Послание к Галатам
АПОСТАЛА ПАЎЛА
«Зьдзіўляюся, што вы так хутка пераходзіце ад
таго, хто заклікаў вас ласкай Хрыстоваю, да
іншага зьвеставаньня, якое, аднак, ня іншае, а
толькі ёсьць людзі, якія зводзяць вас і хочуць
перавярнуць зьвеставаньне Хрыстовае» (Гал 1:6-7).
Галятыя, шырокая паласа зямлі ў Малой Азіі, была заселена зьмешаным племенем, якое, ў большасьці сваёй, складалася з галлаў, якія пакінулі сваю зямлю (сучасную Францыю) за 300 гадоў да Р. Х. і пасьля паспяховай заваёвы гэтага месца пасяліліся тут і далі надалей назву гэтай краіне. Нават і сёньня вандроўнікі зьдзіўляюцца прыгожымі валасамі і шэрымі вачамі мясцовых жыхароў, якія вельмі падобныя на тых, што жывуць у заходняй Францыі. Дарэчы Кілікія з горадам Тарсам, радзімай апостала Паўла, знаходзілася на мяжы Галятыі, якая распаўсюджвалася доўгай стужкай на поўнач Малой Азіі. У 25 годзе да Р. Х. Рым скасаваў Галятыйскае валадарства, далучыўшы галятыйскія землі да сябе як сваю правінцыю.
Лука, у Дзеях апосталаў, не засяроджвае сваю ўвагу на заснаваньне царкваў у Галятыі апосталам Паўлам у той час, калі ён кіраваўся ў Македонію, але сам Павал кажа пра гэта ў сваім пасланьні: «Прашу вас, браты, будзьце як я, таму што і я, як вы. Вы нічым не пакрыўдзілі мяне: ведаеце, што хоць я ў нядужым целе зьвеставаў вам першы раз, але вы не пагардзілі спакушэньня майго ў целе маім і не пагрэбавалі мною, а прынялі мяне, як анёла Божага, як Хрыста Ісуса» (Гал 4:12-14).
Пасланьне да галятаў – першае з пасланьняў апостала Паўла. Яно было напісанае ў 49 годзе па Р. Х., раней за маючы адбыцца Ерусалімскі сабор, на якім разглядаліся пытаньні пастаўленыя Паўлам у сваім звароце да галятаў. Пасланьне Паўла накірована сапраць юдэйства ў хрысьціянстве, якое навязвала царкве вучэньне пра збаўленьне справамі чалавека, а таксама казала пра неабходнасьць абразаньня. І наогул, выкананьні Майсеевага закону. Пасланьне да галятаў, як дарэчы і рашэньне Ерусалімскага сабору, маюць вельмі вялікую гістарычную важнасьць, бо ставяць крыж на распаўсюджваньні юдаізма ў царкве і абвяшчаюць адзінства ды роўнасьць усіх хрысьціянаў у збаўленьні па веры ў Ісуса Хрыста.
Гэтае пасланьне апостала вельмі непадобнае на ўсе астатнія. Узрушаны Павал напісаў яго сам, не зьвяртаючыся да сваіх памочнікаў, што ён рабіў звычайна. Мы бачым нехарактэрны для апостала строгі тон, бо ён пачынае свой ліст без характэрных прывітаньняў, амаль што адразу пераходзячы да справы. Але што так узрушыла Паўла?
Справа ў тым, што галяты дапусьцілі ў царкву ілжэвучыцелей і дазволілі сабе пайсьці за імі. Ілжэвучыцелі – гэта юдэі, якія, называючы сябе хрысьціянамі, намагаліся зрабіць хрысьціянства «прыбудовай» да храму юдаізма. Яны казалі, што адной веры ў Ісуса Хрыста для збаўленьня недастаткова, бо да гэтага трэба абавязкова дадаць абразаньне і падпарадкавацца закону Майсея.
Карацей кажучы, яны вучылі, што для збаўленьня патрэбны справы, а ня толькі вера. Паўла вельмі ўразіла тое, што галяты разгубіліся і ня мелі яснага разуменьня ў гэтых пытаньнях. Калі збаўленьне даецца па ласцы Божай, дык гэта азначае, што справы чалавека тут ні пры чым. А калі збаўленьне можна атрымаць сваімі справамі, дык пры чым тут ласка Божая? Адно выключае другое.
