Второе послание к Тимофею

ДРУГОЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ЦІМАФЕЯ
АПОСТАЛА ПАЎЛА


«Старайся паставіць сябе прад Богам годным,
працаўніком бездакорным, які правільна выкладае
слова праўды» (2 Цім 2:15).


Гэта апошняе пасланьне апостала Паўла, якое было напісанае ў 66-67 гадах па Р. Х., перад гвалтоўнай сьмерцю апостала: «Бо я ўжо раблюся ахвяраю, і час майго ўшэсьця настаў» (2 Цім 4:6). Лічыцца, што Павал быў пазбаўлены жыцьця пад час ганеньняў на хрысьціянаў цэзарам Неронам, які быў забіты ў 68 годзе па Р. Х. Менавіта гэтая падзея дае нам падказку на час напісаньня другога пасланьня апостала Паўла да Цімафея.

Другое пасланьне да Цімафея мае асобны характар, бо зьяўляецца выразам Паўлавай душы. Душы чалавека, які па-за Ерусалімам, з моцнай Божай падтрымкай, заснаваў і пабудаваў Царкву Ісуса Хрыста сярод паганаў. Яно было напісанае напярэдадні адхіленьня Царквы ад тых прынцыпаў, якія сталіся падмуркам яе будаўніцтва. Бог верны і Ягоны падмурак заўсёды надзейны і нязьменны, але справы Царквы ў руках людзей паслабляліся і прыходзілі ў заняпад. Павал выкладае нам гісторыю гэтага падзеньня тут, на зямлі. Але ён таксама кажа і пра тое жыцьцё, якое незалежна ад стану Царквы застаецца заўсёды нязьменным, якое робіць нас здольнымі радавацца ў Госпадзе і падобніцца на Яго.

Нягледзячы на замяшаньне і памылковасьць, якія ўсё больш праяўляліся ў Царкве, Павал памятаў пра зносіны блізкіх і дарагіх яму людзей. Менавіта такімі былі Цімафей і Анісіфор сярод засмучэньняў, якія ён цярпеў у сваім служэньні і пакутаў з нагоды таго, што яго пакінулі многія, адзначаныя пячаткай ягонага сьведчаньня перад Госпадам.

Другое пасланьне апостала Паўла да Цімафея можна падзяліць на сем частак: Уводзіны (1:1-2); Падзяка (1:3-7); Заклік да стойкага служэньня (1:8-18); Заклік да вучыцельства (2:1-26); Заклік да разуменьня (3:1-17); Заклік да пропаведзі (4:1-8); Заключная частка (4:9-22).


• Уводзіны (1:1-2).

Павал зьвяртаецца да Цімафея, як да свайго любаснага сына, любоў якога ён памятае і вельмі жадае пабачыць яго. Гэта давер сябра, які зьвяртаецца да таго, каго ён ведае вельмі добра і якога ён хоча пабачыць перад тым, як скончыцца ягонае жыцьцё: «Павал, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, па абяцаньні жыцьця ў Хрысьце Ісусе, Цімафею, любаснаму сыну: ласка, міласэрнасьць, мір ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага» (2 Цім !:1-2).


• Падзяка (1:3-7).

Апостал Павал дзякуе Госпаду як за веру самога Цімафея, так і за веру ягонай маці і бабулі. Ён моліцца за Цімафея служыцеля, ведаючы ягоную сьціпласьць і заклікае яго да гарачага служэньня: «З гэтай прычыны нагадваю табе падаграваць дар Божы, які ў табе праз укладаньне маіх рук; бо даў нам Бог Духа ня боязі, а сілы і любові і цноты» (2 Цім 1:6-7).


• Заклік да стойкага служэньня (1:8-18).

Гэтая частка пасланья апостала Паўла раскрывае асноўную яго тэму – стойкасьць служэньня. Павал заклікае Цімафея да цярпеньня і стойкасьці ў служэньні Ісусу Хрысту, прыводзячы прыклад свайго служэньня: «З гэтай прычыны я і пакутую так; але не саромеюся. Бо я ведаю ў Каго ўвераваў, і ўпэўнены, што Ён мае сілу захаваць заруку маю на той дзень. Трымайся ўзору здаровага вучэньня, якое ты чуў ад мяне, з вераю і любоўю ў Хрысьце Ісусе» (2 Цім 1:12-13).

