Послание Ефесянам
АПОСТАЛА ПАЎЛА
«Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса
Хрыста, што дабраславіў нас у Хрысьце ўсякім
духоўным дабраславеньнем у нябёсах, бо Ён выбраў
нас у Ім перад стварэньнем сьвету, каб мы былі
сьвятыя і беспахібныя перад Ім у любові» (Эф 1:3-4).
Эфес – даволі значны партовы горад на беразе Эгейскага мора ў Малой Азіі, з той разнастайнай культураю, якая давала неблагую магчымасьць пасьпяхова несьці Эвангельле Ісуса Хрыста. Павал працаваў тут больш за два гады, ствараючы цэрквы ў Эфесе і пабліз яго. Ён шмат перажыў тут і вельмі любіў царкву Эфеса. Павал піша сваё пасланьне да эфесянаў ужо з Рыма, будучы ў зьняволеньні і чакаючы суда цэзара. Можна заўважыць «неасабістую» манеру напісаньня гэтага пасланьня апостала. Дасьледчыкі Бібліі ведаюць, што старажытныя рукапісы пасланьня ня мелі канкрэтнага адрасата, як гэта мы зараз чытаем: «сьвятым, што ў Эфесе» (Эф 1:1).
І таму можна меркаваць, што пасланьне да эфесянаў першапачаткова было цыркулярным лістом, з якім Павал зьвяртаўся да малаазійскіх цэркваў з цэнтрам у Эфесе, бо ён не разглядае тут ніякіх канкрэтных праблемаў, якія Павал быў вымушаны ўзьнімаць і вырашаць у іншых пасланьнях да іншых цэркваў.
Але, не ў залежнасьці ад таго, каму прызначаўся гэты ліст, мэта пасланьня відавочная. Павал дае напамін малаазійскім хрысьціянам пра іхняе слаўнае становішча, якое яны маюць праз Хрыста і ў Хрысьце, заклікаючы іх жыць у адпаведнасьці з той высокай узнагародаю, якую яны маюць у Хрысце – званьнем хрысьціяніна.
Пасланьне да эфесянаў – гэта ахопліваючыя нябёсы і зямлю, вечнасьць і час - разважаньні на тэму: «Быць у Хрысьце», якія паказваюць нам, што гэта азначае. Павал кажа, што знаходжаньне ў Хрысьце, з аднога боку, знаходзіцці ва ўзаемасувязі з існуючым ад пачатку плану Божага збаўленьня ўпаўшага чалавецтва і аб’яднаньні збаўленых у Ісусе Хрысьце. А з другога боку, гэтае знаходжаньне ў Хрысьце спалучаецца з вобразам цела Хрыстовага, адзінай Царквы з юдэяў і паганаў і якая набывае сваё адзінства, дзякуючы замірэньню з Богам на крыжы Ягонага Сына.
Нехта параўнаў гэтае пасланьне Паўла з «нябесным пасланьнем», бо ў ім ён «ляціць ад глыбіні руінаў да ўзвышша збаўленьня». Яно таксама названае «Альпамі Новага Запавета», бо тут мы запрошаны Богам паднімацца крок за крокам, пакуль не дасягнем найвышэйшай магчымай кропкі, дзе чалавек можа стаяць нават у прысутнасьці Самога Бога.
Апостал Павал дае нам уяўленьне дабраславеньняў, якія атрымлівае царква як сход веруючых і ў той жа час паказвае замыслы Бога адносна славы Ісуса Хрыста, Які разглядаецца як Той, Хто трымае сход у Сваёй руцэ, як вышэйшы Кіраўнік. Мы бачым сход, які пастаўлены ў самыя блізкія адносіны з Ім, а гэта азначае такія ж адносіны і з Айцом, Які дае нам Свае дабраславеньні.
