Деяния апостолов
«А вы прымеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты,
і будзеце Мне за сьведкаў у Ерусаліме і ва ўсёй Юдэі
і Самарыі і нават па край зямлі» (Дзеі 1:8).
То быў вялікі дзень, калі зрабіўся шум з неба і павеў моцнага ветру Сьвятога Духа напоўніў вучняў Ісуса Хрыста новай радасьцю і адчуваньнем Божай прысутнасьці і сілы. І той першы чалавек, які абвесьціў людзям Ісуса Хрыста, даў зразумець, што гэтая вестка адрасаваная кожнаму чалавеку. Гэта быў апостал Пётр. Той самы Пётр, які паспеў тройчы адрачыся ад Хрыста і які зараз тлумачыў вялікаму натоўпу людзей вестку пра тое, што адбылася падзея, якая перамяніла сьвет раз і назаўсёды.
Тое, што Бог зрабіў для Пятра, ён пачынае рабіць для ўсяго сьвету. Ён абвяшчае, што новае жыцьцё, прабачэньне, новая надзея і сіла зьяўляюцца як вясновыя кветкі пасьля зімы. У Ісусе Хрысьце, бо пачаўся новы час, у якім Ён будзе ствараць у сьвеце нешта новае. І Ён пачынае гэта зараз, з тых людзей, якія былі пад час Пятра і тых людзей, якія чуюць пра гэта і сёньня: «А Пётр сказаў ім: пакайцеся, і хай ахрысьціцца кожны з вас у імя Ісуса Хрыста на дараваньне грахоў, - і атрымаеце дар Сьвятога Духа; бо вам належыць абяцаньне і дзецям вашым і ўсім далёкім, каго толькі пакліча Гаспад Бог наш» (Дзеі 2:38-39).
Гэтую цудоўную кнігу напісаў Лука. Магчыма, як працяг свайго Эвангельля і якую ён адрасаваў таму ж Феафілу: «Першую кнігу напісаў я табе, Феафіле, пра ўсё, што Ісус рабіў і чаму вучыў ад пачатку аж па той дзень, калі Ён узьнёсься, даўшы праз Духа Сьвятога наказы апосталам, якіх Ён выбраў, якім зьявіў Сябе жывога пасьля цярпеньняў Сваіх з многімі слушнымі доказамі, сорак дзён паказваючыся ім і апавядаючы пра Валадарства Божае» (Дзеі 1:1-3).
Лекар Лука, паплечнік апостала Паўла, быў хрысьціянінам з паганаў і вучнем апостала Паўла. Кніга Лукі ахоплівае час ад ўваскрэсеньня Ісуса Хрыста да 61-63 гадоў па Р.Х. Мэта гэтай кнігі ў тым, каб сьведчыць пра справу ўзьнесенага Госпада, Які дзейнічае праз сьведкаў Сваіх і тых, хто прыняў Эвангельле і паверыў у Ісуса Хрыста. Кніга пачынаецца пропаведзьдзю Эвангельля ў Ерусаліме – галоўным месцы гебрайскага народу і завяршаецца пропаведзьдзю Эвангельля ў Рыме – цэнтры сусьветнай улады паганаў.
Цікавая асаблівасьць кнігі Лукі яшчэ ў тым, што яна вельмі нечакана прыпыняецца двухгадовым зьняволеньнем апостала Паўла ў Рыме. Мы ня бачым далейшых падзеяў жыцьця апостала Паўла. Ці быў Павал вызвалены з вязьніцы і ці дайшоў ён да Гішпаніі? Мы можам толькі разважаць пра гэта.
Кніга Дзеяў сьвятых апосталаў напоўнена сілаю і надхненьнем першых хрысьціянаў, якія ўбачылі, што Бог стварае нешта новае і панесьлі ў сьвет Добрую вестку пра Ісуса Хрыста. Кніга Лукі поўная і праблем, з якімі сутыкалася тагачасная Царква. Спрэчкі з-за лідарства, грошай, этнічных падзелаў, багаслоўя і этыкі. Калі яшчэ сюды дадаць сутыкненьні з палітычнымі і рэлігійнымі ўладамі, дык можна ўяўна адчуць, што жыцьцё Царквы Ісуса Хрыста ніколі не была лёгкай, але жыцьцё па Эвангельлю нястомна і няспынна пракладала шлях для Добрай весткі пра Ісуса Хрыста. Праз цяжкасьці і перасьлед уладаў, праз доўгія вандроўкі і нават праз караблекрушэньне, Эвангельле прыходзіла ва ўсе куткі Рымскай імпэрыі. Кніга дае нам напамін таго, што і нашыя духоўныя вандроўкі і цяжкасьці, зьвязаныя з крочаньнем за Хрыстом, будуць падтрыманы Сьвятым Духам, Які павядзе нас і дасьць нам прыносіць плады служэньня.
