Первое послание к Коринфянам
АПОСТАЛА ПАЎЛА
«Царкве Божай, якая ў Карынце, асьвечаным у
Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым, з усімі, хто
заклікае імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, у
кожным месцы, у іх і ў нас: ласка вам і мір ад
Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста»
(1 Кар 1:2-3).
Горад Карынт мясцуецца на вузкім шасьцікіламетровым па шырыні пярэсмыку паміж Эгейскім і Адрыятычным марамі, будучы, на той момант, галоўным горадам Грэцыі. Карынт, як транспартны вузел і гандлёвы цэнтр, быў надзвычайна касмапалітычным горадам. Тут праводзіліся гульні атлетаў, якія па памерах саступалі толькі Алімпійскім гульням. Адкрыты тэатр горада зьмяшчаў да ста дваццаці тысячаў гледачоў, а закрыты – тры тысячы. Мноства храмаў, сьвяцілішчаў і алтароў былі раскінуты па ўсяму гораду. Буйнейшы з іх храм Афрадыты збіраў да сябе да тысячы храмавых прастытутак, якія прапанавалі свае паслугі тым, хто прыходзіў у храм на служэньне і пакланеньне багіні любові Афрадыты. Карынт асацыяваўся з нізкай маральнасьцю і вялікай разбэшчанасьцю жыхароў гэтага горада.
Гісторыя гэтага горада кажа пра тое, што ён быў адбудаваны Юліем Цэзарам у 44 годзе да Р. Х. пасьля стогадовага запусьценьня, выклікананым разбурэньнем старога Карынта. У горадзе была даволі значная гебрайская дыяспара, якая разьмяшчалася ў Кенхрах, порце, праз які ішоў асноўны гандль з Усходам. Менавіта ў гэты порт і высадзіўся апостал Павал, калі накіраваўся з Афінаў у Карынт, які, як гэта ня дзіўна, быў нашмат больш падгатаваны да прыняцьця зярнятак новай веры. Новы Карынт, які вельмі мала быў насычаны элінскай філасофіяй і афінскай высокароднасьцю, ужо быў напалову хрысьціянскім. Менавіта Карынт будзе пэўны час галоўным хрысьціянскім горадам сьвету паганаў.
Але пануючая там амаральнасьць дазваляла прадбачыць, што ў той жа час там будуць мець месца і першыя ў гісторыі царквы злоўжываньні. Праз некалькі гадоў яны выявяцца і мы ўбачым ў Карынце хрысьціянаў крывазьмяшальнікаў і п’яніцаў, якія сядзяць за трапезай Хрыстовай. Трэба заўважыць, што здарэньні ў царкве Карынта былі прыкладам цяжкасьцяў, якія сустракалі Паўла ва ўсе часы ягонай місіянэрскай дзейнасьці. Апостал меў вялікае жаданьне, каб кожны хрысьціянін быў маральна і духоўна дасканалы перад Ісусам Хрыстом, але кожны раз гэтаму перашкаджалі чалавечыя слабасьці і ілжывыя вучэньні, якія спакушалі розум першых хрысьціянаў.
Пакінуўшы Карынт, Павал наведаў Эфес, Ерусалім і Антыёхію Сірыйскую. Потым ён вярнуўся ў Эфес, каб на працягу дзьвух гадоў несьці там сваё апостальскае служэньне. І вось, знаходзячыся ў Эфесе, ён даведваецца пра вельмі сур’ёзныя праблемы, якія ўзьніклі ў царкве Карынта. Больш таго, за атсутнасьцю Паўла прыйшлі іншыя людзі, якія адмаўлялі Паўлава апостальства, прызнаючы толькі Якуба і Пятра, якім, на іх погляд і трэба падпарадкоўвацца. Царква падзялілася на групоўкі, якія разьдзіралі яе на часткі. І таму Павал неадкладна піша і дасылае да карынфянаў ліст свайго пасланьня.
Гэта тое «найпершае пасланьне», якое не дайшло да нас і пра якое мы ведаем толькі з тэксту «афіцыйнага» першага пасланьня да карынцянаў апостала Паўла, якое зьяўляецца адказам на зварот карынцянаў, якія адрэагавалі на папярэдняе пасланьне апостала і паставілі перад Паўлам шэраг пытаньняў: «Я пісаў вам у пасланьні – не вадзцца з блудадзеямі; але ня ўвогуле з блудадзеямі сьвету гэтага, ці з ліхадзірцамі, ці драпежнікамі, ці з балавахваламі, бо інакш трэба было б выйсьці з гэтага сьвету» (1 Кар 5:8-9).
