Введения к посланиям апостола Павла

УВОДЗІНЫ ДА
ПАСЛАНЬНЯЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА


«Павал, раб Ісуса Хрыста, пакліканы апостал,
выбраны на зьвеставаньне Божае» (Рым 1:1).

Найвялікшым з мысьліўцаў Новага Запавета, які тлумачыў значэньне асобы і дзеяў Ісуса Хрыста, быў навернуты фарысэй Павал. Каб зразумець, як мысьліў Павал, неабходна прааналізаваць гісторыю нараджэньня і фармаваньня Паўла як апостала Хрыста. Вельмі няпростая задача, таму што Павал прыналежыў да трох сьветапоглядаў: юдэйскага, элінскага і хрысьціянскага.

Павал, які зваўся з дзяцінства Саўлам, нарадзіўся ў Тарсе, у Кілікіі і выхоўваўся ў юдэйскай сям’і, дзе безумоўна выконваліся юдэйскія звычаі. Ён ганарыўся сваім паходжаньнем і сваімі юдэйскімі каранямі. Павал быў фарысэем, бездакорна выконваючы закон і ў гэтым значна пераўзыходзіў сваіх сучасьнікаў. Ён вучыўся ў Ерусаліме ў знакамітага Гамаліэля. Дакладна невядома ці быў Павал рабінам, але зусім верагодна, што ён гатаваўся да гэтага, бо ягоныя разважаньні і аргументацыя сваіх думак падказваюць нам пра гэта.

Павал адчуваў сябе даволі ўпэўнена і ў грэцкай культуры, бо Тарс, дзе выхоўваўся будучы апостал, быў, у большасьці сваёй, грэцкім горадам, дзе існаваў нават элінскі універсітэт. Зусім верагодна, што ён ведаў асновы распаўсюджанай у тыя часы філасофіі кінікаў і стоікаў. Павал добра размаўляў на грэцкай мове і мы бачым, што ў сваім мысьленьні ён паказвае некаторыя рэчы, якія пацьверджваюць ягонае жыцьцё сярод грэкаў.

Фарысэй Саўл вельмі дбайна ставіўся да закону і таму, ня меньш дбайна, імкнуўся да зьнішчэньня новага рэлігійнага руху людзей, якія славілі Ісуса з Назарэта. Кніга Дзеяў распавядае нам, што фарысэй Саўл падрыхтаваў сьмерць хрысьціяніна Стэфана і перасьледаваў іншых хрысьціянаў: «А Саўл ухваляў забойства яго. У тыя дні паўстала вялікае ганеньне на царкву ў Ерусаліме, і ўсе, апрача апосталаў, расьсеяліся па розных месцах Юдэйскіх і Самарыйскіх. А Стэфана пахавалі мужы багабаязныя і ўчынілі вялікі плач па ім. А Саўл глуміў царкву і, заходзячы ў дамы і, выцягваючы мужчын і жанчын, аддаваў у цямніцу» (Дзеі 8:1-3).

Стараннасьць перасьледніка Саўла немагчыма аддзяліць ад ягонай веры ў закон, бо для фарысэяў закон быў усім. І таму служэньне Ісуса яны ўспрынялі як выклік усяму, што яны шанавалі. Ісус парушаў закон і меў зносіны з тымі, хто парушаў правілы, выпрацаваныя кніжнікамі і сьцьвярджаў, што мае права рушыць асновы юдэйскай веры.

Больш таго, новая супольнасьць вучняў Ісуса складалася з людзей, якія, таксама як і Ісус, ігнаравала фарысэйскае разуменьне праведнасьці і сьцьвярджала, што Ісус на самой справе быў Мэсіяй, а яны ёсьць народ Мэсіі. І таму ня дзіўна, што фарысэям гэтыя заявы здаваліся ілжывымі, бо калі б заявы Ісуса і вучняў Ягоных былі праўдаю, дык асновы юдаізма, як рэлігіі, сталіся б хлусьнёю. Фарысэй Саўл быў упэўнены, што выконвае волю Бога, калі мае стараннае імкненьне на зьнішчэньне новага рэлігійнага руху.