Кнігу Дзеяў апосталаў можна ўмоўна падзяліць на дзьве вялікія часткі па імёнах дзьвух вельмі значных і ўплывовых дзеючых асобаў аповесьці Лукі, разумеючы пры гэтым, што галоўная дзеючая Асоба гэтай кнігі – Ісус Хрыстос, Які праз Сваіх апосталаў выконваў Свае дзеі пасьля Свайго ўзьнясеньня: Пётр (1:1-12:24) і Павал (12:25-28:31).
• Пётр (1:1-12:24).
«І сёньня, Госпадзе, глянь на пагрозы іхнія і дай рабам Тваім з усёй сьмеласьцю гаварыць слова Тваё, тады як Ты прасьціраеш руку Тваю на гаеньне і на тварэньне азнакаў і цудаў імем Сьвятога Сына Твайго Ісуса. І, як памаліліся, здрыганулася месца, дзе яны былі сабраліся, і ўсе прасякнуліся Духам Сьвятым і абвяшчалі слова Божае сьмела» (Дзеі 4:29-31).
Вось яна, праца Ісуса Хрыста, калі Ён напаўняе Духам Сьвятым усё новых і новых людзей, каб сьмела абвяшчаць слова Божае. Пяцідзясятніца, калі ўпершыню адбылося сзыходжаньне Сьвятога Духа на вялікую колькасьць людзей, ужо прайшла. Але дзеяньне Сьвятога Духа працягваецца і па сёньня.
Пяцідзясятніца – гэта вялікае гебрайскае сьвята, якое адзначаецца на пяцідзясяты дзень пасьля Пасхі і мае земляробны характар. Але ёсьць больш важнае значэньне гэтага сьвята, бо зьвязанае з выхадам гебраяў з Егіпта. Менавіта на пяцідзясяты дзень пасьля выхаду з палону, на гары Сынай, Майсей атрымаў ад Госпада Закон, запісаны на скрыжалях. У гэты дзень Бог даў Свайму народу шлях жыцьця, якім гебраі павінны былі кіравацца ў сваім жыцьці. Падобна Майсею, які ўзыйшоў да Госпада на гары Сынай, Ісус Хрыстос узьнёсься да Айца і адтуль дае нам ня той Закон, што запісаны на каменных скрыжалях, але той, які пішацца ў сэрцах людзей Духам Сьвятым.
Сьмеласьць, з якой пачынаецца прапаведваньне Эвангельля вельмі ўражвае, бо тыя цуды і азнакі, якія рабілі вучні ў Духе Сьвятым пераканалі паважанага фарысея Гамаліэля, які ў свой час быў настаўнікам Саўла, будучага апостала Паўла. Вялікі прыклад сьмеласьці і веры дае нам Стэфан, які зрабіў яскравы выступ перад сынедрыёнам, але быў забіты камянямі ня без удзелу фарысея Саўла.
Пропаведзь Філіпа ў Самарыі прыводзііць да пакаяньня і хросту многіх самаранаў, у тым ліку і Сымона – самаранскага чарадзея: «Але калі паверылі Філіпу, які зьвеставаў пра Валадарства Божае і пра імя Ісуса Хрыста, дык хрысьціліся мужчыны і жанчыны. Увераваў і сам Сымон і ахрысьціўшыся не адыходзіў ад Філіпа; і, бачачы, як тварыліся вялікія сілы і азнакі, дзіву даваўся» (Дзеі 8:12-13).
Філіп прывёў да веры і вяльможу валадарыні Эфіопскай: «А Філіп сказаў яму: калі верыш ад шчырага сэрца, можна. Той сказаў у адказ: веру, што Ісус ёсьць Сын Божы. І загадаў спыніць калясьніцу; і сышлі абодва ў ваду, Філіп і кажэнік; і ахрысьціў яго. А калі яны выйшлі з вады, Дух Госпадаўі падхапіў Філіпа, і кажэнік ужо ня бачыў яго, і паехаў сваёю дарогаю, радуючыся» (Дзеі 8:37-39).
