Евангелие от Марка
«І было ў тыя дні, прыйшоў Ісус з Назарэта
Галілейскага і хрысьціўся ў Яна ў Ярдане. І калі
выходзіў з вады, убачыў адразу Ян, як адчыніліся
нябёсы, і Духа, як голуба, Які сыходзіў на Яго. І
голас быў з нябёсаў: “Ты Сын Мой Любасны, Якога
Я ўпадабаў”» (Мар 1:9-11).
Эвангельле паводле Марка – самае раньняе з усіх эвангельскіх апавяданьняў. Яго напісаў Ян Марк, які жыў у Ерусаліме разам са сваёй маці Марыяй: «І агледзеўшыся, прыйшоў да дома Марыі, маці Яна, якога звалі Маркам, дзе многія сабраліся і маліліся» (Дзеі 12:12).
Дасьледчыкі датуюць час напісаньня Эвангельля паміж 40 і 60 годам па Р.Х., прызнаючы, што Мацьвей і Лука ведалі зьмест Эвангельля паводле Марка, калі складалі свае апавяданьні. Менавіта Марк стварыў тую эвангельскую форму апавяданьня, якой, у большасьці, прытрымліваліся і яны. І таму многія падзеі, якія апісаў Марк, сустракаюцца таксама ў Мацьвея і Лукі. Марк складае сваё Эвангельле ў вельмі дакладнай адпаведнасьці з геаграфічнымі абставінамі, якія былі пад час гэтых падзеяў.
Калі казаць пра самога Марка, дык можна вызначыць некалькі момантаў ягонага асабістага жыцьця. Кажуць, што гэта пра сябе казаў Марк, калі апісваў гісторыю арышту Ісуса Хрыста ў Гефсіманскім садзе: «Тады, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі. Адзін хлопец, захінуўшыся па голым целе пакрывалам, ішоў сьледам за Ім; воіны схапілі яго. Але ён, пакінуўшы пакрывала, голы ўцёк ад іх» (Мар 14:50-52).
Сьцьвярджаюць таксама і тое, што менавіта Марк быў крыніцай разладу паміж Варнавай і Паўлам: «Вітае вас Арыстарх, увязьнены разам са мною, і Марк, пляменьнік Барнабаў, - пра якога вы атрымалі наказы: як прыйдзе да вас, прымеце яго» (Кал 4:10). Лука распавядае пра гэты разлад: «Пры пэўным часе Павал сказаў Барнабу: хадзем зноў, наведаем братоў нашых ва ўсіх гарадах, у якіх мы прапаведавалі слова Гасподняе, як яны жывуць. Барнаба хацеў узяць з сабою Яна, якога звалі Маркам, але Павал разважыў ня браць з сабою таго, хто адстаў ад іх у Памфіліі і не пайшоў з імі на дзею, на якую яны былі пасланыя. Адгэтуль і сталася крыўда, так што яны разлучыліся адзін з адным; і Барнаба, узяўшы Марка, адплыў на Кіпр» (Дзеі 15:36-39).
Трэба да гэтага дадаць, што Марк быў пляменьнікам Варнавы, але прыйшоў да Хрыста праз Пятра. Марк меў вельмі добрыя адносіны з апосталам Пятром, які называў яго сынам: «Вітае вас выбраная, падобна вам, царква ў Бабілоне і Марк, сын мой» (1 Пят 5:13). І таму многія лічаць, што Эвангельле паводле Марка грунтуецца на той інфармацыі, якую Марк атрымаў ад Пятра.
Мэта напісаньня і асаблівасьць Эвангельля ў тым, што Марк, у першую чаргу, вылучае «справы» Ісуса Хрыста, бо пропаведзі і вучэньні Хрыста займаюць нашмат меньш месца, чым гэта дадзена ў іншых Эвангельлях. Марк паказвае Ісуса Хрыста як Слугу. Наогул, кожнае Эвангельле падкрэсьлівае ў Ісусе Хрысьце нешта сваё, каб мы маглі бачыць Хрыста з усіх чатырох бакоў. Мацьвей паказавае Ісуса як Валадара, Лука – як Сына Чалавечага, а Ян – як Сына Божага. Марк жа кажа наступнае: «Бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх» (Мар 10:45). Карацей кажучы Мацьвей апісаў валадарскую веліч, Лука – чалавечую прыроду, Ян – любоў, а Марк – пакору Ісуса Хрыста.
Марк паказвае нам жыцьцё Ісуса Хрыста ня як проста гісторык, але як чалавек веры, які бачыць у Ісусе Сына Божага і жадае абудзіць і ўмацаваць у чытача веру ў Яго. Зьвярнем увагу на тое, што Марк піша проста і даступна, што адбіваецца на скарочанасьці Эвангельля. Але, трэба дадаць і тое, што некаторыя эпізоды апісаны даволі падрабязна. І гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што гэтыя падрабязнасьці пачэпнуты ў апостала Пятра. Заўважым яшчэ і тое, што шэраг лацінскіх словаў, якія сустракаюцца ў тэксьце, паказваюць пра магчымае напісаньне Эвангельля ў Рыме, прычым да разбурэньня Ерусаліма.
