Послание к Титу

ПАСЛАНЬНЕ ДА ЦІТА


«У-ва ўсім даючы сябе за прыклад добрых учынкаў,
у навучаньні — чысьціню, сумленнасьць, непахібнасьць,
слова здаровае, ненаганнае, каб той, хто супрацівіцца,
быў асаромлены, ня маючы нічога благога сказаць пра
нас» (Ціт 2:7-8).


Пасланьне, якое накірована апосталам Паўлам свайму супрацоўніку і служыцелю Ціту, было напісанае каля 63 года па Р. Х. Пасланьне да Ціта – гэта рэальная спроба Паўла ўсталяваць парадак у цэрквах Божых. Новае пакаленьне хрысьціянаў павінна была ўзяць на сябе кіраўніцтва цэрквамі, каб весьці барацьбу з ілжэвучыцелямі і без скажэньняў абвяшчаць Эвангельле Ісуса Хрыста, а таксама клапаціцца пра дабрабыт у царкоўным жыцьці. Пасланьне да Ціта, па свайму складу, вельмі падобнае на першае пасланьне апостала Паўла да Цімафея, бо мае пастарскі характар і настаўляе Ціта на захаваньне праўды ў Царкве Хрыстовай.

Што да Ціта, дык ён быў адным з навернутых апосталам Паўлам у першыя гады служэньня апостала, бо ён быў з Паўлам і Барнабаю пад час іх прышэсьця ў Ерусалім на прыканцы першай місіянэрскай вандроўцы. Гэта было праз чатырнаццаць гадоў пасьля навяртаньня Паўла ў Дамаску: «Пасьля, праз чатырнаццаць гадоў, хадзіў я ізноў у Ерусалім з Барнабам, узяўшы з сабою і Ціта» (Гал 2:1).

Ціт быў грэкам з Кілікіі і, будучы супрацоўнікам Паўла ўжо ў Антыёхіі, лічыўся першым місіянэрам з паганаў. Менавіта Ціт вельмі дапамог Паўлу ў няпростых перамовах з царквою ў Карынце: «Але Бог, Які суцяшае пакорных, суцешыў нас прыходам Ціта. І ня толькі прыходам яго, але і пацяшэньнем, якім ён суцешыўся праз вас, расказваючы нам пра вашае жаданьне, пра ваш лямант, пра вашую руплівасьць адносна мяне, так што я яшчэ больш радаваўся»; «Што да Ціта, гэта мой супольнік і ваш супрацоўнік; а што да братоў нашых, яны — пасланцы цэркваў, слава Хрыста» (2 Кар 7:6-7; 8:23).

Апостал пакідае Ціта ў Крыце, каб ён завершыў пачатае Паўлам: «Я пакінуў цябе ў Крыце дзеля таго, каб ты ўпарадкаваў, дзе чаго не хапае, і паставіў у гарадах старостаў, як я табе загадаў» (Ціт 1:5).

Што ж тычыцца саміх крыцянаў, дык Павал не дае ім станоўчай характарыстыкі: «Сказаў нехта з іх, уласны іхні прарок: “Крыцяне заўсёды хлусяць, зьвяры ліхія, жываты гультайскія”. Сьведчаньне гэтае праўдзівае. Дзеля гэтае прычыны дакарай іх сурова, каб былі здаровыя ў веры, не зважаючы на юдэйскія байкі і прыказаньні людзей, якія адварочваюцца ад праўды» (Ціт 1:12-14).

Адчуем, у якім няпростым становішчы апынуўся Ціт. Ён сутыкнуўся не з адной праблемаю. Па-першае, ілжэвучыцелі, якія несьлі вялікую пагрозу іншым цэрквам, апынуліся ўжо і ў Крыце. Па-другое, члены царквы не праяўлялі стараннасьці ў добрых справах, бо лічылі, што можна мець сапраўдную веру, якая не адлюстроўваецца на іхнім жыцьці. Апостал Павал, які меў вялікую веру ў мудрасьць і здольнасьці Ціта, даручае яму гэтую дэлікатную і цяжкую справу. Павал разумее ўсю складанасьць служэньня Ціта на высьпе Крыт і таму ён дасылае да Ціта гэты ліст, каб заклікаць веруючых да здаровага вучэньня і добрых справаў.