І вось Лука вяртаецца да Саўла - ворага Хрыста і хрысьціянаў: «А Саўл, яшчэ дышучы грозьбамі і забойствам на вучняў Гасподніх, прыйшоў да першасьвятара і выпрасіў у яго пісьмы ў Дамаск сынагогам, каб, калі знойдзе каго, хто сьледуе гэтаму вучэньню, і мужчын і жанчын, зьвязаўшы прыводзіць у Ерусалім» (Дзеі 9:1-2).
Фарысей Саўл, добра настаўлены ў Пісаньні, вучань Гамаліэля перасьледуе хрысьціянаў, лічачы Ісуса падманшчыкам, а Ягонае вучэньне шкодным і падманным. Але вось, па дарозе ў Дамаск, здараецца тое, што назаўсёды перамяніла жыцьцё Саўла і слова Ісуса Хрыста ператварае яго: «Калі ж ён ішоў і набліжаўся да Дамаска, раптам асьвятліла яго зьзяньне з неба; ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: Саўле, Саўле, што ты гоніш Мяне? Ён сказаў: хто Ты, Госпадзе? А Гаспад сказаў: Я Ісус, Якога ты гоніш. Цяжка табе ісьці супраць ражна? Ён, у страху і жудасьці, сказаў: Госпадзе, што загадаеш мне рабіць?» (Дзеі 9:3-6).
Так нарадзіўся новы чалавек – прапаведнік Ісуса Хрыста, апостал Павал.
Цудоўнае ацаленьне Пятром Энэя і ўваскрэсеньне Таавіты, як і іншыя добрыя справы Пятра кажуць пра тое, што прысутнасьць Божая была з ім, калі ён прапаведаваў паганам і далучаў іх да Царквы. Трэба сказаць, што гэта выклікала нядобрыя погляды з боку гебрайскіх хрысьціянаў, якія лічылі выкананьне закона Майсея для хрысьціянаў з паганаў абавязковым. Але Бог і тут ставіць усё на сваё месца і дае Пятру відзеж, які ўпэўнівае яго не лічыць паганаў нячыстымі: «Тады другі раз быў голас яму: што Бог ачысьціў, таго не ўважай за нячыстае» (Дзеі 10:15).
І як вынік гэтага разуменьня Пятра, навяртаньне паганаў у доме сотніка Карнілія з кагорты Італійскай. Такім чынам Бог даў Пятру зразумець, што веруючыя з паганаў прымаюцца ў Царкву, як і гебраі з самаранамі. Закон Майсея адменены як цэлае, хаця многія маральныя асьпекты закона захоўваюцца для хрысьціянаў і што сынагогі і храм не зьяўляюцца болей месцамі для абавязковага пакланеньня Богу. Як дарэчы і тое, што абразаньне для веруючых паганаў неабавязкова. Такім вось чынам хрысьціянства выходзіла з юдэйства, каб сьмела і дастойна несьці Эвангельле Ісуса Хрыста па ўсім сьвеце.
• Павал (12:25-28:31).
Ён нарадзіўся праз год пасьля Раства Хрыстова ў горадзе, які раскінуўся паміж гарамі і морам. Галоўны горад Кілікіі, Тарс – гэта пладародная мясьціна паўднёва-заходняй часткі Малой Азіі. Насельніцтва Тарса – збор розных народаў, якія суіснавалі пад уладаю Рыма. Абарыгены кілікійцы, хетэі, грэкі, асірыйцы, персы і македонцы, што прыйшлі сюды разам з Александрам Македонскім. Гебраі, якія прыйшлі сюды ўжо пасьля развалу імперыі Александра, мелі ў горадзе даволі значную групоўку і валодалі істотнымі правамі і прывілеямі. Продкі Паўла былі іўдэямі гэтай калоніі і паходзілі з Галілеі. Сям’я не была беднай і больш таго, яна мела права быць грамадзянамі горада Рыма. Вялікі прывілей для падданых цэзара, бо рымскае грамадзянства ставіла сям’ю Паўла ў даволі высокае грамадзянскае становішча і давала нашчадкам прывілеі ва ўсіх кутках вялікай імперыі.
