Послание к Римлянам
АПОСТАЛА ПАЎЛА
«Бо я не саромеюся зьвеставаньня Хрыстовага, бо яно
ёсьць сіла Божая на збавеньне ўсякаму веруючаму,
па-першае Юдэю, потым і Эліну. Бо ў ім адкрываецца
праўда Божая ад веры ў веру, як напісана: “Праведны
вераю жыць будзе”» (Рым 1:16-17).
Пасланьні апостала Паўла ў Новым Запавеце пачынаюцца з пасланьня да Рымлянаў. Гэтая кніга ўражвае ня толькі колькасьцю старонак, але найбольш сваёй духоўнай вагою. Разгортваючы гэтае пасланьне, мы далучаемся да самага цудоўнага з пасланьняў апостала Паўла, пра якое, дарэчы, Марцін Лютар казаў як пра сапраўдны шэдэўр Новага Запавета. Мы пачынаем вывучаць кнігу, праз якую Бог дзейнічае цудоўным чынам. І таму ёсьці вялікія прыклады. Сьвяты Аўгустын, вялікі багаслоў раньняга хрысьціянства, прыйшоў да Госпада, прачытаўшы ўрывак з пасланьня да Рымлянаў. Выкладаючы гэтую кнігу іншым і разважаючы над ёй, Марцін Лютар упершыню спазнаў сутнасьць Эвангельля. Іскра гэтага пазнаньня запаліла агонь Рэфармацыі.
Праз два стагодзьдзі пасьля гэтага, пад уплывам пасланьня апостала Паўла да Рымлянаў, навярнуўся да Госпада будучы вялікі прапаведнік Джон Уэсьлі. Мы ня здольныя пералічыць і самую маленькую частку ўзьдзеяньня гэтага пасланьня на навяртаньне людзей, але дакладна ведома, што многія вялікія абуджэньні і духоўныя рэфармацыі паходзілі пад уплывам гэтай кнігі, калі людзі наноў адкрывалі для сябе яе сапраўдны сэнс.
Апостал Павал напісаў яго ў ліку апошніх сваіх пасланьняў. Гэта здарылася пад час сваёй апошняй місіянерскай вандроўцы ў Карынце. Дыяканіса Кенхрэйскай царквы Фіва перадала гэтае пасланьне царкве ў Рыме: «Даручаю вам Фіву, сястру нашу, дыяканісу царквы Кенхрэйскай: прымеце яе дзеля Госпада, як прыстойна сьвятым, і памажэце ёй, у чым яна будзе мець патрэбу ў вас; бо яна была памочніцаю многім і мне самому» (Рым 16:1-2).
Павал лічыў, што павінен працягнуць сваю місіянерскую дзейнасьць у Гішпаніі і таму, па дарозе туды, ён меў жаданьне наведаць царкву ў Рыме, каб атрымаць малітоўную падтрымку для сваёй новай працы ў невядомай яму краіне. Апостал напісаў сваё пасланьне будучы ў Карынце перад апошнім сваім вяртаньнем у Ерусалім. І калі гэта так, дык пасланьне да Рымлянаў было напісанае прыкладна ў 58 годзе па Р. Х., у доме багатага карынцяніна Гаія: «Вітае вас Гаій, гасьцінны да мяне і ўсёй царквы» (Рым 16:23).
Гэтая кніга разьлічана на розны ўзровень адукаванасьці і духоўнасьці. Яна здольная завалодаць розумам генія і прасьвятліць нават самы пасрэдны розум. Пасланьне Паўла спачатку зрыне нас, але потым нас узьніме. Яно зрывае з нас старое адзеньне, каб даць нам адзеньне новае і вечнае.
Стары Запавет цытуецца ў пасланьні Паўла 57 разоў, больш чым у любой іншай кнізе Новага Запавета. Павал выкарыстоўвае ў пасланьні ключавыя словы: Бог – 154 разы; закон – 77 разоў; Хрыстос – 66 разоў; грэх – 45 разоў, Госпад – 44 разы і вера – 40 разоў.
Пасланьне апостала Паўла да Рымлянаў адказвае на пытаньне вякоў: «Але як апраўдаецца чалавек перад Богам?» (Ёў 9:2). Ёў кажа, што ніхто ня будзе апраўданы, калі не замірыцца з Госпадам. Пасланьне Паўла адкрывае і тлумачыць Божы шлях апраўданьня: «Бо я не саромеюся зьвеставаньня Хрыстовага, бо яно ёсьць сіла Божая на збавеньне ўсякаму веруючаму, па-першае Юдэю, потым і Эліну. Бо ў ім адкрываецца праўда Божая ад веры ў веру, як напісана: “праведны вераю жыць будзе”» (Рым 1:16-17).
Гэтыя два вершы можна з упэўненасьцю назваць асноўным тэкстам пасланьня, а ўсе астатнія – пропаведзьдзю апостала Паўла да ўсіх нас.
