Второе послание к Фессалоникийцам
АПОСТАЛА ПАЎЛА
«Молім вас, браты, за прышэсьце Госпада нашага
Ісуса Хрыста, за нашу сустрэчу з Ім, ня сьпяшацца
пахіснуцца ў розуме і бянтэжыцца ні ад духа, ні ад
слова, ні ад пасланьня, нібыта намі пасланага,
быццам ужо настаў дзень Хрыстовы» (2 Тэс 2:1-2).
Праз некалькі месяцаў пасьля напісаньня першага пасланьня да тэсаланікійцаў Павал накіроўвае да іх яшчэ адно пасланьне. Вельмі верагодна тое, што супрацоўнік апостала, які прыносіў тэсаланікійцам першы ліст ад Паўла, мог перадаць яму навіны пра жыцьцё царквы ў Тэсалоніках, што, у сваю чаргу, тэрмінова падштурхнула Паўла напісаць ім яшчэ адно пасланьне. Але што здарылася ў царкве Тэсалонікаў?
Другое пасланьне да тэсаланікійцаў узьнімае і тлумачыць гэтую праблему, якая складалася з няправільнага тлумачэньня праўды пра другое прышэсьце Ісуса Хрыста. Вера тэсаланікійцаў была гарачаю і пра гэта Павал неаднаразова кажа ў сваіх пасланьнях. Яны безумоўна верылі ў хуткае прышэсьце Ісуса Хрыста і не дапускалі нават і думкі пра тое, што нехта з хрысьціянаў мог памерці не дачакаўшыся прышэсьця Госпада.
Але гэта здарылася і вялікі сум ахапіў тэсаланікійцаў, бо яны пачалі бедаваць пра тое, што памерлыя хрысьціяне ня змогуць браць удзел у славе другога прышэсьця Ісуса Хрыста. Пачуўшы пра гэта, апостал Павал супакойвае іх у сваім першым да іх пасланьні, калі кажа: «Бо Сам Гаспад пры абвяшчэньні, пры голасе арханёла і трубе Божай, сыдзе з неба, і мёртвыя ў Хрысьце ўваскрэснуць раней; потым мы, хто застанецца жывы, разам з імі ўзятыя будзем на воблакі на сустрэчу з Госпадам у паветры, і так вечна з Госпадам будзем. Дык вось, суцяшайце адно аднаго гэтымі словамі» (1 Тэс 4:16-18).
І вось Павал піша другое пасланьне, бо ўзнікла яшчэ адна, больш сур’ёзная праблема і якая вельмі адчувальна кранула шчырыя сэрцы веруючых з Тэсалонікаў. Апостал кажа пра крыніцу гэтага, калі спасылаецца на нейкае ілжывае пасланьне: «Нібыта намі пасланага, быццам ужо настаў дзень Хрыстовы» (2 Тэс 2:2).
Вось яна праблема. Нехта ўпэўніваў тэсаланікійцаў ў тым, што ўжо настаў дзень Хрыстовы, а тыя цяжкасьці і ганеньні ў жыцьці хрысьціянаў – гэта ёсьць наступствы гэтага дня. У выніку гэтага ілжэвучэньня многія хрысьціяне кінулі ўсе свае працы і пачалі ў хваляваньні чакаць, чым усё гэта скончыцца.
Кожны, хто чытаў Ісаю, Ерамію, Езэкііля, а таксама і малых прарокаў, ведае, што яны кажуць пра дзень Госпадаў і пра тыя жахі, якія спасьцігнуць людзей з прышэсьцем гэтага дня. Падаецца, што на гэтым і грунтавалася тое ілжэвучэньні, нібыта ад Паўла, якое сьцьвярджала , што час Госпада ўжо настаў, а пакуты і ганеньні – гэта прыкметы хуткай развязцы. І таму другое пасланьне Паўла да тэсаланікійцаў было тэрмінова напісанае з мэтаю адвесьці іх ад гэтай памылковасьці і пазбавіць усіх хрысьціянаў розных хваляваньняў падобнага кшталту.