Але здарылася тое, што цалкам перамяніла сьветапогляд фарысэя Саўла. Ён перажыў сустрэчу з Ісусам Хрыстом, калі накіроўваўся ў Дамаск для перасьледваньня хрысьціянаў: «Калі ж ён ішоў і набліжаўся да Дамаска, раптам асьвятліла яго зьзяньне з неба; ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: Саўле, Саўле, што ты гоніш Мяне? Ён сказаў: хто Ты, Госпадзе? А Госпад сказаў: Я Ісус, Якога ты гоніш. Цяжка табе ісьці супраць ражна. Ён у страху і жудасьці, сказаў: Госпадзе! што загадаеш мне рабіць? І Госпад сказаў ям: устань ды ідзі ў горад; і сказана будзе табе, што табе трэба рабіць» (Дзеі 9:3-6). Так атрымаў новае жыцьцё ў Ісусе Хрысьце апостал Павал.

Адбылося навяртаньне Паўла, але слова «навяртаньне» не зусім падыходзіць да таго, што перажыў будучы апостал. Чаму? Справа ў тым, што Павал не навярнуўся ад нявер’я да веры і ад грэху да праведнасьці. Ён навярнуўся ад аднога разуменьня праведнасьці да другога - ад праведнасьці спраў да праведнасьці веры. Зьяўленьне Ісуса Хрыста паказала Паўлу, што хрысьціяне ня хлусілі калі казалі, што Ісус уваскрос з мёртвых і таму Ён ёсьць Мэсія і Сын Божы. Разуменьне гэтага, істотным чынам перамяніла ўяўленьне Паўла пра сутнасьць закону ў цэлым, бо менавіта гэтыя фарысейскія адносіны да закону прымушалі яго ненавідзець хрысьціянаў і іхняга «так званага» Мэсію. Ісуса прысудзілі да сьмерці не бязбожнікі, але ўпэўненыя ў сваёй адданасьці Богу юдэі, якія лічылі, што яны абараняюць закон Божы.

Павал, яшчэ будучы Саўлам заўсёды імкнуўся да безумоўнага выкананьня закону і гэта настолькі асьляпіла яго, што ён не заўважыў сапраўднай праведнасьці Бога ў Мэсіі. Але пры сустрэчы з Ісусам, ён зразумеў тое, што выкананьне закону ня можа быць адзіным шляхам да праведнасьці. І вось гэтая ўпэўненасьць прывяла Паўла да думкі, што Ісус – гэта канец закону і шлях да праведнасьці: «Бо не разумеючы Божай праведнасьці і імкнучыся паставіць сваю праведнасьць, яны не скарыліся праведнасьці Божай; бо канец закону – Хрыстос, дзеля праведнасьці кожнаму веруючаму» (Рым 10:3-4).

Такім чынам, усе асноўныя моманты багаслоўя Паўла – Ісус як Мэсія, Эвангельле для паганаў і апраўданьне вераю, а не справамі закону – заснаваныя тым вопытам, які ён атрымаў пры сустрэчы з Ісусам Хрыстом па дарозе ў Дамаск.

Разуменьне таго, што Ісус – гэта Мэсія, абяцаны ў Старым Запавеце, абудзіла Паўла перагледзець сваё разуменьне гісторыі адкупленьня. Так, ён працягвае чакаць усталяваньня эсхаталагічнага Валадарства. Павал не адмовіўся ад юдэйскага ўяўленьня дзьвух вякоў і грахоўнага веку бягучага. Д’ябал пануе над Божым народам, фізічны сьвет падае, а дух сьвету супрацівіцца Духу Сьвятому. Сьвет падлягае Божаму суду. Веруючыя па-ранейшаму жывуць у сьвеце і зносяцца з ім. Відавочна, што Валадарства Божае застаецца эсхаталалагічнай надзеяй. Гэта першыя пачуцьці Паўла пасьля сустрэчы з Ісусам Хрыстом. Ён не падгатаваны яшчэ да апостальскага служэньня Ісусу Хрысту, але шлях да яго ўжо бачны.

