Послание к Коллоссянам

ПАСЛАНЬНЕ ДА КАЛАСЯНАЎ
АПОСТАЛА ПАЎЛА


«А таму, як вы прынялі Хрыста Ісуса Госпада, так
хадзеце ў Ім, укарэненыя і ўцьверджаныя ў Ім і
ўмацаваныя ў веры, як вы навучаны, узбагачаючыся
ў ёй з удзячнасьцю» (Кал 2:6-7).

У апостала Паўла быў адзін сябра пад час ягонага зьняволеньня ў Рыме, калі ён чакаў суда цэзара. Эпафрас – гэта той чалавек, які навярнуўся, па ўсёй верагоднасьці пры служэньні Паўла ў Эфесе. Павал не засноўваў царквы ў Калосах, бо лічыцца, што гэта зрабіў Эпафрас: «Як і навучыліся ад Эпафраса, любаснага супрацоўніка нашага, вернага вам службіта Хрыстовага, які і паведаміў нам пра вашую духоўную любоў» (Кал 1:7-8).

Ад Эпафраса Павал даведаўся пра тое, што ў Калосах зьявілася ерась – гэткая сумесь юдаізма, гнасьціцызма і аскетызма, якая сьцьвярджала прыкладна наступнае: «Цела чалавека абсалютна злое, а Бог абсалютна сьвяты і таму паміж абсалютна сьвятым і абсалютна злым ня можа быць ніякіх зносінаў. Немагчыма, каб абсалютна сьвятое датыкалася да абсалютна злога, бо паміж імі бязьмежная прорва. І таму, каб перасягнуць гэтую прорву і каб абсалютна сьвяты Бог мог мець магчымасьць зносінаў з чалавецтвам, павінен існаваць нейкі сродак, які забясьпечыць гэтую магчымасьць. Далей, згоднага гэтага вучэньня, ад абсалютна сьвятога Бога стварылася істота меней сьвятая, а потым ад гэтага стварэньня яшчэ адно, меней сьвятая за папярэдняе. І гэтак далей, з памяньшэньнем сьвятасьці і боскасьці, пакуль не зьявіўся Той, Хто быў пазбаўлены сьвятасьці і боскасьці настолькі, наколькі гэта дазволіла Яму датыкнуцца да чалавека».

Іншымі словамі – гэта вучэньне пра Бога і збаўленьне, якое кідае ценю на славу Ісуса Хрыста, бо прымяньшае славу нашага Збаўцы. Ерась гэтага вучэньня намагаецца парушыць вярхоўнае панаваньне Ісуса Хрыста і Ягонае найвышэйшае хадайніцтва за нас, робячы Яго толькі адным з многіх пасярэднікаў. І таму занепакоены апостал адрасуе каласянам гэтае пасланьне, дзе дае сапраўдны вобраз Госпада Ісуса ва ўсёй Ягонай велічы і Божай славе. Гэта галоўная мэта пасланьня Паўла да каласянаў.

Пасланьне апостала Паўла да каласянаў мае вялікую падобнасьць да пасланьня эфесянам. Гэтыя пасланьні будуюцца аднолькава і кранаюць адны і тыя ж тэмы. Першая частка пасланьня – дактрынальная, а другая – практычная. Але існуюць і адрозьненьні, бо ў той час, калі пасланьне да эфесянаў факусуецца на Царкве Ісуса Хрыста, пасланьне да каласянаў засяроджвае сваю ўвагу на Хрысьце, Які стварыў Сваю Царкву. Можна сказаць, што галоўная ўвага пасланьня да эфесянаў – гэта цела, а галоўная ўвага пасланьня да каласянаў – гэта галава.

