Евангелие от Иоанна
«І Слова Целам сталася, і пасялілася між нас, поўнае ласкі і праўды, і мы бачылі славу Яго, славу, як Адзінароднага ў Айца» (Ян 1:14).
Вядома, што сымбалем Эвангельля паводле Яна ў першыя часы хрысьціянства быў арол. І гэта зусім не выпадкова, Падаецца, што большасьць з нас пагадзіцца з гэтым сымбалем, бо пагадзіцца з тым, што гэтая аповесьць абуджае наш розум і таму нашае сэрца, падобна арлу, парыць у вышыні.
Эвангельле паводле Яна мае асобны характар, бо значна адрозьніваецца ад трох іншых Эвангельляў. Яно не распавядае пра нараджэньне ў гэты сьвет Ісуса Хрыста як нашчадка валадара Давіда. Яно не прасочвае радавод Ісуса да Адама, каб падкрэсьліць Яго чалавечае паходжаньне. Яно не акцэнтуе нашу ўвагу на Сыне Чалавечым, Які прыйшоў не для таго, каб служылі Яму, але каб паслужыў Ён для збаўленьня многіх.
Эвангельле паводле Яна – гэта адна з самых любімых кніг Новага Запавета. І недарма, бо, на пэўнай ступені ўспрыманьня, гэтае Эвангельле самае простае і дасягальнае, але ў той жа час – самае складанае і глыбокае. Здаецца, што будзе дарэчным нагадаць словы Марціна Лютара пра тое, што Эвангельле паводле Яна – адзінае, пяшчотнае і сапраўднае галоўнае Эвангельле. Мы адчуваем у словах Яна тое, што ён быў вельмі блізкім да Ісуса Хрыста і ўсё сваё доўгае жыцьцё ўспамінаў, аналізаваў і перажываў усё сказанае ды зробленае Хрыстом. Менавіта па гэтай прычыне мы бачым жывога Ісуса, Які напаўняе сьвятлом і цяплынёй кожнага, хто разгортвае Новы Запавет на старонцы, дзе пачынаецца Эвангельле паводле Яна.
Ян, аўтар гэтага Эвангельля, быў сынам рыбака Зэбедэя – чалавека нябеднага, бо, як мы чытаем у Марка, меў сваіх наёмных работнікаў. Ян быў пакліканы Ісусам Хрыстом разам з братам сваім Якубам: «І прайшоўшы адтуль далей, Ён угледзеў Якуба Зэбедэева і Яна, брата ягонага, таксама ў лодцы; яны ладзілі мярэжы, і адразу заклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбедэя ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім» (Мар 1:19-20).
Напісаньне Янам Эвангельля датуецца прыкладна 90 годам ад Р.Х. Лічыцца, што яно было накірована перш за ўсё хрысьціянам Эфеса, каб упэўніць людзей паверыць у Яго: «А гэта напісана, каб вы ўверавалі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і, веруючы, мелі жыцьцё вечнае ў імя Ягонае» (Ян 20:31).
Эвангельле паводле Яна было напісана амаль праз шесьцьдзесят гадоў пасьля сьмерці і ўваскрэсеньня Ісуса Хрыста. І за гэты час зьявілася даволі многа ілжэвучэньняў, якія падвяргалі сумненьню асноўныя факты зямнога жыцьця Хрыста. Ян, як блізкі да Ісуса Хрыста чалавек, напісаў Эвангельле, каб упэўніць чытачоў ня слухаць ілжэвучыцелей, а слухаць яго – непасрэднага сьведку жыцьця, сьмерці і ўваскрасеньня Ісуса Хрыста. Ян заклікае «ўвераваць», што таксама азначае «каб вы працягвалі верыць». І таму можна заўважыць, што асноўнае слова Эвангельля – «верыць», якое сустракаецца ў гэтай кнізе 98 разоў.
Асаблівасьцю Эвангельля паводле Яна зьяўляецца тое, што мы знаходзім у ім сем выслоўяў Ісуса Хрыста са словам ці сэнсам «Я ёсьць»:
; «Я ёсьць хлеб жыцьця» (Ян 6:35).
; «Я – сьвятло сьвету» (Ян 8:12).
; «Я - дзьверы авечкам» (Ян 10:7).
; «Я – Пастыр Добры» (Ян 10:11).
; «Я – уваскрасеньне і жыцьцё» (Ян 11:25).
; «Я – і шлях, і праўда, і жыцьцё» (Ян 14:6).
; «Я – сапраўдная вінаградная лаза» (Ян 15:1).
Трэба адзначыць яшчэ адну асаблівасьць гэтага Эвангельля – узгадваньне слова «юдэй», якое сустракаецца 71 раз. Для параўнаньня. Мацьвей узгадвае гэтае слова толькі аднойчы, а Марк і Лукаш па два разы. Але гэта ніяк не азначае нешта асаблівае, бо ўсе чатыры Эвангельлі – гэта чатыры паўнавартыя старонкі адной Божай кнігі – Добрая Вестка пра Ісуса Хрыста.
Эвангельле паводле Яна можна падзяліць на пяць частак: Уводзіны (1:1-18); Грамадзкае служэньне Ісуса Хрыста (1:19-12:50); Служэньне Ісуса Хрыста вучням (13:1-17:26); Укрыжаваньне і ўваскрэсеньне Ісуса Хрыста (18:1-20:29); Заключная частка (20:30-21:25).
• Уводзіны (1:1-18).
«На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам. Яно было на пачатку ў Бога: усё праз Яго пачалося, і без Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць. У Ім было жыцьцё, і жыцьцё было сьвятлом людзей. І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго» (Ян 1:1-5).
Усхваленьне Бога ад пачатку ўсяго да Яго велічы вельмі падобна на ўрачыстую песьню ці гімн. Менавіта так пачынае Ян сваё Эвангельле. «На пачатку было Слова». Калі мы пачынаем чытаць і прамаўляем «На пачатку», дык аўтаматычна вяртаемся да кнігі Быцьця: «На пачатку стварыў Бог неба і зямлю» (Быц 1:1).
Так пачынаецца Стары Запавет. Ян вяртае нас да гэтага, каб мы чыталі яго кнігу, як частку гісторыі пра Бога і сьвет, створаны Ім. Кніга Быцьця дае нам гісторыю сьвету ў часе. Ян дае гісторыю Слова, Якое існавала ў вечнасьці яшчэ да таго, як быў створаны сьвет і час. Гісторыя Слова – гэта і ёсьць Эвангельле паводле Яна, якое пачынаецца да Быцьця і паказвае, як Слова стала целам.
