Первое послание к Тимофею

ПЕРШАЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ЦІМАФЕЯ
АПОСТАЛА ПАЎЛА


«Гэта табе пішу, спадзяючыся неўзабаве прыйсьці
да цябе, каб, калі запазьнюся, ты ведаў, як трэба
паводзіцца ў доме ў доме Божым, які ёсьць Царква
Бога жывога, стоўп і аснова праўды» (1 Цім 3:14-15).


Новы Запавет дае нам тры пастарскіх пасланьні апостала Паўла. Папярэднія пасланьні апостала былі накірованы да цэркваў, але гэтыя апошнія пасланьні ён накіроўвае да канкрэтных людзей. У першых двух Павал зьвяртаецца да Цімафея, а ў трэцім да Ціта. Гэтыя пасланьні носяць пастарскі характар, бо ў іх кранаюцца абавязкі тых, хто пакліканы кіраваць сходам веруючых людзей.

Першае пасланьне да Цімафея было напісана каля 63 года па Р.Х. Але чаму менавіта да Цімафея зьвяртаўся апостал і, наогул, хто такі Цімафей?

«Дайшоў ён да Дэрвіі і Лістры. І вось, там быў адзін вучань, якога звалі Цімафеем, маці ў якога была юдэйка навернутая, а бацька элін. І пра якога сьведчылі браты, што былі ў Лістры і Іконіі. Яго захацеў Павал узяць з сабою; і ўзяўшы, абрэзаў яго дзеля юдэяў, якія былі ў тых мясьцінах; бо ўсе ведалі пра бацьку ягонага, што ён быў элін. А праходзячы праз гарады, яны наказвалі вернікам выконваць пастановы, складзеныя апосталамі і прасьвітарамі ў Ерусаліме» (Дзеі 16:1-4).

Мы бачым, як сустрэўся Цімафей з апосталам Паўлам і пайшоў з ім, знайшоўшы вельмі цесныя службовыя і асабістыя адносіны. Апостал асабіста адзначае гэта ў сваім звароце да філіпянаў: «Спадзяюся ж у Госпадзе Ісусе неўзабаве паслаць да вас Цімафея, каб і я, даведаўшыся пра вашыя абставіны, суцешыўся духам. Бо няма ў мяне нікога роўнага яму ў рупнасьці, хто б так шчыра дбаў пра вас; бо ўсе шукаюць свайго, а не таго, што даспадобы Ісусу Хрысту. А ягоная вернасьць вам вядомая, бо ён, як сын пры бацьку служыў мне ў зьвеставаньні. І вось я спадзяюся паслаць яго адразу ж, як толькі даведаюся, што будзе са мною» (Філ 2:19-23).

Ня маючы магчымасьці знаходзіцца працяглы час у Эфесе, Павал пакідае ў створанай царкве на пастарскае служэньне свайго супрацоўніка Цімафея: «Адыходзячы ў Македонію, я прасіў цябе застацца ў Эфесе, і ўмаўляць некаторых, каб яны не вучылі іншаму і не займаліся байкамі і радаводамі бясконцымі, якія спараджаюць болей спрэчкі, чым Божае настаўленьне ў веры» (1 Цім 1:3-4).

Мы павінны адчуць тую няпростую сітуацыю, якая склалася сярод веруючых Эфеса і у якой апынуўся Цімафей. З аднога боку гэта быў зусім нялёгкі час для распаўсюджваньня Эвангельля, а з другога малады пастар сутыкнуўся з вялікімі праблемамі самой царквы. Зразумела, што ўсё гэта стварыла б вялікія цяжкасьці і нават для дужых і мужных людзей. Але Цімафей ня быў такім, бо меў схільнасьць адчуваць страх і няўпэўненасьць. Больш таго, ён пакутаваў ад хваробаў: «У далейшым пі ня толькі ваду, а спажывай крыху віна, дзеля страўніка твайго і частых тваіх немачаў» (1 Цім 5:23).

