Падарожжа на Ранiшнюю Зорку

Пераклад на беларускую мову раздзела з аповесці «Путешествие на Утреннюю Звезду» (1961 г.) рускага пісьменніка Віталія Георгіевіча Губарава (1912 – 1981).


РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ,
у якім чалавек з белай барадой раскрывае тром асілкам таямніцу свайго чараўніцтва


Чараўнік задумліва памаўчаў. Было чутна, як у цемры цвыркалі конікі. Удалечыні на чыгунцы зашумела электрычка. Рэха ў лесе настойліва паўтарала яе гукі, якія пакрысе заціхалі. Подых начнога ветрыку прынёс на веранду востры водар духмянай табакі. Два белыя матылькі віліся над сталом і раз-пораз біліся аб электрычную лямпу.

– Вы любіце казкі? – раптам спытаў ён.
– Ага, – разам адказалі асілкі.
– Так я і думаў, – заківаў ён галавой. – Толькі не думайце, што чараўніцтва існуе толькі ў казках. Добрая казка толькі апярэджвае тое, што здараецца потым на самой справе.
– Гэта як? – спытаў Алёша Паповіч і памацаў пальцам аблуплены нос.

Сябры ведалі, што ён заўсёды робіць так, калі чымсьці збянтэжаны.

– Вельмі проста! – хутка сказала Забава. – Было шмат казак пра дыван-самалёт, а цяпер людзі і насамрэч лётаюць на самалётах.
– Правільна, – зноў заківаў чалавек з белай барадой. – А прыгадайце старую казку пра чароўны яблык, які катаецца па сподку і паказвае тое, што адбываецца дзесьці далёка-далёка.
– Тэлевізар! – дагадаўся Дабрыня Мікіціч і самазадаволена заўсміхаўся.
– Таксама правільна... Давайце прыгадаем яшчэ што-небудзь, – працягваў Чараўнік. – Ну, спомнілі?
– Успомніў, – сказаў Ілля Мурамец. – Іванушка скача на Коніку-Гарбунку на Месяц... да Месяца Месяцовіча!
– Касмічная ракета! – выпаліў Дабрыня Мікіціч, і ягоная таўсташчокая фізіяномія зноў расплылася ва ўсмешцы.
– А цяпер скажыце, асілкі, хіба гэта не чараўніцтва? Ракета, якая ляціць на Месяц? Дзіва ж, праўда? І пагадзіцеся, што чыніць такія дзівосы пад сілу толькі чараўнікам і асілкам! Я ўжо казаў вам, што ў нас ніколі не выводзіліся чараўнікі і асілкі!
– Чараўнікі – гэта вучоныя, – сказаў Ілля Мурамец. – Я ведаю: вы – вучоны.
– Думай пра мяне, што хочаш, – прымружыўся чалавек з белай барадой, хаваючы пад апушчанымі вейкамі ўсмешку, – толькі я чараўнік, і вы зараз у гэтым пераканаецеся... Што б вы сказалі, калі б я перанёс вас... – Ён падняўся з-за стала і працягнуў руку да начнога неба. – Што б вы сказалі, калі б я перанёс вас да адной з гэтых зорак?
– Паляцелі! – падхапіўся Ілля Мурамец. – Таварыш Чараўнік, калі ласка, давайце паляцім!
– А куды мы паляцім? – з сумневам у голасе спытаў Дабрыня Мікіціч, які не любіў прымаць паспешлівых рашэнняў. – Калі на Марс ці на Венеру, то гэта яшчэ можна... А калі куды-небудзь далей...

Чараўнік спыніў яго рухам рукі:

– Ты жадаеш сказаць, што калі ляцець далей нашай Сонечнай сістэмы, то для гэтага можа не хапіць чалавечага жыцця?

Дабрыня Мікіціч памаўчаў у роздуме.