«Слова было ў Бога, і Слова было Богам». Каб зразумець гэтую праўду, трэба зьвярнуцца да нашага фізічнага жыцьця і на асабістым прыкладзе разгледзець існаваньне нашага чалавечага слова. Калі мы нешта прамаўляем, дык з нас выходзіць нейкае слова. І гэтае слова ёсьць неадемная частка нас саміх. Чаму? Таму што пры фармаваньні і нараджэньні гэтага слова ўдзельнічаюць шмат якія органы і часткі нашага цела. Больш таго, мы нясем адказнасьць за гэтае сфармаванае ўнутры нас слова, якое нясе ў сабе пэўную сілу і ўзьдзейнічае тым ці іншым чынам на іншых людзей.
Нашыя словы спараджаюць нейкія жыцьцёвыя сітуацыі, бо людзі рэагуюць на іх. Словы ўваходзяць у іхнюю памяць і працягваюць сваё ўзьдзеяньне нават і праз пэўны час. Чалавечае слова мае пэўную сілу. А Слова Бога? Яно ёсьць частка Бога, а значыць Слова ёсьць Бог. І калі ўлічыць вечнасьць, праведнасьць і сьвятасьць Бога, дык Слова ад Бога мае вечную, праведную і сьвятую стваральную сілу, што мы і бачым пры стварэньні сьвету: «Усё праз Яго пачалося, і без Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць. У Ім было жыцьцё, і жыцьцё было сьвятлом людзей».
Стары Запавет дае нам шмат прыкладаў, калі Бог дзейнічае «словам». Бог кажа і гэта становіцца: «І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло» (Быц 1:3). Толькі першы разьдзел кнігі Быцьця дае нам дзевяць такіх прыкладаў. У кнізе Псальмаў мы чытаем: «Словам Госпада створаны нябёсы, і духам вуснаў Ягоных – усе сілы нябесныя» (Пс 32:6). Прарок Ісая кажа: «Трава жухне, кветка вяне, а слова Бога нашага жыцьме вечна» (Іс 40:8). Слова выходзіць з вуснаў Бога і нясе жыцьцё, ацаленьне і надзею ўсяму стварэньню. Менавіта такім чынам і хоча Ян патлумачыць нам, хто ёсьць для нас Ісус Хрыстос.
«І Слова Целам сталася, і пасялілася між нас, поўнае ласкі і праўды». Слова стала целам, стала чалавекам, адным з нас – Ісусам Хрыстом. Гэта і ёсьць асноўная тэма Эвангельля. Ісус атаясамляецца са Словам, Якое нясе ў Сабе жыцьцё і сьвятло. Яшчэ да пачатку тварэньня Слова кінула выклік цемры і працягвае барацьбу з гэтай цемрай, якая запоўніла сэрца чалавека. Слова заклікала да новага жыцьця Сваё стварэньне. І таму Бог паўтарае: «Хай будзе сьвятло».
Бог пасылае сьвятло ў сьвет, але сьвет не пазнае Яго, свае не пазнаюць Яго: «У сьвеце было, і сьвет праз Яго пачаў быць, і сьвет Яго не пазнаў; прыйшоў да сваіх, і свае Яго не прынялі» (Ян 1:10-11).
Гэта значыць, што Слова зьвяртаецца ў першую чаргу да Ізраіля, але ён не пазнае Яго. І гэта тая праблема, на якой грунтуецца апавяданьне Яна. Ісус прыйшоў да народа Божага, але той зрабіў так, як рабіў і ўвесь астатні сьвет. Народ Божы выбраў цемру, а не сьвятло. Але праблема вырашаецца тым, што Ён дае нам ласкуу звыш закона Майсея: «І ад паўнаты Яго ўсе мы прынялі і ласку на ласку; бо закон дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста» (Ян 1:16-17).
Мы разумеем, што закон Майсея паказвае дакладны накірунак, але, падобна Майсею, ён не прыводзіць нас у зямлю абяцаную. І каб папасьці туды, патрэбны праўда і ласка, якія сталіся праз Ісуса Хрыста, Сына Божага.
Але да гэтага Ян зьвяртаецца да ўсіх нас і гэта ёсьць вельмі важны момант у гэтай частцы Эвангельля: «А тым, якія прынялі Яго, веруючым у імя Ягонае, даў уладу быць дзецьмі Божымі, якія не ад крыві, ні ад хаценьня цела, ні ад хаценьня мужа, а ад Бога нарадзіліся» (Ян 1:12-13).
І таму ўсё роўна, у якой сям’і мы нарадзіліся ці ў якой краіне. Бог хоча зрабіць так, каб кожны чалавек нарадзіўся наноў і ўвайшоў у сям’ю, пачатак якой паклаў Ён у Ісусе Хрысьце і якая з тых часоў расьце і павялічваецца ва ўсім сьвеце. Кожны чалавек мае ўладу стаць сынам Божым ці дачкой Божай. На гэтай зямлі нешта можа здарыцца з чалавекам, у выніку чаго ён стане новым стварэньнем, веруючым «у імя Ягонае». Якім чынам? Давайце чытаць далей і мы ўбачым, як паступова, крок за крокам, Ян распавядае нам пра гэта.
• Грамадзкае служэньне Ісуса Хрыста (1:19-12:50).
Грамадзкае служэньне Хрыста пачынаецца з хросту ў Яна Хрысьціцеля пра якога сказана ў Эвангельлі: «Быў чалавек пасланы ад Бога; імя яму Ян; ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыць пра Сьвятло, каб усе ўверавалі праз Яго; ён ня быў сьвятло, а быў пасланы, каб сьведчыць пра Сьвятло» (Ян 1:6-8).
Гэта тое Божае прызначэньне, якое Ян Хрысьціцель павінен быў выканаць у сваім служэньні і які зьявіўся перад людзьмі даволі «дзіўным» чалавекам. Дзе ён жыў, як апранаўся і чым харчаваўся мы ўжо чыталі ў папярэдніх Эвангельлях.
Ян не дае нам гэтага, як не дае і самой працэдуры хросту, але ён паказвае Хрысьціцеля з іншага «дзіўнага» боку: «І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі прыслалі з Ерусаліма сьвятароў і лявітаў спытацца ў яго: хто ты? Ён вызнаў і ня выракся, і вызнаў: я не Хрыстос. І спыталіся ў яго: а што? ты Ільля? Ён сказаў: не. Прарок? Ён адказаў: не. Сказалі яму: хто ж ты? каб даць нам адказ тым, што паслалі нас; што ты скажаш пра самога сябе? Ён сказаў: я голас таго, хто кліча ў пустыні: папраўце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая. А пасланцы былі з фарысеяў» (Ян 1:19-24).