Праблемы, з якімі сутыкнуліся веруючыя Карынта, былі настолькі сур’зныя, што Павал палічыў неабходным даслаць да іх чатыры пасланьні. Мы ж у поўнасьці ведаем другое і чацьвёртае пасланьне, бо трэцяе пасланьне, як і першае, было згублена і да нас не дайшло. І таму другое пасланьне мы ведаем як першае, а чацьвёртае як другое. Відавочна, што «найпершае пасланьне» несла ў сабе даволі жорсткае абвінавачваньне членаў царквы за іхнія амаральныя паводзіны. Безумоўна і тое, што гэтае пасланьне не вырашыла праблемаў царквы, але абудзіла яе напісаць адказ і паставіць перад Паўлам шэраг пытаньняў, на якія ён і дае адказы у тым пасланьні, якое мы зараз і вывучаем.
Гэтае пасланьне апостала Паўла безумоўна зьяўляецца пасланьнем вымовы. Вучэньне, якое дае апостал у сваім лісьце, выкладзена ў выглядзе папрока і выпраўленьня. І гэта ёсьць даволі практычная вымова, бо дае накірунак выпраўленьня грамадзкага і духоўнага жыцьця Божага народу. Абвешчаныя Паўлам прынцыпы гэтага жыцьця вельмі актуальныя ва ўсе часы хрысьціянства, а гэта значыць, што і для нас з вамі.
Першае пасланьне апоастала Паўла да карынцянаў можна падзяліць на чатыры часткі: Уводзіны (1:1-9); Праблемы царквы (1:10-6:20); Адказ пастара (7:1-16:4); Заключная частка (16:5-24).
• Уводзіны (1:1-9).
«Павал, воляй Божаю пакліканы апостал Ісуса Хрыста, і Сасфэн брат, Царкве Божай, якая ў Карынце, асьвечаным у Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым, з усімі, хто заклікае імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, у кожным месцы, у іх і ў нас: ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста» (1 Кар 1:1-3).
Павал пачынае сваё пасланьне з таго, што дае напамін карынцянам, кім для іх зьяўляецца ён і кім зьяўляюцца яны. Ён быў пакліканым апосталам Ісуса Хрыста і таму быў здольны дапамагчы карынцянам разабрацца з іхнімі цяжкасьцямі і непаразуменьнямі. Павал быў апосталам па волі Божай і гэта было ягонай уладаю, але гэта магло быць і з іншымі, бо ён стаўся апосталам тым жа пакліканьнем, што і хрысьціяне Карынта, асьвечаныя ў Хрысьце Ісусе.
Такім чынам, Павал зьвязаў карынцянаў з Богам, Які ў гэтай сувязі з імі, меў сілу ўзьдзеяньня над сэрцамі і сумленьнем. Менавіта гэтая сіла і раскрывае іхнія сэрцы для ўсяго таго, што павінен сказаць ім апостал Павал. Веруючыя Карынта прынялі ад Госпада ласку збаўленьня і таму павінны былі клапаціцца пра тое, каб жыць адпаведна свайму пакліканьню: «Які і ўмацуе вас да канца, каб вам быць бязьвіннымі ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста. Верны Бог, Якім вы пакліканыя да супольнасьці з Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым» (1 Кар 1:8-9).
• Праблемы царквы (1:10-6:20).
Праблема (problema) – гэта складанае тэарэтычнае ці практычнае пытаньне, якое патрабуе вывучэньня і выпраўленьня. Калі казаць, напрыклад, пра бізьнес, дык разуменьне праблемы – гэта перашкода на шляху да дасягненьня пастаўленай мэты. Гэта зьвесткі з Вікіпедыі. Слова «праблема» не сучаснае, бо існавала яшчэ ў старажытнай грэцкай мове, а значыць і пад час служэньня апостала Паўла. І вось Павал вызначае праблемы царквы Карынфа, але ня проста пералічвае іх, а вывучае і паказвае канкрэтныя шляхі да іх выпраўленьня. Павал вызначыў тут дзьве асноўныя праблемы, якія перашкаджалі духоўнаму жыцьцю царквы: праблема падзелу царквы і праблема сьвецкага ладу жыцьця.