Пасланьне Паўла да галятаў, больш за ўсе астатнія кнігі Новага Запавета, паўплывала на вызваленьня хрысьціяніна ад юдэйства, рытуальнасьці і ўсякай іншай зьнешняй пастановы, якія нясуць пагрозу свабодзе і духу Эвангельля. Не дарэмна яно было любімым пасланьнем Марціна Лютара і якое згуляла вельмі значную ролю ў справе Рэфармацыі хрысьціянства.
Пасланьне да галятаў палемічна змястуе ў сабе тое, што ўжо сістэмна будзе выкладзена Паўлам у пасланьні да рымлянаў – яно паказвае Госпада Ісуса Хрыста як Збаўцу. Вучэньне апраўданьня вераю дадзена тут больш ярка, чым ва ўсіх астатніх пісаньнях апостала. Трэба заўважыць і той акцэнт, які робіць Павал на ўнутранай, духоўнай прыродзе хрысьціянскай веры ў процілегласьць зьнешняй рэлігійнасьці: «Калі ж Бог, выбраўшы мяне ад улоньня маці маёй і заклікаўшы ласкай Сваёю, зажадаў адкрыць у-ва мне Сына Свайго, каб я зьвеставаў Яго паганам, я не пачаў адразу ж раіцца з целам і крывёю» (Гал 1:15-16).
Пасланьне Паўла нясе ў сабе крыніцу сапраўднага служэньня Эвангельлю, якое ён прапаведаваў паганам і якое не дапускае аб’яднаньне Эвангэльля, як сьвятой і нябеснай свабоды, з выкананьнем закону і непатрэбнай рытуальнасьцю ў царкве. Сьвятая і нябесная свабода як рэлігія Сьвятога Духа і якая дадзена нам уваскрослым Хрыстом, ня можа быць аб’яднанаю з рэлігіей цела чалавека. Такую вось думку нясе апостал Павал у сваім пасланьні да галятаў.
Пасланьне да галятаў можна падзяліць на пяць частак: Уводзіны (1:1-5); Аўтарытэт апостала (1:6-2:10); Збаўленьне (2:11-5:12); Сьвятасьць (5:14-6:10) і Заключная частка (6:11-18).
• Уводзіны (1:1-5).
Мы бачым даволі халоднае вітаньне Паўла, у якім ён наўмысна падкрэсьлівае сваё апостальства, таму што хоча проціпаставіць свой аўтарытэт аўтарытэту юдэйствуючых. Павал сьпяшаецці і хоча хутчэй перайсьці да асноўнай часткі свайго пасланьня: «Павал, апостал выбраны не людзьмі і не праз чалавека, а Ісусам Хрыстом і Богам Айцом, Які ўваскрэсіў Яго з мёртвых, і ўсе браты, якія са мною, - цэрквам Галятыйскім: ласка вам і мір ад Бога Айца і Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які аддаў Сябе Самога за грахі нашыя, каб выбавіць нас ад цяперашняга падступнага веку, па волі Бога і Айца нашага; Яму слава на векі вечныя. Амэн» (Гал 1:1-5).
Пакрочым за ім і мы з вамі.
• Аўтарытэт апостала (1:6-2:10).
Тое, што Павал абвяшчае пра сябе як пра апостала Ісуса Хрыста, ня ёсьць проста фармальнасьць. Юдэйствуючыя ведалі, што ня змогуць пасьпяхова дзейнічаць, калі не дэскрыдытуюць аўтарытэт апостала Паўла. Таму Павал і кажа, што Сам Госпад паклікаў яго на апостальскае служэньне.
Назваўшы сябе апосталам, Павал выказвае зьдзіўленьне тым, што галяты пачалі адыходзіць ад ягонага Дабравесьця і пачынаюць прымаць іншае, якое ня мела нічога агульнага з сапраўдным Эвангельлем. Павал абвяшчае анафэму на тых, хто прапаведуе нешта іншае. Гэты праклён усеагульны, бо Павал залічыў нават і сябе у лік тых, на каго гэты праклён можа ўпасьці: «Але калі б нават мы, альбо анёл з неба пачаў зьвеставаць вам ня тое, што мы зьвеставалі вам, хай будзе анафэма. Як раней мы сказалі, так і цяпер яшчэ кажу: хто зьвястуе вам ня тое, што вы прынялі, хай будзе анафэма» (Гал 1:8-9).