А што тут дзіўнага запытае нехта? Ну сказаў чалавек праўду, што ня быў ён ні Хрыстом, ні Ільлёй, ні прарокам. Нармальна ўсё. Так, у шчырасьці Яну Хрысьціцелю адмовіць складана і гэта, дарэчы, прыклад для ўсіх сучасных людзей, а асабліва для тых, хто знаходзіцца пры ўладзе. Ці змогуць яны адмовіцца ад розных тытулаў і пашаны, да якіх яны, па вялікім рахунку, ня маюць і дачыненьня?. Але вернемся да Яна.
Сьвятары і лявіты былі пасланыя фарысеямі, вельмі ўплывовай рэлігійнай групоўкай таго часу. Яны вельмі ўважліва сачылі за настроем народу і калі нейкі чалавек ябвяшчае сябе весьнікам Госпада і акунае людзей у ваду, такім чынам хрысьцячы на пакаяньне грахоў, дык гэта наводзіць на пэўныя думкі. Тым больш, што Пісаньне нічога ня кажа пра прарока, які акунае людзей у ваду на пакаяньне грахоў. Дык у чым жа справа? А справа ў тым, што ён гатуе людзей да прыходу кагосьці іншага: «Ян сказаў ім у адказ: я хрышчу ў вадзе; але стаіць сярод вас Той, Каго вы ня ведаеце; вось Ён Той, Хто ідзе за мною, але Які апярэдзіў мяне: я ня варты развязаць рэмень на абутку Ягоным» (Ян 1:26-27).
І адзіны тытул, на які Ян прэтэндуе – гэта «голас», бо хрысьціць па Божаму загаду: «У пустыні падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце у стэпе сьцежкі Богу нашаму; кожны дол хай напоўніцца, і кожная гара і пагорак хай панізяцца, крывізны выпрастуюцца, і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі; і зьявіцца слава Госпадава, і ўбачыць кожная цела выратаваньне Божае; бо вусны Госпадавы мовілі гэта» (Іс 40:3-5).
Наогул, Ян Хрысьціцель – гэта вялікі прыклад для ўсіх прапаведнікаў хрысьціянства, якія павінны вучыцца ў яго быць пакорным і сьціплым у сваім жыцьці і служэньні: «Бо мы не сябе прапаведуем, а Хрыста Ісуса, Госпада; а мы – нявольнікі вашыя дзеля Ісуса, таму што Бог, Які сказаў зазьзяць з цемры сьвятлу, азарыў нашыя сэрцы, каб прасьвятліць нас пазнаньнем славы Божай у асобе Ісуса Хрыста» (2 Кар 4:5-6).
«І сьведчыў Ян, кажучы: я бачыў Духа, што сыходзіў з неба, як голуб і быў Ён на Ім; я ня ведаў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысьціць у вадзе, сказаў мне: на каго, убачыш, сыходзіць Дух і застаецца на Ім, Той ёсьць – Хто хрысьціць Духам Сьвятым; і я бачыў і засьведчыў, што Гэты ёсьць Сын Божы» (Ян 1:32-34).
Гэтыя словы Яна Хрысьціцеля і даюць пачатак грамадзкага служэньня Ісуса Хрыста, бо пасьля іх да Хрыста прыцягваюцца першыя вучні: «Адзін з двух, што чулі пра Ісуса ад Яна і што пайшлі сьледам за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра. Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: мы знайшлі Мэсію, што азначае: Хрыстос. І прывёў яго да Ісуса. Ісус зірнуўшы на яго сказаў: ты Сымон, сын Ёнін; ты назавешся Кіфа, што азначае: камень (Пётр)» (Ян 1:40-42). На другі дзень Ісус пачынае заклікаць і іншых ісьці за Ім. Ён кажа гэта Філіпу, праз якога Ісус зьвяртаецца і да Натанаіла, які вызнае Яго Сынам Божым і Валадаром Ізраіля. Яны ідуць у Галілею.
«На трэці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай, і маці Ісусава была там» (Ян 2:1). Вельмі важны момант на пачатку служэньня Ісуса, бо менавіта тут мы ўбачым першы цуд ад Хрыста. Але, што ёсьць цуд, як ня той момант, калі зямля аб’ядноўваецца з нябёсамі. Для Яна так і ёсьць, бо для яго цуды Хрыста – гэта момант, калі нябеснае жыцьцё аб’ядноўваецца з зямным. Ці не таму Ян кажа: «І Слова стала целам»? Сама ж гісторыя вясельля ў Кане нясе ў сабе ўсе часткі, якія мы будзем бачыць на працягу далейшага чытаньня Эвангельля паводле Яна. Мы бачым цуд ператварэньня, калі людзі выконваюць Ягоны загад і як у гэтым выпадку ў нашую жыцьцёвую рэальнасьць уваходзіць новае вымярэньне.
Ісус прысутнічае на вясельлі разам са Сваёй маці. Ён адказвае маці на яе заўвагу пра тое, што няма віна на вясельлі: «Што Мне і Табе жанчына? яшчэ не прыйшла гадзіна Мая» (Ян 2:4). Але Ісус не адмовіўся і ператварыў ваду ў віно. Чаму? Безумоўна не таму, што Ісус выканаў матчыну волю. Ён выканаў волю Айца і паказаў, што вясельле ў Кане – гэта прадчуваньне вялікага нябеснага сьвята, якое чакае народ Божы, а каменныя посуды для ачышчэньня – гэта азнака таго, што Госпад стварае нашта новае ўнутры старой гебрайскай веры і дае Ізраілю і ўсяму сьвету новае ачышчэньне.
Ператварэньне вады ў віно – гэта яшчэ і сымбаль таго ператварэньня, якое Ісус зьдзяйсьняў і зьдзяйсьняе ў жыцьці сучасных людзей, бо Ён прыйшоў, каб мы мелі жыцьцё ва ўсёй сваёй паўнаце. Наступны і апошні раз мы ўбачым Марыю, на старонках гэтага Эвангельля, толькі каля Крыжа Ісуса Хрыста, калі Ён скажа ёй зьвяртаючыся да Яна: «Жанчына! вось сын Твой. Потым кажа вучню: вось, Маці твая! І з гэтага часу вучань гэты ўзяў яе да сябе» (Ян 19:26-27).
Грамадзкае служэньне Ісуса Хрыста можна падзяліць на дзьве часткі: першая частка (1:19-4:54) і другая частка (5:1-12:50).