Пасланьне Паўла і сёньня ўзьдзейнічае на нас таксама, як і на людзей першага стагодзьдзя нашага часу. Яно ўзьдзейнічае на маральны бок нашага жыцьця, калі кажа пра блуд, пералюбства, нянавісьць, забойства, ілжу і непадпарадкаваньне ўладам. Яно ўзьдзейнічае на наш розум кажучы нам, што чалавек гэтага сьвету разгублены, бо ягоны розум ня мае маральнасьці. Пасланьне паказвае, як мы павінны адносіцца адзін да аднога і паказвае нам шлях да сапраўднай свабоды, якая збаўляе чалавека ад цяжару грэху. Яно ўзьдзейнічае і на багаслоўе, бо кажа нам пра ўзаемаадносіны паміж матэрыяльным і духоўным, паміж законам і ласкай Божай, паміж справамі і вераю. Але важней за ўсё тое, што пасланьне апостала Паўла набліжае нас да Самога Бога.
Пасланьне да Рымлянаў можна падзяліць на чатыры часткі: Уводзіны (1:1-17); Збаўленьне толькі вераю (1:18-11:36); Хрысьціянскае служэньне (12:1-15:13) і Заключная частка (15:14-16:24).
• Уводзіны (1:1-17).
Бог паклікаў незвычайнага чалавека быць галоўным вястуном Ягонай цудоўнай Добрай весткі. Павал быў той зброяй Ісуса Хрыста, якая спрацавала вельмі моцна і якасна. Гэты выдатны і адукаваны гебрай, грамадзянін Рыма, які меў высокія помыслы і арганізатарскія здольнасьці, быў асобным чынам пакліканы на служэньня Ісусу Хрысту.
На пачатку пасланьня Павал зацьверджвае сваё апостальства і тлумачыць прычыну напісаньня гэтага пасланьня. Ён кажа пра сваё жаданьне прапаведаваць Эвангельле ў Рыме: «Я даўжнік і Элінам і барбарам, мудрацам і неразумным; дык вось, што да мяне, я гатовы зьвеставаць вам, жыхарам Рыма» (Рым 1:14-15).
Павал добра разумеў, што Эвангельле будзе з варожасьцю прынятае ў Рыме. Ён ведаў, што Рым быў насычаны культам сілы як і тое, што рымляне з пагардаю паставяцца да весткі пра юдэйскага Мэсію, Які памёр на Крыжы. Але Павал, разумеючы ўсё гэта, быў гатовы да прапаведваньня, бо шанаваў Эвангельле як аснову свайго хрысьціянскага жыцьця.
Павал кажа, што Эвангельле мае сілу Божую да збаўленьня. Дарэчы, слова «сіла» - гэта пераклад грэцкага слова «дзюнаміс», якое азначае здольнасьць нешта зрабіць. Павал сьцьвярджае такім чынам, што Эвангельле Ісуса Хрыста мае сілу зрабіць тое, што мае найвышэйшую каштоўнасьць – збавіць людзей ад грахоў.
Апостал кажа, што менавіта ў Эвангельлі адкрываецца Божая праўда. Бог патрабуе ад нас поўнай праведнасьці і толькі ў гэтым выпадку мы можам атрымаць нябёсы. Але ці здольныя мы выканаць гэтае Божае патрабаваньне? Ніяк, бо мы безнадзейна далёкія ад Божага стандарту праведнсьці. Дык на што ж спадзявацца? Толькі на Госпада, бо толькі Ён дае нам гэтую магчымасьць. Эвангельле абвяшчае нам, што Бог робіць праведнасьць даступнаю для нас. І гэтая праведнасьць схаваная ў Сыне Ягоным, Ісусе Хрысьце, якую мы і набываем праз веру ў Ісуса Хрыста.
• Збаўленьне толькі вераю (1:18-11:36).
Гэтая частка пасланьня апостала Паўла падзяляецца на чатыры разьдзелы, якія тлумачаць хрысьціянскае веравучэньне пра тое, што збаўленьне магчымае толькі па веры:
Патрэба ў збаўленьні (1:18-3:23). Павал падрабязна тлумачыць сэнс і сутнасьць сьцьвярджэньня, якое ён дае на пачатку свайго пасланьня: Бог дае нам Сваю праведнасьць праз Свайго Сына Ісуса Хрыста. Апостал кажа пра тое, што ўсе мы пазбаўлены Божай праведнасьці і маем вялікую патрэбу ў ёй. Божая праведнасьць патрэбна была паганам таму, што яны ня мелі сапраўднага веданьня пра Бога. Патрэбна яна была і гебраям, бо яны праявілі непаслушэнства закону Божаму, якому яны падпарадкоўваліся толькі фармальна. І вось, з гэтай нагоды, Павал робіць выснову, што як юдэі так і пагане – усе пад грэхам: «Бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай» (Рым 3:23).
Ён цытуе псальму: «Усе ўхіліліся, зрабіліся аднолькава непатрэбныя; ніхто ня робіць дабра, ніхто аніводзін» (Пс 13:3). Увесь сьвет вінаваты перад Богам і таму ніводнае цела ня можа быць апраўданая законам перад Богам, бо калі сьвет загразнуў у граху сярод цемры, дык грэх пазнаецца з дапамогаю закону.
Сутнасьць збаўленьня (3:24-4:25).
