Послание к Филиппийцам
АПОСТАЛА ПАЎЛА
«Бог - сьведка, што я люблю ўсіх вас любоўю
Ісуса Хрыста; і малюся за тое, каб любоў ваша яшчэ
больш узрастала ў спазнаньні і ўсякім досьведзе»
(Філ 1:8-9).
Пасланьне да філіпянаў, як і да эфесянаў, было напісанае апосталам Паўлам у Рыме, калі ён, будучы ў зьняволеньні, чакаў суда цэзара. Яно было адрасаванае царкве, якую Павал заснаваў у Філіпах пад час сваёй другой місіянэрскай вандроўцы. Пасланьне Паўла мае вельмі сардэчны характар, нягледзячы на той крытычны, ў зняволеньні, стан апостала.
Філіпы былі названыя ў гонар Філіпа Македонскага, бацькі Аляксандра Вялікага. Галоўны горад усходняй Македоніі меў права самакіраваньня ў складзе імперыі Рыма. У гэтым «маленькім Рыме» усе размаўлялі на лацінцы, а горад населены многімі рымлянамі і таму рымскае грамадзянства тут вельмі шанавалася. Юдэяў у гэтым горадзе амаль што не было і можа таму эвангелізацыйная праца апостала Паўла сярод паганаў была даволі пасьпяховай. Павал, Сіла, Цімафей і Лука – гэта тыя пасланцы Ісуса Хрыста, якія і заснавалі першую царкву ў Эўропе.
Царква ў Філіпах вызначалася з усіх сваёй шчодрасьцю і шматразова ўдзельнічала ў фінансавай падтрымцы апостала Паўла. Калі філіпяне даведаліся пра зьняволеньне Паўла ў Рыме, яны паслалі туды дапамогу праз Эпафрадыта, які пад час свайго наведваньня апостала вельмі сур’ёзна захварэў. І вось, атрымаўшы цудоўнае ацаленьне, Эпафрадыт вяртаецца ў Філіпы з гэтым, «узвышаным у любові», пасланьнем ад Паўла, у якім мы бачым шчырае сэрца апостала. Павал зьвяртаецца да філіпянаў з падзякаю за іхні клопат пра яго. Ён заклікае іх выконваць абавязкі хрысьціяніна і папярэджвае пра тую небясьпеку, якая можа выходзіць ад ілжэвучыцелей, якія намагаліся адмоўна ўзьдзейнічаць на царкву.
У пасланьні да філіпянаў мы бачым сапраўдны хрысьціянскі вопыт, які выяўляе вучэньне і практыку. Пасланьне перадае нам вопыт хрысьціянскага жыцьця, як жыцьця пад уладаю Сьвятога Духа. Бог дае нам цудоўную карціну такога жыцьця, забясьпечваючы нас праўдай і тымі правіламі, якімі мы павінны кіравацца ў нашым хрысьціянскім жыцьці. Заўважым і тую акалічнасьць, што Павал, кажучы пра практычны бок хрысьціянскага жыцьця, шмат гаворыць пра «радасьць», якую ён меў у Ісусе Хрысьце - 61 раз у 104 вершах гэтага пасланьня. І гэта кажа толькі пра тое, што не жыцьцёвыя абставіны, а Ісус Хрыстос быў крыніцай заўсёднай радасьці апостала Паўла.
Пасланьне апостала Паўла да філіпянаў можна падзяліць на шэсьць частак: Уводзіны (1:1-2); Падзяка (1:3-25); Заклік да адзінства (1:27-2:30); Перасьцярога (3:1-4:1); Заўвагі (4:2-20); Заключная частка (4:21-23).
• Уводзіны (1:1-2).
Павал вітае царкву і вітае ня толькі ад свайго імя, але і ад імя Цімафея, паколькі менавіта ён знаходзіўся ў той момант побач з апосталам і падзяляў любоў Паўла да філіпянаў і ягоны клопат пра іх: «Павал і Цімафей, рабы Ісуса Хрыста, усім сьвятым у Хрысьце Ісусе, што жывуць у Філіпах, з епіскапамі і дыяканамі: ласка вам і мір ад Бога Айца нашага Госпада Ісуса Хрыста» (Філ 1:1-2). Падаецца вельмі верагодным, што менавіта Цімафей і запісаў гэтае пасланьне пад дыктоўку апостала Паўла. Заўважым і тую акалічнасьць, што Павал пакідае без увагі свой афіцыйны апостальскі чын у сваім звароце да хрысьціянаў з Філіпаў, паказваючы гэтым фактычную роўнасьць усіх хрысьціянаў у Ісусе Хрысьце.
• Падзяка (1:3-25).