Першая частка служэньня Хрыста характарызуецца тым, што Ён яўляе Сябе многім людзям, у тым ліку і вялікім скупнасьцям людзей. Мы ўжо бачылі сустрэчу Ісуса з Янам Хрысьціцелем і ягонымі вучнямі; мы бачылі і першых вучняў Ісуса Хрыста; мы бачылі першы цуд у прысутнасьці вялікай колькасьці людзей на вясельлі ў Кане Галілейскай. І вось, Ісус ідзе ў Ерусалім, дзе Ён у прысутнасьці вучняў і вялікай колькасьці народу ачышчае храм (2:13-21).
Ісус сустракаецца з членам сынедрыёна Нікадымам (3:1-21), у размове з якім Ён паказвае сваё бачаньне ўнутранага стану чалавека. Начны прыход Нікадыма да Ісуса – гэта сымбаль выхаду з цемры невуцтва, зла і сьмерці да сьвятла ведаў, праўды і жыцьця. Ісус кажа Нікадыму нешта «дзіўнае», бо прапануе яму нарадзіцца наноў: «Праўду, праўду кажу табе: калі хто не народзіцца з гары, ня можа ўбачыць Валадарства Божага» (Ян 3:3).
Нікадыму гэта чуць вельмі дзіўна, бо для гебрая было вельмі важным нарадзіцца ў «правільнай сям’і», каб лічыцца нашчадкам Абрагама. Ісус жа кажа пра тое, што Бог мае намер стварыць Сабе новую сям’ю і паходжаньня ад Абрагама ўжо недастаткова. Трэба нарадзіцца наноў (звыш) праз хрост вадою і Духам. Вадою, каб прыняць Валадарства Божае і Духам Сьвятым, каб прыняць новае жыцьцё, якое нараджаецца ў сэрцы чалавека І гэты дар Ісуса Хрыста – галоўная тэма Эвангельля паводле Яна.
Ідучы ў Галіллею праз Самарыю, Ісус, па асабістай ініцыятыве, пачынае размову з Самаранкай. Ён не знайшоў цьвёрдай веры ў Юдэі і таму Ён ідзе ў Галілею. Але Ён прыпыняецца ў Самарыі для збаўленьня гэтых людзей. Мы ведаем, што гебраі ненавідзелі самаранаў, але Бог любіць усіх і хоча збавіць усіх. Ісус кажа жанчыне тое, што яна не казала Яму: «Бо ў цябе было пяць мужоў, і той, якога сёньня маеш, ня муж табе; гэта слушна ты сказала» (Ян 4:18).
Пяць мужоў Самаранкі. Ці не паказваюць яны нам пра пяць кніг Майсея, якія і самаране выкарыстоўвалі ў якасьці свайго веравучэньня і абраднасьці? І ці не паказвае нам сёняшні яе грамадзянскі муж адступніцтва самаран ад юдаізма? Але Ісус кажа вучням пра жатву як пра вечнае жыцьцё для тых самаранаў, якія прыйшлі, каб паслухаць і паверыць у Яго. Ісус сеяў. Ён пачаў Сваю працу, а вучні будуць жаць і завершаць гэтую працу ў сваёй місіі дабравесьця.
Ісус завяршае першую частку грамадзкага служэньня ацаленьнем сына ўрадоўца ў Капернауме: «Ісус сказаў яму: вы ня ўверуеце, калі ня ўбачаце азнакаў і цудаў. Урадовец кажа Яму: Госпадзе! прыйдзі, пакуль не памёр сын мой. Ісус кажа яму: ідзі, сын твой здаровы. Той паверыў слову, якое сказаў яму Ісус, і пайшоў»; «І ўвераваў сам і ўвесь дом ягоны. Гэты другі цуд учыніў Ісус, вярнуўшыся з Юдэі ў Галілею» (Ян 4:48-50; 4:53:54).
Калі рэальнае здарэньне – ацаленьне, якое здарылася на вялікай адлегласьці ад хворага пацьвердзілася, дык увераваў ня толькі бацька, але і ўся ягоная сям’я. Слова Ісуса стала целам. Той жа самы выклік дае нам Эвангельле і сёньня, бо сапраўдная вера шукае схаванае ў Слове, як і тое, што Бог абдымае сьвет Сваёй любоўю, каб мы навучыліся любіць і вяртаць сваю любоў Богу, Які нас любіць.
Другая частка грамадзкага служэньня Ісуса Хрыста – гэта стварэньне іншых цудаў, якія злуюць рэлігійных кіраўнікоў як на месцах, так і ў Ерусаліме. У гэтай частцы Эвангельля мы бачым тое, чаго няма ў папярэдніх Эвангельлях. Мы бачым ацаленьне паралізаванага і наступная за гэтым спрэчка пра суботу: «І пачалі Юдэі перасьледаваць Ісуса і намышляць забіць Яго за тое, што Ён рабіў такія дзеі ў суботу» (Ян 5:16).
Вельмі важны момант, бо гебрайскі закон дазваляе ацаленьне хворага толькі ў выпадку небясьпекі для жыцьця чалавека. Але Ісус параўноўвае Сваю працу з працаю Айца, Які можа рабіць Свае цуды і даваць Свае дабраславеньні ва ўсякі дзень тыдня. Падобным параўнаньнем Ісус ставіць Сябе ў роўнасьць да Бога, а гэта ніяк не зразумела фарысеям і таму нараджае жаданьне да сьмяротнага пакараньня.
Далей мы бачым пропаведзь пра хлеб жыцьця, ацаленьне сьляпога і спрэчкі з юдэямі. Мы бачым слова пра добрага пастыра, пра хлеб жыцьця, сьвятло сьвету і ўваскрасеньня Лазара: «І выйшаў памерлы, абвіты па рукам і нагам пахавальным палатном, і твар у яго быў абвязаны хусткай. Ісус кажа ім: разьвяжэце яго, хай ідзе. Тады многія Юдэі, што прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўтварыў Ісус, уверавалі ў Яго» (Ян 11:44-45).
Заўважым, што ўваскрасеньне Лазара зьяўляецца вельмі значнай зьяваю ў гебрайскім грамадзтве. І вось чаму. Гебраі верылі, што дух памерлага чалавека лунае над целам тры дні, пасьля чаго пакідае яго, згубіўшы надзею вярнуцца ў яго. Нагадаем, што Лазар быў мёртвым ужо чатыры дні, што надае зьяве ўваскрасеньня статус цуда. Тым больш, што Лазар выходзіць з труны толькі па слову Ісуса, увасобленага Слова.
