Евангелие от Луки
«Як ужо многія пачалі складаць аповесьці пра добра
вядомыя сярод нас падзеі, як пераказалі нам тое ўсё,
хто з самага пачатку быў сьведкамі і слугамі Слова,
дык надумаўся і я, рупліва дасьледваўшы ўсё з пачатку,
па парадку апісаць табе, глыбокашаноўны Феафіле, каб
ты ўведаў цьвёрдую аснову таго вучэньня, у якім быў
настаўлены» (Лук 1:1-4).
«Вітае вас Лука, лекар любасны» (Кал 4:14). Гэта словы апостала Паўла, які неаднаразова кажа пра Луку ў сваіх пасланьнях. І не дарэмна, бо менавіта Луке абавязана хрысьціянства сваім апавяданьнем пра ўзьнікненьне і ўзрастаньне хрысьціянскай Царквы, якое ён распавёў у дзеях Сьвятых Апосталаў. Але, вернемся да Эвангельля паводле Лукі. Хрысьціянін другога пакаленьня, які сваім веданьнем дзеяў Ісуса Хрыста абавязаны грунтоўнаму вывучэньню ўжо маючых быць Эвангельляў Марка і Мацьвея ці іх часткаў, якія магчыма былі быць яму вядомымі.
Лука ня быў непасрэдным сьведкай жыцьця і сьмерці Ісуса, але ён старанна дасьледаваў сьведчаньні іншых людзей, якія бачылі і чулі Ісуса Хрыста: «Каб ты ўведаў цьвёрдую аснову таго вучэньня, у якім быў настаўлены». Лука, гэтымі словамі, зьвяртаецца да нас, каб данесьці тое, што ён дасканала дасьледаваў і вызначыў: «Дык надумаўся і я, рупліва дасьледваўшы ўсё з пачатку, па парадку апісаць табе, глыбокашаноўны Феафіле» (Лук 1:3).
Сваё Эвангельле Лука адрасуе Феафілу, які быў, па ўсёй верагоднасьці, заможнай асобай, які прыняў Ісуса Хрыста і да якога было накірована гэтае пасланьне, каб даць яму надзейны грунт для ягонай хрысьціянскай веры. Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што зьвяртаньне да Феафіла – гэта ня што іншае, як літаратурны прыём, выкарыстоўваючы які, Лука зьвяртаецца да ўсіх, хто любіць Госпада. Але большасьць тых, хто дасьледуе Пісаньне лічаць, што Феафіл быў рэальнай гістарычнай асобай. А тое, што ён накіроўвае сваё пасланьне Феафілу кажа пра тое, што ён адрасуе гэта да ўсіх грэкаў, каб абвергнуць ілжывыя пасланьні і ўсталяваць праўду адносна Ісуса Хрыста.
Лічыцца, што Эвангельле паводле Лукі было напісана каля 60 года, да разбурэньня Ерусаліма, якое здарылася ў 70 годзе пасьля Р.Х.
Калі казаць пра паходжаньне Лукі, дык можна адзначыць наступнае. Лука, поўнае імя якога Луканус, па ўсёй верагоднасьці быў грэкам. Ён быў адукаваным чалавекам і па роду заняткаў – лекарам, які практыкаваў у Антыяхійскай Траадзе, калі сустрэўся з апосталам Паўлам. Некаторыя лічаць ягонае паходжаньне Антыяхійскім, але большасьць дасьледчыкаў Пісаньня вызнаюць яго выхадцам з Македоніі і якога Павал навярнуў да Хрыста ў Траадзе.
Па ўсёй верагоднасьці Лука паходзіў з Неапаліса (зараз невялікага прыморскага паселішча Кавала), што знаходзіўся ў непасрэднай адлегласьці ад Філіпаў, дзе пачаў сваё эўрапейскае служэньне апостал Павал. Лука вельмі добра ведаў марскую геаграфію і дробязі мораплаваньня, бо ўсе порты Мяжземнага мора былі яму добра вядомымі, што падкрэсьлівае ягонае паходжаньне ў месцы, дзе марская справа вядомая кожнаму ў той ці іншай ступені.
Чалавек, якому было дадзена вялікая роля першага гісторыка хрысьціянства, павінен быў даць уяўленьне першых часоў існаваньня царквы. Лука атрымаў неблагую гебрайскую і грэцкую адукацыю. Ён быў мякькі і мірны чалавек з пяшчотным і верным сэрцам. Бо недарма яго вельмі любіў апостал Павал. Кніга Лукі прызначана ў першую чаргу для грэкаў, бо менавіта гэтая асаблівасьць прасочваецца пры яе прачытаньні. Грэцкі ідэял дасканаласьці чалавека даволі сур’ёзна адрозьніваўся ад рымскага. У той час, калі Рым лічыў дасканаласьцю ваенную славу і дзяржаўную ўладу, грэкі ставілі на першае месца адукаванасьць і ўзвышанасьць чалавека. Ваенная слава рымлянаў супраць мудрасьці і прыгажосьці грэкаў. Хрысьціянскі гісторык-скептык 18 стагодзьдзя Эрнэст Рэнан выказаў такую думку, што гэта «самая цудоўная кніга ў сьвеце» і якая зьўляецца вельмі любімай сярод мастакоў і пісьменьнікаў, бо вялікая колькасьць фільмаў і карцін была створана менавіта па сюжэтах Эвангельля паводле Лукі.
Эвангельле паводле Лукі дае нам вобраз Госпада ў Сыне Чалавечым, зьяўляючы Бога на зямлі ў ласцы, якую Ён дае людзям. Лукаш падкрэсьлівае чалавечую прыроду Ісуса Хрыста, бо менавіта таму Ісус, у сваёй большасьці, называецца Сынам Чалавечым. Новы Запавет паказвае нам прычыну гэтага: «Таму Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў, каб быць міласэрным і верным Першасьвятаром прад Богам на ўмілажальваньне за грахі народу. Бо, як сам Ён перацярпеў, быў спакушаны, дык можа памагчы і тым, каго спакушаюць» (Геб 2:17-18).
Мэта, якую ставіць перад сабою Лука ясная і відавочная. Ён жадаў паказаць паганам Ісуса Хрыста, як свайго Збавіцеля і менавіта дзеля гэтага ён сьведчыць пра тое, што казаў, рабіў і як пакутаваў Хрыстос за іхняе збаўленьне. Як Ён ацаляў хворых і аднаўляў грэшнікаў, як папярэджваў багатых і прымаў бедных у Валадарства Божае, як аддаў Сваё жыцьцё за ўсіх грэшных і як уваскросшы паслаў вучняў Сваіх сьведкамі да ўсіх народаў зямлі. Лука кажа вельмі важную рэч пра тое, што ў Ісусе Хрысьце дадзена людям збаўляльнае міласэрнасьць Госпада і Ягонае дабраславеньне. І таму кожны чалавек павінен ведаць, што навяртаньне кожнага грэшніка ёсьць вялікая радасьць Госпада.