Эвангельле паводле Марка, як і Мацьвея, можна падзяліць на чатыры часткі: уводзіны (1:1-13); служэньне Ісуса Хрыста ў Галілеі (1:14-9:50); Божая ахвяра ў Ерусаліме (10:1-15:47); заключная частка (16:1-20).
• Уводзіны (1:1-13).
Марк даволі сьцісла насычае гэтую частку Эвангельля апісаньнем служэньня Яна Хрысьціцеля, хростам Ісуса Хрыста і Ягонага спакушэньня ў пустыне.
Марк адкрывае сваё Эвангельле прароцтвам Старога Запавета адносна Яна: «Як напісана ў прарокаў: “Вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, і ён падрыхтуе шлях Твой перад Табою”. “Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шляхГоспаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму”» (Мар 1:2-3).
Служэньне Яна Хрысьціцеля заключана ў тым, што ён абвяшчае пачатак Эвангельля Ісуса Хрыста і, тым самым, пачатак часу ласкі Божай. Ян, які адрозьніваецца ад звычайных людзей, жывучы па за чалавечага грамадзтва, абвяшчае пра іншага, Мацнейшага за яго і ў Каго ён не дастойны развязаць нават рамень Ягонага абутку: «І прапаведаваў кажучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я ня варты, нахіліўшыся, развязаць рамень абутку Ягонага; я хрысьціў вас вадою, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым» (Мар 1:7-8). Менавіта з гэтага моманту і пачынае Эвангельле паводле Марка распавядаць нам пра служэньне Ісуса Хрыста.
Ісус займае Сваё месца сярод тых, хто пакаяўся і прыняў хрост ад Яна. Ён прымае Сьвятога Духа ў відавочным выглядзе голуба. Бог вызнае Яго Сваім Сынам на зямлі: «І голас быў з нябёсаў: “Ты Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў”» (Мар 1:11). І гэта ня ёсьць сэнтыментальнасьць Айца ў адносінах да Сына, але поўнае ўзгадненьне таго, што Ісус пачынае рабіць дзеля нашчадкаў Адама і Евы. Бог пацьверджвае тое, што папярэдняе жыцьцё Ісуса ў Бэтлееме, Егіпце і Назарэце – бездакорнае і што Ён не нясе на Сабе пячаткі сьмяротнага грэху Адама і Евы. Такім чынам, сьведчаньне Ісуса Хрыста было ідэяльным і таму мы павінны ведаць, што Сын Божы, пры Сваім хросьце, быў адзначаны Божай пячаткай сьвятасьці і праведнасьці.
«І адразу пасьля гэтага Дух вядзе Яго ў пустыню. І быў Ён там ў пустыні сорак дзён, спакушаны д’яблам, і быў са зьвярамі; і анёлы слугавалі Яму» (Мар 1:12-13). Сьвяты Дух пасылае Ісуса ў пустыню для процістаяньня з д’яблам, які прывёў Адама і Еву да грэхападзеньня і ў выніку чаго грэх упаў на ўвесь чалавечы род. Ісус Хрыстос быў адзін і нікому з людзей не было дадзена дапамагчы Яму. Дзікія зьверы не былі Яму духоўным падмацаваньнем. І таму Ён змагаўся ў гэтай бітве за ўсіх людзей гэтага сьвету.
Барацьба Ісуса - гэта цяжкая барацьба, бо працягвалася сорак дзён. І гэта зусім непадобна на сорак дзён Майсея, які быў з Богам: «І ўвайшоў Майсей у сярэдзіну воблака, і ўзышоў нагару; і быў Майсей на гары сорак дзён і сорак ночаў» (Вых 24:18). Гэта непадобна таксама на сорак дзён Ільлі, які ійшоў на гару Харыў, падтрымліваемы ежаю ад Госпада: «І ўстаў ён, паеў і напіўся, і падсілкаваўшыся тою ежаю, ішоў сорак дзён і сорак начэй да гары Божай Харыва» (3 Вал 19:8). Для Ісуса Хрыста гэты былі сорак дзён бесьперапынных выпрабаваньняў. Заўважым, што Мацьвей і Лука кажуць пра тры асобныя спробы д’яьбла спакусіць Ісуса. Але Марк проста процістаўляе непрыяцеляў – Ісуса Хрыста і д’ябла.
Ісус перамог у гэтым процістаяньні і таму Ён пакідае поле бітвы падгатаваным для сустрэчы з любым ворагам. Ягоныя паўнамоцтвы пацьверджаныя Айцом. Ён прыняты Янам; Ён прыняты Айцом і дабраславёны Сьвятым Духам; Ён сустракае і скрышвае д’ябла. І вось такім чынам Ён пачынае Сваё служэньне. Чытаючы Эвангельле паводле Марка, мы ўбачым справы Хрыста, пачуем Ягоныя Словы і набудзем радасьць Эвангельля Ісуса Хрыста, Сына Божага.
• Служэньне Ісуса Хрыста ў Галілеі (1:14-9:50).