Пасланьне да каласянаў – гэта трэцяе пасланьне апостала Паўла, якое ён напісаў будучы зьняволеным у Рыме каля 61 года ад Р. Х. Ён зьвяртаецца да каласянаў, каб заклікаць іх быць стойкімі ў веры і не адклікацца на герэтычныя вучэньні, якія пачалі пранікаць у царкву Калосаў і небясьпечна ўзьдзейнічаць на веру каласянаў. Небясьпека, якая складалася з адмаўленьня ўсеагульнасьці спраў і асобы Ісуса Хрыста, тым самым адмаўляла і фальсіфікавала Эвангельле. Адкрыты ў праўдзе Сьвятым Духам, Павал рашуча намагаецца засьцерагчы царкву і паказаць ёй тое вялікае значэньне, якое мае для царквы Ісус Хрыстос як Валадар і Галава гэтага цела.

Пасланьне апостала Паўла да каласянаў можна падзяліць на чатыры часткі: Вітаньне і падзяка (1:1-14); Дактрынальная частка (1:15-2:23); Практычная частка (3:1-4:6) і Заключная частка (4:7-18).


• Вітаньне і падзяка (1:1-14).

Вітаючы каласянаў, Павал не зьмяняе свайму звычнаму правілу, калі называе сябе апосталам і жадае хрысьціянам міра і ласкі Божай: «Павал, воляй Божаю апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей брат, сьвятым у Калосах і верным братам у Ісусе Хрысьце: ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста» (Кал 1:1-3).

Апостал дзякуе Бога за гэтую царкву. Ён дзякуе за веру, любоў і надзею царквы ў Калосах. Ён дзякуе таксама і за справу дабравесьця, якая прыносіла плод сярод веруючых: «Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Ісуса Хрыста, увесь час у малітве за вас, дачуўшыся пра веру вашую ў Хрыста Ісуса і пра любоў да ўсіх сьвятых, маючы надзею на ўгатаваньне вам на нябёсах, пра што вы раней чулі ў праўдзівым слове зьвеставаньня, якое жыве ў вас, як і вы ва ўсім сьвеце, і родзіць плод і ўзрастае, як паміж вамі, з таго дня, як вы пачулі і ўведалі ласку Божую ў праўдзе» (Кал 1:3-6).

Павал моліцца за царкву, просячы Госпада даць каласянам дабраславеньне на спазнаньне Бога, каб чэрпаць у Ім сілу і дзякаваць Яго за адкупленьне, дадзенае нам Крывёю Ісуса Хрыста. Адкупленьне, якое вывела нас зь цемры і дазволіла атрымаць сваю частку ў спадчыне сьвятых: «Дзякуючы Богу і Айцу, Які паклікаў нас да ўдзелу ў спадчыне сьвятых у сьвеце, вызваліў нас з-пад улады цемры і ўвёў у Валадарства любаснага Сына Свайго, у Якім мы маем адкупленьне Крывёю Ягонаю і дараваньне грахоў» (Кал 1:12-14).


• Дактрынальная частка (1:15-2-23).

Гэта ёсьць сэрца пасланьня, якое даецца нам у спакойным і стрыманым зьвяртаньні, як сьцьвярджэньне сілы і славы Госпада Ісуса Хрыста. Апостал Павал урачыста сьцьвярджае наступную праўду пра Ісуса Хрыста:

Ісус Хрыстос ёсьць вобраз Бога нябачнага. (Кал 1:15); Ён ёсьць вобраз Бога нябачнага, Першародны ўсякага стварэньня.

Ісус Хрыстос – Галава Царквы: «І Ён ёсьць Галава цела Царквы; Ён пачатак, першынец з мёртвых, каб меў Ён ва ўсім першынства» (Кал 1:18). Дзякуючы ўваскрэсеньню з мёртвых, Ісус Хрыстос ёсьць пачынальнік уваскрэсеньня Свайго народу. Ён ёсьць першынец з усіх уваскрэслых дзяцей Божых;

Ісус Хрыстос – увасабленьне ўсёй паўнаты, бо ўсё што ад Бога, прабывае ў Ім: «Бо заўгодна было Айцу, каб у Ім жыла ўся паўната» (Кал 1:19);