Апостал Павал бачыў усё гэта і таму ён дае Цімафею настаўленьні, якія тычацца вырашэньня праблемаў царквы, абадзёрваючы пры гэтым маладога пастара. Пасланьне Паўла да Цімафея надзвычайна карыснае і для ўсіх нас, бо яно ня толькі дае нам зьвесткі пра пастарскі клопат да царквы, але і раскрывае той бок паводзінаў, якога павінны прытрымлівацца ўсе да адзінага хрысьціяне.

Большая частка гэтага пасланьня не патрабуе грунтоўнага тлумачэньня, бо яно дае ўсім нам простыя і зразумелыя настаўленьні практычнага ўжываньня. Але пасланьне нясе ў сабе і некаторыя прынцыпы вялікай важнасьці, якія тычацца агульнага стану Царквы Ісуса Хрыста.

Першае пасланьне апостала Паўла да Цімафея можна падзяліць на пяць частак: Уводзіны (1:1-2); Пра ілжэвучэньні (1:3-20); Пра царкоўнае служэньне (2:1-3:16); Настаўленьне служыцелю (4:1-6:19); Заключная частка (6:20-21).


• Уводзіны (1:1-2).

Павал вітае Цімафея вельмі коратка, называючы сябе апосталам Ісуса Хрыста. Ён дае высокую адзнаку свайму вучню і супрацоўніку, зьвяртаючыся да яго, як да шчырага веруючага: «Павал, апостал Ісуса Хрыста, наказам Бога, Збаўцы нашага, і Госпада Ісуса Хрыста, надзеі нашае, Цімафею, шчыраму сыну ў веры: ласка, міласэрнасьць, мір ад Бога, Айца нашага, і Хрыста Ісуса, Госпада нашага» (1 Цім 1:1-2).


• Пра ілжэвучэньні (1:3-20).

Праблемы, якія хвалявалі Цімафея і царкву ў Эфесе сталі вядомыя Паўлу. І таму, пачынаючы пасланьне, ён вельмі хутка пераходзіць да разгляданьня гэтых праблемаў. Але якія праблемы ўзрушылі царкву ў Эфесе? Першая з іх тая, што зьявіліся людзі, якія абвяшчалі сябе выбітнымі вучыцелямі закона Майсея: «Хочучы быць настаўнікамі закона, але не разумеючы ні таго, пра што гавораць, ні таго, што сьцьвярджаюць» (1 Цім 1:7).

Апостал выкрывае такіх людзей кажучы пра тое, як яны адкрываюцца ў сваім ілжэвучэньні. Ілжэвучыцелі, пра якіх кажа апостал, вырашылі выкарыстаць два спосабы дзеяньня.

Па-першае, яны вырывалі асобныя імёны з тэкста Старога Запавета і стваралі розныя байкі пра жыцьцё гэтых людзей: «І не займаліся байкамі і радаводамі бясконцымі, якія спараджаюць болей спрэчкі, чым Божае настаўленьне ў веры» (1 Цім 1:4).

Іншымі словамі, яны бралі за аснову нейкія гістарычныя факты і дадавалі да іх вялікую колькасьць прыдуманых гісторый. Ці ня тое робяць і ў наш час стваральнікі мастацкіх стужкаў, якія выкарыстоўваюць у сваёй творчасьці старонкі Бібліі?

Па-другое ж, гэтыя ілжэвучыцелі пераходзілі ў сваіх разважаньнях межы закону Божага і выкарыстоўвалі яго непатрэбным чынам. Апостал Павал пярэчыць гэтаму і кажа наступнае: «А мы ведаем, што закон добры, калі хто законна карыстаецца ім, ведаючы, што закон пакладзены ня праведніку, беззаконным, бязбожным і грэшным, распусным і апаганеным, паглумнікам бацькі і маці, душагубам, блудадзеям, мужаложцам (чалавекадзірцам, паклёпнікам, скаталожцам), хлусам, крывапрысяжцам, і усяму, што супраць здаровага вучэньня, згодна са слаўным Дабравесьцем дабрашчаснага Бога, якое мне даверана» (1 Цім 1:8-11).