Марк пачынае апавяданьне пра грамадзкае служэньне Ісуса Хрыста з таго, што абвяшчае пропаведзь Хрыста пра набліжэньне Валадарства Божага: «А пасьля таго, як выдадзены быў Ян, прыйшоў Ісус у Галілею, прапаведуючы Дабравесьце Валадарства Божага, і кажучы, што прыйшоў час і наблізілася Валадарства Божае: пакайцеся і веруйце ў Дабравесьце» (Мар 1:14-15).
Вызначым вельмі важныя словы Хрыста «прыйшоў час», бо гэта азначае, што гэты час вызначаны Госпадам для таго, каб выканаць Ягоныя абяцаньні пра адкупленьне. І калі Ісус кажа пра набліжэньне Валадарства Божага, дык гэта азначае, што гэтае Валадарства прыйшло да нас у асобе Ісуса Хрыста. Заклік Хрыста «пакайцеся і веруйце» кажа нам, што людзям неабходна зьмяніць свае адносіны да грэху і парваўшы з ім цалкам падпарадкаваць сваё жыцьцё Госпаду.
Ісус Хрыстос добра ведаў час Свайго служэньня на зямлі. Ён ведаў, што, калі праца адкупленьня будзе завершана, дык Ён вернецца да Айца ў нябёсы і таму Ён зьбірае групоўку вучняў, каб навучыць іх сьведчаньню пра Яго па ўсёй зямлі: «А вы прымеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне за сьведкаў у Ерусаліме і ва ўсёй Юдэі і Самрыі і нават па край зямлі» (Дзеі 1:8). Сымону Пятру і Андрэю Ён кажа: «Ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей» (Мар 1:17).
Сам Мэсія выбірае Сабе вучняў для вялікай справы, каб быць ім апосталамі: «Потым узышоў на гару і паклікаў да Сябе, каго Сам хацеў; і пайшлі да Яго. І паставіў дванадцацёх, каб з Ім былі і каб пасылаць іх зьвеставаць, і каб мелі яны ўладу ацаляць ад хваробаў і выганяць дэманаў: паставіў Сымона, даўшы яму імя Пётр; Якуба Зэбядэевага і Яна, брата Якубавага, даўшы ім імёны Воанергес, гэта азначае, “сыны громавыя”; Андрэя, Піліпа, Барталамея, Мацьвея, Тамаша, Якуба Алфеевага, Тадэвуша, Сымона Кананіта і Юду Іскарыёта, які і выдаў Яго» (Мар 3:13-19).
Марк піша пра пакліканьне апосталаў, але гэта не азначае, што колькасьць вучняў Хрыста на той час гэтым і абмяжоўвалася. Згодна Эвангельля паводле Лукі, іх было нашмат болей: «Пасьля гэтага выбраў Госпад і іншых вучняў, і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і мясьціну, куды Сам хацеў ісьці, і сказаў ім: Жніва многа, а работнікаў мала; дык вось малеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё»; «Семдзесят вучняў вярнуліся з радасьцю і казалі: Госпадзе! і дэманы слухаюцца нас у імя Тваё» (Лук 10:1-2; 17).
Зьвернем увагу на тое, што Пётр Сымон, пры пераліку апосталаў, стаіць на першым месцы, ад пачатку як прадстаўнік апостальскай групоўкі. Гэта, як і іншыя падрабязнасьці дзейнасьці Ісуса Хрыста, Марк безумоўна чэрпаў ад самога Пятра, з якім быў у вельмі цеснай сувязі.
«І прыходзяць у Капернаум; і неўзабаве ў суботу ўвайшоў Ён у сынагогу і вучыў. І зьдзіўляліся з вучэньня Ягонага, бо Ён вучыў іх як той, хто ўладу мае, а не як кніжнікі. У сынагозе іхняй быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і закрычыў: кінь, што Табе да нас, Ісусе Назаранін? Ты прыйшоў пагубіць нас! ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы. Але Ісус загразіў яму, кажучы: змоўкні і выйдзі з яго. Тады дух нячысты, скалануўшы яго і закрычыўшы зычным голасам, выйшаў з яго. І жахнуліся ўсе, і пыталіся адзін у аднога: што гэта? Што гэта за вучэньне новае, што Ён і духам нячыстым загадвае і яны слухаюцца Яго. І хутка разышлася пра Яго пагалоска па ўсіх землях вакол Галілеі» (Мар 1:21-28).
Марк ня кажа пра тое, што казаў Ісус у пропаведзі, але паказавае нам тое ўражаньне, якое атрымалі тыя, хто слухаў Ісуса Хрыста, бо Ён вучыў ня так, як кніжнікі, якія абмяжоўваліся цытаваньнем тлумачэньняў папярэдніх служыцеляў. Але Ісус ня цытаваў чалавека. Замест гэтага Ён прапаведаваў Эвангельле Госпада і дабравесьціў Сваёй асабістай уладаю. Гэта быў той першы ўрок для Сваіх вучняў, якія павінны былі зразумець, што ў Ісусе Хрысьце яны сустрэлі Вярхоўную ўладу. Гэта ж тычыцца і кожнага з нас, бо Ісус Хрыстос нашмат больш, чым мудры настаўнік ці прыклад для добрых паводзінаў. Ён Той, Хто словам і справамі нясе любоў Бога да грэшнікаў, якую мы ніяк не заслугоўваем.