Апостал Павал кажа нам пра апраўданьне грэшніка. Мы разумеем, што апраўданьне – гэта паняцьце, процілеглае асуджэньню. І толькі Бог можа абвесьціць грэшніка праведным ці вінаватым. Але як гэта магчыма? Толькі праз Ісуса Хрыста, Які на працягу Свайго зямнога служэньня быў паслухмяным закону Божаму. Ісус Хрыстос меў праведнасьць, у якой мы, ўсе без выключэньня, маем вялікую патрэбу. Толькі бязгрэшны Збаўца можа заплаціць за нас кошт, каб адкупіць грэшных людзей.
Чалавек ня здольны сам стаць праведным і таму Бог міласьціва дае яму збаўленьне праз адкупляльную ахвяру Свайго Сына Ісуса Хрыста. Гэтая ахвяра была прынесена Госпадам ня ў цемры і ня ў нейкім патаемным месцы, але адкрыта – на Галгофе, каб увесь сьвет убачыў гэтую дасканалую ахвяру як міласьць Бога да нас: «Якога Бог прынёс у ахвяру ўмілажальваньня ў Крыві Ягонай праз веру, для паказу справядлівасьці Ягонай у дараваньні грахоў, учыненых раней, у доўгім цярпеньні Божым, для паказу справядлівасьці Ягонай у сёняшні час, - хай зьявіцца Ён справядлівы і апраўдае таго, хто веруе ў Ісуса» (Рым 3:25-26).
Гэты на першы погляд складаны тэкст, мае вельмі просты сэнс і вельмі глыбокую думку ўсяго Сьвятога Пісаньня: апраўданьне для грэшнага чалавецтва стала магчымым дзякуючы Божай міласьці праз сьмерць Ісуса Хрыста на Крыжы і яно даецца людзям, калі яны вераць у Яго як Госпада і Збаўцу.
Крыж узьдзейнічае на тых, хто верыць у Ісуса Хрыста, бо дае ім вечнае жыцьцё. Крыж накіроўвае нашу ўвагу на чатыры бакі праслаўленьня ўкрыжаванага Госпада, яўляючы Божую праведнасьць, узносячы Божую літасьць, яўляючы Божую ўсеагульнасьць і пацьверджваючы Божы закон: «Дзе ж тое, чым пахваліцца? зьнішчана. Якім законам? Законам учынкаў? Не, а законам веры. Бо мы прызнаём, што чалавек апраўдваецца вераю, незалежна ад дзеяў закону. Няўжо Бог ёсьць Бог Юдэяў толькі, а не і паганаў? Вядома і паганаў; бо адзін Бог, які апраўдае абрэзаных па веры і неабрэзаных праз веру. Дык вось, ці ж мы не касуем закон вераю? Зусім не; а сьцьвярджаем закон» (Рым 3:27-31).
Вера не зьнішчае закон. Наадварот, яна цалкам пацьверджвае ўладу закону. Праз веру чалавек прымае ўдзел у Божай праведнасьці, прызнаючы справядлівае асуджэньне чалавека законам, пад якім ён знаходзіцца, бо ў чалавека няма сваёй асабістай праведнасьці. Закон патрабаваў праведнасьці, але паўсюды быў грэх. І вось Бог робіць веруючага ўдзельнікам праведнасьці. Той, якая ёсьць у Бога. Кроў Хрыста ачышчае чалавека ад грэху і дае яму праведнасьць, бо прымае на сябе ўсю віну грэшніка.
Павал зьвяртаецца да нас з тлумачэньнем, што ён ня вучыць нас чамусьці новаму. Ён дае зразумець, што такім жа чынам набылі збаўленьне Абрагам і Давід, якія жылі пад час Старога Запавета. Апостал выкарыстоўвае вобраз Абрагама як прыклад галоўнай праўды Бібліі пра тое, што чалавек можа быць праведным перад Богам толькі па веры і ніколі па справах. Павал недарма выбраў менавіта Абрагама як найбольш важны прыклад збаўленьня па веры.
Абрагам жыў прыблізна за 2000 гадоў да таго часу, як апостал Павал напісаў сваё пасланьне да Рымлянаў. І гэта кажа нам пра тое, што збаўленьне па веры ня ёсьць нешта новае. Абрагам жыў на 600 гадоў раней за ўсталяваньне закону Майсеева. А калі гэта так, дык Абрагам ня мог быць збаўлены праз выкананьне гэтага закону. Мы бачым у пасланьні Паўла тры зьвязаныя паміж сабою праўды: апраўдальная вера Абрагама не прыйшла ад абразаньня; яна не прыйшла і ад выкананьня закону; але яна дадзена выключна па міласьці Божай.
Плады збаўленьня (5:1-8:39).
Збаўленьне, якое набыў для нас Ісус Хрыстос, вырабляе ў нас дзіўныя плады: мір, сьвятасьць, духоўную радасьць і сталасьць у веры.
Першае зьвяно ў непарыўным ланцугу, які навечна зьвязвае веруючага з Ісусам Хрыстом, - гэта мір з Богам: «Дык вось, апраўдаўшыся вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста» (Рым 5:1). Мір з Богам – гэта аб’ектыўная рэальнасьць. Не пачуцьце, а рэальнасьць. Дакладней – рэальнае пачуцьце.