І гэтыя дабраславеньні да нас адкрывае Сам Бог у дзьвух вызначаных якасьцях: як у сувязі з Хрыстом, так і ў сувязі з хрысьціянамі. Ён ёсьць Бог і Айцец нашага Госпада Ісуса Хрыста. Бог Хрыста, калі Хрыстос разглядаецца як Чалавек; і Айцец Хрыста, калі Хрыстос разглядаецца як Сын Божай любові. У першым выпадку раскрываецца прырода Бога, а ў другім, мы бачым блізкія адносіны Бога да тых, хто мае адносіны да велічы і славы Ісуса Хрыста.
Пасланьне апостала Паўла да эфесянаў можна падзяліць на пяць частак: Уводзіны (1:-2); Духоўны прывілей царквы (1:3-3:21); Духоўны абавязак царквы (4:1-6-9); Духоўная бітва (6:10-20); Заключная частка (6:21-24).
• Уводзіны (1:1-2).
На пачатку пасланьня Павал называе сябе апосталам Ісуса Хрыста і просіць Бога для хрысьціянаў ласку і мір. Ён піша эфесянам ня як прыватная асоба, але як пасланец Госпада тым людзям, якія прыналежаць Ісусу Хрысту і якіх Ён аб’яднаў з Сабою: «Павал, воляю Божаю апостал Ісуса Хрыста, сьвятым, што ў Эфесе, і верным у Хрысьце Ісусе: ласка вам і мір ад Бога, Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста: «Эф 1:1-2).
• Духоўны прывілей царквы (1:3-3:21).
Мы ведаем, што апостал Павал цудоўным і асобным чынам быў адараны Госпадам, каб паведамляць пра ягоныя замыслы і шляхі ў Ісусе Хрысьце. Вынікі гэтага Божага дара мы бачым у гэтым пасланьні, бо як самі ў Хрысьце, знаходзім у гэтым выдатнае разьвіцьцё нашых адносінаў з Богам. Хрыстос зьяўляецца тым падмуркам, на якім узвышаюцца ўсе нашыя дабраславеньні. Нашыя дабраславеньні - гэта нашыя прывілеі, дадзеныя нам Богам. І мы дзякуем за гэта Госпада: узносім да Яго хвалу за духоўныя дабраславеньні; молімся за пазнаньне духоўнай праўды; сьвяткуем духоўнае ўвасрасеньне; сьвяткуем прымірэньне; адкрываем таямніцы і ўзносім малітвы пра духоўнае разуменьне.
Хвала за духоўныя дабраславеньні (1:3-14).
Павал кажа пра дзевяць духоўных дабраславеньняў, якія дадзены нам толькі дзякуючы Ісусу Хрысту, як дзецям Божым: мы выбраныя; мы ўсыноўленыя; мы прынятыя; мы адкупленыя; мы прабачаныя; нам адкрыта таямніца Божай волі; нам дадзена спадчына; у нас жыве Сьвяты Дух – гарантыя нашай спадчыны.
Гэтыя вершы апостала складаюцца ў адзіны доўгі сказ, які адпавядае гімну хвалы і дадае, ва ўсёй паўнаце, адно паняцьце да другога і які складаў даволі значную частку праслаўленьня ў перша-хрысьціянскіх служэньнях: «Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, што дабраславіў нас у Хрысьце ўсякім духоўным дабраславеньнем у нябёсах, бо ён выбраў нас у Ім перад стварэньнем сьвету, каб мы былі сьвятыя і беспахібныя перад Ім у любові, наперад пастанавіўшы ўсынавіць Сабе нас праз Ісуса Хрыста паводле ўпадабаньня волі Сваёй, на хвалу славы ласкі Сваёй, якою Ён умілаваў нас у Любасным, у Якім мы маем адкупленьне Крывёю Ягонай, дараваньне грахоў, паводле багацьця ласкі Ягонай, якую Ён у вялікай шчодрасьці даў нам ва ўсякай мудрасьці і разуменьні, адкрыўшы нам таямніцу Сваёй волі паводле Свайго ўпадабаньня, якое Ён загадзя паклаў у Ім, на зьдзяйсьненьне паўнаты часу, каб усё нябеснае і зямное паяднаць у Хрысьце; у Ім мы і зрабіліся спадкаемцамі, і былі наперад назначаны на тое згодна з воляй Таго, Хто ўсё чыніць паводле хаценьня волі Сваёй, каб заслужыцца на пахвалу славы Ягонай нам, якія раней спадзяваліся на Хрыста; у Ім і вы, пачуўшы слова праўды, абвяшчэньне вашага выратаваньня, і ўвераваўшы ў Яго, пазначаны пячаткаю абяцанага Духа Сьвятога, Які ёсьць зарука спадчыны нашай, на адкупленьне долі Ягонай, на хвалу славы Ягонай!» (Эф 1:3-14).
