Второе послание к Коринфянам
АПОСТАЛА ПАЎЛА
«Бо як памнажаюцца ў нас пакуты Хрыстовыя, гэтак праз Хрыста памнажаецца і пацяшэньне нашае. А калі мы сьціснутыя, дык дзеля вашага пацяшэньня і збаўленьня, якое зьдзяйсьняецца праз перажываньне тых самых пакутаў, якія і мы церпім. Калі мы пацешаныя, дык дзеля вашага пацяшэньня і збаўленьня» (2 Кар 1:5-6).
Паміж першым і другім пасланьнем да карынцянаў апостала Паўла ляжыць толькі адзін год і гэты кароткі прамежак часу напоўнены кранальнымі падзеямі паміж апосталам і царквою Карынта. Праблемы царквы не былі цалкам вырашаны праз першае пасланьне апостала Паўла, а ў той кароткі візіт Паўла ў Карынт, які ён зрабіў у нейкі час пасьля першага пасланьня, прынёс Паўлу больш засмучэньня чым радасьці, бо ён быў абражаны кімсьці з членаў царквы: «А калі хто засмуціў, дык не мяне засмуціў, а часткова – каб не сказаць многа - і ўсіх вас» (2 Кар 2:5).
Лука нічога ня піша пра гэты візіт апостала, але мы бачым гэта з таго, што Павал называе свой будучы візіт у Карыт трэцім: «Вось, трэці раз я гатовы ісьці да вас, і ня буду вам цяжарам, бо шукаю ня вашага, а вас» (2 Кар 12:14).
З Эфеса Павал піша царкве Карынта так званае «пасланьне сьлёз», тое трэцяе пасланьне, якое было страчана для нас. Павал перадае яго карынцянам праз Ціта, які павінен быў аднавіць добрыя адносіны царквы да свайго заснавальніка. Ціт выканаў даручэньне апостала і прынёс добрую навіну Паўлу ў Македонію, куды той прыйшоў з Эфеса. Павал супакоіўся даведаўшыся, што большасьць веруючых Карынта пакаялася, як і той чалавек, які абразіў апостала. І вось Павал, знаходзячыся ў Македоніі піша другое пасланьне (па ліку чацьвёртае) да карынцянаў. Ён даручае Ціту і яшчэ аднаму брату даставіць гэты ліст у Карынт. Гэта адбылося ў 56 годзе па Р. Х.
Другое пасланьне Паўла да карынфянаў дазваляе нам зазірнуць у сэрца апостала, каб адчуць ягоныя ўяўленьні пра самога сябе і сваё апостальскае служэньне. Мы можам пабачыць ягоныя пачуцьці ў адносінах да цэркваў, якія ён стварыў і песьціў. І з гэтага мы бачым, што гэтае пасланьне мае выразную аўтабіяграфічную афарбоўку. Пасланьне мае індывідуальны характар, але як раз у асабістых выказваньнях і меркаваньнях мы бачым простае і пакорнае сьведчаньне сілы Ісуса Хрыста, якая праявілася ў немачы апостала Паўла. Адначасова гэта і прыклад сапраўднага і духоўнага кіраўніцтва царквой, якая апынуллася ў небясьпецы.
Даволі цяжка аналізаваць гэтае пасланьне, бо яно найменьш сістэматычнае з усіх пасланьняў Паўла. Як сказаў нехта, яно падобнае на афрыканскую раку. Спачатку думка апостала цячэ плаўна, але потым зьяўляюцца бурныя парогі і вялікія хвалі, калі выліваюцца вялікія глыбіні ягонага сэрца. Але тым ня меньш, другое пасланьне апостала можна падзяліць на шэсьць частак: Уводзіны (1:1-11); Паўлава служэньне (1:12-7:16); Заклік да шчодрага ахвяраваньня (8:1-9:15); Абарона апостальства (10:1-12:13); Планы апостала (12:14-13:19); Заключная частка (13:11-13).
• Уводзіны (1:1-11).