Уваскрэсеньне Лазара і сталася той кропляй, за якой пасьпявае змова першасьвятароў і фарысеяў супраць Ісуса Хрыста, за якой пачынае праглядацца Крыж нашага збаўленьня: «Тады першасьвятары і фарысеі сабралі нараду і казалі: што нам рабіць? Гэты чалавек многа цудаў творыць: калі пакінем Яго так, дык усе уверуюць у Яго, - і прыйдуць Рымляне і забяруць і месца наша і народ. А адзін з іх, нехта Каяфа, які быў на той год першасьвятаром, сказаў ім: вы нічога ня ведаеце; падумайце, што лепей нам: каб адзін чалавек памёр за людзей, ці каб увесь народ загінуў. Сказаў жа ён гэта не ад сябе, а як што быў на той год першасьвятаром, прадказаў, што Ісус памрэ за народ, і ня толькі за народ, а каб і расьсеяных дзяцей Божых сабраць усіх разам. З гэтага дня пастанавілі забіць Яго» (Ян 11:47-53).
Першасьвятары і фарысеі былі ўпэўнены ў тым, што калі дазволіць Ісусу працягваць Сваю дзейнасьць, дык катастрофа непазьбежная. Ацаляць хворых (няхай і ў суботу) – гэта яшчэ не бяда, але ўваскрашаць мёртвых пры шматлікіх сьведках, якія разьнясуць гэтыя зьвесткі па ўсіх кутках краіны, – гэта ўжо занадта. Дзе гарантыя таго, што Ісус такім чынам не зьбірае прыхільнікаў, каб пайсьці ў Ерусалім і захапіць уладу? Калі гэта так, дык рымскае войска зьнішчыць і тую рэшту нацыянальнай і рэлігійнай свабоды, якую яшчэ меў народ Ізраіля. Зразумела, што ў план Ісуса Хрыста зусім не ўваходзіла палітычная рэвалюцыя, бо Сваю перамогу Ён атрымае з дапамогаю ахвярнай любові, а ня звыклым гвалтоўным дзеяньнем.
Ісус не зьбіраўся зьвяргаць зямныя валадарствы, каб усталяваць Божае Валадарства. Ягоная перамога не такая. Ён будзе «узьнесены» на Крыж, як быў узьнесены Майсеем зьмей у пустыні: «І як Майсей падняў зьмяю ў пустыні, так мае быць падняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае» (Ян 3:14-15). І вось, Ён мірна ідзе ў Ерусалім.
• Служэньне Ісуса Хрыста вучням (13:1-17-26).
«Перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла гадзіна Ягоная перайсьці ад сьвету гэтага да Айца, паказаў справаю, што, палюбіўшы Сваіх сутных у сьвеце, да канца палюбіў іх» (Ян 13:1).
Ян пераключае ўвагу на служэньне Ісуса асобным людзям – сваім вучням. Сваёй любоўю і Сваім жыцьцём. Наогул, заўважым тое, што Ян паказвае ўсе самыя значныя здарэньні ў зямным служэньні Ісуса Хрыста ў сувязі з Пасхай. Ад пачатку Ён быў названы пасхальным Ягнём. На Пасху Ён прарочыў пра разбурэньне храма. І калі Ён казаў пра аднаўленьне, Ён меў на ўвазе храм Свайго Цела: «А Ён казаў пра храм Цела Свайго. А калі ўваскрос Ён з мёртвых, дык вучні Ягоныя, успомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісаньню і слову, якое сказаў Ісус» (Ян 2:21-22).
Добры Пастыр. І няма большай любові, як пакласьці Сваё жыцьцё за Свае авечкі. І вось Слова – Ісус Хрыстос, прыйшоў ад Бога, каб абмыць нам ногі. Вось у чым веліч Госпада. Абмыцьцё ног і наступнае ўкрыжаваньне – гэта той адзіны спосаб, каб паказаць Бога так, які Ён ёсьць.
Але, вось Пётр. Ён супрацівіцца абмыцьцю ног, як супрацівіцца і ўкрыжаваньню Ісуса Хрыста. Ён не разумее ўчынкаў Ісуса, як не разумеюць і іншыя вучні таго, што хоча зрабіць Ісус і тое, чаму гэта неабходна зрабіць. Ісус абмыў Сваім вучням ногі і патлумачыў, што тым самым Ён дае ім прыклад для перайманьня: «Дык вось, калі Я, Госпад і Настаўнік, абмыў ногі вам, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму: бо Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі тое самае, што Я зрабіў вам» (Ян 13:14-15).
Пасьля гэтага Ісус, даволі жорстка, папярэджвае: «Праўду, праўду кажу вам: раб ня большы гаспадара свайго, і пасланец ня большы за таго, хто паслаў яго» (Ян 13:16). Чаму гэта кажа Ісус і да каго Ён зьвяртаецца? Да нас. Каб нас не адолела гордасьць. Калі ў сучаснай царкве зьдзяйсьняецца абрад абмыцьця ног, дык гэта не павінна быць той падзеяй, калі зацьверджваецца статус духоўнага правадыра царквы, бо Ісус рабіў гэта як раб ці слуга. Што запаведаваў і нам. І той, хто пойдзе за Ісусам, выконваючы любую працу, якую Ён даручыць нам выконваць у Сваім Духе і Сваёй любові, атрымае асаблівы статус, бо кожны прымаючы гэта, аказвае гасьціннасьць Ісусу і Таму, Хто Яго паслаў.
Ісус дае вучням Сваім вучэньне, якое насычана клопатам і суцяшэньнем: «Хай не бянтэжыцца сэрца ваша; веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце. У доме Айца Майго прыстанішча многа, а калі б ня так, Я сказаў бы вам: Я іду падрыхтаваць месца вам. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і вазьму вас да Сябе, каб і вы былі, дзе Я» (Ян 14:1-3).
У тую ноч Ісус маліўся разам з вучнямі, калі яны ішлі ў Гефсіманскі сад, дзе Яго і ўзялі пад варту. Гэтая цудоўная малітва складаецца з трох частак: малітва Ісуса за Самога Сябе (17:1-5); за вучняў Сваіх (17:6-19); і за тых, хто ў будучым будзе Ягоным пасьлядоўнікам (17:20-26).
«Пасьля гэтых словаў Ісус узьвёў вочы Свае да неба і сказаў: «Ойча! Прыйшла гадзіна. Праслаў Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе, бо Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб усяму, што Ты даў Яму, Ён даў жыцьцё вечнае. А гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Таго, Каго Ты паслаў, — Ісуса Хрыста. Я праславіў Цябе на зямлі, скончыў справу, якую Ты даў Мне зрабіць. Дык цяпер праслаў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Самога той славаю, якую Я меў у Цябе раней, чым сьвет быў.
