Первое послание к Фессалоникийцам

ПЕРШАЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ТЭСАЛАНІКІЙЦАЎ
АПОСТАЛА ПАЎЛА


«А вас Госпад хай напоўніць любоўю ўзаемнай
і да ўсіх, якою мы поўныя да вас, каб умацаваць
сэрцы нашыя беззаганнымі ў сьвятыні прад Богам
і Айцом нашым у прышэсьце Госпада нашага
Ісуса Хрыста з усімі сьвятымі Ягонымі. Амэн»
(1 Тэс 3:12-13).



Горад Тэсалонікі (сучасная назва Салонікі) быў заснаваны ў 315 годзе да Р. Х. як порт. У 148 годзе да Р. Х. Тэсалонікі вызначаюцца ўжо як сталіца рымскай правінцыі Македонія. Партовыя горады заўсёды вызначаюцца гандлем і міграцыяй розных людзей. Зусім верагодна, што гэтая акалічнасьць і згуляла сваю ролю ў тым, што ў Тэсалоніках знаходзілася вельмі значная юдэйская калонія. Павал прыйшоў у Тэсалонікі пад час сваёй другой місіянерскай вандроўцы: «Прайшоўшы праз Амфіполь і Апалонію, яны прыйшлі ў Тэсалоніку, дзе была юдэйская сынагога» (Дзеі 17:1).

Гэта падзея адбылася ў 50 годзе па Р. Х. Павал ня шмат часу служыў там, бо быў вымушаны бегчы ад гневу юдэяў і паганаў праз Бэрыю і Атэны ў Карынт.

Месяц працы апостала ў Тэсалоніках далі нечакана вялікі вынік, бо царква была ня толькі заснаваная, але і даволі моцна зацьвердзілася. Падобна таму ацалёнаму хвораму, які адразу ж пачаў хадзіць, гэтая царква вельмі хутка пераадолела час «хрысьціянскага дзяцінства» і набыла самастойнасьць. Хрысьціяне Тэсалонікаў так хутка ўзрасьлі духоўна, што Павал лічыў магчымым даваць ім «цьвёрдую духоўную ежу» - грунтоўныя вучэньні Эвангельля.

З пасланьня апостала мы ведаем, што гэты ліст быў напісаны ў Атэнах пасьля вяртаньня Цімафея, якога Павал пасылаў наведаць царкву ў Тэсалоніках. Гэта адбылося ў 51 годзе па Р. Х. Павал быў вельмі ўзрадаваны тым бадзёрым і духоўна моцным станам тэсаланікійцаў, але ён адразу ж пасьпяшаўся выправіць некаторыя няправільныя погляды, якія яны мелі адносна другога прышэсьця Ісуса Хрыста. Справа ў тым, што тэсаланікійскія хрысьціяне вельмі сумавалі за тое, што памерлыя браты і сёстры ня будуць мець удзелу ў славе другога прышэсьця Хрыста, а некаторыя былі настолькі захоплены думкаю пра важнасьць другога прышэсьця Ісуса Хрыста, што наўпрост перасталі працаваць.

Павал дае тэсаланікійцам вучэньне, якое адкрыў яму Бог: «Бо гэта кажам вам словам Госпадавым, што мы, жывыя, што засталіся да прышэсьця Госпада, не папярэдзім памерлых» (1 Тэс 4:15). Дарэчы, прышэсьце Ісуса Хрыста ўспамінаецца 318 разоў у 260 разьдзелах Новага Запавета, займаючы прыкладна адзін з кожных дваццаці вершаў ад першай да апошняй кнігі Новага Запавета. Дадзены прыклад павінен даць нам усьведамленьне важнасьці гэтага вучэньня апостала Паўла. Яно даецца ня проста як вучэньне. Яно зьвязанае духоўнымі сувязямі з нашымі душамі і зьяўлена ва ўсіх абставінах хрысьціянскага жыцьця.