Д’ябал, атрымаўшы паразу ў пустыне, не пакідае Ісуса Хрыста і Ягоную пропаведзь. Чалавекам ён крычыць да Ісуса, але сьведчаньне нячыстага духа не прымаецца Хрыстом і таму ад Яго ідзе загад: «Змоўкні і выйдзі з яго». Просты загад – ніякіх складаных загавораў – і нячысты дух вымушаны падпарадкавацца. Вучні Хрыста і ўсе людзі, што былі ў сынагозе зразумелі, што Ісус Хрыстос казаў па праву Госпада.
Ісус і Ягоныя вучні прымаюць запрашэньне ад Пятра, каб падсілкавацца і адпачнуць у ягоным доме. Але, не да адпачынку Ісусу Хрысту, бо трэба клапаціцца пра блізкіх Яму людзей. Ён ацаляе цешчу Пятра, а потым яшчэ многіх, якія прыйшлі да дому Пятра: «І ўвесь горад сабраўся да дзьвярэй. І Ён ацаліў многіх, што цярпелі ад розных хваробаў; выгнаў шмат дэманаў і не дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос» (Мар 1:33-34).
Пасьля ранішняй малітвы Ісус кажа вучням, што Ён павінен ісьці ў селішчы і гарады, каб зьвеставаць там: «Ён кажа ім: хадзем у бліжэйшыя селішчы і гарады, каб Мне і там зьвеставаць, бо Я на тое і прыйшоў. І Ён зьвеставаў у сынагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў дэманаў» (Мар 1:38-39).
Марк апісвае неаднаразовыя выпадкі, калі Ісус Хрыстос паказвае Сваю ўладу над прыродай: «І паднялася вялікая бура; хвалі білі ў лодку, так што яна напаўнялася ўжо вадою. А Ён спаў на карме на ўзгалоўі. Яго будзяць і кажуць Яму: Настаўнік! няўжо Табе ня рупіць, што мы гінем? І ўстаўшы, Ён загразіў ветру і сказаў мору: суйміся, перастань. І вецер аціх, і зрабілася вялікая ціша. І сказаў ім: чаго вы такія палахлівыя? чаму ў вас няма веры? І ўбаяліся страхам вялікім і гаварылі паміж сабою: хто ж гэта, што і вецер і мора слухаюцца Яго» (Мар 4:37-41).
Але ня толькі нячыстыя духі і прырода падпарадкоўваліся Ісусу. Сама сьмерць адступала ад Ягоных загадаў: «І ўвайшоўшы, кажа ім: чаго сумеліся і плачаце? дзяўчына не памерла, а сьпіць. І сьмяяліся з Яго. Але Ён, выслаўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку і маці дзяўчыны і тых, што былі з Ім, і ўваходзіць туды, дзе дзяўчына ляжала. І ўзяўшы дзяўчыну за руку, кажа ёй: таліфа-кумі, што азначае: “Дзяўчына, табе кажу, устань”. І дзяўчына адразу ўстала і пачала хадзіць, бо была гадоў дванаццаці. І вялікаму дзіву даліся» (Мар 5:39-42).
Служэньне Ісуса Хрыста ў Галілеі адзначана таксама і спрэчкамі з рэлігійнымі лідарамі за Ягонае права дараваць грахі і выконваць справы ацаленьня у суботу: «І ўвайшоў зноў у сынагогу; там быў чалавек з высахлаю рукою. І сачылі за Ім, ці не ацаліць яго ў суботу, каб зьвінаваціць Яго. А Ён кажа чалавеку з сухою рукою: стань пасярэдзіне. А ім кажа: ці належыць у суботу дабро чыніць, альбо зло чыніць? душу ўратаваць, альбо загубіць? Але яны маўчалі. І з гневам на іх паглядзеўшы, смуткуючы па ачарственьню сэрцаў іхніх, кажа таму чалавеку: працягні руку тваю. Той працягнуў, і стала рука ягоная здаровая, як другая» (Мар 3:1-5).
Марк, у сваім Эвангельлі, дастаткова месца адводзіць прыповесьцям Ісуса Хрыста. Большасьць прыповесьцяў, якія казаў Ісус паўтараюцца ў іншых Эвангельлях, але мы прыпынімся на адной ь іх, якую мы можам прачытаць толькі ў Марка, - «Пра ўзыходзячае зерне»: «І сказаў: Валадарства Божае падобнае на тое, як калі чалавек кіне насеньне ў зямлю, і сьпіць, і ўстае ноччу і днём, і як насеньне ўзыходзіць і расьце, ня ведае ён; бо зямля сама сабою родзіць спачатку зеляніну, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе; калі ж высьпее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво» (Мар 4:26-29).