Без збаўленьня праз Ісуса Хрыста кожны чалавек знаходзіцца ў варожых адносінах з Богам, бо духоўна ваюе з Ім, незалежна ад таго, якія пачуцьці ён адчувае ў адносінах да Госпада. Падобным жа чынам чалавек, апраўданы праз веру ў Ісуса Хрыста, знаходзіцца ў міры з Богам, незалежна ад таго, што ён адчувае. Праз веру ў Ісуса Хрыста вайна грэшніка з Богам спыняецца назаўжды.
Трэба адзначыць і тое, што большасьць нязбаўленых людзей ня лічаць сябе ворагамі Бога, бо ня маюць сьвядомага пачуцьця нянавісьці да Яго. Яны актыўна не процістаўляюць сябе Ягонай працы і не занадта пярэчаць Ягонаму Слову, лічачы сябе нейкім чынам «нейтральнымі» у адносінах да Госпада. Але гэта немагчыма, бо розум нязбаўленага чалавека знаходзіцца ў сьвеце толькі са справамі цела, а гэта азначае тое, што такі чалавек знаходзіцца ў варожасьці з Богам і ня можа быць іншым: «Бо помыслы цела – гэта варожасьць да Бога» (Рым 8:7).
Мір, пра які кажа апостал Павал – гэта аб’ектыўны мір, бо ёсьць прымірэньне з Богам. Але гэта яшчэ ня ўсе Божыя дабраславеньні, бо ўсьведамленьне гэтай аб’ектыўнай праўды дае веруючаму глыбокі і вельмі дзіўны суб’ектыўны мір. Веданьне таго, што ён сын Божы і брат Ісуса Хрыста, дае кожнаму хрысьціяніну асалоду і супакой душы. Усьведамленьне нашага міру з Богам праз Ісуса Хрыста дае нам непамерна больш за звычайнае пачуцьце падзякі і чалавечай цяплыні, бо дае нам свабоду ад асабістых выгадаў гэтага сьвету і вялікае жаданьне служыць Госпаду і не аддзяляцца ад Яго: «Бо я ўпэўнены, што ні сьмерць, ні жыцьцё, ні анёлы, ні Пачаткі, ні Сілы, ні сёньняшняе, ні будучае, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэньне ня можа адлучыць нас ад любові Божай у Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым» (Рым 8:38-39).
Нязбаўленыя людзі зьяўляюцца рабамі грэху. Яны падпарадкоўваюцца яму і кіруюцца ім, бо грэх – гэта гаспадар, якому яны вымушаныя служыць. Сам грэшнік ніяк ня здольны пазбавіцца гэтага рабства да таго часу, калі ў гэтую справу не ўмяшаецца Бог і не пераменіць жыцьцё грэшніка. Многія нязбаўленыя людзі сур’ёзна пра гэта ня думаюць. У сьвеце шмат дабрачынных, шчырых, паслухмяных закону і дапамагаючым іншым людзей, якія ўпэўнены, што яны жывуць прыкладным жыцьцём і ня маюць патрэбы ў збаўленьні. Апостал Павал кажа такім людзям, што без збаўленьня праз Ісуса Хрыста ўсе людзі «рабы грэху» і ня маюць ніякага дачыненьня да Божай праведнасьці. Сам Павал кажа пра свае асасабістыя добрыя справы да збаўленьня, як пра сьмецьце: «Ды і ўсё лічу марнасьцю дзеля перавагі пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго: дзеля Яго я ад усяго адмовіўся. І ўсё лічу сьмецьцем, каб здабыць Хрыста» (Філ 3:8).
Адна з прыкметаў сапраўднага збаўленьня – гэта пачуцьце сораму за сваё жыцьцё да прыходу да Ісуса Хрыста. Якой бы ні было папярэдняе жыцьцё: разбэшчанай ці прыстойнай, злачыннай ці дабрачыннай, эгаістычнай ці шчодрай – гэта жыцьцё, за якое сапраўдны веруючы ня можа адчуваць нічога, акрамя сораму. І гэта не залежыць ад таго, якім жыцьцё нязбаўленага чалавека бачыць сьвет, бо жыцьцё бяз Бога – гэта жыцьцё бяз праведнасьці. Толькі ў збаўленьні Бог ня толькі вызваляе нас ад апошняга пакараньня за грэх, але вызваляе і ад тыраніі грэху ў цяперашні час: «А сёньня, калі вы вызваліліся з грэху і сталіся рабамі Богу, плён ваш ёсьць сьвятасьць, а канец – жыцьцё вечнае» (Рым 6:22).
Духоўная радасьць і задавальненьне збаўленага чалавека відавочны, бо ён бачыць ацалённымі Хрыстом вачамі сваё старое жыцьцё і радуецца тым новым пачуцьцям задавальненьня ад закону Божага: «Бо ва ўнутраным чалавеку я маю задавальненьне ад закону Божага» (Рым 7:22).