Лука, у адрозьненьні ад іншых эвангелістаў, вельмі падрабязна апісвае нараджэньне Ісуса і Ягонае дзяцінства. Ён паказвае Ягоную беднасьць і падкрэсьлівае Ягонае спачуваньне іншым. Лука засяроджвае ўвагу на чалавечай сутнасьці Ісуса Хрыста як неад’емнай часткі справы нашага збаўленьня.
Трэба адзначыць, што Лука дае нам найбольш падрабязнае апісаньне служэньня Яна Хрысьціцеля і толькі ён дае нам зьвесткі пра нараджэньне Прадвесьніка Ісуса Хрыста. Ён паказвае і жанчын, якія нарадзілі Яна і Ісуса Хрыста, як і тых, хто суправаджаў жыцьцё Ісуса ад Ягонага нараджэньня і да Ягонай сьмерці.
Эвангельле паводле Лукі можна падзяліць на сем частак: уводзіны (1:1-4); нараджэньне і дзяцінства Ісуса Хрыста (1:5-2:52); прадумова да служэньня (3:1-4:13); служэньне ў Галілеі ((4:14-9:50); вандроўка ў Ерусалім (9:51-19:27); апошні тыдзень жыцьця Ісуса Хрыста (19:28-23:56); уваскрасеньне і наступныя дзеі (24:1-53).
• Уводзіны (1:1-4).
Прадумова пасланьня Лукі сьведчыць пра тое, што ўжо былі да гэтага часу апісаньні пра жыцьцё і сьмерць Ісуса Хрыста: «Як ужо многія пачалі складаць аповесьці пра добра вядомыя сярод нас падзеі, як пераказалі нам тое ўсё, хто з самага пачатку быў сьведкамі і слугамі Слова, дык надумаўся я, рупліва дасьледваўшы ўсё з пачатку, па парадку апісаць табе, глыбокашаноўны Феафіле, каб ты ўведаў цьвёрдую аснову таго вучэньня, у якім быў настаўлены» (Лук 1:1-4).
Гэтыя аповесьці ўзыходзяць да пропаведзі «першых сьведкаў», якія чулі Ісуса і знаходзіліся разам з Ім. Лука прыклаў да гэтага немалое намаганьне, каб атрымаць неабходную інфармацыю і распавесьці пра жыцьцё Ісуса Хрыста ў сапраўднай пасьлядоўнасьці часу.
Лука пачынае сваё Эвангельле вялізнай і дасканалай фразай, якая дае нам ўяўленье вялікага камяню, які стаіць каля Полацкай Сафіі і дае нам разуменьне нешта такога, што заслугоўвае даверу. Нехта можа выказаць і сумнёў, але Лука ня проста заклікае нас верыць яму за так. Ён зьвяртаецца да сьведчаньняў многіх, хто на свае ўласныя вочы бачыў гэта і чуў тое, што гаварылася пры тых ці іншых падзеях. Гісторыя кажа, што ў старажытняй Юдэі, дзе не было ні газэтаў, ні тэлебачаньня, былі афіцыйныя апавядальнікі, якія зьбіралі ўсе зьвесткі пра тое ці іншае здарэньне і менавіта ім было дадзена права абвяшчаць гэта афіцыйна, з адказнасьцю паўнаты сьведчаньня.
Грэцкі філосаф Платон казаў, што ёсьць небясьпека ў запісы фактаў. Платон лічыў, што чалавечая памяць ёсьць найлепшы сродак для правільнага ўспрыманьня фактаў і іхняй перадачы. Праз сто гадоў пасьля Лукі адзін з вялікіх айцоў хрысьціянскага вучэньня сказаў, што жывыя сьведчаньні маюць перавагу над тэкстамі. А Лука меў такую цудоўную магчымасьць запісаць пераказанае яму апавяльнікамі жыцьця і дзеяў Ісуса Хрыста.
Першыя радкі Эвангельля паводле Лукі паказваюць нам, што ён меў мэту напісаць акуратную аповесьць пра жыцьцёвы і пасьляжыцьцёвы шлях Ісуса Хрыста. Наогул, для Лукі характэрна тое, што ён дасьледуе падзеі, якія папярэджвалі і суправаджалі ўсё жыцьцё Ісуса Хрыста аж да ўзьнясеньня ў нябёсы. У апавяданьні Лукі мы бачым Сына Бога як Чалавека, народжанага жанчынай і пра Якога ён распавядае іншаму чалавеку. Сьвяты Дух распавёў нам праз Луку пра ўсё тое, што атачала Ісуса Хрыста ад нараджэньня да Ягонага ўзьнесеньня на нябёсы. Бог прадугледзеў настаўленьне для ўсёй Царквы менавіта ў гэтым вучэньні, бо яно складае неад’емную частку жыцьця Госпада і ў Духе Сьвятым дае нам разуменьне сьмерці і ўваскрасеньня Ісуса Хрыста.
• Нарадждэньне і дзяцінства Ісуса Хрыста (1:5-2:52).
«У дні Ірада, валадара Юдэйскага, быў сьвятар з Абіевай чаргі, імем Захар, і жонка ягоная з роду Ааронавага, імя ейнае Элізабэта» (Лук 1:5). Мы наўмысна пачынаем гэтае апавяданьне з нараджэньня Яна Хрысьціцеля, які павінен быў падгатаваць шлях да прыходу Ісуса Хрыста. Але, па-перш, зьвернемся да бацькоў будучага Хрысьціцеля: «сьвятар з Абіевай чаргі, імем Захар, і жонка ягоная, імя ейнае Элізабэта». Імёны Захар (Бог памятае) і Элізабэта (клятва Божая) даюць напамін пра абяцаньні, якія Бог даваў Ізраілю. «Сьвятар з Абіевай чаргі». Абіевая чарга была восьмай з дваццаці чатырох, на якія Давід падзяліў усіх сьвятароў: «І разьмеркаваў іх Давід – Садока з сыноў Элеазара, і Ахімэлэха з сыноў Ітамара, па чарзе на службу іх». «І выйшла першая жэрабя Егарыву, другое Едаі, трэцяе Харыму, чацьвёртае Сэарыму, пятае Малхію, шостае Міяміну, семае Гакоцу, восьмае Абію» (1 Лет 24:3; 7-10).
Кожная чарга павінна была праводзіць служэньне на працягу тыдня і дзеля гэтага адпаведны сьвятар пакідаў свой горад ці мястэчка, каб служыць у Ерусалімскім храме. Такім і быў Захар, які па сваёй чарзе праводзіў вельмі ганаровае служэньне: «Па жэрабі, як заведзена было ў сьвятароў, прыпала яму ўвайсьці ў храм Госпадаў і кадзіць, а ўсё мноства людзей малілася звонку ў часе каджэньня» (Лук 1:9-10).
Пісаньне кажа, што Захар і Элізабэта былі праведныя перад Богам, але, тым ня меньш, яны ня мелі дзяцей, што лічылася ганебным: «Вось спадчына ад Госпада: дзеці; узнагарода Ягоная – плод ад улоньня» (Пс 126:3).