Малітва пазнаньня духоўнай праўды (1:15:23).
Як мы можам быць матэр’яльна багатымі і не ўсьведамляць гэтага, так і хрысьціяне могуць не ўсьведамляць, наколькі ж яны духоўна багатыя.
І таму Павал моліцца за хрысьціянаў, каб яны спазналі надзею закліканьня Ягонага і багацьце слаўнай спадчыны, якую Ён дае нам, а таксама за тое, каб спазналі мы, наколькі вялікая сіла Госпада: «Таму і я, дачуўшыся пра вашую веру ў Хрыста Ісуса і пра любоў да ўсіх сьвятых, не перастаю дзякаваць за вас Богу, спамінаючы вас у малітвах маіх, каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасьці і адкрыцьця на спазнаньне Яго, і прасьветліў вочы сэрца вашага, каб вы ўведалі, у чым надзея закліканьня Ягонага, і якое багацьце слаўнае спадчыны Ягонай для сьвятых, і якая бязьмерная веліч магутнасьці Ягонае ў нас, што паверылі праз дзеяньне ўладарнае сілы Ягонай, якою Ён узьдзейнічаў у Хрысьце, уваскрэсіўшы Яго з мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе на нябёсах, найвышэй за любое начальства і ўладу, і сілу, і валадараньне, і ўсякае імя, называнае ня толькі ў гэтым веку, але і ў будучым, і ўсё ўпакорыў пад ногі Яму, і паставіў вышэй за ўсё, галавою Царквы, якая ёсьць цела Ягонае, поўнасьць таго, Хто напаўняе ўсё ва ўсім» (Эф 1:15:23).
Сьвята духоўнага ўваскрасеньня (2:1-10).
Кожны хрысьціянін быў духоўна мёртвы да таго моманту, калі Бог, па міласьці Сваёй, прыйшоў да яго і падараваў яму духоўнае жыцьцё. І таму мы кажам, што збаўленьне даецца Госпадам і толькі па Ягонай міласьці: «І вас, мёртвых за злачынствы і грахі вашыя, у якіх вы калісьці жылі, згодна са звычаямі сьвету гэтага, па волі князя, які ўладарыць у паветры, духа, які дзее цяпер у сынах супраціву, сярод якіх і мы калісьці жылі ў нашых жадобах, выконваючы пахаценьне цела і помыслаў, і былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і астатнія, Бог, багаты міласэрнасьцю, з вялікай Сваёй любові, якою палюбіў вас, і нас, мёртвых за злачынствы, ажыватварыў з Хрыстом, - ласкаю вы ўратаваныя, і ўваскрасіў з Ім і пасадзіў на нябёсах у Хрысьце Ісусе, каб зьявіць у наступных вяках найшчадрэйшае багацьце ласкі Сваёй у даброці да нас у Хрысьце Ісусе. Бо ласкаю вы ўратаваныя праз веру, і гэта не ад вас, - Божы дар: не ад дзеяў, каб ніхто не хваліўся. Бо мы – Ягоныя стварэньні, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя дзеі, якія Бог быў вызначыў нам выконваць» (Эф 2:1-10).
Сьвята прымірэньня (2:11-22).