Апостал Павал пачынае сваё пасланьне, называючы сябе апосталам Ісуса Хрыста і ўзносячы славу Госпаду за суцяшэньне, дадзенае яму ў смутку, а таксама і за выратаваньне ад вялікай небясьпецы для жыцьця пад час ягонай вандроўцы ў Македонію: «Павал, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей брат Царкве Божай у Карынце з усімі сьвятымі па ўсёй Ахаіі: ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасьці і Бог усякага суцяшэньня, Які суцяшае нас ва ўсякай маркоце нашай, каб і мы маглі суцяшаць усіх замаркочаных тым суцяшэньнем, якім Бог суцяшае нас саміх»; «Бо мы ня хочам пакінуць вас браты, каб ня ведалі вы пра смутак наш, што выпаў нам у Асіі, бо над усякую меру і над сілу былі мы прыгнечаныя, так што ня мелі надзеі і жыць. Але самі ў сабе мелі вырак на сьмерць, каб спадзяваліся не на саміх сябе, а на Бога, Які ўваскрашае мёртвых» (2 Кар 1:1-4; 8-9).
• Паўлава служэньне (1:12-7:16).
Пакліканы апостал Ісуса Хрыста спрабуе разьвеяць сумнёў, які тычыцца ягонай асобы і ягонага служэньня. Карынцяне папракаюць яго ў непасьлядоўнасьці, бо ён абяцаў і ня выканаў. Абяцаў прыйсьці і не прыйшоў. У процілегласьць гэтаму Павал спасылаецца на чыстае сумленьне ў адносінах да карынцянаў. Ягоныя дзеі, у рэшце рэшт, не вызначаюцца асабіста ім і ягонай мудрасьцю, але вырашаюцца выключна тым, што Бог зьдзейсьніў у Ісусе Хрысьце. І гэта відавочна, бо менавіта Ён дае нам прабачэньне і насычае нас мудрасьцю.
Перамена планаў распаліла агонь крытыкі ў бок апостала. Некаторыя карынцяне пачалі казаць пра тое, што Павал ненадзейны і на яго нельга сур’ёзна спадзявацца. У адказ Павал упэўнівае карынцянаў, што зьмена ягоных планаў зьвязанае з тым, што ён не жадаў засмучаць іх, як і сябе: «І вось разважыў я сам сабе ня ісьці да вас, дык хто ж парадуе мяне, як ня той, хто засмучаны мною? Гэта самае і пісаў я вам, каб, прыйшоўшы, ня мець засмучэньня ад тых, за каго мне сьлед было радавацца; бо я за ўсіх вас пэўны, што мая радасьць ёсьць радасьць і ўсім вам» (2 Кар 2:1-3).
Гэтае непаразуменьне зрабіла магчымым для Паўла прапанаваць карынцянам доказы таго, што ён ёсьць сапраўдны служыцель Ісуса Хрыста. Павал пацьверджвае сваю адданасьць да служэньня вераю карынцянаў: «Ці не пачаць нам нанава знаёміцца з вамі? Няўжо патрэбныя нам, як некаторым, пахвальныя лісты да вас альбо ад вас? Вы – нашае пісьмо, напісанае ў сэрцах нашых, пазнаванае і чытанае усімі людьмі; вы паказваеце сабою, што вы – пісьмо Хрыстовае, праз служэньне наша напісанае не чарнілам, а Духам Бога Жывога, не на скрыжалях каменных, а на скрыжалях сэрца» (2 Кар 3:1-3).
Павал кажа, што гэтае служэньне было для Бога і што яно несла людям збаўленьне: «Ён даў нам здольнасьць быць слугамі Новага Запавета, ня літары, а Духа, бо літара забівае, а Дух творыць жыцьцё» (2 Кар 3:6).
Павал ня стрымліваецца ў тым, што ён павінен аддаваць сябе цалкам перад сумленьнем кожнага чалавека: «Гаспад ёсьць Дух; а дзе Дух Госпада, там свабода. А мы ўсе, як люстры, гледзячы на славу Госпада, зьмяняемся ў той самы вобраз са славы ў славу, як Духа Госпада» (2 Кар 3:17-18).
Апостал кажа і пра тое, што ён гатовы пераносіць любыя выпрабаваньні: «Бо мы жывыя няспынна аддаемся на сьмерць за Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава адкрылася ў сьмяротным целе нашым, так што сьмерць дзее ў нас, а жыцьцё ў вас» (1 Кар 4:11-12).