Але справа ласкі Божай пачынаецца там, дзе канчаюцца ўласныя магчымасьці чалавека і ягоныя чалавечыя здольнасьці. Пад час служэньня Захара ў храме, ён бачыць анёла, які абвяшчае яму: «Ня бойся Захар, бо пачута малітва твая, і жонка твая Элізабэта народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян» (Лук 1:13). Так было абвешчана пра нараджэньне Яна Хрысьціцеля, які павінен быў падгатаваць народ да сустрэчы Госпада і хрысьціць Яго ў Ярдане.
«А на шостым месяцы пасланы быў анёл Гаўрыіл ад Бога ў горад Галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам, імем Язэп, з дому Давідавага; а імя ў Дзевы: Марыя» (Лук 1:26:27).
Так пачынаецца гісторыя нараджэньня Ісуса Хрыста. Марыя – гэта форма старажытняга гебрайскага імені Марыям (сутнасьць праціўленьня), якая была сястрой Майсея. Бог, па волі Сваёй, выбраў Марыю Сваёй зброяй для нараджэньня Збаўцы. Марыя зьяўляецца сапраўднай дачкой Ізраіля, бо ў паслушэнстве яна аддала сябе ў падпарадкаваньне Госпада: «Тады Марыя сказала: вось, раба Госпадава; хай будзе мне паводле слова твайго. І адыйшоў ад яе анёл» (Лук 1:38).
Марыі выпала асобная чэсьць стацца мацеркай Божага Сына. Яна ідзе да Элізабэты, каб абвесьціць ёй пра будучае Дзіцятка: «І калі Элізабэта пачула вітаньне Марыіна, варухнулася дзіцятка ў чэраве ў яе; і Элізабэта напоўнілася Духам Сьвятым, і ўсклікнула моцным голасам і сказала: Дабраславёная ты сярод жанчын, і дабраславёны плод улоньня твайго» (Лук 1:41-42).
У Марыі і Элізабэт ёсьць адна агульная мэта – гэта старажытняя мара Ізраіля пра тое, што аднойчы збудзецца сказанае прарокамі і Бог Ізраіля выканае тое, што Ён абяцаў: усе народы дабраславяцца праз сям’ю Абрагама. Дзьве будучыя мацеркі разам абвяшчаюць тое, што Бог зьбіраецца зьдзейсьніць праз іхніх сыноў – Яна і Ісуса.
Бог выбраў Марыю не за нейкія яе асабістыя заслугі, але такая была воля Госпада. Пра веру Марыі Пісаньне ня кажа. У скрусе яна назірала як Ён выканваў Сваё зямное служэньне. Ад пачатку служэньня яна не разумела Ісуса: «І пачуўшы, блізкія Ягоныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён не ў сабе». «І прыйшлі маці і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі да Яго паклікаць Яго. Каля Яго сядзеў люд. І сказалі Яму: вось маці Твая і браты Твае і сёстры Твае, вонкі, пытаюцца Цябе. І адказаў ім: хто маці мая і браты Мае? І азірнуўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: вось маці Мая і браты Мае; бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра і маці» (Мар 3:21; 31-35).
Эвангельле не дае нам ніякіх указаньняў на ўзьвялічваньне яе асобы (як сузбаўцы). Ці не таму Ісус Хрыстос зьвяртаецца да яе перад сьмерцю Сваёй словам «жанчына»: «Ісус, убачыўшы маці і вучня, які тут стаяў, якога любіў, кажа маці Сваёй: Жанчына! вось, сын твой. Потым кажа вучню: вось маці твая! І з гэтага часу вучань гэты ўзяў яе да сябе» (Ян 19:26-27). Апошні раз мы бачым Марыю разам з адзінаццацьцю апосталамі пад час чаканьня дара Сьвятога духа: «Усе яны аднадушна былі ў малітве і ў маленьні, з некаторымі жанчынамі і Марыяю, маці Ісусавай, і з братамі Ягонымі» (Дзеі 1:14).
Але перанясемся ў Бэтлеем, куды накіраваліся бацькі Ісуса Хрыста, каб запісацца па перапісу цэзара Аўгуста: «Калі ж былі яны там, настаў час радзіць ёй; і нарадзіла Сына свайго першынца, і спавіла Яго, і паклала Яго ў ясьлі, бо не было ім месца ў гасьцініцы» (Лук 2:5-7).
Такім чынам споўнілася прароцтва Міхея: «І ты, Бэтлееме – Эфрата, ці ж малы ты сярод тысячаў Юдавых? З цябе пойдзе Мне Той, Які павінен быць Валадаром у Ізраілі, і Якога паходжаньне з пачатку, ад дзён вечных. Таму Ён пакіне іх да часу, пакуль ня родзіць тая, што мае радзіць; тады вернуцца да сыноў Ізраіля і пазасталыя браты іхнія» (Міх 5:2-3).
«І калі яны зрабілі ўсё паводле закону Госпадавага, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт. А Дзіця расло і мацавалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і ласка Божая была на Ім» (Лук 2:39-40).
Так Эвангельле кажа пра пачатак дзяцінства Ісуса Хрыста. Лука працягвае гэтую тэму і паказвае дванаццацігадовага Ісуса паломнікам Ерусалімскага храма: «Кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі. І калі Яму было дванаццаць гадоў, прыйшлі яны таксама як звычайна ў Ерусалім на сьвята; калі ж, пасьля заканчэньня дзён сьвята, вярталіся, застаўся хлопчык Ісус у Ерусаліме; і не заўважылі таго Язэп і маці Ягоная» (Лук 2:41-43).
Заўважым і мы, што бацькі Ісуса не разумелі сапраўднага сэнсу нараджэньня і жыцьця Ісуса Хрыста, бо недарма кажа Эвангельле, што яны «не заўважылі таго». Але мы бачым, што хлопчыка Ісуса ўтрымлівае ў храме не дзіцячая цікаўнасьць і імкненьне ведаў. Воля Айца кіравала Ім: «Ён сказаў ім: навошта было вам шукаць Мяне? ці вы ня ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Айцу Майму? Але яны не зразумелі сказаных Ім словаў» (Лук 2:49-50).
Далейшае ўзрастаньне Ісуса добра адлюстроўваюць словы Эвангельля: «А Ісус мацаваўся ў мудрасьці і росьце і любові ў Бога і людзей» (Лук 2:52).
• Прадумова для служэньня (3:1-4:13)
Зямному служэньню Ісуса Хрыста папярэднічала служэньне Яна Хрысьціцеля, непасрэдна Янаў хрост Ісуса і Ягонае спакушэньне ў пустыне. Ян Хрысьціцель нарадзіўся на шэсьць месяцаў раней за Ісуса і быў Ягоным сваяком. Гэта быў час цэзара Тыберыя, калі Понцій Пілат кіраваў у Юдэі, а Ірад быў тэтрархам у Галілеі. У асобе Яна мы бачым служэньне для Ізраіля, каб абвесьціць Госпада ў гэты сьвет.