Дзейны Павал добра разумеў усю небясьпечнасьць гэтай хваробы, якая пачала ўкараняцца ў царкве Тэсалонікаў, бо бязьдзейнасьць заўсёды прыводзіць да пагібелі і таму ён пачынае барацьбу з ворагамі Хрыста за самое існаваньне гэтай царквы, раскрываючы ёй тры асноўныя тэмы пасланьня: ганеньні; другое прышэсьце Госпада і неабходнасьць дабрачыннага і дзейнага жыцьця.
Другое пасланьне Паўла да тэсаланікійцаў можна падзяліць на тры часткі: Вітаньне і настаўленьне (1:1-2:12); Падзяка і суцяшэньне (2:13-3:15) і Заключная частка (3:16-18).
• Вітаньне і настаўленьне (1:1-2:12).
Як і ў першым сваім пасланьні Павал не вызначае свайго апостальства, падкрэсьліваючы тым самым сваю роўнасьць з хрысьціянамі Тэсалонікаў, а проста вітае іх: «Ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста» (2 Тэс 1:2). «Ласка» - гэта грэцкае прывітаньне, а «мір» - гэта прывітаньне старажытняе гебрайскае. І вось гэтыя вітаньні паглыбляюцца спасылкай на Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, а гэта азначае, што ад ласкі і міра Бога і Госпада Ісуса Хрыста залежыць усё ў жыцьці кожнага хрысьціяніна.
Павал пачынае з падзякі і хадайніцтва, бо і тое і другое тычыцца стану царквы, асабліва ў чаканьні другога прышэсьця Ісуса Хрыста і таму ён дае настаўленьні хрысьціянам па гэтых пытаньнях.
Пра ганеньні (1:3-12).
Павал дае тэсаланікійцам напамін пра тое, што ў свой час Госпад будзе судзіць тых, хто пераследаваў іх: «У доказ таго, што будзе справядлівы суд Божы, каб вам быць вартымі Валадарства Божага, дзеля якога вы пакутуеце. Бо праведна прад Богам тым, хто вас зьневажае, плаціць смуткам, а вам, каго зьневажаюць, радасьцю разам з намі, у прышэсьці Госпада Ісуса з неба, з анёламі моцы Ягонай, у полымным агні таго, хто помсьціцца тым, што не спазналі Бога і не ўпакорваюцца зьвеставаньню Госпада нашага Ісуса Хрыста, якія прымуць кару, вечную пагібель ад імя Госпада і ад славы магутнасьці Ягонай, калі Ён прыйдзе праславіцца ў сьвятых Сваіх і зьявіцца дзівосным у дзень той усім вернікам, бо вы паверылі нашаму сьведчаньню» (2 Тэс 1:5-10).
Дык вось, як сказаў апостал Павал, Бог дасьць усім людзям па іх справах – усім па-асобку. Ён будзе судзіць. Але каго? Павал ясна кажа пра тое, што хрысьціяне ня будуць падсуднымі. Ён кажа пра тых, хто «не спазналі Бога і не ўпакорваюцца зьвеставаньню Госпада нашага Ісуса Хрыста». Мы бачым дзьве катэгорыі падсудных. Першая з іх - гэта тыя, хто не спазнаў Бога. Гэта пагане і ідалапаклонцы. Другая ж катэгорыя – гэта юдэі, якія хоць нейкім чынам і ведалі Госпада, але не скарыліся зьвеставаньню Госпада Ісуса Хрыста.
Госпад у той дзень пакарае і тых і другіх, бо ніякая віна не схаваецца перад Богам. Будуць пакараныя пагане. Будуць пакараныя і юдэі, якія не зразумелі ці не схацелі зразумець адкрыцьцё Старога Запавета і таму не скарыліся зьвеставаньню Ісуса Хрыста. Не пазьбегне пакараньня і той, хто адступіўся ад хрысьціянскай веры і таму не зьяўляецца хрысьціянінам.
Іншае чакае хрысьціянаў, якія атрымаюць вечнае дабраславеньне. Яны будуць сузіраць славу Госпада. І гэта будзе не зусім вера, бо зямля напоўніцца пазнаньнем ня веры, але пазнаньнем славы Госпада, падобна таму, як мора напаўняецца вадою. І хрысьціяне ўбачаць славу Госпада, гледзячы на Яго, больш не схаванага ад іх, але адкрытага: «На тое і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас вартымі пакліканьня і ўчыніў усякую добрую ласку даброці і справу веры ў моцы. Няхай праславіцца Імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы ў Ім, па ласцы Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста» (2 Тэс 1:10-12).