Павал кажа, што правільнае выкарыстаньне закону грунтуецца на тым, каб яго прадстаўляць так, як ён быў дадзены Богам Ізраілю, бо менавіта ў гэтым мы можам убачыць Божыя стандарты праведнасьці і няздольнасьць людзей жыць у адпаведнасьці з імі. І ўсё гэта было задумана Богам для таго, каб накіраваць Ізраіля да веры ў будучага Ісуса Хрыста. Іншымі словамі, закон быў дадзены, каб зьвярнуць увагу ўсіх нас, што ўсе мы вінаватыя ў парушэньні Божых стандартаў і таму прызначаны да вечнай асуды.

Але апостал дае і надзею, калі кажа: «Дзякую Таму, Хто даў мне сілу, Хрысту Ісусу Госпаду нашаму, што Ён прызнаў мяне верным, прызначыўшы на служэньне, мяне, які раней быў кляцьбіт і ганіцель і крыўдзіцель, але памілаваны, бо рабіў так ад няведаньня, у няверстве; а мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста выявілася ўва мне багата з вераю і любоўю ў Хрысьце Ісусе. Слушнае і ўсякага прыняцьця вартае слова, што Хрыстос Ісус прыйшоў у сьвет уратаваць грэшнікаў, сярод якіх я першы» (1 Цім 1:12-15).

І гэта тычыцца кожнага, бо кожны з нас – гэта той самы найпершы грэшнік, пра якога казаў апостал Павал.

Папярэдзіўшы Цімафея пра ілжэвучыцеляў, Павал праслаўляе Эвангелье Ісуса Хрыста, якое стварыла «новага» Паўла і ўпэўніла яго ў абсалютнай надзейнасьці Эвангельля. Ці ня хочам мы быць на месцы апостала Паўла і нарадзіцца наноў, дзякуючы Эвангельлю Ісуса Хрыста? І славячы Яго, як славіў апостал Павал: «А Валадару жыцьця нятленнаму, нябачнаму, адзінаму мудраму Богу гонар і слава на вякі вякоў. Амэн» (1 Цім 1:17).


• Пра царкоўнае служэньне (2:1-3:16).

Кажучы Цімафею пра царкоўнае служэньне, Павал разважае пра тры яе асноўныя складаючыя: пра малітву; пра жанчынаў і пра кіраўніцтва сходам веруючых, а таксама дае яшчэ адзін наказ пра тое, як павінна паводзіць сябе у доме Божым. Разважаючы пра гэтыя пытаньні мы бачым, што Павал надаваў вялікую ўвагу грамадзкаму служэньню. Гэтыя пытаньні тычацца і ўсіх нас, бо змушаюць запытваць самога сябе: «Ці робім мы так, як кажа пра гэта апостал Павал?»


Пра малітву (2:1-8).

«І вось, перш-наперш прашу ўзносіць малітвы, прашэньні, маленьні, падзякваньні за усіх людзей, за валадароў і за ўсіх уладцаў, каб нам весьці жыцьцё ціхае і маўклівае ў богабаязнай пабожнасьці і чысьціні; бо гэта добра і даспадобы Збаўцу нашаму Богу, Які хоча, каб усе людзі ўратаваліся і дасягнулі спазнаньня праўды. Бо адзіны Бог, адзіны і пасрэднік паміж Богам і людзьмі, Чалавек Хрыстос Ісус, Які аддаў Сябе на адкупленьне ўсіх: такое было ў свой час сьведчаньне, дзеля якога я пастаўлены прапаведнікам і апосталам – праўду кажу ў Хрысьце, не маню, - настаўнікам паганаў у веры і праўдзе. І вось жадаю, каб на ўсякім месцы казалі малітвы мужчыны, узносячы чыстыя рукі бяз гневу і сумненьня» (1 Цім 2:1-8).

Кажучы пра малітву Павал падкрэсьлівае яе значнасьць, накірованасьць, матыў і яе сродкі, як і тое, што ўвесь гэты пералік заснаваны на завершанай працы Ісуса Хрыста. Малітва павінна быць чыстай і бяз гневу, бо іншае процідзейнічала б самому духу малітвы. Малітва – гэта выраз залежнасьці ад Бога, а ўсякія злыя пачуцьці, няхай яны і падаюцца справядлівымі, ня маюць дачыненьня да гэтага, бо не набліжаюць нас да Госпада. Молімся шчыра і з любоўю да блізкага.