Першая спроба пропаведзі пра Ісуса Хрыста скончылася вынікам адмоўным і Павал адчуў сябе падобна Майсею, якога таксама па першаму выступу не зразумелі гебраі Егіпта. І Павал на два гады зьязджае ў Арабійскую пустыню, каб вучыцца – вучыцца ў уваскросшага Ісуса Хрыста. Не душой і сэрцам слухаў цяпер Павал Ісуса, але ўсёй істотай сваёю успрымаў Яго. Шлях да Дамску выявіў імкненьне волі і адчуваньня Хрыста, а ў Арабіі – розуму.

Дамаск зноў сустрэў Саўла, падгатаванага Хрыстом у пустыні, каб убачыць даволі выніковае служэньне сярод юдэяў і паганаў. Тутэйшая царква атрымала новы і значны ўзрост ад пропаведзі Саўла. Пад кіраўніцтвам Саўла была арганізаваная і гаспадарчая дзейнасьць царквы, бо ўзьнікла войстрая патрэба ў асобным памяшканьні для правядзеньня служэньняў і навучаньня дзяцей пісьменнасьці і Слову Божаму.

Пачалі адбывацца акцыі дапамогі бедным удовам і іншыя мерапрыемствы міласэрнасьці. І як тут было зноў ня ўспомніць Стэфана, які, па сутнасьці, і падказаў сваёй дзейнасьцю тое, што і адбывалася зараз у гэтай царкве. Усё гэта ніяк не падабалася кіраўніцтву юдэйскай абшчыны, якая, у выніку, склала змову на забойства Саўла. Вучні Саўла, накірованыя Госпадам, знайшлі спосаб, каб бясьпечна выправіць Саўла за межы Дамаску. Саўл ужо ведаў, куды ён пойдзе. У Ерусалім.

Вяртаньне Паўла ў Ерусалім ня даў нейкіх значных вынікаў у пропаведзі, але вельмі значным было тое, што ён на працягу пятнаццаці дзён амаль безперапынна слухаў апостала Пятра пра Ісуса Хрыста. Каб пазьбегнуць непрыемнасьцей у Ерусаліме, Павал вяртаецца дадому, у Тарс.

Два далейшых года жыцьця ў Тарсе не былі «салодкімі» для будучага апостала. Сям’я ніяк не зразумела ягоны адыход ад юдэйскіх традыцый. Ён, па меньшай меры тры разы адчуў на сабе тое цяжкае пакараньне – «сорак удараў без аднаго», за невыкананьне закону Майсеева. Але гэтыя пакараньні ня толькі не зламалі яго, яны яшчэ больш замацавалі ягоную веру ў Ісуса Хрыста. Павал адчуў, што гатовы да таго, каб ісьці і прыводзіць народы да Госпада свайго Ісуса Хрыста.
Саўлу быў відзеж, дзе Госпад ясна сказаў яму гатавацца да вялікіх спраў і што дзеля гэтага Ён дашле да яго Свайго чалавека. А зараз ён павінен працаваць тут, у гэтых мясьцінах, пакуль ня прыдуць за ім. Саўл чуў ад Госпада «нявыказаныя словы, якія чалавеку нельга пераказаць». У наступныя годы свайго служэньня, маючы расчараваньні і часовыя паразы, у пакаяньні і ў муках, ён захаваў нязгасную памяць пра гэты водбліск вечнасьці. Ад гэтага дня Саўл будзе казаць нованавернутым: «Вочы ня бачаць і вухі ня чуюць і сэрца чалавечае ня месьціць таго, што Бог прыгатаваў для любячых Яго». Паўтараючы словы Ісаі, ён, па свайму вопыту ведаў пра што кажа, бо мог параўнаць веліч адкрыцьця з тым малым, што дадзена чалавеку ад прыроды: «Для мяне мукі жыцьця гэтага - нішто перад славаю, якая адкрыецца ў нас».