Ян пачынае сваё служэньне пад час Пілата і Ірада: «Пры першасьвятарах Аньне і Каяфе, быў голас Божы да Яна, сына Захарыі, у пустыні. І ён пайшоў па ўсіх навакольлях Ярдана, прапаведуючы хрышчэньне пакаяньня на дараваньне грахоў, як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі, які кажа: “Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму; кожны дол хай напоўніцца, і кожная гара і пагорак хай абнізяцца, крывізны выпрастуюцца, і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі; і ўбачыць кожнае цела ратунак Божы”» (Лук 3:2-6).
Ян і робіць тое, што яму загадаў рабіць Бог, калі абвяшчае пра хуткае зьяўленьне Ісуса Хрыста: «А калі люд быў у чаканьні, і ўсе думалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці ня Хрыстос ён, Ян усім адказваў: я хрышчу вас вадою, але ідзе Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты разьвязаць рэмень на абутку; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём; веялка Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысьціць гумно Сваё і зьбярэ пшаніцу ў засекі Свае, а салому спаліць агнём непагасным» (Лук 3:15-17).
Ян падрыхтоўвае людзей да Хрыста, бо сказана, што Ісус хрысьціўся ў Яна пасьля таго, як Ян ахрысьціў народ, які быў гатовы да пакаяньня: «А калі ахрысьціўся ўвесь народ, і Ісус, ахрысьціўшыся, маліўся, - адчынілася неба, і Дух Сьвяты сышоў на Яго ў цялесным вобразе, як голуб, і быў голас з нябёсаў, які прамовіў: Ты сын Мой любасны; Цябе Я ўпадабаў!» (Лук 3:21-22).
Мы бачым Ісуса Хрыста ў малітве, бо менавіта ў гэтым праяўляецца Ягоная дабрачыннасьць і залежнасьць ад Айца. І неба адчыняецца Яму ў Духе Сьвятым. Праз хрост Ён быў з людзьмі, а праз малітву – з Айцом у нябёсах. Залежнасьць і набліжаючае да Бога сэрца, ёсьць асноўная характарысьціка дасканалага чалавека. Заўважым, што ня неба адчынілася, каб удасканаліць Ісуса, але дасканаласьць Ісуса адчыніла неба.
«Ты Сын Мой любасны, Цябе Я ўпадабаў». Менавіта гэтыя словы пацьверджвае Лука, калі паказвае радавод Ісуса Хрыста да Госпада: «Ісус, пачынаючы Сваё служэньне, быў гадоў трыццаці, і быў, як думалі, Сын Язэпаў, Іліеў». «Іносаў, Сітаў, Адамаў, Божы» (Лук 3:23; 38).
Апошні Адам, Сын Бога, гатаваўся прыняць на Сябе грахі сьвету, каб збавіць тых з народу, што наблізіліся да Бога пад узьдзеяньнем Ягонай ласкі. Вораг праз грэх адолеў першага Адама, а Ісус павінен быў атрымаць перамогу над д’яблам, каб збавіць тых, хто знаходзіцца пад яго ўладаю.
Сын Бога на зямлі, Ісус, паведзены быў Духам у пустыню: «Там сорак дзён Ён быў спакушаны д’яблам і нічога ня еў у гэтыя дні; а як прайшлі яны, напасьледак захацеў есьці» (Лук 4:2). Тройчы ён спакушае Ісуса, але атрымаўшы паразу д’ябал да часу адыходзіць ад Ісуса Хрыста: «Ісус сказаў Яму ў адказ: сказана: “Не спакушай Госпада Бога Твайго”. І закончыўшы ўсё спакушэньне, д’ябал адышоў ад Яго да часу» (Лук 4:13).
Чытаючы гэтыя радкі Эвангельля мы разумеем, што кожны хрысьціянін мае спакушэньне ад д’ябла і гэта ёсьць вельмі важная складаючая жыцьця чалавека ў пакліканьні. У хрысьціянскім жыцьці самае галоўнае – гэта вучыцца распазнаваць галасы, якія нашэптваюць прывабную ілжу, адрозьніваць іх ад голаса Божага і ўжываць простую, але надзейную зброю пад назваю Біблія, як гэта і рабіў Ісус Хрыстос, калі адказваў спакусіцелю. Галоўнай прычынай супраціву спакушэньню павінна быць любоў да Бога і вернасьць Яму, Які назваў нас Сваімі дзецьмі ў Хрысьце Ісусе і паклікаў нас крочыць за Ім па таму шляху, які вядзе нас да сапраўднай славы. І менавіта ў гэтай славе ёсьць сапраўднае шчасьце і дабраславеньне, якое ня здольны забясьпечыць нас ні гэты сьвет, ні цела, ні д’ябал.
• Служэньне ў Галілеі (4:14-9:50).
«І прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў, па звычаі Сваім, у дзень суботні ў сынагогу, і ўстаў чытаць» (Лук 4:16).
Ісус вярнуўся ў Галілею ў сіле Духа Сьвятога, каб адсюль пачаць Сваё зямное служэньне. Ён вучыць у сынагогах і мы бачым, як у нейкі суботні дзень Ён увайшоў у сынагогу Назарэта і пачаў Сваё вучэньне чытаньнем кнігі прарока Ісаі: «Дух Госпадаў на Мне; бо Ён памазаў Мяне зьвеставаць убогім і паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне, сьляпым празарэньне, адпусьціць спакутаваных на свабоду, абвяшчаць год Госпадавага спрыяньня» (Лук 4:18-19).
Трэба адзначыць, што кожнаму даросламу юдэю дазволена было чытаць з Пісаньня пад час богаслужэньня. Ісус скарыстаўся гэтым, каб падкрэсьліць сьведчаньне Старога Запавету пра Сябе, бо таму Ён і кажа: «Сёньня спраўдзілася пісаньне гэтае, чутае вамі» (Лук 4:21). Ніяк не падабаліся словы Ісуса прысутным сыногогі Назарэту: «Пачуўшы гэта, усе ў сынагозе напоўніліся гневам; і ўстаўшы, выгналі Яго прэч з горада і павялі на вяршыню гары, на якой горад іхні быў пабудаваны, каб скінуць Яго; але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў» (Лук 4:28-30).
Мы бачым, як перасьцярога Ісуса пра тое, што мары гебраяў на перамогу над Рымам безпадстаўныя, выклікала моцнае абурэньне з боку ўсіх прысутных сынагогі, нягледзячы нават на тое, што Ісус Хрыстос абвяшчае усім «год Божага спрыяньня». Такім жа чынам Эвангельле дзейнічае і сёньня, процістаўляючы ўсім чалавечым інтарэсам і планам вестку пра нечаканую ласку Божую.