Пра жанчынаў (2:9-15).

У адносінаў да жанчынаў апостал Павал кажа пра тое, што якімі б не былі густы ці звычкі часу ці краіны, хрысьціянкі (як і хрысьціяне) павіны быць вышэй за гэта і не павінны паходзіць на тых, хто па імкненьню сьвету намагаецца выглядаць так, каб вызначыцца сярод іншых. Пра гэта і кажа Павал, калі зьвязвае гэтую якасьць з хрысьціянствам і ягоным парадкам, які назірае кожны чалавек.

Але ўсё гэта патрэбна для таго, каб мы мелі магчымасьць шчыра жадаць, каб наш Збаўца ня страціў Сваёй сутнасьці праз Свой народ і ў Сваім народзе. І гэта ёсьць тая вялікая праўда, якую апостал Павал дае нам у сваіх пасланьнях. Менавіта такім чынам жанчыны (як і мужчыны) здольны ўкласьці сваю частку ў праўдзівае і боскае сьведчаньне.

Працягваючы сваё пасланьне апостал кажа: «Жанчына хай вучыцца маўкліва у вялікай пакоры; а вучыць жанчыне не дазваляю, ні верхаводзіць над мужчынам, а быць у маўклівасьці. Бо раней створаны Адам, а потым Ева; і не Адам зваблены, а жонка, звабіўшы, пераступіла закон; аднак жа ўратуецца праз дзетародства, калі застанецца ў веры і любові і ў сьвятасьці з цнотаю» (1 Цім 2:11-15).

Павал вырашае гэтае пытаньне з той выдатнай здольнасьцю, якой Бог узнагародзіў яго нават і больш за іншых апосталаў. Гаворка ідзе пра ўладу ў адносінах мужчыны і жанчыны. Мужчына ня быў падмануты ў пэўным сэнсе, але ён стаўся дзёрзкім грэшнікам. Чаму? Жанчына апынулася ў большай слабасьці і была падманутая зьмеем. Мужчына ж дабраахвотна падтрымаў грэх. Адам падтрымаў грэх сьвядома і гэта было вельмі жахліва і згубна, але тым ня меньш гэта дае нам погляд на тое, што жанчына ў большай ступені чым мужчына мае згодлівасьць да падману гэтага сьвету.


Пра кіраўніцтва сходам веруючых (3:1-13).

«Слушнае слова: калі хто япіскапства жадае, добрае справы жадае. А япіскап павінен быць беззаганны, адной жонкі муж, цьвярозы, цнатлівы, богабаязны, сумленны, гасьцінны да вандроўнікаў, здатны вучыць, ня п’яніца, не звадыяш, не сварлівец, не карысьлівец, а ціхі, згодалюбны, не срэбралюбец, павінен добра кіраваць домам сваім, дзяцей трымаць у паслушэнстве з усёй сумленнасьцю; бо хто ня ўмее кіраваць сваім домам, той ці ж будзе рупіцца пра Царкву Божую?» (1 Цім 3:1-5).

Заўважым, што гаворка ідзе зусім не пра духоўны дар, бо можна быць чалавекам маючым такі дар, але пры гэтым дрэнна кіраваць сваім домам. Магчыма, што ў такога чалавека жонка паводзіць сябе непрыстойна ці дзеці маюць быць непакорнымі. Дык ці можа такі чалавек кіраваць сходам веруючых і вучыць іншых людзей? Безумоўна тое, што апостал Павал надаваў пастарскаму служэньню вялікую маральную накірованасьць у асабістым жыцьці, бо вучыць у царкве – гэта вялікая асабістая маральная адказнасьць перад усёю царквой.

Вернасьць у служэньні дыяканаў - гэта праява, якая зьяўляецца справаю вялікай дэлікатнасьці і якая патрабуе вялікай хрысьціянскай любові і доўгацярплівасьці ў справе Божай: «Дыякан павінен быць адной жонкі мужам, добра кіраваць дзецьмі і домам сваім; бо тыя, што служылі добра, рыхтуюць сабе найвышэйшую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса» (1 Цім 3:12-13).