Праблема падзелу царквы (1:10-4:21).
Апостал Павал даведаўся пра тое, што члены царквы падзяліліся на некалькі груповак, якія па рознаму вызначаюць асновы веры і адпаведна падпарадкоўваюцца розным кіраўнікам: «Малю вас, браты, імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно, і не было паміж вамі падзелаў, а каб вы спалучаны былі ў адным духу і ў адных помыслах» (1 Кар 1:10).
Царква атрымала культ некалькіх асобаў, якія вызначаліся групоўкамі як духоўныя правадыры: «Я разумею тое, што ў вас кажуць: “я Паўлаў”; “я Апалёсаў”; “я Кіфаў”; “а я Хрыстоў”» (1 Кар 1:12). Ня будзем абурацца, што ў гэтым пераліку мы бачым імя Ісуса Хрыста і да гэтага вернемся крыху пазьней.
Эфес ужо быў крануты хрысьціянствам, калі туды прыйшоў на служэньне Павал, бо Акіла і Прыскіла ўжо сеялі зерне хрысьціянскай веры, наставіўшы дарэчы і Апалёса, які прыйшоў у Эфес: «Адзін Юдэй, якога звалі Апалёс, родам з Александрыі, муж красамоўны абазнаны ў Пісаньнях, прыйшоў у Эфес. Ён быў настаўлены ў пачатках шляху Госпадава і, палаючы духам, прамаўляў і вучыў пра Госпада слушна, знаючы толькі хрышчэньне Янавае.
Ён пачаў адважна прамаўляць у сынагозе. Пачуўшы яго, Акіла і Прыскіла прынялі яго і яшчэ ясьней прасьвятлілі яму шлях Госпадаў. А калі намерыўся ён ісьці ў Ахаю, дык браты напісалі тамтэйшым вучням, каб прынялі яго; і ён, прыбыўшы туды, шмат паспрыяў тым, хто ўвераваў, ласкаю: бо ён цьвёрда выкрываў Юдэяў прылюдна, даводзячы Пісаньнямі, што Ісус ёсьць Хрыстос» (Дзеі 18:24-28).
Такім чынам, мы бачым аднаго з лідараў групоўкі карынцянаў, якія казалі: «Я Апалосаў». Талент Апалёса многім закружыў галовы. Ён быў поўнай процілегласьцю Паўла, які захапляў сваім напорам і гарачынёй пропаведзі. Апалёс жа вызначаўся вытанчанай і ўпэўненай гаворкай. Павал і Апалёс ніяк не былі ворагамі, але многія адкрыта выказалі перавагу Апалёсу і на падставе зьнешней рознасьці паміж Апалёсам і Паўлам, дазвалялі сабе даволі рэзкія выказваньні.
Апосталаў Пятра (Кіфу) і Паўла ня мае сэнсу прадстаўляць, улічваючы іхнюю вядомасьць сярод хрысьціянаў. Зьвернем лепш увагу на карані, якія падштурхнулі веруючых на гэты падзел. Разнагалосьсе веруючых мае свае карані ў пакланеньні героям, што ёсьць грэцкая паганская традыцыя. Прыхільнікі Паўла былі адданыя яму за тое, што ён заснаваў царкву ў Карынце, але сам Павал ніколі ня быў на баку сваіх прыхільнікаў. Прыхільнікі Апалёса захапляліся красамоўнасьцю, вучонасьцю і вытанчанасьцю пропаведзі. Пасьлядоўнікі Кіфы (Пятра), найбольш верагодна, прыналежалі да юдэйскай часткі царквы ці тых, хто заклікаў да выкананьня юдэйскага закону і якія абапіраліся на аўтарытэт першага з апосталаў.
Пад пасьлядоўнікамі ж Ісуса Хрыста многія разумеюць тых, хто намагаўся пазьбягаць разладу і таму выбраў пазіцыю неўмяшальніцтва. Але больш верагодна тое, што напісанае Паўлам: «А я Хрыстоў» - гэта асабістая пазіцыя апостала, якая абвінавачвае тых, хто праз меру прыхіляецца да зямных кіраўнікоў: «Таму вось, няхай ніхто ня хваліцца людзьмі, бо ўсё вашае: ці то Павал, ці Апалёс, ці Кіфа, ці сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці цяпершчына, а ці наступнае, - усё ваша; а вы – Хрыстовыя а Хрыстос – Божы» (1 Кар 3:21-23). Але асабістыя культы кіраўнікоў не грунтаваліся, па ўсёй верагоднасьці, на разыходжаньнях ў веравучэньні, бо Павал зьвяртаўся да ўсіх членаў царквы з адзіным пасланьнем.