Ісус працягвае Сваё служэньне ў Капернауме і мы можам бачыць выгнаньне дэманаў і ацаленьне хворых, але галоўнае тое, што Ён кліча да Сябе вучняў, якіх выбірае Сам: «І сказаў Сымону Ісус: ня бойся; ад сёньня будзеш лавіць людзей» (Лук 5:10). Заклік Ісуса да мытніка Лявія, як і наступствы гэтага, паказвае нам, што нават вельмі грэшны чалавек можа ачысьціцца ў Ісусе Хрысьце і пачаць Божае служэньне.
Кніжнікі і фарысеі не жадаюць мець зносіны з грэшнікамі, але Бог, наадварот, шукае тых грэшнікаў, якія маюць патрэбу ў ласцы Божай: «А Ісус сказаў ім у адказ: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя; Я прыйшоў заклікаць ня праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня» (Лук 5:31-32).
Пад час служэньня Ісуса Хрыста мы можам бачыць розныя прыповесьці, з якімі зьвяртаецца Ісус да вучняў Сваіх і да тых шматлікіх людзей, якія прыходзілі да Яго. Мы бачым і незвычайны факт таго часу, што жанчыны знаходзіліся сярод тых, хто суправаджаў Ісуса Хрыста. Ісус дабраслаўляў іх і даваў ім шлях да новага жыцьця, як і ўсім, хто прыходзіў да Яго: «Няма ўжо Юдэя, ні паганіна; няма нявольніка; няма мужчынскага полу, ні жаночага: бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе» (Гал 3:28).
Ісус гатуе вучняў Сваіх да будучага апостальскага служэньня і таму пасылае іх у дарогу па Галілеі, каб зьвеставаць Валадарства Божае: «І склікаўшы дванаццаць, даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі, і лекаваць ад хваробаў і паслаў іх зьвеставаць Валадарства Божае і ацаляць хворых» (Лук 9:1-2).
Вельмі важным было для Ісуса даручэньне да бліжэйшых вучняў несьці сваё служэньне, бо ў адрозьненьні ад іх Ён ведаў, што хутка Яго чакае жахлівае крыжовае выпрабаваньне. Вучні зразумеюць гэта потым, але зараз Ісус Хрыстос даверыў ім удзельнічаць у Ягонай працы.
Толькі трох вучняў Сваіх узяў Ён на гару, дзе зьявіліся да Хрыста Майсей і Ільля і якія разважалі з Ім пра наступныя і апошнія дні Ісуса Хрыста на гэтай зямлі: «А калі набліжаліся дні ўшэсьця Ягонага ад людзей, Ён захацеў ісьці ў Ерусалім» (Лук 9:51).
Накіроўваючыся да месца Сваёй апошняй бітвы, у Ерусалім, Ісус ведае, што Ягоны незвычайны план ужо пачаў зьдзяйсьняцца. Сутнасьць гэтага плану – стварэньне новага народу: людзей, якія прызнаюць у Ісусе сапраўднага Сына Божага, Мэсію і якія змогуць убачыць у Богу свайго асабістага Айца.
• Вандроўка ў Ерусалім (9:51-19:27).
Гэта ёсьць адна з самых цікавых частак Эвангельля паводле Лукі, якая паказвае нам апошнюю вандроўку Ісуса Хрыста. На Ерусалім. І гэтую вандроўку Ісуса Лука апісвае вельмі падрабязна і красамоўна. Такім чынам ён падрэсьлівае вялікую важнасьць збаўляльнай сьмерці Ісуса Хрыста. Ісус знаходзіцца ў той кропцы Свайго жыцьця, калі Ён павінен наблізіцца да пакутаў і сьмерці. Але, якая вядзе Яго да Свайго Айца. Яшчэ адна асаблівасьць гэтай часткі Эвангельля ў тым, што Лука пераводзіць нашую ўвагу з дзеяў Ісуса Хрыста на Ягонае вучэньне.
Ня толькі дванаццаці бліжэйшым вучням настаўляў Ён, бо шмат хто яшчэ настаўляўся ў Ісусе Хрысьце: «Пасьля гэтага выбраў Госпад і іншых вучняў, і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і мясьціну, куды Сам хацеў ісьці, і сказаў ім: жніва многа, а работнікаў мала; дык вось малеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё» (Лук 10:1-2).
Ісус пасылае перад Сабою семдзесят іншых вучняў і пасылае іх у тыя месцы, куды зьбіраўся Сам. Гэтае рашэньне Ісуса выклікана сур’ёзнай неабходнасьцю, бо ведаў, што Ён сюды больш ня вернецца, а вестку пра набліжэньне Божага Валадарства і пра адказнасьць за непрыняцьце місіі Ісуса павінны былі пачуць многія. Ён – апошні вяшчальнік перад той вялікай катастрофай, якую выклікаюць на сябе тыя, хто ня прыме Яго. Калі людзі ня прымуць Яго зараз, дык папярэджваньняў больш ня будзе. І калі яны будуць марудзіць, дык могуць і спазьніцца. Усё гэта тычыцца і нашага часу.
Пра гэтае даручэньне сямідзесяці распавядае толькі Лука і яно носіць вельмі важны характар, бо былі пасланыя тыя чыі сэрцы прагнулі працы жніва, міласэрнасьці і любові Госпада. Бог настойлівы ў прапаведваньні таго, што ёсьць маральна. І толькі Ён, Гаспадар жніва, кажа пра тое, што прывядзе нас да ўсьведамленьня нашай грахоўнасьці, але і дасьць нам любоў да працы сваёй, якая робіць нас сапраўднымі работнікамі Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Ісус знаходзіцца ў паваротнай кропцы Свайго зямнога шляху. Ён набліжаецца да пакутаў і сьмерці. Але гэта адначасова і шлях у гару, да Айца. Гэтым і тлумачыцца неадкладнасьць ды суровасьць, з якой Ісус пасылае перад Сабой семдзесят вучняў. Яны не павінны прапанаваць якую-небудзь новую рэлігію, але павінны прапанаваць народу апошнюю магчымасьць згарнуць з пагібельнага шляху Ізраіля і стаць на Божы шлях міру. Яны павінны былі абвесьціць, што Божае Валадарства – гэта збаўляльнае кіраўніцтва Госпада, Які жадае ахапіць Свой народ любоўю і зрабіць яго новым стварэньнем – наблізілася да людзей. Ісус ідзе ў Ерусалім, каб перамагчы сілы зла і таму зараз адвергнуць Яго ці нават Ягоных вястуноў – азначае адрачыся ад самога Бога.
Але, ці хацелі сучасьнікі Ісуса Хрыста міру? У большасьці сваёй – не. Яны не хацелі міру з самаранамі, яны не хацелі міру і з рымлянамі. Яны хацелі ўсеагульнай вайны, якая дапамагла б аднавіць Божую справядлівасьць і пазбавіцца ворагаў раз і назаўсёды. Ісус жа ня так глядзеў на гэта. Ён бачыў ідэю супраціву злу з дапамогаю зла памылковай і непрымальнай, бо многія юдэйскія рухі, якія станавіліся на шлях гвалтоўных дзеяньняў, прыводзілі да катастрафічных наступстваў. Ісус не грунтаваўся на прагматызьме, але на пазнаньні Бога Ізраіля як Бога ласкі і бязьмежнай любові, бо менавіта таму жыватворчая сіла Ісуса выходзіла ад Бога. Валадарству такога Бога і прысьвяціў Ён Сваё служэньне.