Мы навернуты да Бога, каб чакаць Ісуса Хрыста. Радасьць хрысьціянскіх пладоў нашай працы будзе ў поўнай меры мець месца, калі прыйдзе Ён. І менавіта тады будзе ацэнена сьвятасьць кожнага. Суцяшэньне чакае памерлых хрысьціянаў. А для сьвета гэтага будзе асуда, якую ён не чакае. Да прышэсьця Ісуса Хрыста Бог захоўвае Сваіх сьвятых у сьвятасьці і беззаганнасьці. Пра гэта і кажа Павал у сваім пасланьні. Мы бачым, што асабістыя сувязі і чаканьне Ягонага прышэсьця, напоўнены цудоўнай і жывой навізною. Бог прысутнічае ў душы, Ён – мэта яе; і хрысьціянскія пачуцьці нараджаюцца ў ёй, даючы багатыя плады Сьвятога Духа.

Пасланьне апостала Паўла да тэсалонікійцаў можна падзяліць на чатыры часткі: Вітаньне і падзяка (1:1-10); Сьведчаньне апостала (2:1-3:13); Вучэньне апостала (4:1-5:23) і Заключная частка (5:24-27).


• Вітаньне і падзяка (1:1-10).

У першым вершы, як заўсёды, Павал вітае царкву. Вітаньне звыклае і адрозьніваецца ад большасьці пасланьняў тым, што Павал не называе сябе апосталам.

Амаль што ва ўсіх сваіх пасланьнях Павал дзякуе Богу за веру цэркваў, якія праз смутак і ганеньні трымаюцца сілаю Ісуса Хрыста, таму што Ён выбраў іх крочыць за Сабою. Апостал дзякуе Госпада за веру, любоў і спадзяваньне, якімі была адзначана царква ў Тэсалоніках. Усё гэта зьявілася сьледствам сьведчаньня і зьвеставаньня ў Духе Сьвятым: «Бо наша зьвеставаньне ў вас было ня толькі ў слове, а і ў сіле, і ў Сьвятым Духу і з многімі сьведчаньнямі, як вы самі ведаеце, якія мы былі для вас паміж вамі» (1 Тэс 1:5).

Павал радуецца за царкву і дзякуе Госпаду за тое, што тэсалонікійцы сталі добрым прыкладам для іншых веруючых: «Бо ад вас пранеслася слова Госпадава усім веруючым ня толькі ў Македоніі і Ахаі, але і ва ўсякае месца прайшла слава пра веру вашую ў Бога, так што нам ні пра што ня трэба распавядаць» (1 Фес 1:8).

Гэтая частка пасланьня нясе ў сабе цудоўнае апісаньне таго, якім павінен быць сапраўдны хрысьціянін. Адварочвацца ад ідалаў, служыць Богу жывому і чакаць вяртаньня Госпада Ісуса Хрыста. Вось асноўныя рысы сапраўднага хрысьціяніна: «Бо самі яны распавядаюць пра нас, які прыход мы мелі ў вас і як вы навярнуліся ад ідалаў да Бога, каб служыць Богу жывому і сапраўднаму і чакаць з нябёсаў Сына Ягонага, Якога Ён узьняў з мёртвых, Ісуса, Які ратуе нас ад будучага гневу» (1 Тэс 1:9-10).


• Сьведчаньне апостала (2:1-3:13).

Апостал Павал сьведчыць пра сваё служэньне сярод тэсаланікійцаў і дзякуе Богу за іх цёплы і ветлівы прыём. Ён тлумачыць ім мэту наведваньня іх Цімафеем, як і сваю вялікую радасьць за сьведчаньне Цімафея пра іх. Павал узносіць малітву за тое, каб атрымалася ў яго хуткім часам прыйсьці да іх у Тэсалонікі: «Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час абліччам, але ня сэрцам, з тым большаю ахвотаю імкнуліся ўбачыць аблічча вашае. І таму мы, я Павал, і раз і два хацелі прыйсьці да вас; але перашкодзіў нам шатан. Бо хто наша надзея, альбо радасьць, альбо вянок пахвалы? Ці ж ня і вы, прад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прышэсьце Ягонае? Бо вы – слава наша і радасьць» (1 Тэс 2:17-20).