У дадатак да сьвята духоўнага ўваскрэсеньня веруючыя юдэі і пагане набылі прымірэньне з Богам і паміж сабою. Гэта ёсьць багаслоўскі цэнтр усяго пасланьня. Ён тычыцца сутнасьці і адзінства Царквы. Павал кажа хрысьціянам з паганаў, што яны некалі былі без Хрыста і без права грамадзянства ў Божым народзе: «Што вы былі ў той час без Хрыста, адсечаныя ад грамадзтва Ізраільскага, чужыя запаветам абяцаньня, ня мелі надзеі і былі бязбожнікі ў сьвеце» (Эф 2:12).
І гэтым паганам процістаялі, як праз глыбокую пропадзь выбраныя Божыя.
Але зараз усталяваўся зусім іншы стан, бо Ісус Хрыстос аб’яднаў раз’яднаных юдэяў і паганаў, выбраных і прыхадняў. Ён разбурыў сьцяну падзелу – закон і ўсталяваў мір Сваёю сьмерцю на Крыжы, бо недарма завеса ў храме разадралася ў момант сьмерці Ісуса Хрыста. Ён ёсьць Міратворца, Які ўсталёўвае мір. Той мір што злучае далёкае і блізкае і адкрывае грэшнікам шлях да Бога. Раней мы былі без Хрыста, а зараз у Хрысьце. Але гэтага дасягнулі ня людзі, а адзіна толькі Ісус Хрыстос. Там, дзе Хрыстос вядзе людзей да міру з Богам, там і мір паміж людзьмі: «І, прышоўшы, абвяшчаў мір вам, далёкім і блізкім, бо праз Яго і тыя і другія маем доступ да Айца, у адным Духу» (Эф 2:18-19).
Сапраўдная Царква Ісуса Хрыста ўзрастае, бо будуецца на Ім, як на надзейным падмурку. Павал падкрэсьлівае тую думку, што хрысьціяне прыналежаць адзін адному і замест зямной сям’і, зьяўляецца сям’я Божая, да якой мы з вамі і прыналежым: «Дык вось, вы ўжо не чужынцы і ня прыхадні, а суграмадзяне сьвятым і свае Богу, уцьверджаныя на аснове апосталаў і прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста каменем вугла, на якім увесь будынак, моцна складаны, вырастае ў сьвяты храм у Госпадзе, на якім і вы будуецеся ў селішча Божае Духам» (Эф 2:19-22).
Адкрыцьцё таямніцы (3:1-13).
Прымірэньне юдэяў і паганаў дазволіла Паўлу перайсьці да абмяркаваньня таямніцы, а іншым словам - праўды, якая засталася б невядомаю, калі б Бог не адкрыў яе. Гэтая праўда была ў тым, што: «Каб і пагане былі супольнымі спадчыньнікамі, што складаюць адно цела, і саўдзельнікамі абяцаньня Ягонага ў Хрысьце Ісусе праз зьвеставаньне, слугою якога зрабіўся я пасьля дараваньня ласкі Божай, дадзенай мне дзеяньнем сілы Ягонай» (Эф 6:7).
Жыцьцё апостала непарыўна зьвязанае з ягоным служэньнем Ісусу Хрысту, каб зьвеставаць тое, што адкрыў яму Бог. Але што? Будаўніцтва Царквы як план Божай ласкі, каб зьдзяйсьняць тое, што было схавана ад вечнасьці ў Богу: «Мне, самаму найменьшаму з усіх сьвятых, дадзена ласкаа гэтая – зьвеставаць паганам недасьледнае багацьце Хрыстовае і адкрыць усім, што ёсьць зьдзяйсьненьне таямніцы, схаванай ад вечнасьці ў Богу, Які стварыў усё Ісусам Хрыстом, каб цяпер была вядомая праз Царкву начальству і ўладам на нябёсах бясконцая мудрасьць Божая, паводле спрадвечнага вызначэньня, якое Ён учыніў у Ісусе Хрысьце, Госпадзе нашым, у Якім мы маем адвагу і надзейны доступ праз веру ў Яго» (Эф 3:8-12).