Апостал Павал зразумеў, што крыніцца падзяленьня веруючых на групоўкі крыецца ў сляпым захапленьні сьвецкай мудрасьцю і неразуменьні сутнасьці эвангельскага служэньня. І таму задача апостала была ў тым, каб дапамагчы карынцянам пазбавіцца гэтага захапленьня, даючы ім напамін пра тое, што яны збавіліся ня мудрасьцю гэтага сьвету: «Бо калі сьвет сваёй мудрасьцю не спазнаў Бога ў мудрасьці Божай, дык заўгодна было Богу юродствам пропаведзі выратаваць веруючых» (1 Кар 1:21).
Павал кажа ім, што і ягоная пропаведзь – гэта ня мудрасьць чалавека, але Госпада: «І калі я прыходзіў да вас, браты, прыходзіў абвяшчаць вам сьведчаньне Божае не ў высокаўзьнёсласьці слова ці мудрасьці. Бо я пастанавіў сабе нічога іншага між вамі ня ведаць, апроч Ісуса Хрыста, і пры тым – укрыжаванага. І быў я ў вас зьняможаны і ў страху і ў вялікім трымценьні. І слова маё, і казань мая не ў пераканаўчых словах чалавечай мудрасьці, а ў выяўленьні Духа і сілы, каб вера вашая была ня ў мудрасьці чалавечай, а ў сіле Божай» (1 Кар 2:1-5).
Апостал намагаецца дапамагчы веруючым Карынта ўсьвядоміць тое, з чаго складаецца звангельскае служэньне, падрабязна апісваючы яго: «І я ня мог гаварыць вам, браты, як духоўным, але як цялесным, як немаўлятам у Хрысьце. Я паіў вас малаком, а не [карміў] ежай, бо вы былі яшчэ нямоглыя, дый цяпер яшчэ нямоглыя. Бо вы яшчэ цялесныя. Бо калі між вамі зайздрасьць, сваркі і нязгода, дык ці не цялесныя вы і ці не па-чалавечаму ходзіце? Бо калі адзін кажа: «Я — Паўлавы», а другі: «Я — Апалёсавы», ці не цялесныя вы? Хто Павал? Хто Апалёс? Яны толькі служыцелі, праз якіх вы паверылі, і кожны такі, як даў Госпад. Я пасадзіў, Апалёс паліваў, але расьціў Бог. Так што ані той, які садзіў, ані той, які паліваў, ня ёсьць некім, але Той, Які дае расьці, — Бог. А хто садзіць і хто палівае, ёсьць адно, і кожны атрымае сваю нагароду паводле сваёй працы. Бо мы — супрацоўнікі Божыя, а вы — Божая ніва, Божая пабудова» (1 Кар 3:1-9).
Што ж тычыцца служыцелей Эвангельля, дык Павал жадаў, каб веруючыя Карынта ня ставілі высока сваіх прапаведнікаў, але ў той жа час ён жадаў, каб веруючыя спынілі празьмеру і ўздымаць іх: «Дык вось, кожны павінен уважаць нас за слуг Хрыстовых і за будаўнікоў тайнаў Божых; ад будаўнікоў жа патрабуецца, каб кожны быў верны» (1 Кар 4:1-2).
Праблема сьвецкага ладу жыцьця (5:1-6:20).
Пасьля разгляду праблемы падзелу царквы на групоўкі, Павал пераходзіць да разгляду вельмі непрыемнага становішча, якое ўзьнікла ў жыцьці царквы Карынта. Апостал Павал кажа пра яе наступным чынам: «Ходзіць пэўная чутка пра распусту сярод вас, ды такую распусту, якое не чуваць нават у паганаў: нехта за жонку мае бацькаву жонку. І вы заганарыліся, замест таго, каб лепей плакаць, каб забраць спаміж вас таго, хто зрабіў гэта» (1 Кар 5:1-2).