Мы бачым тут і каштоўнае вучэньне апостала пра пакуты хрысьціянаў, якія не павінны зьдзіўляць нас і ставіць заслону на шляху служэньня і даверу Госпаду. Бо будзе ўзнагарода кожнаму, хто верыць і служыць Ісусу Хрысту.

У сваім сьведчаньні апостал Павал з упэўненасьцю кажа пра тое, якім павінна быць пастарскае служэньне. Павал прыйшоў у Тэсалонікі, будучы глыбока ўпэўненым у праўдзе, паставіўшы перад сабой мэтаю дагаджаць Богу, а ня людзям. Ён супраць лісьлівасьці і карысьлівасьці, але за пяшчоту да веруючых людзей: «Бо ніколі ня было ў нас перад вамі ані словаў лісьлівасьці, як вы ведаеце! ані рознай карысьлівасьці: Бог сьведка! Не шукаем славы людзкое ні ад вас, ні ад іншых: мы маглі зьявіцца напышліва, як апосталы Хрыстовыя, але былі лагодныя сярод вас падобна таму, як карміцелька пяшчотна клапоціцца пра дзетак сваіх» (1 Тэс 2:5-7).

Апостал заклікае нас да падзякі і радасьці, а таксама пра малітоўны клопат да свайго блізкага: «А вас Госпад хай напоўніць любоўю ўзаемнай і да ўсіх, якою мы поўныя да вас, каб умацаваць сэрцы нашыя беззаганнымі ў сьвятыні прад Богам і Айцом нашым у прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі сьвятымі Ягонымі. Амэн» (1 Тэс 3:12-13).


• Вучэньне апостала (4:1-5:22).

Павал кажа пра тыя небясьпекі, якія сустракаліся на шляхах тэсалонікійцаў і якія былі ўласьцівыя людзям у іхнім атачэньні. Ён ужо паказаў ім, як яны павінны былі паводзіць сябе перад Госпадам. Асабістым прыкладам. Апостал заклікае хрысьціянаў да дабрачыннага жыцьця і дае ім вучэньне пра другое прышэсьце Ісуса Хрыста.


Пра дабрачыннае жыцьцё (4:1-12).

Апостал Павал заклікае тэсалонікійцаў выконваць запаведзі ад Госпада, каб дагаджаць Яму: «За гэтым, браты, просім і молім вас Ісусам Хрыстом, каб вы, прыняўшы ад нас, як трэба вам паводзіцца і дагаджаць Богу, у гэтым яшчэ большы посьпех займелі, бо вы ведаеце, якія мы далі вам запаведзі ад Госпада Ісуса» (1 Тэс 4:1-2).

Апостал кажа, што выконваючы волю Божую, яны павінны бегчы ад распусты і захоўваць сябе ў сьвятасьці: «Бо воля Божая ёсьць асьвячэньне вашае, каб вы ўстрымліваліся ад распусты; каб кожны з вас умеў захоўваць свой сасуд ў сьвятасьці і гонары, а не ў запале пахацінства, як пагане, што ня ведаюць Бога» (1 Тэс 4:3-5).

Апостал Павал заклікае ўсіх нас любіць адзін аднаго, рупіцца пра гэта, імкнуцца быць ціхмянымі, працавітымі і даваць прыклад прыстойнасьці: «Пра браталюбства ж няма патрэбы пісаць вам, бо вы самі навучаны Богам любіць адно аднаго, бо вы так і робіце з усімі братамі па ўсёй Македоніі. Молім вас, браты, яшчэ болей старацца і рупліва дбаць пра тое, каб жыць ціхмяна, рабіць сваю справу і працаваць сваімі рукамі, як мы наказвалі вам; каб вы паводзіліся прыстойна перад чужымі і ні ў чым патрэбы ня мелі» (1 Тэс 4:9-12).


Пра другое прышэсьце Ісуса Хрыста (4:13-5:23).