Усе мы павінны быць уражанымі тым, як апостал Павал быў гатовы пераносіць цяжкія выпрабаваньні: «Таму якраз мы і стогнем, хочучы апрануцца ў нябеснае наша жытлішча; толькі б намі апранутым не апынуцца голымі» (2 Кар 5:2-3).
Пакуты Паўла былі вельмі вялікія, але ён іх мужна і шчыра пераносіў. Больш таго, Павал вельмі глыбока разумее адказнасьць перад Госпадам, але больш за ўсё ён кажа пра любоў Ісуса Хрыста: «Бо любоў Хрыстовая абдымае нас» (2 Кар 5:15).
Мы адчуваем таксама і падзяку прымірэньня з Госпадам: «А ўсё ад Бога, Які Ісусам Хрыстом прымірыў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня, таму што Бог у Хрысьце прымірыў з Сабою сьвет, ня ставячы людзям у віну злачынстваў іхніх, і даў нам слова прымірэньня» (2 Кар 5:18-19).
Пакуты апостала Паўла былі такія вялікія, што нельга не задаць пытаньне пра тое, як здолеў Павал з гатоўнасьцю і жаданьнем перанесьці гэтыя выпрабаваньні і нават пакуты. Павал адказвае на гэта тым, што, па-першае, патрабуецца аднаўленьне ўнутранага чалавека, а па-другое мы павінныя разглядаць усё з пазіцыі вечнасьці: «Калі мы глядзім не на бачнае, а нябачнае: бо бачнае – часовае, а нябачнае – вечнае!» (2 Кар 4:18).
Да таго ж Павал упэўнівае нас у тым, што нас чакае новае цела і жаданьне падабацца Госпаду: «Дык мы лагодзімся і хочам лепей выйцсьці з цела і ўсталявацца ў Госпадзе, і таму рупліва намагаемся, ці сталюючыся, ці выходзячы, падабацца Яму» (2 Кар 5:8-9).
Павал кажа і пра любоў як служэньне Ісуса Хрыста да ўсіх нас: «Бо любоў Хрыстовая абдымае нас, а мы разважаем так: калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі. А Хрыстос за ўсіх памёр, каб тыя, што жывуць, ужо ня дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрослага» (2 Кар 5:14-15).
Апостал кажа пра матывы свайго служэньня і таму ён заклікае карынцянаў прымірыцца з ім і аддзяліцца ад сьвету: «І таму выйдзіце з іхняга асяродзьдзя і аддзяліцеся, - кажа Госпад, - і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыму вас» (2 Кар 6:17).
• Заклік да шчодрага ахвяраваньня (8:1-9:15).
Другое пасланьне Паўла больш за ўсе астатнія дае нам зьвесткі пра жыцьцё і служэньне апостала. Але Павал больш за ўсё непакоіцца пра іншых і таму ён зноў вяртаецца да пытаньня, з якім апостал зьвяртаўся да карынфянаў год таму. Ён зноў заклікае царкву ў Карынце да шчодрага ўдзелу ў ахвяраваньні для царквы Ерусаліма, ставячы ў прыклад шчодрасьць і зычлівасьць цэркваў Македоніі: «Паведамляем вам, браты, пра ласку Божую, дадзеную цэрквам Македонскім; бо яны сярод вялікіх выпрабаваньняў нягодамі маюць шмат радасьці, і глыбокая галеча іхняя разьліваецца бяз краю ў шчодрасьці іхняй гасьціннасьці; бо яны зычлівыя па сіле і па-над сіламі – я сьведка: яны вельмі пераканаўча прасілі нас прыняць дар і ўдзел іхні ў служэньні сьвятым; і ня толькі тое, на што мы спадзяваліся, але яны аддалі саміх сябе найперш Госпаду, потым і нам з волі Божае» (2 Кар 8:1-5).