Упэўненасьць у новым жыцьці – гэта тое, на чым грунтуецца зьмест і сапраўднасьць новага жыцьця веруючага, пачаткам, сярэдзінай і канцом якога зьяўляецца Ісус Хрыстос, наш Госпад і Збаўца. Бог з намі і за нас. Аднойчы і назаўсёды. І гэта ніяк немагчыма зьнішчыць аспрэчваньнем ці абвінавачваньнем: «Што ж сказаць на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас? Той, Хто Сына Свайго не пашкадаваў, а аддаў Яго за ўсіх нас, як з Ім не даруе нам і ўсяго? Хто будзе вінаваціць выбранцаў Божых? Бог апраўдае іх. Хто асуджае? Хрыстос (Ісус) памёр, але і ўваскрэс: Ён і праваруч Бога, Ён і заступнік за нас» (Рым 8:31-34).
Ісус Хрыстос і зараз жыве для нас, бо хадайнічае за нас прад Айцом. Ісус, як увасобленая любоў Бога, стаіць навекі за нас і гэты наш з Ім зьвяз немагчыма парушыць ніякай нябеснай, зямной ці чалавечаю сілай. Якім бы не былі жорсткімі і ганебнымі праявы зла для нашага жыцьця ці сьмерці зараз ці ў будучым: «Хто адлучыць нас ад любові Божай: скруха, ці ўціск, ці ганеньне, ці голад, ці галеча, ці небясьпека, ці меч? як напісана: “За Цябе забіваюць нас кожнага дня; лічаць нас за авечак, на зарэз асуджаных”. Але ўсё гэта пераадольваем сілаю таго, Хто палюбіў нас» (Рым 8:35-37).
Трагедыя Ізраіля ((9:1-11:36).
Будучы гебраем, апостал Павал мае вялікую болю ў сэрцы сваім за будучыню Ізраіля: «Праўду кажу ў Хрысьце, ня хлушу, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым, што вялікі мне смутак і няспынная болесьць сэрцу майму: я хацеў бы сам быць адлучаны ад Хрыста за братоў маіх, родных мне па целу; гэта азначае Ізраільцян, якім належаць усынаўленьне і слава, і запаветы і заканадаўства, і набажэнства і абяцаньні; іхнія і бацькі, і ад іх Хрыстос па целу, існы над усім Бог, дабраславёны навекі. Амэн» (Рым 9:1-5).
Ізраіль, выбраны народ Божы, закрыў для сябе Эвангельле праведнасьці Божай і такім чынам ён, як быццам бы, пазбавіў Эвангельле сапраўднасьці. І вось зараз, Павал вырашае вельмі важнае пытаньне: якое ж зараз становішча гебраяў? Яны лічылі сябе сапраўдным народам Божым, хаця большасьць з іх адкінула Ісуса Хрыста.
Павал адказвае на гэтае пытаньне, кажучы, што збаўленьне ніколі не было зьвязанае з нацыянальнай прыналежнасьцю, а прыналежнасьць да Ізраіля ніколі не азначала, што чалавек можа быць збаўлены аўтаматычна: «Але ня тое, каб слова Божае ня спраўдзілася. Бо ня ўсе тыя Ізраільцяне, якія ад Ізраіля, і ня ўсе дзеці Абрагамавыя, якія ад семені ягонага; а (сказана): “У Ісааку назавецца табе семя”. Гэта значыцца, ня дзеці цела – дзеці Божыя; а дзеці абяцаньня прызнаюцца за семя» (Рым 9:6-8).
У часы Старога Запавета збаўленьне заўсёды было зьвязанае з міласьцю Божай. Толькі па міласьці Сваёй Бог прыводзіў людзей да веры ў будучага Мэсію і толькі на міласьці Божай грунтуюцца адносіны Бога да Свайго народу. І толькі па міласьці Божай мы маем Збаўцу Ісуса Хрыста. Але Ізраіль не прызнаў Яго. Ён і зараз, у большасьці сваёй, не прызнае Ісуса Хрыста як Мэсію.
Габрэі і зараз лічаць, што хрысьціянства – гэта ня што іншае, як перакручваньне той праўды, Якую Бог даў юдэйскай рэлігіі. Яны нязгодны таксама з тым, што хрысьціянства выходзіць за межы Старога Запавета і адкрывае дзьверы паганам, каб тыя, мінуючы юдаізм, проста ўваходзілі да Бога на тых жа ўмовах, што і гебраі і станавіліся паўнавартастымі членамі сям’і Божай.
Пагадзіцца з Новым Запаветам – гэта азначае прызнаць, што Ісус Хрыстос цалкам споўніў Стары Запавет, адмяняючы ўсе цырымоніі рабінаў і першаснасьць Божага народу, каб паклікаць новы народ з паганаў і даць ім роўны з гебраямі доступ да міласьці Божай.
Калі Эвангельле прыйшло праз Хрыста, дык у большасьці яго прымалі пагане. Чаму? У адрозьненьні ад гебраяў, пагане не лічылі сябе праведнымі, бо самая вялікая перашкода на шляху да збаўленьня – гэта самаправеднасьць. Чалавек, які лічыць сябе праведным, ня мае патрэбы ў збаўленьні. Але, чаму ж спатыкнуліся гебраі? Таму, што шукалі ня ў веры, а ў справах закону. Гебраі не прынялі Эвангельле ласкі Божай, якое даецца па веры, таму што яно скасоўвала ўсе іхнія справы, з дапамогаю якіх яны намагаліся ўгадзіць Богу.