Вызначыўся вельмі жахлівы выпадак грэху, які не сустракаецца нават і ў паганаў. Нехта ажаніўся на жонцы свайго бацькі, але царква ня ўбачыла ў гэтым нічога незвычайнага. Павал завастрае на гэтым увагу і заклікае да радыкальных рашэньняў ачышчэньня хрысьціянскай супольнасьці: «Няма чым вам хваліцца. Хіба ня ведаеце, што каліва закваскі расчыняе ўсё цеста? Дык вось, ачысьціце старую закваску, каб сталіся вы новым цестам, бо вы прэсныя, бо Пасха наша Хрыстос, ахвяраваны за вас» (1 Кар 5:6-7).
Павал зьвяртае ўвагу на чысьціню ўзаемаадносінаў паміж членамі царквы. Ён не разумее тое, што браты судзяцца паміж сабою і зьвяртаюцца для гэтага да бязбожнага суду: «Як можа каторы з вас, маючы зыскі іншага, судзіцца перад бязбожнымі, а не перад сьвятымі? Хіба ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзіць сьвет? А калі вы будзеце судзіць сьвет, дык ці ж вы ня вартыя судзіць меньш вартыя справы? Хіба ня ведаеце, што мы будзем судзіць анёлаў, дык ці ня тым болей справы жыцьцёвыя? А вы, калі маеце жыцьцёвыя цяжбіны, ставіце за судзьдзяў тых, хто за нішто не ўважаецца ў царкве. На сорам вам кажу: няўжо няма сярод вас ніводнага разумнага, які мог бы рассудзіць братоў сваіх? Але брат з братам судзіцца, і да таго ж перад няверуючымі» (1 Кар 6:1-6). Але, што хоча гэтым сказаць апостал Павал?
Тое дастойнае месца ў славе, якое Бог вызначыў хрысьціяніну. Бо не павінен хрысьціянін з хрысьціянінам судзіцца ў сьвеце. Павінна быць у іх згода паміж сабою, а калі не, дык павінна гэта вырашацца ў сваім, хрысьціянскім асяродзьдзі. Такім чынам бачна, наколькі рэальна праўда і як Бог асьвятляе яркім сьвятлом набліжаючы дзень падрабязнасьцяў нашага сёняшняга жыцьця. Сьвет не заўважае амаральнасьці, але для сьвятых вельмі небясьпечна заразіцца гэтай звычкаю сьвету, калі першы подых Божай ласкі астужаецца і яны вяртаюцца да сваіх папярэдніх звычак. Так і здарылася ў Карынце. І таму Павал заклікае карынцянаў да разуменьня таго, што нашыя целы ёсьць члены Хрыста і Ягоныя храмы. Вялікая праўда, калі мы разважаем пра гэта.
Больш таго, мы не прыналежым самім сабе, бо мы адкупленыя дарагой цаною - Кроў Ісуса Хрыста прапанаваная за нас: «Бо вы куплены дарагою цаною. Таму ўслаўляйце Бога і ў целах вашых і душах вашых, якія – Божыя» (1 Кар 6:20).
• Адказ пастара (7:1-16:4).
Апостал Павал – асобным чынам пакліканы апостал, бо менавіта пра гэта казаў Ісус Хрыстос, калі паклікаў яго на служэньне: «Бо ён ёсьць Мой выбраны посуд, каб абвяшчаць імя Маё перад народамі і валадарамі і сынамі Ізраілевымі» (Дзеі 9:15). І таму Павал, шчыра і нястомна, працуе на ўмацаваньне веры тых, хто хістаецца ў ёй. Ён атрымаў ліст ад карынцянаў як адказ на сваё «найпершае пасланьне», у якім яны запытваюць Паўла пра розныя бакі хрысьціянскага жыцьця. І вось Павал - пастар ад Госпада, тлумачыць карынцянам пра тыя паводзіны і той лад жыцьця, якія чакае ад іх Бог.
Пра шлюб (7:1-40).
Апостал адказвае на гэтае пытаньне ў сувязі з тэмаю, якую ён тлумачыць карынцянам у сваім пасланьні – гэта воля Божая ў адносінах паміж мужчынай і жанчынаю. Павал пачынае сваё вучэньне з простых, але і грунтоўных рэчаў, на якіх стаяць разважаньні апостала адносна ўзаемаадносінаў паміж мужчынай і жанчынай увогуле і паміж мужам і жонкай у прыватнасьці: «А пра што пісалі мне, дык добра чалавеку не чапаць жанчыны. Але, каб унікнуць распусты, няхай кожны мае сваю жонку, і кожная жонка мае свайго мужа» (1 Кар 7:1-2).
