праўду кажу вам: не застанецца тут каменя на камені; усё будзе разбурана. Калі ж сядзеў Ён на гары Аліўнай, дык прыступілі да Яго вучні асобна, кажучы: скажы нам, калі гэта будзе? і якая азнака Твайго прыходу і сканчэньня веку? І ў адказ Ісус сказаў ім: глядзеце, каб хто вас ня ўвёў у зман; бо многія прыйдуць пад імем Маім і будуць казаць: “я Хрыстос”, - і многіх ўвядуць у зман. Таксама пачуеце пра войны і ваенныя чуткі. Глядзеце, ня жахайцеся; бо павіннна ўсё тое быць. Але гэта яшчэ не канец: бо паўстане народ на народ і валадарства на валадарства; і будзе голад і пошасьці, і землятрусы месцамі. А ўсё гэта – болесны пачатак. Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас; і вы будзеце зьненавіджаныя ўсімі народамі за імя Маё. І тады спакусяцца многія; і адзін аднаго будуць выдаваць, і зьненавідзяць адзін аднаго; і многія ілжэпрарокі паўстануць і ўвядуць у зман многіх; і ад памнажэньня беззаконьня ахалоне любоў у многіх; а хто выцерпіць да канца, уратуецца. І абвешчана будзе гэтае Дабравесьце Валадарства па ўсім сьвеце, на сьведчаньне ўсім народам і тады прыйдзе канец» (Мац 24:1-14).
Здрада Юды Іскарыёта (Мац 26:14-16; Мк 14:10-11; Лук 22:3-64): Тады адзін з дванаццаці, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасьвятароў і сказаў: што вы дасьце мне, і я вам выдам Яго? Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў; і з таго часу ён шукаў зручнай нагоды выдаць Яго» (Мац 26:14-16).
Серада
Не запісаныя падзеі пад час знаходжаньня Ісуса Хрыста ў Віфаніі.
Чацьвер
Апошняя вячэра Ісуса Хрыста (Мац 26:17-29; Мк 14:12-25; Лук 22:7-20; Ян 13:1): «У першы дзень праснакоў прыступілі вучні да Ісуса і сказалі Яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есьці пасху? Ён жа кажа: ідзеце ў горад да такога і такога і скажэце яму: “Настаўнік кажа: час Мой блізкі, у цябе ўчыню пасху з вучнямі Маімі”. І зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус, і прыгатавалі пасху. Калі ж зьвячарэла, Ён лёг з дванаццацьцю вучнямі; І калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне. Яны вельмі засмуціліся і пачалі казаць Яму, кожны з іх: ці ня я, Госпадзе? А Ён сказаў у адказ: хто апусьціў са Мною руку ў місу, той выдасьць Мяне; зрэшты, Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б чалавеку гэтаму не радзіцца. У адказ жа Юда, які выдаў Яго, сказаў: ці ня я, Равьві? Ісус кажа яму: ты сказаў. А калі яны елі: Ісус узяўшы хлеб і дабраславіўшы, паламаў і, раздаючы вучням, сказаў: прымеце, ежце: гэта цела Маё. І ўзяўшы чару, і падзякаваўшы, падаў ім і сказаў: пейце з яе ўсе; бо гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная дзеля дараваньня грахоў. Кажу ж вам, што ад сёньня ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Валадарстве Айца Майго» (Мац 26:17-29).
Чацьвер-Пятніца
У Гефсіманскім садзе (Мац 26:30-46; Мк 14:26-42; Лук 22:39-46): «І ўзяўшы Пятра і абодвух сыноў Зэбядэевых, пачаў смуткаваць і журыцца. Тады кажа ім Ісус: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце са Мною. І адышоўшы крыху, упаў на аблічча Сваё, маліўся і казаў: Ойча Мой! калі магчыма, хай абміне Мяне чара гэтая: але не як Я хачу, а як Ты. І прыходзіць да вучняў і застае, што яны сьпяць, і кажа Пятру: ці так не змаглі вы адну гадзіну чуваць са Мною? чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе: дух бадзёры, а цела нядужае. Яшчэ, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: Ойча Мой! калі ня можа чара гэтая абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яе, хай будзе воля Твая. І прыйшоўшы, застаў, што зноў яны сьпяць, бо ў іх вочы ацяжэлі. І пакінуўшы іх, адышоў і памаліўся трэці раз, тое самае сказаўшы. Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсё яшчэ сьпіце і спачываеце; вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы аддаецца ў рукі грэшнікаў; устаньце, хадзем: вось, наблізіўся той, хто прадае Мяне» (Мац 26:30-46).