Падобна некаторым іншым пасланьням, Павал пачынае з падзякі філіпянам за тое, што яны маюць удзел у зьвеставаньні Эвангельля Ісуса Хрыста і з радасьцю узносіць за іх малітвы: «Дзякую Богу майму кожны раз, як узгадваю вас, заўсёды ў кожнай малітве маёй за ўсіх вас з радасьцю молячыся, за ваш удзел у зьвеставаньні з першага дня аж да сёньня, упэўнены, што той, хто пачаў у вас добрую дзею, будзе завяршаць яе да дня Ісуса Хрыста» (Філ 1:3-6). Апостал выказвае ўпэўненасьць у тым, што Бог, распачаўшы Сваю працу ў іх будзе працягваць яе, бо збаўленьне – гэта справа Госпада, Які ніколі не кідае пачатай Ім справы.
Павал радуецца свайму зьняволеньню, разумеючы, што гэта дапамагае справе дабравесьця. Як жа гэты чалавек любіў гэтую Добрую Вестку і прагнуў абвяшчаць яе ў кожным месцы: «Жадаю браты, каб вы ведалі, што акалічнасьці мае паслужылі на большы посьпех зьвеставаньня, так што кайданы мае за Хрыста зрабіліся вядомыя ўсёй прэторыі і ўсім астатнім, і большая частка братоў у Госпадзе, пасьмялеўшы праз кайданы мае, пачалі з большаю адвагаю, бязбоязна прапаведаваць слова Божае» (Філ 1:12-14).
Стараннасьць апостала прымушае кожнага з нас засароміцца асабістай абыякавасьці і ляноты, калі справа ідзе пра тыя ці іншыя абставіны нашага жыцьця для служэньня Госпаду нашаму Ісусу Хрысту.
Калі пісалася гэтае пасланьне, Павал ня ведаў, чым завершыцца ягонае зьняволеньне. Ён спадзяваўся, што выйдзе на свабоду і працягне сваё актыўнае эвангелізацыйнае служэньне, але з іншага боку ён разумеў, што можа быць і інакш: «Пры пэўнасьці і надзеі маёй, што я ні ў чым пасаромлены ня буду, а пры поўнай адвазе, і сёньня, як і заўсёды, праславіцца Хрыстос у целе маім, хай тое жыцьцём, хай сьмерцю» (Філ 1:20).
Павал зьвяртаецца да веруючых Піліпаў, упэўніваючы іх у сваёй адданасьці незалежна ад таго, як завершыцца ягоная справа зьняволеньня і спадзяючыся на сустрэчу з імі: «І я пэўна ведаю, што застануся і буду з усімі вамі дзеля вашага посьпеху і радасьці ў веры, каб хвала ваша ў Хрысьце Ісусе памножылася праз мяне, пры маім другім да вас прыходзе» (Філ 1:25-26).
• Заклік да адзінства (1:27-2:30).
Хрысьціянскае жыццё павінна фармавацца ў адпаведнасьці з Эвангельлем, а як вера па Эвангельлю выклікае супраціў сьвету, дык неабходная частка паводзінаў хрысьціянаў складаецца з таго, каб процістаяць у адзінстве гэтаму супраціву: «Толька жывеце годнасна зьвеставаньня Хрыстовага, каб мне, калі я прыйду і пабачу вас, альбо калі ня прыйду, чуць пра вас, што стаіце вы ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру Дабравесьця. І ня бойцеся ні ў чым праціўнікаў; гэта ім ёсьць знак пагібелі, а вам – выратаваньня. І гэта ад Бога; бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі вераваць у Яго, але і пакутаваць за Яго» (Філ 1:27-29).
Але ня толькі пра гэты зьнешні бок адзінства хрысьціянаў кажа апостал Павал. Ён кажа таксама, што і ўнутранае жыцьцё царквы патрабуе шчыльнага адзінства. Павал ня толькі пералічвае тыя стымулы, якія абуджаюць хрысьціянаў да адзінства ў зносінах паміж сабою, але і кажа пра патрабаваньні, ад выкананьня якіх залежыць гэтае адзінства. Кажучы пра гэта, апостал дае прыклад Ісуса Хрыста, Які не лічыў Сваю славу нечым недатыкальным, але быў гатовы пакінуць яе і зсыйсьці да нашага ўзроўню, зрабіўшыся падобным да звычайных людзей.
Ісус Хрыстос дабраахвотна ўпакорыў Сябе і таму Бог узьнёс Яго вышэй за ўсякае імя. І калі мы упакорваем самі сябе, дык Бог таксама ўзьнясе нас у свой час на Свае вышыні: «Усё рабеце без нараканьня і сумненьня, , каб вам быць бездакорнымі і чыстымі дзецьмі Божымі, беспахібнымі сярод упарцістага і разбэшчанага роду, у якім вы зьзяеце, як сьвяцілы ў сьвеце, ашчаджаючы слова жыцьця на пахвалу мне ў дзень Хрыстовы, што я ня марна змагаўся і ня марна працаваў» (Філ 2:14-16).
• Перасьцярога (3:1-4:1).