Пасланьне апостала Паўла да Ціта можна падзяліць на пяць частак: Уводзіны (1:1-4); Прызначэньне прэсьвітараў (1:5-9); Выкрываньне ілжэвучыцелей (1:10-16); Настаўленьне веруючых (2:1-3:11); Заключная частка (3:12-15).


• Уводзіны (1:1-4).

У гэтай, даволі працяглай, прадмове (даўжэй толькі ў пасланьнях да рымлянаў і галятаў) Павал кажа пра сябе і вітае Ціта: «Павал, слуга Божы, апостал жа Ісуса Хрыста, паводле веры выбраных Божых і пазнаньня праўды паводле пабожнасьці, у надзеі жыцьця вечнага, якое абяцаў Бог, Які не падманвае, перад адвечнымі часамі, а ў свой час зьявіў слова Сваё ў пропаведзі, якое было даверана мне паводле загаду Збаўцы нашага, Бога, — Ціту, шчыраму дзіцяці ў супольнай веры: ласка, літасьць, супакой ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага» (Цім 1:1-4).


• Прызначэньне прэсьвітараў (1:5-9).

Пакідаючы Ціта на высьпе Крыт, Павал дае яму даручэньне давяршыць незакончанае і паставіць ва ўсіх гарадах прэсьвітараў. Незакончаным можна лічыць недахоп здаровага вучэньня і добрых справаў царквы. Сітуацыя на Крыце складалася сур’ёзнай і ў гэтым сэнсе небясьпечнай. Апостал разумеў, што адзін Ціт ня здольны выправіць гэтае становішча і менавіта таму ён меў патрэбу ў дзейных, дабрачынных і пабожных прэсьвітарах. Трэба сказаць, што крыцяне былі аднымі з першых, хто перажыў у Ерусаліме цуд Пяцідзясятніцы: «Крыцяне і Арабы, — чуем іх, што гавораць нашымі мовамі пра веліч Божую? Дзівіліся ж усе і бянтэжыліся, кажучы адзін аднаму: “Што гэта можа быць?”» (Дзеі 2:11-12).

Пісаньне паказвае нам шлях стварэньня цэркваў на Крыце тымі людзьмі, якія прынялі Сьвятога Духа ў Ерусаліме. Але, будучы на Крыце, Павал убачыў сапраўднае жыцьцё царквы, якое вызначалася недахопам здаровага вучэньня, а значыць і добрых справаў. Дзейны Ціт павінен быў наладзіць жыцьцё цэркваў з дапамогаю прэсьвітараў. Трэба зазначыць, што пасада прэсьвітара, як і епіскапа, азначала ў тыя часы адно і тож, бо мы бачым, як Павал дае даручэньне Ціту на прызначэньне прэсьвітараў, а потым характарызуе іх як епіскапаў: «Бо епіскап мусіць быць бездакорны, як Божы аканом, не самалюбны, не гняўлівы, ня п’яніца, не задзірлівы, ня сквапны, але гасьцінны, дабралюбны, цьвярозы, праведны, багабойны, паўстрымлівы» (Ціт 1:7-8).


• Выкрываньне ілжэвучыцелей (1:10-16).