Мы ўжо ведаем пра сустрэчу Паўла з Ісусам Хрыстом. Але нагадаем і тое, што сказаў Ісус Ананіі адносна Паўла: «Ідзі, бо ён ёсьць Мой выбраны посуд, каб абвяшчаць імя Маё перад народамі і валадарамі і сынамі Ізраілевымі; і Я пакажу яму, колькі ён мусіць адпакутаваць за імя Маё» (Дзеі 9:15).
І Павал пачынае сваё служэньне ў імя Ісуса Хрыста. Прыйшлі і пакуты, бо юдэі Дамаска, пачуўшы пропаведзі Паўла вырашылі забіць яго.
Вяртаньне Паўла ў Ерусалім ня даў нейкіх значных вынікаў у пропаведзі, але вельмі значным было тое, што ён на працягу пятнаццаці дзён амаль безперапынна слухаў апостала Пятра пра Ісуса Хрыста. Каб пазьбегнуць непрыемнасьцей у Ерусаліме, Павал вяртаецца дадому, у Тарс.
Два далейшых года жыцьця ў Тарсе не былі «салодкімі» для будучага апостала. Сям’я ніяк не зразумела ягоны адыход ад юдэйскіх традыцый. Ён, па меньшай меры тры разы адчуў на сабе тое цяжкае пакараньне – «сорак удараў без аднаго», за невыкананьне закону Майсеева. Але гэтыя пакараньні ня толькі не зламалі яго, яны яшчэ больш замацавалі ягоную веру ў Ісуса Хрыста. Павал адчуў, што гатовы да таго, каб ісьці і прыводзіць народы да Госпада свайго Ісуса Хрыста.
Антыёхія, Кіпр, Антыёхія Пісідзкая, Іконія, Лістра, Дэрбы – першы місіянэрскі шлях Паўла, які быў насычаны стварэньнем хрысьціянскіх цэркваў, настаўленьнем і вучэньнем іх. Гэты час вызначыўся таксама і змаганьнем з юдэйствам, якое намагалася збочыць хрысьціянскую Царкву з простага і яснага шляху вучэньня Ісуса Хрыста. І ўжо ў гэты час Павал называе сябе апосталам, - «меньшым з апосталаў».
У ліпене 50 года Павал прымае рашэньне накіравацца ў Македонію і пачаць сваё еўрапейскае служэньне на зямлі Грэцыі. Рашэньне Паўла сфармавалася пад уплывам Лукі, які стаў вучням і памочнікам апостала. Урач, неабрэзаны празеліт, па імяні Луканус ці Лука паходзіў з Неапаля, марскога порта горада Філіпы. Дарэчы, нядрэннае веданьне марской навукі мораплаваньня пацьверджвае месца ягонага паходжаньня. Дык вось яму і было суджана згуляць такую значную ролю у гісторыі хрысьціянства, бо менавіта ён стаў першым гісторыкам узьнікненьня хрысьціянства. Павал вельмі любіў Луку, бо быў ён мяккага складу, з душою пяшчотнаю, сціплым і верным свайму настаўніку. Дабраславеньне сышло на Луку ў Траадзе і ён упэўніў Паўла, што ў Македоніі ён знойдзе добрую глебу, каб пасеяць і ўзрасьціць зярняты веры ў Ісуса Хрыста. Словы Лукі далі ўпэўненасьць сэрцу апостала і калі Павал убачыў у-ва сьне макіданяніна, які зваў яго, кажучы: «Прыйдзі ў Македонію і памажы нам» (Дзеі 16:9), Павал зразумеў, што Бог загадвае яму ісьці ў Македонію.
Павал у суправаджэньні Сілы, Цімафея і Лукі паплыў караблём да Неапаля – порта горада Філіпы, у якім і пачаў Павал сваё місіянерскае служэньне. У горадзе не было сынагог і сходы нямногіх юдэяў праходзілі ў адкрытым паветры на крыху агароджаных пляцоўках Апостал з памочнікамі пайшлі туды, дзе знайшлі толькі некалькі жанчын, якія прыйшлі памаліцца. Павал зьвярнуўся да іх з пропаведьдзю і ўзьвесьціў ім таемства Хрыстова. Іх слухалі з увагаю. І Гаспад адкрыў сэрца адной з іх. Лідзія, так звалі гэтую жанчыну, якая паходзіла з Фіатыраў. Гэта была жанчына дабрачынная і богабаязная. Паганка па нараджэньню, але з выкананьнем правілаў Ноя. Яна тэрмінова хрысьцілася ў Паўла. І не адна, а з усім сваім домам. Такім чынам і згуртавалася тая першая царква на зямлі Грэцыі, якую, дарэчы, складалі амаль што адны жанчыны.