Тэсаланікійцы, па ўсёй верагоднасьці, мелі няправільны погляд на сваіх памерлых блізкіх-хрысьціянаў. Некаторыя з іх меркавалі, што памерлыя хрысьціяне ня будуць у рэшце рэшт збаўленыя, а іншыя мелі меркаваньне, што памерлыя ў Хрысьце апынуцца ў невыгодным становішчы на момант другога прышэсьця Ісуса Хрыста. Апостал Павал супакойвае іх, калі кажа: «Не хачу, браты, пакінуць вас у няведаньні пра памерлых, каб вы не маркоціліся, як іншыя, што ня маюць надзеі. Бо калі мы верым, што Ісус памёр і ўваскрэс, дык і памерлых у Ісусе Бог прывядзе з Ім» (1 Тэс 4:13-14).

Павал тлумачыць ім, што памерлыя ў Хрысьце ўваскрэснуць першымі, а жывыя, на той момант, будуць узятыя Госпадам разам з імі, каб увайсьці ў жыцьцё вечнае і быць з Госпадам назаўсёды: «Бо Сам Госпад пры абвяшчэньні, пры голасе арханёла і трубе Божай, сыдзе з неба, і мёртвыя ў Хрысьце ўваскрэснуць раней; потым мы, хто застанецца жывы, разам з імі ўзятыя будзем на воблакі на сустрэчу з Госпадам у паветры, і так вечна з Госпадам будзем. Дык вось, суцяшайце адно аднаго гэтымі словамі» (1 Тэс 4:16-18).

Вельмі істотнай часткай хрысьціянскай веры зьяўляецца радасьць ад абяцанага будучага прышэсьця Ісуса Хрыста. Ён прыйдзе нечакана і таму кожны хрысьціянін павінен быць гатовы да гэтага ў любы момант свайго жыцьця. І таму апостал Павал, зьвяртаючыся да тэсаланікійцаў, заклікае іх ня спаць духоўным сном, але быць гатовымі да прышэсьця Госпада. Хрысьціяне павінны разумець сутнасьць прышэсьця Ісуса Хрыста, як і прыроду свайго пакліканьня: «Мы ж сыны дня, будзем цьвярозіцца, апрануўшыся ў браню веры і любові і ў шалом надзеі на збавеньне, таму што Бог вызначыў нас не на гнеў, а на атрыманьне збавеньня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які памёр за нас, каб мы, ці то чуваем, ці то сьпім, жылі разам з Ім. Таму ўмаўляйце адно аднаго і навучайце адно аднаго, як вы і робіце» (1 Тэс 5:8-11).

Апостал Павал урачыста заклікае ўсіх хрысьціянаў, пад час чаканьня Ісуса Хрыста, быць вельмі ўважлівымі як да патрэбаў іншых людзей, так і да сваім асабістых духоўных патрэбаў у радасьці і малітве: «Глядзеце, каб хто каму не плаціў злом за зло; а заўсёды шукайце дабра і адно аднаму і ўсім. Заўсёды радуйцеся. Бесьперастанку малецеся. За ўсё дзякуйце: бо такая за вас воля Божая ў Ісусе Хрысьце. Духа не гасеце. Прароцтваў не прыніжайце. Усё выпрабоўвайце, добрага трымайцеся. Ухіляйцеся ад ліхаты ў любым яе выглядзе. Сам жа Бог міру няхай асьвеціць вас ва ўсёй поўніцы, і ваш дух і душа і цела ва ўсёй цэласьці няхай захаваюцца без пахібы ў прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста» (1 Тэс 5:15:23).


• Заключная частка (5:24-27).

На прыканцы свайго пасланьня Павал моліцца за ўсіх тых, да каго ён зьвяртаецца. Ён дае напамін усім пра вернасьць Госпада і просіць маліцца за яго і ягоных супрацоўнікаў. Павал дае настаўленьні і выказавае апошняе пажаданьне гэтага ліста: «Верны Той, Хто заклікае вас, Які і зьдзейсьніць гэта. Браты! малецеся за нас. Вітайце ўсіх братоў цалаваньнем сьвятым. Заклікаю вас Госпадам прачытаць гэта пасланьне ўсім сьвятым братам. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амэн» (1 Тэс 5:24-27).


Рецензии