Безумоўна тое, што гэта ня проста быць стойкім і верным Ісусу Хрысту ў пэўнай складанай сітуацыі: «Ты ведаеш, што ўсе Асійцы пакінулі мяне; сярод іх і Фігел і Ермаген» (2 Цім 1:15).

Безумоўна і тое, што ня ўсе пакінулі апостала Паўла і таму ён прапануе Цімафею мець на ўвазе і гэты прыклад: «Няхай дасьць Госпад міласьць дому Анісіфора за тое, што ён колькі разоў прымаў мяне і не саромеўся кайданоў маіх, а, як быў у Рыме, з вялікім стараньнем шукаў мяне і знайшоў. Няхай дасьць яму Госпад здабыць міласьць у Госпада ў той дзень; а калі ён служыў мне ў Эфесе, ты лепей ведаеш» (2 Цім 16-18).

Апостал Павал паказваае на прыкладзе Анісіфора, як трэба адносіцца да пацярпелых за Ісуса Хрыста, бо саромецца Паўла ў вязьніцы – гэта тое ж самае, што саромецца Дабравесьця, якое прывяло яго да вязьніцы. І гэта тычыцца і ўсіх нас, бо нашая гатоўнасьць абараняць Эвангельле знаходзіцца ў непасрэднай залежнасьці ад таго, як глыбока і добра мы яго разумеем.


• Заклік да вучыцельства (2:1-26).

Павал заклікаў Цімафея быць ня толькі стойкім, але і дзейным. Цімафей павінен быў ня толькі трымыцца Дабравесьця ўсім сваім сэрцам і розумам, але і актыўна прапанаваць яго іншым людзям: «І што чуў ад мяне пры многіх сьведках, тое накажы верным людзям, якія былі б здольныя іншых вучыць» (2 Цім 2:2). А каб быць выніковым у сваім служэньні, Цімафей павінен памятаць пра некаторыя характарысьцікі служыцеля:

Воін (2:3-4). Менавіта воін павінен быць гатовы пераносіць цяжар і нягоды, ня зьвязваючы сябе буднымі справамі. Але ўсё павінна быць правільным: «Дык цярпі пакуты, як добры воін Ісуса Хрыста. Ніякі воін ня зьвязвае сябе справамі буднымі, каб дагадзіць ваеначальніку» (2 Цім 2:3-4).

Спартовец (2:5). Усе мы ведаем, што спартовец ня можа дасягнуць сапраўднага першынства ў спаборніцтве, калі будзе парушаць правілы. Таксама і служыцель Эвангельля павінен чыніць у сваім жыцьці так, як кажа ягонае вучэньне паводле Эвангельля: «Калі ж хто і змагаецца, вянка не здабудзе, калі будзе змагацца не паводле правіла» (2 Цім 2:5).

Земляроб (2:6). Як земляроб ня можа чакаць добрага ўраджаю, калі ня будзе шмат працаваць, так і служыцель Эвангельля ня можа чакаць добрага духоўнага жніва, калі ня будзе старанна працаваць: «Працоўны ратай першы павінен скаштаваць пладоў» (2 Цім 2:6).

Апостал Павал зьвяртаецца да Цімафея з заклікам быць добрым вучыцелем, але для гэтага яму самому трэба было старанна вучыцца і правільна несьці слова праўды: «Старайся паставіць сябе прад Богам годным, працаўніком бездакорным, які правільна выкладае слова праўды» (2 Цім 2:15).

Павал прапануе Цімафею пазьбягаць пустаслоўя тых, якія вядуць да бязбожнасьці: «А непатрэбнага пустаслоўя пазьбягай; бо яны яшчэ больш будуць памнажаць бязбожнасьць, і слова іхняе, як пухліна, будзе пашырацца. Такія Іменей і Філіт, якія адступіліся ад праўды, кажучы, што ўваскрасеньне ўжо было, і разбураюць у некаторых веру» (2 Цім 2:16-18).