Ілжэвучыцелі, пра якіх ідзе гаворка, належылі да групоўкі «юдэйствуючых хрысьціянаў». Яны сьцьвярджалі, што вера толькі ў Ісуса Хрыста не дае збаўленьня, бо да гэтага абавязкова трэба дадаць і выкананьне закону Майсея. На іхнюю думку, юдэйскія абрады і правілы дапамогуць хрысьціянам быць чыстымі ў вачах Бога. Апостал Павал катэгарычна не пагаджаецца з гэтым калі кажа, што толькі слова Божае і вера ў Ісуса Хрыста ачышчаюць чалавека. Ён жорстка выкрывае гэтых абрэзаных ашуканцаў, якія хаваюць свае нячыстыя справы за абрадамі «ачышчэньня» і тым самым разбэшчваюць хрысьціянаў: «Бо ёсьць шмат і непакорлівых, і пустаслоўных, і ашуканцаў, асабліва з абрэзаных, якім трэба закрываць вусны; яны цэлыя дамы руйнуюць, навучаючы, чаго ня сьлед, дзеля агіднага набытку»; «Для чыстых усё чыста, а для апаганеных і бязьверных няма нічога чыстага, але апаганены і розум іхні, і сумленьне. Яны кажуць, што ведаюць Бога, а ўчынкамі адракаюцца, яны — брыдотныя і непакорныя, і на ўсякую добрую справу няздольныя» (Ціт 1:10-11; 15-16).


• Настаўленьне веруючых (2:1-3:11).

«А ты гавары, як належыць здароваму вучэньню: каб старыя былі пільныя, сумленныя, цьвярозыя, здаровыя ў веры, любові, цярплівасьці; каб старыя жанчыны паводзілі сябе, як належыцца сьвятым, не паклёпнічалі, не пілі шмат віна, вучылі добраму, каб вучылі мудрасьці маладых, каб тыя любілі мужоў, любілі дзяцей, былі цьвярозыя, чыстыя, гаспадарлівыя, добрыя, падпарадкаваныя сваім мужам, каб не было блюзьненьня на слова Божае. Маладых людзей таксама ўпрошвай думаць цьвяроза» (Ціт 2:1-6).

Заўважым, што Павал пачынае гэтую частку свайго пасланьня з проціпастаўленьня: «А ты гавары». Ён кажа гэтым, што Ціт павінен быць у сваім вучэньні процілеглым адносна юдэйствуючых ілжэвучыцелей. Ціт павінен прапаведаваць здаровае вучэньне пра той лад жыцьця, які адпавядае гэтаму вучэньню. Ён павінен быў настаўляць хрысьціянаў усіх узростаў у пабожнасьці і заклікаць іх да адказнасьці ў асабістым і грамадзкім жыцьці.

Павал не абмяжоўваецца тым настаўленьнем, што павінен рабіць Ціт, але дае яму тую аснову, на якой грунтуецца вучэньне хрысьціянства: «Бо зьявілася ласка Божая, што дае збаўленьне для ўсіх людзей, якая навучае нас, каб, адрокшыся ад бязбожнасьці і пажадлівасьцяў сьвету, цьвяроза, праведна і пабожна жылі мы ў цяперашнім веку, чакаючы шчасьлівае надзеі і зьяўленьня славы вялікага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які даў Сябе за нас, каб выбавіць нас ад усякага беззаконьня і ачысьціць Сабе народ асаблівы, які рупіцца пра добрыя справы» (Ціт 2:11-14).

Гэта ёсьць выдатны агляд агляд хрысьціянства – не дагматаў, а хутчэй канкрэтнай рэчаіснасьці для людзей. Таму што зьявілася ласка Божая. І яна зьявілася не для нейкага абмежаванага кола людзей, але для ўсіх - для іхняга збаўленьня. Яна ідзе ад Бога і даруецца людзям разам са збаўленьнем. Яна не чакае праведнасьці ад людзей, але яна прыносіць збаўленьне тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

Каштоўная і простая праўда, якая прымушае нас пазнаваць Госпада і якая ставіць нас на нашае месца. Каштоўная і простая праўда, якая па ласцы Божай пераадолела ўсе перашкоды для таго, каб зьвярнуцца да кожнага чалавека на зямлі.

Апостал Павал славіць гэтую Божую ласку і ў гэтым праслаўленььні ён выразна вызначае наступныя асьпекты:


Патрэба ў ласцы Божай (3:3).