Сур’ёзнае здарэньне прымусіла Паўла і Сілу пакінуць горад і пайсьці ў бок Тэсалонікаў. Лука ж застаўся на радзіме і на значны час растаўся з Паўлам. Тэсалоніка часоў Рымскай імперыі быў адным з самых гандлёвых партоў Міжземнага мора. Горад быў багаты і густа населены. Была тут і сынагога. Павал зрабіў тое ж, што і рабіў заўсёды. Ён накіраваўся ў сынагогу і казаў свае пропаведзі пра Ісуса Хрыста, даказваючы, што Ісус быў Мэсіяй і што Пісаньне знайшло ў Ім сваё зьдзяйсьненьне. Некалькі габрэяў паверылі, але больш за ўсіх навярталіся грэкі, якія мелі страх Божы. Жанчыны прыходзілі ў вялікай колькасьці, бо яны ўжо ведалі сэнс юдэйскіх абрадаў і таму з радасьцю імкнуліся да новых прапаведнікаў.
Павал і Сіла жылі ў неякага Ісуса, які ў Грэцыі стаўся Язонам. Павал не забыў сваё сямейнае рамяство і старанна працаваў, каб ніяк не каштаваць створанай ім царкве. Павал паважаў працавіты дух тэсалонікійцаў і прапаведаваў ім акуратнасьць, працу і добрыя адносіны з паганамі. Тэсалонікійская царква стала ўзорам, які Павал прыводзіў у прыклад. Але і тут непрыемнасьці ўжо чакалі прапаведнікаў, бо незадаволеныя гебраі пачалі падбухторваць розных лайдакоў і валацуг, каб за грошы яны напалі на дом Язона. Грамадзтва ўзрушылася і царква вырашыла тайна адправіць Паўла і Сілу ў Бэрыю.
Бэрыйскія гебраі выслухалі Паўла і дазволілі яму прапаведаваць у сынагозе. Яны зацікавіліся довадамі апостала, правяраючы ягоныя словы ў Пісаньні. Многія з іх пагадзіліся з Паўлам і паверылі ў Ісуса Хрыста. Тут, як і ў іншых цэрквах Македоніі, жанчыны былі ў большасьці. Але зноў прыйшла небясьпека ад ад гебраяў Тэсалонікаў і зноў Паўлу прыйшлося ўходзіць.
Пакінуўшы Сілу і Цімафея ў Бэрыі, ён пайшоў да мора і накіраваўся ў Атэны, дзе ён у адзіноцтве спрабаваў прапаведаваць і нават зьвярнуўся да атэнянаў у Арэапаге: «І вось мы, будучы родам Божым, не павінны думаць, што Боства падобнае да золата, альбо срэбра, альбо каменя, увасобленага ў твор мастацтва і выдумкі чалавечай. І вось, пакідаючы часіны няведаньня, Бог сёньня наказвае людзям усім усюду пакаяцца; бо Ён вызначыў дзень, у які будзе справядліва судзіць сьвет праз загадзя вызначанага Ім Мужа, даўшы доказ усім уваскрэсіўшы Яго з мёртвых» (17:29-31).
Але выніку практычна не было. Атэняне не разумелі ўваскрасеньня мёртвага чалавека і спадзяваліся толькі на бесьсьмяротнасьць душы, лічачы пры гэтым, што цела толькі абцяжарвае душу. Павал не стварыў у Атэнах значнай царквы, бо толькі некалькі чалавек адгукнуліся на пропаведзь Паўла. Лука кажа толькі пра нейкага Дыянісія і жанчыну па імяні Дамар. Пра астатніх ён кажа «і іншыя». Не дачакаўшыся Цімафея, Павал выйшаў з Атэнаў. Наперадзе ў яго быў Карынт.