Ісус Хрыстос – вялікі Прымірыцель бо прыняўшы на Сябе Божы гнеў, накірованы супраць грэху, Ён выдаліў варожасьць паміж Богам і Ягоным народам, які знаходзіцца зараз у міры з Госпадам: «І каб праз Яго замірыць з Сабою ўсё, устанавіўшы мір праз Яго, Крывёю Крыжа Ягонага, і зямное і нябеснае. І вас, якія калісьці былі адчужаныя і ворагі думкамі, і схільнасьцю да ліхіх учынкаў, цяпер замірыў у целе Ягоным, сьмерцю (Ягонай), каб явіць вас сьвятымі і беззаганнымі і невінаватымі перад Сабою, калі толькі вы цьвёрдыя і непахісныя ў веры і не адпадаеце ад надзеі зьвеставаньня, якое вы чулі, якое абвешчана ўсім стварэньням паднябесным, якому я, Павал, зрабіўся слугою» (Кал 1:20-23).

Далей Павал папярэджвае хрысьціянаў з Калосаў адносна ілжывай філасофіі: «Глядзеце, браты, каб хто не прывабіў вас філасофіяй і пустымі панадамі, па пераказах чалавечых, па стыхіях сьвету, а не па Хрысьце» (Кал 2:8).

Ён таксама кажа і пра небясьпеку законьніцтва: «Дык вось, хай ніхто не асуджае вас за ежу, пітво, ці за якое-небудзь сьвята, ці ў справе маладогга месяца, ці суботы: гэта ёсьць цень будучыні, а цела – у Хрысьце» (Кал 2:16-17).

Апостал Павал рашуча выступае і супраць аскетызму, называючы гэта чалавечым вучэньнем і самавольным служэньнем: «Дык вось, калі вы з Хрыстом памерлі для стыхіяў сьвету, дык чаму вы, жывучы ў сьвеце, трымаецеся пастановаў: “не чапай”, “ня еж”, “ня руш”, што ўсё, тлее ад ужываньня, - згодна з запаведзямі і вучэньнем чалавечым? Гэта мае толькі бачнасьць мудрасьці ў самавольным служэньні, мудрай пакоры і тленьні цела, у пэўным заняхайваньні насычэньня цела» (Кал 2:20-23).


• Практычная частка (3:1-4:6).

Вельмі вялікая небясьпека няправільна разумець практычнае ўжываньне «жыцьця ў Хрысьце», калі мы чытаем пасланьне Паўла да каласянаў. Трэба ясна бачыць, што добрыя справы нараджаюцца вераю і іх ніяк нельга аддзяляць ад веры, бо вера і справы пасьлядоўна зьвязаныя адное з адным. І таму Павал глыбока пранікае ў асновы веры Хрыстовай, якая трымаецца на саўдзеле ў жыцьці Ісуса Хрыста, у Ягонай сьмерці і ў Ягоным уваскрасеньні. Павал дае нам нам накірунак такога жыцьця, якое павінна зьмяшчацца ў кожным з нас.


Сьвятасьць жыцьця (3:1-17).

Адзін з прапаведнікаў назваў гэтыя паўлавыя вершы «адным з залатых артыкулаў усёй Бібліі». Павал дае нам галоўны прынцып хрысьціянскага жыцьця – наш зьвяз з Ісусам Хрыстом. Практычны бок гэтага зьвязу складаецца з дзьвух частак: тое, што ўжо зьдзейсьнілася ў жыцьці хрысьціяніна, і тое, што яшчэ павінна зьдзейсьніцца: «І вось, калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, дык шукайце вышыняў, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога; пра вышыннае думайце, а не пра зямное. Бо вы памерлі, і жыцьцё ваша схавана з Хрыстом у Богу; калі зьявіцца Хрыстос, жыцьцё вашае, тады і вы зьявіцеся з Ім у славе» (Кал 3:1-4).