Выраз «добры самаранін» - даволі вядомы сучасным людзям, якія характарызуюць словам «самаранін» добрых і чулых людзей. Але не такі сэнс укладалі ў гэтае слова сучасьнікі Ісуса Хрыста. Самаране і юдэі ненавідзелі адзін аднога. І з гэтай нагоды прыповесьць Ісуса Хрыста пра добрага самараніна ператвараецца ў пропаведзь пра заганасьць расавых і рэлігійных забабонаў. Так Ісус зьвяртаецца да законьніка пра самараніна: «Хто з гэтых трох, думаеш ты, быў блізкі таму, што нарваўся на разбойнікаў? Ён сказаў: той, які зрабіў яму міласьць. Тады Ісус сказаў яму: ідзі, і ты рабі гэтак сама» (Лук 10:36-37).
І сапраўды, міласэрны чалавек знаходзіць кожнага, хто патрабуе той ці іншай дапамогі, але Ісус быў тым адзіным Чалавекам, Які жыў ва ўладзе Бога і Які ўсім Сваім вялікім сэрцам жадаў, каб кожны чалавек адмовіўся ад сваіх грахоў і зьвярнуўся да Яго, бо для таго Ён і прыйшоў у гэты сьвет, каб збавіць яго ад грэху.
Калі прыповесьць Ісуса Хрыста пра добрага самараніна здалася нам даволі радыкальнай, дык сустрэча Ісуса Хрыста ў Віфаніі з сёстрамі Марфай і Марыяй наогул размывае мяжу паміж мужчынай і жанчынай, якія ёсьць у асяродзьдзі Ісуса Хрыста: «А Марфа клапатала пра вялікае частаваньне, і падышоўшы сказала: Госпадзе! ці Табе клопату няма, што сястра мая адну мяне пакінула служыць? Скажы ёй, каб пасобіла мне. А Ісус сказаў ёй у адказ: Марфа! Марфа! Рупішся і завіхаешся ты занадта, а адно толькі трэба, Марыя ж выбрала добрую долю, якая не адымецца ў яе» (Лук 10:40-42).
Сутнасьць спрэчкі Марфы і Марыі ня ў тым, што Марфа была вельмі загружана кухоннаю працай, але ў тым, што Марыя паводзіць сябе падобна мужчыне, а гэта ніяк не ўкладаецца ў разуменьне паводзінаў жанчын у грамадзтве таго часу. Што дазволіла сабе жанчына, калі села да ног Ісуса, каб слухаць Яго? Сядзець каля ног настаўніка было заўсёды прыярытэтам мужчын, якія імкнуліся слухаць і вучыцца ад яго. Саўл з Кілікійскага Тарса сядзеў каля ног равіна Гамалііла, каб вучыцца і самому стаць равінам: «Я Юдэй, нарадзіўся ў Тарсе Кілікійскім, выгадаваны ў гэтым горадзе ў нагах у Гамалііла, рупліва настаўлены ў бацькоўскім законе, шчыры слуга Божы, як і ўсе вы сёньня» (Дзеі 22:3).
У выпадку з Марыяй усё тое ж, бо гэта ня проста цікавасьць, але жаданьне пазнаць Ісуса Хрыста і менавіта таму яна спакойна займае месца будучага прапаведніка Валадарства Божага. Марыя – гэта прадстаўнік усіх тых жанчын, якія слухаючы слова Ісуса пра Божае Валадарства, адчуваюць патрэбу і самім абвяшчаць пра гэта.
«Сталася, што калі Ён у адным месцы маліўся, і перастаў, адзін вучань Ягоны сказаў Яму: Госпадзе! навучы нас маліцца, як і Ян навучыў вучняў сваіх. Ён сказаў ім: калі моліцеся, кажэце: “Ойча наш, Які ёсьць у нябёсах! Хай свяціцца імя Тваё; хай прыйдзе Валадарства Тваё; хай будзе воля Твая і на зямлі, як на небе; хлеб наш надзённы дай нам сёньня і даруй нам грахі нашыя, як і мы даруем кожнаму вінаватаму перад намі; і не дапусьці нас у спакусу, але ратуй нас ад ліхога”» (Лук 11:1-4).
Калі вучні зьвяртаюцца да Ісуса: «Госпадзе! навучы нас маліцца», дык гэта азначае толькі тое, што малітвы Ісуса значна адрозьніваліся ад тых трыдыцыйных, што мелі месца сярод юдэяў. Ён адказвае вучням і тым самым зацьверджвае іхнія зносіны з Сабою і адзін да аднога.
Малітва, якую прапанаваў для нас Ісус – гэта ня проста набор выпадковых прашэньняў, але гэта шлях да Божага Валадарства. Ісус ішоў у Ерусалім, каб зьдзейсьніць новы «Выхад», у выніку якога доўгачаканае Валадарства Божае стане рэальнасьцю. Ён ужо прапанаваў збаўленьне і таму ішоў да Крыжа, каб паставіць кропку ў гэтай справе. Ісус патрабаваў ад вучняў, каб яны, бачачы міласьць да сябе свайго Бога, прабачалі ня толькі адзін аднога, але і ворагаў сваіх. Гэтая малітва выліваецца з місіі Ісуса Хрыста. Яна задумана як універсальная і складзена як узор малітвы для ўсіх пасьлядоўнікаў Хрыста.
Вандроўка Ісуса Хрыста ў Ерусалім – гэта практычнае вучэньне тых, хто ішоў з Ім і за Ім. Мы бачым папярэджаньне вучням пра небясьпечнасьць закваскі фарысейскай; мы бачым прыповесьці Ісуса, якія накірованы на разуменььне Божага Валадарства; мы бачым заклік Хрыста адцурацца ад усяго зямнога, каб ісьці за Ім: «Так кожны з вас, хто не адцураецца ўсяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем» (Лук 14:33); мы бачым аповесьць Ісуса пра блуднага сына, як пра ўсіх нас, якія вяртаюцца да Госпада і атрымліваюць збаўленьне: «А з таго трэба было радавацца і весяліцца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся» (Лук 15:32).
Мы бачым, як адказвае Ісус фарысеям пра іх «праведнасьць»: «Сказаў таксама да некаторых, якія былі ўпэўненыя ў сабе, што яны праведныя, і прыніжалі іншых, наступную прыповесьць: два чалавекі ўвайшлі ў храм памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік. Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: Божа! дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, крыўдзіцелі, блудадзеі, альбо як гэты мытнік: пашчуся два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю. А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вочы да неба; але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: Божа! будзь міласьцівы да мяне, грэшніка! Кажу вам, што гэты пайшоў у дом свой апраўданы болей чым той: бо кожны, хто ўзвялічвае сам сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвысіцца» (Лук 18:9-14).