Ісус моліцца! Мы і раней ведалі пра малітвы Ісуса, але ня ведалі як і пра што за невялікім выключэньнем. Сама малітва – гэта наяўнае сьведчаньне Ягонага зьвязу з Айцом і той блізкасьці, пра якую мы ўжо неаднаразова чулі. Служэньне Ісуса на зямлі падыходзіць да завяршэньня, але Яму мае быць прайсьці праз вялікае пакутлівае выпрабаваньне, якое чакае Яго гэтай ноччу і на наступны дзень. Ён просіць Айца ўзьнесьці Яго і праславіць Яго, як і Ён праславіў Айца, бо новае жыцьцё нараджаецца ў сьвет праз Ісуса Хрыста і прыходзіць Валадарства Божае.
Ісус моліцца за вучняў Сваіх і аддае іх ва ўладу Айца, Які паклапоціцца пра іх: «Я зьявіў імя Тваё людзям, якіх Ты Мне даў са сьвету. Яны былі Твае, і Ты іх даў Мне, і яны захавалі слова Тваё. Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, гэта ад Цябе. Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны ўзялі і сапраўды зразумелі, што Я ад Цябе зыйшоў, і паверылі, што Ты Мяне паслаў. Я за іх прашу, не за сьвет прашу, але за тых, якіх Ты даў Мне, бо яны Твае. І ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і ў іх Я ўславіўся. І Я ўжо не ў сьвеце, але яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Ойча сьвяты! Захавай іх у імя Тваё, тых, якіх Ты Мне даў, каб яны былі адно, як і Мы. Калі Я быў з імі ў сьвеце, Я захоўваў іх у імя Тваё; тых, якіх Ты Мне даў, Я захаваў, і ніхто з іх не загінуў, акрамя сына загубы, каб споўнілася Пісаньне. Цяпер жа Я да Цябе іду і гэта кажу ў сьвеце, каб яны мелі радасьць Маю ў сабе поўную. Я даў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзеў іх, бо яны не са сьвету, як і Я не са сьвету. Не прашу, каб Ты ўзяў іх са сьвету, але каб захаваў іх ад зла. Яны не са сьвету, як і Я не са сьвету. Асьвяці іх у праўдзе Тваёй! Слова Тваё — праўда. Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, так і Я паслаў іх у сьвет. І за іх Я пасьвячаю Сябе, каб і яны былі асьвечаны ў праўдзе» (Ян 17:6-19).
Гэта і ёсьць другая частка апошняй малітвы Ісуса Хрыста, якая накірована да Айца і просіць абараніць Ягоны народ ад зла і нядобрага гэтага сьвету, бо хоча, каб Ягоныя вучні сталі сьвятым народам у самым правільным сэнсе гэтага слова.
Многія вякі гэтую малітву паўтаралі сьвятары і настаўнікі, просячы перад Госпадам за сваіх людзей. І не дарма. Але гэтую малітву можа паўтараць кожны хрысьціянін па асобку і ад асабістага імя. Дастаткова зьмяніць літару «Я» і слова «Мне»на імя Ісуса Хрыста, а таксама «мы» замест «яны» і вось яна – нашая малітва да Госпада. Але будзем уважлівы, бо гэта вельмі сур’ёзная малітва, таму што гэтыя словы прамаўляліся Хрыстом за нас і для нас.
І вось яна, трэцяя частка малітвы Ісуса Хрыста да Айца. За ўсіх нас, ва ўсе вякі: «Не за іх жа толькі прашу, але і за тых, якія павераць у Мяне праз слова іх, каб усе былі адно, як Ты, Айцец, у-ва Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас адно, каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як Мы адно. Я ў іх, і Ты ў-ва Мне; каб былі злучаны ў адно, і каб пазнаў сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне. Ойча, тыя, якіх Ты даў Мне, хачу, каб і яны былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо Ты палюбіў Мяне раней заснаваньня сьвету. Ойча праведны! І сьвет Цябе не пазнаў, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне. І Я паведаміў ім імя Тваё і паведамлю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх» (Ян 17:20-26).
Так завяршаецца малітва Ісуса. Любоў Айца ахоплівае Хрыста і гэтай жа любоўю ахоплены Ягоны народ. Ісус Хрыстос – Той, хто маліўся за усіх нас і зараз, на нашых вачах, ідзе да канца ў Сваім служэньні любові да ўсіх нас.
• Укрыжаваньне і ўваскрэсеньне Ісуса Хрыста (18:1—20:29).
«І вось Юда, узяўшы атрад воінаў і служак ад першасьвятароў і фарысеяў, прыходзіць туды з ліхтарамі і сьвяцільнямі і зброяй. А Ісус, ведаючы ўсё, што з Ім будзе, выйшаў і сказаў ім: каго шукаеце? Яму адказалі: Ісуса Назарэя. Ісус кажа ім: гэта Я. А стаяў з імі і Юда, прадажнік Ягоны. І калі сказаў ім: гэта Я, - адступіліся назад і ўпалі на зямлю»; «Тады воіны і тысячнік і служкі Юдэйскія ўзялі Ісуса, і зьвязалі Яго, і зьвялі Яго спачатку да Анны; бо ён быў цесьцем Каяфы, які быў на той год першасьвятаром: гэта быў Каяфа, які даў параду Юдэям, што лепш аднаму чалавеку памерці за народ» (Ян 18:3-6; 12-14).
Момант арышту Ісуса Хрыста ў Гефсіманскім садзе вельмі цікавы сам па сабе. Каб убачыць гэта, вернемся да кнігі Быцьця і нагадаем падзеі Эдэмскага саду. Бог шукае Адама, ўжо грэшнага чалавека, які хаваецца ад Яго. Чаму? Грэх Адама разарваў сяброўства з Госпадам і тая цудоўнейшая кветка Божай любові да чалавека была растаптаная Адамам.
Колькі ж тысячагодзьдзяў спатрэбіцца, каб наноў вырасьціць гэтую кветку ў сэрцы чалавека? Вяртаючыся ў сад Гефсіманскі, мы бачым адваротную карціну. Грэшнікі шукаюць Госпада, каб арыштаваць Яго. Але, у адрозьненьні ад Адама, Ісус не хаваецца, а выходзіць насустрач і кажа: «Гэта Я». Тыя, хто прыйшоў па Яго нават адступіліся і ўпалі на зямлю, нявольна прызнаючы Яго Госпадам. Заўважым, што ўсе шукаюць Госпада. Веруючы і няверуючы. Упэўнены, што і Адам, згубіўшы Божую прысутнасьць, усё сваё доўгае жыцьцё будзе шукаць з Ім сустрэчы.