Менавіта пра гэта пісаў апостал Павал яшчэ за некалькі гадоў да напісаньня свайго пасланьня да Рымлянаў: «Бо калі сьвет сваёй мудрасьцю не спазнаў Бога ў мудрасьці Божай, дык заўгодна было Богу юродствам пропаведзі выратаваць веруючых. Бо і Юдэі патрабуюць цудаў, і Эліны шукаюць мудрасьці; а мы прапаведуем Хрыста ўкрыжаванага, для Юдэяў камень спатыкненьня, а для Элінаў неразумнасьць, а для саміх пакліканых, Юдэяў і Элінаў, Хрыста, Божую сілу і Божую мудрасць» (1 Кар 1:21-24).
Але нягледзячы на непаслушэнства і зацятасьць Ізраіля, Пісаньне неаднаразова кажа пра абяцаньні Госпада ніколі не пакідаць Свой народ. Вось словы прарока Самуіла: «А Госпад не пакіне народу Свайго, дзеля вялікага імя Свайго, бо Госпаду заўгодна было выбраць вас народам Сваім» (1 Вал 12:22).
Таксама і Давід кажа Ізраілю, што Бог ніколі не пакіне Свой народ: «Калі сыны ягоныя пакінуць закон Мой, і ня будуць хадзіць паводле наказаў Маіх; калі парушаць пастановы Мае, і загадаў Маіх не захаваюць: наведаю жазлом беззаконьне іхняе, і ўдарамі – няпраўду іхнюю; а ласкі Маёй не пазбаўлю яго, і не зьмяню праўды Маёй. Не парушу запавету Майго, і не памяняю таго, што выйшла з вуснаў Маіх, аднойчы прысягнуў сьвятасьцю Маёю: а ці зманю Давіду?» (Пс 88:31-36).
Таксама і Павал кажа, што лёс Ізраіля можна павярнуць і гэта будзе. Вяртаньне Ізраіля да Госпада ня толькі магчымае, але і дакладнае. Па праўдзе Божага абяцаньня, Ягоны народ ня можа вечна заставацца ў нявер’і, бо так сказана ў Пісаньні: «І так увесь Ізраіль уратуецца, як напісана: “Прыйдзе з Сыёна Збаўца і адверне бязбожнасьць ад Якуба; і гэта запавет ім ад Мяне, калі здыму з іх грахі іхнія”» (Рым 11:26-27).
Нягледзячы на тое, што многія юдэі адкінулі Хрыста, апостал Павал радаваўся таму, што тая ж самая міласьць прывядзе яшчэ многіх гебраяў да сапраўднай веры.
• Хрысьціянскае служэньне (12:1-15:13).
«І вось, прашу вас, браты, міласэрнасьцю Божай, аддавайце целы вашыя ў ахвяру жывую, сьвятую, Богу спадобную: на разумнае служэньне ваша; і не прыстасоўвайцеся да веку гэтага, а пераўтварайцеся абнаўленьнем розуму вашага, каб вам спазнаваць што (ёсьць) воля Божая, добрая, прыемная і дасканалая» (Рым 12:1-2).
Апостал Павал зьвяртаецца да разгляду наступнага і вельмі важнага пытаньня пра тое, як павінен жыць хрысьціянін, улічваючы тое, што для яго зрабіў Бог. Павал бачыць адзіна магчымы адказ, які кажа пра тое, што хрысьціяне павінны жыць у поўным паслушэнстве Богу. Менавіта таму ён называе служэньне Госпаду «разумным», бо гэта адзіная лагічная выснова для тых, хто быў збаўлены міласьцю Божай.
Павал заклікае рымлянаў да адказнага і шчырага выкананьня сваіх абавязкаў у царкве як цела Ісуса Хрыста, згодна здольнасьцяў кожнага хрысьціяніна: «Бо як у адным целе ў нас многа чэлесаў, але не ва ўсіх чэлесаў адно і тое самае прызначэньне, так і мы многія складаем адно цела ў Хрысьце, а паасобку адно аднаго чэлесы. І як па дадзенай нам ласкі, маем розныя здольнасьці, дык, калі гэта прароцтва – прароч у згодзе з вераю; калі маеш служэньне, служы; калі настаўнік, вучы; калі суцешнік, суцяшай; калі раздаеш, раздавай у шчырасьці; калі начальнік, начальнічай дбайна; калі дабрачынец – дабрачынь з прыязнасьцю» (Рым 12:4-8).
Павал заклікае кожнага хрысьціяніна выконваць свае абавязкі перад дзяржаваю: «Кожная душа няхай скараецца вышэйшым уладам; бо няма ўлады не ад Бога; а ўлады, якія існуюць, ад Бога ўстаноўлены. Таму той, хто супрацівіцца ўладзе, супрацівіцца Божаму пастанаўленьню; а тыя, што супрацівяцца, самі наклічуць на сябе асуду. Бо начальнікі страшныя не для добрых дзеяў, а для ліхіх. Ці хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро, і дастанеш пахвалы ад яе; бо начальнік ёсьць Божы слуга, табе на дабро. А калі робіш зло, бойся, бо ён нездарма трымае меч: ён – Божы слуга, які помсьціць і карае таго, хто ўчыняе ліхое. І таму трэба скарацца ня толькі з страху перад карай, але і з сумленьня» (Рым 13:1-5).