Пра прышэсьце Ісуса Хрыста (2:1-12).
«Молім вас, браты, за прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, за нашу сустрэчу з Ім, не сьпяшацца пахіснуцца ў розуме і бянтэжыцца не ад духа, ні ад слова, ні ад пасланьня, нібыта намі пасланага, быццам ўжо настаў дзень Хрыстовы» (2 Тэс 2:1-2).
Заўважым, што Павал не настаўляе тэсаланікійцаў, але моліць іх, узьдзейнічая на іхнія пачуцьці, якія захаваліся ў хрысьціянскіх сэрцах. Ён заклікае веруючых ня чуць тых, хто бянтэжыць іх сваім ілжэвучэньнем пра тое, што быццам ўжо настаў дзень Хрыстовы. Ілжэвучэньне прымушала іх хістацца ў розуме, перашкаджаючы, як раней, радасна чакаць прышэсьце Ісуса Хрыста. Тэсаланікійцы пачалі разважаць пра тое, што іхнія беды і ганеньні былі ўжо часткаю Хрыстовага дня. Апостал супакойвае іх, калі кажа, што пакараньне таго дня абрынецца на ворагаў Госпада, але не на Ягоных сяброў.
Далей Павал кожа пра шлях падмана і цемры і выяўляе ягоную сапраўдную крыніцу, бо ніхто з людзей ня можа атрымаць духоўнае адкрыцьцё пра тое, калі прыйдзе Ісус Хрыстос. Гэтыя зьвесткі яўным чынам зыходзяць ад зьмея, але не ад Бога. Павал сьцьвярджае, што дзень Хрыстовы ня можа прыйсьці, пакуль ня здарыцца наступнае: «Хай не ашукае вас ніхто ніяк: бо дзень той ня прыйдзе, пакуль ня прыйдзе раней адступленьне і не адкрыецца чалавек грэху, сын пагібелі, які супрацівіцца і выстаўляецца вышэй за ўсё, што называецца Богам ці сьвятыняю, так што ў храме Божым сядзе ён, як Бог, выдаючы сябе за Бога» (2 Тэс 2:3-4). Апостал кажа, што павінна адбыцца вялікае адступніцтва ад веры і зьяўленьне чалавека грэху – антыхрыста.
Мы бачым і ведаем, што многія часткі д’ябальскага плану зьдзяйсьняюцца і сёньня, а таму словы гэтага пасланьня накірованы ня толькі для тэсаланікійцаў, але і для ўсіх нас: «Бо таямніца беззаконьня ўжо ў дзеяньні; толькі ня зьдзейсьніцца да таго часу, пакуль ня будзе ўзяты з асяродзьдзя той, хто трымае цяпер, - і тады адкрыецца беззаконьнік, якога Госпад Ісуса заб’е духам вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прышэсьця Свайго, таго, прышэсьце якога, пасьля дзеяньня шатана, будзе з усякаю сілаю і азнакамі і цудамі фальшывымі, і з усякім неправедным ашуканствам тых, якія гінуць за тое, што яны не прынялі любові праўды дзеля свайго збавеньня. І за гэта пашле ім Бог дзеяньне аблуды, так што яны будуць верыць хлусьні, хай будуць асуджаны ўсе тыя, што ня верылі праўдзе, а ўпадабалі няпраўду» (2Тэс 2:7:12).
Ці ня бачым мы тут ня толькі бязбожнікаў, але і тых «намінальных хрысьціянаў», якія пакланяюцца розным штучным «чалавечым сьвятыням» і якія «пасьпяхова» сумяшчаюць сваю веру з паганствам? Але прыйдзе час, кажа апостал Павал, калі Бог ня будзе больш стрымліваць зло. І тады зьявіцца антыхрыст, які будзе забіты духам вуснаў Хрыста. Няверуючыя ж і адступнікі (у тым ліку і «намінальная царква») будуць асуджаны, таму што ня верылі праўдзе і ўпадабалі няпраўду.
• Падзяка і суцяшэньне (2:13-3:15).