Завяршаецца вандроўка Ісуса Хрыста праходам праз Ерыхон, дзе Ён дабраслаўляе Закхея і кажа вучням пра руплівасьць у веры: «Кажу вам, што кожнаму, хто мае, дададзена будзе, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае»; «Сказаўшы гэта, Ён пайшоў далей, уваходзячы ў Ерусалім» (Лук 19:26; 28). Ісус кажа, што духоўны здабытак у разуменьні і пазнаньні Бога, ніколі ня зьнікне. Наадварот, мы набываем больш, бо слава Божай спадчыны прыходзіць да нас за нашую руплівасьць. І гэта ёсьць ласка Божая.
• Апошні тыдзень жыцьця Ісуса Хрыста (19:28-23:56).
Аповесьць Лукі пра апошнія дні зямнога жыцьця Ісуса Хрыста даволі падобная на апісаньні гэтых дзён Мацьвея і Марка. Лука кажа пра ўрачысты ўваход Ісуса Хрыста ў Ерусалім, дадаючы да гэтага вельмі цікавую дэталь пра тое, што Ісус заплакаў, калі наблізіўся да горада: «І калі наблізіўся да горада, дык, гледзячы на яго, заплакаў па ім і сказаў: о, калі б і ты ў гэты дзень уведаў, што служыць міру твайму! але гэта схавана сёньня ад вачэй тваіх; бо прыдуць на цябе дні, калі ворагі твае абложаць цябе акопамі, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адсюль, і зруйнуюць цябе, і заб’юць дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе каменя на камені, за тое, што ты не даведаўся часу адведзінаў тваіх» (Лук 19:41-44).
Ісус ужо бачыць разбурэньне Ерусаліма рымскім ваяводам Цітам. Тое, пра што кажа Ісус Хрыстос, ёсьць маральны асьпект храма, які, як той вінаграднік, што аддаецца іншым: «Прыйдзе і загубіць вінаградараў тых і аддасьць вінаграднік іншым. Тыя, што чулі гэта, сказалі: хай ня будзе!» (Лук 20:16).
Ісус уваходзіць у храм і выганяе тых, хто прадавалі ў ім і тых, што куплялі, бо Сын мае права на гэта ў доме Айца Свайго. І ад гэтага дня Ён вучыць у храме, нягледзячы на небясьпеку, якая зыходзіла ад першасьвятароў і старэйшынаў народу: «І вучыў кожны дзень у храме. А першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу намышлялі загубіць Яго, і не знаходзілі, што б зрабіць з Ім, бо ўвесь народ неадступна слухаў Яго» (Лук 19:47-48).
Што ж казаў Ісус народу? Ён казаў пра тую ўладу, з якой Ён вучыць у доме Айца; пра будучы новы храм як Царкву збаўленьня апошняга часу, калі распавядаў прыповесьць пра злых вінаградараў. Ён казаў пра падаткі цэзару і пра тое, што людзям патрэбна аддаваць належнае Богу. Ён казаў пра шлюб і ўваскрасеньне з мёртвых. Ён казаў пра бедную ўдаву як прыклад ахвяраваньня Госпаду, а таксама пра тое, як скончыцца час сьвету і прыйдзе Ісус Хрыстос, каб судзіць народы: «Дык вось, чувайце ва ўсякі час і малецеся, і хай спадобіцеся ўнікнуць усіх гэтых будучых нягодаў і паўстаць перад Сынам Чалавечым» (Лук 21:36).
«Набліжалася сьвята праснакоў, якое называлася Пасхаю; і намышлялі першасьвятары і кніжнікі, як бы загубіць Яго, бо баяліся народу. І ўвайшоў д’ябал ў Юду, празванага Іскарыётам, аднаго з ліку дванаццаці, і ён пайшоў і гутарыў з першасьвятарамі і начальнікамі, як Яго выдаць ім» (Лук 22:1-4).
Мы бачым далей Ісуса Хрыста ў атачэньні вучняў, але ўжо без настаўленьня і прароцтва, а ў прыгатаваньні стаць ахвяраю і даючы ім запавет Сваёй любові. Мы бачым таксама чалавечую нянавісьць, слабавольле вучняў, падступства Юды Іскарыёта, ілжывасьць Пятра і жорсткасьць ворагаў, якія нясуць сьмерць.
Але «набліжалася сьвята праснакоў, якое называлася Пасхаю» і Пётр з Янам пайшлі, каб усё падгатаваць для пасхальнай вячэры: «І калі настала гадзіна, Ён лёг, і дванаццаць апосталаў з Ім, і сказаў ім: вельмі хацеў Я есьці з вамі гэтую пасху раней Маіх пакутаў, бо кажу вам, што ўжо ня буду есьці яе, пакуль яна ня ўчыніцца ў Валадарстве Божым. І ўзяўшы чару і падзякаваўшы, сказаў: прымеце яе і падзялеце паміж сабою; бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Валадарства Божае. І ўзяўшы хлеб і падзякаваўшы, разламаў і падаў ім, кажучы: гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас аддаецца; гэта выконвайце пра ўспамін пра Мяне. Таксама і чару пасьля вячэры, кажучы: гэтая чара ёсьць новы запавет Маёй Крыві, якая за вас праліваецца; і вось, рука прадажніка Майго са Мною за сталом; у астатнім, Сын Чалавечы ідзе, як прадвызначана; але гора таму чалавеку, якім Ён выдаецца» (Лук 22:14-22).
Ісус дае вучням нешта новае, бо падае ім хлеб як Цела Сваё і віно як Кроў Сваю. Больш таго, Ён кажа пра тое, што гэта ёсьць Новы Запавет Крыві Госпада, які разрывае межы Старога Запавета. Ён кажа вучням і пра прадажніка, які знаходзіцца сярод іх.
Вучні выказваюць зьдзіўленьне гэтаму, але ці чыстыя сэрцы маюць яны, калі пачынаюць спрэчку пра тое, хто будзе першым у Валадарстве Божым. Заўважым, што гэта адбываецца на папярэданьні Крыжа – за сталом, дзе Госпад дае ім запэўненьне ў Сваёй любові. Потым Пётр, які ўпэўнівае Ісуса, што гатовы ісьці за Ім нават і на сьмерць – і гэта як раз тое, на што ён зусім ня здольны, бо чуе ад Хрыста: «Кажу табе Пётр, не засьпявае певень сёньня, як ты тройчы зрачэшся, што ня ведаеш Мяне» (Лук 22:34).
Ісус разумее недасканаласьць вучняў Сваіх. Чалавек мае схільнасьць да таго, каб пазьбегнуць непрыемнасьцяў, бо ня церпіць болю і пакутаў. Нават і самы вялікі чалавечы герой ня хоча гэтага, але ня так з Ісусам Хрыстом. Чалавек Ісус Хрыстос спакойна зьдзяйсьняе Сваё служэньне. Ведаючы набліжаючыя падзеі, Ён заклікае вучняў да маленьня, каб тыя ня ўпалі ў спакусу, але выбралі паслушэнства Богу, а не аддаленьне ад Яго.