Зразумела тое, што гэтым жадаў сказаць Павал. Ён не шукаў сабе славы бо калі б ён шукаў сабе славы і вядомасьці, дык ня стаў бы абвяшчаць анафэмы.
Мы ніколі не зразумеем апостала, калі не зразумеем ягонай галоўнай думкі, якая складаецца з таго, што Эвангельле – гэта Божы замысел. Што яно ня ёсьць чалавечая вынаходка, але гэта Божае адкрыцьцё: «Абвяшчаю вам, браты, што Дабравесьце, якое я абвяшчаў, ня ёсьць чалавечае; бо і я прыняў яго і навучыўся не ад чалавека, а праз адкрыцьцё Ісуса Хрыста» (Гал 1:11-12).
Навяртаньне Паўла і ягоная потым актыўная дзейнасьць маюць доказ, што Добрая вестка была дадзена яму звыш. Адзін з прапаведнікаў Эвангельля казаў пра Паўла наступнае: «Фанатызм ягонай дзейнасьці да ягонага навяртаньня, дзейнасьць Госпада для ягонага навяртаньня і амаль што поўная ізаляванасьць ад лідараў ерусалімскай царквы ў будучым аб’ядналіся ў адно, каб прадэманстраваць, што ягоная пропаведзь была не ад чалавека, але ад Бога».
• Збаўленьне (2:11-5:12).
На прыкладзе апостала Пятра, які пайшоў на згоду з юдэйствуючымі, Павал дэманструе сутнасьць Эвангельля, якое кажа пра тое, што грэшнік можа апраўдацца прад Богам толькі вераю ў Ісуса Хрыста і ніяк ня справамі: «Мы з прыроды юдэі, а не з паганаў грэшнікі; аднак жа, даведаўшыся, што чалавек апраўдваецца ня дзеямі закона, а толькі вераю ў Ісуса Хрыста, каб апраўдацца вераю ў Хрыста, а не дзеямі закона; бо дзеямі закону не апраўдваецца ніякае цела»(Гал 2:15-16).
Апостал Павал добра разумеў, што гэтае ягонае сьцьвярджэньне абудзіць многіх не пагадзіцца з ім. Трэба адзначыць, што як у часы апостала, так і наш час, многія хрысьціяне не разумеюць вучэньне Паўла пра апраўданьне толькі вераю, бо лічаць яго небясьпечным з нагоды таго, што яно непазьбежна паслабляе пачуцьцё адказнасьці чалавека ў пытаньнях маралі. Яны кажуць, што калі Бог прымае чалавека толькі па веры бяз усякіх добрых справаў, дык гэта дае падставу для парушэньня чалавекам Божага закону. Іншымі словамі Павал робіцца вінаватым у тым, што падстаўляе Ісуса Хрыста і робіць Яго вінаватым у грахах чалавека. Але, ці так гэта?
І Павал адказвае ўсім нязгодным з гэтым вучэньнем: «Калі ж, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы і самі сталіся грэшнікамі, - дык няўжо ж Хрыстос ёсьць служка грэху? Аніяк! Бо калі я зноў будую, што быў разбурыў, дык сам сябе раблю злачынцам. Праз закон я памёр для закона, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваўся з Хрыстом, і ўжо ня я жыву, а жыве ў-ва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, дык жыву вераю ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне. Не адкідаю ласкі Божай. А калі праведнасьць дасягаецца праз закон, дык Хрыстос марна памёр» (Гал 2:17-21).
Павал кажа ўсім нязгодным, што кожны, хто апраўданы вераю, знаходзіцца ў зьвязе з Ісусам Хрыстом і непарыўна зьвязаны з Ім. Такі чалавек укрыжаваўся з Ісусам Хрыстом, Які з таго часу жыве ў ім і дае жаданьне весьці кожнадзённае сьвятое жыцьцё.