Некаторыя хрысьціяне Карынта, занепакоеныя распустай, якая назіралася ў горадзе і адбівалася на іхнім хрысьціянскім асяродзьдзі, пачалі ўпадаць у процілеглую крайнасьць. Яны пачалі сьцьвярджаць, што хрысьціяне наогул павінны адмовіцца ад сэксуальных адносінаў. На іх погляд няшлюбны веруючы не павінен ніколі браць шлюбу, а тыя, хто мае шлюб, павінны адмовіцца ад сэксуальных адносінаў ці наогул разьвесьціся.
Павал адказвае ім, кажучы, што жыцьцё хрысьціяніна ня ў шлюбе – гэта добра, але і шлюб – гэта тое, што ўсталяваў Бог і таму гэта таксама добра: «Бо хачу, каб усе людзі былі, як я; але кожны мае свой дар ад Бога, адзін - такі, другі – інакшы. А няшлюбным і ўдовам кажу: добра ім, калі застаюцца, як я; але калі ня могуць устрымацца, няхай бяруць шлюб, бо лепей шлюбам пабрацца, чым распаляцца» (1 Кар 7:7-9).
Павал тлумачыць, што шлюб усталяваў Бог і таму ня трэба дрэнна казаць пра гэта. Справа ў тым, што ў сьвет прыйшоў грэх і чалавек стаўся па прыродзе сапсаваным, што адбілася на шлюбных адносінах ўвогуле і на адносінах паміж мужчынай і жанчынаю ў прыватнасьці. Але Бог дае хрысьціяніну сілу, якая ўзьдзейнічае на сапсаваную прыроду чалавека. Ён дае нам Духа Сьвятога. І самае лепшае – жыць у адпаведнасьці з гэтай сілаю, а гэта азначае хадзіць па-за сфэрай, дзе дзейнічае грэх. Але ці здольныя на гэта ўсе? Безумоўна не. І таму Павал кажа, што чалавек павінен мець жонку, каб узяўшы шлюб не распаляцца.
Але апостал падкрэсьлівае і тое, што ў шлюбе чалавек няздольны цалкам аддаць сябе Госпаду і таму ён кажа: «А я хачу, каб вы ня мелі клопату. Няжанаты клапоціцца пра Госпадава, як дагадзіць Госпаду; а жанаты клапоціцца пра зямное, як дагадзіць жонцы. Ёсьць розьніца паміж замужняю і дзяўчынаю: незамужняя клапоціцца пра Госпадава, як дагадзіць Госпаду, каб быць сьвятою і целам і духам; а замужняя клапоціцца пра зямное, як дагадзіць мужу. Кажу гэта на вашую ж карысьць, не на тое, каб накласьці на вас путы, а каб вы годна і няспынна служылі Госпаду сур’ёзна» (1 Кар 7:32-35).
Пра ідалаахвярную ежу (8:1-11-1).
Пры разгляданьні гэтага пытаньня, важна разумець прычыну ягонага ўзьнікненьня. У старажытнім сьвеце праз паганскія сьвяцілішчы праходзіла большая частка мяса, прызначанага для ўжываньня ў ежу. Так было і ў Карынце. Мясныя лаўкі горада прадавалі мяса жывёлаў, якія прыносіліся ў ахвяру ідалам. Самім ідалам адводзілася вельмі нязначная частка тушы, якая спальвалася на ахвярніку. Пасьля таго, як жрацы і жрыцы забіралі сваю частку, а той, хто прыносіў ахвяру зьядаў з блізкімі і сябрамі другую частку, астатняе мяса аддавалася ў розьнічны продаж для ўсіх жадаючых. Гебраі куплялі мяса толькі ў гебрайскіх лаўках, каб быць упэўненымі ў тым, што купленае мяса не было ахвярным для ідалаў. І вось, хрысьціяне Карынта пытаюцца ў апостала Паўла: «Ці павінны хрысьціяне быць такімі ж педантычнымі, як і юдэі?».