Апостал Павал неаднаразова падкрэсьлівае пра маральнасьць служыцелей Госпада, бо як ты трымаеш свой дом, такая якасьць і твайго служэньня.


• Настаўленьне служыцелю (4:1-6:19).

Апостал Павал прысьвячае другую палову свайго пасланьня малюнку ідэяла служыцеля Госпада, да якога Цімафей павінен быў імкнуцца. Але перш чым паказаць гэты ідэял, Павал кажа пра адкрыцьцё, якое ён атрымаў ад Сьвятога Духа. Ён кажа, што вельмі хутка будуць вызначаны праявы адступства ад веры. Гэтае адступства было абумоўлена ўзьдзеяньнем ілжэвучыцелей, якія слухалі духаў спакусьнікаў: «Дух жа ясна кажа, што апошнім часам адступяцца некаторыя ад веры, слухаючы духаў спакусьнікаў і вучэньняў дэманскіх, якія забараняюць браць шлюб і есьці тое, што Бог стварыў, каб веруючыя і тыя, што ўведалі праўду елі з падзякаю» (1 Цім 4:1-3).


Ілжэвучыцелі вучылі і сьцьвярджалі тое, што вера і духоўнасьць чалавека дасягаецца аскетызмам – вельмі сур’ёзным абмежаваньнем асноўных фізічных патрэбаў чалавека. Яны казалі, што калі веруючыя ня будуць спажываць, напрыклад мяса, дык успрыманьне Эвангельля ўзносіцца на больш высокі прыступак, а гэта павінна азначаць, што духоўны ўзровень чалавека значна павялічваецца.

Тое ж самае тычыцца і адносінаў чалавека да шлюбу. На думку гэтых ілжэвучыцелей, менавіта гэты шлях вядзе веруючага чалавека ў больш духоўнае жыцьцё. Больш за тую духоўнасьць, да якой заклікаў апостал Павал. Якім жа чынам ён адказвае ілжэвучыцелям?

Апостал Павал адкрывае веруючым простую і ясную праўду Госпада, якая тычыцца кожнага Божага стварэньня: «Бо кожнае стварэньне Божае – добрасьць, і нішто ня можа асуджацца, калі прымаецца з падзякаваньнем, бо асьвячаецца словам Божым і малітваю» (1 Цім 4:4-5).

Павал заклікае Цімафея стаяць на гэтым падмурку і даводзіць людзям гэтую простую праўду, паказваючы памылковасьць некарысных цялесных абмежаваньняў: «Унушаючы гэта братам, будзеш добры слуга Ісуса Хрыста, кормлены словамі веры і добрым вучэньнем, якому ты пасьледаваў. А недарэчных і бабскіх баек цурайся, а ўдасканальвай сябе ў пабожнасьці; бо цялеснае практыкаваньне мала карысьці дае, а пабожнасьць на ўсё прыдатная, бо мае заруку жыцьця цяперашняга і будучага. Слова гэта слушнае і ўсякага даверу вартае. Бо мы на тое і працуем і паганьбеньне церпім, што надзею маем на Бога жывага, Які ёсьць Збаўца усіх людзей, а найперш веруючых» (1 Цім 4:6-10).

Заклік Паўла да Цімафея – гэта пачатак наказа, які тычыцца асабістага жыцьця Цімафея. Але, ці ня тычацца словы апостала і кожнага з нас, бо кожны хрысьціянін, у той ці іншай ступені, павінен быць служыцелем Божым. Нягледзячы на ўзрост, бо і сталы чалавек можа быць маладым у веры.

Апостал Павал працягвае настаўленьне і кажа: «Прапаведуй гэта і вучы. Ніхто хай не пагарджае маладосьцю тваёю; але будзь узорам веруючым у слове, у жыцьці, у любові, у духу, у веры, у чысьціні. Пакуль ня прыйду, займайся чытаньнем, настаўленьнем, вучэньнем. Не заняхайвай добраснага ў табе дару, які дадзены табе паводле прароцтва з ускладаньнем рук сьвятарства. Пра гэта турбуйся, гэтага не занядбай, каб посьпех твой усім быў відавочны. Пранікай у сябе і ў вучэньне, займайся гэтым пастаянна; бо, так паводзячыся, і сябе ўратуеш і слухачоў тваіх» (1 Цім 4:11-16).