Ян даволі падрабязна малюе карціну допыту і зьдзекаў над Ісусам Хрыстом. Ён надае адмысловую ўвагу сустрэчы Ісуса з Понціем Пілатам. У размове з Пілатам Ісус тлумачыць яму мэту Свайго зьяўленьня ў сьвет: «Пілат сказаў Яму: значыцца Ты Валадар? Ісус адказваў: ты кажаш, што Я Валадар; Я на тое і прыйшоў у сьвет, каб засьведчыць праўду; кожны, хто ад праўды, слухае голасу Майго. Пілат сказаў Яму: што ёсьць праўда?» (Ян 18:37-38).
Словы Ісуса: «Кожны, хто ад праўды, слухае голасу Майго» маюць на ўвазе грэцкі прынцып пазнаньня – падобнае разумее падобнае, а калі адыйсьці ад філасофскага выразу да народнай прымаўкі, дык гэта можна сказаць наступным чынам: «Каб кагосьці зразумець, трэба быць такім жа самым». І калі Пілат пытаецца: «Што ёсьць праўда?», дык у гэтым прысутнічае і нейкая іронія, бо Той, Хто ёсьць праўда стаіць перад Пілатам. Але Пілат ня быў ад праўды і таму не заўважыў яе ў Ісусе Хрысьце. Тым ня меньш ён выходзіць да народу і кажа: «Я ніякай віны не знаходжу ў Ім» (Ян 18:38), а гэта ёсьць сьведчаньне таго, што Ісус памрэ як Божае Ягня, Якое бярэ на Сябе грахі гэтага сьвету.
Каб упэўніць Пілата ў вінаватасьці Ісуса, юдэі кажуць яму: «Мы маем закон, і паводле закону нашага Ён павінен памерці, бо зрабіў Сябе Сынам Божым» (Ян 19:7).
Пілат вельмі напалохаўся гэтымі словамі, бо будучы паганінам добра ведаў міфалогію багоў, па якой яны могуць сыходзіць на зямлю і гора таму, хто не пазнае бога. І таму ён пытае Ісуса: «Адкуль Ты?». Ісус нічога не адказвае Пілату Чаму? Каб ня ўхіліць Пілата ад укрыжаваньня, бо адказ Ісуса: «З нябёсаў» мог канчаткова запалохаць Пілата і прымусіць яго больш актыўна шукаць шляхі для збаўленьня Ісуса. Але воля Ісуса Хрыста – быць укрыжаваным і таму Пілат саступаючы шантажу юдэяў, якія казалі, што Ісус – вораг цэзару, дае загад укрыжаваць Ісуса.
Трэба дадаць яшчэ адну важную рэч. Сьмяротны прысуд па гебрайскаму закону – гэта забіцьцё камянямі, вельмі зьневажальная працэдура. Сьмяротны прысуд для ворагаў цэзара – укрыжаваньне (грамадзянаў Рыма гэта ня тычылася). Як раз у гэтым і была воля Ісуса Хрыста і таму, маючы ўсю паўнату Сваёй улады, Ён падпарадкоўвае абставіны Сваёй сьмерці так, каб збылося Пісаньне: «Пасьля таго Ісус, ведаючы, што ўжо сёньня сталася, каб збылося Пісаньне, кажа: піць» (Ян 19:28).
І вось, суд скончаны, Ісус асуджаны, рымскія воіны вядуць Яго на Галгофу, каб адбылося ўкрыжаваньне. І ўсё адбываецца так, як гэта напісана ў Старым Запавеце: «І калі Ісус скаштаваў воцату, сказаў: збылося! І нахіліўшы галаву, аддаў дух» (Ян 19:30).
Фраза «І нахіліўшы галаву» сьведчыць нам пра тое, што Ісус аддае Сваё жыцьцё па Сваёй волі. Сын Чалавечы памірае згодна Божага плану дзеля нашага збаўленьня. Ён «аддаў дух». І гэта ня толькі апошні ўздых, але і будучы дар Духа вучням Ісуса Хрыста.
«Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі, які быў вучнем Ісуса, але патаемным дзеля страху перад Юдэямі, папрасіў Пілата, каб узяць цела Ісуса; і Пілат дазволіў. Тады ён прыйшоў і ўзяў цела Ісуса. Прыйшоў і Нікадэм, які перш прыходзіў да Ісуса ўначы, несучы мешаніну сьмірны і алёэ фунтаў каля ста. Яны ўзялі цела Ісуса і абгарнулі Яго ў прасьціну з духмянасьцямі, як ёсьць звычай хаваць у Юдэяў. На тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў тым садзе — новая магіла, у якой яшчэ ніхто ня быў паложаны. Там дзеля дня прыгатаваньня юдэйскага, бо магіла была блізка, палажылі Ісуса» (Ян 19:38-42).
Пахаваньне Ісуса Язэпам – гэта прыклад таго, як тайныя вучні Хрыста становяцца яўнымі. Таксама робіць і Нікадэм, які прыходзіў да Ісуса ноччу, каб яго ня ўбачылі фарысеі. І зараз Язэп і Нікадэм дзейнічаюць сумесна, не хаваючыся ні ад каго. Больш таго, Нікадэм прыносіць сто літраў пахошчы, што складае прыкладна трыццаць чатыры кілаграмы. Такая колькасьць сумесі толькі падкрэсьлівае велічнасьць Госпада, Які памёр за нас і дзеля нас уваскрэсьне.
«У першы ж дзень пасьля суботы Марыя Магдалена прыходзіць раніцаю, калі яшчэ было цёмна, да магілы і бачыць, што камень адвалены ад магілы. Тады бяжыць і прыходзіць да Сымона Пятра і другога вучня, з якім сябраваў Ісус, і кажа ім: «Узялі Госпада з магілы, і ня ведаем, дзе палажылі Яго» (Ян 20:1-2).
Марыя Магдаліна ўпершыню зьяўляецца ў аповесьці Яна разам з маці Ісуса Марыяй і яе сястрой Марыяй Клеопавай. Гэта было каля Крыжа Ісуса Хрыста. Нічога ня кажа Ян пра мінулае Марыі Магдаліны і тое, што мы ведаем пра яе, мы ведаем з іншых Эвангельляў. Але тут мы бачым незвычайную ролю Марыі Магдаліны. Яна – гэта першы апостал, бо менавіта яна прыносіць вучням вестку пра пустую магілу. Крыху пазьней, ёй будзе дадзена і іншая вялікая чэсьць бо менавіта яна будзе першай, хто сустрэне ўваскрослага Настаўніка тварам да твару і будзе гаварыць з Ім.