Малітва разуменьня (3:14-21).
Апостал узносіць яшчэ адну малітву. Ён просіць Госпада ўмацаваць хрысьціянаў Сваёй сілаю, даць ім разуменьне велічы любові Ісуса Хрыста і каб яны напоўніліся ўсёй поўніцай Божаю: «Дзеля гэтага я схіляю калені мае прад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста, ад Якога мае найменьне ўсякая айчыннасьць на нябёсах і на зямлі, хай дасьць вам, па багацьці славы Сваёй, моцна ўцьвердзіцца Духам Ягоным ва ўнутраным чалавеку, каб Хрыстос вераю ўсяліўся ў сэрцы вашыя, каб вы, укарэненыя і ўцьверджаныя ў любові, маглі спасьцігнуць з усімі сьвятымі, што ёсьць шырыня і даўжыня, і глыбіня, і вышыня,і ўразумець вышэйшую за ўразуменьне любоў Хрыстовую, каб вам напоўніцца ўсёю поўніцаю Божаю. А Таму, Хто сілаю, якая дзее ў нас, можа зрабіць непараўнана болей за ўсё, чаго мы просім, альбо пра што думаем, таму слава ў Царкве ў Хрысьце ва ўсе роды, ад веку да веку» (Эф 3:14-21).
• Духоўны абавязак царквы (4:1-6:9).
Апостал Павал пераходзіць ад дактрынальнай часткі свайго пасланьня да практычнай, бо пасьля Божага дара ідзе і Божае даручэньне. Пасьля таго, як Бог, па веры ў Ісуса Хрыста, стварыў Царкву, яна абавязана па той жа веры жыць у адпаведнасьць з воляй Божай. І таму Павал зьвяртае ўвагу на хрысьціянскі лад жыцьця. Ён засяроджвае сваю ўвагу на тры вельмі важныя сфэры нашага жыцьця.
У царкве (4:1-16).
Хрысьціяне ў царкве павінны праяўляць любоў і спачуваньне адзін да аднаго. Яны павінны захоўваць адзінства паміж сабою, ставячыся з разуменьнем да тых адрозьненьняў, якія існуюць паміж імі. І найгалоўнае тое, што хрысьціяне павінны імкнуцца да духоўнай сталасьці: «Пакуль усе прыйдзем у адзінства веры і спазнаньня Сына Божага, у мужа дасканалага, у меру поўнага росту Хрыстовае паўнаты; каб мы ня былі больш недаросткамі, якіх хістаюць і захапляюць усякія вятры навукі, каб падманам людзкім, штукарскай хітрынай увесьці ў змусту. А каб у шчырай любові ўсе ўзрасталі ў Таго, Які ёсьць Галава, у Хрыста, з Якога ўсё цела, што складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемна жыўналучныя сувязі, у меру дзеяньня кожнага асобнага чэлеса, атрымлівае прырост цела на збудаваньне самога сябе ў любові» (Эф 4:13-16).
У сьвеце (4:17-5:21).
Паводзіны хрысьціяніна ў сьвеце павінны быць такімі, каб былі відавочна бачныя тыя зьмены, які ўтварыў у ім Ісус Хрыстос. Хрысьціяне не павінны падпарадкоўвацца марноце сьвету і не рабіць так, як робяць няверуючыя людзі, але аднавіцца ў чалавека новага і жыць у праўдзе Ісуса Хрыста: «Таму я кажу і заклінаю Госпадам, каб вы болей не рабілі, як робяць астатнія народы ў марноце розуму свайго, бо яны запамрочаныя ў розуме, адчуджаныя ад жыцьця Божага з прычыны іхняга невуцтва і зжарсьцьвеласьці сэрца іхняга; яны, дарэшты зьнячуліўшыся, аддаліся распусьце так, што робяць усякае паскудзтва ненасытна. Але вы ня так навучыліся ад Хрыста, бо вы чулі пра Яго і ў Ім навучыліся, - бо праўда ў Ісусе, - пазбыцца разам з мінулым жыцьцём старога чалавека, які парахнее ў панадных пахацінствах, а аднавіцца духам розуму вашага і апрануцца ў новага чалавека, створанага ў падабенстве Божым, у праведнасьці і сьвятасьці і праўды» (Эф 4:17-24).