«Пасьля гэтага Павал, пакінуўшы Атэны, прыйшоў у Карынт; і, знайшоўшы нейкага юдэя, якога звалі Акіла, родам з Понта, які нядаўна прыйшоў з Італіі, і Прыскілу, жонку ягоную, - бо Клаўдзій загадаў усім юдэям пакінуць Рым, - пайшоў да іх, і, як што быў аднаго рамяства, заставаўся ў іх і працаваў: бо рамяство ў іх было – рабіць намёты. А кожнай суботы ён прамаўляў у сынагозе і пераконваў юдэяў і элінаў» (Дзеі 18:1-4).
У Карынце Павал прабыў даволі працяглы час – паўтара гады. Ён працуе ў Акілы і вырабляе намёты. Павал добра ведаў гэтую справу, бо выраб намётаў – гэта было тое, чым займалася сям’я Паўла ў Тарсе. Пасьпяхова ён працаваў і ў пропаведзі Эвангельля, бо Сам Бог падтрымаў яго ў гэтым служэньні: «А Гаспад у начной уяве сказаў Паўлу: ня бойся, а прамаўляй і не змаўкай, бо Я з табою, і ніхто ня зробіць табе ліха; ў Мяне многа людзей у гэтым горадзе. І ён заставаўся там год і шэсьць месяцаў, навучаючы іх слову Божаму» (Дзеі 18:9-11).
«Калі Апалос быў у Карынце, Павал, абышоўшы горныя землі, прыйшоў у Эфес і знайшоў там некаторых вучняў і сказаў ім: ці прынялі вы Сьвятога Духа, увераваўшы? А яны сказалі яму: мы нават і ня чулі, ці ёсьць Дух Сьвяты. Ён сказаў ім: у што ж вы хрысьціліся? Яны адказвалі: у Янава хрышчэньне. Павал сказаў: Ян хрысьціў хрышчэньнем пакаяньня, кажучы людзям, каб веравалі ў Таго, Хто ідзе пасьля яго, гэта значыцца, у Хрыста Ісуса. Пачуўшы гэта, яны хрысьціліся ў імя Госпада Ісуса, і, калі Павал усклаў на іх рукі, зышоў на іх Дух Сьвяты, і яны пачалі гаварыць іншымі мовамі і прарочылі. Усіх іх было чалавек з дваццаць» (Дзеі 19:1-7).
Заўважым такую акалічнасьць, што кожнае відавочнае зыходжаньне Сьвятога Духа ў кнізе Лукі зьвязанае з дачыненьнем да Царквы новай катэгорыі веруючых: спачатку гебраяў, потым самаранаў, а пазьней паганаў і пасьлядоўнікаў Яна Хрысьціцеля.
Адносна далейшага служэньня Паўла ў Эфесе, Лука падкрэсьлівае сьмеласьць і ўпэўненасьць гэтага служэньня. Павал прабыў тут два гады і тры месяцы, але пасьля непарадкаў, якія ўчынілі мясцовыя рамесьнікі супраць хрысьціянаў, ён накіроўваецца праз Македонію ў Ерусалім: «Калі спыніўся бунт, Павал, паклікаўшы вучняў і даўшы ім настаўленьні і разьвітаўшыся з імі, выйшаў у Македонію» (Дзеі 20:1).
Павал імкнецца ў Ерусалім і ягоная вандроўка больш падобная на паломніцтва. Маючы вялікія планы несьці Эвангельле ў Рым, а потым і ў Гішпанію, ён ня ведае дакладна, што чакае яго ў Ерусаліме: «І вось, сёньня я пабуджаны Духам іду ў Ерусалім, ня ведаючы, што там здарыцца са мною; толькі Дух Сьвяты ва ўсіх гарадах сьведчыць, кажучы, што кайданы і пакуты чакаюць мяне. Але я ні на што не зважаю і не даражу сваім жыцьцём, толькі б з радасьцю зьдзесьніць абавязак мой і служэньне, якое я прыняў ад Госпада Ісуса прапаведаваць Дабравесьце ласкі Божай» (Дзеі 20:22-24).