Пятніца
Арышт Ісуса Хрыста (Мац 26:47-56; Мк 14:43-52; Лук 22:47-53; Ян 18:2-12): «І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Юда, адзін з дванаццаці, прыйшоў, і з ім мноства людзей з мечамі і каламі, ад першасьвятароў і старэйшын народных. А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсьць, вазьмеце Яго. І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: радуйся, Равьві! і пацалаваў Яго. Ісус жа сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлі і паклалі рукі на Ісуса, і ўзялі Яго» (Мац 26:47-50).
Суды над Ісусам Хрыстом (Мац 26:57-27:26; Мк 14:53-15:15; Лук 22:42-23:25; Ян 18:13-19:16): «Кажа ім Пілат: што ж мне рабіць з Ісусам, Якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: хай будзе ўкрыжаваны! А намесьнік сказаў: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней крычалі: хай будзе ўкрыжаваны! Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а неспакой расьце, узяў вады і ўмыў рукі перад людзьмі, кажучы: невінаваты я ў крыві Праведніка Гэтага; глядзеце самі. І адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых» (Мац 27:22-25).
Укрыжаваньне Ісуса Хрыста (Мац 27:27-56; Мк 15:16-41; Лук 23:26-49; Ян 19:17-30): «Ад шостай жа гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятай, а калі дзявятай гадзіны ўскрыкнуў Ісус моцным голасам, кажучы: Ілі, Ілі! лама савахвані? Што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў? Некаторыя, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: Ільлю кліча Ён. І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў у воцат і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць; а другія казалі: пастой, пабачым, ці прыйдзе Ільля ўратаваць Яго. А Ісус, зноў ускрыкнуўшы моцным голасам, выпусьціў дух. І вось, завеса храма разадралася напалам, зьверху данізу; і зямля здрыганулася: і каменьне раскалолася; і магілы расчыніліся; і многія целы памерлых паўсталі; і выйшаўшы з магілаў пасьля ўваскрэсеньня Ягонага, увайшлі ў сьвяты горад і явіліся многім. А сотнік і тыя, што з ім вартавалі Ісуса, бачачы землятрус і ўсё, што адбывалася, перапалохаліся вельмі і казалі: сапраўды Ён быў Сын Божы» (Мац 27:45-54).
Пахаваньне Ісуса Хрыста (Мац 27:57-66; Мк 15:42-45; Лук 23:50-56; Ян 19:31-38): «Калі ж зьвечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, імем Язэп, які таксама вучыўся ў Ісуса; ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў Цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць Цела. І ўзяўшы Цела, Язэп абгарнуў Яго чыстым палатном і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую высек у скале; і прываліўшы вялікі камень да дзявярэй магілы, адыйшоў» (Мац 27:57-60).
• Уваскрэсеньне Ісуса Хрыста (28:1-20).
•
Адпрэчаньне юдэямі Ісуса Хрыста скончылася арыштам, катаваньнем і ўкрыжаваньнем. Ягонае зямное служэньне скончылася так, што падавалася доказам таго, што Ён ня быў Мэсіей. Але Мацьвей кажа, што сама сьмерцьХрыста стала спаўненьнем прароцтва, бо казаў прарок тое, што і здарылася: «Тыя, што і ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя» (Мац 27:35).
Да таго ж разадралася напалам завеса ў храме і гэта было знакам таго, што сьмерць Ісуса Хрыста зьявілася дасканалай ахвяраю за грэшнікаў і таму, болей не патрэбна было прыносіць старазапаветныя ахвяры, якія прадвяшчалі прынясеньне іншай ахвяры.
Тут, трэба асобна адзначыць тое, што не ўваскрасеньне, а сьмерць Ісуса Хрыста разадрала завесу храма. І не Ягонае ўваскрасеньне расчыніла труны, яле Ягоны Крыж даў магчымасьць Ягоным сьвятым уваскрэснуць разам з Ім. Па сутнасьці, мы ніколі не пазнаем усю каштоўнасьць сьмерці Ісуса Хрыста, пакуль не паглядзем на яе, як на прычыну ўваскрасеньня. Ці не таму мы пераламляем хлеб, каб падкрэсьліць тым не ўваскрасеньне, але сьмерць Госпада за нас?
І ў той жа час мы памятаем пра сьмерць Госпада ня ў дзень сьмерці, а ў дзень уваскрэсаньня. Мы бачым, што наш Госпад споўніў прароцтва Ісаі пра тое, што Ён будзе пахаваны багатым чалавекам. І Ён уваскрос, як і казаў і даў нам Сваё настаўленьне: «Дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі: дык ідзеце і навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа, вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаваў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку. Амэн (Мац 28:18-20).
Свидетельство о публикации №226050600848