– Ну, канешне, не хопіць... Да Месяца наша ракета ляціць каля трох дзён... Ну, так Месяц зусім побач! Калі ж на Марс ці на Венеру ляцець, пэўна патрабуецца шмат месяцаў. Але ж Марс і Венера, можна сказаць, нашы суседзі. Яны разам з Зямлёй вакол аднаго Сонца круцяцца. Ну, а калі ўляцець з нашай Сонечнай сістэмы да іншых сонцаў... – Дабрыня безнадзейна пакачаў галавой. – Ста гадоў будзе мала!
– А можна з хуткасцю святла ляцець! – таропка сказаў Ілля Мурамец, які даўно і вельмі палка марыў пра міжпланетныя падарожжы. – Трыста тысяч кіламетраў за секунду! Я чытаў, што ёсць вучоныя, якія ўжо вынаходзяць такія ракеты. Забыўся, як яна называецца...
– Фатонная ракета, – падказаў Чараўнік. – Ну што ж, я бачу, што вы нядрэнна разбіраецеся ў космасе, што робіць гонар вучням шостага класа. Аднак я лічу, што для касмічнай прасторы трыста тысяч кіламетраў за секунду – чарапашыная хуткасць. Канешне, да нашага Сонца з такой хуткасцю можна дабрацца за некалькі хвілін, але, калі б вы паляцелі на фатоннай ракеце да іншага сонца – а іншае, найбліжэйшае да нас сонца ў сузор’і Цэнтаўра, – для такога падарожжа патрабавалася б чатыры гады. Заўважце, чатыры гады толькі туды ды чатыры гады зваротна!
– Аёй! – уздыхнуў Алёша Паповіч. – Штосьці мне не вельмі хочацца ляцець на Цэнтаўр...
– А я ўсё роўна паляцеў бы! – матнуў галавой Ілля Мурамец. – Падумаеш, восем гадоў!
– А мы перанясемся яшчэ далей! – раптам сказала Забава.

Асілкі, нібыта па камандзе, павярнулі да яе здзіўленыя твары. Яна сядзела за сталом, паклаўшы падбародак на далоні і з пяшчотай гледзячы на Чараўніка.

– Праўда, дзядуля?
– Праўда, Забава, – усміхнуўся ён. – Я перанясу вас у такую далечыню, у такую далеч...
– Няўжо з хуткасцю святла? – спытаў Ілля Мурамец.
– Хутчэй! У мільён разоў хутчэй! – выгукнула Забава.
– Гэтага не можа быць! – сказаў Дабрыня Мікіціч. – Трыста тысяч кіламетраў за секунду – гэта крайняя хуткасць, вядомая на Зямлі.

Чараўнік паклаў руку яму на плячо.

– Ты маеш рацыю, Дабрыня: вядомая на Зямлі... А што, калі існуе хуткасць, якая яшчэ нікому, акрамя мяне, не вядома?

Усе маўчалі. Ды і што можна сказаць, калі чуеш такое, што ніяк не месціцца ў галаве? У Дабрыні Мікіціча раптам прамільгнула думка: «Гэты чалавек – вялікі геній! А можа быць... Можа быць, ён звар’яцеў?!»

А чалавек з белай барадой нечакана для ўсіх рассмяяўся весела і зухавата, зусім як школьнік:

– Ты падумаў зараз, Дабрыня, што я геній ці вар’ят! Не апускай сарамліва вачэй, асілак! І не хвалюйся: я не вар’ят. Я ж ужо сказаў вам, што я чараўнік... Самы звычайны чараўнік... Але нават чараўніку не заўсёды ўсё бывае пад сілу адразу. Дык вось, я шмат гадоў шукаў чароўную таямніцу прасторы і часу... Дарэчы, ці ведаеце вы, што прастора і час маюць нешта агульнае, нягледзячы на тое, што яны зусім розныя?
– Ведаем, – шапнуў Дабрыня Мікіціч, які ажно ўзмакрэў ад збянтэжанасці, і вусны яго пры гэтым задрыжэлі.
– Прастора і час не маюць ні пачатку, ні канца. Я б сказаў, што яны адзіныя ў сваёй бясконцасці... Вы разумееце мяне? – строга спытаў Чараўнік.
– Так, – схлусіў Дабрыня Мікіціч і незаўважна выцер рукавом кропелькі поту на сваім твары.
– Не, вы зусім не разумееце мяне! – раптам засердаваў Чараўнік. – Хлопцы! Добра, я буду гаварыць ясней... Колькі метраў ад веранды да брамкі, Вераніка? – спытаў ён, упершыню за вечар называючы ўнучку яе сапраўдным імем.
– Дваццаць метраў, дзядуля.
– Колькі патрэбна секунд, каб прайсці гэтую адлегласць?
– Не ведаю... Хуткім крокам – секунд дзесяць.
– Дык вось, людзі мысляць на Зямлі, прымяркоўваючыся да ўсяго зямнога. Яны разважаюць так: дваццаць метраў да брамкі – гэта мала. А вось да горада ад нашага пасёлка – шэсцьдзесят кіламетраў – гэта шмат... Далей... Дзесяць секунд – гэта вельмі мала. А калі Зямля павярнулася адзін раз вакол сваёй восі – гэта ўжо шмат: дваццаць чатыры гадзіны. Але што такое «шмат» і «мала» для космасу, дзе няма ні брамкі, ні зямных секунд, хвілін і гадзін? Як толькі вы адхініцеся ад зямных уяўленняў, вам не будзе ад чаго весці адлік адлегласці і часу! І тады секунда будзе ўсё роўна што тысяча ці мільён гадоў. А дваццаць метраў – усё роўна што мільярд кіламетраў. Я знайшоў таямніцу бясконцасці! Маё чараўніцтва заключаецца ў тым, што мне не патрэбна ні гадзіны, ні году, ні тысячы гадоў, ні тысячнай долі імгнення, каб перанесціся з Зямлі ў іншыя светы!
– Але гэта... – робка пачаў Ілля Мурамец.
– Казка? – бліснуўшы вачыма, хутка спытаў Чараўнік. – Так, казка! Як толькі вы пералезлі цераз зялёны плот, вы апынуліся ў казцы. – Ён памарудзіў і раптам дабрадушна ўсміхнуўся. – Калі вы будзеце распавядаць пра тое, што бачылі і яшчэ ўбачыце сёння, напэўна, знойдуцца людзі, якія скажуць, што гэта зусім неймаверная казка. І хай сабе гавораць! Яны вельмі нудныя людзі, таму што не ўмеюць марыць!

Ілля Мурамец зачаравана глядзеў на Чараўніка, і ў ягоных шырока расплюшчаных шэрых вачах ззяла такое захапленне, што Забава, якая няўзнак зірнула на яго, чамусьці зачырванелася і, закінуўшы галаву, разрагаталася звонка і весела. Яе белая каса змейкай слізганула з пляча на спіну.

Але ён не звярнуў на Забаву ніякай увагі.

– Цяпер я ўсё ведаю, – упэўнена сказаў Ілля чалавеку з белай барадой, безуважна кудлацячы свой чуб, які выгараў за лета на сонцы, – вы спецыяліст па ўсялякім палётам.
– Так, – прамовіў Чараўнік, – калісьці я падарыў людзям дыван-самалёт, а сёння я даў ім думкаплан! Жадаеце, я пакажу вам свой думкаплан?..
– А дзе ён? – ціха спытаў Алёша.
– Ды вось жа ён! – Чараўнік развёў рукамі, і штосьці раптам асляпляльна бліснула.

Хлопцы падхапіліся са сваіх месцаў. Ад здзіўлення яны не здолелі сказаць ніводнага слова.

Тэраса, на якой яны толькі што пілі гарбату, знікла...


16-17 траўня 2026, Гомель, Шведская Горка;
18-19 траўня 2026, Гомель (шматлікая рэдактура з дапамогай Гугл ШІ).


Рецензии