Калі Ісус Хрыстос кажа пра Валадарства Божае, дык гэта зьвязваецца з вобразам зерня ці Эвангельля, што вядзе да веры ў Ісуса Хрыста. Ісус кажа пра сілу і сапраўднасьць Дабравесьця. Усё, што неабходна рабіць – гэта сеяць зерне, гэта значыць прапаведаваць Слова. Земляроб сее зерне, але ён ня ведае, як яно ўзыходзіць. Сіла – у самым зярне. Таксама і з Эвангельлем. Слова пасеяна, узыходзіць, расьце, сьпее, а потым настае час жніва. Пра тое сказана ў Ісаі: «Як дождж і сьнег зыходзяць з неба і туды не вяртаюцца, а напойваюць зямлю і робяць яе здольную радзіць і вырошчваць, каб яна давала насеньне таму, хто сее, і таму, хто есьць, так і слова Маё, якое зыходзіць з вуснаў Маіх, - яно не вяртаецца да Мяне марным, а выконвае тое, што Мне заўгодна, і зьдзяйсьняе тое, на што Я паслаў яго» (Іс 55:10-11).
Разуменьне жніва – гэта разуменьне Божага суда, які будзе для кожнага свой. Але ўраджай гатуецца пры жыцьці дзяцей Божых, у чыіх сэрцах Слова Божае ўкаранілася і ўзрасло і чыю веру Бог выкарыстоўвае, каб данесьці Слова да ўсіх іншых. Жніво – гэта справа Божая і ніяк не чалавечая, бо чалавек грэшны па прыродзе і таму адкідае Божую ласку. І толькі Бог можа пераадоліць нашую ўпартасьць і прывесьці нас да веры. Што ж тычыцца нас, дык мы толькі прапаведуем і тлумачым Слова, а ўсё астатняе робіць Яно самастойна.
• Божая ахвяра ў Ерусаліме (10:1-15:47).
«Выправіўшыся адтуль, прыходзіць у межы Юдэйскія за Ярданам. Зноў зьбіраюцца да Яго людзі; і паводле звычаю Свайго, Ён зноў вучыць іх» (Мар 10:1).
Гэта ёсьць паваротны момант Эвангельля паводле Марка. Ісус Хрыстос ідзе ў Ерусалім, каб прынесьці Божую ахвяру за грэх сьвету. Ісус прайшоў праз Самарыю і ўвайшоў у Юдэю. Набліжаўся час крыжовых пакутаў. Ісус раней казаў вучням пра Сваю будучую сьмерць і вось зараз, ідучы ў Ерусалім, Ён ведаў пра Сваё ўкрыжаваньне.
Але Ён працягвае вучыць народ, Ён адказвае багатаму юнаку і ацаляе сьляпога Варцімея: «Пачуўшы, што гэта Ісус Назарэй, ён пачаў крычаць і казаць: Ісусе, Сыне Давідаў! памілуй мяне. Многія змушалі яго замоўкнуць; але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў! памілуй мяне. Ісус спыніўся і загадаў паклікаць яго. Клічуць сьляпога і кажуць яму: ня бойся, ўставай, кліча цябе. Ён скінуў з сябе верхнюю вопратку, устаў і прыйшоў да Ісуса. Адказваючы, Ісус спытаўся: чаго ты хочаш ад Мяне? Сьляпы сказаў Яму: Настаўнік, каб зноў бачыць. Ісус сказаў яму: ідзі, вера твая ўратавала цябе. І той адразу пачаў бачыць і пайшоў за Ісусам па дарозе» (Мар 10:47-52).
Вучэньне Ісуса, якое апісвае Марк у гэтай частцы Эвангельля дае нам галоўную думку пра пакорнае служэньне. Калі Якуб і Ян запыталі Ісуса Хрыста пра тое, каб сесьці разам з Ім у славе Ягонай праваруч і леваруч Яго, дык Ён кажа ім пра тое, што першынства ў Ягоным Валадарстве дасягаецца праз служэньне ў пакоры: «А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў ім: вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца князямі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іхнія ўладараць над імі; але ня так будзе паміж вамі: а хто хоча быць большым між вамі, хай будзе вам слугою; і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе ўсім рабом; бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх» (Мар 10:42-45).
Вялікія на зямлі валадараць. Вялікія ў Валадарстве Божым служаць адзін адному і ў гэтым іхні веліч. Ісус кажа, што Ён прыйшоў паслужыць і аддаць Сваё жыцьцё за многіх і мы бачым, што Ягоная сьмерць, хаця і выглятала гвалтоўнай, але была ў той жа час дабраахвотнай ахвяраю, якую Ён прынёс за ўсіх нас.
І вось, Ісус Хрыстос урачыста ўваходзіць у Ерусалім: «А многія пасьцілалі адзеньне сваё на дарозе, а іншыя рэзалі вецьце з дрэваў і пасьцілалі на дарозе. І тыя, што ішлі паперадзе і сьледам, усклікалі: гасанна! дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада! дабраславёнае валадарства айца нашага Давіда, што ідзе ў імя Гаспада! гасанна ў вышынях» (Мар 11:8-10). Мы бачым трыумфальную працэсію ўваходу Хрыста, але людзі ня ведалі, што сапраўдны трыумф будзе крыху пазьней, калі Ён, на Крыжы, пераможа сьмерць і грэх.