Хрысьціянін павінен сваімі ўчынкамі праслаўляць Госпада і жыць у любові так, як Ісус Хрыстос любіць кожнага з нас: «Дык вось, сьледуйце Богу, як дзеці любасныя, і жывеце ў любові, як і Хрыстос палюбіў нас і аддаў Сябе за нас у прынашэньне і ахвяру Богу, на пахошчы прыемныя. А распуста і ўсялякая нечысьць і любадзірства не павінны нават упамінацца ў вас, як гэта прыстойна сьвятым. Таксама і брыдкаслоўе, і пустаслоўе, і пакепства не да гонару вам; а наадварот, хай лепш будзе падзяка; бо ведайце, што ніякі распусьнік, альбо нячысты, альбо любадзірца, які ёсьць ідаласлужэнец, ня мецьме спадчыны ў Валадарстве Хрыста і Бога» (Эф 5:1-5).
Акрамя гэтага, хрысьціянін павінен быць асьцярожным і разважлівым, цэнячы дорага час, разумеючы волю Госпада і напаўняючыся Духам Сьвятым: «Дык глядзеце, дзейце асьцярожна, ня як неразумныя, а як мудрыя,цэнячы дорага час, бо дні – ліхія. Дык ня будзьце ж неразважныя, а спазнавайце, што ёсьць воля Божая. І ня ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста; а напаўняйцеся Духам, настаўляючы саміх сябе псальмамі і славаслоўем і духоўнымі сьпевамі, сьпяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада, дзякуючы заўсёды за ўсё Богу і Айцу, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, слухаючы адно аднаго ў страху Божым» (Эф 5:15-21).
У сям’і (5:22-6:9).
Павал, у сваім пасланьні, дае настаўленьні, якія тычацца сямейнага ладу жыцьця хрысьціяніна. Ён разглядае тры віда адносінаў: муж-жонка; бацькі-дзеці; гаспадар-слуга.
Апостал заклікае жонак упакорвацца мужам, а мужоў любіць жонак сваіх так, як саміх сябе. Так хоча Ісус Хрыстос. Так мы і павінны ладзіць свае ўзаемаадносіны: «Жонкі, упакорвайцеся сваім мужам, як Госпаду, бо муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос – галава Царквы, і Ён жа Збаўца цела. Але як Царква слухаецца Хрыста, так і жонкі сваіх мужоў ва ўсім. Мужы, любеце сваіх жонак, як Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе, каб асьвяціць яе, ачысьціўшы мыцьцём водным, праз слова; каб прадставіць яе Сабе слаўнаю Царквою, бяз плямы, без заганы, або чаго-небудзь падобнага, а каб яна была сьвятая і беззаганная. Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела: хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе. Бо ніхто ніколі ня меў нянавісьці да свайго цела, а корміць і грэе яго, як і Госпад Царкву; бо мы часткі Цела Ягонага, ад цела Ягонага і ад касьцей Ягоных. Таму “Пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адно цела”. Тайна гэта вялікая; я кажу пра Хрыста і пра Царкву. Так кожны з вас хай любіць сваю жонку, як самога сябе; а жонка хай баіцца свайго мужа» (Эф 5:22-33).
Далей Павал заклікае дзяцей слухацца сваіх бацькоў у Госпадзе і гэта ня ёсьць справа цела, бо цела не выклікае даверу. Наогул, шанаваньне бацькі і маці зацьверджана ў законе Майсея. Але, калі дзеці Старога Запавета выконвалі гэта, дык наколькі болей хрысьціянскім дзецям належыць шанаваць сваіх бацькоў: «Дзеці, слухайцеся сваіх бацькоў у Госпадзе, бо гэтага патрабуе справядлівасьць» (Эф 6:1).