Гэта вельмі трагічна – згубіць Хрыста, Які быў нам дадзены любоўю Бога. Сын Бога – вось нашае жыцьцё. Сын Бога – укрыжаваны дзеля нас і аддадзены нам. Вось што хвалюе Паўла і таму ён зьвяртаецца да іх: «О, няцямныя галяты! Хто падбіў вас не скарацца праўдзе, вас, у каго перад вачыма накрэсьлены быў Ісус Хрыстос, як бы сярод вас укрыжаваны? Толькі гэта хачу ведаць ад вас: ці праз дзеі закону вы атрымалі Духа, ці праз настаўленьне ў веры? Ці такія вы няцямныя, што, пачаўшы Духам, цяпер канчаеце целам? Так многа вы перацярпелі няўжо марна? О, калі б толькі марна! Той, Хто падаў вам Духа і творыць сярод вас цуды, ці праз дзеі закону робіць гэта, ці праз пропаведзь веры? Так Абрагам паверыў Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць. Уведайце ж, што вернікі – сыны Абрагамавыя» (Гал 3:1-7).
Павал выкрывае неразважлівасць галятаў. Ён пераводзіць увагу з ілжэвучыцелей на саміх веруючых, якія дазваляюць зьбіваць сябе з ладу. Апостал кажа ім, што, дзякуючы гэтым ілжэвучыцелям, яны адмаўлялі свайму духоўнаму вопыту, адкідвалі Пісаньне, ілжыва тлумачылі сьмерць Ісуса Хрыста, перакручвалі сутнасьць і прызначэньне закона, былі гатовы зьмяніць свабоду на рабства і грэбавалі служэньнем Паўла: «Баюся за вас, ці ня марна я працаваў у вас»(Гал 4:11).
Апостал горача заклікае галятаў да вернасьці той свабодзе, якую даў ім Ісус Хрыстос: « Дык стойце ж у свабодзе, якую даў нам Ісус Хрыстос, і ня схіляйцеся зноў пад ярмо рабства. Вось, я, Павал, кажу вам: калі вы абразаецеся, ня будзе вам ніякае карысьці ад Хрыста. Яшчэ сьведчу кожнаму чалавеку, які абразаецца, што ён павінен выконваць увесь закон. Вы, хто апраўдвае сябе законам, засталіся бяз Хрыста, адпаліся ад ласкі, а мы духам чакаем і спадзяёмся на праведнасьць ад веры; бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ні абразаньне, ні неабразаньне, а вера, якая дзее праз любоў. Вы ішлі хораша: хто спыніў вас, каб вы не скарыліся праўдзе? Такое перакананьне не ад Таго, Хто заклікае вас. Каліва закваскі расчыняе ўсё цеста. Я пэўны за вас у Госпадзе, што вы ня будзеце думаць іначай; а той, хто змушчае вас хто б ён ні быў, панясе на сабе асуду. За што ж гоняць мяне, браты, калі я і цяпер прапаведую абразаньне? Тады ганьба крыжа спынілася б. О, калі б выдаліць тых, якія баламуцяць вас. Да вольнасьці закліканы вы, браты, толькі вольнасьць ваша ня была б повадам дагаджаць целу; а любоўю служэце адно аднаму» (Гал 5:1-13).
• Сьвятасьць (5:14-6:10).
Сэрца апостала было прыгнечана думкаю пра тое, што галяты так лёгка адкідалі Хрыста і прымалі надзвычайна шкоднае юдэйскае вучэньне, бо гэта не было справаю Таго, Хто іх паклікаў. Павал кажа пра наступствы вучэньня юдэйствуючых і тлумачыць галятам, як зьвязаць дасканалую Божую ласку без закона з жыцьцём, дастойным Божага народу: «Я кажу: рабеце паводле Духа, і вы ня будзеце паддавацца пажадзе плоці; бо плоць жадае супраціўнага Духу, а Дух – супраціўнага плоці; яны адно аднаму супрацівяцца, так што вы ня тое робіце, чаго хацелі б. Калі ж вас Дух водзіць, дык вы не пад законам» (Гал 5:16-18).