Гэты слаўны стан хрысьціяніна дае нам цудоўнейшую магчымасьць разважаць пра нябеснае, адкінуць усякі грэх і апрануцца ў любоў і мір: «Дык апранецеся, як выбранцы Божыя, сьвятыя і ўлюблёнцы, у міласэрнасьць, даброць, мудрую пакору, лагоднасьць, доўгую цярплівасьць, паблажаючы адно аднаму і даруючы ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду: як Хрыстос дараваў вам, так і вы. А найболей апранецеся ў любоў, якая ёсьць сукупнасьць дасканаласьці; і няхай валадарыць у сэрцах вашых мір Божы, да якога вы і пакліканы ў адным целе; і будзьце прыязныя» (Кал 3: 12-15).

Павал урачыста зьвяртаецца да ўсіх нас шанаваць Слова Ісуса Хрыста і жыць згодна яму: «Слова Хрыстовае хай усяляецца ў вас шчодра, з усякаю мудрасьцю; вучэце і настаўляйце на розум адзін аднаго псальмамі, славаслоўем і духоўнымі песьнямі, у ласцы апяваючы ў сэрцах вашых Госпада. І ўсё, што робіце словам ці ўчынкам, усё рабеце ў імя Госпада Ісуса Хрыста, дзякуючы праз Яго Богу і Айцу» (Кал 3:16-17).


Сьвятасьць сям’і (3:18-4:1).

Настаўленьні, які дае Павал у сваім пасланьні да каласянаў вельмі падобныя на тыя, якія ён адрасаваў і да эфэсянаў. І таму мы разумеем, што настаўленьні апостала адносна сям’і тычацца сям’і кожнага хрысьціяніна, як у мінулым, так у сёняшнім часе, так і будучым: «Жонкі, упакорвайцеся мужам сваім, як прыстойна гэта ў Госпадзе. Мужы, кахайце сваіх жонак і ня будзьце з імі суровыя. Дзеці слухайцеся бацькоў вашых ва ўсім, бо гэта даспадобы Госпаду. Бацькі, не дакучайце дзецям вашым, каб яны ня падалі духам» (Кал 3:19-21).


Неабходнасьць малітвы (4:2-4)

Апостал Павал кажа пра тое, што ніякі служыцель Ісуса Хрыста ня можа дасягнуць такога стану, калі ён ня будзе мець патрэбы ў малітве народа Божага. І таму Павал зьвяртаецца да каласянаў быць трывалымі ў малітве і маліцца ня толькі на свае патрэбы, але і за служыцелей Хрыстовых: «Будзьце трывалыя ў малітве, чуваючы ў ёй з удзячнасьцю; малецеся таксама і за нас, каб Бог адчыніў нам дзьверы для слова, абвяшчаць тайну Хрыстовую, за якую я ў кайданах, каб я адкрыў, як павінен яе абвяшчаць» (Кал 4:2-4).


Адносіны да чужых (4:5-6).

Мы павінны разумець, што, кажучы пра чужых, апостал Павал мае на ўвазе ўсіх людзей, якія ня маюць дачыненьня да нейкай канкрэтнай царквы. Гэта тычыцца як хрысьціянаў іншых канфесій, так і няверуючых у Ісуса Хрыста: «З чужымі абыходзьцеся разумна, карыстаючыся часам. Слова ваша (хай будзе) заўсёды зь ласкаю, прыпраўлена сольлю, каб вы ведалі, як адказваць кожнаму» (Кал 4: 5-6).


• Заключная частка (4:7-18).

На прыканцы свайго пасланьня Павал кажа пра тых супрацоўнікаў, якія былі з ім пад час ягонага зьняволеньня ў Рыме, а таксама і пра тых, каго павінны вітаць каласяне ад імя апостала Паўла. Гэтая частка пасланьня насычана шчырай любоўю і вялікай падзякаю да хрысьціянаў з Калосаў: «Прывітаньне маёй рукою, Паўлаваю. Памятайце мае кайданы. Ласка з (усімі) вамі. Амэн» (Кал 4:18).


Рецензии