Павал развяртае пачатковы сьпіс якасьцяў чалавека па целу. Якасьцяў кожнага чалавека да ягонага навяртаньня: «Бо і мы былі некалі бяздумнымі, непакорнымі, падманутымі, служачы пажаданьням і розным асалодам, жывучы ў ліхоце і зайздрасьці, былі паскуднымі, ненавідзячы адзін аднаго» (Цім 3:3). І няхай ні адзін няверуючы ня хваліцца тым, што гэта яго ня тычыцца, бо ён гэтым здраджвае сябе самому. Дык ці не патрэбна кожнаму чалавеку ласка Божая?


Крыніца ласкі Божай (3:4).

Але праявілася дабрата і ласка Госпада, Бога-Збаўцы і Яго добрая воля і міласэрнасьць у адносінах да людзей: «А калі зьявілася ласкавасьць і любоў да людзей Збаўцы нашага, Бога» (Ціт 3:4).

Божая ласка прыйшла да нас, калі Ісус Хрыстос прыйшоў на зямлю, каб падараваць грэшнікам вечнае збаўленьне. Якім чынам? Ён аддаў Сябе за нас, а гэта азначае, што Ён заняў месца грэшнікаў на Крыжы і ўзяў на Сябе пакараньне за іхнія грахі.


Дзеяньне ласкі Божай (3:5-7).

Збаўленьне можна параўнаць з абмыцьцём у купелі. Нашае абмыцьцё складаецца з адраджэньня, што ёсьць зьяўленьне ў чалавеку новага жыцьця і аднаўленьня, якое характарызуецца дзеяньнем Сьвятога Духа. Менавіта Сьвяты Дух збаўляе чалавека ад грэху і аднаўляе ў ім падабенства Божае. Павал кажа пра апраўданьне, якое мае на ўвазе тое, што Бог усклаў грахі веруючага на Ісуса Хрыста, а праведнасьць Хрыста падараваў веруючаму чалавеку: «Ён збавіў нас ня дзеля ўчынкаў праведнасьці, якія мы ўчынілі, але паводле літасьці Сваёй, праз лазьню адраджэньня і абнаўленьня Духам Сьвятым, Якога Ён выліў на нас шчодра праз Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага, каб, апраўдаўшыся ласкай Ягонай, мы сталіся праз надзею спадкаемцамі жыцьця вечнага» (Ціт 3:5-7).


Патрабаваньне ласкі Божай (3:8-11).

Ласка Божая, якая збаўляе нас ад вечнай асуды, патрабуе ад нас, каб мы дзякавалі Госпада за гэтае збаўленьне і паводзілі сябе дбайна ды ў добрых учынках. І пазьбягалі тых, хто гэтага настаўленьня не прымае: Вернае слова; і я хачу, каб ты сьцьвярджаў гэта, каб тыя, што вераць Богу, былі старанныя ў выкананьні добрых справаў: гэта добра і людзям карысна. А дурных спрэчак, і радаводаў, і сварак, і звадак адносна Закону пазьбягай, бо яны некарысныя і марныя. Чалавека герэтыка пасьля першага і другога напамінаньня пакінь, ведаючы, што гэтакі разбэсьціўся і грашыць, асудзіўшы самога сябе» (Ціт 3:8-11).


• Заключная частка (3:12-15).

На прыканцы свайго пасланьня Павал дае Ціту некалькі асабістых даручэньняў і яшчэ раз дае яму напамін пра неабходнасьць настаўляць царкву ў практыкаваньні на добрыя справы: «Калі пашлю да цябе Арцёма або Тыхіка, намагайся прыйсьці да мяне ў Нікапаль, бо я пастанавіў перазімаваць там. Зэна законьніка і Апалёса старанна правядзі, каб у іх не было ні ў чым недахопу. Няхай і нашыя вучацца выконваць добрыя справы ў пільных патрэбах, каб не былі бясплодныя. Вітаюць цябе ўсе, што са мною. Прывітай тых, што сябруюць з намі ў веры. Ласка з усімі вамі. Амэн» (Ціт 3:14-15).


Рецензии