І вось, Ерусалім. Павал імкнуўся прыйсьці сюды яшчэ да Пяцідзясятніцы і гэта, па ўсёй верагоднасьці, яму ўдалося, бо горад быў поўны паломнікаў і адчувалася вялікае сьвята. Пасьля сустрэчы з кіраўнікамі хрысьціянаў Ерусаліма і абрада ачышчэньня, на які ён пагадзіўся, Павал ідзе ў храм, дзе яго арыштоўваюць: «Калі ж сем дзён канчаліся, тады Асійскія юдэі, убачыўшы яго ў храме, падбухторылі ўсіх людзей і наклалі на яго рукі, закрычаўшы: мужы Ізраільскія, памажэце! Гэты чалавек усіх і ўсюды настаўляе супраць народу і закона і месца гэтага; да таго ж і элінаў дапусьціў у храм і спаганіў сьвятое месца гэтае. Бо папярэдне бачылі з ім ў горадзе Трафіма Эфесяніна і думалі, што Павал яго ўвёў у храм» (Дзеі 21:27-29).
Гэта была яўная правакацыя і невядома чым бы яна скончылася, калі б тысячнік рымскай кагорты не абараніў яго: «А калі ён быў на лесьвіцы, дык воіны мусілі несьці яго, бо ў натоўпе была вялікая сьціжма; бо мноства людзей ішло сьледам і крычала: сьмерць яму!» (Дзеі 21:35-36).
Праз сынедрыён, змову гебраяў і павагу ўлады перад рымскім грамадзянствам Паўла, акрэсьліўся шлях апостала ў Рым, бо Сам Бог сказаў яму: «На другую ноч Гаспад, зьявіўшыся яму, сказаў: мацуйся, Паўле; бо як ты сьведчыў за Мяне ў Ерусаліме, так трэба табе сьведчыць і ў Рыме» (Дзеі 23:11).
Праз два гады арышту ў пракуратара Фелікса, Павал стаіць на судзе перад новым пракуратарам Фэстам і патрабуе, як грамадзянін Рыма, суда ў цэзара: «Павал сказаў: я стаю перад судом цэзаравым, дзе мяне і належыць судзіць; юдэяў я нічым не пакрыўдзіў, як і ты добра ведаеш; бо калі не мая праўда і зрабіў што-небудзь вартае сьмерці, дык не зракуся памерці; а калі нічога такога няма, у чым гэтыя вінавацяць мяне, дык ніхто ня можа выдаць мяне ім; патрабую суду цэзаравага. Тады Фэст, пагутарыўшы з радай, адказваў: ты спатрабаваў суду цэзаравага, да цэзара і выправішся» (Дзеі 25:10-12). Павал не дарма патрабаваў суду цэзаравага, бо выконваў загад Госпада, Які накіроўваў яго ў Рым.
Лука вельмі маляўніча распавёў пра марскую вандроўку ў Рым, але варта засяродзіць сваю ўвагу на вельмі непрыемныя прыгоды карабля пад час бурнага ветру Эўраклідону. Сітуацыя карабельнікаў і ўсіх тых, хто быў на караблі была амаль што безнадзейнай. Але справа ў тым, што на караблі знаходзіўся Павал, які выконваў даручэньне Госпада і таму ён ніяк ня мог загінуць. І ён, ведаючы гэта, кажа прысутным на караблі: «Мужы! Трэба было паслухацца мяне і не адыходзіць ад Крыта, чым бы і ўніклі мы гэтых нягодаў і шкоды; а цяпер умаўляю вас падбадзёрыцца духам, бо ніводная душа з вас не загіне, а толькі карабель; бо анёл Бога, Якому належу і я і Якому служу, зьявіўся мне сёньня ўначы і сказаў: ня бойся! Паўле! табе трэба паўстаць перад цэзарам, і вось, Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з табою. Таму падбадзёрцеся духам, мужы, бо я веру Богу, што будзе так, як мне сказана: нам выпадае быць выкінутымі на якую-небудзь выспу» (Дзеі 27:21-26).
Так Павал пападае на востраў Мэліт, дзе ацаляе бацьку начальніка вострава Публія. А праз тры месяцы яны працягнулі свой шлях на Александрыйскім караблі, які зімаваў на гэтым востраве.
Рым. Пачалося дзьвухгадовае служэньне апостала Паўла, пра што і кажа Лука на прыканцы сваёй кнігі: «І жыў Павал цэлыя два гады на сваім утрыманьні і прымаў усіх, хто прыходзіў да яго, прапаведуючы Валадарства Божае і вучачы пра Госпада Ісуса Хрыста з усякай адвагаю без забароны» (Дзеі 28:30-31).
Свидетельство о публикации №226051000424