Апостал папярэджвае хрысьціянаў пра небясьпеку, якая зыходзіць ад юдэйствуючых, якія вучылі, што адной веры ў Ісуса Хрыста недастаткова, бо для збаўленьня неабходна яшчэ выконваць і закон Майсея: «Пільнуйцеся ад сабак, пільнуйцеся ад ліхіх дзеячаў, пільнуйцеся ад абразаньня; бо абразаньне – мы, калі служым Богу духам і хвалімся Ісусам Хрыстом і не на цела спадзяёмся: «Філ 3:2-3).
Павал кажа пра свой фарысейскі вопыт жыцьця, калі ён таксама быў упэўнены ў тым, што праведнасьць дасягаецца выкананьнем закону. На працягу доўгага часу ён кіраваўся гэтай упэўненасьцю ў тым, што толькі так можна дасягнуць вечнага жыцьця. Але потым ён зразумеў, што ўсе ягоныя жыцьцёвыя здабыткі нічога ня вартыя і ня маюць ніякага сэнсу. Ён зразумеў, што выконваў закон толькі зьнешне, у той час, як Божае патрабаваньне праведнасьці тычылася таксама думак і жаданьняў чалавека. Ён зразумеў, што Сам Бог дае нам праведнасьць і якую мы атрымліваем ад Яго толькі па веры.
Прыняўшы праведнасьць ад Хрыста, Павал выявіў у сабе жаданьне пазнаваць Яго ўсё болей і болей. Павал кажа ўсім нам, што патрабуецца для гэтага. А для гэтага трэба быць незадаволеным у дасягнутым і сьмела імкнуцца да вышыняў Божага пакліканьня: «Ня тое, каб я ўжо дасягнуў мэты, альбо ўдасканаліўся; але прагну, а ці не дасягну і я, як дасягнуў мяне Хрыстос Ісус. Браты, я не лічу, што я ўжо дасягнуў; а толькі, забываючы тое, што ўжо за мною, і сягаючы наперад, імкнуся да мэты, да гонару вышэйшага пакліканьня Божага ў Хрысьце Ісусе» (Філ 3:12-14).
• Заўвагі (4:2-20).
Гэты разьдзел свайго пасланьня Павал складае з настаўленьняў і заўвагаў, якія адрасаваныя як асобным людзям, так і царкве ўвогуле. Павал заклікае філіпянаў радавацца ў Госпадзе, быць пакорнымі, давяраць Госпаду, маліцца, дабрадзейнічаць і слухацца Слова Божага: «Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і яшчэ кажу: радуйцеся. Пакорлівасьць вашая хай будзе вядомая ўсім людзям. Госпад блізка. Ня турбуйцеся ні пра што, а заўсёды ў малітве і прынашэньні з падзякаваньнем адкрывайце свае жаданьні Богу, і мір Божы, як вышэйшы за ўсякі розум, ахавае сэрцы вашыя і помыслы ў Хрысьце Ісусе. Нарэшце, браты мае, што толькі ў праўдзе, што сумленнае, што справядлівае, што чыстае, што любае, што вартае хвалы, што толькі дабрадзейнасьць, ці што пахвалы годнае, - тое і майце наўме. Чаго вы навучыліся, што прынялі і чулі ды бачылі ў-ва мне, тое і выконвайце, - і Бог міру будзе з вамі» (Філ 4:4-9).
Павал падкрэсьлівае сваю ўдзячнасьць усім веруючым Філіпаў за іхні клопат пра яго, хаця і дадае, што гэта не галоўнае, бо ён навучыўся задавольвацца ўсім тым, што ён меў у сваім жыцьці. Як ён гэтаму навучыўся? Павал кажа ім пра гэта. Толькі ў Ісусе Хрысьце, бо ў любой сітуацыі ён чэрпаў у Ім сілы: «Я вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, што вы ўжо зноў пачалі клапаціцца пра мяне; вы і раней клапаціліся, але вам не спрыяла нагода. Кажу гэта не таму, што патрэбу маю; бо я навучыўся здавольвацца тым, што ў мяне ёсьць: умею жыць у гароце, умею жыць у дастатку; навучыўся ўсяго і ва ўсім, насычацца і галадаць, быць і ў раскошы і ў нястачы. Усё магу ў Ісусе Хрысьце, Які мацуе мяне» (Філ 4:10-13).
Павал дабраслаўляе філіпянаў і ўзносіць хвалу Госпаду: «Бог мой няхай адшкадуе вам на любую патрэбу вашую, ад багацьця Свайго ў славе, праз Ісуса Хрыста. А Богу і Айцу нашаму слава на векі вякоў. Амэн» (Філ 4:19-20).
• Заключная частка (4:21-23).
Павал завяршае сваё пасланьне тым, што вітае філіпянаў і жадае ім дабраславеньняў ад Госпада: «Вітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце Ісусе. Вітаюць вас усе сьвятыя, а найболей з цэзаравага дому. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн» (Філ 4:21-23).
Свидетельство о публикации №226051500643