Ісус уваскрос. Сапраўды ўваскрос. Гэтыя словы прамаўляем мы кожны год, калі сьвяткуем Пасху Госпада. І калі мы бачым гісторыю ўваскрасеньня Ісуса Хрыста, дык пачынаем разумець, што здарылася нешта надзвычайнае. Ня толькі з Ісусам Хрыстом, але і з усім сьветам. Перамяніліся адносіны Бога і сьвету, а дакладней з вучнямі Хрыста. Заўважым, што да гэтага часу Ісус зваў Бога «Айцом», а Сваіх пасьлядоўнікаў – «вучнямі» ці «сябрамі». Але зараз усё перамянілася.
Мы бачым, што кажа Ісус пры сустрэчы з Марыяй Магдалінай: «Ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і да Бога Майго і Бога вашага» (Ян 20:17). Вось той пераломны момант. Мэта дасягнутая, бо ўсталёваны новыя адносіны. Перад вучнямі разгарнуўся новы сьвет, сьвет, у якім яны змогуць пазнаць Бога так, як ведае Яго Ісус і дзе яны становяцца дзецьмі Божымі. Трэба дадаць да гэтага яшчэ і тое, што Марыя Магдаліна зноў становіцца апосталам апосталаў, бо выконвае загад Ісуса Хрыста: «Марыя Магдаліна ідзе і абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і што Ён гэта сказаў ёй» (Ян 20:18).
Сьведчаньне Марыі зьбірае вучняў разам, якія сустрэліся ў нейкім доме з замкнутымі дзьвярмі. Але, нягледзячы на гэта, да іх уваходзіць Ісус і кажа: «Мір вам». І паказаўшы ім Сябе зноў зьвяртаецца да іх: «А Ісус сказаў ім другі раз: мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас. Сказаўшы гэта, дзьмухнуў, і кажа ім: прымеце Духа Сьвятога» (Ян 20:21-22).
Вучні Ісуса замкнуліся ў доме, бо баяліся гневу Юдэяў. Але прыходзіць Ісус і кажа: «Мір вам», а потым перадае ім Духа Сьвятога, каб яны былі здольныя, па сіле Яго, дараваць грахі сьвету, які сагнуўся пад цяжарам грэху.
• Заключная частка (20:30-21:25).
Ян далёкі ад таго, каб апісаць усё, што стварыў Ісус Хрыстос. Але тое, пра што ён кажа, звязанае з весткай пра жыцьцё вечнае ў Хрысьце. Па-першае тое, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, а па-другое тое, што мы маем жыцьцё ў Ягонае імя. Гэтаму і прысьвечана Эвангельле паводле Яна.
Пётр, а з ім і некаторыя апосталы ідуць да дому і аднаўляюць звыклую рыбацкую працу. Магчыма родныя і блізкія віталі іхняе вяртаньне, каб аднавілася праца, зарабляліся грошы і даглядаліся сем’і. Але нічога не атрымалася. Нягледзячы на тое, што яны добра ведалі сваё Галілейскае мора, як ведалі і тое, дзе найлепш закідваць нерат, каб злавіць рыбу, яны не атрымалі ніякага ўлову.
Яны не адразу пазналі Яго, калі Ён параіў ім закінуць нерат на правы бок. І калі нерат напоўніўся рыбаю, яны зразумелі, хто іх чакае на беразе: «І калі яны абедалі, Ісус кажа Сымону Пятру: Сымоне Ёнін! Ці любіш ты Мяне больш чым яны? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа Яму: пасьві ягняты Мае. Яшчэ кажа яму другі раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі Мае. Кажа яму трэці раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пётр замаркоціўся, што трэці раз спытаўся ў яго: “ці любіш ты Мяне?” і сказаў Яму: Госпадзе! Ты ўсё ведаеш; Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі Мае» (Ян 21:15-17).
Але чаму Ісус тройчы пытаецца ў Пятра: «Ці любіш ты Мяне?». Тры пытаньні Ісуса – як тры зрачэньні Пятра. Падаецца, што яны вяртаюцца ў тую ноч, ноч выпрабаваньня для Пятра і для Ісуса Хрыста. Нарэшце Пётр зразумеў, што пакуты Хрыста ацалілі ягоныя пакуты і што Ісус – гэта пасхальне Ягня, Які ўзяў на Сябе грахі сьвету. І грэх Пятра, і мой, і ваш грэх. Ісус даручае Пятру пасьвіць Свой статак і гэта ня проста новае даручэньне. Ён вяртае Пятру Свой давер і загадвае яму вярнуцца да Хрыстовай працы і накіраваць сваю любоў да Ісуса на добрыя справы.
Далейшы шлях Пятра – гэта ўзрастаньне ў Духе Ісуса. Пётр яшчэ будзе памыляцца ў сваім хрысьціянскім жыцьці, але ўсё ж стане сапраўдным пастырам. Ён любіў Ісуса Хрыста і пасьвіў Ягоныя авечкі. Пётр выканае свае абавязкі да канца і аддасьць сваё жыцьцё за Хрыстовы статак – Царкву Ісуса Хрыста.
У заключнай частцы Эвангельля паводле Яна апостал Пётр і апостал Ян атрымліваюць розныя ролі і таму іхнія шляхі разыходзяцца. Трэба засвоіць і ўсім нам, што Бог ніколі не памыляецца, калі дае кожнаму з нас асабістае служэньне. Аднаму дае больш, а другому меньш. Але нашае хрысьціянскае паслушэнства ў прыняцьці ўскладзенага на нас даручэньня як азнакі прабачэньня складаецца з гатоўнасьці ісьці за Ісусам туды, куды Ён вядзе нас, не задаючы пытаньне, ці павядзе Ён туды ж каго-небудзь яшчэ.
«І Слова стала целам». Усе кнігі сьвету ня здольныя аддаць Яму ўсю належную чэсьць і пашану. Але цела можа аддаць належнае Слову і сэнсу Ягонага ўвасабленьня. Нашае цела. Тваё і маё цела. Кнігі нясуць сьвятло сьвету, але нашае жыцьцё ў сіле Духа можа даць сьвету нашмат больш, бо калі Ісус Хрыстос пасылае нас, як і Сваіх першых вучняў у сьвет, дык мы павінны памятаць, што збаўляльная любоў Бога па ранейшаму накірована ў сьвет, за які памёр Ён. Ён дае розныя служэньні і розныя выпрабаваньні, але мы павінны памятаць словы Ісуса Хрыста: «Гэта сказаў Я вам, каб вы мелі ад Мяне мір. У сьвеце зазнаеце скруху; але суцешцеся: Я перамог сьвет» (Ян 16:33).
Свидетельство о публикации №226050901534