Павал дае вельмі каштоўныя і карысныя парады пра тое, як належыць сябе паводзіць адносна тых ці іншых людзей. Гэта тычыцца старых людзей, удоваў, а таксама і іншых членаў царквы: «Прасьвітары, якія служаць годна, варты адмысловага гонару, асабліва тыя, якія працуюць у слове і навучаньні. Бо Пісаньне кажа: “Не цугляй мызу валу, які малоціць”; і “Хто працуе, той варты ўзнагароды сваёй”. Скаргу на прасьвітара ня іначай прымай, як пры двух, альбо трох сьведках. Грэшнікаў выкрывай перад усімі, каб і астатнія страх мелі. Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі анёламі заклінаю цябе захаваць гэта з бесстароннасьцю, нічога ня робячы з прадузятасьцю» (1 Цім 5:17-21).

Апостал Павал прапануе пільна сачыць за гэтым і не дапускаць у царкве адмаўленьня Божай праўды і навязваньня нейкіх іншых вучэньняў: «Хто навучае інакш і ня сьледуе здаровым словам Госпада нашага Ісуса Хрыста і вучэньню пра пабожнасьць, той – гардзей і няўмека, захапіўся выпярэдніцтвам і словаблудзьдзем, ад чаго паходзяць зайздрасьць, разлад, намовы, хітрае недаверства, пустыя спрэчкі паміж людзьмі папсаванага розуму, што занядбалі праўду, якія думаюць, быццам пабожнасьць служыць прыбытку. Трымайся далей ад такіх» (1 Цім 6:3-5).

Асаблівая ўвага надаецца Паўлам пытаньню пра матэр’яльнае ўзбагачэньне. Ён заклікае Цімафея нават не глядзець у гэты бок, а глядзець у бок пабожнасьці і жыцьця вечнага, да якога пакліканы дзеці Божыя: «Вялікі набытак – быць пабожным і задаволеным. Бо мы нічога не прынесьлі ў сьвет; ясна, што нічога ня можам і вынесьці з яго. Маючы наедак і вопратку, будзем задаволеныя гэтым. А ахвотнікі ўзбагачацца ўпадаюць у спакусу і ў нерат і ў многія безразважныя і шкодныя пажадлівасьці, якія ўкідаюць чалавека ў паглум і пагібель; бо корань усякага ліха ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому, некаторыя ўхіліліся ад веры і самі на сябе наклікалі многія смуткі. А ты, чалавеча Божы, пазьбягай гэтага, і шчасьліўся ў праўдзе, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, слухмянасьці; пасабляй добрым подзьвігам веры, трымайся вечнага жыцьця, да якога ты і пакліканы і вызнаў добрую споведзь перад многімі сьведкамі» (1 Цім 6:6-12).

Павал заклікае Цімафея ўмаўляць багатых спадзявацца не на багацьце няправеднае, але на Бога жывога, каб выкарыстоўваць свае фінансы на добрыя справы: «Багатых у сёняшнім веку ўмаўляй, каб яны высока не заносіліся і спадзяваліся не на багацьце няправеднае, а на Бога жывога, Які дае нам усё шчодра на асалоды; каб яны дабрачынілі, заможнелі добрымі дзеямі, былі шчодрыя і дзяліліся, зьбіраючы сабе скарб, добрую аснову на час наступны, каб дасягнуць вечнага жыцьця» (1 Цім 6:17-19).


• Заключная частка (16:20-21).

На прыканцы пасланьня Павал наказвае Цімафею захоўваць Эвангельле, як вялікую каштоўнасьць, пазьбягаючы фальшывых ведаў і марнатраўства: «О Цімафею! захавай даверанае табе, цураючыся марнага пустаслоўя і супярэчак, што фальшыва названы ведамі, аддаўшыся якім, некаторыя ўхіліліся ад веры. Ласка з табою. Амэн» (1 Цім 6:20-21).


Рецензии