Вечарам гэтага дня Ісус, разам з апосталамі выйшаў, з Ерусаліма ў Віфанію, а ранкам наступнага дня яны вярталіся ў Ерусалім, каб прапаведаваць у храме. І тут пачынаюцца падзеі, на якіх варта засяродзіць сваю ўвагу: «На другі дзень, калі яны выйшлі зь Віфаніі, Ён схацеў есьці; і, угледзеўшы здалёку смакоўніцу, пакрытую лісьцем, пайшоў, ці ня знойдзе чаго на ёй; але, падышоўшы да яе, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо яшчэ ня час быў выбіраць смоквы. І сказаў ёй Ісус: ад сёньня хай ніхто з цябе ня есьць плоду вавек. І чулі гэта вучні Ягоныя» (Мар 11:12-14).
Аўтар гэтых радкоў даволі працяглы час ня мог зразумець віны гэтага дрэва перад Ісусам Хрыстом. Ці яно атрымала праклён і потым засохла ў якасьці прыклада сілы Ісуса над прыродай, ці гэта ад таго, што Ісус схацеў есьці, але нічога не знайшоў на смокве? Бог кажа, што ня трэба адчайвацца ад таго, што ты нешта не зразумеў у Пісаньні, бо калі Ён бачыць твае пошукі, дык абавязкова адкрые табе тое, што было незразумела і тым самым праславіць Сябе.
Дык вось, гэта не была помста Хрыста, але гэта быў прыклад для вучняў. Справа ў тым, што смакоўніца мае такую асаблівасьць, згодна якой лісьце гэтага дрэва пачынаюць расьці толькі пасьля завязваньня першых смокваў. Калі ж смоква, маючая лісьце, ня мае пладоў, дык гэта кажа пра яе бясьплоднасьць, а значыць і нікчэмнасьць. Тым больш, што час зьбіраньня смокваў яшчэ не настаў. Дрэва ня выканала сваё абяцаньне і прызначэньне, а таму заслугоўвала праклёну.
Словы Хрыста здаюцца жорсткімі, але гэта быў прыклад таго, што вучні павінны былі ўбачыць у храме, бо храм Ерусаліма стаў падобны на гэтае дрэва, дзе ёсьць лісьце, але няма плоду. Ачышчэньнем храма Ісус зьвярнуў увагу на тое, што сьвятары і Сынедрыён спаганілі Дом Божы, бо зрабілі на месцы малітвы паганаў гандлёвыя рады і запамяталі напісанае ў Слове Божым: «І сыноў іншапляменцаў, якія далучыліся да Госпада, каб служыць Яму і любіць імя Госпада, быць рабамі Яго, - усіх, хто захоўвае суботы ад апаганьваньня і цьвёрда трымаецца запавету Майго, Я прывяду на сьвятую гару Маю і парадую іх у Маім доме малітвы; цэласпаленьні іхнія і ахвяры іхнія будуць на ахвярніку Маім, бо дом Мой называецца домам для ўсіх народаў» (Іс 56:6-7).
Служыцелі храма ня толькі пазбавілі Бога пашаны, але пазбавілі і паганаў адзінага месца для сустрэчы з Богам у храме. Такая вось глыбіня падзеньня афіцыйнай рэлігіі пад час служэньня Ісуса Хрыста. Дом Бога стаў месцам сборышча для тых, хто бачыў свае інтарэсы вышэй волі Госпада і жаданьня тых, хто імкнуўся да Бога.
Гэта тычыцца і сучаснай царквы, бо дае напамін пра адносіны з Ім і Ягоным Словам: «Бо калі Бог не пашкадаваў прыродных галін, дык глядзі, ці пашкадуе цябе» (Рым 11:21). Ці ставімся мы сур’ёзна да нашай веры і да жыцьця царквы? А можа нашая царкоўнае жыцьцё стала ня больш, чым простымі сустрэчамі і займаньнем часу?
Усе наступны дні Ісус, разам з вучнямі, прыходзіў у Ерусалімскі храм, дзе нёс Сваё зямное служэньне. У той жа час Ён вучыў і настаўляў вучняў Сваіх, бо недалёка была ўжо Ягоная апошняя зямная хвіліна. І тут трэба адзначыць Ягонае памазаньне напапярэданьні пасхі: «І калі быў Ён у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага, і ляжаў, - прыйшла жанчына з алавастравай пасудзінай міра з нарду чыстага, каштоўнага, і, разьбіўшы пасудзіну, паліла Яму на галаву» (Мар 14:3).
Жанчына зрабіла нешта незвычайнае, бо трыста дынараў, што каштавала масла, - гэта заробак кваліфікаванага рамесьніка за год працы. Тыя, хто абурыліся на гэта не падумалі, Каму і ў які час яна так «марнатраўна» пакланяецца. Гэта ўрок для ўсіх нас, бо людзі часта не разумеюць, што Эвангельле непамерна больш за простыя сацыяльныя пастановы. Таму Ісус кажа: «Праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае у цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць пра яе, і пра тое, што зрабіла яна» (Мар 14:9).
І вось, настае чацьвер, першы дзень праснакоў, бо пятніца, згодна гебрайскаму каляндару пачыналася ў шэсьць гадзін вечара чацьвярга.