Павал выступае супраць закона як правіла жыцьця для веруючага. Ён не патрэбны, бо Сьвяты Дух, Які дзейнічае ў нас, умацоўвае нас у любові. Але заўважым, што на першае месца апостал ставіць свабоду і толькі потым ідзе любоў. І сапраўды, ці можа прыгнечаны чалавек з радасьцю выконваць свае абавязкі? Ці можа быць радасьць ад прымусу? І ці можна любіць пад прымусам? Так і з законам, які прымушае чалавека і не дазваляе яму паўнавартасна любіць блізкага свайго.
Бог так ня робіць. Ён не прымушае чалавека, а дае яму свабоду ў Ісусе Хрысьце, а потым Сьвяты Дух становіцца ўнутранай крыніцаю сілы, якая праяўляецца так, як праяўляў яе Хрыстос. Гэта сіла любові. І калі мы ходзім у Духе, дык не павінны паддавацца пажадам цела, а прымаць плады Духа: «А плод Духа: любоў, радасьць, згода, доўгая цярплівасьць, добрасьць, міласэрнасьць. Вера, лагоднасьць, устрымлівасьць. На такіх няма закона. А тыя, якія Хрыстовыя, укрыжавалі цела з пажадлівасьцю і пахацінствамі. Калі мы жывем Духам, дык згодна з Духам і рабіць павіны» (Гал 5:22-25).
І калі людзі вырабляюць пералічаныя тут плады Духа Сьвятога, дык гэта пра іх сказаў апостал Павал: «На такіх няма закона».
Сьвятасьць дадзена хрысьціяніну Ісусам Хрыстом. Гэта Ягоная сьвятасьць, але ня наша, бо самі па сабе мы проста грэшнікі. Мы можам быць сьвятымі толькі ў Хрысьце Ісусе. І таму Павал зьвяртаецца да ўсіх нас, заклікаючы любіць адзін аднаго і з любоўю адносіцца да тых, хто дапускае пагрэшнасьці, каб спрыяць іхняму выпраўленьню, але і самім не спакусіцца, бо толькі так мы здольныя выканаць закон Хрыстовы: «Браты! калі і дапусьціць чалавек якую пагрэшнасьць, вы, духоўныя, папраўляйце такога ў духу лагоды, зважаючы кожны на сябе, каб ня дацца спакусе. Нясеце цяжары адно аднаго, і такім чынам выканаеце закон Хрыстовы. Бо хто лічыць, што ён нешта такое, калі ён нішто, той ашуквае самога сябе. Кожны няхай правярае сваю дзею, і тады мецьме пахвалу толькі ў сабе, а ня ў іншым, бо кожны панясе свой цяжар. Той, каго настаўляюць словам, дзяліся ўсякім дабром з тым, хто настаўляе. Не крывеце душою: Бог паганьбёны не бывае. Што пасее чалавек, тое і сажне: хто сее ў цела сваю, ад цела пажне прахласьць; а хто сее ў Дух, ад Духа і пажне жыцьцё вечнае. Робячы дабро, ня струджваймася: бо ў свой час пажнём, калі не аслабнем. Дык вось, пакуль ёсьць час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім адзінаверцам» (Гал 6:1-10).
• Заключная частка (611-18).
Апостал Павал завяршае сваё пасланьне да галятаў тым, што проціпастаўляе матывы юдэйствуючых ілжэвучыцелей сваім асабістым матывам, з якім ён зьвяртаецца да народа Божага. І ён заклікае Божае дабраславеньне на тых, хто чыніць па праўдзе: «Тыя, што хочуць хваліцца паводле цела, змушаюць вас абразацца толькі дзеля таго, каб унікнуць ганеньняў на крыж Хрыстовы, бо і самі абрэзаныя не трымаюцца закона, але хочуць, каб вы абрэзаліся, каб пахваліцца ў вашым целе; а я не хачу хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, Якім для мне сьвет укрыжаваны, а я для сьвету. Бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ні абразаньне, ні неабразаньне, а новае стварэньне. Тым, якія чыняць у згодзе з гэтым правілам, мір ім і міласьць, і Ізраілю Божаму» (Гал 6:12-16).
Свидетельство о публикации №226051400246