Веруючыя любоў краіны, а гэта тычыцца і нашага часу, павінны быць узорнымі грамадзянамі, якія не парушаюць законы краіны. Яны павінны яўляць прыклад пакоры, а не бунту; павагі да ўраду, а не грэбваньня яго. Мы павінны бяз страху і самаадана весьці барацьбу супраць несправядлівасьці, разбэшчанасьці і бязбожжа, але рабіць гэта ў межах закону і з павагай да ўладаў. Мы павінны быць дабрачынным супольствам, якое творыць дабро і мірна жыве ў бязбожным грамадзтве, каб у нашым новым жыцьці відавочна праяўлялася Божая збаўляльная сіла.
Прынцып грамадзянскага падпарадкаваньня далёка ня новы, бо сфармуляваны таксама і ў Старым Запавеце. Калі народ Божы знаходзіўся ў палоне ў паганскім Бабілоне, Госпад казаў яму: «І клапацецеся пра дабрабыт горада, у які Я перасяліў вас, і малецеся за яго Госпаду; бо пры дабрабыце яго і вам будзе мір» (Ерам 29:7).
Існуе толькі адна ўмова, якая дазваляе веруючаму чалавеку непадпарадкоўвацца ўладам. Веруючы не павінен выконваць закон ці пастановы, якія патрабуюць ад яго адмовіцца ад пакланеньня Госпаду і не выконваць Божае Слова.
Апостал Павал заклікае нас узрастаць ва ўзаемнай любові: «Не заставайцеся запазычанцамі нікому ні ў чым, акрамя ўзаемнай любові; бо хто любіць другога, выканаў закон. Бо запаведзі: не распусьнічай, не забівай, ня крадзь, ня сьведчы ілжыва, не зажадай чужога, і ўсе іншыя ляжаць у гэтым слове: любі блізкага твайго, як самога сябе. Любоў ня робіць блізкаму зла; дык вось любоў ёсьць выкананьне закона» (Рым 13:8-10).
Словы Паўла – гэта ўзор жыцьця для кожнага хрысьціяніна. Але гэта і даволі цяжкая задача, бо праяўляць запал лягчэй, чым праяўляць паслушэнства. Нашмат лягчэй хваліць любоў, чым жыць у адпаведнасьці з ёй. І гэта справядліва нават і адносна самога апостала: «Бо мы ведаем, што закон духоўны, а я ў целе, прададзены грэху. Бо не разумею, што раблю; таму што ня тое раблю, што хачу, а што ненавіджу, тое раблю» (Рым 7:14-15).
Сэнс закліка апостала Паўла любіць, заключаны ў тым, што той хрысьціянін, які дазваляе Божай любові кіраваць сваім жыцьцём, заўсёды абаронены ад грэху і трымаецца праведнасьці. Любячы хрысьціянін падпарадкоўваецца Божаму закону не таму, што баіцца вынікаў непаслушэнства, але таму, што ён любіць Бога і імкнецца дагадзіць Яму, любячы іншых. Трэба сказаць і тое, што страх – гэта натуральная прычына пазьбяганьня грэху, бо Біблія вялікае мноства разоў папярэджвае пра грэх і ягоныя наступствы. Але страх – не галоўная прычына пазьбяганьня грэху, асабліва для хрысьціяніна.
Словы Паўла – гэта папярэджаньне і тым людзям, якія толькі прылічваюць сябе да Хрыста. Многія намінальныя хрысьціяне вядуць зьнешне маральнае жыцьцё ў надзеі дагадзіць Госпаду сваімі паводзінамі. Але гэта пра іх сказаў прарок Ісая: «І сказаў Госпад, як што людзі гэтыя шануюць Мяне вуснамі сваімі, і языком сваім шануюць Мяне, а сэрца іхняе далёка адлягае ад Мяне, і багавейнасьць іх перад Мною ёсьць вывучэньне запаведзяў чалавечых» (Іс 2913).
Сапраўдныя хрысьціяне адкідаюць зло і твораць дабро таму, што іх накіроўвае да гэтага прабываючая ў іх любоў да прабываючага ў іх Госпада.
Галоўная думка Новага Запавета заключана ў тым, што сіла грэху разбурае духоўны і маральны ўзровень як царквы, так і тых, хто зьдзяйсьняе грэх. Пасланьне апостала Паўла дае шмат указаньняў на неабходнасьць кожнадзённага вынішчэньня грэху ў царкве. Гэта задача як царкоўнай дысцыпліны, так і паводзінаў кожнага хрысьціяніна. Павал кажа, што Ісус Хрыстос пакінуў нам запавет напаміну пра паламанае Цела і пралітую Кроў Ісуса Хрыста.