Імкнуца быць чыстым і карысным посудам для Божага карыстаньня – гэта заклік апостала да ўсіх нас, бо ён заклікае кожнага да шчырага і вернага служэньня: «А ў вялікім доме ёсьць посуд ня толькі залаты і срэбны, але і драўляны і гліняны; і адзін у ганаровым, а другі ў нізкім ужытку. Дык вось, хто будзе чысты ад гэтага, той будзе пасудзінай у гонары, асьвечанай і карыснай Уладыку, прыдатнай на ўсякую добрую патрэбу» (2 Цім 2:20-21).

Апостал Павал папярэджвае Цімафея ад юнацкіх пажадлівасьцяў і прапануе ўхіляцца ад дурных і невуцкіх спрэчак. Ён заклікае Цімафея, як і ўсіх нас, быць ветлівым, цярплівым і лагодным, каб даць магчымасьць грэшнікам да пакаяньня: «А рабу Госпада нельга сварыцца, а трэба быць прыязным да ўсіх, навучальным, нязлосным, здольным лагодна настаўляць праціўнікаў, - можа, дасьць ім Бог пакаяньня для спазнаньня праўды, каб яны вызваліліся з цянётаў д’ябла, які залучыў іх у сваю волю» (2 Цім 2:24-26).


• Заклік да разуменьня (3:1-17).

Цімафей ня быў здольны служыць эфектыўна, не разумеючы сутнасьці «апошніх дзён», якія пачаліся ад першага прышэсьця Ісуса Хрыста і будуць працягвацца да другога прышэсьця Хрыста. Павал добра разумеў гэта і менавіта таму ён кажа пра гэта свайму вучню і супрацоўніку Цімафею. І ня толькі яму, але і ўсім нам, бо мы з вамі таксама жывем у гэты час «апошніх дзён», але няшмат хто з нас (як і тагачасны Цімафей) ведае сутнасьць гэтага часу.

Будзем жа і мы уважлівымі і пільнымі ў няпраўдзе жыцьця гэтага сьвету, але пойдзем за апосталам Паўлам, бо ён вельмі спадзяецца, што мы пачуем гэтыя словы: «Ведай жа, што ў апошнія дні настануць часіны цяжкія. Бо людзі будуць самалюбныя, срэбралюбныя, ганарыстыя, пыхлівыя, злоязыкія, бацькам непаслухмяныя, няўдзячныя, бязбожныя, няпрыязныя, непамяркоўныя, паклёпнікі, нястрыманыя, жорсткія, зьнялюбныя да дабра, здраднікі, нахабы, пыхліўцы, прыхільныя больш да раскошы, чым да Бога, з выгляду богабаязныя, а да сілы Божай варожыя. Пазьбягай такіх. Да гэтакіх належаць тыя, якія лісьліва віжыюцца ў дамы і ачмураюць жанчын, што купаюцца ў грахах і ў юрлівасьці песьцяцца, заўсёды вучацца і ніколі ня могуць дайсьці да спазнаньня праўды. Як Яній і Ямврый супрацівіліся Майсею, так і гэтыя супрацівяцца праўдзе, людзі са зьвіхнёным розумам, невукі ў веры. Але яны няшмат пасьпеюць; бо іхняе безгалоўе выявіцца перад усімі, як і з тамтымі сталася. А ты пайшоў сьледам за мною ў вучэньні, жыцьці, станоўчасьці, любові, цярплівасьці. У ганеньнях, цярпеньнях, якія выпалі мне ў Антыёхіі, Іконіі, Лістрах; такія ганеньні я перанёс, і ад усіх выбавіў мяне Госпад. Ды і ўсе, хто хоча жыць пабожна ў Хрысьце Ісусе, будуць перасьледавацца; а ліхія людзі і ашуканцы будуць раскашаваць у зьле, зводзячы ў аблуды і ўпадаючы ў аблуды» (2 Цім 3:1-13).