Павал абараняе свабоду ўжываць любую ежу, але ён перасьцерагае хрысьціянаў, каб яны, карыстаючыся гэтай свабодаю, не нанесьлі шкоду тым, хто хто гэтага ня ведае: «Пільнуйся, аднак, каб гэтая свабода вашая не спрычыніла падзеньня нямоглых. Бо калі хто-небудзь убачыць, што ты, маючы разуменьне, сядзіш за сталом у капішчы, дык сумленьне ягонае, як нямоглага, ці ж не падахвоціць яго есьці ідалаахвярнае? І ад разуменьня твайго загіне нямоглы брат твой, за якога памёр Хрыстос» (1 Кар 8:9-11).
Апостал кажа і пра тое, што хаця ён і не забараняе есьці ідалаахвярнае мяса, але ніякім чынам не дапускае хрысьціянаў удзельнічаць у ідалапаклоньніцкім ужываньні ежы.
Далей ён кажа пра тое, што вельмі дрэнна было б для хрысьціянаў удзельнічаць у ламаньні хлеба і ўжываньні ежы, якая прызначана д’яблам для ілжывых багоў. Павал дадае, што ў старазапаветныя часы, калі народ Ізраіля ўдзельнічаў у сьвятах паганаў, гебраі схіляліся да ідалапаклонства, якое прыводзіла іх да амаральнасьці. І таму апостал Павал заклікае хрысьціянаў Карынта: «Дык жа, ці ясьце, ці п’яце, ці іншае што робіце, усё рабеце на славу Божую. Не давайце панады ні Юдэям, ні Элінам, ні царкве Божай, так, як і я дагаджаю ўсім ва ўсім, шукаючы не сабе карысьці, а многім, каб яны ўратаваліся. Пераймайце мяне, як і я Хрыста» (1 Кар 10:31-33; 11:1).
Пра пакланеньне і духоўныя дары (11:2-14:40).
Настаўленьне апостала Паўла пра тое, каб жанчыны пакрывалі галаву на праслаўленьні Госпада, многія людзі традыцыйна разумеюць, як нашэньне нейкай покрыўкі ці хусткі. Павал нідзе не выкарыстоўвае ніякага слова, якое б азначала хустку ці покрыўку і гэта можа азначаць толькі тое, што валасы дадзены жанчыне замест покрыва. І як бы тое не было, але гаворка ідзе пра тое, каб захаваць бачнае адрозьненьне паміж паміж мужчынай і жанчынаю: «Ці не сама прырода вучыць вас, што калі мужчына запускае валасы, дык гэта ганьба яму, а калі жанчына запускае валасы, дык ёй гэта гонар, бо валасы дадзены ёй замест покрыва» (1 Кар 11:14-15).
Павал тлумачыць карынцянам і пра духоўныя дары, якія яны атрымліваюць ад Госпада. Сярод гэтых разважаньняў ён заклікае веруючых заўсёды знаходзіцца ў любові. Менавіта гэтай тэме Павал прызначае адну з самых узвышаных і кранальных разьдзелаў Бібліі.
Павал кажа, што без любові любыя дары нічога ня вартыя, але толькі ў любові нашае служэньне: «Калі я гавару мовамі чалавечымі і анёльскімі, а любові ня маю, дык я – медзь звонкая, альбо кімвал гулкі, калі маю дар прароцтва і ведаю ўсе таямніцы, і маю ўсякія веды і ўсю веру, так што магу і горы перастаўляць, а ня маю любові, - дык я нішто. І калі я раздам усю маёмасьць маю і аддам цела маё на спаленьне, а любові ня маю, - няма мне ў тым ніякай карысьці. Любоў церпіць доўга, умілажальваецца, любоў не зайздросьціць, любоў не праслаўляе сябе, не ганарыцца, не бушуе, не шукае свайго, не раздражняецца, не намышляе ліха, ня радуецца з няпраўды, а разам цешыцца з праўды; усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць. Любоў ніколі не мінецца, хоць і прароцтвы спыняцца, і мовы змоўкнуць, і веды скасуюцца. Бо мы часткова ведаем і часткова прарочым; а калі настане дасканалае, тады тое, што частковае, спыніцца. Калі я быў дзіцём, дык па–дзіцячы гаварыў, па-дзіцячы мысьліў, па-дзіцячы разважаў; а як стаўся мужчынаю, дык пакінуў дзіцячае. Бо цяпер мы бачым, як праз цьмянае шкло, наўздогаць, а тады твар да твару; цяпер я ведаю часткова, тады ж спазнаю так, як і я спазнаны. А тым часам жывуць вось гэтыя тры: вера, надзея, любоў, але любоў з іх найбольшая» (1 Кар 13:1-13).