Мы кажам пра разьвіцьцё падзеяў на гары Аліўнай, куды пайшоў Ісус разам з вучнямі пасьля апошняй вячэры: «І Сам адышоў ад іх – як кінуць каменем, і, схіліўшы калені, маліўся, кажучы: Ойча! о, калі б Ты дабраволіў пранесьці чару гэтую міма Мяне! зрэшты, не Мая воля, а Твая хай будзе. І зьявіўся Яму анёл з нябёсаў і мацаваў Яго. І ў змаганьні ўнутраным руплівей маліўся; і быў пот Ягоны, як кроплі крыві, што падалі на зямлю. Устаўшы з малітвы, Ён прыйшоў да вучняў, і застаў іх у сьне ад смутку, і сказаў ім: што вы сьпіце? Устаньце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу» (Лук 22:41-46).
Ісус з пакораю прымае ўсё тое, на што паказвае Яму рука Айца і не ўхіляецца ад будучых пакутаў. І вось, падыйшоў час улады цемры. Да гэтага моманту дзеячы цемры не маглі нават і крануцца да Яго, але зараз настаў іх час. Справа зроблена і Ісус прымае зьнявагу, ганьбу і пакуты.
«Калі Ён яшчэ казаў гэта, паявіліся людзі, а наперадзе іх ішоў адзін з дванаццаці, называны Юда, і ён падышоў да Ісуса, каб пацалаваць Яго. Бо ён такі даў ім знак: каго пацалую, Той і ёсьць»; «Узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасьвятара. А Пётр ішоў сьледам зводдаль» (Лук 22:47; 54).
Пётр пайшоў за Ім, але ня здолеў пераадоліць тую перашкоду, да якой прывяла ягоная самаўпэўненасьць і ён, які ня здолеў маліцца з Ісусам і заснуў у Гефсіманскім садзе, зараз адрокся ад Яго перад служанкаю. Астатнія ж апосталы проста разьбегліся. Нікога не засталося з тых, хто мог бы сьведчыць на карысьць Ісуса Хрыста. Ён застаўся адзін.
«І як настаў дзень, сабраліся старэйшыны народу, першасьвятары і кніжнікі, і ўвялі Яго ў свой сынедрыён, і сказалі: ці Ты Хрыстос? скажы нам. Ён сказаў ім: калі скажу вам, вы не паверыце; калі ж і спытаюся ў вас, ня будзеце адказваць Мне і не адпусьціце Мяне; ад сёньня Сын Чалавечы сядзе праваруч сілы Божай. І сказалі Яму ўсе: дык Ты Сын Божы? Ён адказваў ім: вы кажаце, што Я. А яны сказалі: якое яшчэ нам трэба сьведчаньне? бо мы самі чулі з вуснаў Ягоных» (Лук 22:66-71).
Пакорны волі Айца, Ісус прымае чашу з Ягоных рук і судзьдзі Ісуса Хрыста толькі спрыяюць выкананьню гэтай волі, бо нясуць Яму гэтую чашу. Ісус сьведчыць, што Ён Сын Божы і праяўляе гэтым Сваю гатоўнасьць да пакутаў. Што тычыцца адказанасьці Ізраіля, дык з гэтым усё стала на свае месцы і Яго ўводзяць да паганаў з тым, каб усё запланаванае Богам споўнілася.
Мы бачым Ісуса Хрыста ня толькі перад Понціем Пілатам, але і перад Ірадам Агрыпай, якія ненавідзелі адзін аднога і якія ў выпадку суда над Ісусам прымірыліся. У выніку Пілат, насуперак свайго сумленьня і спасылаючыся на жаданьне народа, выносіць прысуд для Ісуса Хрыста. Паранены і зьнясілены Ісус, Крыж, які нясе Сымон Кірынеянін на Лобнае месца, плач жанчын, ўкрыжаваньне паміж двух зладзеяў, Ягоныя перадсьмяротныя словы і Ягоная сьмерць – гэта тая карціна апошніх гадзін зямнога жыцьця Ісуса Хрыста, якую малюе нам Лука. Кульмінацыя гэтай падзеі- гэта ўкрыжаваньне і пахаваньне Хрыста. Вельмі важна адзначыць і тыя тры з сямі перадсьмяротных воклічаў Ісуса, якія запісаныя Лукой і не сустракаюцца ў іншых Эвангельлях:
; Ойча! даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць.
; Праўду кажу табе: сёньня ж будзеш са Мною ў раі.
; Ойча! у рукі Твае аддаю дух Мой.
• Уваскрасеньне і наступныя дзеі (24:1-53).
Лука кажа нам пра ўваскрэсеньне Ісуса Хрыста амаль тое ж самае, што Мацьвей і Марк. Але Ён значна дадае да нашага веданьня, калі ўключае ў сваё Эвангельле апавяданьне пра сустрэчу ўваскрослага Ісуса Хрыста і двух вучняў, якія ішлі ў Эмаус. Яны не пазналі Ісуса і пераказалі Яму падзеі апошніх дзён. На што Ён сказаў ім: «О, няцямныя і марудныя сэрцам, каб верыць ва ўсё, што прадказвалі прарокі! Ці ж ня так і належала пацярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю? І пачаўшы ад Майсея, з усіх прарокаў тлумачыў ім сказанае пра Яго ва ўсім Пісаньні» (Лук 24:25-27).
Гэта вельмі і вельмі важнае пасланьне Лукі, бо Ісус Хрыстос даў ім і ўсім наступным пакаленьням хрысьціянаў ключ да тлумачэньня Пісаньня, калі казаў пра сказанае пра Яго ва ўсім Пісаньні.
«І сказаў ім: вось тое, што, пра што Я вам казаў яшчэ калі быў з вамі, што належыць спраўдзіцца ўсяму, напісанаму пра Мяне ў законе Майсеевым і ў прароках і ў Псальмах. Тады адчыніў ім розум на ўразуменьне Пісаньняў і сказаў ім: так напісана і так належала адпакутаваць Хрысту і ўваскрэснуць з мёртвых на трэці дзень, і абвешчаным быць у імя Ягонае пакаяньню і дараваньню грахоў ува ўсіх народаў, пачынаючы з Ерусаліма» (Лук 24:44-47).
Гэта словы Ісуса Хрыста да адзінаццаці апосталаў, дзе Ён патлумачыў ім Сваё ўкрыжаваньне і ўваскрэсеньне і даў ім даручэньне абвяшчаць пакаяньне і дараваньне грахоў у імя Ісуса па ўсёй зямлі.
Асоба Ісуса Хрыста зяўляецца галоўнай тэмай і цэнтрам усёй Бібліі. І таму мы павінны ведаць, што правільнае разуменьне і тлумачэньне Пісаньня можа быць толькі тады, калі мы імкнемся заўсёды і ва ўсім бачыць Яго – Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Свидетельство о публикации №226050801371