Мы не дарэмна засяродзілі сваю ўвагу на прыкладзе зычлівасьці македонскіх цэркваў. Павал гэтым паказвае карынцянам, што шчырае ахвяраваньне – гэта паказчык сталасьці і любові ў служэньні Ісусу Хрысту: «Кажу гэта ня як загад, а дбаньнем іншых выпрабоўваю шчырасьць і вашай любові. Бо ведаеце вы ласку Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, будучы багаты, зьбяднеў дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягонай беднасьцю» (2 Кар 8:8-9).
Павал любіў тых, хто ахвяруе з радасьцю, бо толькі такія людзі павінны зьбіраць Божыя дабраславеньні адпаведна таму, што пасеялі. Апостал, у гэтай частцы пасланьня, зьвяртаецца ня толькі да карынцянаў, але і да ўсіх нас, бо шчырае і радаснае ахвяраваньне – гэта дар ад Госпада, які вызначаецца сталасьцю і любоўю ў Ісусе Хрысьце.
І яшчэ адно назіраньне. Трэба памятаць, што менавіта гэтыя ахвяраваньні для сьвятых Ерусаліма сталі чыньнікам таго, што здарылася з Паўлам у Ерусаліме. Спыніўся шлях місіянэрскай дзейнасьці апостала па стварэньню і настаўленьню новых цэркваў, як і тое, што гэта прыпыніла яго на шляху ў Гішспанію, а магчыма і якія яшчэ іншыя месцы. Але з іншага боку, гэта стала чыньнікам напісаньня пасланьняў да Эфесянаў, Філіпянаў, Каласянаў. Мы вельмі мала ведаем значэньне тых акалічнасьцяў, у якія мы трапляем, калі служым Госпаду. Але як добра, што нас вядзе Той, Хто ведае канец ад самога пачатку і Хто робіць усё на добрае тым, хто любіць Яго.
• Абарона апостальства (10:1-12:13).
Нягледзячы на тое, што большасьць хрысьціянаў Карынта перасталі варагаваць з апосталам Паўлам, але некаторыя з іх працягвалі зацінацца ў сваім процідзеяньні яму. Яны абвінавачвалі Паўла ў тым, што ён сьмелы на адлегласьці, а ці будзе ён такім, калі прыйдзе да іх? І таму Павал кажа карынцянам, што пакорнасьць ёсьць дабрадзейнасьць Ісуса Хрыста і падобна Хрысту, ён можа быць сьмелы, калі гэта спатрэбіцца і ў іхняй прысутнасьці.
Але сьмелы ў Госпадзе, а не ў самім сабе: «Бо як нехта кажа: “У пасланьнях ён строгі і моцны, а ў асабістай прысутнасьці слабы, і мова ягоная нязначная”, дык няхай ведаюць, што, якія мы на словах у пасланьнях завочна, такія і дзеі асабіста. Бо мы не адважаемся мерацца альбо параўноўваць сябе з тымі, якія самі сябе выстаўляюць: яны мераюць сябе самімі сабою і параўноўваюць сябе з сабою неразумна. А мы не хваліцца будзем бяз меры, а мераю долі, якую нам вызначыў Бог і такою мераю, каб дасягнуць і да вас» (2 Кар 10:10-13).
Далей Павал засяроджвае ўвагу карынцянаў на духоўнасьці хрысьціяніна, кажучы, што быць духоўным – гэта не азначае хваліцца сваёй духоўнасьцю. Калі карынцяне жадаюць уяўляць духоўнасьць на падставе таго, ці можа чалавек чымсьці пахваліцца, дык яны вымушаны былі б лічыць апостала Паўла вышэй за ўсіх астатніх, бо яму сапраўды было чым пахваліцца.
Павал дае напамін пра тое, што ён першы прыйшоў да іх, прайшоўшы вялікую адлегласьць. Ён кажа і тое, што гэта не галоўнае, але галоўнае тое, што ён прапаведуе. Апостал кажа, што ён мае чым хваліцца, але ён заўважае тое, што гэта безсэнсоўны занятак, бо Бог ведае ўсю праўду, а сапраўдны вучыцель – гэта не абавязкова той, хто на сёняшні дзень папулярны сярод людзей, але той, каго хваліць Бог: «Хто хваліцца, няхай хваліцца ў Госпадзе. Бо ня той годны, хто сам сябе хваліць, а каго хваліць Гаспад» (2 Кар 10:17-18).