Дык вось, гэты саракагадовы, амаль што лысы і крываногі чалавек, слабы фізічна, але моцны духоўна, у адзіноцтве і невядомасьці выйшаў сеяць зерне Эвангельля Хрыста сярод паганаў кілікійскага Таўра. Госпад убачыў вернасьць і працу Саўла, а таму, выконваючы Сваё абяцаньне, паслаў да яго Свайго чалавека. Чалавекам гэтым стаўся Барнаба, дзякуючы якому шлях Паўла быў накіраваны ў Антыёхію, як і абяцаў яму ягоны Госпад і Збаўца Ісус Хрыстос.

Служэньне апостала Паўла – гэта ягонае місіянэрства з заснаваньнем цэркваў і распаўсюджваньню Эвангельля, па большасьці сярод паганаў Грэцыі і Рыма. Павал быў багасловам па сваім юдэйскім караням і яўна намагаўся ўразумець пасьледствы адкупляльных дзеяў Бога ў Ісусе Хрысьце. Багаслоўе апостала Паўла – гэта тлумачэньне значэньня асобы і дзеяў Ісуса Хрыста, а таксама і іхнюю практычную сувязь з жыцьцём хрысьціянаў.

Пасланьні апостала Паўла – гэта перапіска, якая вялася ў сувязі з канкрэтнымі абставінамі ў цэрквах, якія былі заснаваныя Паўлам. У грэка-рымскім сьвеце звычайны ліст налічваў ў сярэднім каля 90 словаў. Літаратурныя лісты былі нашмат большымі. Напрыклад, лісты рымскага філосафа і грамадзкага дзеяча Сэнэкі, налічвалі да 200 словаў. Усё, што пісалася ў тыя часы, пісалася на папірусе памерам 24x29 см, што вельмі падобна на сучасны фармат А4 і які зьмяшчаў, у залежнасьці ад памера літараў, 150-250 словаў.

І з гэтага мы бачым, што большасьць старажытных лістоў не патрабавала больш за аднога ліста папіруса. Але ня так з апосталам Паўлам, у якога сярэдняя даўжыня лістоў складала каля 1300 словаў, зьмяняючыся ад 335 словаў у пасланьні да Філімона да 7114 словаў у пасланьні да Рымлянаў. Мы бачым, што пасланьні Паўла ў некалькі разоў даўжэй за звычайны старажытны ліст і гэта наводзіць на думку, што апостал Павал заснаваў новы літаратурны жанр, жанр багаслоўскага пасланьня. Але і ліста, бо кожнае пасланьне Паўла – гэта ліст да канкрэтнага адрасата.

Лісты Паўла вызначаліся сваімі памерамі і таму лісты папіруса злучаліся адно з адным, а потым скручваліся ў сьвіткі. Пісаць на папірусе, ня вельмі лёгкі занятак і таму для гэтага запрашалі прафесыйных пісцоў. Павал карыстаўся паслугамі сакратароў і мы дакладна ведаем аднога з іх, які пісаў пасланьне да Рымлянаў: «Вітаю вас у Госпадзе і я Тэрцый, што пісаў гэта пасланьне» (Рым 16:22). У тыя часы любы ліст пачынаўся з прывітаньня, працягваў ліст асноўны тэкст, а на прыканцы выказваліся нейкія пажаданьні. Звычайна заключную частку ліста апостал Павал пісаў сам, каб выключыць падробку і гарантаваць сапраўднасьць сваіх пасланьняў.

Новы Запавет зьмяшчае пасланьні апостала Паўла ў тым парадку, які рэгламентуецца даўжынёю пасланьня. Ад большага да меньшага. На самой жа справе пасланьні напісаны ў іншым парадку і першае пасланьне, якое напісаў Павал – гэта пасланьне да Галятаў. Але гэта інфармацыя для зацікаўленых, бо парадак вывучэньня пасланьняў, ніяк не адбіваецца на ўспрыманьні тых вучэньняў, якія зьмяшчаюцца ў пасланьнях апостала Паўла.

Кожны прапаведнік, які абвяшчае Эвангельле ад часоў Паўла, абавязкова абапіраецца, у той ці іншай ступені, на вучэньне вялікага апостала. І напісаныя ім трынаццаць кніг Новага Запавета складаюць вялікую спадчыну гэтага вялікага чалавека, які быў у поўнай меры надхнёны Духам Сьвятым.


Рецензии