«У першы дзень праснакоў, калі калолі пасхальнае ягня, кажуць Яму вучні Ягоныя: дзе хочаш есьці пасху? мы пойдзем і прыгатуем. І пасылае двух вучняў Сваіх і кажа ім: ідзеце ў горад: і сустрэнецца вам чалавек, які нясіцьме збанок вады: пойдзеце сьледам за ім, і куды ён увойдзе, скажэце гаспадару дома таго: “Настаўнік кажа: дзе пакой, у якім бы Мне есьці пасху з вучнямі Маімі?” І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую, засланую, гатовую; там прыгатуеце нам. І пайшлі вучні Ягоныя, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатавалі пасху. Калі зьвечарэла, Ён прыходзіць з дванаццацьцю. І калі яны ляжалі і елі, Ісус сказаў: праўду кажу вам, адзін з вас, які есьць са Мною, выдасьць Мяне. Яны засмуціліся і пачалі казаць Яму, адзін за адным: ці ня я? І другі: ці ня я? А Ён сказаў ім у адказ: адзін з дванаццаці, што мачае са Мною ў місцы. Бо Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б таму чалавеку не радзіцца. І калі яны елі, Ісус, узяўшы хлеб дабраславіў, паламаў, даў ім і сказаў: прымеце, ежце; гэта Цела Маё. І ўзяўшы чару, падзякаваўшы, падаў ім; і пілі з яе ўсе. І сказаў ім: гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная. Праўду кажу вам: Я ўжо ня буду піць ад плоду лазы вінаграднае да таго дня, калі буду піць новае віно ў Валадарстве Божым. І заспяваўшы пайшлі на гару Аліўную» (Мар 14:12-26).
Ісус завяршае пасху зусім па-іншаму, чым гэта было ў традыцыі Старазапаветнай пасхі, якая, дарэчы, указвала на Ісуса Хрыста і на Ягоную ахвяру. Пасха завершыцца і адслужыць сваё, калі Ён памрэ на Крыжы ў наступны дзень. А зараз, праз пасхальныя хлеб і віно, Ісус усталёўвае Новы запавет на астатнія вякі чалавецтва. Калі Ісус кажа, што пралівае Сваю кроў за многіх, дык гэта азначае, што Кроў Хрыста праліваецца за ўсіх веруючых на ўсе астатнія вякі. І гэтае абяцаньне Ісуса Хрыста дае нам радасьць і кожнадзённае імкненьне прыносіць хвалу і падзяку Госпаду таксама, як і апосталы, якія заспявалі па дарозе на гару Аліўную: «Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечна ласка Ягоная» (Пс 117:1).
Ісус набліжаецца да канца Свайго выпрабаваньня, якое толькі падкрэсьліла Ягоную дасканаласьць і Ягоную славу і ў той жа час праславіла Айца. Ён моліцца ў адзіноцтве і ў зьвяртаньні да Айца, праходзіць увесь круг Сваіх пакутаў, разумеючы ўсю іхнюю горыч: «І сказаў ім: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут, і чувайце. І адышоўшы крыху, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі можна, мінула Яго гадзіна гэтая; і казаў: Абба Ойча! усё магчыма Табе; пранясі чару гэтую міма Мяне; але не чаго Я хачу, але Ты» (Мар 14:34-36).
Ісус Хрыстос моліцца ня толькі для таго, каб перацярпець гнеў Божы, а каб прыняць яго ў духе перад Богам. Паколькі ўкрыжаваньне было вельмі цяжкай справаю і выклікала вельмі вялікія пакуты, дык Сын Божы ня мог не зьвярнуцца ў малітве да Свайго Айца ў Гефсіманскім садзе. І так Ён, у патрэбны час, становіцца перад першасьвятаром і Понціем Пілатам, якія судзяць Яго.
Пра тое, як укрыжавалі нашага Госпада Ісуса Хрыста мы чытаем у разьдзеле 15 Эвангельля паводле Марка. Мы бачым узьдзеяньне гэтага на тых, хто крочыў за Ім. Мы бачым міласэрнасьць і вернасьць жанчын, а таксама і здраду Ягоных вучняў перад тварам сьмерці. Зямное служэньне Ісуса Хрыста завершана. Ягонае паслушэнства мела сваю гадзіну для сьмерці і завершылася ў сьмерці. Адкрываецца шлях да Святая сьвятых, бо завеса ў храме разадралася напалам, зьверху данізу. Гэта Айцец узгодніў і прыняў ахвяру Ісуса Хрыста за ўсіх нас. Шлях да Госпада адкрыты для ўсіх і першасьвятарам не было больш патрэбы ўваходзіць у Сьвятая сьвятых храма з крывёю ачышчэньня.
Рымскі сотнік вызнае Яго Госпадам: «Сапраўды Чалавек Гэты быў Сын Божы» (Мар 15:39). Менавіта з гэтага моманту і пачалася Царква Новага Запавета, бо ёсьць важкія падставы разважыць пра тое, што гэты рымскі сотнік быў першым навернутым паганінам, бо будучы побач, ён чуў усе словы ўкрыжаванага Хрыста, з якімі Ён зьвяртаўся ня толькі да людзей, але і да Свайго Айца. Але яшчэ ніхто з тых, хто быў з Ісусам Хрыстом ня ведаў, што ўбачаць Яго пасьля Ягонага ўваскрэсеньня.