На фоне гэтага д’ябальскага плану, які ўжо зьдзяйсьняўся сярод першых хрысьціянаў, які зьдзяйсьняецца і зараз, апостал Павал заклікае ўсіх хрысьціянаў дзякаваць Госпаду за пакліканьне ад пачатку, бо гэта дае ўсім нам выратаваньне: «А мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, любасныя Богу браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і веру праўдзе, выбраў вас на ратаваньне, да якога і паклікаў вас зьвеставаньнем нашым, дзеля дасягненьня славы Госпада нашага Ісуса Хрыста» (2 Тэс 2:13-14).
Павал кажа хрысьціянам: «Любасныя Богу браты». І гэта кажа пра тое, што яны прылічаныя да тых, хто зьяўляецца супрацоўнікам Госпада Ісуса Хрыста пад час Ягонага другога прышэсьця.
Апостал Павал заклікае царкву трымацца зьвеставаньня, якое ад Госпада, Які палюбіў нас і дае ўцеху і надзею, каб быць нам у жыцьці вечным: «Дык вось, браты, стойце і трымайце паданьні, якім вы навучаны або словам, або пасланьнем нашым. Сам Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог і Айцец наш, Які палюбіў нас і даў уцеху вечную і надзею добрую ў ласцы, няхай суцешыць вашыя сэрцы і ўмацуе вас у кожным слове і справе добрай» (2 Тэс 2:15-17).
Памылковая думка некаторых тэсаланікійцаў пра тое, што ўжо настаў дзень Хрыстовы, спадзьвігла іх на тое, каб кінуць сваю працу і нічога ня робячы чакаць таго, што будзе далей. Павал дае ім іншы прыклад.
Ён заклікае іх быць стойкімі і цурацца тых, хто жыве гультаём, але і гэтых Павал заклікае да працы, як братоў: «А наказываем вам браты, імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, цурацца кожнага брата, які жыве гультаём, а не паводле паданьня, якое прынялі ад нас, бо вы самі ведаеце, як павінны вы пераймаць нас, бо мы не гультавалі ў вас, ні ў кога ня елі хлеба дарма, а займаліся працай і рабілі ноч і дзень, каб ня стацца цяжарам каму-небудзь з вас, не таму, каб мы ня мелі ўлады, а каб сябе саміх даць вам у прыклад на перайманьне нас. Бо, калі мы былі ў вас, дык наказывалі вам вось што: калі хто ня хоча працаваць, той і ня еж. Але чуем, што некаторыя ў вас жывуць гультаямі, нічога ня робяць, а хітра абыходзяцца; такім умаўляем і пераконваем Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, каб яны, моўчкі працуючы, елі свой хлеб. А вы, браты, ня падайце духам, робячы дабро. Калі ж хто не паслухае слова нашага ў гэтым пасланьні, таго майце на прыкмеце і не вадзецеся з ім, каб даць яму сораму; але ня лічыце яго за ворага, а стаўце на розум, як брата» (2 Тэс 3:6-15).
• Заключная частка (3:16-18).
Апостал Павал моліць за тэсаланікійцаў і жадае ім міра ад Госпада, каб яны маглі мець мір заўсёды і ва ўсім. Павал мае свой спосаб упэўніць веруючых у сапраўднасьці ягоных пасланьняў. За выключэньнем пасланьня да галятаў, ягоныя пасланьні запісвалі іншыя людзі, але апошні верш ці асабісты подпіс рабіў сам апостал Павал: «А Сам Госпад міру няхай дасьць вам мір заўсёды ва ўсім; Госпад з усімі вамі! Прывітаньне маёю рукою Паўлаваю, што служыць знакам у кожным пасланьні; пішу я так: ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн» (2 Тэс 3:16-18).
Няхай жа і мы будзем заўсёды адчуваць праўду і няхай яна ўзьдзейнічае на нашае сумленьне і нашыя ўчынкі! Будзем прасіць Госпада даць нам сілу цярпеньня і пазбаўленьня нас ад марнасьці і непатрэбных хваляваньняў. Няхай мы будзем спакойнымі ад адчуваньня хуткага прышэсьця Ісуса Хрыста, Які папярэджвае ўсіх, а найперш усіх тых, хто ня скорыцца перад Ім, той непазьбежнай пагібелі, да якой прывядзе іхняе нявер’е.
Свидетельство о публикации №226051900255