Да гэтага Павал дадае доказы свайго апостальства, калі кажа пра свае пакуты пад час свайго служэньня: «Ад юдэяў пяць разоў далі мне былі па сорак удараў без аднаго; тройчы мяне білі палкамі, аднойчы камянямі пабівалі, тры разы я цярпеў караблекрушэньне, ноч і дзень прабыў у бездані марской; шмат разоў быў у падарожжах, у небясьпеках на рэках, у небясьпеках ад разбойнікаў, у небясьпеках ад адзінапляменцаў, у небясьпеках ад паганаў, у небясьпеках у горадзе, у небясьпеках у пустыні, у небясьпеках на моры, у небясьпеках сярод фальшывых братоў, у працы і ў зьнемажэньні, часта ў недасыпаньні, у голадзе і смазе, часта ў посьце, на сьцюжы і ў галечы. Акрамя згаданых прыгодаў, у мяне штодзень зборы людзей, клопат за ўсе цэрквы» (2 Кар11:24-28).
Ён кажа таксама пра адкрыцьці, якія былі дадзены яму Госпадам, але і пра тыя немачы, якія стрымліваюць чалавека ад самахваленьня: «І каб я не заганарыўся нязвычайнасьцю адкрыцьцяў, дадзена мне джала ў плоць, пасланец д’ябла, тлуміць мяне, каб я не ганарыўся. Тройчы маліў я Госпада за тое, каб адвёў яго ад мяне. Але Гаспад сказаў мне: “Досыць табе ласкі Маёй, бо сіла Мая зьдзяйсьняецца ў немачы”. І таму я найбольш ахвоча буду хваліцца сваімі немачамі, каб жыла ў-ва мне моц Хрыстова» (2 Кар 12:7-9).
Такім вось быў апостал Павал. Ён нічога не хаваў пра сябе, бо ад Бога нічога не схаваеш. Але ад пачатку і да канца Ісус Хрыстос, як заўсёды, быў і застаецца тэмаю ўсяго апостальскага жыцьця Паўла, вернага служыцеля Госпада.
• Планы апостала (12:14-13:10).
Павал планаваў зноў наведаць царкву ў Карынце. Ён абяцае, што прыйдзе да іх з любоўю: «Вось, трэці раз я гатовы ісьці да вас, і ня буду вам цяжарам, бо я шукаю ня вашага а вас. Ня дзеці павінны зьбіраць маёмасьць бацькам, а бацькі дзецям. Я ахвотна буду траціць сваё і зьнемагаць сябе за душы вашыя, нягледзячы на тое, што вельмі моцна любячы вас, я меней любімы вамі» (2 Кар 12:14-15).
Павал заклікае карынцянаў адкласьці папярэдні грахоўны лад жыцьця, каб ягоны візіт да іх стаўся для ўсіх прыемным: «Я запабягаў і запабягаю, як бы ў маёй другой прысутнасьці ў вас, і цяпер у адсутнасьці, пішу тым, што раней зграшылі, і ўсім астатнім, што, калі зноў прыйду, не пашкадую. Вы шукаеце доказу, што Хрыстос гаворыць у-ва мне: Ён супраць вас не бясьсілы, а моцны ў вас. Бо, хоць Ён і ўкрыжаваны ў немачы, але жывы сілаю Божаю; і мы таксама, хоць нямоглыя ў Ім, але будзем жывыя з Ім сілаю Божаю ў вас» (2 Кар 13:2-4).
• Заключная частка (13:11-13).
Павал завяршае сваё пасланьне кароткімі настаўленьнямі, прывітаньнем і малітвай дабраславеньня: «Аднак жа, браты, радуйцеся, удасканальвайцеся, суцяшайцеся, будзьце аднамысныя, мірныя, - і Бог любові і міру будзе з вамі. Вітайце адзін аднаго цалаваньнем сьвятым. Вітаюць вас усе сьвятыя. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста і любоў Бога Айца, і лучнасьць Сьвятога Духа з усімі вамі. Амэн» (2 Кар 13:11-13).
Свидетельство о публикации №226051301750