Ламаньне хлеба дае ня толькі напамін пра ахвяру Хрыста, але і магчымасьць выпрабаваць сябе, прааналізаваць сваё жыцьцё, прызнаць свой грэх, адвярнуцца ад яго і папрасіць прабачэньня ў нашага Госпада і Збаўцы: «Нямоглае ў веры прымайце бяз спрэчкі пра погляды ягоныя. Бо адзін упэўнены, што можна есьці ўсё, а нямоглы есьць гародніну. Хто есьць, не прыніжай таго, хто ня есьць; і хто ня есьць, не асуджай таго, хто есьць: бо Бог прыняў яго. Хто ты, што асуджаеш чужога раба? Перад сваім гаспадаром стаіць ён ці падае; і будзе пастаўлены, бо моцны Бог, каб паставіць яго. Адзін адрозьнівае дзень ад дня, а другі мяркуе пра ўсякі дзень аднолькава. Кожны хай будзе цьвёрды ў сваім перакананьні. Хто лічыцца з днём, дзеля Госпада лічыцца; і хто ня лічыцца з днём, дзеля Госпада ня лічыцца. Хто есьць, дзеля Госпада есьць, бо дзякуе Богу; і хто ня есьць, дзеля Госпада ня есьць і дзякуе Богу. Бо ніхто з нас не жыве дзеля сябе і ніхто не памірае дзеля сябе, а ці жывем – дзеля Госпада жывем, ці паміраем – дзеля Госпада паміраем. І таму, ці жывем, ці паміраем, - заўсёды Госпадавы. Бо Хрыстос дзеля таго і памёр і ажыў, каб уладарыць і над мёртвымі і над жывымі. А ты што асуджаеш брата твайго? Альбо і ты, чаго прыніжаеш брата твайго? Усе мы паўстанем на суд Хрыстовы. Бо напісана: “Жыву Я, кажа Госпад: перада Мною схіліцца кожны род, і кожнае племя будзе вызнаваць Бога”. Так, кожны з нас за сябе адкажа перад Богам» (Рым 14:1-12).
У большасьці цэркваў ёсьць сапраўдныя веруючыя, чыё сумленьне не дазваляе ім удзельнічаць у асуджэньні іншых людзей. Калі больш моцныя духоўна веруючыя па любові сваёй падтрымліваюць тых, хто больш слабы, дык яны умацоўваюць свае ўзаемаадносіны, а з гэтага царква становіцца больш згуртаванай і моцнай. Бог заўсёды клапоціцца пра адзінства Свайго народу і таму збаўленьнем Ён зьдзейсьніў сапраўднае духоўнае яднаньне. Ён стварыў супольнасьць, якая грунтуецца на ўдзеле ў адзіным вечным жыцьці.
Апостал Павал завяршае гэтую частку пасланьня цудоўнай малітвай заступніцтва для ўсяго народу Божага. Ён не падзяляе гебраяў і паганаў, а кажа пра аб’яднанае Цела Ісуса Хрыста. Павал просіць Бога даць Свайму народу радасьці, міру і надзеі. І гэта сьведчыць пра глыбокае жаданьне апостала, каб усе веруючыя мелі поўнае духоўнае задавальненьне ў сваім Збаўцы і Госпадзе Ісусе Хрысьце: «А Бог надзеі хай напоўніць вас усякай радасьцю і мірам у веры, каб вы, сілаю Духа Сьвятога, ўзбагаціліся надзеяю» (Рым 15:13).
• Заключная частка (15:14-16:24).
У заключнай частцы свайго пасланьня Павал тлумачыць тое, чаму ён зьвяртаецца да невядомай яму царквы ў Рыме. Павал мае даручэньне Ісуса Хрыста быць апосталам паганаў і несьці справу Хрыста ў няюдэйскім сьвеце народаў. Больш таго, ён плануе новую хрысьціянскую місію ў Гішпаніі і плануе свой шлях праз Рым, дзе і павінен быў прыпыніцца: «Як толькі выпраўлюся ў Гішпанію, прыйду да вас. Бо спадзяюся, што, праходзячы, пабачуся з вамі, і што вы праводзіце мяне туды, як толькі нацешуся лучнасьці з вамі, хоць трохі. А цяпер я іду ў Ерусалім, каб паслужыць сьвятым; бо Македонія і Ахая рупяцца нешта ўзьдзяліць бедным сярод сьвятых ў Ерусаліме» (Рым 15:24-26).
Жаданьне Паўла служыць у Гішпаніі, па ўсёй верагоднасьці, ня зьдзейсьнілася, але ён, у рэшце рэшт, дасягнуў Рыма, знайшоўшы радасьць і супакой у супольніцтве з тымі, да каго ён так імкнуўся: «Тамтэйшыя браты, дачуўшыся пра нас, выйшлі нам насустрач да Апіевай плошчы і трох гасьцініц; убачыўшы іх, Павал падзякаваў Богу і падбадзёрыўся духам» (Дзеі 28:15).
На прыканцы пасланьня мы бачым шчырае і клапатлівае сэрца апостала Паўла да сваіх блізкіх. Ён вылівае сваю любоў на многіх сваіх братоў і сясьцёр па веры, якія на гэты час знаходзіліся ў Рыме. Павал шчыра і цёпла вітае іх ад сябе і ад тых супрацоўнікаў, якія былі з ім у Карынце: «Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн» (Рым 16:24).
Свидетельство о публикации №226051101994