Таксама і да бацькоў заклікае Павал, калі кажа: «І вы бацькі, не дакучайце дзецям вашым, а гадуйце іх у навуцы і настаўленьні Госпадавым» (Эф 6:4).
Павал зьвяртаецца і да рабоў, калі заклікае іх да паслушэнства і шчырага служэньня гаспадарам: «Служачы шчыра, як Госпаду, а ня як людзям, ведаючы, што кожны атрымае ад Госпада ў меру дабра, якое ён зрабіў, хай тое раб, хай вольнік» (Эф 6:7-8).
Заўважым апошняе слова «вольнік», бо гэтае зьвяртаньне апостала тычыцца і ўсіх сучасных хрысьціянаў, якія працуюць на прадпрыемствах ці дзяржаўных установах. І тычыцца таго, што мы павінны працаваць ці служыць шчыра і аддана, каб атрымаць ад Госпада сваю меру дабра і дабраславеньня.
«І вы гаспадары, рабеце з імі гэтак сама, лагодзьце строгасьць, ведаючы, што і над вамі самімі і над імі ёсьць на набёсах Госпад, Які не зважае на асобы»(Эф 6:9). Павал кажа гэтым, што над кожным з нас ёсьць Бог у нябёсах. І гэта вельмі сугучна вялікаму вучэньню пасланьня апостала Паўла да эфесянаў.
• Духоўная бітва (6:10-20).
Хрысьціяне ня змогуць выконваць свае абавязкі перад Госпадам, калі не зразумеюць, што яны зьяўляюцца ўдзельнікамі вялікай духоўнай бітвы якая вядзецца супраць шматлікіх сілаў цемры: «Нарэшце, браты мае, мацуйцеся Госпадам і магутнасьцю сілы Ягонай; апранецеся ў поўную зброю Божую, каб вам можна было стаць супраць хітрыкаў д’ябальскіх; бо нашае змаганьне ня супраць крыві і цела, а супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць сьветапраўцаў цемры сьвету гэтага, супраць духаў злосьці паднябесных» (Эф 6:10-12).
І каб перамагчы ў гэтай бітве, нам усім трэба апрануцца ў поўную зброю Божую, каб выстаяць у любую ліхую часіну: «Так што станьце, апаясаўшы сьцёгны вашыя праўдаю, і апрануўшыся ў браню праведнасьці, і абуўшы ногі ў гатовасьць абвяшчаць мір; а найперш за ўсё вазьмеце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы ліхадзея; і шалом ратунку вазьмеце, і меч духоўны, які ёсьць Слова Божае; усякаю малітваю і просьбаю малецеся ў любы час духам, і дбайце пра гэта самае з усёй сталасьцю і благаньнем за ўсіх сьвятых і за мяне, каб мне дадзена было слова – вуснамі маімі адкрыта і адважна абвяшчаць таямніцу зьвеставаньня, дзеля якога я пасольствую ў кайданах, каб я сьмела прапаведаваў, як я і павінен» (Эф 6:14;20).
• Заключная частка (6:21-24).
Апостал Павал завяршае сваё пасланьне паведамленьнем пра тое, што хутка будзе ў іх супрацоўнік ягоны Тыхік і пажаданьнем дабраславеньняў для ўсіх тых, хто любіць Госпада Ісуса Хрыста і хоча суцешыцца Ім: «А каб і вы ведалі пра мае акалічнасьці і дзеі, пра ўсё раскажа вам Тыхік, любасны брат і верны ў Госпадзе службіт, якога я і паслаў да вас на тое самае, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суцешыў сэрцы вашыя. Мір братам і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста. Ласка з усімі, што нязьменна любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста. Амэн. (Эф 6:21-24).
Свидетельство о публикации №226051401802