Пахаваньне Ісуса Хрыста было хуткім, але дастойным. Так, трэба было сьпяшацца, бо субота пачыналася ў шэсьць гадзін вечара пятніцы, а хаваць у суботу не дазвалялася. І таму, на пахаваньне адводзілася крыху болей за дзьве гадзіны. Язэп з Арымафеі, член Сынедрыёна, які і сам чакаў Валадарства Божага, безумоўна прысутнічаў пры сьмерці Хрыста. Раней ён у тайне верыў у Ісуса Хрыста, але зараз ён дзейнічаў не хаваючыся: «Ён, купіўшы палатно і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і паклаў у магіле, якая была высечана ў скале; і прываліў камень да магільных дзьвярэй. А Марыя Магдаліна і Марыя Ясіева глядзелі, дзе Яго клалі» (Мар 15:46-47).
• Заключная частка (16:1-20).
Сьмерць Ісуса не адарвала Яго ад сэрцаў тых слабых людзей, якія любілі Яго і якіх ласка Божая вывела са сваіх сховішчаў. Мы бачым Язэпа з Арымафеі, чыё сумленьне загаласіла ад таго, што ня ішоў за Ім адкрыта. Мы бачым і жанчын, якія ішлі за Ім і часта слугавалі Яму. Цела Ісуса пакладзена ў труну і яны ўсе чакаюць заканчэньня суботы, каб выканаць сваё служэньне. Жанчыны памяталі гэтае месца.
«Як прайшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева і Саломія купілі пахошчаў, каб ісьці намасьціць Яго. І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца, і гавораць паміж сабою: хто адваліць нам камень ад магільных дзьвярэй? І зірнуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў досыць вялікі. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ў белыя шаты: і жахнуліся. А ён кажа ім: не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены. Але ідзеце, накажэце вучням Ягоным і Пятру, што Ён запабегне вас у Галілеі; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам» (Мар 16:1:7).
Першы чалавек, да якога прыходзіць уваскрослы Ісус – гэта Марыя Магдаліна. Яна мела ў гэтым вялікую патрэбу, бо гэта давала ёй упэўненасьць у тым, што Той, Хто выгнаў з яе сем дэманаў жывы. Яна даведалася, што ёй няма чаго баяцца, бо яе Збаўца жывы. І таму яна адразу ж пайшла да апосталаў і давяла да іх сваё сьведчаньне. На жаль вучні не паверылі ёй, бо хацелі ўпэўніцца ў гэтым самі. Сярод тых, хто не паверыў сьведчаньню жанчынаў, былі два чалавекі, якія пасьля гэтага накіраваліся ў Эмаус. Калі Ісус сустрэў іх і сьведчыў пра Сябе, яны вярнуліся ў Ерусалім да апосталаў і распавядалі пра гэта. Гэта гучала неверагодна, але яны бачылі Яго.
І вось, нарэшце, Ён зьявіўся адзінаццаці і дакараў іх за няверства. Яны гэтага заслужылі, бо як паверылі б ім людзі, калі яны самі заціналіся ў няверстве? Дададзім і тое, што Ісус да гэтага часу неаднаразова казаў ім пра Сваё ўваскрэсеньне. Але толькі зараз яны паверылі ў уваскрэсеньне Ісуса Хрыста.
Пад час Свайго служэньня на зямлі, калі Ён працаваў над збаўленьнем чалавецтва, Ён прапаведаваў у асноўным для гебраяў. Але зараз, калі адбылося адкупленьне чалавека, Эвангельле Хрыста трэба было прапаведаваць усім людзям. Ісус папярэджвае вучняў Сваіх, што той, хто ня будзе мець веры, збаўлены ня будзе: «Хто будзе верыць і хрысьціцца, выратаваны будзе; а хто ня будзе верыць, асуджаны будзе» (Мар 16:16).
І вось зараз, на іхніх вачах, Ён узьнёсься на неба, каб сесьці праваруч Бога: «І так Госпад, пасьля гутаркі з імі, узьнёсься на неба і сеў праваруч Бога» (Мар 16:19).
А што ж вучні? Заключныя словы Эвангельля паводле Марка – гэта добры выклад дзейнасьці апосталаў у наступны час, каб несьці вестку пра Хрыста іншым людзям: «А яны пайшлі прапаведаваць усюды, пры Госпадавым садзеяньні і падмацаваньні слова наступнымі азнакамі. Амэн» (Мар 16:20).
Гэта і пра наш час, бо праз нас Бог робіць Сваю працу. І няхай кожны з нас запытае сябе пра сваю прыналежнасьць да Ягоных вучняў і пра тое, як ён робіць справу Ісуса Хрыста. Ці зможам мы так цудоўна даносіць людзям вестку пра Госпада нашага Ісуса Хрыста? У Яна Марка гэта атрымалася.
Свидетельство о публикации №226050700558