Безумоўна тое, што гэтыя словы Паўла былі шакуючымі для Цімафея і менавіта таму апостал зьвяртае ўвагу на крыніцу сілы супраць зла гэтага сьвету – Сьвятое Пісаньне. Пазнаньне праўды Божай, перамога над ілжэвучэньнямі, упарадкаваньне духоўнага стану і жыцьця веруючых – гэта тое, што дае нам вывучэньне Пісаньня, якое ёсьць боганахнёнае і карыснае: «А ты трымайся таго, чаго навучаны, і што табе даверана, ведаючы, кім ты навучаны; пры гэтым ты змалку ведаеш сьвятыя Пісаньні, якія могуць умудрыць цябе ў збавеньне вераю ў Хрыста Ісуса. Усё Пісаньне боганахнёнае і карыснае для навучаньня, для выкрыцьця, для выпраўленьня, для настаўленьня ў праведнасьці, каб быў дасканалы Божы чалавек, да ўсякае добрае справы падрыхтаваны» (2 Цім 3: 14-17).


• Заклік да пропаведзі (4:1-8).

Апостал Павал бачыць вялікую неабходнасьць таго, каб Пісаньне – гэта вялікая, магутная і дасканалая крыніца не застойвалася, але вылівалася праз Цімафея гэтаму сьвету: «Прапаведуй слова, настаўляй у час і ня ў час, выкрывай, забараняй, умаўляй доўга з поўнай цярплівасьцю і настаўленьнем» (2 Цім 4:2).

Гэта ўсё тычыцца і нас з вамі і ў сувязі з гэтым вызначым словы Паўла «настаўляй у час і ня ў час». Гэта вельмі важныя словы, бо так і трэба прапаведаваць. Цімафей павінен быў ня толькі выкарыстоўваць спрыяльныя магчымасьці, але і ствараць іх, каб прапаведаваць Эвангельле.

Павал вучыць пропаведзі, калі кажа пра інтэлектуальнае «выкрывай», маральнае «забараняй» і эмацыйнае «умаўляй». Неабходна было прапаведаваць, нягледзячы як на ілжэвучыцелей, так і на агульны настрой грамадзтва, калі людзі жадалі чуць нешта новае і сенсацыйнае: «Бо будзе час, калі здаровага вучэньня прымаць ня будуць, а паводле сваіх прыхамацяў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, лісьлівых слыху; і ад праўды адвернуць вушы і прыгорнуцца да баек. Але ты будзь пільны ва ўсім, цярпі скрушнасьць, выконвай справу дабравесьніка, выконвай служэньне тваё» (2 Цім 4:3-5).

Апостал Павал на асабістым прыкладзе паказвае Цімафею, як трэба несьці служэньне. І зараз, калі падыходзілі апошнія дні ягонага жыцьця, Павал мог шчыра сказаць Цімафею: «Бо я ўжо раблюся ахвяраю, і час майго ўшэсьця настаў. Подзьвігам добрым я змагаўся, шлях закончыў, веру захаваў; а цяпер рыхтуецца мне вянок праўды, які дасьць мне Госпад, справядлівы судзьдзя, у дзень той; і ня толькі мне, але і ўсім, што палюбілі прышэсьце Яго» (2 Цім 4:6-8).


• Заключная частка (4:9-22).

Апошнія словы Паўла ў гэтым пасланьні тычацца многіх асобаў. І шмат было тых, хто прынёс яму зло. Апостал мог засьведчыць пра тое, што Бог умацаваў яго ў выпрабаваньнях, як і тое, што Ён хутка пазбавіць яго ад усякага зла на вякі вякоў: «Пры першай маёй абароне нікога не было са мною, а ўсе мяне пакінулі. Хай не залічыцца ім! А Госпад зьявіўся мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне сьцьвердзілася Дабравесьце, і пачулі ўсе пагане; і я пазьбег ільвінай пашчы. І выратуе мяне Госпад ад усякіх ліхіх дзеяў і захавае для Свайго Нябеснага Валадарства. Яму слава на вякі вякоў. Амэн» ( 2Цім 4:16-18).


Рецензии