Пра ўваскрасеньне (15:1-58).
Павал быў вельмі ўзрушаны і занепакоены, калі даведаўся пра тое, што многія хрысьціяне Карынта маюць сумненьне наконт гэтай жыцьцёва важнай дактрыны. І таму ён у сваім пасланьні абвяшчае ім, што ўваскрасеньне Ісуса Хрыста зьяўляецца неад’емнай часткаю Эвангельля і бязспрэчным гістарычным фактам: «Бо я найперш перадаў вам, што і сам прыняў, гэта значыцца, што Хрыстос памёр за грахі нашыя, паводле Пісаньня, і што Ён пахаваны быў і што ўваскрос на трэці дзень, паводле Пісаньня, і што зьявіўся Кіфу, потым дванаццаці; потым зьвіўся больш чым пяці сотням братоў у адзін час, з якіх большая частка дагэтуль жывуць, а некаторыя і спачылі; потым зьявіўся Якубу, таксама ўсім апосталам; а пасьля ўсіх зьявіўся і мне, як нейкаму вылюдку. Бо я найменьшы з апосталаў, і ня варты называцца апосталам, бо гнаў царкву Божую. Але з ласкі Божае я ёсьць тое, што ёсьць; і ласка Ягоная ўва мне ня была марная, але я болей за ўсіх папрацаваў; не я, зрэшты, а ласкаа Божая, якая са мною» (1 Кар 15:3-10).
Павал падкрэсьлівае, што ўваскрасеньне Ісуса Хрыста гарантуе ўваскрасеньне да вечнай славы і ўсіх тых, хто прыналежыць Збаўцу і Госпаду нашаму Ісусу Хрысту: «Але Хрыстос уваскрос з мёртвых, першынец з памерлых. Бо як сьмерць праз чалавека, так праз чалавека і ўваскрасеньне з мёртвых. Як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысьце ўсе ажывуць, кожны ў сваім парадку; першынец Хрыстос, потым Хрыстовыя, у прышэсьце Ягонае» (1 Кар 15:20-23).
Пра фінансы (16:1-4).
Тут Павал заклікае хрысьціянаў Карынта ахвяраваць свае грошы для царквы ў Ерусаліме, якая апынулася ў вельмі бядотным становішчы з-за ганеньняў і голаду: «А зьбіраючы для сьвятых, рабеце так, як я ўстанавіў у цэрквах Галятыйскіх; у першы дзень тыдня кожны з вас хай адкладвае ў сябе і ашчаджае, колькі дазваляе яму дастатак, каб не рабіць збораў, калі я прыйду. А як прыйду, дык каго вы выбераце, тых пашлю з пісьмамі, каб даставілі ваш дар у Ерусалім. А калі і мне прыстойна будзе выправіцца, дык яны са мною пойдуць» (1 Кар 16:1-4).
• Заключная частка (16:5-24).
На прыканцы свайго пасланьня апостал Павал паведамляе царкве ў Карынце пра свае планы на будучае і сваю прыязьнь да іх: «Я прыйду да вас, калі прайду Македонію; бо я іду праз Македонію. А ў вас, можа стацца, пажыву і перазімую, каб вы мяне правялі, куды пайду. Бо я не хачу бачыцца з вамі цяпер мімаходзь, а спадзяюся прабыць у вас колькі часу, калі Госпад дазволіць. А ў Эфесе я прабуду да Пяцідзясятніцы, бо мне адчынены вялікія і шырокія дзьверы, і праціўнікаў многа» (1 Кар 16:5:9).
Павал дзякуе ўсіх членаў царквы, перадае прывітаньні і кажа пра непрыяцьце для тых, хто ня любіць Ісуса Хрыста: «Вітаюць вас, усе браты. Вітайце адзін аднаго сьвятым цалаваньнем. Маё Паўлава вітаньне сваёй рукою. Хто ня любіць Госпада Ісуса Хрыста, анафэма; маранафа. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі, і любоў мая з усімі вамі ў Хрысьце Ісусе. Амэн» (1 Кар 16:20-24).
Свидетельство о публикации №226051201822